Жыццё, аддадзенае людзям
Калгас імя БВА Ц. Я. Смірноў, адзін з першых камунараў на Любаншчыне, узначаліў у пачатку 50-х гадоў. Хоць ён быў не мясцовым, але, пражыўшы тут з пачатку асушэння балот, з 1929 года, добра ведаў і людзей, і раён, і гэтую гаспадарку. У камуне яшчэ ўсюды былі відны сляды нядаўняй вайны, але гаспадарка ўздымалася, шпаркімі тэмпамі набірала сілу, ішла на ўздым. Адной з першых у раёне дала электрычнасць калгасная электрастанцыя.
— Без яе чаго б мы дабіліся? — гаварыў Ц. Я. Смірноў.— А нам электраэнергія патрэбна, як паветра, без яе пеньказавод не пусціш. Хоць прымітыўная станцыя, але дае ток...
Цімафей Ягоравіч планаваў усё з размахам, з перспектывай. Вось пеньказавод, каб уласную сыравіну перапрацоўваць, задумаў пабудаваць — зручна, не трэба нікуды везці лён і каноплі, выгадна.
— Сёння ўся эканоміка калгаса трымаецца на каноплях. Самі іх вырошчваем, самі мочым і сушым, трэплем. I здаём гатовую пяньку-валакно. Калгасу даход, і калгаснікі задаволены, заробак ёсць...
А на асушаных тарфяніках каноплі раслі — шапка з галавы валілася! Калісьці выбраць іх, асобна матачнікі, плюсну, вымачыць, апрацаваць — на ўсю зіму вясковым жанчынам было работы, што не прадыхнуць, цяжкай, знясільваючай. А ў калгасе імя БВА ўжо тады, у 50-х, была перадавая на той час тэхналогія. А планы — яшчэ большыя, захапляючыя.
Не з адных канапель жыў калгас. Сеялі і атрымлівалі высокія ўраджаі зерневых і бабовых, раслі надоі малака, прывагі жывёлы. Усё было прадугледжана, разлічана, спланавана — быў рост эканомікі гаспадаркі, былі перспектывы.
Дванаццаць гадоў кіраваў калгасам Ц. Я. Смірноў. Адышла патрэбнасць у каноплях — на другія справы пераключыўся. Калі старэйшыя калгаснікі Еўдакія Адзярыха, Адам Кур'ян, Уладзімір Дубовік, Апанас Абраменка ды і ўсе іншыя ўспамінаюць сваю маладосць, таварышаў — камунараў Эмануіла Модзіна, Цімафея Анісімава, Фёдара Коўрыка, заўсёды з вялікай павагай гавораць аб Цімафею Смірнову:
— Добры быў чалавек, разумная галава.
  Ён у поўнай меры заслужыў такую ацэнку вяскоўцаў. Прайшоў тры вайны, усе сілы і здароўе аддаваў справе жыцця — сельскай гаспадарцы, быў удастоены пяці баявых і працоўных ордэнаў, высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы, а ўсё здавалася патрыярху — мала зрабіў, мала паспеў...

М. I. Шыбаліс


Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY