3 успамінаў Т. П. Нікіцюк, былой нявольніцы на прымусовых работах у Германіі
Вясной 1941 г. я закончыла восем класаў. Столькі планаў, надзей, мар...  I ўсё было перакрэслена ў адзін дзень. Ніхто не хацеў верыць, што пачалася вайна, хаця ўжо бамбілі саўгас «10 год БССР», некалькі бомб было скінута каля Шыпілавіч.
Бацьку забралі ў армію ў першыя дні вайны. Ён працаваў фельчарам у мірны час, санітарам прайшоў усю вайну. Мы з мамай і братам засталіся ў Любані.
Жылі, як і ўсе — нікуды не выходзілі, баяліся лішні раз трапіць на вочы акупантам. 3 надыходам цемры па вуліцы наогул хадзіць забаранялася. Я іншы раз увечары бегала да сваіх сяброў, але ніякіх размоў пра падпольшчыкаў або партызан у нас не было, кожны трымаўся свайго сакрэта. Толькі потым стала вядома, што многія мае сябры, з кім вучылася, разам гулялі, былі звязаны з падполлем. Дваіх з іх, Валодзю Лукоўскага і Баляслава Куркевіча, расстралялі ў 1942 г., а Валодзя Раменчык пайшоў у партызаны. Бацька ў іх быў паліцаем, сын — падпольшчыкам, пазней партызанам, а маці з дачкой пакутавалі ў Бабруйскім канцлагеры...
5 сакавіка 1943 г. у хату прыйшлі немцы, загадалі ісці з імі. Моладзі сабралі многа, гаварылі, што павязуць у Бабруйск на пагрузку сена. Родныя прынёслі нам які-кольвечы харч і вопратку. Павезлі нас у Германію. Па дарозе мы праходзілі агляды, камісіі. Я трапіла на біржу ў г. Гюсдорф, тут нас размяркоўвалі — каго на завод ці на фабрыку, каго да гаспадара — баўэра.
У дарозе пасябравала з іншымі дзяўчатамі — трое былі з Любані, адна з Грэскага раёна. Вырашылі, што будзем прасіцца, каб застацца разам. На фабрыку нас не ўзялі, мусіць, таму, што вельмі кволыя былі. Забраў нас паляк, які даўно жыў у Германіі. У яго быў вялікі дом і гаспадарка. Працавалі мы і на полі, і ў хаце, і жывёлу даглядалі. Жылі на паддашку ў невялікім пакойчыку з адным акенцам. Праз калідор быў яшчэ адзін пакой, большы — у ім жылі два палякі, яны таксама працавалі на гаспадара. Потым мы ўгаварылі хлопцаў памяняцца пакоямі. Адзін з іх дрэнны быў чалавек, дакладаў пра нас гаспадару — што робім, аб чым гаворым. Але аднойчы і сам папаўся, украў у гаспадара камбікорм і памяняў на вопратку. За два гады атрымалі толькі па пары абутку на драўлянай падэшве і баваўняным касцюме. Не толькі нам, усім даводзілася не соладка.
Першы час галадалі. Потым даведаліся, дзе куры нясуцца, дзе хлеб захоўваецца — іншы раз заскочыш ды адрэжаш лустачку або яйка схопіш. Калі падвозілі бітоны з малаком, уставім саломіну і малака нап'ёмся. Бульбу нам давалі. Сяк-так жылі...
Гаспадыня была не з самых благіх. Калі фронт наблізіўся, немцы стараліся як мага хутчэй эвакуіравацца. Нашы гаспадары таксама збіраліся ўцякаць, але мы ўгаварылі жанчыну нікуды не ехаць, яна засталася ў сваёй хаце. Вы зваленне прыйшло 5 мая 1945 г. Некалькі дзён яшчэ жылі ў гаспадара, потым нас адправілі на зборны пункт. Хутка на машынах перавезлі ў Брандэнбург. Было такое адчуванне, што тут наогул няма немцаў, а толькі адны рэпатрыіраваныя. У Брандэнбургу мы затрымаліся надоўга, усё нейкія камісіі праходзілі.
  Дамоў вярнулася толькі ў жніўні. Сустрэлі мяне мама і брат. Восенню пайшла ў школу, пасля яе заканчэння — адразу на работу, маме было цяжка гадаваць нас дваіх. Рана выйшла замуж, нарадзіўся сын. Муж памёр зусім маладым. Жыццё, выбітае вайной з каляіны ў маладосці, доўгі час ніяк не магло наладзіцца...

Н. А. Каратчэня
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY