Вышыня абеліска
Палешукі — народ самабытны, цікавы, у вышэйшай меры характарны. Адзін з такіх людзей, якімі спрадвеку славілася Палессе, — Кузьма Іванавіч Шаплыка. Ужо тым ён незвычайны і дастойны здзіўлення і павагі, з якой здымаюць перад ім з галавы шапку — што на працягу больш паўстагоддзя, са студзеня 1945 г. бяззменна ўзначальваў ў Сарачах калгас «Чырвоная змена». Ды не проста ўзначальваў... Гаспадарка даўно ўжо самая славутая і вядомая не толькі на Любаншчыне, але і на ўсім Палессі, па ўсёй рэспубліцы. На яе сцягу — самы высокі ордэн, пяць чалавек калгаса, у тым ліку і К. I. Шаплыка, адзначаны Залатой Зоркай Героя. Дэлегацыі больш ста краін свету пабывалі ў Сарачах — дзівуюцца, вучацца, пераймаюць вопыт. Сама веска Сарачы сваей самабытнай архітэктурай, прыгажосцю, дызайнам вядома на ўсю рэспубліку: выдатны Палац культуры, роўнага якому няма, напэўна, і ў Мінску, пасёлак, за архітэктурнае вырашэнне якога стваральнікі, у тым ліку і К. I. Шаплыка, удастоены звання лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР. Велічны абеліск у цэнтры загінуўшым землякам... I выдатныя жылыя дамы навокал, сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканні, уробленыя палі...
Тут, у суседняй вёсцы Рэдкавічы Кузьма Шаплыка нарадзіўся, тут працаваў брыгадзірам яшчэ да вайны, партызаніў у суровыя 40-я і вярнуўся сюды пасля вызвалення... Не шукаў лепшай долі ў іншых мясцінах — дзе нарадзіўся, як кажуць, там і спатрэбіўся. Яшчэ ў трыццатыя гады, адслужыўшы ў арміі, вярнуўся ў родную вёску, працаваў шаферам на смалакурні. Грымнула вайна. Яе крывыя, неспадзяваныя дарогі прывялі Кузьму Шаплыку ў партызанскі атрад, быў намеснікам камандзіра па разведцы. Куды толькі не кідаў ліхі партызанскі лёс! I ў акупіраваныя вёскі на сустрэчы з падпольшчыкамі хадзіць, і самалёты з Вялікай зямлі прымаць і адпраўляць. Аднойчы, у студзені 1943 г., славутага дзеда Талаша сустракаў і праводзіў на аэрадроме на легендарным востраве Зыслаў, які партызанскі разведчык вывучыў уздоўж і ўпоперак як свае пяць пальцаў. А часцей даводзілася ўдзельнічаць у баявых аперацыях, у разгроме гарнізонаў, узрывах мастоў і чыгункі. Іншы раз цудам заставаўся жывым — але ўцалеў!.. I кулі прасвіствалі каля вуха, і на міне ўзрываўся, і ў тыфе без памяці валяўся... Вось ён, лес. А колькі баявых сяброў назаўсёды палеглі там, у лясах і балотах, часта ў безымянныя магілкі, невядомымі салдатамі. Ніколі не забудзе Кузьма Іванавіч іх, з кім парадніўся як з братамі — і пахаваў на Любанскай зямлі. Сярод іх — Васіль Семяненя і Мікалай Ізотаў, якія наскочылі ў Арлёве на нямецкую засаду. Васіль адразу загінуў, а Мікалай доўга адстрэльваўся, потым падарваў сябе гранатай разам з ворагам!...
  Магчыма, яшчэ тады, пасля гібелі баявых таварышаў, вырашыў Кузьма: застануся жывым — дастойны помнік усім загінуўшым зраблю. Настаў гэты час, і ў Сарачах на галоўнай плошчы ўзнёсся амаль на 30-метровую вышыню абеліск. На плітах — прозвішчы, прозвішчы... Звыш трохсот імёнаў загінуўшых землякоў. Героі загінуўшыя, і героі жывыя... Мемарыял — лепшы ў раёне і адзін з лепшых ва ўсёй Мінскай вобласці. Мемарыял — для жывых. Для тых, хто ў 45-м годзе цягнуў на сабе разам са старшынёй плуг замест коней, хто дзень і ноч прападаў на калгаснай рабоце — і ў час кок-сагызнай кампаніі, і кукурузнай, і льняной, і ў час усіх астатніх... Дзесяць ордэнаў на па радным пінжаку Кузьмы Іванавіча Шаплыкі, мноства медалёў, лаўрэацкіх знакаў. Усе іх ён атрымаў тут, на роднай зямлі, дзе нарадзіўся, жыў, узняў калгас да вышыні, як абеліск на плошчы ў Сарачах...

В. Р. Феранц
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY