На плыні часу
Савік Лідзія Сымонаўна (н. 1.3.1936 г.) — літаратуразнавец, крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат філалагічных навук. Працуе старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры  імя Янкі Купалы АН Беларусі. Дацэнт Беларускага універсітэта культуры. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
 
 Л. С. Савік
Бацькі Лідзіі Савік былі простымі сялянамі, нястомнымі, вечнымі працаўнікамі. Аднымі з першых разам з Эмануілам Модзіным, Цімафеем Смірновым прыйшлі на Мар'інскае балота, каб арганізаваць там камуну. Бацька з першых дзён Айчыннай вайны пайшоў на фронт, у 1941 г. загінуў пад Масквой.
Камуну спалілі немцы. Маці тады з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай, знаходзілася ў партызанскім атрадзе брыгады імя Панамарэнкі. Была сувязной, потым — у гаспадарчым узводзе, узнагароджана ордэнам і баявымі медалямі як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Ірына стала вядомай опернай спявачкай, народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.
Пасля вызвалення Беларусі жылі ў Любані, дзяўчынкі вучыліся тут у школе. Горыч цяжкага пасляваеннага сіроцкага дзяцінства ў поўнай меры ведаюць тыя, хто перажыў яго. Лідзія Савік закончыла філалагічны факультэт Дзяржуніверсітэта, затым аспірантуру. У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. 3 1978 г. працуе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 3 1992 г.—дацэнт Беларускага універсітэта культуры, чытае курс лекцый па сучаснай беларускай літаратуры.
Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца ў 70-я гады. Першы артыкул «Сучасная беларуская проза» быў апублікаваны ў 1974 г. Кола даследчыцкіх інтарэсаў Лідзіі Савік — праблемы развіцця беларускай літаратуры XX ст. Каб вярнуць спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, дабілася магчымасці працаваць у архівах НКУС — КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра трагічныя лёсы беларускіх паэтаў і празаікаў, якіх было рэпрэсіравана ў гады сталіншчыны каля 200 чалавек. Выдала творы расстралянага ў 1937 г. Янкі Нёманскага, высланых на Калыму і ў Сібір і загінуўшых Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча. Даследуе таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Уладзіміра Дудзіцкага, Хведара Ільяшэвіча, Уладзіміра Случанскага. Шмат публікуе артыкулаў, рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў В. Быкава, Я. Брыля, I. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, А. Кудраўца, Я. Сіпакова, В. Карамазава, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, а таксама тых, каго ўжо няма сярод нас —I. Мележа, У. Караткевіча, А. Асіпенкі, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана, Л. Геніюш.
Лідзія Савік — аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Культура беларускага замежжа» і іншых. Актыўна друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў, дзе апублікавала звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. У Францыі, Германіі, ЗША Лідзія Савік збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць славутых беларусаў. Выдала кнігу «Космас беларуса» пра грамадзяніна Амерыкі карэліцкага паходжання Б. Кіта — акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Яна апублікавала шэраг даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў.
  Актыўна ўдзельнічае Лідзія Савік у працэсах беларускага нацыянальнага адраджэння, грамадскім жыцці рэспублікі. Яна з'яўляецца адным з арганізатараў і сакратаром Рады згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», членам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Сакратар секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня камісіі па вяртанню спадчыны беларускіх пісьменнікаў.

Ірына Багдановіч


Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY