Удзячны лёсу і людзям
3 успамінаў А. А. Кілбаса, былога першага сакратара Любанскага райкома партыі Нарадзіўся я ў суседнім, Петрыкаўскім раёне, але, пачынаючы з ваенных гадоў, жыццё маё цесна звязана з Любаншчынай.. Тут я ваяваў намеснікам камісара партызанскага атрада Р. Краўца, яшчэ з тых часоў добра ведаў вёскі Старасек, Загалле, Сосны, Камуна, Кузьмічы, Дубілаўка, Калінаўка, 6-я Брыгада, Вялікія і Малыя Гарадзяцічы, многіх людзей гэтага краю. I вось у пераломныя 50-я лес зноў звёў мяне з Любаншчынай. Я працаваў у Мінскім гаркоме камсамола, і, як выхадцу з вёскі, былому селяніну, мне прапанавалі працу ў глыбінцы. 10 сакавіка 1954 г. я прыехаў у Любань. Праз некаторы час быў абраны другім, а затым першым сакратаром райкома партыі.
 
 А. А. Кілбас, другі сакратар Любанскага РК КПБ, ваенны камісар Ф. П. Шкуноў (стаяць), Ц. Д. Анісімаў, першы сакратар райкома, Г. А. Лебедзеў, старшыня райвыканкома
Пасля вялікага горада Любань здалася вёскай, нават не вельмі вялікай. Ніводнага цаглянага будынка, райком размяшчаўся ў вялікім, доўгім драўляным аднапавярховым доме. На той час у Любані быў Дом культуры, які мясціўся ў часовым памяшканні, дзве сярэднія школы, працавала бібліятэка, вьшускалася раённая газета «Калгаснік Любаншчыны». 3 наступленнем ночы райцэнтр пагружаўся ў цемру, электрычнае святло давалі толькі на некалькі гадзін у вячэрнія часы: у прамкамбінаце працаваў яшчэ даваенны 75-ватны лакамабіль. Адзіная сувязь з цэнтрам вобласці — праз станцыю Урэчча, да якой 25 км трэба было ісці пешшу або шукаць падводу. Яшчэ ва ўсім адчуваліся нястачы і разбурэнні, прынесеныя вайной...
Любаншчына — балотны край, дзе 60 працэнтаў угоддзяў размяшчаліся на тарфяніках. Балоты, асушаныя камунарамі ў 30-я гады, якіх так хораша апеў Я. Купала ў сваей паэме, былі толькі невялікай часткай бязмежных тарфяных абшараў, да таго ж за гады вайны асушальная сетка, канавы і дарогі прыйшлі ў поўную нягоднасць. На кожнай дарозе знаходзіліся спецыяльныя — «дзяжурныя» трактары, без якіх немагчымы былі ніякія зносіны з калгасамі. Пераўтварэнне і добраўпарадкаванне раена трэба было пачынаць са шляхоў зносін. Першымі дарогі былі пракладзены з Любані праз Барыкоў, Калінаўку, Гарадзяцічы ў бок Капаткевіч, затым праз Сосны, Камуну, Кузьмічы да Жыткавіцкага раёна. Раённымі арганізацыямі пры ўдзеле калгасаў насыпалася таксама дарога ў напрамку Рачэні, Закальнога. У калгасах у 50-я гады будаваліся ўласныя маламагутныя электрастанцыі на мясцовым паліве, галоўным чынам дровах. Працавалі яны па некалькі гадзін у суткі, вечарамі, але і гэта можна было лічыць значным дасягненнем на той час. Да Палесся набліжалася электрычнасць з Васілевіч.
У Любані пабудавалі раённы Дом культуры. У той дзень зімой 1959 г. праводзіўся раённы злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі. Раптам патухла святло. У зале ў цемры пачуліся воклічы, шум. Я сказаў:
— Патухла часовае святло!.. На змену прыйшло пастаяннае, з дзяржаўнай электрычнаи сеткі.
Святло — яркае, зіхатлівае, успыхнула ў зале, усе апладзіравалі, радаваліся...
Гэта была сапраўды вялікая радасць, значнае дасягненне ў аднаўленні гаспадаркі раёна. Паступова ў калгасы прыходзіла тэхніка. Галоўным сродкам транспарту былі коні, толькі ў райкоме мелася легкавая аўтамашына. Шафёр Аляксандр Росін быў вельмі паважаным і аўтарытэтным чалавекам у Любані. Ён ніколі не адмаўляўся, а кіраўніцтва не забараняла ў вольны час падвезці чалавека да станцыі ва Урэчча ці ў бальніцу.
У раёне былі ўзноўлены чатыры машынна-трактарныя станцыі — Загальская, Любанская, Чабуская і Палеская (у в. Сёмае). Працавалі яны нядоўга, праз некаторы час усю тэхніку вырашана было перадаць непасрэдна ў калгасы. Пры кожнай МТС створаны партыйныя камітэты, іх узначальвалі сакратары райкома партыі па зоне МТС В. М. Гаршкоў, I. Я. Курбатаў, А. I. Кругленя, I. К. Монцік, В. Д. Кнышэвіч, М. М. Жылін. Меркавалася, што кожная МТС стане цэнтрам гаспадарчага і культурнага жыцця навакольнай мясцовасці, дзе будзе бальніца, школа, Дом культуры... Жыццё унесла свае папраўкі. Паказальнай на той час была арганізацыя работы Палескай МТС, дзе паспелі пабудаваць значную інфраструктуру. У надзвычай цяжкіх умовах, бездарожжы даводзілася працаваць кіраўнікам станцый, сакратарам партыйных камітэтаў, усім работнікам, трактарыстам. Начальнік ПМК меліярацыі А. Ігнатовіч упершыню на Палессі арганізаваў работу тэхнікі ў дзве змены. Для догляду асушаных плошчаў і правядзення далейшай меліярацыі ў раёне было створана меліяратыўнае ўпраўленне асушальных сістэм (МУАС), а таксама будаўнічая арганізацыя — ПМК меліярацыі. Адсутнасць зваротнага рэгулявання асушальнай сістэмы прывяло да таго, што тарфянікі пераасушваліся, набіралі сілу пылавыя буры, пажары. Звычайнай з'явай стала частае стварэнне ў раёне надзвычайных камісій па ліквідацыі экстрэмальных сітуацый, бядотных становішчаў, стыхійных бедстваў. Гаспадаркі неслі вялікія страты, і было зразумела, што без зваротнага рэгулявання тарфянікаў, вадаёмаў і абвадных каналаў не абысціся — калі трэба, падаваць ваду, калі не трэба — спыняць яе наступленне ці забіраць. Нялёгка было ўпэўніць у гэтым чыноўнікаў Мінвадгаса: па старому працаваць, губіць прыроду зручней, лягчэй, звычна... Трэба было зноў вяртацца на асушаныя плошчы, за якія ўжо адрапартавалі, атрымалі грошы і ўзнагароды. Зразумеў нашу трывогу кіраўнік меліярацыйных работ на Беларусі Шчытнікаў, была створана спецыяльная камісія, зацверджана праграма меліярацыйных мерапрыемстваў па Любанскаму раёну. Прадугледжвалася стварэнне вадаёмаў, высадка дрэў, пракладка дарог на асушаных масівах. Цяпер на тых плошчах убіраюць высокія ўраджаі земляробы саўгасаў «Гарадзяцічы», эксперыментальнай базы «Любанская», калгасаў «Баянічы», «Загалле», «Калінаўка» — тады яны ўсе былі аб'яднаны ў адну звышгаспадарку, саўгас «Любанскі»...
Ужо тады на ўсю рэспубліку славіўся калгас «Чырвоная змена». . Быў ён невялікім, аб'ядноўваў тры вёскі Сарачы, Арлёва і Палічнае. Жыхары Рэдкавіч, землякі К. I. Шаплыкі, паднялі ў 1959 г. пытанне аб аб'яднанні з чырвоназменаўцамі. Да іх далучыліся калгаснікі в. Шынілавічы. Вельмі не хацелася Кузьме Іванавічу браць на свае плечы адстаючыя І зусім не малыя гаспадаркі. Але аб'яднанне адбылося, як ні крыўдзіўся К. I. Шаплыка, і, як паказаў час, на карысць усім... Так на базе трох гаспадарак - імя Сталіна (Любань), імя Варашылава (в. Таль) і «Камсамолец» (в. Касцюкі) — быў створаны вядомы цяпер калгас «Беларусь». Калгаснікі патрабавалі, каб узначаліў яго сакратар райкома партыі I. Я. Курбатаў. Ён згадзіўся, і праз некаторы час вывеў гаспадарку ў лік перадавых, у К. I. Шаплыкі з'явіўся сур'ёзны канкурэнт па паказчыках і па славе...
Паступова Любанскі раён займаў вядучыя месцы ў вобласці, ды і ў рэспубліцы па вытворчасці зерня і бульбы, малака, мяса. Вырошчвалі каноплі, пабудавалі свой пеньказавод. Немалы даход даваў таксама тытунь.
Адбудоўвалася, станавілася непазнавальнай Любань. Усё больш з'яўлялася ў райцэнтры шматкватэрных дамоў з усімі выгодамі. Грамадскія, адміністрацыйныя будынкі, магазіны, школы — усё патрабавала вялікіх клопатаў і немалых сродкаў, але ўсе пытанні тады неяк лягчэй вырашаліся на дзяржаўным узроўні... Тэлебачання не ведалі, не быў раён і радыёфікаваны. Не хапала нават кінаперасовак. Інфармацыю даносілі да насельніцтва агітатары — адзін на 10 двароў ці кватэр. Не ўсе агітатары добрасумленна ставіліся да сваіх абавязкаў, і вялікім дасягненнем была поўная радыефікацыя раёна — першага ў Мінскай вобласці, якуго закончылі восенню 1958 г.
Чаму ў працаўнікоў раёна атрымлівалася ўсё, што планавалі? Відаць, людзі такія тут — самаадданыя ў любой працы, з прыроджаным пачуццём адказнасці за даручаную справу. Так было і ў гады вайны, і ў мірны час. Любаншчына заўсёды славілася сваімі, а не прысланымі кадрамі. Іх дбайна вырошчвалі, клапаціліся аб людзях, павышалі... Такімі былі першы камунар, старшыня калгаса імя БВА Ц. Д. Анісімаў, дырэктар саўгаса «Любанскі», таксама з соснаўскіх камунараў, Э. Н. Модзін, вопытны арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці Ц.Я.Смірноў, галоўны ўрач раённай бальніцы М. Я. Карэлін, старшыні райвыканкома Я.П.Шохан, затым
Г.А.Лебедзеў, галоўны інжынер Любанскай МТС С.Т.Анісаў, старшыні калгасаў «Іскра» М. А. Валіеў, імя Панамарэнкі С. Ф. Карнееў, імя Суворава Б. М. Шапіра — затым доктар эканамічных навук, імя Калініна М. I. Лазарэнка, начальнік ПМК меліярацыі А. I. Ігнатовіч, дырэктар лясгаса
А. М. Статкевіч, загадчык райана С. Радзько, любанскі патрыярх-старшыня К. I. Шаплыка, які на працягу больш паўстагоддзя і да сённяшняга дня ўзначальваў «Чырвоную змену», і многія іншыя. 3 такімі людзьмі пашчасціла мне працаваць на працягу больш васьмі гадоў, пакуль у 1961 г. не прызначылі першым сакратаром Барысаўскага гаркома. Я вучыў іх як мог, і вучыўся ў іх сумленным адносінам да працы, адданасці агульнай справе, шчырасці, сумленню... Тыя гады я ніколі не забываў і ўдзячны лесу, што ён звёў мяне з Любаншчынай.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY