На коніках да паклоннікаў
На Любаншчыне адбылася традыцыйная “Фальклорная вандроўка”. Яе прымеркавалі да 185-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага этнографа, пісьменніка і публіцыста Паўла Шпілеўскага. Актыўны ўдзел у гэтым свяце прынялі шматлікія мясцовыя мастацкія калектывы, дырэктары раённых метадычных цэнтраў, РДК, ГДК, цэнтраў культуры сталічнай вобласці.
Павел Шпілеўскі нарадзіўся 12 лістапада 1823 года ў вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (зараз — Любанскі раён) у сям’і мясцовага свяшчэнніка. З 1837 ён вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі (яна тады знаходзілася ў Слуцку), затым у Пецярбургскай духоўнай акадэміі, пасля заканчэння якой (1847 год) атрымаў ступень кандыдата багаслоўя.
Яшчэ ў юнацкія гады Павел Міхайлавіч захапіўся вуснай народнай творчасцю беларусаў, збіраў узоры яе па месцах службы бацькі. А пазней, у вольны ад вучобы і працы час, спецыяльна падарожнічаў па Беларусі, запісваў самабытныя прыказкі, песні, казкі, легенды, паданні, павер’і, вывучаў побыт і культуру народа. Усё гэта потым вылілася ў артыкулы, нарысы, п’есу. Першую сваю этнаграфічную працу — “Беларускія павер’і” — Шпілеўскі апублікаваў у літаратурным дадатку да “Часопіса Міністэрства народнай асветы” ў 1846 годзе. Пасля падобныя працы даволі часта з’яўляліся ў маскоўскіх і пецярбургскіх перыядычных выданнях.
  Павел Міхайлавіч любіў сваю радзіму. Ён адным з першых адкрыў свету самабытнасць беларусаў як нацыі, заявіў аб багацці беларускай мовы. У той час гэта было сапраўдным грамадзянскім подзвігам. Любаншчына ганарыцца сваім слаўным сынам, беражэ і ўшаноўвае памяць пра яго. “Фальклорныя вандроўкі”, якія прысвячаюцца знакамітаму земляку, —своеасаблівыя справаздачы тых, хто следам за Шпілеўскім вывучае, адраджае і папулярызуе народную культуру, яе невычэрпныя скарбы.
 
 
Так было і сёлета. Маршрут “Фальклорнай вандроўкі” складаў каля трыццаці кіламетраў. Таму на конных павозках (гэта ўжо таксама традыцыя) падарожнікі дабраліся толькі да першага населенага пункта маршруту — вёскі Обчын. Астатнія — вёскі Залуг, Залужжа, Дубілаўка, Ляхаўка, Жораўка, Шыпілавічы, Рэдкавічы — мінулі на аўтамабільным транспарце. Амаль усюды вандроўнікаў сустракалі фальклорныя калектывы (скажам, у тым жа Обчыне сустрэчу ладзіў фальклорны ансамбль “Павалякі”, якім кіруе Ніна Верамейчык).
Каля Ляхаўкі чакала яшчэ адна сустрэча: у лесе вандроўнікі заўважылі цэлы натоўп Дзядоў Марозаў. Але, пакуль падарожнікі выходзілі з аўтобусаў, тыя схаваліся ў гушчары. Дагнаць так і не ўдалося. Зрэшты, яно і зразумела: Марозам яшчэ рана паказвацца на людскія вочы — да Новага года амаль тры тыдні.
  У Жораўцы вандроўнікі прынялі ўдзел у адкрыцці першай на Любаншчыне народнай пякарні. Пад яе, паводле слоў старшыні Ляхаўскага сельвыканкома Ганны Міцкевіч, прыстасавалі старую хату, прызначаную на знос. А дырэктар мясцовага Дома культуры Ірына Жудрык прапанавала размясціць там “Клуб народных хлебапёкаў”.
 
 
Зараз тут будуць пячы хлеб па старажытных рэцэптах да розных народных святаў, гасцявых кірмашоў (вельмі папулярных у раёне), многіх іншых цікавых падзей. Словам, адраджаецца яшчэ адна нацыянальная традыцыя. Такі хлеб вясковыя гаспадыні і замясілі ў дзежцы ў прысутнасці гасцей. Госці ж, каб справа ўдалася, каб пачын быў плённым, шчодра адарылі хлебапёкаў мноствам карысных рэчаў і сувеніраў.
  У Шыпілавічах, на радзіме Паўла Шпілеўскага, вандроўнікі ўшанавалі памяць пра знакамітага беларускага этнографа, пісьменніка і публіцыста. Ушанаванне пачалося ўрачыстым перазвонам, які наладзілі вучні сталічнай школы званароў. А прадоўжылася канцэртам у вясковым Доме культуры, дзе з аўтэнтычнымі спевамі выступіў фальклорны гурт “Глыбокія крыніцы” (СДК вёскі Закальное), якім кіруе Надзея Мярэйчык. Некалькі цудоўных твораў выканала духоўная капэла любанскай Свята-Праабражэнскай царквы. Настаяцель гэтай царквы айцец Віктар звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, а дырэктар Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы Наталля Сіняк расказала ім пра жыццёвы шлях Паўла Шпілеўскага.
 
 
Канцэрт адбыўся і ў Палацы культуры вёскі Сарачы — канцавым пункце “Фальклорнай вандроўкі”. Але спачатку падарожнікі пазнаёміліся з выставай “Следам за сонцам”, прысвечанай Паўлу Шпілеўскаму. А таксама з выставай твораў прыкладнога мастацтва народных майстроў раёна. Шмат майстроў тут і працавалі. Напрыклад, рэзчык па дрэву з пасёлка Сосны (СВК “Палессе-агра”) Уладзімір Савіцкі з дачкой Тамарай і вучнем Аляксандрам Кудзёлкам вырэзвалі на дошках выявы звяроў. А Вікторыя Бяршова і Вольга Пацярайлава са сваім кіраўніком Надзеяй Катковай плялі мудрагелістыя паясы.
За ткацкімі станкамі сядзелі юныя ўдзельніцы гуртка “Матрушка” з Камунараўскага СДК, якім кіруе Тамара Аксёнчык, разам са сваімі цудоўнымі вырабамі — камунараўская вышывальшчыца Галіна Сівіцкая, любанскі ганчар Міхась Насановіч і многія іншыя мясцовыя ўмельцы.
  — Мы не выпадкова выбралі для правядзення чарговага савета дырэктараў, тэма якога якраз і звязана з народным фальклорам, Любаншчыну, — сказала дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская. — Тут фальклор і ўвогуле нацыянальныя традыцыі дзякуючы зацікаўленай пазіцыі начальніка аддзела культуры Васіля Каткаўца і яго творчай каманды актыўна адраджаюцца, беражліва захоўваюцца і перадаюцца падрастаючаму пакаленню. У любанчан ёсць чаму павучыцца.

Сяргей КВІТКЕВІЧ, «Мінская праўда».
На здымках: моманты “Фальклорнай вандроўкі”.
Фота аўтара.




Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY