Муравейка Іван Андрэевіч
Муравейка Іван Андрэевіч (н. 21.10. 1921 г. у в. Таль) — паэт, самабытны і цікавы, на ўсё свае доўгае жыццё застаўся верным роднаму кутку, нікуды не выехаў з Любані. Тут працаваў у раённай газеце, ствараў свае творы, у якіх апяваў Палессе, успамінаў перажытае... Куды толькі ні кідаў яго лес за доўгія гады, але ён заўсёды вяртаўся сюды, на бераг Арэсы. А перажыць давялося сапраўды нямала. Яшчэ ў школьныя гады ў юнака акрэслілася цяга да роднага слова, вызначыліся літаратурныя здольнасці. Паступіў у Беларускі камуністычны інстытут журналістыкі, але ў тую ж восень Чырвоная Армія рушыла на захад, да берагоў Заходняга Буга, і Іван Муравейка на многія гады апрануў салдацкі шынель. Але баявое хрышчэнне атрымаў толькі праз два гады, на другой вайне, на Віцебшчыне ў ліпені 1941 г. Смаленск, Ярцава, жудасная Салаўёўская пераправа праз Днепр, Ельня... Не доўгім, але пакутліва цяжкім быў шлях Муравейкі ў тыя пякельныя летнія дні. 22 жніўня ў адным з баёў побач узарвалася варожая міна, асколкамі якой быў цяжка паранены Іван Андрэевіч.
 
 Муравейка Іван Андрэевіч
Амаль паўгода знаходзіўся Муравейка ў шпіталі на Алтаі. Потым было вайсковае вучылішча, а праз пяць месяцаў паскоранай вучобы зноў фронт. Цяпер ён быў малодшым лейтэнантам, мінамётчыкам. Дарога ляжала на захад ад Волгі, зноў праз Днепр, а далей былі Вісла, Одэр, Шпрэе... 3 восені 1944 г. Іван Муравейка быў ужо супрацоўнікам дывізіённай газеты, потым — карэспандэнтам армейскай.
У Любань вярнуўся толькі ў маі 1947 г. у пагонах старшага лейтэнанта, з трыма баявымі ордэнамі на грудзях і многімі медалямі. Адпачыў, падлячыўся і пачаў працаваць у Любанскай раённай газеце адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, рэдактарам. У пачатку 60-х гадоў закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Да гэтага часу ў яго было ўжо нямала надрукаваных вершаў — ад першай спробы пяра яшчэ ў даваенныя гады ў дзіцячых і піянерскіх газетах і часопісах, у армейскім друку — аб вайне, баявых таварышах, вогненных дарогах да Перамогі... Але сапраўднае сваё прызванне паэт знай шоў у дзіцячай літаратуры, у вершах і казках для тых, дзеля будучыні якіх салдат ішоў у атаку... У 1955 г. выйшла першая кніжка паэта «Песня над палямі», а ўсе астатнія — для дзяцей. Былі такія часы, што выходзілі яны амаль штогод. Звыш 10 кніг для дзяцей малодшага школьнага ўзросту напісаў паэт. Многія вершы Івана Муравейкі ўвайшлі ў зборнікі, дзіцячыя энцыклапедыі, буквары.
Мінулае, перажытае не магло не даваць знаць пра сябе, у думках паэт часта вяртаўся ў сваю баявую маладосць. I вось у 1991 г., у год 70-гадовага юбілею паэта, у выдавецтве «Юнацтва» выйшла кніга Івана Муравейкі «Пры нёс з вайны», дзе змешчаны франтавыя замалёўкі, успаміны, дзённікі, былі, гумарэскі... На яго вершы напісаны песні, на радзіме асаблівай папулярна сцю карыстаецца «Песня пра Любань» кампазітара П. Якавенкі. 3 1953 г.
I. А. Муравейка — член Саюза пісьменнікаў, у 1982 г. яму прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусь
  ...Жыве ў Любані паэт. Чалавек, грамадзянін... Яго жыццё, праца, творчасць могуць служыць узорам для землякоў, прыкладам адданасці роднаму краю, які Іван Муравейка апеў і праславіў.

В. Р. Феранц

ЧЫРВОНЫ СНЕГ
Не веру я, што людзям сняцца
Сны каляровыя не часта.
Чаму ж штоночы сніцца мне
Чырвоны снег?
Чырвоны снег...
Ішлі ў атаку батальёны,
I станавіўся снег чырвоны.
Упаў і я ўскрай сяла,
I чырвань вочы апякла.
Таму і сніцца часта мне
Чырвоны снег,
Чырвоны снег...
Такое помніцца і ў сне.

ЦЁТКА ЗОСЯ
Яшчэ на золак не паказвае,
I зоры бліскаюць расой.
А дзесь вядро ціхенька бразнула,
I скрыпнуў журавель праз сон.

Яшчэ блукаюць сны па вуліцы,
I толькі ў хаце за мастком
Адно акенца расплюснулася,
Глядзіць вясёлым аганьком.

I комін шэраю хусцінкаю
Камусь прыветна замахаў.
Паслухайце: ўжо вёдры дзынькаюць
Каля ўсіх суседніх хат.

Далей... далей... Ужо сяло ўсё
Не спіць — да крайняга двара.
Калі устала цётка Зося,
Усім тады ўставаць пара.

Хто-небудзь скажа:— Вам не трыццаць,
Час на спачын, дагледзіць сын.
Вы ж не прысядзеце, як бьщцам
Вам трэба болей, як усім...

А цётка Зося:— Дзеткі, дзеткі,
Жыццём умейце даражыць.
Адпачывацьмем на тым свене,
На гэтым свеце трэба жыць.

I жыць не так, як набяжыць...

Іван Муравейка
Комментарии
Добавить новый Поиск
Василь  - Дзе фотаздымкі ?   |178.125.36.xxx |2010-07-11 18:10:57
Чаму няма фотаздымкаў ганаровых грамадзян (Івана Муавейкі)?
Сергей   |SAdministrator |2010-07-12 19:59:36
Пожалуста. Кстати снимок можно найти в
разделе "Наши писатели"
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY