Гуляеў Дзмітрый Цімафеевіч
(н. 23.10. 1915 г.) — удзельнік партызанскага руху ў Мінскай вобласці, камандзір брыгады № 101 імя А. Неўскага, якая дзейнічала на тэрыторыі Любанскага раёна. 3 1936 г. служыў у Чырвонай Арміі, быў палітруком роты, з жніўня 1941 г.— у партызанах. Загінуў у баі 5 верасня 1943 г. У 1944 г. Д. Ц. Гуляеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
 
Д. Ц. Гуляеў 


Адзін з лепшых калгасаў раёна носіць імя слаўнага патрыёта, камандзіра брыгады Д. Ц. Гуляева. Тут, у гэтых мясцінах, дыслацыравалася брыгада, многія мясцовыя сяляне былі байцамі ў яе атрадах. Толькі з в. Новая Дуброва 48 чалавек былі ў гады вайны партызанамі. У калгасе свята шануюць памяць Д. Ц. Гуляева. Вучні Атраднаўскай сярэдняй школы сабралі вялікі матэрыял аб жыцці і дзейнасці праслаўленага камбрыга.
3 Бабруйска часць, у якой служыў Гуляеў, у першы дзень вайны спешна накіравалася на захад насустрач ворагу. На яе абрушыўся ўдар нямецкіх танкаў, што рваліся на ўсход. Гуляеў з падраздзяленнем чырвонаармейцаў апынуўся ў акружэнні. Хутка ў групе, якую ён узначальваў, засталося пяць чалавек. Яны не склалі зброі, прабіваючыся на ўсход, бесперапынна вялі баявыя дзеянні. Гуляеў запісваў у дзённіку ў тыя дні:
27 ліпеня 1941 года. Па дарозе Слуцк — Мінск забіты матацыкліст, узяты сакрэтныя дакументы 3-й нямецкай дывізіі.
2 жніўня. Спалена машына, знішча ны два немцы.
15 жніўня. На чыгуначнай лініі Негарэлае — Мінск разбураны рэйкі. На станцыі Негарэлае ўзарваны вагоны са снарадамі.
20 жніўня. Зрабілі падкоп пад склад зброі, узброіліся...
29 жніўня. У вёсцы Старынкі знішчаны чатыры фашысты...
Гуляеў і яго байцы ўпершыню сустрэліся з партызанамі ў ліпені 1941 г. Гэта былі людзі, якія па заданню ЦК КП(б) Беларусі накіроўваліся для арганізацыі барацьбы ў тыле ворага. Камандаваў атрадам старшыня Крывіцкага райвыканкома Вілейскай вобласці А. Далідовіч, намеснікам яго быў А. Баравік, загадчык арганізацыйна-інструктарскага аддзела Вілейскага абкома партыі.
Аляксандр Баравік успамінаў пра тую памятную сустрэчу: «Наша база знаходзілася на востраве Зыслаў, непадалёку ад Загалля. Аднойчы вартавы прывёў у штаб незнаемых людзей. Усе яны былі са зброяй, у чырвонаармейскай форме. На старшым была гімнасцерка са знакамі палітрука. Гэта быў Гуляеў. Параіліся, як быць далей. Вырашылі прабівацца да сваіх на ўсход. Гуляеў са сваёй групай дайшоў да Бабруйска. Але фронт адкатваўся ўсё далей, і ў жніўні мы зноў сустрэліся зГуляевым. Нас да таго часу ў атрадзе было 18 чалавек. Некаторы час Гуляеў быў радавым байцом. Ён зарэкамендаваў сябе ад важным партызанам, умелым арганізатарам, вызначыўся ў баях, і камандаванне даручыла яму ўзначаліць асобны атрад...
Атрад Гуляева стаў гразой для акупантаў і паліцаяў. За яго галаву гітлераўцы назначылі буйную ўзнагароду. Камандаванне даручала атраду найбольш адказныя заданні. Летам 1942 г. ён знішчыў варожыя гарнізоны ў Харомцах, Прусах, Клетным, Баянаве і ў іншых вёсках, захапіў 150 вінтовак, 4 станковыя і 6 ручных кулямётаў. Цэнтральны штаб партызанскага руху ўзнагародзіў Гуляева імянной зброяй — аўтаматам.
Вясной 1943 г. на барацьбу супраць партызан Міншчыны гітлераўцы кінулі эсэсаўскую дывізію, танкавыя і артылерыйскія часці. Кальцо акружэння сціскалася. Атраду Гуляева было даручана выйсці ў тыл праціўніка. Фарсіраваўшы Арэсу, атрад напаў на карнікаў і прымусіў іх адступіць, акружэнне было разарвана.
У маі 1943 г. па ініцыятыве Мінскага падпольнага абкома партыі была створана брыгада № 101 імя Аляксандра Неўскага. Камандзірам яе назначаны Дзмітрый Гуляеў, камісарам — сакратар Старобінскага райкома партыі Васіль Меркуль. У жніўні брыгада ўдзельнічала ў рэйкавай вайне. 6 жніўня толькі першы атрад на ўчастку Жыткавічы — Мікашэвічы ўзарваў 1700 метраў чыгуначнага пуці, рух паяздоў спыніўся на 16 гадзін. Непаспелі немцы ўхіліць пашкоджанні, як на наступны дзень на участку Жыткавічы — Брынёў было ўзарвана 40 рэек. За месяц падрыўнікі брыгады вывелі са строю 21 740 метраў чыгункі.
У пачатку верасня 1943 г. камандаванне брыгады прыняло рашэнне разграміць фашысцкі гарнізон у Пагосце. Асноўны ўдар павінна была нанесці група з 70 чалавек на чале з камбрыгам. Пасля доўгага пераходу вырашыў перад боем даць людзям адпачынак. На ўскраіне стаяў хлеў з сенам, там і размясціўся атрад. Здраднік данёс гітлераўцам аб партызанах. Вартавы заўважыў ворагаў позна, калі тыя ўжо былі на ўскраіне вёскі. Гуляеў з 50 байцамі атакаваў праціўніка. Разгарэўся жорсткі бой. Вораг быў разгромлены, але партызаны панеслі цяжкія страты. У гэтым баі загінуў камандзір брыгады Дзмітрый Гуляеў...
  Пахаваны ён у Старобіне, сярод дрэў старога парка, на беразе Случы. На абеліску надпіс: «Вечная слава Герою Савецкага Саюза, камандзіру брыгады імя Аляксандра Неўскага Дзмітрыю Цімафеевічу Гуляеву, які загінуў смерцю храбрых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі».

М. М. Бялькевіч


Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY