3 верай у лепшую будучыню
Першая ячэйка партыі бальшавікоў на Любаншчыне была створана ў Забалацкай воласці ў чэрвені 1921 г. У воласці дзейнічалі бандыцкія групоўкі. Члены ячэйкі вялі растлумачальную работу сярод насельніцтва, за год было праведзена 88 мітынгаў. Да канца 1921 г. з бандытызмам на Любаншчыне было пакончана. Жыццё ўваходзіла ў мірнае русла, паступова і ўпэўнена раслі рады ячэек КП(б)Б. У 1924 г. налічвалася 7 членаў і 2 кандыдаты: старшыня валаснога выканкома Даніла Булгак (сакратар ячэйкі), міліцыянеры Якаў Буталёў і Іван Радзевіч, селянін Іпаліт Шулякоўскі, сакратар валасной камсамольскай ячэйкі Аляксей Камароў, работнік яўрэйскай школы Марфа Ліхадзіеўская, харчінспектар Дзям'ян Шуцікаў.
  26 жніўня 1924 г. адбыўся першы сход камуністаў Любаншчыны, на якім прысутнічала 9 членаў і 7 кандыдатаў у члены партыі. Быў выбраны райком партыі, у які ўвайшлі Арапучык, Беляда, Багушэвіч, Гальчэня, Штыцько. Сакратаром райкома камуністы абралі Арапучыка. Райком партыі і райвыканком перасяліліся з маёнтка Ярэмічы ў мястэчка Любань, якое стала цэнтрам раёна. У верасні 1924 г. былі арганізаваны партыйныя ячэйкі ў в. Асавец (сакратар Г. Гальчэня) і ў Любані (сакратар Штыцько).
 
 Вуліца Першамайская ў м. Любань. 1936 г.
У 1925 г. была створана Слабодская партыйная ячэйка і кандыдацкія групы ў вёсках Рачэнь і Кузьмічы. Праз год раённая партыйная арганізацыя налічвала 47 членаў і кандыдатаў партыі.
Члены райкома партыі і ячэек праводзілі вялікую работу сярод насельніцтва раёна. Сярод дэпутатаў сельскіх саветаў 21 працэнт складалі камуністы і камсамольцы. Сельскія партыйныя ячэйкі былі арганізатарамі перабудовы вёскі, іх выбіралі ў калгасныя органы кіравання. У 1929 г. 15 працэнтаў калгасных кіраўнікоў былі камуністамі.
Першая камсамольская ячэйка на Любаншчыне была створана ў Любані ў 1923 г. (сакратар Маркус Бернштэйн). У яе ўваходзіла 16 чалавек — Гарбаленя, Шульман, Падліпскі, М. Андруховіч, I. Касцюкавец, I. Лаўрыеня і інш. Члены ячэйкі наладзілі ў мястэчку работу клуба, у зімовы час камсамольцы паставілі 7 спектакляў, выпускалі вусныя газеты. Пры ячэйцы былі створаны клуб КІМа і атрад «Юны Спартак». Камсамольцы арганізавалі школу па ліквідацыі непісьменнасці, якую наведвалі 28 чалавек.
У 1924 г. дзейнічалі камсамольскія ячэйкі ва Урэччы і Любані, у вёсках Рачэнь, Касцюкі, Асавец, Жывунь, Кузьмічы, Таль, у складзе якіх налічвалася 103 члены. Камсамольцы былі апорай сельскіх саветаў у правядзенні арганізатарскай работы па калектывізацыі, асушэнні балот, ліквідацыі непісьменнасці, культурна-асветніцкай рабоце. Да 1929 г. на Любаншчыне дзейнічала 17 ячэек ЛКСМБ, у складзе якіх налічвалася 224 члены.
  Метады работы былі разнастайнымі. Адзін з першых камсамольцаў в. Рачэнь А. Кукраш успамінаў: «У 1928 г. перад Вялікаднем сабраліся камсамольцы і моладзь з нашай вёскі ў в. Забалаць. Сюды збіраліся людзі з навакольных вёсак на ўсяночную. А мы ў хаце насупраць арганізавалі спектакль. Многія сяляне па дарозе ў царкву заходзілі да нас, некаторыя тут і заставаліся. Так мы тады сапсавалі ў той год свята папу...»
 
 Мост цераз р. Арэсу. 1935 г.
Камсамольцы в. Касцюкі вырашылі: кожны член ячэйкі павінен мець свой даследчы ўчастак і вырошчваць перспектыўныя сарты бульбы, гародніны, збожжавых культур. Ураджай у іх быў намнога вышэйшы, чым у сялян, што дапамагло ў правядзенні агітацыі сялян за выкарыстанне новых сартоў.
  Камсамольцы былі ініцыятарамі і арганізатарамі калгасаў. Сярод першых калгаснікаў в.Шыпілавічы было 17 камсамольцаў. Шмат цяжкасцей прыйшлося пераадолець камсамольцам в.Загалле вясной 1930 г., калі паўстала пытанне арганізацыі калгаса. Спачатку ў яго ўступіла 18 гаспадарак, затым частка іх выйшла, калгас мог распасціся. Камсамольцы вырашылі сабраць усіх маладых хлопцаў і дзяўчат, якія батрачылі ў кулацкіх гаспадарках, і арганізаваць новы калгас. Аднаасобнікі гаварылі: нічога з гэтага не выйдзе, куды галыцьбе, ды яшчэ малалетнім, гаспадарыць. Восенню сабралі па 80 — 100 пудоў збожжа з гектара, аднаасобнікі — толькі па 50 — 60. Маладыя хлебаробы працавалі па 18 гадзін у дзень, змаглі пасеяць і сабраць ураджай своечасова і без страт. Здолелі яны вырасціць і добрых свіней. На прыбытак ад жывёлагадоўлі купілі трактар. Калі ён выйшаў у поле, прыходзілі паглядзець сяляне з навакольных вёсак. «Сталёвы конь» вызваў страх у людзей, баяліся, што зямля не будзе радзіць, «бо газа атруціць яе». Ноччу нехта разбіў фары трактара — думалі, што калі «асляпіць» машыну, працаваць яна не зможа.
 
 Дэлегаткі раённага жаночага злёту. 1926 г.
Камсамольцы прымалі актыўны ўдзел у ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва. Яны былі кіраўнікамі клубных устаноў, загадчыкамі хат-чытальняў. Хата-чытальня ў в.Асавец лічылася сапраўдным штабам камсамольскай ячэйкі, у склад якой уваходзілі Павел Шумчэня, Раман Зяленка, Цімафей і Сяргей Русаковічы, Аляксандр Брытвіч, Міхаіл Бондараў, Марыя Кругленя.
 
 Адзін з першых камсамольцаў Любаншчыны, трактарыст калгаса «Рэвалюцыя» Г. Ф. Зянкоўскі.
Камсамольцы і моладзь прымалі актыўны ўдзел у асушэнні Мар'інскіх балот. У 1930 г. у саўгасе імя 10-годдзя БССР арганізавана камсамольская ячэйка, сакратаром яе быў Іван Сапега. У саўгасе было толькі 5 камсамольцаў, да 1931 г. ячэйка вырасла да 30 членаў, а ў 1936 г. налічвалася звыш 100 чалавек.
У канцы 20-х гадоў на Любаншчыне дзейнічалі 14 ячэек Міжнароднай арганізацыі дапамогі рабочым, 9 ячэек таварыства садзейнічання абароне, 258 членаў было ў арганізацыях таварыства Чырвонага Крыжа. Кожны юнак імкнуўся атрымаць значок «Варашылаўскага стралка». Дапрызыўнікі праходзілі ваенную падрыхтоўку, дзе вучыліся валодаць зброяй, атрымлівалі тэарэтычныя веды. У 1939—1940 гг. многія ўраджэнцы раёна прымалі ўдзел у аперацыях Чырвонай Арміі на Далёкім Усходзе, у паходзе ,ў Заходнюю Беларусь, у вайне з Фінляндыяй, і ў хаты вёсак раёна прыйшоў не адзін пахавальны ліст. У 1940 г. П. Р. Алейнікаў, удзельнік вайны ў Фінляндыі, стаў Героем Савецкага Саюза.

Н. М. Сіняк

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY