Сустрэча з Любаншчынай
Нечакана выдаўся на дзіва сонечны, ціхі дзень восені, якая ўступіла ўжо ў сваю заключную пару. Сонца нібы да рыла людзям апошнюю, развітальную усмешку. Аўтобус жвава імчаў па любанскай дарозе са Слуцка. Справа і злева распрасціраліся неаглядныя палі, асушаныя масівы, на якіх часта не было за што зачапіцца воку. Прастора была засінена празрыстай асенняй смутой, паветра густа заткана нябачнымі павуцінкамі. Ужо даўно адляцелі журавы, не чарцілі паветра ластаўкі і стрыжы, цішыня і бязмежны спакой панавалі над наваколлем... На душы таксама было сонечна і светла, як перад першым спатканнем, на якое я, па сутнасці, і ехаў. У галаве ўпарта засеў урывак нейкага верша:

...Цёпла ад верасу ў лесе,
Цёпла на сэрцы і мне.

Аўтобус каціўся па асенняй дарозе да Любані і далей, у глыбіню Палесся, дзе на беразе Прыпяці прыціх сівы Тураў. Новыя людзі, новыя краявіды і ўражанні... I такі выдаўся светлы дзень, нібы падарунак да спаткання з любанскім краем.
...Адразу за павароткаю ў Любань, дзе высіцца помнік Фені Конанавай, працягнулася звычайная вясковая вуліца — гэта было дзіўна і незразумела. Ці гэта не Любань, не горад?.. У які бок ні кінь погляд — звычайная веска: ці ў бок Касцюкоў, дзе жылі, як по тым аказалася, мае даўнія сябры, ці ў бок саўгаса «10-годдзе БССР», па дарозе да якога ў драўлянай хатцы раённай бальніцы нарадзіўся праз некалькі гадоў мой першы сын, ці ў бок Арэсы, на другім беразе якой снежна бялелі ўзорыстыя і гордыя, быццам панскія, палацы пасёлка Сарачы, — не толькі раённай славутасці — усюды веска, веска... Адно — сучасная прыгожая плошча, алея з партрэтамі землякоў-Герояў. Звярнуў на сябе ўвагу старамодны будынак Дома культуры — такі ж знеслі раней нават у вёсцы Сарачы.
I ад таго, што прыехаў у вёску, якая нагадвала родную, жыткавіцкую, было яшчэ больш хвалююча, веяла нечым знаёмым, блізкім, быццам быў тут ужо раней і не раз.
Усё ж свет цесны... На любанскай плошчы нечакана сустрэў свайго даўняга сябра, маладога і здольнага журналіста і паэта, нараджэнца вёскі Таль Сяргея Барысава, якога заўчасна не стала. Запомніліся радкі з яго верша:

І дзед з старога здымка на сцяне
Ўзіраецца на нас праз нежывое шкло...

Далей, далей... Рэдкавічы, Азярное, Ямнае... Ужо ўлоўлівалася навокал нешта, што нагадвала Палессе: пералескі, што часцей началі выбягаць да самага гасцінца, балотцы і рачулкі, якія перагароджвалі масткамі дарогу. Бліснула ўдалечыні вадзяное люстэрка возера Вячэра. Пяскі, асушаныя тарфянікі і зноў пяскі. Вёску Ямнае абступілі, нібы вартавыя, магутныя дубы. Такія дубы акаляюць многія палескія вёскі; пачыналася ўжо Палессе... Тут, у дрыгвяністых абшарах, непраходных лясах на астраўках, вадзіліся калісьці, расказваюць, мядзведзі, у 20-я гады гойсалі банды — паследкі грамадзянскай вайны, у Вялікую Айчынную базіраваліся партызанскія атрады і брыгады — цяпер на прасторы вольна веюць ветры...
I зусім не тыя малюнкі замільгалі за вокнамі аўтобуса, калі я набліжаўся да пасёлка Сосны, цэнтральнай сядзібы саўгаса «10-годдзе БССР». Месцамі да самага небасхілу цьмяна адсвечвалі шэравата-сінім колерам пласты тлустай, хоць маж на хлеб, зямлі. Няма мяжы яе ўрадлівасці, ці што?
— Эх, і зямля, — уздыхаў мой сусед Іван Купрыяновіч. — Вось гэта зямля! Мне б такой...
— Гектары тры ўзяў бы, не менш? - А хоць і чатыры...
Праз некаторы час сялянская раздумлівасць узяла верх, і Іван, узважыўшы, мусіць, свае сілы і магчымасці, сказаў:
—Усю зямлю, аднак, не захопіш... Такой зямелькі і паўгектара хапіла б во як! А то і два метры — у глыбіню...
Праз тыдзень Іван нечакана памёр — прама на полі, за плугам...
Краснае, Забярэзінец, Абоз, Пасталы... Гэта было ўжо сапраўднае Беларускае Палессе. Такое ўражанне, што і не тая гэта Любаншчына, па якой ехалі надоечы... Быццам аўтобус у адзін дзень прымчаў нас у другі рэгіён, з раўнін і прастораў у лясы і балоты. I ад Любаншчыны да гэтага часу захавалася неадназначнае, супярэчлівае ўражанне, тужліва-узнёслае і шчырае, асветленае сцішаным цяплом асенняга сонца…

В.Р.Феранц



Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY