Лёс адной з смольгаўскіх сем'яў
(Русская версия)
Успамінаецца, што ў маім дзяцінстве, якое прайшло ў адным з беларускіх райцэнтраў, амаль у кожнага з сяброў была “свая” вёска, дзе жылі дзед з бабуляй, да якіх можна было паехаць на летніх вакацыях, ці проста ў ягады ці грыбы. У мяне такой вёскі не было. На маё запытанне бацька неахвотна адказаў, што дзеда “раскулачылі” і саслалі за Ўрал. Дзіцячае сэрца схамянулася: “саслалі” – значыць, яны былі злачынцамі! “Мае” дзядуля і бабуля аніяк ня могуць імі быць! Хаця ніколі ў жыцці я іх ня бачыла, але ж люблю і ведаю, што яны добрыя! - “А за што саслалі?” – “ За тое, што не хацелі ісці ў калгас.” - Не паверыла… 
Задумвацца аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці сур'ёзна пачала толькі ў сталым узросце. Пасля адыхода з жыцця бацькоў, жыўшых адасобленна ад блізкай радні, захацелася да каго-небудзь “прытуліцца”. Маміна радня па-за Ўралам, далёка – з ёй амаль някіх кантактаў, акрамя рэдкіх паштовак па святах. А ў бацькі ў пашпарце было паказана месца нараджэння : вёска Смольгава Любанскага раёна. Любіўшы разглядаць у дзяцінстве бацькоўскія дакумэнты, мне вельмі падабалася гэта прыгожая назва. Вось яна і пазвала мяне ў дарогу пошукаў сваіх “каранёў”, у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі і Мінскі абласны архіў, каб даведацца, кім жа былі мае продкі. 
Першае ўражанне ад працы ў архівах: як многа застаецца “паперак” ад пайшоўшага з жыцця чалавека! Пасля двух гадоў “генеялагічнай” працы зразумела, што ў кароткім вусным аповядзе распавесць пра ўсе мае архіўныя здабыткі проста немагчыма. Так з”явіўся мой расказ пра продкаў, напісаны для патомкаў і родных.
А пасля заканчэння (чаму ж заканчэння, праца яшчэ будзе працягвацца!) адчула, што нарэшце знайшла ня толькі продкаў, але і прарадзіму сваю, і сапраўдную нацыянальную прыналежнасць.
Адрывак з маіх радаводных нататкаў пра лёс сям”і дзеда, бацькі майго татачкі, я і прапаную ўвазе наведвальнікаў сайта.

Уступ
У 1918 годзе ў Даросінскай царкве сціпла павянчалася маладая пара з засценка Смольгава: былы шэраговец лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка Васіль Восіпаў Міхалоўскі і Алена Якаўлева Масакоўская - мае дзядуля і бабуля. Малады і маладая былі карэннымі смольгаўцамі. Дзед Васіля – таксама Васіль, пераехаў на сталае жыццё ў гэты засценак нейдзе каля 1862 года. Рыгор Масакоўскі, прапрадзед Алены, жыў у Смольгаве з 1795 года, стаўся бацькам аж шасці сыноў і заснавальнікам смольгаўскай дынастыі Масакоўскіх. Продкі мае былі так званымі “засцянкоўцамі” – дробнай шляхтай, не меўшай уласнасці і ўвесь час арандаваўшай зямлю.
Дэмабілізаваны ўвесну 1918 года ў сувязі з ліквідацыяй гвардэйскіх вайсковых частак, Васіль прыехаў з фронту Першай Сусветнай. Пайшоўшы ў 1915 годзе абараняць інтарэсы царскаў улады, ён звярнуўся дадому ў Смольгаў савецка-бальшавіскі, ў дзяржаву – РСФСР.
Немагчыма разабрацца ў прычынах сямейнай трагедыі, не ўявіўшы тагачасныя абставіны. Мне вельмі хацелася б у сваім аповядзе пазбегнуць гістарычных штампаў, убітых у маю галаву пры вывучэнні курсу гісторыі СССР, і распавесці толькі пра свае асабістыя (вядома ж, суб”ектыўныя) ўражанні, атрыманыя ў працэсе вывучэння дакумэнтаў з абласнога архіву.
Падымемся ж крыху вышэй зямной паверхні, каб разгледзець усё, што рабілася ў той час у нашай старонцы, з вышыні – не, не палёта птушкі, а яшчэ вышэй – з арбіты ваколземнай касмічнай станцыі, каб прыгадаць некаторыя факты з гісторыі амаль стагадовай даўніны.

 


Толькі факты
25 кастрычніка 1917 года ў Расійскай Імперыі адбылася другая за год рэвалюцыя ці, як зараз пішуць, Кастрычніцкі пераварот, і ўладу ў буржуазнага Часовага ўрада адабралі бальшавікі.
Першая сусветная вайна яшчэ доўжылася. Расейска-германскі фронт праходзіў па беларускай тэрыторыі праз Пінск – Баранавічы – Нарач – Двінск. Слуцкі павет, таксама і ўся беларуская тэрыторыя, былі практычна прыфрантавой паласой.
Назіраючы палітычны хаос у дзяржаве супраціўніка, упершыню за два гады сядзення ў акопах, германскія войскі ў студзені 1918 года перайшлі ў наступ. Мінск і Слуцкі павет былі занятыя немцамі. Лінія фронту прайшла праз Гомель – Рагачоў – Магілёў – Оршу – Полацак.
3 сакавіка 1918 года бальшавікі дамаўляюцца з Германіяй пра знакаміты “Брэсцкі мір”, ахвяраваўшы значнай часткай расійскіх тэрыторый. Першая сусветная вайна скончылася. Немцы адышлі да лініі “Брэсцкага міру”, прайшоўшай праз Бярэсце – Слонім – Двінск.
Мінск і Слуцк былі вызваленыя – так запісана ў афіцыйных паведамленнях. Але хутчэй за ўсё, проста пакінутыя адышоўшымі германскімі войскамі, бо якраз у гэты час кароткага безуладдзя, 25 сакавіка 1918 года, была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
Атрымаўшы са згоды Германіі незалежнасць, Польша ў чэрвені 1919 года вырашыла далучыць да сябе беларускія тэрыторыі, якія раней уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пачалася так званая “белапольская акупацыя”. Большая частка беларускай тэрыторыі, ў тым ліку Мінск і Слуцкі павет, былі занятыя палякамі.
1 снежня 1918 года бальшавікамі была ўтворана новая рэспубліка – Беларуская ССР.
У чэрвені 1920 года польскае войска пачало адступаць пад націскам Чырвонай арміі, і 12 кастрычніка паміж Польшчай, Украінай і РСФСР была падпісана “Рыжская мірная дамова”, па якой заходнія часткі Беларусі і Ўкраіны адыходзілі да Польшчы. Мяжа з Польшчай аж да 1939 года прайшла ўсяго на некалькі кіламетраў заходней Мінска.
Да сярэдзіны кастрычніка Слуцак некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, нарэшце 11 кастрычніка ў горад зноў увайшлі палякі. Па дамоўленнасці з імі, ўлада на Случчыне ў лістападзе была перададзена Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту. Пачалося Слуцкае паўстанне – Слуцкі Збройны Чын.
Толькі са снежня 1920 года на Случчыне канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада.
Падсумуем этапы змены ўлады на тэрыторыі Слуцкага павету са студзеня 1917 па снежань 1920 года:
цар,
Часовы ўрад,
бальшавікі,
немцы,
БНР,
бальшавікі,
палякі,
БНР,
бальшавікі.

Гэта неверагодна, але за чатыры гады ўлада тут мянялася ДЗЕВЯЦЬ разоў!

Час перамен у Смольгаве

На Ўсходзе, здаецца, у кітайцаў, ёсць праклён, прыкладны сэнс якога “каб табе жыць у час перамен”. Васілю і Алене не пашанцавала: яны папалі дакладна ў гэты час.
Спусцімся з “касмічнай арбіты” зноў у Смольгаў і паспрабуем уявіць сабе, як адлюстраваліся на жыцці невялікага засценка вышэйзгаданыя эпахальныя падзеі.
Першы перыяд савецкай улады доўжыўся ўсяго тры месяцы: лістапад і снежань 1917-га ды студзень 1918 года. Асноўныя дэкрэты і лозунгі былі аб”яўленыя, але ў жыцці здзейсніцца не паспелі. У земляробаў – гэты перыяд адносна вольны: ураджай сабраны, засяваць палеткі яшчэ ня трэба. Асцярожна паглядывалі смольгаўцы праз акенцы сваіх хат і чакалі, што будзе далей рабіць улада.
А далей, у студзені 1918-га, прыйшлі немцы. Іхняя ўлада доўжылася каля дзвюх месяцаў - люты і сакавік – ў той жа самы вольны ад земляробчай працы час года.
“Другое прышесце” савецкай улады доўжылася 1 год і тры месяцы.
Лейб-гвардыі Ізмайлаўскі полк, дзе служыў Васіль Міхалоўскі, быў расфарміраваны ў красавіку 1918 года. Менавіта ў гэты час Васіль і вярнуўся ў Смольгаў, дзе яго чакаў “жаночы баталь”ён” сясцёр ад 24 да 18 гадоў начале з маці (бацька Васіля трагічна загінуў у 1905 годзе ад удара маланкі). Сваю маладую жонку Васіль прывёў у бацькоўскі дом.
Кожная ўлада характэрызуецца, пагатоў, усталёванымі ёю адносінамі падуладнага народа да сродкаў вытворчасці і зямлі. Усе мы ведаем з падручнікаў па гісторыі, што лозунгамі бальшавікоў былі: “Заводы – рабочым!” ды “Зямля – сялянам!”.
Усе мы таксама ведаем, што заводы з самага пачатку сталіся нічыімі – дзяржаўнымі, што зямля пасля “калектывізацыі”, праведзеннай у пачатку 30-х гадоў, таксама сталася фактычна нічыёй. Але мне здавалася, што адразу пасля рэвалюцыі зямлю ўсёж-такі павінны былі “проста так” пааддаваць сялянам ў прыватнае ўладанне. Мяне здзівіла тое, што аніякіх дакумэнтаў пра гэта ў абласным архіве я не знайшла.
Якія праблемы хвалявалі ў першую чаргу ўхапіўшых уладу бальшавікоў, магчыма зразумець па назвам кіруючых дакумэнтаў таго часу, падшытых у фондзе Пагостскага валаснога рэўкама:
“Аб адабранні “звонкай” манеты”;
“Аб надзвычайным рэвалюцыйным падатку”;
“Аб адабранні прадуктаў”; “Аб прызначэнні камісараў у былыя маёнткі”
І, чамусці шмат папер аб збіранні рыззя, рагоў, капыт і г.д. Пра зямлю – нічога не падшыта.
Бачна, што новая ўлада імкнулася найперш нешта адабраць ў людзей, а не аддаць ім.
Сярод жыхароў засценка Смольгава былі і ўзяўшыя зямлю ў арэнду ў гаспадара маёнтка, і ўласнікі, выкупіўшыя свае надзелы. Бальшавікі прыйшлі ў красавіку, у час засявак. Мяркую, што кожнаму дазволілі засеяць свой участак.
Збіранне ўраджаю наўрад ці было радасным: сяляне ўжо пачулі нядобрае слова: “продразвёрстка”. Напэўна, нейкую невялікую частку ўраджаю пакідалі гаспадарам, каб сям”я змагла пражыць да наступнага ўраджаю. Усё астатняе адбірала дзяржава. Увесну 1919 года зноў сеялі без аніякай радасці – што ж радавацца, калі ведаеш, што ўраджай зноўку будзе адабраны!
А збіраць ураджай у жніўні давялося ўжо “за Польшы”. Палякі гаспадарылі ў Смольгаве амаль паўтара года. Польша была буржуазнай дзяржавай, таму, несумненна, прыватная ўласнасць на зямлю была зноў адноўлена, і частка былых уладальнікаў маёнткаў і зямлі вярнулась назад.
Улетку 1920 года польскія войскі пачалі адступаць пад націскам Чырвонай арміі. Але на Случчыне ўспыхнула паўстанне сялян, атрымаўшае назву Слуцкі Збройны Чын, кіраўнікі якога ставілі на мэце стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Ці бралі ўдзел у паўстанні смольгаўскія жыхары? Толькі адно ўскоснае сведчанне гэтага знайшла я ў архіўных дакумэнтах, згадаю яго крыху пазней.
Канчаткова савецкая ўлада ўсталявалася на Случчыне напрыканцы 1920 года. Менавіта ў снежні пачала весціся кніга запісу актаў грамадзянскага стану ў Пагосскага валаснога рэўкама, знойдзеная мною ў архіве.
У невялікай тэчцы з дакумэнтамі, якія сведчаць пра дзейнасць тагачаснага вышэйшага органа ўлады на Случчыне – Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэту – зноўку шукаю тыя, якія датычацца рэгулявання зямельных адносін:
“Аб нацыяналізацыі зямлі абшарніцкіх маёнткаў”;
“Аб парадку збора і звоза ўраджаю гэтага году ў абшарніцкіх маёнтках”;
“Аб звароце раскрадзенай у маёнтках скаціны і усёй маёмасці”;
“Аб забароне раскрадання яблыкаў і ігруш з садоў былых маёнткаў”;
“Аб забароне забоя скаціны”.

Ня дзіўна, што бралі безгаспадарчыя рэчы. А пакінутая гаспадарамі ў маёнтках скаціна – яна ж раве з голаду, просіць, каб хто пакарміў? Ці яблыкі, што сыпяцца – хай лепей сгніюць? Чаму трэба пытаць дазволу, каб закалоць уласнага кабанчыка? Ці масавы забой быў ужо тады адказам сялян на стварэнне першых калгасаў?
Гаспадары маёнткаў і палеткаў зноў збеглі. У маёнткі прызначаны “ключавыя кіраўнікі”. Вось запіска, якую пісаў у Пагоскі валрэўкам ключавы кіраўнік маёнтка “Пагост” М.Канановіч (мова і арфаграфія арыгіналаў тут і ў далейшым захоўваюцца):
“Несмотря на неоднократные распоряжения и приказы председателям деревенских ревкомов объявить жителям деревень,прилегающих к Советским имениям не производить потрав и не делать хищений, несмотря ни на какие угрозы и репрессии, граждане деревень продолжают делать потравы и производить хищения из окон домов, завес от дверей и т.п., настоящим прошу Погостский волревком сделать зависящие распоряжения о прекращении потрав и хищений, ибо граждане деревень с каждым разом становятся всё нахальнее и ненасытнее в своих аппетитах”.
Народ яшчэ не прызвычаіўся да таго, што нешта можа быць агульным – нічыім. Калі нічые і ніхто не ахоўвае – можна забіраць, гэта не злачынства.
Зямлю засявалі яшчэ за палякамі. Загад рэўкама ад 3 ліпеня гаворыць: арандатары павінны аддаць замоўленую частку ураджаю ўладальнікам, а апошнія не маюць права ёй распараджацца да асобага загаду рэўкама.
Вось дакумэнт 1920 года аб раздачы зямлі “на частку” сялянам з народных маёнткаў: за карыстанне зямлёй трэ было аддаць даволі значную частку ўраджаю – ад 30 да 60 адсоткаў, у залежнасці ад вартасці зямлі ды наяўнасці ўласнага зерня для пасеву.
Вось трохі смешная заява грамадзян вёскі Котаў:
“Мы, граждане деревни Котов, желаем единолично обсеменить землю озимым посевом в имении Котов».
Збор ўраджая ў 1920 годзе: савецкая ўлада вяртаецца, з ёй вяртаецца і продразверстка. Усё “залішняе” было зноў адабранае.
Усе мужчыны, трымаўшая ў руках зброю, дзяліліся на тры категорыі: “чырвонаармейцы”, “чырвоныя партызаны” і “бандыты”. Нягледзячы на шэраг дакумэнтаў аб розных ільготах чырвонаармейцам, адчуваецца, што гэты занятак сярод сялян быў ня вельмі папулярны. Прыклад – “прад”ява”, дасланая са Слуцкага рэўкама ў Пагосскі валасны рэўкам у 1920 годзе:
«По заявлению гр. дер.Кутнево Ирины Пархимович, жены красноармейца, отец ея мужа без всякого повода выдворяет её из дома говоря «Иди за мужем». Подобные издевательства над женой красноармейца недопустимы и будут караться самым строгим образом. Предъявить гр. дер. Кутнево Василию Пархимовичу, что если он позволит ещё раз подобные действия, будет арестован и отправлен в тюрьму.
Заведывающий отделением…»

“Бандытамі”, мяркую, былі ў вачах улады ўдзельнікі Слуцкага Збройнага Чыну.
У сакавіку 1921 года адбылося чарговае знакавае для сялян здарэнне: “продразвёрстка” была замененая продпадаткам. У кожнай сялянскай гаспадарцы была праведзена рэвізія, і сума падатка вызначана індывідуальна: у залежнасці ад плошчы палеткаў і таго, чым яны засеяныя, ад колькасці скаціны на падворку і колькасці едакоў у сям”і.
Трымаю ў руках старэнькую тэчку, у якой падшыты заявы сялян, напісаныя алоўкамі на палавінках, васьмушках і проста абрыўках паперы. Сэнс усіх заяў – спроба патлумачыць –ды не, гэта проста крык душы – што падатак налічаны памылкова занадта вялікі, дзеля сям”і непадымны, трэба правесці пераразлік – у бок памяншэння.
Прасіцелі дэталёва тлумачылі, якая ў іх гаспадарка. Практычна кожны гаспадар меў аднога -двух коней, адну – дзве каровы, са дзве – тры галавы дробнай скаціны. На адну сям”ю прыходзілася ў сярэднім па 5 дзесяцін ворнай зямлі. Сума падатку з такой гаспадаркі – прыкладна 200 рублёў. У тыя часы гэта - цана палавіны добрай новай хаты ці дзвюх кароў ці коней.
На ўсех заявах аднолькавая рэзалюцыя: “Адмовіць”.
Шмат заяў, падобных на гэтую:
“20 студзеня гэтага года ў мяне здох мой конь. Які стаіц в налогавам лісту і за якога я павінен плаціц падатак але калі ён здох то прашу выключыц яго із падатковага спісу і гэтым самым паменшыць мне падатак. Прасіцель…”
Падшыты і некалькі ананімак – даносаў на суседзяў, якім, па меркаванню ананімшчыка, сума падатка заніжана.
Адначасова ішла барацьба з заможнымі сялянамі. “Наверх” спатрэбіліся дадзеныя, хто іменна з сялян мае зямлі больш 40 дзесяцін. Гэткіх у Пагоскай воласці наогул не знайшлося. Гэта становіцца зразумела, калі паглядзець на дадзеныя аб колькасці душ і плошчы апрацоўваемай зямлі ў Смольгаве ў 1920 годзе:
Вялікае Смольгава – 85 дзесяцін – 144 душы (былы засценак);
Малое Смольгава – 34 дзесяціны – 133 душы (былая вёска).
Мае жылі ў Вялікім Смольгаве. Атрымліваецца, што пры прыкладнам складзе сям”і шэсць чалавек тамака жыло 24 сям”і. У сярэднім на сям”ю прыходзілася па 3,5 дзесяціны – у чатыры разы меней, чым у кожнага арэндатара па інвентару маёнтка Смольгава 1877 года (які напярэдадні я глядзела ў НГАБ).
Сельгаспадатак не з”яўляўся адзіным паборам, які дзяржава адбірала ў сялян. Былі яшчэ страхоўка, культзбор, падатак на мясцовыя патрэбы – так званае “самаабкладанне”. Маладой дзяржаве трэ было грошай, таму выпускаліся індустрыяльныя і сельскагаспадарчыя пазыкі - абавязковыя для прыдбання аблігацыі.
Цытата з пратакола паседжання Тальскага сельскага савету ад 2 снежня 1828 года, на якім прысутнічала старшыня выканкама Любанскага райсавета рабоча-сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Купрэева (з 1924 года аб’яднаная вёска Смольгава апынулася на тэррыторыі ізноў утворанага Любанскага раёна). Абмяркоўвалася пытанне аб рэалізацыі аблігацый другога індустрыяльнага займу, на сельскі савет іх было размяркавана на суму 600 рублёў.
ПРАМОЎЦА: Размеркаваная пазыка сярод служачых рэалізавана поўнасцю, а сярод сялян усяго 65 руб. Гэта тлумачыцца тым што гавораць няма грошай у нас.
КУПРЭЯВА: У кожнага селяніна ёсць дробязь у гаспадарцы, якую можна прадаць і здабыць аблігацыю!
Фантасмагарычным апафеозам гэтых пабораў уяўляецца збор грошай з сялян у 1927 годзе па падпісных лістах на будаўніцтва самолётаў (!? ) з назвамі “Сялянская ўзаемадапамога” ды “Адказ Чэмберлену” (прыгадайце знакамітую кнігу Ільфа і Пятрова!).

Жыццё маладой сям”і
 Як выжывала ў гэтых умовах маладая сям”я, у якой к гэтаму часу было ўжо трое дзяцей? У 1919 годзе ў Васіля і Алены нарадзіўся першынец, але ён заўчасна памёр у тым жа годзе. У кастрычніку 1920 года нарадзіўся сын Уладзімер – мой татачка, у 1924 годзе – дачка Зінаіда, у 1927-м яшчэ адна дачка – Алімпіада.
Ад свайго татачкі я чула сямейнае паданне, што прыйшоўшы з вайны, дзед Васіль паклаў на стол кларнэт (?!) ды маленькі слупік з чырвонцаў. Ці быў гэта салдацкі трафей, ці то ашчадкі салдацкага грашовага забеспячэння – зараз ужо невядома. Пэўна, гэтыя грошы і сталіся матэрыяльным “падмуркам” гаспадаркі маладой сям”і.
Канешне ж, адносны матэрыяльны дастатак у сям”і быў дзякуючы працавітасці Васіля і Алены. Дзед з маленства палюбіў працу цесляра – выконваў цеслярныя работы на будоўлях новых хат у навакольных вёсках, мог змайстраваць простую мэблю. Гэта прыносіла ў дом “жывыя” грошы. Алена да працы, нават “мужчынскай”, была прывучана ў сям”і, дзе старэйшы брат быў на вайне, а застаўшыся сярэдні – невылечна хворы. Ратавала іх, мяркую, і сялянская хітрасць ды кемливасць: калі ўласнае адбіраюць, трэба ўмець штосьці прыхаваць, каб пакінуць дзеля сям”і.
Уладзімер хадзіў у той час у пачатковую школу. Большасць яго школьных сяброў былі заўжды галоднымі. А на гарышчы яго хаты заўсёды былі прыпасы: ляжалі яблыкі, віселі колца вэнджаных каўбас. Сябры стаялі ўнізе, а татачка залазіў на гарышча і скідываў сябрам пачастунак. За гэтым заняткам і заспеў яго аднойча бацька, і пакаранне было хуткім.
Здаецца, не такая ўжо вялікая адлегласць часу ляжыць паміж мною і маімі дзядуляй і бабуляй. Аднак, бабулі сваёй мне пабачыць не давялося – разышліся мы з ёю ў часе. А дзядуля толькі аднаго разу патрымаў мяне на каленях – калі прыязджаў да нас у 1953 годзе ў Паставы. З цяжкасцю збіраю крупіцы ўспамінаў пра іх сярод родных старэйшага пакалення, таму што мне вельмі хочацца даведацца: якімі ж яны былі, мае дзядуля і бабуля? І вось якія “віртуальныя” іх выявы атрымліваюцца ў мяне па дакумэнтальных фактах іх жыцця, ашчадных успамінах вачавідцаў, фатаздымках і маіх разважаннях.
Дзед Васіль для мяне – тыповы “памяркоўны” беларус. Мяркую, что Бог не абдзяліў яго розумам ды рознымі талентамі. На фотаздымку часоў Першай сусветнай бачны вонкавы доказ гэтага: пальцы рукі яго даўжэйшыя за далонь. Гэта сведчыць пра наяўнасць унутранняго духоўнага свету – пра тое, што жыццёвыя інтарэсы яго не былі сканцэнтраваны толькі на матэрыяльным баку жыцця. Хтосьці мне распавядаў, што ў дзядулі быў музычны слых. Ускоснае падцверджанне гэтага – сямейнае паданне аб кларнэце, прывезенным з вайны. Ці дзед імкнуўся навучыцца граць на нём, ці ў арміі праходзіў службу, як музыка ў палкавым аркестры. У мірнай сваёй прафесіі стаў выдатным майстрам: захаваўшыйся прыклад яго працы – камод “пад чырвонае дрэва” сама бачыла ў доме яго дачкі Лімы ў Старых дарогах.
Мяркую, што дзед быў нягучным, спакойным, наўрад ці калі падвышаў голас. Здаецца мне, што была ў яго нейкая прыроджаная ўнутраная інтэлігентнасць, якая стрымлівала ад прыкрых учынкаў ды брыдкаслоўя. Мяркую, што меў ён і пачуццё такта – уменне ня крыўдзіць чалавека ні знарок, ні знянацку – вось гэта, прабачце за снабізм, рэшткі “блакітнай” крыві.
Наўрад ці мог ён прадбачыць страшныя наступствы ад разумова і ўпэўнена прынятага ім у 1930-м рашэння, пацягнуўшага за сабою зламаныя лёсы яго і яго блізкіх. Ці шкадаваў ён пасля аб гэтым? Ня ведаю. Але абрынуўшыяся на яго ўдары лёсу ён сустрэў з пачуццём уласнай годнасці і твёрдасцю. І дзеля сваёй сям”і ў самыя цяжкія моманты заўсёды быў цвёрдым падмуркам і кармільцам, нягледзячы на слабое здароўе.
Бабуля Алена… На “маладых” фотаздымках прыкметна невялікая прыпухласціь унізе шыі ды злёгку выпіраючыя вочы. Гэта прыкмета падвышанай функцыі штытападобнай залозы, што цягне за сабою павышанную нервовасць і раздражнёнасць. Кожная, хай сабе і маленькая сямейная праблема прымаецца “блізка да сэрца”, выклікае бурныя пачуцці. Мяркую, што ў сям”і моцна гучаў, перад усім, яе голас. У яе, фізічна моцнай, прызвычаіўшайся да цяжкай фізічнай працы яшчэ з дзявоцтва, ва ўласнай сям”і працы было не менш. У далейшым яе арганізм не вытрымаў фізічнага і душэўнага неспакою, што пацягнула за сабою яе заўчасную смерць.
Маладая сям”я насуперак усім вонкавым нягодам праявіла жыццяздольнасць, працавітасць, пабудавала ўласную моцную гаспадарку практычна на пустым месцы. Такія грамадзяне заўсёды былі апорай дзяржавы: самі сябе забяспечваюці ды спраўна плацяць падаткі. Аднак дзяржава, кіруючыся камуністычнай логікай абсурда, аб”явіла іх злачынцамі і пачала знішчаць.
Як гэта было здзейснена? Прагледзім гэта спачатку па захаваўшыхся дакумэнтах, пасля паслухаем аповяд пра гэта вачавідцаў – дачок Васіля і Алены.
Хроніка жыцця 1929-30 гадоў у Смольгаве
У гэты перыяд сельгасгаспадарка краіны складалася з трох сектараў: калгасы ды саўгасы (каля 1,5%), адзінаасобныя сялянскія гаспадаркі і буйныя “кулацкія” гаспадаркі. Сям”я дзядулі належала да “адзінаасобнікаў”. Па вынікам 1828 года эканамічныя паказчыкі былі крыху вышэй у невялікага калгасна-саўгаснага сектара. Дзяржава закупала за мяжой, у “капіталістаў”, станкі і машыны, а разліковай валютай было збожжа. Узнікла ідэя: каб атрымаць болей збожжа, трэба, каб у калгасы і саўгасы аб”ядналіся ўсе сяляне. Калі паглядзець звесткі аб правядзенні гэтага мерапрыемства ў маштабе дзяржавы, дзяржаўны механізм “раскулачвання” становіцца зразумелым, а тое, што адбылося ў далейшым з сям”ёю Васіля і Алены, дакладна ўпісываецца ў гэтую схему.
Як гэта адбывалася ў нашым Смольгаве?
9 ліпеня 1929 года Васіля Міхалоўскага выклікаюць у Любань на паседжанне акруговай каміссіі па сельгаспадатку. Разглядаюцца матэрыялы па індывідуальным абкладанні аднаасобных гаспадарак па Любанскаму раёну (усяго 102 гаспадаркі). Па Юшкаўскаму сельсавету ў гэтым спісе толькі два гаспадара: дзед Васіль і яго шурын Нікадзім Тамковіч (муж роднай сястры Алены – Фрузі). Прынятае рашэнне:
“14. Гр-н в.Б.Смольгау Михайлоўскага Васіля – дадаткова абследаваць гаспадарку”
Як я разумею, дзеду дали шанц на зніжэнне індывидуальнага падатку. Что ж такое асаблівае было ў гаспадарцы Васіля, чаму яе сабраліся “аблседаваць”? Хацелі знайсці нешта прыхаванае? Прыкладны пералік таго, што мелася ў дзедавай гаспадарцы, я знайшла толькі ў даведцы аб яго рэабілітацыі, атрыманай толькі ў 1992 годзе:
“…имущество, находящееся в доме, сарай, сад, пчелиная пасека, сельхозинвентарь, крупный рогатый скот (кол-ва в деле нет)…»
Неяк сорамна за ўладу, якая палічыла ўсё гэта несусветным багаццем.
І пра шурына – яму не пашчасціла, суму налога пакінулі ранейшую:
“Гр-н. в. Б.Смольгау Тамковіча Нікадзіма Сымонава – з абкладаннем згадзіцца. Даручыць РПК дадаткова высвятліць ужыванне працоўнай сілы і яе фактычную колькасць.”
А вось па гэтаму запісу бачна, што паседжанне абмяркоўвала ня столькі суму падатку, колькі выкарыстанне наёмных работнікаў – вось гэта было галоўным “злачынствам”.
Мне прыгадаўся дакумэнт з Гістарычнага архіву: рэвізскія казкі засценка Смольгава Слуцкага павета за 1795 год, дзе мне пашчасціла знайсці сваіх продкаў Масакоўскіх. Акрамя склада сям”і і саслоўя, там былі ўказаны адносіны да зямлі – “аседласць”, і таксама крыніца існавання – чым корміцца сям”я. У аседлых гэта “хлебапашаства”, а ў неаседлых, ня маючых ані сваёй, ані арандаванай зямлі, у гэтай графе быў запіс: “корміцца з найму ў вёсцы”. Мяркую, што гэта было, як зараз гавораць, узаемакарыснае супрацоўніцтва, а не злачынства адных супраць другіх.
Цытата з раздзела “Калектывізацыя” інтернет-сайта BELORUS.BY:
« В январе 1930 г. всем окружкомам и райкомам КП(б)Б был разослан секретный циркуляр «О ликвидации кулачества как класса»… Директивами центральных органов управления, принятыми в январе─феврале 1930 г., количество раскулаченных по районам определялось в 3─5 % всех крестьянских дворов, а по республике в целом – 4,2 % (34 тыс.), что было значительно больше реального количества зажиточных хозяйств (около 2 %). До 20 % раскулаченных высылались в лагеря, остальных 80 % расселяли за пределами колхозов. В раскулаченные попадали середняки и бедняки, которые не хотели вступать в колхозы. В некоторых районах процент раскулаченных достигал 15, а лишенных избирательных прав, что сопровождалось лишением всех политических прав и социальных гарантий, – 20 % крестьян»
«30 января 1930 года Политбюро утвердило подготовленный специальной комиссией текст постановления ЦК ВКП(б) "О мероприятиях по ликвидации кулацких хозяйств в районах сплошной коллективизации". Постановлением предписывалось провести конфискацию у кулаков средств производства, скота, хозяйственных и жилых построек. Хозяйственное имущество и постройки передавались в неделимые фонды колхозов»
Калі разглядаеш выканкамаўскія дакумэнты за 1929-30 гады, увачавідкі бачыш, як механізм мясцовай раённай улады, “стымулюемы” зверху, працаваў усё хутчэй і хутчэй. Ад паседжання да паседжання пратаколы Любанскага выканкама робяцца ўсё больш даўжэйшымі, напрыканцы 1929 года кожны з іх займае некалькі дзесяткаў аркушаў паперы. Паседжанні былі штодзённымі, пытанняў – у асноўным дробных – вырашалася усё больш і больш. Складваецца ўражанне, што выканкам працаваў і ўдень, і ўначы, таксама без перапынку “дзяўбла” машыністка.
Гартаю шматлістовы пратакол №61 ад 3 лютага 1930 года паседжання Прэзідыюма Любанскага райвыканкама. Сярод мноства шэраговых пытанняў, сярод якіх – наклад індывідуальных штрафаў за “самагонакурэньне”, “лесапарушэньне”, “зарэз маладняка” ды т.п., таксама гэты:
СЛУХАЛІ: аб зацвярджэнні калгаса в.Смольгава Юшкаўскага сельсавета
“Ленінскі шлях”. ПАСТАНАВІЛІ: Зацвердзіць, адначасова прапанаваць калгасу змяніць назву.


Напэўна, гэтая прапанова з цягам часу была забытая, таму што назва захавалася да 90-х гадоў 20 стагоддзя. Дарэчы, змяніць назву было прапанавана яшчэ аднаму калгасу – “Імя Сталіна”.
Дата: 4 лютага 1930 года адмечана на спісе асоб, пазбаўленых выбарчых правоў па Юшкаўскаму сельсавету. Спатрэбіўся ўсяго адзін дзень (і не спатрэбілася аніякіх абследванняў гаспадаркі), каб мой дзядуля канчаткова ператварыўся з “адзінаасобніка” ў “кулака”. Знянацку высветлілася, што ён таксама ня змог абысціся без памагатых у гаспадарцы, як і яго шурын Тамковіч.
26. Міхаіловскі Васіль Язэпаў
Прычына пазбаўлення ВП – як кулацкая гаспадарка
“індывідуальна” ужываў наём працы
Дакументы, на падставе якіх падлягае пазбаўленню ВП – Арт.32 п.2

27. Міхаіловская Алена – жонка кулака Міхаіловскага


“Індывідуальна” – гэта хутчэй за ўсё значыць, што памочнік у гаспадарцы дзеда быў толькі адзін. Такое адчуванне, што за Васілём сачылі і чакалі, калі ж ён “праколецца”. Але ж на дварэ – люты, час, вольны ад хлеберобскай працы. Пэўна, хтосьці “настукаў”, што ў час жніва Васіль запрашаў памагатага.
“Шпаргалка” для выканкама: дзесяць прычынаў пазбаўлення выбарчых правоў, якія пералічаны ў гэтым жа дакумэнце:
Прычыны пазбаўлення выбарчых правоў:
1) Ужыванне наёмнай працы з мэтай набыцця прыбытку
2) Гандляр ці пасрэднік
3) Жыве на непрацоўны прыбытак
4) Служыцель рэлігійнага культу
5) Быўшы дабраволец ці афіцэр белых армій
6) Быўшы служачы паліцыі, жандармерыі і г.д.
7) Звар”яцелы ці падапечны
8) Асуджаны
9) Пазбаўленне правоў у парадку арт.33 Інструкцыі
10) Член сям”і – утрыманец, пазбаўлены выбарчага права як_____

Трымаю ў руцэ тэчку з пратаколамі паседжанняў прэзыдыюма (!) і пленумаў (вельмі самавіта!) Юшкаўскага сельскага савета, да якога была прыпісаная вёска Смольгава. Вясковы ворган улады праводзіў свае паседжанні таксама штодзённа, але такога “напала”, як у райвыканкаме, не адчуваецца. Адчуваецца абыякавасць ды “абязалаўка”:
Пратакол пленума Юшкаўскага сельсавета ад 8 лютага 1930 года:
СОБАЛЬ: Аб працы калгаса “Ленінскі шлях”(утворанага тры дні таму) што спаць ня трэба, а прыступаць к хутчэйшаму абагульненьню збожжа і інвентара.
БОНДАР: Усё добра, але кепска, што бедната вёскі М.Смольгава не ўвайшла ў
калгас. Трэба правесьці больш працы па ўцягненьню.
БАХАНОВІЧ: Які зазначыў, што работы па (сководу?) у сэнсе калектывізацыі прароблена значна, гэта відаць з лічбы 6 калгасаў, як і па пляну. Але...бедната і актыў вёскі не уцягнуты ў калгас. (Дык хто ж тады “уцягнут”?)

Пасля абмеркавання пэўных надзённых пытанняў дабаўлена пытанне, якое здаецца “дзяжурным”:

СЛУХАЛІ: Аб ліквідацыі кулацтва як кляса.
ПАРАШЫЛІ: Старшыням (?) дагаварыцца з РВК аб скарэйшай ліквідацыі кулацкіх
гаспадарак і передачы маёмасці у калгас.

І вось, нарэшце, самы галоўны дакумэнт: пратакол № 63 ад 9 лютага 1930 года паседжання фракцыі і прэзідыюма Любанскага райвыканкама:

СЛУХАЛІ: Аб вылучэньні упаунаважанных по канфіскацыі маёмасці у кулацкіх
гаспадарках па сельскім саветам.
ПАСТАНАВІЛІ: Упаунаважаннымі ад РВК вылучыць т.т. у наступныя сельскія саветы:
...
2) Юшкаускі с/с – ЛАПІЦКАГА;
...
СЛУХАЛІ: Хаданіцтва Юшкаускага с/с аб канфіскацыі маёмасьці кулацкіх
гаспадарак пражываючых на абшару Юшкаускага с/с за
разбазарываньня маёмасьці і правядзеньня імі шкоднай працы, супроць правадзімых мерапрыемств.
ПАСТАНАВІЛІ: У сувязі з тым, што кулакі пражываючыя на абшару Юшкаускага сельсавету злачынна разбазарываюць сваю маёмасьць, чым у значнай
ступені уплывалі на астатнюю частку вёскі хаданіцтва сельскага савету аб канфіскацыі маёмасці – задаволіць утварыу канфіскацыю
у наступных кулацкіх гаспадарках:
1) МІХАЛОУСКАГА Васіля – Б.Смольгава
2) ТАМКОВІЧА Нікадзіма – в.Смольгава...


… ды яшчэ дзесятак прозвішчаў сялян, з іх восем – смольгаўцы, з іх пяць сем”яў з прозвішчам Тарасевіч.
Не прайшло й сутак з дня правядзення Юшкаўскага пленума (яшчэ ж трэ было надрукаваць пратакол і давезці яго да Любанскага выканкама!), як млявае пажаданне “знізу” было пачута і адразу ж задаволена вышэйшым кіраўніцтвам! Як бачна з райвыканкамаўскага пратакола, такія ж “хадайніцтвы” паступілі адначасова (!) з Тальскага, Ямінскага ды Асавецкага сельсаветаў. Ініцыятыва “знізу” была паспяхова зымітаваная!
“Кулакамі” былі прызнаныя 40% смольгаўскіх сем”яў , а сярод “кулакоў” Юшкаўскага сельсавету болей за 80% складалі жыхары Смольгава! Вось дык кулацкае кубло, дзіўна, што Смольгаў наўогул ня знеслі з зямлі! Дык які ж павінен быць матэрыяльны стан сялян астатніх вёсак Юшкаўскага сельсавету, калі наяўнасць ў сялянскай гаспадарцы каровы і каня палічылі непазваляльнай раскошаю? А дзед Васіль ды яго шурын Тамковіч стаяць у галаве спісу, як самыя “крутыя” багацеі (а можа ідэйныя правадыры апазіцыі?).
Галоўны ўдар быў нанесены, заставалася толькі практычна здзейсніць мерапрыемства. Бачна, что абставіны напалілісь настолькі, што сябрам Юшкаўскага сельсавету стала не да штодзённых “пленумаў” ды “прэзыдыюмаў”. Аніякіх паперак аж да 1 сакавіка, калі стаміўшыйся сакратар сельсавету, напэўна ўвечары, пасля бурна праведзеннага дню, зрабіў спробу накрэмзаць пратакол. У гэтым пратаколе пасля рашэнняў аб накладанні штрафаў за зарэз скаціны (ну не хацелася сялянам здаваць у калгас сваё, хаця і “дабравольна”, штож тут зробіш!), стаіць:

“...і прасіць РВК даць дапамогу з боку міліц..(неразб.) для скарэйшага спо.. (неразб.)»

Далей пяро “паехала” – пэўна, чалавек, спрабуючы напісаць пратакол, заснуў. Але й назаўтра яму ня ўдалося дапісаць: бурная рэчаіснасць зноў уцягнула яго ў свае віры, не да пратаколаў тут.
Звернемся зноў у Любанскі райвыканкам. Яго сябрам таксама цяпер не да паседжанняў, пасля штодзённых пратаколаў напачатку лютага - надышоў перапынак на цэлы месяц. Толькі 5 сакавіка 1930 года складаецца пратакол бяз нумара, напісаны з нагоды “зацверджаньня сьпісаў на высяленьне кулацкіх гаспадарак”. Гэта адзіны захаваўшыйся ў фондзе Любанскага райвыканкама дакумэнт, які тычыцца непрасрэдна высялення кулакоў.
Асоба, якая пісала гэты пратакол, была сільна ўзбуджана і вельмі нервавалася і спяшалася: зашмат памылак і паправак, руская і беларуская мова перамешаныя, некаторыя словы не чытаюцца, некаторыя стаяць у неправідловым склоне. Адчуванне такое, што чалавек разумеў, што прымае ўдзел у нядобрай справе, злачынстве супраць нявіноўных людзей. А можа, за плячыма яго стаяў узброены прадстаўнік “сілавой структуры”, як цяпер гавораць, і трымаў яго ў стане страху.
У дакумэнце пералічаны прозвішчы галоў высяляемых сямей толькі па Ямінскаму, Рэдкаўскаму ды Рэчаньскаму сельсаветам (сярод іх – два жаночых). Натуральна, што сям”і дзеда ў гэтым спісе няма – Смольгаў быў на тэрыторыі Юшкаўскага сельсавету. Але ўпаўнаважаныя для высялення кулакоў (па Юшкаўскаму сельсавету гэта нехта Цішкевіч), па ўсім дзесяці сельсаветам Любанскага раёна – у гэтым пратаколе прызначаныя. Цалкам магчыма, што гэтае мерапрыемства па раёну было агульным – адным махам высялялі ўсіх адразу.
Страшэнныя фразы – падрабязнасці злачыннага мерапрыемства з гэтага пратаколу:
“…прасіць акруговую тройку уклюцычь у сьпісы на высяленне 2 катэгорыі…”
“Акруговыя тройкі” – гэта карныя ворганы хуткай расправы, замяняючыя сабой суды, створаныя ўладай у трыццатыя гады.
Сяляне, якіх раскулачваюць, дзяліліся на тры катэгорыі. Да першай належыў “контррэвалюцыйны актыў” – удзельнікі антысавецкіх і антыкалгасных выступленняў. Яны самі павінны быць арыштаваныя, а іх сем”і – высяляныя ў аддаленыя раёны дзяржавы. Да другой – “буйнЫя кулакі ды былыя паўпанкі, актыўна выступаючыя супраць калектывізацыі”. І, напрыканцы, трэццяя – “астатняя частка” кулакоў – яна падлягала рассяленню адмысловымі пасёлкамі ў межах раёнаў былога свайго месца жыхарства.
У тое, што дзед “актыўна выступаў”, яшчэ можна было паверыць, але каб ён, з яго сціплай хатняй гаспадаркай быў “буйнЫм кулаком і былым “паўпанкам” – гэта мяжуе з поўным абсурдам.
“Аб”явіць высяляемым кулакам за тры дні да высялення…”
Мяркуючы па таму, што дзед Васіль у дзень высялення быў на заробках у суседняй вёсцы – ён не атрымаў ніякага афіцыйнага папярэджання. А плёткам і чуткам вырашыў веры не даваць.
“У віду аддаленасьці М.Гарадзячыцкага і Ніжынскага (маюцца на ўвазе сельсаветы) зрабіць адпачынак на 2 (лічба многа разоў перакрэслена й падмалёвана) часа у м.Любані…”
Бачна, што сябры Любанскага райвыканкама вельмі не хацелі, каб іх западозрылі ў спачуванні высяляемым. Але ж коням патрэбен адпачынак, вада і ежа, коні – па-за палітыкай.
Бліжэйшая чыгуначная станцыя была ва Ўрэччы. Ад Ніжына праз Любань – больш за 50 км. Ад Смольгава да Ўрэчча – прыкладна 25 км, дарога наўпрасткі, ў Любань заязджаць ня трэба.
“Прапанаваць т.Лазевулькину (?) (неразб.) з... 11/3 ночью забяспечыць карел (караул?) на ...пункце, т.Стоцкаму к гэтаму часу атайміць народам...”

Гледзячы на гэтую дату, можна ўявіць, што састаў на чыгуначнай станцыі павінен быў чакаць высяленцаў раніцай 12 сакавіка. Значыцца, высяленне пачалося раніцай 11 сакавіка, адначасова ва ўсіх населенных пунктах Любанскага раёна. Цікава, колькі часу давалі сем”ям, каб сабрацца? Мае распавядалі, што збіраліся хвіліны, паехалі, у чым былі. Уяўляю сабе гэты ранішні адчайны лямант жанок, які гучаў 11 сакавіка над усімі вёскамі… Чамусьці здаецца, што было цудоўнае вясновае сонечнае надвор”е, ціўкалі сагрэтыя сонейкам птушачкі, але на гэта ніхто не зважаў… Цягнуліся на санях па рыхламу сакавіцкаму снегу, наўрад ці шпарчэй за хуткасць пешага чалавека. Затуманенымі ад слёз позіркам праваджалі высяленцы родныя абшары: адчувалі, што ня ўсім давядзецца вярнуцца на радзіму. Даехалі да Ўрэчча толькі надвячоркам. Дзе бавілі халодную ноч? Што ўяўляў сабою гэты “…пункт”, ці быў хаця які дах над галавой? Ці аглушаныя зваліўшайся бядой сяляне з дзецьмі дрыжэлі ад марозу на плошчы на падводах, пад спачуваючымі позіркамі сагнаных сюды дзеля “атаймлення” людзей?
Аўтаркай ужо прыгадвалася, што па папярэдняму пратаколу, ад 9 лютага, у спісе раскулачаных было дзесяць смольгаўскіх сем”яў. Сасланыя ж былі толькі дзве сям”і: мае Міхалоўскія, ды па маіх меркаваннях, сям”я Рыгора Тарасевіча. Сям”я Нікадзіма Тамковіча, прозвішча якога ў кожнам пратаколе стаіць побач з дзедавым, “пайшла па трэцяй катэгорыі” – іх проста перасялілі ў другую хату. Менавіта само “раскулачванне” сям”і дзеда (высяленне з хаты ды адабранне ўсёй маёмасці) было здзейснена толькі ў дзень высылкі сям”і. Адсюль узнікае пытанне: чаму менавіта Міхалоўскія і Тарасевічы? Мяркую, што пасля пастановы аб стварэнні калгаса “Ленінскі шлях” на працягу месяца ў Смольгаве ўзмоцнена вялася агітацыя, і абыякавых да яе не было. Але ж можна ціхенька абмяркоўваць прымусовае сагнанне ў калгас у сябе ў хаце, а можна адкрыта на людзях выказваць свой пункт погляду на гэта. Мой дзядуля, хутчэй за ўсё, належаў да апошніх.
Мяркую, што вайсковая служба ў гвардыі, жыццё ў Пецярбурзе ды франтавая загартоўка былі для Васіля яго ўніверсітэтамі, якія далі яму аграмадны жыццёвы вопыт, сфарміравалі яго светапогляд, уласную свядомасць і самапавагу, яго непахісную жыццёвую пазіцыю. У той жа час сям”я атрымлівала пісьмы ад роднага брата Васіля – Якава, з”ехаўшага ў 1912 годзе ў ЗША, які паспяхова там жыў і карыстаўся вынікамі ўласнай працы, што таксама мела ўплыў на свядомасць дзеда.
Хутчэй за ўсё, ня кранулі тых, хто ў апошні момант вырашыў, што лепш не супраціўляцца і пайсці ў калгас. А дзед Васіль адкрыта выступаў супраць гэтага мерапрыемства, якое здавалася яму абсурдным, і да апошняга дня ня верыў, што хтосьці сможа прымусіць яго змяніць рашэнне.
Апошняя цытата з сакавіцкага пратакола:

СЛУХАЛІ: Аб стварэньні камісіі па (праверцы устаноў у процівапажарных)
Інфармацыя аб падпалах у калгасах 1 жніўня і Камуне Т.В.О.
(т.КУПРЭЯВА гаворыць (закрэслена))
УХВАЛІЛІ: Адзначыць што у апошні час у сувязі з абастрыўшыйся клясавай
барацьбой на вёсцы( учашчаюцца) (закрэслена) ёсць выпадкі падпалаў
калгаснай маёмасці...


Якая ж маёмасць, адабраная ў дванаццаці смольгаўскіх сем”яў, склала матэрыяльны падмурак калгаса “Ленінскі шлях”, ці разбагацеў ён раптоўна пасля гэтага мерапрыемства? Аб гэтым распавядае яшчэ адзін дакумэнт, які датычыцца быўшых кулакоў, падшыты ў справе № 6а “Кулацкая маёмасць”. Звесткі паданыя ў райвыканкам у чэрвені 1930 года, праз тры месяцы пасля правядзення адабрання.
Пералік маёмасці зроблены з сялянскай разважлівасцю, прыгадан ацэначны кошт адабранага жылля, рэчаў, скаціны , а таксама мянушкі хатняй жывёлы.
У дванаццаці раскулачаных у Смольгаве сямей былі адабраныя 7 дамоў і дзве хаты. Самыя лепшыя дамы аценьваліся ў 400 – 600 рублёў. Самая танная хацінка, знадабіўшаяся калгасу, “пацягнула” толькі на 70 рублёў.
На дванаццаць сем”яў прыйшлося толькі 8 адабраных коней ды 14 кароў, пераданых у калгас. Сэрца сціскаецца ад болю, калі чытаеш гэты мартыралог хатніх жывёл:

Жэрабец “Васька” – 3 гады – каштан-лысы – 200 руб.
Конь “Цыган” – 9 гадоў – вараны – 100 руб.
Жэрабец “Нэгус” – 1 год – гнеды – 10 руб.
Жэрабец “Мальчік” – 2 гады – рыжа-лысы – 15 руб.
Кабыла “Венера” – 5 гадоў – сівая – 150 руб.
Кабыла “Сініца” – 14 гадоў – гнедая – 30 руб.
Кабыла “Балаголка” – 12 гадоў – гнедая – 100 руб.
Кабыла “Лявоніха” – 9 гадоў – буланая – 70 руб.
Кабыла “Маргарыта” – 18 гадоў – сівая – 50 руб.

Каровы:
“Куніца” – чорна-лысая – 90 руб.
“Лісіца” – красная – 60 руб.
“Зеўзюля” – красная – 15 руб.
“Пчолка” – рабая – 10 руб.


Далей ідуць: Пакаёўка, Рагуля, Красуля, Галуза, Рабка, Паненка, Сініца, Графіня, Ластаўка – колькі любові, павагі ды пяшчоты ў гэтых мянушках, дадзеных карміліцам смольгаўскіх сем”яў!
Падобна на тое, што абагуленых свіней калгас вырашыў не вырошчваць. У графе “Заўвага” супраць кожнага кабана ці свінкі стаіць: «прапаў па несвядомай прычыне», «заколены дзеля батракоў», «упаў (здох)», «даколены (была перабіта нага)».

Калі «колы някутыя», «палазныя сані» ды «брычку летнюю» можна яшчэ так-сяк аднесці да сродкаў вытворчасці, то якжа ж выкарыстаў калгас наступную маёмасць:

Койка – 4 шт. – 10 руб.50 кап.
Камод – 1 шт. – 15 руб.
Часы сцен. – 2 шт. – 20 руб.
Абажур – 3 шт. – 75 кап.
Зеркала бальшое – 40 руб.
Сундук – 10 руб.
Бутля – 1 руб.
Трохместн. крэсла – 30 руб.
Швейная машына – 100 руб.


Ня ведаю, якія з пералічаных кароў і коней былі ў гаспадарцы менавіта маіх дзядулі і бабулі, але ведаю дакладна, што адзіная адабраная ў кулакоў Смольгава швейная машына была бабуліна. Тое, што гэтая прылада была ў доме, дакладна ведаю са слоў майго татачкі.
Ну што ж, брудная справа зроблена. Сем”і з маленькімі дзецьмі выкінуты са сваіх хат і адпраўлены на край свету, у невядомасць, за тое, што не захацелі аддаць сваё.
Пасля заканчэння высялення ў райвыканкаме і сельсавеце аднаўляюцца паседжанні, друкуюцца чарговыя “важныя” паперкі, у якіх больш не сустракаецца аніводнага слова пра гэты гвалт, здзейснены над людзьмі. Здаецца, што ўдзельнікі гэтага мерапрыемства, не гаворачы ні адзінага слова пра гэта, імкнуліся хутчэй забыцца на тое, што яны нарабілі ў гэту жахлівую раніцу 11 сакавіка 1930 года па ўказцы зверху, імкнуліся хутчэй выкрэсліць гэта са сваёй памяці. Людзі, зрабіўшы нешта брыдкае, амаральнае, нягледзячы на запэўніванне афіцыйнай прапаганды, што ўсё гэта зроблена правідлова – маўчаннем сваім і заплюшчваннем на гэта сваіх вачэй імкнуліся зрабіць сабе ілюзію, што гэтага наогул не было. Настойліва замоўчваючы гэта, яны ўпадабляюцца чысцюлі-кошцы, якая, незнарок уступіўшы лапкай у нешта смярдзючае, бясконца вылізвае і вылізвае гэтую лапку, імкнучыся пазбавіцца ад непрыемнага паху…
І толькі тры няўручаныя абвесткі, тры самотных пажаўцеўшых папяровых аркушыка, дбайна падшытыя ў тэчцы па прызыву ў войска хлопцаў 1908 года нараджэння, нагадваюць пра гэта. Адрас і прозвішча на адном з іх здаюцца знаёмымі:

«д.Смольгов Юшковского с/с, Тарасевичу Стефану Григорьевичу»

На кожнай з трох жоўтых паперак – кароткі вырак: “высланы”…
Так скончылася першая хваля гвалту ды рэпрэсій ў Смольгаве.
Нажаль, яна ня сталася апошняй. За ёй прайшла другая – ў 1931 годзе, трэццяя – ў 1933-м, чацвертая – ў 1937-м. Пачварны механізм рэпрэсіяў працягваў перамолваць свае ахвяры, якія дазвалялі сабе думаць інакш, чым улада, і ад гэтых жорнаў ужо не выратоўваў ні ўступ у калгас, ні маўчанне, ні перамена месца жыхарства.

Смольгаўскі мартыралог
(складзены па матэр”ялах, надрукаваных на сайце «Жертвы политического террора в СССР»)

Бондарев Викентий Степанович
Родился в 1899 г. в д. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово. Арестован 17 марта 1933 г.
Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст.72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 3 года высылки. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Вечер Иван Федорович
Родился 31.01.1874 г. в д. Замошье Краснослободского р-на; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово. Арестован 6 августа 1937 г.
Приговорен: "тройка" 10 сентября 1937 г., обв.: ст. 72 УК БССР - а/с агитация. Приговор: ВМН, конфискация имущества. Расстрелян 17 сентября 1937 г. Место захоронения - Слуцк. Реабилитирован 21 марта 1989 г. прокуратурой БССР.
Вечер Михаил Иванович
Родился в 1915 г., в д. М. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование н/среднее; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. М. Смольгово. Арестован 26 февраля 1933 г.
Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 3 года ИТЛ. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Вечер Михаил Иванович
Родился в 1915 г., Белоруссия, Любанский р-н, с. Смольгово; белорус; б/п; служ. Красной армии. Проживал: Карельская АССР, Кандалакшский р-н, Кандалакшский с/с, 120 стр.батальон.
Арестован 9 сентября 1937 г. Приговорен: «тройка» при НКВД КАССР 8 октября 1937 г., обв.: по ст. 58-10-11. Приговор: ВМН. Расстрелян 19 октября 1937 г. Место захоронения - под г. Кандалакша. Реабилитирован 3 января 1956 г. ВТ Северного в/о.
Вечер Павел Иванович
Родился в 1913 г. в д. М. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование н/среднее; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. М. Смольгово.
Арестован 26 февраля 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 5 лет ИТЛ. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Волоткович Антон Александрович
Родился 12.1896 г. в д. Смольгово Любаньского р-на Минской обл.; белорус; образование начальное; сторож, совхоз "Шторм". Проживал: Минская обл., Любаньский р-н, д. Погост.
Арестован 18 июля 1937 г. Приговорен: Комиссия НКВД СССР и Прокурора СССР 22 октября 1937 г., обв.: ст. 72, 68 УК БССР - член к/р шпионской орг., нелегальный переход границы. Приговор: ВМН. Расстрелян 1 ноября 1937 г. Место захоронения - Слуцк. Реабилитирован 31 декабря 1957 г. Военным трибуналом БВО.
Волотовская Федора Андреевна
Родилась в 1899 г. в д. М. Смольгово Любаньского р-на БССР; белоруска; неграмотная; крестьянка, единоличное хоз-во. Проживала: Минская обл., Любанский р-н, д. М. Смольгово.
Арестована 26 февраля 1933 г. Приговорена: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 3 года ИТЛ. Реабилитирована 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Гончаревич Игнат Захарович
Родился в 1901 г., в д. Лань (Польша); белорус; образование начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любаньский р-н, д. Смольгово.
Арестован 24 августа 1937 г. Приговорен: "тройка" 3 ноября 1937 г., обв.: ст. 24, 68, 72 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 10 лет ИТЛ. Реабилитирован 28 марта 1989 г. прокуратурой БССР.
Гончаревич Никита Захарович
Родился в 1895 г. в д. Лань Минской губ.; белорус; образование н/начальное; колхозник. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестован 17 марта 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 3 года высылки. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Гуринович Михаил Сергеевич
Родился в 1907 г., д. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование н/высшее; студент, Минский дорожный институт. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестован 10 марта 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 8 лет ИТЛ . Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Гуринович Сергей Александрович
Родился в 1869 г., д. Смольгово Любаньского р-на; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любаньский р-н, д. Смольгово.
Арестован 29 января 1931 г.
Приговорен: Коллегия ОГПУ 7 февраля 1932 г., обв.: ст. 58-6, -10 УК РСФСР - агент польской разведки.
Приговор: 3 года высылки. Реабилитирован 31 мая 1989 г. прокуратурой БВО.
Дасюкевич Петр Емельянович
Родился в 1910 г. в д. Смольгово Минской обл.; белорус; образование н/начальное; колхозник, колхоз «Пятилетка». Проживал: Минская обл., Старобинский р-н, х. Гадень.
Арестован 29 июля 1937 г. Приговорен: Комиссия НКВД СССР и Прокурора СССР 13 ноября 1937 г., обв.: ст. 64, 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: ВМН. Расстрелян 24 ноября 1937 г. Место захоронения - Слуцк. Реабилитирован 22 апреля 1989 г. прокуратурой БССР.
Козловский Александр Тимофеевич
Родился в 1885 г. в д. Смольгово; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любаньский р-н, д. Ольховка.
Арестован 30 января 1931 г. Приговорен: Коллегия ОГПУ 7 февраля 1932 г., обв.: 58-2, -11 УК РСФСР - а/с деятельность. Приговор: 10 лет ИТЛ. Реабилитирован 13 июня 1969 г. Военным трибуналом БВО.
Кроткевич Николай Григорьевич
Родился в 1898 г. в д. Смольгово Любанского р-на БССР; белорус; образование начальное; кассир, контора "Белплодоовощ". Проживал: Минская обл., Слуцкий р-н, Слуцк, 4-я Трудовая, 16.
Арестован 3 ноября 1933 г. Приговорен: "тройка" 23 февраля 1934 г., обв.: ст. 24064, 76 УК БССР - к/р деятельность. Приговор: 3 года ИТЛ. Реабилитирован 5 мая 1964 г. Военным трибуналом БВО.
Кудиновская Анна Иосифовна
Родилась в 1894 г., д. Лясковичи Глусского р-на Минской обл.; белоруска; образование н/начальное; колхозница, К-з"Ленинский Путь". Проживала: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестована 24 августа 1937 г. Приговорена: "тройка" 24 сентября 1937 г., обв.: ст. 24-68 УК БССР - а/с агитация, связь с польскими шпионами. Приговор: 8 лет ИТЛ, отбыв.: Белбалтлаг, Каргопольлаг, освоб. 01.04.1943 г. Реабилитирована 20 марта 1989 г. прокуратурой БВО.
Кудиновский Григорий Степанович
Родился в 1860 г., з. Смолева Слуцкого уезда Минской губ.; белорус; образование начальное; без опр. занятий. Проживал: Минская обл., Слуцкий р-н, Слуцк.
Арестован 25 июля 1920 г. Приговорен: решение др. органов гос.власти 27 июля 1920 г., обв.: служба в польской полиции, царской жандармерии.
Приговор: ВМН . Реабилитирован 18 сентября 1992 г. прокуратурой РБ.
Кунцевич Михаил Степанович
Родился в 1911 г. в д. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестован 21 марта 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1935 г., обв.: ст. 69, 72, 76 УК БССР - а/с деятельность, вредительство. Приговор: 5 лет ИТЛ. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Кунцевич Павел Степанович
Родился в 1908 г. в д. М. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. М. Смольгово.
Арестован 26 февраля 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 5 лет ИТЛ. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Масаковский Антон Иванович
Родился 09.01.1883, д. Смолева Любанского р-на Минской обл.; белорус; образование н/начальное; колхозник, К-з"Рассвет". Проживал: Минская обл., Старобинский р-н, д. Саковичи.
Арестован 6 января 1938 г.
Приговорен: "тройка" 8 января 1938 г., обв.: ст. 72 УК БССР - а/с агитация.
Приговор: ВМН, конфискация имущества Расстрелян 3 февраля 1938 г. Место захоронения - Минск. Реабилитирован 15 апреля 1989 г. прокуратурой БССР.
Масаковский Парфирий Иванович
Родился 16.02.1886, д. Смольгово Любаньского р-на БССР; белорус; образование начальное; колхозник, колхоз "Ленинский шлях". Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестован 23 января 1937 г.
Приговорен: судебный орган 20 апреля 1937 г., обв.: ст. 72а УК БССР - а/с агитация.
Приговор: 6 лет ИТЛ, 3 г.пораж.в правах. Реабилитирован 18 апреля 1990 г. президиумом Верховного Суда БССР.
Можейко Александр Степанович
Родился в 1906 г. в д. Смольгово Бобруйского окр.; белорус; образование начальное; рабочий, ур."Морвино". Проживал: Минская обл., Старобинский р-н, д. Посталы.
Арестован 5 июля 1930 г. Приговорен: "тройка" 14 октября 1930 г., обв.: ст. 66, 68 УК БССР - член к/р организации. Приговор: ВМН. Реабилитирован 31 мая 1989 г. прокуратурой БВО.
Понтус Григорий Степанович
Родился в 1892 г. в д. Смольгово Любанского р-на Бобруйского окр.; белорус; образование начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Ляховка.
Арестован 27 марта 1933 г. Приговорен: "тройка" 9 мая 1933 г., обв.: ст. 69, 72 УК БССР - а/с агитация, вредительство. Приговор: 5 лет ИТЛ. Реабилитирован 28 декабря 1989 г. прокуратурой Минской обл.
Соболь Иван Никитович
Родился в 1895 г. в д. Колива Кобринского уезда Гродненской губ.; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Смольгово.
Арестован 17 марта 1933 г. Приговорен: "тройка" 27 апреля 1933 г., обв.: ст. 72, 76 УК БССР - а/с деятельность. Приговор: 5 лет ИТЛ. Реабилитирован 27 мая 1989 г. прокуратурой БССР.
Тарасевич Андрей Варламович
Родился в 1895 г., д. Б. Смольгово Любанского р-на Бобруйского округа; белорус; образование н/начальное; колхозник. Проживал: Минская обл., Любанский р-н, д. Б. Смольгов.
Арестован 27 марта 1930 г.
Приговорен: "тройка" 15 апреля 1930 г., обв.:ст. 72 УК БССР - а/с агитация, бандитизм.
Приговор: высылка (срок не указан) Реабилитирован 30 апреля 1989 г. прокуратурой Минской обл.
Тарасевич Федор Михайлович
Родился в 1885 г., д. Смольгово Любаньского р-на; белорус; образование н/начальное; крестьянин, единоличное хоз-во. Проживал: Минская обл., Любаньский р-н, д. Смольгово.
Арестован 17 января 1931 г.
Приговорен: Коллегия ОГПУ 7 февраля 1932 г., обв.: ст. 58-2, -11 УК РСФСР - а/с деятельность.
Приговор: 3 года ИТЛ, отбыв.: Амурлаг, освоб. 11.10.1933 г. Реабилитирован 13 июня 1969 г. Военный трибуналом БВО.
Тамкович Никодим Самсонович
Родился в 1890 г., д. Боровая Стародорожского р-на Минской обл.; белорус; образование н/начальное; плотник, стройплощадка 5 УВСР-71. Проживал: Минская обл., Стародорожский р-н, д. Боровая.
Арестован 19 июля 1937 г.
Приговорен: "тройка" 7 августа 1937 г., обв.: ст. 72 УК БССР - а/с агитация, член а/с группировки.
Приговор: 10 лет ИТЛ, отбыв.: Сиблаг , г.Мариинск. Реабилитирован 28 декабря 1989 г. Прокуратурой Минской обл.
Заўвага. Прозвішчаў Рыгора Тарасевіча ды Васіля Міхалоўскага ў базе дадзеных гэтага сайта я не знайшла.
 
Блуканне па пакутах, год 1930-ты
 Улетку 1929 года заезджы фатограф зрабіў здымак “кулацкай” сям”і Міхалоўскіх на ўласным двары, за паўгода да высылкі.
Міхайлоўскі Васіль Іосіфавіч, яго жонка Алена Якаўлеўна, сын Уладзімір (9 гадоў), дачка Зіна (5 гадоў) дачка Ліпачка (2 гады). Здымак зроблены летам 1929 года, за паўгода да высылкі сям'і. 

Па ўспамінам майго татачкі, у гэты час у сям”і з “буйной” маёмасці, акрамя хаты былі: дзве каровы, два кані ды швейная машынка. Вось на гэтай “кулацкай” машынцы і было пашыта Аленаю адзенне ўсіх Міхалоўскіх. Праўда, падобна на тое, што Васіль апрануты ў былы вайсковы фрэнч. А сукенка Алены відавочна скамбінаваная з дзвюх старых. Але затое ўсе абутыя, басанож толькі маленькая Лімачка, якая з цікаўнасцю пазірае на незнаёмага дзядьку, паабяцаўшага, што вось зараз “выляціць птушачка”. Дзябёлымі Міхалоўскія не выглядаюць, хутчэй - не зусім зхуднелымі. Уражанне аб дабрабыце сям”і па фатаздымку: жывуць на мяжы паміж сціплым дастаткам і беднасцю.
Ёсць яшчэ адно сямейнае паданне: што Васілю прапанавалі ўзначаліць смольгаўскі калгас, а ён адмовіўся. Па майму сённешняму ўяўленню, сфармаванаму фільмамі ды кнігамі пра час калектывізацыі, на пасаду старшыні калгаса павінны былі “высунуць” актывіста, завадатара, прыхільніка савецкай улады, камуніста. Дзед Васіль гэтым “лэйблам” наогул не адпавядаў. Магчыма, у Смольгаве і не было гэткіх актывістаў, таму выбралі аднаго з самых разумных і працавітых, які на вачах ва ўсіх пастроіў сваю гаспадарку практычна “з нуля”, дасягнуў узроўня сталага дабрабыту? Не, не магу ў гэта паверыць. Выбіралі ж не сяляне, выбірала Ўлада.
Як гэта ўсё адбывалася, неаднаразова распавядала мне мая цётачка, Зінаіда Васільеўна, дачка Васіля і Алены. Васіль быў добрым цесляром, і ў гэты жахлівы дзень, калі сям”і аб”явілі аб “высылцы ў 24 гадзіны”, ён працаваў ў суседняй вёсцы, дзе з брыгадай іншых майстроў будаваў хату. Тамака ж яго і арыштавалі. У тую ж раніцу пагрузілі на падводу сям”ю, ня даўшы сабраць рэчы ў дарогу, і павезлі ў невядомасць. Сустрэўся дзед з сям”ёй толькі на чыгуначнай станцыі (мяркую, што ва Ўрэччы).
Алена з сынам Валодзем была ўжо ў таварным вагоне разам з іншымі сем”ямі. Дзве дачкі, Зіна і Ліма – былі на руках у праваджаючых родных: жахліва везці малых немаведама куды. Тут дзед Васіль сказаў гістарычную фразу, якую ўсе запомнілі: ”Уся мая сям”я павінна быць тамака, дзе я!” – і забраў дзяўчынак у вагон.
Паўзлі па чыгунцы да месца ссылкі доўга, цэлы месяц. Зіна згадвае, што ўвесь час хацелася есці: ў дарозе амаль не кармілі, а ў адрозненне ад некаторых іншых сем”яў, нашым узяць з сабою ўласныя прадукты не дазволілі. Назву месца высылкі даведаліся толькі прыехаўшы: Пермская вобласць, Салікамскі раён, станцыя Палавінка. Зараз на тым месцы, дзе пасялялі ссыльных, з”явіўся горад Углеўральск. Міхалоўскіх ды частку іншых ссыльных высадзілі, Тарасевічаў павезлі далей.
Выйшлі, глянулі навокал: чыстае поле, з аднаго боку сопкі, з другога – рэчка, з трэццяга – лес. Мужыкі пачалі будаваць шалашы дзеля сваіх сем”яў. І Васіль таксама зрабіў дзеля сваёй сям”і нейкі буданчык з дрэўцаў і яловых лапак, у ім першыя месяцы і жылі. Вельмі пакутвалі ад голаду – есці было зусім няма чаго. Пяцігадовая Зіна знайшла за адным з шалашоў купку выкінутых кімсьці буракоў. Наелася з галадухі да ванітавання, ды так, што ўжо будучы дарослай, доўга не магла на буракі глядзець.
Успамінае цётачка Ліма: дзеці вельмі баяліся мядзвядзей, якія жылі на зарослых лесам склонах гор. Асабліва пасля таго, калі ў рэчцы, на вадапоі, убачылі карову з рванымі ранамі на баках – вынік “абдымкаў” мядзведзя. Забягуць дзеткі на гару ў кусты (пэўна, пашукаць чаго-небудзь, што можна есці), ледзь-ледзь які шорах пачуюць – адразу ж бягом уніз з гучнымі крыкамі: “Мядзведзь! Мядзведзь!”.
Мой татачка ўсё жыццё лічыў ссылку бацькоў ганебным фактам сваёй біяграфіі і практычна ніколі мне пра гэта не распавядаў. Толькі цяпер смутна прадзёўбваецца ў маёй памяці даўні аповяд таты пра тое, як ён ішоў адзін па сцяжынцы паміж сопак, і, раптам, наперадзе яго на дарогу кулём скаціўся даволі прыстойных памераў медзведзянятка, села на дарозе і пачало тату разглядаць. І парада таты: каб мядзведзь не крануў, трэба абавязкова легчы і не варушыцца, прыкінуцца мёртвым. Тата не клаўся на дарогу, ён проста «задаў драпака». Успамінаю маё тагачаснае здзіўленне: якія сопкі? Якія мядзведзі? Дзе і калі гэта было?
Усе сталыя - і мужчыны, і жанчыны - павінны былі працаваць, а адзіны выходны - абавязкова праводзіць на лесапавале, нарыхтоўваючы бярвенне для будаўніцтва баракаў. Месца, дзе пасля жыла сям'я, звалося: капітальная шахта №2, Трудпасёлак, хата 154/1. Шахцёрам плацілі больш за іншых, але ў Васіля было хворае сэрца, пад зямлёй ён працаваць не мог. Таму займаўся звыклым цяслярствам. Алена таксама працавала - токарам па дрэве.
Саслалі сям'ю напачатку сакавіка, дабраліся да месца ў красавіку. Праз некалькі месяцаў, з наступам халадоў, людзей перасялілі ў баракі - адзін пакой на чатыры сям'і, у кожным куце - па сям'і. Зарплату сасланым спачатку не выдавалі, і сярод іх пачаўся павальны галодны мор. Людзі ад голаду пухлі, раздзімаліся і паміралі. Цётка Зіна ўспамінала, што часцей за ўсё паміралі ў туалетах. (Хвароба, якая развіваецца ад голаду, у медыцыне завецца "аліментарнай дыстрафіяй", і суправаджаецца моцным цяжкім паносам). Першым спух дзед Васіль. Вось тут і паляцелі ў Смольгаў яго просьбы пра дапамогу. Трэ было ратаваць дзяцей…
Напэўна, да гэтага перыяду належыць яшчэ адзін з рэдкіх успамінаў майго бацькі пра сваё дзяцінства. Разам з іншымі дзецьмі сасланых, такімі ж галоднымі, ён лазіў па навакольных памыйніцах у пошуках выкінутых з'едак. Вялікім поспехам лічылася знайсці селядцовую галаву - яе можна было доўга абсмоктваць. У гэтым месцы аповяду з яго вачэй заўсёды цяклі слёзы. Голад, выпрабаваны татам у дзяцінстве, на ўсё жыццё застаўся ў яго ў падсвядомасці. Ежа ў бацькі заўсёды пачыналася з добрага кавалка сальца - без яго, якое дае адчуванне поўнай, цяжкай сытасці, ён ніколі не пачуваўся ўволю наеўшымся.
Радня адклікнулася: са Смольгова на Ўрал пайшлі пасылкі з сухарамі і сушонай бульбачкай. У 1932 году прыехаў на Ўрал, каб забраць малодшых дзяцей у Смольгаў, Іпаліт Баніфацевіч Масакоўскі (муж сястры Васіля - Марылі Міхалоўскай, у прастамоўі "Імпалітыхі"). Аднак, калі ён прывёз Зіну і Ліму ў Смольгаў, Импалітыха да сябе ў сям'ю іх не ўзяла (сваіх трое!), а ўгаварыла сям'ю роднага брата свайго мужа, Івана Баніфацевіча і Кацярыну (дарэчы,родную сястру Алены) Масакўскіх забраць дзяўчынак да сябе, абяцаючы рэгулярную матэрыяльную падтрымку з боку "міхалоўскіх" сваякоў.

Сямейная дзіцячая хата
Пакуль не магу аднавіць, у якім парадку з'яўляліся ў сям'і Кацярыны і Івана Баніфацевича Масакоўскіх пляменнікі й пляменніцы, але напрыканцы 1932 года ў іх жылі:
Зіна - 8-мі гадоў і Ліпа - 5-ці гадоў - дочкі сасланых Міхалоўских;
Ніна - 10-ці гадоў, Кастусь - 5-тці гадоў і Толік - 3-х гадоў - асірацелыя дзеці "раскулачаных" Тамковічаў.
У 1939 году да іх дадалася Рэма Сярадзінская - 3-х гадоў. Дачку часова пакінула ў сям'і роднай сястры паехаўшая на Ўрал пасля арышту мужа Вольга Сярадзінская (Масакоўская), малодшая сястра Кацярыны і Алены.
Акрамя таго, былі й свае дзеці: адзінаццацігадовы Міколка і васьмігадовая Марыля - усяго восем дзіцячых душ.
Дзяўчынак Міхалоўскіх бацькі забралі зваротна на Ўрал у 1937 годзе (сёстры пражылі ў сям'і сваякоў 5 гадоў). Тамковічаў забіраць было няма каму - маці памерла, бацьку арыштавалі – яны раслі ў сям'і Івана і Кацярыны, пакуль не пасталелі ды ня "выляцелі з гнязда". Рэма, па маіх неўдакладненых здагадках, жыла ў Масакоўскіх да самага заканчэння вайны - (6 гадоў).
У дзіцячай памяці Зіны засталіся некаторыя эпізоды гэтага жыцця.
Вось усе восем дзетак спяць разам, упоперак двух ссунутых ложкаў. Першым з гэтага гурта адлучылі на асобны ложак, калі падрос, Міколку.
Вось маленькая Рэма, поўзаючы па падлозе, знаходзіць чыгунок зваранай парасятам бульбачкі ды наядаецца "да паліцы".
Простая ежа была, а вось з адзежай, і асабліва з абуткам былі праблемы. Не ведаю, ці атрымлівала сям'я абяцаную Імпалітыхай дапамогу ад смольгаўскіх Міхалоўскіх, але ад бацькоў Зіны і Ліпы з Урала часам прыходзілі пасылкі. Прычым, дасланы бацькамі абутак, хутка падрасталай Зіне быў, што вельмі крыўдна, заўсёды маленькі, і даставаўся іншым дзецям.
Вось вязуць дзяцей узімку на санках у школу, у суседнюю вёску Юркавічы, а следам за санкамі бяжыць Зіна, каб сагрэцца – бо на нагах толькі тапкі, дасланыя бацькамі чаравікі зноў малыя.
Іван Баніфацевіч ні разу ні на каго з дзяцей не павысіў голас. Але ў Кацярыны характар быў прамы і рэзкі: хто патрапіў пад гарачую руку, таму даставалася за правіннасці неадкладна, без лішніх разглядаў - хто мае рацыю, а хто вінаваты.
Вядома, цяжка забываюцца незаслужаныя крыўды і пачуццё голаду, цяжка не бачыць, як цётка мімаволі дае патуранне сваім уласным дзецям. Але якія б ні былі чыннікі, якія прымусілі Кацярыну ўзяць у сваю сям'ю ў няпросты час, на некалькі гадоў, практычна ўсіх (акрамя Валодзі Міхалоўскага) сваіх пляменнікаў і пляменніц - учынак яе, акрамя як матчыным подзвігам, інакш не назавеш.
Кацярына Якаўлеўна Масакоўская перажыла свайго мужа на 37 гадоў, апошнія гады дажывала ў сям'і свайго сына Мікалая. Памерла ў 1989 году, на 89 годзе жыцця, пахавана ў Любані. У душы горкае шкадаванне: пачні я свае "пошукі" трохі раней, магла б з ёй пазнаёміцца асабіста і паслухаць аповяды пра гэтыя падзеі "з першых вуснаў".


Дальнейшие судьбы Михаловских
Далейшыя лёсы Міхалоўскіх

Да 1937 году жыццё за Ўралам матэрыяльна палепшылася: разгарнулася будаўніцтва баракаў для сасланых сем'яў, у адным з якіх атрымала асобны пакой і сям'я Міхалоўскіх. З'явіліся асобныя пакоі – трэ была мэбля, вось тут і спатрэбіліся цяслярныя навыкі Васіля. Нават мясцовае кіраўніцтва пачало замаўляць у яго мэблю. У сям'і завялася нейкая капейка, а на стале нарэшце з'явілася звычайная па тых часах ежа.
Прыкладна да гэтага часу ставіцца захаваны фатаздымак часу 30-х гадоў, дзе адлюстраваны Васіль і Алена - у кампаніі, у гасцях, падчас застолля.
 
 Василий Иосифович в первом ряду первый слева, Елена Яковлевна – во втором ряду третья слева.
Падобна натое, што ссыльныя рабілі здымак дзеля таго, каб паслаць на радзіму сваякам. Адразу кідаецца ў вочы, што для фотаздымка на пярэдні план былі выстаўлены гарой усе, якія меліся на стале, талеркі з ежай - глядзіце, мы тут не галадаем! А вось бутэлька з пітвом стаіць адна-адзіная на пятнаццаць чалавек - напэўна, выпіўка была тады справай непрэстыжнай, нягледзячы на цяжкае жыццё.
Неўзабаве сям'ю нагнала новая бяда - у бабулі Алены з'явіліся прыкметы адкрытай формы сухот.
У 1937 году Зіна і Ліма вярнуліся са Смольгова на Ўрал да бацькоў. Зіна пайшла ў сёмы клас, Ліму чамусьці вызначылі паўторна праходзіць курс чацвёртага. Дзяўчынкі раней вучыліся на беларускай мове, і перайсці адразу на рускую ім было складана. "Беларусізмы" выклікалі гучныя насмешкі дзяцей у класе. Цётка Зіна ўспамінала, што толькі дырэктар той школы, сам родам з Беларусі, ставіўся да гэтага з разуменнем: "Добра, адказвай па-беларуску, я ўсё зразумею".

У 1939 году скончыў школу "на выдатна" Валодзя, даслаў дакумэнты ў Ленінградскі караблебудаўнічы інстытут. Чаму менавіта ў караблебудаўнічы, тата ж і мора ніколі ня бачыў, і плаваць амаль ня ўмеў? Але тут успамінаю яго аповяд пра чытанне «запоем» кнігі "Дзеці капітана Гранта": мабыць назаўжды адклаліся ў яго свядомасці дзіцячыя захапленні марской рамантыкай.
Трэба сказаць, што на зайздрасць цяперашнім абітурыентам, прыёмных іспытаў у ВНУ тады не было. Для паступлення патрэбен быў проста атэстат пра сярэднюю адукацыю і ўласнае жаданне (а атэстат татачкі быў "выдатны"!). Дакумэнты былі прынятыя, бацька атрымаў апавяшчэнне пра залічэнне. Але праз некаторы час дакументы прыйшлі па пошце зваротна - дзяцей сасланых у прэстыжныя інстытуты не прымалі. Паспрабаваў бацька даслаць дакументы яшчэ ў нейкі машынабудаўнічы інстытут - той жа вынік. І толькі ў Свярдлоўскі медыцынскі, з некаторым спазненнем, ужо пасля пачатку навучальнага года, яго залічылі.
Памятаю сваё пытанне да цётачцы Зіны - як жа пазнавалі, па якіх дакументах, што яны - дзеці сасланых? Аказалася, што ў пашпарце, у графе "На падставе чаго выдадзены пашпарт" пісалі нумар артыкула, па якму былі асуджаны бацькі. Таму кожны з дзяцей Міхалоўскіх у патрэбны час "згубіў" свой пашпарт, і, "па «дамоўленасці» з пашпартысткай, атрымаў наўзамен новы, ужо бяз гэтага страшнага артыкула. Магчыма, да гэтага перыяду ставіцца і змена прозвішча "Міхалоўскія" на "Міхайлоўскія".
У 1939-м у шахтпоселок прыязджае са Смольгова цяжарная Вольга, малодшая сястра бабулі Алены. Пасяляецца, на першыя часы, у агульным сямейным пакоі, нараджае праз некаторы час дзіця, уладкоўваецца на працу бухгалтарам у сталовую. Хлопчык пражыў каля года і аднойчы, поўзаючы па падлозе, загнаў сабе ў жопку стрэмку, у выніку: запаленне, заражэнне крыві, смерць.
Як часта адна-адзіная фраза, сказаная чалавекам, характарызуе яго лепш, чым доўгі аповяд пра яго! Муж Вольгі Восіп, які вярнуўся са зняволення ў 1941-м, не зганьбаваў жонку, а пашкадаваў пра смерць хлопчыка: "Шкада, быў бы ў нас яшчэ й сын!". Да канчатка акупацыі Беларусі Вольга і Восіп жылі на Ўрале. Восіпу, як мужчыну прызыўнога ўзросту, некалькі разоў прыходзілі позвы, але кожны візіт у ваенкамат сканчаўся нічым: "ворага народа" на фронт не бралі.
Перажытыя цяжкасці адмоўна адбіліся на псіхічным здароўі хворай сухотамі Алены: стала загаворвацца, у яе пачаліся прыступы беспадстаўнага страху. Мозг Алены проста не вытрымаў нечалавечых умоў жыцця.
Да 1941 году ёй стала зусім дрэнна, Васілю прыйшлося пакласці яе ў псіхлячэбніцу. Назаўжды адлюстраваўся ў свядомасці Зіны эпізод наведвання маці ў лякарні - кадр з фільма жахаў, па сучасных паняццях. Быў страшны голад, на снеданне хворым давалі міску нейкай баланды і кавалачак хлеба. Хлеб гэты ўсё адразу хавалі за пазуху бальнічнага халата, каб не сцягнуў сусед за сталом, і елі з-за пазухі, адшчыпваючы маленькімі дробкамі. Маці сказала, што ёй вельмі карціць з»есці цыбулі. Пайшлі на кірмаш, купілі адну цыбуліну. Пакуль яна яе чысціла, хворыя падбіралі шалупінне і тут жа з'ядалі яго. Страшна ўявіць, чым жа іх лячылі ў такіх жудасных умовах, але Алене пасля лякарні стала лепш. Праўда, ненадоўга.
Наляцелі чарговыя госці - уцекачы ад немцаў, з Украіны - Наташа (нейкая сваячка, нажаль, я не запомніла, кім яна даводзілася) з дзецьмі, пасяліліся зноў у агульным беспамерным пакоі ў бараку. Ад мноства народа стан Алены зноў пагоршыўся, і яе дачцэ Зіне стала ўжо не да вучэння - даводзілася гадзінамі супакойваць маці, якая трэслася частымі прыступамі беспадстаўнага жудаснага страху.
Студэнт медыцынскага інстытута Ўладзімер, які прыязджаў на вакацыі са Свярдлоўска, атрымаў ужо паняцце пра асептыку і антысептыкі, і з жахам глядзеў, як маці, хворая адкрытай формай сухот, кашляе і сплёўвае макроцце направа і налева.
Неяк у гэтых нечалавечых умовах Зіна ў 1941 годзе ўсё ж скончыла школу. Алене становіцца зусім дрэнна, і пытанне пра працяг вучобы Зіны нават не варта агучвання - трэба ўвесь час завіхацца каля маці. Васіль, каб утрымоўваць сям'ю, у якой грошы зарабляў толькі ён адзін, матляецца па наваколлях у пошуках дадатковага заробку.
Перад смерцю бабуля Лена папрасіла прынесці ёй свежы агурок. А трэба сказаць, што ў трудпаселку былі цяпліцы, аднак свежай гародніны былыя кулакі, вядома ж, ніколі не елі. І вось уначы, выконваючы апошняе жаданне маці, дрыжучы ад страху, Зіна пайшла (даруй ёй, Божачка!) КРАСЦІ гэты агурок…
У 1943 году мая бабуля Алена памерла. Было ёй усяго 45 гадоў. Пахавалі яе на могілках каля трудпасёлка, якія па хуткім часе ўлады зраўнялі з зямлёй.
Зіна ў 1944 годзе паступіла вучыцца: спачатку ў інстытут у Алма-Аце, дзе пратрымалася толькі са два месяцы (галадала, есці было няма чаго), затым у Львоўскі гандлёва-эканамічны інстытут. Пасля яго заканчэння ў 1949 годзе атрымала прафесію эканаміста, вярнулася на радзіму. Жыла і працавала ў Менску. Узяла шлюб у 1955 годзе са Сцяжко Аляксандрм Іванавічам, дарэчы, таксама былым рэпрэсаваным. Нарадзіла дачку Наталлю і сына Анатоля. Памерла ў 2008 годзе. Пахавана на Кальварыйскіх могілках у Менску.
Ліма скончыла школу ў 1943 годзе і паступіла вучыцца ў сельскагаспадарчы інстытут. Пасля заканчэння інстытута вярнулася на радзіму, у Беларусь, дыпламаваным аграномам. Пабудавала ўласную хату ў райцэнтры Старыя Дарогі. Узяла шлюб у 1959 годзе з Камяком Мікалаем Яўхімавічам. Нарадзіла сына Анатоля і дачку Наталлю. Памерла ў 1992 годзе. Пахавана на могілкіах ў Старых Дарогах.
Пасля ад'езду дачок Васіль (ў 1947 годзе) таксама вярнуўся на радзіму. Жыў некаторы час у хаце малодшай дачкі ў Старых Дарогах. Потым, каб не быць у цяжар маладой сям'і, ажаніўся - пайшоў у «прымы» да самотнай жанчыны. Мабыць, дзеці не ўспрынялі другі шлюб бацькі (яму ўжо было амаль шэсцьдзесят). Ліма з так званай "мачахай" не мела зносін. Імя і прозвішча яе ніхто не запомніў. Але сама гэтая жанчына да свайго позняга шлюбу паставілася вельмі сур'ёзна - адпісала пахаваць яе побач з мужам. Перажыла яна яго амаль на трыццаць гадоў. Сваякі яе волю выканалі - зараз у агароджы дзядулявай магілы на Старадарожскіх могілках ёсць яшчэ адна безназоўная магілка з крыжом.
Памёр дзед Васіль ад сардэчнага прыступу ў менскай лякарні ў 1959 году.
Валодзя ў 1943 годзе, адразу ж пасля заканчэння Свярдлоўскага медыцынскага інстытута, быў мабілізаваны на фронт, у дзейснае войска. Пасля канчатка вайны два гады адслужыў у Берліне. Вярнуўся ў 1947 году ў Свярдлоўск, дзе ажаніўся з маёй маці - Еўдакяй Фёдараўнай Чаркасовай, мясцовай ураджэнкай. Быўшы афіцэрам Савецкага Войска, атрымаў прызначэнне на новае месца службы – у в /ч каля горада Карсакаў, у толькі што адваяванай у Японіі паўднёвай частцы выспы Сахалін. Напрыканцы 1949 года быў накіраваны служыць на радзіму - у Беларусь. Тут у 1952 годзе і нарадзілася аўтарка гэтага аповяду. Пасля канчатка службы працаваў лекарам у Чавусах Магілёўскай вобласці і ў Магілёве. Памёр і пахаваны ў Магілёве ў 1993 годзе.
Толькі напрыканцы жыцця пачула я ад свайго татачкі заветныя словы: «Бацька ні ў чым не вінаваты!» ды «Я ўсёж-такі - беларус!»


Міхалоўская С.В.
Менск, 2009 г.


При написании статьи автором были использованы:
1. Дела №№ 70, 71, 77, 102, 112, 113 описи 2 фонда № 17 «Исполком Любанского райсовета РК и КД» (Минский областной архив)
2. Материалы сайта BELARUS.BY
3. Материалы сайта lists.memo.ru

Михайловская С.В.
Минск, 2009 г.

Комментарии
Добавить новый Поиск
Lapkouski  - О смольговчанах   |93.84.136.xxx |2010-12-27 02:12:38
Спасибо автору за интересный материал, прочитав который, задумываешься о количестве жертв сталинизма и о том, что мы делаем для того, чтобы подобное не повторилось. Подлинная демократия - это то к чему мы должны всегда стремиться. Хотелось, чтобы в подобных статьях, по возможности, были приведены фамилии палачей: тех кто приговаривал, расстреливал, раскулачивал и т.п. Такое мы не должны забывать, да и прощать тоже. Пусть им бог прощает.
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY