Пасялковыя будні (Васілевіч Алена Сямёнаўнa)
Васілевіч Алена Сямёнаўна (н. 22.12.1922 г.) — беларуская пісьменніца, аўтар звыш 20 кніг. Найбольш значны твор — трылогія «Пачакай, затрымайся», за якую А. С. Васілевіч у 1976 г. удастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Многія старонкі трылогіі прысвечаны жыццю сялян на Любаншчыне ў 80-я гады, дзе будучая пісьменніца жыла і выхоўвалася ў сваякоў, застаўшыся без бацькоў. А. С. Васілевіч — заслужаны работнік культуры Беларусі. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.

...Старшыня калгаса Тодар Ясеў вельмі любіць склікаць сходы. Любіць весці іх урачыста, глыбакадумна, асабліва пакуль чытае павестку дня. А ў той павестцы пытанняў кожны раз мо сто... Тодару, высокаму дзядзьку з рыжаватымі вусамі і тонкім голасам, гадоў за сорак пяць. Да калгаса ён ніколі нічым асаблівым не выдзяляўся. I старшынёй калгаса стаў толькі таму, што ніхто не адважыўся згадзіцца быць за старшыню. А Тодар адважыўся і ахвотна стаў старшынёй. I цяпер на кожным кроку любіць паказаць сваю старшынскую ўладу.
Сходы заўсёды збіраліся ў дзядзькі Мікалаевай «зале», і Тодар, узброіўшы нос акулярамі і аднёсшы на выцягнутую руку «павестку дня», паграбуе ад сходу:
— Першае нытанне павесткі: веснавая пасяўная кампанія... Хто — за, прашу галасаваць! Хто супраць?.. Адзін, два... Значыць, супраць пасяўной, супраць палітыкі савецкай улады — два галасы. Так і запішам... Пішы, Міхал, у пратакол, — гаворыць Тодар сакратару сходу Мішу Няронскаму. — Галасавалі супраць пасяўной кампаніі Васіль Гурновіч і Аляксандра Гурновіч.
— Ды ты што, чалавеча, звар'яцеў, ці што?.. Як гэта я супраць савецкай улады... — аж падскоквае на месцы хітры жвавы Васіль Гурновіч. Без яго не абыходзілася ні адна навіна на засценку: першы ўсё пачуе, дзе б што ні адбылося, і разнясе па ўсіх хатах ды яшчэ дадасць кораб. — Што мне дрэннага зрабіла ўлада, я мо спазніўся апусціць руку «за»!
У наступны раз не будзеш пазніцца, — як прысуд, выносіць Тодар. — Аляксандру Гурновіч таксама запішы... Яна таксама галасавала супраць пасяўной кампаніі, — ківае ён у бок Ларыёніхі.
— Цьфу, цьфу на твой пратакол і на тваю кампанію! — махае доўгімі, як граблі, рукамі на старшыню Ларыёніха. — Я і без твае кампаніі ведаю, што на Доўгіх Нівах пара сеяць авёс, а ты на гэтых сваіх дурных сходах толькі марнуеш людзей. Гэта цябе, Тодарка, хоць ты цяпер і вельмі вялікага начальніка з сябе строіш, трэба было б запісаць супраць улады, што не дбаеш пра гаспадарку...
— Аляксандра Гурновіч! Пазбаўляю цябе права голасу! — уладна крычыць на Ларыёніху з прэзідыума Тодар.
— На чорта мне твой голас! Сам вунь ужо зусім асіп!
— У мяне ёсць пытанне, — узнімаецца рука ў пярэднім радзе. — А чаму гэта ў нашым калгасе ніводзін кулак дагэтуль не раскулачаны? — устае з месца Надзя Сцёпіха — жонка роднага брата цёткі Фядоры. — Чаму ў нас дагэтуль усё яшчэ ёсць кулацкія элементы?
— Н-ну... Чаму...— Што адказаць на гэта пытанне, старшыня калгаса не ведаў.
Сапраўды, дасюль у Зялёнай Дуброве не быў раскулачаны ніводзін кулак... Толькі чорт яго ведае, хто тут быў гэтым кулаком? Сам ён, старшыня калгаса, некалі пры нэпе таксама ж спрабаваў гандляваць кабанамі. Дык што — і ён кулак? I яго цяпер высылаць?
— Бо не было ў нас кулакоў... Злосных!
— А тыя, у каго былі свае машыны і быў дадатковы прыбытак? — Сцёпіха не збіралася садзіцца.
— А ў каго яны, тыя машыны з прыбыткам?
— А ў Мікалая Гурновіча — ваўначоска?
— Дык Мікалай жа твая радня! — зарагатаў нехта ззаду.
— У мяне няма радні кулакоў, — задаволеная сабой, села на сваё месца Сцёпіха.
— Мікалай здаў ваўначоску ў калгас, дык як жа мы можам лічыць яго кулаком...— Старшыні калгаса хацелася быць актывістам, але каб вось так кулачыць людзей немаведама за што — гэтага ён зусім не хацеў.— Як мяркуе сход...
— Які ж ён кулак! Ён жа на калгас, як вол, робіць дзень і ноч. А калі каму хочацца яго ўкусіць, дык няхай лепей з сабакамі кусаецца! — не стрымалася, падскочыла Фядора.
— Ага, абазвалася, кулачка!
Надзі Сцёпіхі баяўся ўвесь засценак. Мусіць, не было таго чалавека, на каго б яна не пісала ў сельсавет заявы. У таго былі наймічкі (у жніво дні на два ці на тры прыходзілі памагчы сваякі з другога засценка), у другога свінні парылі поплаў, трэці вянглярню вэндзіць каўбасы паставіў блізка каля суседскага хлява, дык хацеў спаліць засценак... У Сцёпіхі ўсе кругом, апрача яе самой, былі ворагі. Яна нават, калі і ехала са Слуцка паўз матчыну хату, дык ніколі не заходзіла ў хату даведацца мацеры, што хворая ляжала ў ложку ўжо некалькі год. Яна толькі падыходзіла да акна і стукала пугаўём у шыбу:
— Што, яшчэ старая ведзьма не здохла?
Цяпер Сцёпісе хацелася ўсіх раскулачваць і ссылаць: на Салаўкі, у Мурманск, у Сібір... Хацелася нарэшце разлічыцца за ўсё з гаспадаровай сястрою Фядораю. Абедзьве, як восы, яны пасварыліся яшчэ на Сцёпішыным вяселлі. I вось з таго часу Сцёпіха не прамінала ніводнага выпадку, каб не зрабіць брацісе пакасці. Больш зручнага часу, як цяперашні, дачакацца было цяжка.
Так ішоў сход...
Была ўжо агульная зямля, і коні былі агульныя, і насенны фонд, засыпаны адразу пры арганізацыі калгаса, таксама быў агульны. Душа толькі, усё як быццам па спрадвечнай звычцы, заставалася аднаасобнай.
Дзядзька Мікалай вечарам скардзіўся дома:
— Сею аўсом Адамаў загон, а самога цягне на свой, усё ніяк не зміруся, што Ігналь засеяў яго не так, як бы сам я засяваў. Ведаю, што ўсё роўна пойдзе пад адзін серп, у адзін засек, а не магу змірыцца: Ігналь век сеяў рэдка, заўсёды ў яго была няспорная жменя...
— Чорт іх бяры з іх сяўбой! Гаспадары... Надумаліся дзе буракі сеяць — у Заграддзі, на балоце. Там яны ад асоту захлынуцца. Але ж не, ён, бач, гаспадар, ён камандуе!
— Дык няхай бы ж вы, бабы, самі яму сказалі...
— Каму ты скажаш! Тадарэц, старшыня —камандуе адно, Адам — брыгадзір загадвае другое... А я, ці другая, ці трэцяя, пойдзем з імі сварыцца? Паможа гэта? Згарэце вы гарам з вашымі буракамі і з вашым калгасам!
— Дык як жа тая гаспадарка пойдзе, калі ніхто не будзе ўмешвацца...
— А табе аднаму вельмі баліць за ўсіх!
А як жа не баліць, калі дабро і працу людскую марнаваць дарэмна... Тодара на кожным кроку трэба папраўляць, бо ён і сваёй гаспадарцы не вельмі ўмеў даць рады.
— Дык чаго ж лез гэтак у старшыні?
— Бо ніхто ж іншы не лез.
— Набудуюць яны тыя калгасы, калі цяпер кожны Тодар палезе ў начальнікі...
Мікалай маўчаў. Што было пярэчыць? У жаночай злосці было нямала і праўды. Толькі як не кажы — крычаць і здавацца заўсёды лягчэй, чым рабіць...
А назаўтра пад вечар з'явіўся настаўнік, вярнуліся з Урэчча фурманкі са школьнымі партамі і ўсякім іншым школьным набыткам і абсталяваннем. Парты былі высачэзныя, цяжкія, на тры чалавекі, з фарбаванымі жоўтымі лаўкамі і чорнымі вечкамі. За гэтымі партамі адседзела, відно было, ужо не адно вучнёўскае пакаленне. Вечкі парт зверху і знізу былі зрэзаны нажамі, намаляваны і спісаны самымі фантастычнымі малюнкамі і надпісамі. На тым месцы, дзе сядзела Ганька, было выразана нажом і зафарбавана чырвоным чарнілам пранізанае наскрозь стралою сэрца, накшталт чырвонага туза. Пад сэрцам быў надпіс: «Маня плюс Коля раўно любоў...» Цяпер у сваёй школе па суседству з Ганькай сядзела Анютка Корбутава. Вечка Анютчынае парты крыкам крычала (надпіс ужо сінім чарнілам): «Віцька дурань!..» Грышка Адамаў таксама вычытаў на сваёй парце: «Глядзіш у кнігу — бачыш фігу». Адным словам, наконт прывезеных з Урэчча парт не было ніякага сумнення: за свой немалы век яны і вучылі нямала, і самі вучыліся не менш... Цяпер за іх села, можна сказаць, уся Зялёная Дуброва. I не толькі адна Дуброва. У новую школу прыйшлі дзеці яшчэ і з Таліц, і з Борак.
I не толькі дзеці. Дзеці вучыліся днём — усе тры групы адразу ў адным вялікім пакоі: тры парты першай групы, тры другой, дзве трэцяй. А яшчэ двое першакласнікаў сядзела за настаўнікавым сталом, 6о ім не хапіла парты. На ранейшай кухні стаяў яшчэ адзін стол, на якім ляжалі ўсе настаўнікавы кнігі і прылады, там была шафа, стаяў на табурэтцы замкнёны на замок бачок з гатаванай вадой і конаўка. Піць сырую ваду настаўнік забараняў, казаў, што ў ёй ёсць мікробы, ад якіх можна захварэць і нават памерці... Тут жа, на кухні, вісела вешалка для верхняй адзежы, якую вучні скідалі, як толькі прыходзілі ў школу.
Прыбірала школу, паліла печы і мыла падлогу маці Корбутавае Анюткі. У Анюткі жыў на кватэры і настаўнік; Яна яго вельмі баялася і дома саромелася нават з ім гаварыць. Настаўнік сталаваўся ў Корбутавых і жыў у «новай» хаце. Спаў ён на тым ложку, над якім вісеў леў з закручаным абаранкам хвастом і сядзела красуня са спушчанымі нагамі ў возера, дзе плавалі лебедзі...
Вечарам у школе вучыўся лікбез. Дасюль ніхто ніколі не чуў гэтага слова, ніхто ведаць не ведаў, што ён азначае гэты самы лікбез. А новы настаўнік прымусіў на яго хадзіць амаль усіх дарослых — мала што хлопцаў і дзяўчат, дык яшчэ жанок і мужчын, каторыя маладзейшыя. Аказваецца, лікбезам звалася ліквідацыя непісьменнасці як класа.
Хлопцы і дзяўчаты пайшлі адразу нават ахвотна: ці не лепш пажартаваць і пасмяяцца ў школе, чым сядзець і цэлы вечар слініць дома кудзелю ці нейкія там путы віць або глядзець, як бацька нейкі гнілы бот рамантуе.
I дзяўчаты, і хлопцы ішлі на лікбез. Настаўнік загадваў кожнаму, як і належыць вучням, мець падручнікі і сшыткі. Ён сам раздаў ім гэтыя падручнікі і сшыткі. Але хто гэта з іх — дарослых хлопцаў і дзяўчат — згадзіўся б лічыць сябе за малога, каб насіць яшчэ ў школу ручкі з чарнілам ды мо яшчэ пісаць па лінейках...

Алена Васілевіч 3 кнігі «Доля знойдзе цябе»

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY