Без віны вінаваты
У ваколіцах в. Калінаўка і цяпер ёсць урочышча Паторская паляна — на пачатку веку пры раздзеле зямлі паміж сынамі дзед выдзеліў тут зямлю майму бацьку, Аляксандру Паторскаму, каля паўтара гектара ворыва і 2 гектары сенажаці. Зусім нямнога для нашай сям'і з шасці душ. Бацька ў дзяцінстве пасвіў чужых кароў, а зімой на заробленыя грошы мог вучыцца ў царкоўна-прыходскай школе ў Загаллі, нядрэнна ведаў грамату. Таму калі падрос, змог працаваць настаўнікам па найму ў больш заможных сялянскіх сем'ях — дарэктарам. Вучыліся дзеці ў хатах вёскі, па чарзе — па тыдню, настаўніка і кармілі ў той хаце, дзе ішлі заняткі. Зямлі было мала, і бацька ў 1923 г. наняўся на работу ў лясніцтва. Купіў ружжо — выдатную двухстволку, і паляўнічага сабаку — вельмі дарагога, за такія грошы можна было на той час набыць карову. Вяскоўцы дзіваваліся: «Паторскі з глузду з'ехаў, замест каровы купіў сабаку»... Але ганчак не раз акупіў сябе, столькі дзічыны прыносіў штодзень — а вадзілася яе тады вельмі многа, як і рыбы ў Арэсе, — што мы ніколі не адчувалі патрэбы ў мясе. Леснікі атрымлівалі вельмі малую плату, жылі, як і сяляне, у асноўным з зямлі. Але турбот і адказнасці — даволі. Нарыхтоўвалі насенне сасны — у гэтай рабоце прымалі ўдзел і мы, дзеці, збіралі шышкі, сушылі і вылушчвалі іх, высявалі ў выдзеленых месцах і праз год высаджвалі маленькія сасонкі ў лесе. Высаджвалі таксама лазу для затрымання пяскоў і круч. Бацька быў «ударнікам I пяцігодкі», памятаю ганаровы знак ударніка: на фоне «пяцёркі» буйна выдзялялася, выступала лічба 4 — значыць, пяцігодку за чатыры гады.
Галоўная турбота леснікоў ва ўсе часы — барацьба з браканьерамі, самавольнымі парубшчыкамі. Бацька добра ведаў лес, да парушальнікаў ставіўся памяркоўна, спагадліва, бедную ўдаву, гарамыку або хто ссек дрэва акуратна, па-гаспадарску, не караў, а калі ўчыняў глум у лесе — ніколі не дараваў. У лясной гаспадарцы быў парадак. Кожнае страявое дрэва знаходзілася на ўліку, вымерана таўшчыня і занесена ў спецыяльны рэестр. Гэта была работа!.. А зімовымі вечарамі ў нашай хаце збіралася моладзь на вячоркі, хоць бацька быў ужо не маладзён, трое дзяцей абселі. Любілі яго, давяралі — ён быў лагодны, разумны, памяркоўны... Як сёння бачу — у хаце поўна хлопцаў і дзяўчат. Прадуць ці плятуць з нітак рукавіцы, хлопцы больш дурэюць, перашкаджаюць працаваць дзяўчатам, а то возьмуцца гнуць дугі для коней ці абручы — тут патрабуецца сіла і спрыт, якраз можна паказаць сябе перад дзяўчатамі. Трашчыць лучына, уваткнутая ў сцяну, вугельчыкі з шыпеннем падаюць у спецыяльна падстаўленае вядро... Мы, дзеці, звычайна засыналі на печы пад тлум і гоман, не дачакаўшыся канца тых вячорак.
Усёй сваёй сям'ёй мы нарыхтоўвалі сена, сеялі і ўбіралі ўраджай, збіралі і складвалі дровы на высечаных або згарэўшых дзялянках. Работы хапала ўсім, шчыравалі сумленна, сябе не шкадавалі, таму і жылі не так бедна, як многія незаможнікі, а калі арганізаваліся калгасы, то і ўсе сяляне. Зразумела, што зайздроснікам і нядобразычліўцам бацька не падабаўся, некаторыя вяскоўцы за злоснае браканьерства былі пакараны, аштрафаваны. Знайшліся несумленныя, нядобрыя людзі, якія выкарысталі магчымасці сталінскага беззаконня. У 1937 г. з'явіліся на вёсцы першыя «чорныя варанкі». У той год з Калінаўкі забралі 12 чалавек, у тым ліку і бацьку. Быў нейкі суд, «скоры і няправы», бацьку далі сем гадоў. Пакаранне адбываў у Заходняй Беларусі на будаўніцтве абарончых рубяжоў. 3 пачаткам вайны арыштантаў перавялі на такія ж работы каля г. Ржэў Калінінскай вобл. Там у час налёту варожай авіяцыі, як стала потым вядома, бацька і загінуў.
  У час вайны я быў у партызанскай брыгадзе № 25 імя Панамарэнкі. Там я сустрэў бацькавага знаёмага з суседняй вёскі Загалле, яны разам былі ў турме. I той расказаў: «Калі нас эвакуіравалі з Заходняй Беларусі, мы праходзілі праз Старыя Дарогі. Зусім блізка род ная вёска. З'явілася магчымасць збегчы. Але бацька адмовіўся — нельга так, гаварыў ён, гэта непарадак, ды і сям'я вялікая, можа пацярпець... А я пайшоў на рызыку, збег. I вось — б'ю гадаў»...
 
 А. М. Паторскі (справа ўверсе) з аднавяскоўцамі
Усе мае браты ў вайну партызанілі, Мікалай і Сяргей былі разведчыкамі, я — радавым байцом. Ніколі мы не адчувалі крыўды на сваю савецкую ўладу, якая так жорстка абышлася з бацькам. Браты былі камуністамі. Сяргей пасля вайны доўгі час працаваў сакратаром Любанскага райвыканкома, я ўсё жыццё працаваў настаўнікам у Любані. Такімі выраслі сыны «ворага народа»...
...Тое ружжо пры арышце бацькі разам з іншымі рэчамі канфіскавалі. У архівах КДБ захаваліся адпаведныя дакументы аб акце канфіскацыі. Людзі знікалі бясследна, а даведкі бераглі. Запомнілася, што сярод канфіскаванай маёмасці быў срэбны рубель выпуску 1924 г. і яшчэ адно, простае і таннае ружжо. I вось пасля рэабілітацыі бацькі ў 1958 г. рубель вярнулі, а за ружжо — другое, простае, заплацілі нейкія капейкі па тых грашах. Маўляў, бацька не меў права мець два ружжы...

А. А. Паторскі
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY