У час першых княжанняў
Умоўнай датай рассялення славян на поўнач ад Прыпяці, у тым ліку і на Паарэссі, лічаць IX ст.[1] Мяркуецца, што за Прыпяць па левых яе прытоках прасоўвалася адна са славянскіх груповак — дрыгавічы. Вядома, што дрыгавічы, як і ўсе славяне, хавалі сваіх памёршых супляменнікаў у грунтавых ці курганных могільніках. Сярод найбольш ранніх дрыгавіцкіх пахаванняў на левабярэжных прытоках Прыпяці згадваюцца курганныя могільнікі каля в. Няжараўкі (на былой р. Няжараўцы — прытоку Таліцы), в. Агароднікі ў басейне р. Случ. Раскопкі няжараўскіх курганоў праводзіліся ў 1929 г. экспедыцыяй у складзе А. Н. Ляўданскага, С. А. Дубінскага, Я. Р. Калодкіна, М. Н. Канвісарава, А. Я. Рынейскага [2]. Даследавана 15 курганоў, у двух з якіх выяўлены трупаспаленні на гарызонце, рэшткі ляпнога посуду, што дазваляе адносіць іх да X ст. Знойдзены таксама курганныя насыпы, у якіх змяшчаюцца касцякі з ганчарным посудам, рэчамі паўсядзённага ўжытку (нож, глінянае і шыфернае праселкі і г.д.), упрыгажэннямі (буйназерневыя пацеркі, скроневыя колцы, спражкі, бранзалеты і г. д.) [3]. Дрыгавіцкія курганы з трупапакладаннямі на гарызонце датуюцца галоўным чынам XI — XII ст. Пахаванні ў падкурганных ямах з'яўляюцца з сярэдзіны XII ст. Відавочна, у XI —XII ст. насыпаліся некаторыя курганы каля в. Турок. У 1982 г. тут праводзіліся раскопкі аднаго з насыпаў курганнай групы, болыпасць якіх моцна пашкоджаны. Раскапаны на сып у дыяметры каля 4 м, з паўднёвага ацалелага боку прасочваўся ровік. На ўзроўні дзённай паверхні на сыпучай пясчанай падсыпцы знойдзены рэшткі касцяка, арыентаванага галавой на захад. У нагах — абломкі раннеганчарнай пасудзіны з кавалкамі вохрыстага рэчыва і вугольчыкаў, на знешняй паверхні дна — ганчарнае кляймо ў выглядзе крыжа ў крузе.
На тэрыторыі Любаншчыны захавалася 12 курганных груп (да нядаўняга часу іх было больш 20). Найбольш верагодна, што яны пакінуты дрыгавіцкім насельніцтвам IX —XIII ст. Не каторыя з могільнікаў налічваюць да 100 насыпаў. Згодна з апытальным лістом 1924 г. па Слуцкаму ўезду, курганныя насыпы каля в. Турок цягнуліся ланцугом амаль на 10 км. Цяпер у турокскім могільніку захавалася каля 35 курганоў, большасць з якіх пашкоджана. Курганныя могільнікі найчасцей сустракаюцца ў паўночнай і паўночна-заходняй частцы Любаншчыны, на найбольш узвышанай пагоркавай мясцовасці, на берагах азёр і рэчак, якія ўпадалі ў Арэсу, і яе прытоках. Магчыма, адной з галоўных прычын такога тэрытарыяльнага выбару з'яўляецца засяленне найболып урадлівых паўночных і паўночна-заходніх зямель Любаншчыны.
Акрамя шматлікіх курганных насыпаў прасочваюцца сляды селішчаў X — XIII ст., пра што сведчыць характэрны для гэтага часу раннеганчарны посуд. Такія селішчы адкрыты каля в. Рэдкавічы (ур. Кляпіна), на высокай тэрасе Арэсы каля в. Арлёва, побач з в. Новыя Юрковічы (ур. Запалле і каля вясковых могілак), на берагах воз. Вячэра (ур. Дубное), воз. Загальскае. Часам дрыгавіцкім селішчам спадарожнічаюць курганныя могільнікі (в. Рэдкавічы):
Памеры сельскіх неўмацаваных паселішчаў IX— XIII ст. дасягалі плошчы ад 0,5 да 2 га. Уздоўж берага ракі ці возера ў 1 — 3 рады або скучана стаяла 5 —7 двароў, дзе жыло 15 — 50 чалавек. Такая вёска разам з некалькімі суседнімі складала абшчыну. Пры раскопках паселішчаў Тураўскай зямлі звычайна выяўляюцца аднакамерныя наземныя зрубныя жытлы блізкай да квадрата формы са сценкамі даўжынёй каля 4 м. Побач стаялі гаспадарчыя пабудовы крыху меншых памераў. Зрубы рабіліся з хваёвых ці бярозавых бярвёнаў таўшчынёй 15 — 20 сантыметраў. У куце ўзводзілася глінабітная невысокая печ. Галоўным заняткам жыхароў сельскіх паселішчаў было земляробства. Знойдзены рэчы, якія сведчаць пра існаванне розных промыслаў і заняткаў — палявання, бортніцтва, рыбалоўства, апрацоўкі жалеза, выпальвання вугалю, ганчарства.
Да IX- X ст. дрыгавічы, як і іншыя славянскія племянныя групоўкі, пера-жывалі працэс утварэння свайго «княжання». Дзейнасць першых князёў цал-кам залежала ад племянных вечавых сходаў. 3 IX— X ст. наступіў новы этап палітычнага афармлення дрыгавіцкага «княжання» — утварылася Тураўскае княства. У X ст. палітычным цэнтрам дрыгавіцкай зямлі стаў Тураў. Княства займала тэрыторыю ад Дняпра на ўсходзе да земляў, што ляжалі на захад ад Пінска. Вядома, што паўночнымі памежнымі гарадамі Тураўскай зямлі былі Слуцк, Клецк, Рагачоў. У склад княства ўваходзіла і Паарэссе.
У 1142 г. Усевалад Ольгавіч, прагнаўшы з Турава сына кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха Вячаслава (княжыў у Тураве з 1125 г.), раздаў гарады Тураўскай зямлі сваім братам і пляменнікам. Драбленне Тураўшчыны было спынена Юрыем Яраславічам, які дамогся прызнання самастойнасці Тураўскага княства, адбіўшы некалькі нападаў з боку суседзяў. Але раздробленасць была непазбежнай. Канчатковае вылучэнне ўдзелаў пачалося пад канец XII ст. Можна меркаваць, што Любаншчына ўвайшла ў склад Слуцкага княства. Курганныя могільнікі і селішчы IX —XIII ст. у гэтай мясцовасці найболын шчыльна размяшчаліся на верхняй Арэсе і прытоках — наблі жаліся да Случчыны і вельмі рэдка заходзілі ў межы прыарэскіх балот Мар'іна — Загалле. На поўдзень ад Паарэсся ляжалі амаль непраходныя балоты Камар-Моха, што цягнуліся на ўсход ад Случы праз дрыгвяністыя прасторы вакол Князь-возера. Жыхары верх неарэскіх паселішчаў маглі мець найбольш цесныя стасункі са Случчынай.
Паводле больш позніх пісьмовых дакументаў XVI ст., межы Слуцкага княства прасціраліся на поўдні і паўднёвым усходзе да Прыпяці (Петрыкаў), нізоўяў Случы (Ленін) і Пцічы. За Прыпяццю пачынаўся Тураўскі павет, а на ўсход ад нізоўяў Пцічы і Убарці — Мазырскі. 3 усходу Слуцкае княства межавалася з Глушскай і Парэчскай валасцямі, землі якіх размяшчаліся па Пцічы вышэй ускраін Мазырскага павета [4].
Слуцк упершыню згадваецца ў летапісах пад 1116 г. Горад з падуладнымі яму землямі ўжо ў 1160 г. спрабаваў выйсці з Тураўскага княства. Толькі ў 90-я гады XII ст. Слуцк дамогся самастойнасці. Да канца XIV ст. у ім княжылі нашчадкі князя Юрыя Яраславіча.
Адсутнасць пісьмовых звестак пра Любаншчыну да XVI ст. тлумачыцца тым, што яе населеныя пункты ляжалі ўдалечыні ад буйных палітычных цэнтраў і важнейшых дарог. Адзін з шляхоў з Полацкага ў Тураўскае княства праходзіў уздоўж Случы праз Грозава, Слуцк, Старобін, Ленін, Жыткавічы [5]. Відавочна, па ім рухалася на Навагародак у 1277 г. аб'яднанае войска рускіх князёў пад кіраўніцтвам галіцкага князя Льва Данілавіча і татарскага ваяво ды Ягурчына [6]. У наваколлі вёсак Даманавічы, Скаўшын старажылы пераказваюць паданне пра «дзедаўскі шлях» з Турава ў Слуцк. Водны шлях з Палесся на Панямонне, якім маглі карыстацца ў старажытнасці насельнікі з берагоў Арэсы, праходзіў па Пцічы, з яе ў р. Шаць, далей праз валокі каля сучасных Валяр'ян у р. Лошу [7].
3 канца X ст. ва ўсходніх славян пачынала распаўсюджвацца хрысціянства. Пашырэнне хрысціянскай рэлігіі адбывалася на фоне язычніцтва. На Беларусі яшчэ з паганскіх часоў пакланяліся валунам. На Любаншчыне маецца некалькі камянёў, якія і дагэтуль лічацца культавымі: валун з паглыбленнем у выглядзе чалавечай ступні каля в. Касцюкі (перавезены ў в. Асавец), камень з высечаным крыжам у в. Крываль (ур. Дуброва), валун у форме няправільнага куба пад Пеклічамі, дзіркаваты («божы») камень паміж Ператокам і Дубнікамі.

М. М. Крывальцэвіч

1. Седов В. В. Восточные славяне в VI — XIII вв., 1982.
2. Дубінскі С. А. Досьледы культур жалезнага перыяду на БССР у 1929 г. // Працы археолёгічнай камісіі. Т. 2, 1930.
3.Лысенко П. Ф. Дреговнчн, 1991.
4. Любавски М. Областное деленне и местное управленне Литовско-Русского государства ко времени издання первого Литовского статута, 1892; Грицкевнч А. П. Древний город на Случи, 1985.
5. Данилевиіч Е. Е. Пути сообщення Полоцкой земли до конца XIV ст., 1898.
6. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь, 1990.
7. Жучкевич В. А. Дороги и водные пути Белоруссии, 1977.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY