Закальное – яго радзіма
Імя Сяргея Аляксандравіча Мікуліча шырокаму колу любанчан невядома. Ды яно і не дзіўна. Жыве гэты чалавек далёка ад нашага краю, ажно ў горадзе Пярмі Расійскай Федэрацыі. Разам з тым, крышку расказаць пра яго чытачам ёсць добрая нагода і важкія падставы.
Справа ў тым, што нарадзіўся Сяргей Аляксандравіч у вёсцы Закальное Любанскага раёна, прыкладна раз у год прыязджае сюды, каб убачыцца са сваякамі, вышукаць вобразы для далейшай творчай дзейнасці, папоўніць душэўныя сілы, упэўніцца ўтрываласці каранёў, надыхацца вольным чыстым паветрам роднай Бацькаўшчыны. Усё гэта толькі памнажае адметны прыродны мастацкі талент Мікуліча, якому 30 кастрычніка 2008 года споўнілася 60 гадоў.
  ...Маляваць ён пачаў рана. Спачатку на аматарскім узроўні адлюстроўваў на паперы ўласнае бачанне краявідаў прыроды і вобразы знаёмых людзей. Потым адчуў, што гэта дзіцячае захапленне перарастае ў патрэбу душы, скіроўвае яго ў прафесійнае рэчышча. I Сяргей паступае на мастацка-фафічны факультэт Ленінградскага мастацкага інстытута. Затым быў яшчэ факультэт павышэння кваліфікацыі ў інстытуце імя I. Рэпіна ў г. Ленінградзе. I з 1975 года Мікуліч пачаў ужо самастойна працаваць у Пярмі. Арганізаваў выяўленчую студыю імя I. Крамскога, мастацкае аддзяленне ў вучылішчы №65 і рэстаўрацыйнае аддзяленне ў вучылішчы №27.
  Яго вялікім жаданнем было не толькі самому пісаць карціны, але і навучыць гэтай неардынарнай справе маладое пакаленне пермякоў. Такое высакароднае памкненне нашага земляка было з разуменнем успрынята многімі. Таму і давалася заўсёды Сяргею Аляксанд-равічу «зялёная вуліца», прадастаўлялася магчымасць увасобіць у жыццё планы і задумы. Дзякуючы гэтаму, і здолеў Мікуліч перадаць сотням жыхарам Пярмі сакрэты мастацкага адлюстравання светапогляду, высокапрафесійнага валодання пэндзлікам. Многія яго былыя вучні таксама сталі мастакамі, але пакуль не здолелі дасягнуць творчых вышынь свайго настаўніка. А яны прыкметныя. Сяргей Аляксандравіч з'яўляецца членам Саюза мастакоў Расіі. Удзельнічае ў рознага роду выставах, у тым ліку і міжнародных. Адна з іх пад назвай "Вялікай Перамозе прысвячаю" праходзіла, напрыклад, у мемарыяле "Нармандыя-Нёман" г. Андэліз у Францыі. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі пасольстваў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне, прэзідэнт Асацыяцыі "Нармандыя-Нёман", адзін з камандзіраў цяперашняга палка "Нармандыя" і многія іншыя прадстаўнічыя асобы.
Не раз арганізоўваў Мікуліч выставы сваіх карцін і ў Закальным. Сюды ён прывозіў звычайна тыя з іх, якія датычылі мясцовых жыхароў - напісаныя яго пэндзлікам партрэты родных, землякоў, краявіды Палесся.
Па 5-6 выстаў ладзіць ён штогод і ў Пярмі, не мінае і іншыя гарады Расіі. I ўсюды творчыя работы ўяўляюць сабою цікавасць для людзей. А ўсё таму, што як мовіць мастак, піша ён свае карціны не рукою, а сэрцам. Галоўная тэма іх гістарычная, звязаная з Вялікай Айчыннай вайной і лёсам яе ўдзельнікаў. Сяргей Аляксандравіч - адзін з нямногіх сучасных мастакоў піша партрэты ветэранаў, увекавечвае для нашчадкаў памяць пра людзей, якія здзейснілі ў свой час вялікі подзвіг - адстаялі Радзіму. Акрамя таго, любіць ён працаваць над скульптурамі, марыць пра стварэнне манументальных помнікаў.
Так што наш зямляк Сяргей. Аляксандравіч Мікуліч у Расіі і за межамі яе куды больш вядомы, чым на роднай Любаншчыне, з якімі звязаны нябачнымі ўнутранымі ніцямі. Аднак усе мы павінны ведаць, што ёсць на белым свеце такі чалавек, у душы якога наш край нараджае шматлікія творчыя задумы. А з увасабленнем іх у карцінах можна лепш пазнаёміцца ў раённым музеі народнай славы, дзе захоўваецца больш за 40 яго карцін, пераважна партрэтнага і пейзажнага планаў. Дарэчы, адных толькі партрэтаў С. А. Мікуліч напісаў больш за 200, адлюстраваўшы на іх вобразы многіх знакамітых людзей, накшталт народнай артысткі СССР, спявачкі Людмілы Зыкінай і інш.
  Знаёмства з творчасцю нашага знакамітага земляка прыносіць сапраўдную асалоду.

Г. ПАЎЛОВІЧ.
Голас Любаншчыны 1 лістапада 2008 г


Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY