ГАРАДЗЯЦІЧЫ
Жудасная гісторыя здарылася тут.
Жыў на гэтай выспе надта багаты князь. Палац у яго быў са шкла рознакаляровага, з дарагіх камянёў, з такога матэрыялу, якога, можа, зараз і на зямлі ўжо няма. А багацця ў валадара палаца было столькі, што калі госці прыязджалі, то ён, каб павыхваляцца, загадваў слугам выносіць з падзямелля і ссыпаць у гурбу каштоўнасці. За дзень насыпалі гару, амаль роўную з выспай, прычым, аказваецца, золата-срэбра выносілі толькі з аднаго падземнага памяшкання.
Паступова вакол палаца ўтварыўся горад. Як яго называлі, цяжка сказаць, бо ужо, самі бачыце, і сляды сплылі тае гісторыі. Гаворку трэба весці не пра горад, а пра таго князя, бо з-за яго ўсё і атрымалася.
Гаспадар такі злосны быў, такі бязлітасны, што проста жах. Сяляне ці рамеснікі стараліся аб'ехаць горад як мага далей, ды зрабіць гэта глухой ноччу, каб не трапіць на вочы князю ці ягоным слугам, бо пападзешся — назад шляху не будзе. Гэты вылюдак загадваў з жывых мужчын кішкі ды жылы на дрэвы намотваць. Сам жа стаяў побач ды пасміхваўся, гледзячы на мукі людзей. Казалі, што такім ён зрабіўся з-за багацця. Нездарма ў народзе гавораць, што багаты ніколі нікому не спачувае. А яшчэ — што золата кроў ахалоджвае, робіць чалавека абыякавым да чужога гора.
У таго князя з дзяцей толькі адна дачка была. Не тое каб надта прыгожая, але душою сумленная і шчырая. Спачувала людзям гаротным, ніколі слова благога на іх не сказала. Звалі яе Ірынкай. Не адну ночку праплакала яна з-за бацькі-ваўкалака, не адну ноч на каленях перад абразамі прастаяла, грахі замольваючы. Вядома ж, не ўласныя, а бацькоўскія грахі, ды баялася, відаць, нават перад Богам гэта сказаць. Адчувала, што такой бяды, як у іхнім краі, нідзе ў свеце, можа, і не было болей.
За Ірынкай пастаянна хадзілі двое служкаў, і нельга ёй было ні выйсці да людзей, ні паразмаўляць з кім. А калі ўсё ж надаралася такое, то на наступны дзень таго ўжо катавалі ў княжацкім двары, скуру з жывога здзіралі. I што самае страшнае — бацька загадваў ёй у абавязковым парадку прысутнічаць пры пакараннях. Бедалага і вочы закрывала, і галаву нахіляла, каб не глядзець на тое, што навокал адбывалася, але ж крыкі адчайныя ўсё роўна да сэрца даходзілі. А князь побач стаяў ці сядзеў і, пасміхваючыся, дачку супакойваў:
— Ірынка, родненькая, чаго гэта ты так хвалюешся? Чаго ты так перажываеш? Было б за што. Гэта ж не людзі, такія, як мы з табою, гэта ж быдла, нават яшчэ горш. За добрую жывёлу я грошы вялікія плачу, а гэта мне дарма перапала! I няма чаго іх шкадаваць, не заслугоўваюць яны тваіх слёзак!..
Гаспадар дачку суцяшае, а яна яшчэ горай заліваецца і праз плач спрабуе бацьку ўгаварыць:
— Татачка, родненькі, гэтак жа нельга рабіць, бо нас Бог пакарае! Не будзе нам спачыну на тым свеце! Не знойдуць прыстанішча нашыя душы! Не возьме нас маці-сырая зямля! Нельга далей гэтак жыць!
А князь, знай сабе, толькі рагоча:
— Які там Бог, якое пакаранне? Хто нада мною можа быць гаспадаром, калі ў мяне багацця столькі, што паўсвета купіць магу і на другую палову ў падзямеллі каштоўнасцей застанецца? Трэба жыць ва ўласнае задавальненне, а на тым свеце як-небудзь усё ўладкуецца. Не перажывай, дачушка...
Пасля аднаго з такіх катаванняў, калі каралі цяжарную жанчыну, Ірынцы зрабілася дрэнна, і яе ледзьве адхадзілі самыя вопытныя дактары. Але стала дзяўчына нейкай ціхмянай і запаволенай, увесь час толькі і рабіла, што шчыра, са слязьмі малілася ды на словы бацькавы ўжо не звяртала ніякай увагі. Князь болей не загадваў ёй прыходзіць на пакаранні, бо медыкі папярэдзілі, што яна можа сканаць, калі разнервуецца.
Аднойчы Ірынка папрасіла бацьку:
— Тата, загадай пабудаваць касцёл. Няхай майстры зробяць яго вялікім і прасторным. Буду ў ім замольваць свае грахі перад Богам, згадваць матульку, якая рана мяне на гэтым свеце пакінула. I навошта яна гэта зрабіла?.. Загадай, тата, табе ж гэта проста...
Князь адразу сазваў сваіх майстроў і аддаў загад: каб за паўгода на высокім грудзе стаяў касцёл!
Сагналі людзей з усяго наваколля. Дзень і ноч яны гнуліся-пакутавалі на будаўнічай пляцоўцы. Не давалі ім ні есці, ні спаць, толькі працуй, дый годзе. Нават калі дождж ішоў праліўны, работа не перапынялася. Маўчалі гаротныя, бо ведалі, чым можа скончыцца самае нязначнае непаслушэнства: замуруюць у сцяну, абкладуць з усіх бакоў камянямі і будзе табе жывая магіла.
А будыніна атрымлівалася непаўторная. Яшчэ верх не ўзвялі, а ўжо была яна нібы хвоя стромкая, да неба цягнулася, блішчэла-пералівалася на сонцы. Але самае дзіўнае — што ўсе камяні, нягледзячы на прыродны колер (белы, шэры ці чорны), у сцяне рабіліся аднакаляровымі — чырвона-крывавымі. Сяляне, сагнаныя на будоўлю, пачалі казаць паміж сабою, што гэта слёзы і кроў людская пафарбавалі іх у адзін колер.
Нарэшце надышоў дзень, калі ўбілі апошні цвік, замацавалі апошнюю гонту, паклалі апошнюю цагліну. Працаўнікі разагнулі спіны і заціхлі, чакаючы ад князя чарговага загаду. Ен мог загадаць ім разыходзіцца па хатах, а мог прымусіць зараз жа кіраваць на будаўніцтва нейкага іншага гмаха.
У гэты момант з палаца выйшла Ірынка і пакіравала да касцёла. Народ, гледзячы на яе, пападаў на калені і пачаў жагнацца, бо здавалася, што сама боская чысціня і шчырасць крочыла сярод іх па зямлі. Князёўна была ў белай вопратцы. I гэта яшчэ больш падкрэслівала ўрачыстасць моманту. Нібы лілея плыла пасярод натоўпу да ўзведзенага будынка. Падышла яна да дзвярэй касцёла і таксама ўкленчыла. У напружанай цішыні загучаў голас дзяўчыны:
— Божа! Даруй мне мае грахі, даруй, Божа! Няўжо на зямлі гэтай нічога не перайначыцца? Няўжо так і будзе, што адзін па-ранейшаму стане валадарыць над лёсам другога? Даруй, Божа, грахі майго бацькі! Даруй! За яго менавіта і прасіла пабудаваць зусім новы храм у тваё імя! Няхай надыдзе час, калі ён перайначыць свой нораў, пачне з павагай адносіцца да людзей!
Паспалітыя лавілі кожнае яе слова, бо ўпершыню чулі такія спагадлівыя думкі, выказаныя ад шчырага сэрца, ад чыстай душы. Але Ірынка не паспела скончыць сваю дзіўную малітву. Прагучаў магутны голас князя:
— Ты што гэта сабе дазваляеш, мярзотніца?! Ты прасіла мяне пабудаваць касцёл, каб у ім замольваць грахі свае і прасіць літасці ў Бога за маці, а ўвесь час папікаеш мяне, апаганьваеш маё імя! За каго стала Бога прасіць, за смярдзючых мужыкоў?! Слугі! У падзямелле яе! Няхай там свае малітвы творыць, няхай там да Бога просьбы пасылае! У падзямелле! Каб ніхто не бачыў яе і не чуў! Выконвайце!
Загуў-застагнаў народ, заплакалі некаторыя ўголас, але Ірынка супакоіла іх:
— Не трэба плакаць па мне, людзі! Не трэба! Няўжо вы і гэтак мала слёз штодзень праліваеце? Не бойцеся, я і там Богу маліцца буду. Мне багацця не трэба, золата таксама, яно чалавека не ўзвышае, а прыніжае! Я заўсёды буду маліцца за вас!
— Выратуй цябе Божа, князёўна! — загучалі шматлікія галасы.
  Ірынку кінулі ў сырое падзямелле, і там яна дзень і ноч адмольвала грахі людскія і свае і праклінала ўласнага бацьку-вылюдка. Есці-піці не брала і недзе праз месяц сканала. Калі гэта здарылася, то пасярод ночы загула бура з навальніцай, разлёгся магутны гром, забліскацелі частыя маланкі і горад пачаў правальвацца. Першымі шуснулі ў зямную прастору палац і касцёл, а потым і астатнія будынкі. Да раніцы толькі спакойнае мора калыхалася там, дзе яшчэ ўчора жылі людзі, ды месцамі ўзвышаліся невялічкія астраўкі. Вось як успамін толькі і засталося, што назва — Гарадзяцічы.

Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь” 1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY