Шум і гоман навокал…
У 1930-я гады ў Любанскім раёне лес займаў 44 955 гектараў (55 % лесу забалочана), мінеральныя глебы — 41 677 гектараў (17 % забалочана). Усяго забалочана 32 % тэрыторыі раёна, шчыльнасць насельніцтва была малая — на 1 кв. км пражывала 20,7 чалавека (у сярэднім па Беларусі 44 чалавекі). Без асушэння балот, шырокай меліярацыі немагчыма было далейшае развіццё гаспадаркі. Асушэнне балот на Любаншчыне праводзілася і раней, у час экспедыцыі I. I. Жылінскага ў канцы XIX ст. Гэтыя работы насілі ў асноўным характар аказання дапамогі галадаючаму насельніцтву. За час работы экспедыцыі I. I. Жылінскага на Палессі было асушана 450 тыс. гектараў балот, на што затрачана звыш 3 мільёнаў рублёў серабром. У выніку балоты перасталі быць непраходнымі. На Любаншчыне палепшныліся і павялічыліся на 1,5 тыс. га плошчы сенажацяў, але глебы па-ранейшаму заставаліся перанасычанымі вільгаццю і для выкарыстання пад пасевы былі непрыгоднымі. Пасля заканчэння работы экспедыцыі Жылінскага ў 1898 г. рамонт каналаў не праводзіўся, асушаныя плошчы паступова зноў забалочваліся. Карысці сялянам гэта не прынесла, выгаду атрымалі толькі памешчыкі, якія выкарыстоўвалі каналы для сплаву лесу. Ажыўленне меліярацыйныя работы атрымалі перад пачаткам імперыялістычнай вайны ў сувязі з арганізацыяй хутарскіх гаспадарак, аднак яны хутка заціхлі.
 
 Грабары перад выхадам на работу па асушэнню Мар'інскіх балот. 1928 г.
У сярэдзіне 20-х гадоў пачаліся вышукальныя работы па асушэнню балот на Любаншчыне. У Мар'інскім масіве захаваліся з часоў экспедыцыі Жылінскага Чабускі і Юрковіцкі каналы, заросшыя і дэфармаваныя. Рэгуляванне воднага рэжыму ракі Арэсы пры спрыяльных кліматычных і іншых прыродных умовах магло даць шырокія перспектывы для развіцця сельскіх гаспадарак. У ліпені 1925 г. з мэтай асушэння Мар'інскіх балот была створана гідратэхнічная вышукальная партыя ў складзе 5 гідратэхнікаў і землеўпарадчыкаў, арганізаваны даследаванні па гідралогіі, геабатанічная і эканамічная экспедыцыі. У 1926 г. створана будаўнічая арганізацыя «Арэскі калфонд», асноўная база якой знаходзілася на хутары Опін, каля Нежына.
 
 На р.Арэсе
Мар'інскія балоты асушваліся ўручную. На дапамогу сялянам Любаншчыны прыйшлі сотні людзей з усіх куткоў Беларусі. Грабары працавалі ад зары да зары. Пра іх Я. Купала ў паэме «Над ракой Арэсай» пісаў:

Шум і гоман навакол,
Як на тым ігрышчы,
А лапаты рэжуць дол,
А сякера свішча.

Рыюць людзі топкі торф
У вадзе па пахі,
А ў жылах бурліць кроў,
Багна ім не ў страхі...
 
Расчыстка і паглыбленне р. Арэсы 
Для пашырэння і паглыблення русла р. Арэсы выкарыстоўваліся чатыры плывучыя экскаватары. Да канца 1927 г. Мар'інскі балотны масіў пранізала сетка меліярацыйных каналаў, за год быў пабудаваны магістральны канал даўжынёй 13 км, насыпана 6 км дарогі, расчышчана 73 км русла Арэсы. За два гады грабары пралажылі 11,3 км канала і пабудавалі 5 калектараў, даўжыня кожнага з якіх 1 км, асушылі 570 га балот. На асушаных балотах у 1927 г. быў створаны саўгас «Мар'іна» (з 1929г.-"Х год БССР"). Тут, на востраве сярод балот, быў пабудаваны пасёлак Сосны — цэнтральная сядзіба саўгаса.
 
 Часовае жыллё камунараў. 1929 г.
Востра стаяла пытанне жылля. Рабочыя жылі ў бараках па 10—12 чалавек у пакоі. Не хапала рабочых рук для будаўніцтва. Увагі патрабавала будаўніцтва памяшканняў сацыяльна-культурнага назначэння. За кароткі час пабудавалі сталовую, залу для сходаў, кінематограф на 200 чалавек, лазню з пральняй, школу на 80 чалавек, лячэбны пункт на 5 ложкаў, дом для кааператыву з лаўкай, складам і канторай. Да 1931 г. у Соснах узняліся шэсць васьмікватэрных двухпавярховых дамоў, аптэка, бальніца, на гаспадарчым двары было два кароўнікі на 400 галоў, пачалося будаўніцтва саўгаснай электрастанцыі на 45 кВт, паравога млына, клуба. Сосны, цэнтр саўгаса «10-годдзе БССР», за кароткі час пераўтварыўся ў прыгожы добраўпарадкаваны пасёлак, аб якім Я. Купала пісаў:

Саўгас — горад, не мястэчка,
Не які там Любань!
Лад-парадак, люду поўна,
Толькі глянуць люба.

Гаспадарнаму саўгасу
Ёсць чым пахваліцца:
У ім будынкі ў два паверхі,
Клуб, як у сталіцы.

На рабфаку на вячэрнім
Вучацца студэнты, —
Сваю цемру, некультурнасць
Знішчаюць дашчэнту.

  Сапраўды, у саўгасе працаваў рабфак, які рыхтаваў спецыялістаў для саўгаса і калгасаў раёна — аграномаў, заатэхнікаў, механікаў, трактарыстаў, шафёраў. Выкладчыкам нямецкай мовы тут працаваў будучы паэт Алесь Жаўрук (А. Д. Сінічкін, які загінуў 23 жніўня 1942 г. у баях пад Сталінградам).
 
 Дзіцячы сад саўгаса «10 год БССР». 1932
У 1939 — 1941 гг. дырэктарам саўгаса «10-годдзе БССР» быў Ц. Я. Смір ноў. Ён успамінаў: «Да канца 30-х гадоў саўгас ведалі далёка за межамі раёна. За дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай вытворчасці саўгас на працягу трох гадоў быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі: у Маскву ездзілі трактарысты Антон Левандоўскі, Даніла Якубоўскі, брыгадзір жывёлагадоўчай брыгады Іван Лялёш, брыгадзір дойна га статка Іван Антаненя».
 
 Выхадны дзень у саўгасе «10-годдзе БССР»
У гады Вялікай Айчыннай вайны Ц. Я. Смірноў быў на фронце, абараняў Маскву. У званні падпалкоўніка запасу ён вярнуўся на Любаншчыну. Каля сямі гадоў зноў працаваў дырэктарам саўгаса, потым узначальваў калгас імя БВА. У 1958 г. Ц. Я. Смірнову прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Напярэдадні вайны ворыўная плошча саўгаса «10-годдзе БССР» складала 2600 га, агульная даўжыня меліярацыйнай сеткі перавышала 375 км. На фермах вырошчвалі 370 галоў буйной рагатай жывёлы, 200 свіней.
  У 1940 г. ад кожнай каровы атрымалі па 2368 літраў малака.
 
 Кухня камунараў. Кухарка Дора Хініч
Побач з саўгасам «Мар'іна» ў 1929 г. на асушаных тарфяніках была заснавана яшчэ адна гаспадарка — чырвонаармейская камуна імя БВА. Планавалася арганізаваць некалькі невялікіх калгасаў з ліку дэмабілізаваных воінаў і мясцовых сялян, потым вырашылі аб'яднаць іх у адну камуну. Для яе быў адведзены зямельны ўчастак 560 га на тэрыторыі Мар'інскіх балот. У павеці знаходзілася 6 кароў і 2 свінні. Працавалі ад цямна да цямна, не лічылі часу, не заўсёды адрываліся нават на абед. Паварыха Дора Хініч часта прыносіла абед у поле, дзе камунары касілі ці карчавалі лес. Камунарам адначасова прыходзілася працаваць на палявых работах, асушэнні балот, а таксама на будаўніцтве пасёлка, які назвалі Камунай. Газеты пісалі: «Чырвонаармейская камуна імя БВА, арганізаваная на Мар'інскім балоце, аб'явіла сябе ўдарнай. Яна дабілася вялікіх поспехаў, падвоіла вытворчасць працы на апрацоўцы цаліны і перавысіла план будаўніцтва на 75 %. Зараз камунары ўзяліся за перабудову быту, ліквідацыю непісьменнасці, арганізацыю дзіцячага харчавання і дзіцячых ясляў».
 
 Абед камунараў
Вясна 1930 г. стала сур'ёзным выпрабаваннем для камунараў. Патрэбна было засеяць яравы клін. Хоць на дапамогу прыйшлі трактары з саўгаса імя 10-годдзя БССР, тэхнікі не хапала. Вырашылі выкарыстоўваць коней, каб яны не вязлі ў балоце, на ногі прывязвалі спецыяльныя дошчачкі. Неабходны былі ўгнаенні, якіх не хапала. Выхад быў знойдзены: попел. Яго збіралі ў навакольных вёсках і ўносілі ў глебу.
  За лік асушаных балот павялічыліся ворыўныя плошчы калгаса імя БВА, у 1939 г. яны займалі ўжо 1660 га. Уся го зямельных угоддзяў у калгасе налічвалася 3173 га. Больш высокімі сталі ўраджаі ўсіх сельскагаспадарчых культур. Ураджайнасць збожжавых павялічылася з 3,3 ц з гектара ў 1931 г. да 10,5 ц, бульбы — з 37,5 ц да 152,6 ц з гектара ў 1939 г. На дапамогу камунарам прыйшла тэхніка. У 1930 г. на палях камуны працавала 4 трактары, у 1934 г. парк налічваў 11 трактароў і 3 аўтамашыны. Да 1938 г. у калгасе мелася трактарная брыгада. У 1939 г. калгаснікі калгаса імя БВА на працадзень атрымалі па 2,3 кг зерня, 8 кг бульбы, 0,5 кг гародніны, 3,5 кг фуражу, 2,31 рубля.
 
 Д. Е. Каленчанка, адзін з першых камунараў
У в. Камуна напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны пражывала 205 сем'яў калгаснікаў. Было пабудавана 13 шматкватэрных і 28 аднакватэрных дамоў. Адкрыты клуб, дзе калгаснікі праводзілі вольны час, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці — тэатральны, харавы, музычны, а таксама чытальня.
 
 Рабочыя саўгаса «10 год БССР». Справа — У. Гнеўка, начальнік вышукальніцкай партыі па асушэнню балот на Любаншчыне
У калгасе меўся радыёвузел. Усе дзеці калгаснікаў вучыліся ў школе. У пачатковай школе налічвалася 95 вучняў, у няпоўнай сярэдняй — 65. На рабфаках, у вышэйшых і іншых навучальных установах з калгаса імя БВА займалася 34 чалавекі.
За высокія паказчыкі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, калгас імя БВА ў 1939 г. быў прадстаўлены на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, узнагароджаны Вялікім залатым медалём. У 1940 г. за выдатныя поспехі ва ўздыме сельскай гаспадаркі і за перавыкананне лепшых узораў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі калгас быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У 1927 г. пачалося будаўніцтва крухмальнага завода — першага прамысловага прадпрыемства на Любаншчыне, у 1930 г. ён даў першую прадукцыю. На заводзе працавала 25 рабочых. Тады ж у Любані быў арганізаваны райпрамкамбінат, у яго ўвайшлі крухмальны завод, два паравыя млыны і бойня. Працавалі 5 цагельных заводаў — у вёсках Трубяціна, Дуброва, Касцяшы, Таль і ў м. Урэчча, 4 паравыя і адзін вадзяны млыны. У 1932 г. адкрыты маслазавод.
Любань станавілася цэнтрам жыцця раёна. Працавалі прамысловыя прадпрыемствы, адкрываліся новыя магазіны. Першы магазін спажывецкай кааперацыі быў адчынены ў 1920 г., ён належаў крэдытнаму таварыству «Снапок». У 1924 г. адкрыты мануфактурны магазін, дзе можна было набыць тканіну і абутак, побач прадаваліся тавары паўсядзённага ўжытку. Вырасла колькасць насельніцтва ў гарадскім пасёлку з 2211 у 1919 г. да 3048 чалавек у 1939 г. Несельскагаспадарчае насельніцтва складала 31,4%. У раёне пражывала 44 883 чалавекі.
  Гаспадарчае і культурнае жыццё Любаншчыны, нягледзячы на шэраг цяжкіх удараў з боку ўлады — прымусовай калектывізацыі, масавых неабгрунтава ных рэпрэсій, расцвітала, уваходзіла ў рэчышча мірнай стваральнай працы. Але на захадзе згушчаліся ўжо чорныя хмары новай вайны...
 
Н. М. Сіняк

НА Беларусі, ф. 48, воп. 1, с 4044; ф. 63, воп. 1, с 2085; ф. 101, воп. 1, с 3475.
Асноўныя звесткі аб Бабруйскай акрузе, 1929.
Гулейчык К. А. На асушаных балотах Палесся, 1940 г.
Смірноў Ц. Я, Там, дзе былі балоты, 1963.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY