Настаўнік, партызан, герой...
Усе сваё жыццё прысвяціў высакароднай справе выхавання маладога пакалення К. Ф. Коршук. У 1925 г. 18-гадовым юнаком ен узначаліў пачатковую школу ў Пухавіцкім раёне, затым пераехаў ва Урэчча. Тут ён працаваў дырэктарам сярэдняй школы імя Горкага . Яна была ўзорнай, паказальнай у Мінскай вобласці, у 1936 г. з групай ударнікаў Беларусі Канстанцін Фёдаравіч быў дэлегіраваны ў Маскву на адкрыццё метрапалітэна. Наведаў школу, у якой вучыліся дзеці Крамлёўскага алімпу, пацікавіўся поспехамі некаторых з іх, у прыватнасці, вельмі акуратнай, сарамлівай дзяўчынкі Святланы Алілуевай... У 1940 г. К. Ф. Коршук прызначаны загадчыкам Брэсцкага абласнога аддзела народнай адукацыі.
Грымнула вайна, К. Ф. Коршук становіцца ў рады народных мсціўцаў. Ён ваяваў на тэрыторыі Любаншчыны ў атрадзе імя Гастэлы, быў інструктарам Мінскага падпольнага абкома партыі.
— Аднойчы халоднай красавіцкай раніцай нас абстрэльвалі карнікі,— успамінае У. К. Коршук, сын былога партызана.— Мы ляжалі на мокрай зямлі, травы яшчэ не было. Тата знайшоў неглыбокую выемку і сказаў: «Кладзіся пад мяне, калі мяне заб'юць, ты застанешся жывы...» Бяда тады мінавала, а колькі такіх выпадкаў яшчэ давялося перажыць...
  Набліжалася доўгачаканае вызваленне, Канстанцін Фёдаравіч зноў рыхтаваўся да педагагічнай работы. Партызанскі летапісец Г. Шчарбатаў у кнізе «Партызанскія агні» ўспамінаў: «У невялікім будане над сталом схіліўся сярэдніх гадоў чалавек. Гэта былы на стаўнік К. Ф. Коршук, які тры гады партызаніў у тутэйшых лясах. Ён нядаўна зацверджаны загадчыкам Мінскага абласнога аддзела народнай асветы, і яму прыйшлося адкласці аўтамат убок. Ён бачыць ужо вызваленую ад акупантаў сваю зямлю і наладжвае на ей мірнае жьщцё. Галоўнае ў кожнай справе — людзі, і Канстанцін Федаравіч уважліва вывучае свае будучыя кадры... Ён збірае спісы настаўнікаў з усіх раёнаў вобласці, знаёміцца з іх дзейнасцю ў гады вайны — і гордасцю поўніцца яго сэрца за сваіх калег-настаўнікаў: амаль усе яны са зброяй у руках сталі на абарону Радзімы...»
 
 
Да красавіка 1969 г. К. Ф. Коршук кіраваў абласным аддзелам народнай асветы. Шмат увагі ён удзяляў паляпшэнню арганізацыі навучання, выхаванню падрастаючага пакалення, падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Вызначаўся глыбокім веданнем справы, быў умелым арганізатарам, энергічным і прынцыповым чалавекам. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам Леніна, Чырвонага Сцяга, двума орденамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі. Яму было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік БССР».
Памёр К. Ф. Коршук 7 чэрвеня 1971 г.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY