СОСНЫ
На вяку нашых продкаў часта надараўся паморак. Калі не ведаеце, што гэта такое, то лепей і не ведаць. Падчас такой хваробы людзі выміралі цэлымі сем'ямі, вуліцамі, а здаралася, і вёскамі. Уявіце сабе: стаяла вёска, жылі ў ёй сяляне, а потым раптоўна, за нейкія там пару тыдняў ці месяцаў, усе выміралі і толькі скразнякі ды адзічэлыя каты і сабакі гулялі па апусцелых будынінах , дзе дагнівалі касцякі мерцвякоў, якіх не было нават каму пахаваць. Найбольш часта такое здаралася падчас войнаў ці пажараў, засух ці голаду, калі народ аслаблены. Захварэе адзін-другі, а там ужо перадаецца, нібы па ланцужку. У народнай памяці засталося шмат апавяданняў адносна ўсяго гэтага. Дык вось, аднойчы і ў тым паселішчы, якое было раней на нашым месцы, успыхнуў паморак. Ды такі страшны, такі свірэпы, што па ўсім княстве аб ім чутка хутка пранеслася. Князь, не надта вагаючыся, загадаў сваім верным воінам шчыльна акружыць вёску і нікога з яе не выпускаць, каб не разносілі хваробу па іншых населеных пунктах. Адпаведна і ў вёску нікога не прапускалі. Па-іншаму нельга было выратаваць вяскоўцаў, не было тады яшчэ нейкіх там лекаў. 3 сялянамі тварылася нешта жудаснае. Выходзіў чалавек з хаты, здаецца, здаровы, вясёлы. I раптам ногі пачыналі трэсціся, млявасць расплывалася па ўсім целе. А далей — болей, і праз дзень-другі яго ўжо нельга было пазнаць, ён сінеў на вачах, пухнуў. Спачатку памерлых вывозілі ці выносілі на могілкі, але потым неставала ўжо сілы, не было здаровых сялян. Праз нейкі месяц чорная справа завяршылася. У паселішчы не засталося ніводнага жывога чалавека.
Войскі пастаялі яшчэ з тыдзень і атрымалі загад ад князя ўсё навокал вынішчыць агнём. Прайшлі воіны па паселішчы, у будыніны не заглядвалі, але ўважліва прыслыхоўваліся, а раптам хто жывы застаўся. Да іх не данеслася ніводнага голасу, было ціха, нібы ў магіле. Запалалі хаціны і гумны, хлявы і стагі, у неба пацягнуліся чорныя дымы.
Прайшло, можа, гадоў дваццаць ці дваццаць пяць. На тым месцы, дзе некалі вёска стаяла, лес высокі ўзняўся. Вядома, не дубовы, а бярозавы ды алешнікавы. На былых могілках лес і даўней быў, дакладней, невялічкая купка яго, зараз жа стала высачэзная сцяна сасновага бору, які ажно з небам гаманіў.
Мінула яшчэ гадоў колькі, і ад магілак людскіх ніякага следу не засталося, бо даўней помнікаў не ставілі, толькі дрэва ці камень які пазначалі і ўсё. Сярод соснаў вылучаліся тры дрэвы высачэзныя ды стромкія, нібыта іх хто спецыяльна сякерай выраўняў і ўторкнуў на гэтае мёсца. 3 цягам часу сюдою сталі людзі ездзіць ды хадзіць, і абавязкова прыпыняліся ў замілаванні перад нябачанай прыгажосцю сасновых асілкаў.
Ішлі аднаго разу тры вандроўныя музыкі міма гэтых былых могілак. Селі адпачыць пад разгалістымі дрэвамі і таксама заўважылі высачэзныя сосны. Пераглянуліся паміж сабою і гавораць:
— Вось каб з гэтых дрэваў скрыпкі зрабіць, то, відаць, самі ігралі б!
Загарэліся старыя ды так і злаўчыліся. Звалілі кожны па сасне, выбралі найбольш прыгодныя кавалкі драўніны, астатнюю склалі ў кострышча (нехта з вяскоўцаў сабе на дровы забярэ ці яшчэ на што спатрэбіцца). Парабілі скрыпкі, селі пад дубком і зайгралі. Інструменты атрымаліся не абы-якія, а самыя што ні на ёсць найлепшыя. Дастаткова было смыкамі крануць струны, як яны заліваліся звонкімі, нечуванымі дасюль галасамі.
Пайшлі задаволеныя старыя далей, скрыпкі каштоўныя ў торбачкі за плечы паклаўшы. Зойдуць дзе-небудзь у вёску па дарозе і як зайграюць — усё паселішча адразу ж бяжыць слухаць. У самыя глухія куткі музыка далятала і сэрцы абуджала. I не тое, каб адным маладым даспадобы была. I старых, і знямоглых нават вабіла. Каторы стары ці старая з печы гадамі да гэтага не злазілі, а зараз кіравалі, адзін аднаго падтрымліваючы, на гукі скрыпак.
Абступяць музыкаў паўколам, а тыя сядзяць і граюць, толькі часам каторы з іх ціха прамовіць:
— Можа б, людцы добрыя, чаго-небудзь перакусіць прынеслі, а то здарожыліся мы незвычайна, з учарашняга вечара нічога ў роце не трымалі. Будзьце ласкавы, калі што маеце...
Ачомаюцца сяляне. I сапраўды, чаму ж самі не здагадаліся старцам паесці прапанаваць? Пабягуць хуценька, хто бліжэй жыве, прынясуць, і далей музыкі граюць. I чуецца ў іхняй мелодыі ўся боль чалавечае душы. Вось, нібы наяве, галосяць-заліваюцца жанкі над магіламі памёршых. I кожны з прысутных прыгадвае сваё: дзядоў, бацькоў, братоў, сясцёр, мацярэй, дзяцей, іншых родзічаў і проста добрых людзей, што заўчасна пакінулі гэты свет. Задумаюцца вяскоўцы над сваёй доляй горкай, над хуткаплынным жыццём чалавечым, і слёзы самі на вочы набягаюць, так млосна на душы робіцца, што, здаецца, уголас бы зараз жа завыў, ды людзі навокал стаяць. Жаласліва іграюць скрыпкі, а навокал стаяць і бязгучна плачуць людзі. I да таго расчуляцца, што і гаварыць ужо спакойна паміж сабою не могуць. Потым нехта ўстрапянецца ды прамовіць:
— Людцы, давайце ўжо разыходзіцца па хатах, бо і самі стаміліся, і людзей падарожных прытамілі.
Старцаў забіралі да сябе найбольш заможныя і ставілі на стол усё самае найлепшае з запасаў, бо надта ўдзячныя былі за выдатнае гранне.
Раніцай старцы ішлі далей. Праводзілі іх усім паселішчам, прасілі не мінаць, калі зноў некалі з'явяцца ў гэтых мясцінах.
Доўга хадзілі па свеце падарожныя і гралі гэткія прачулыя мелодыі. А потым падумалі: смутку ў жыцці вяскоўцаў і так хапае, трэба неяк развесяліць іх, прыдаць ім новыя сілы, жаданне працаваць, жыць. Вырашылі музыкі весялейшыя мелодыі выконваць. Але тут адбывалася нешта дзіўнае: толькі бывала яны кадрылю ці полечку-весялуху зайграюць, як скрыпкі глухнулі. А калі пачыналі музыкі больш старанна і настойліва вадзіць смыкамі, то рваліся струны, нячутна лопаліся, нібы павуцінне, нават і не дзынькалі пры гэтым. Старцы аглядаліся бездапаможна навокал і ішлі далей, каб ні сябе, ні сялян лішні раз не хваляваць.
Аднойчы патрапілі яны ў адну вёску на вяселле. Усе спяваюць, маладым дабра-шчасця зычаць. Падарожных таксама за сталы святочныя пасадзілі, частуюць ад шчырага сэрца, нічога не шкадуюць — наліваюць і падкладваюць. Пад'елі старцы і вырашылі аддзячыць добрых людзей, сыграць што-небудзь вясёлае, заліхвацкае, каб местачкоўцы патаньчылі. Ведама ж — вяселле. Сабраліся зайграць вясёлую мелодыю, а са скрыпак такія сумныя гукі паліліся, што ў адзін момант людзі навокал скамянелі.
Узлаваліся падарожныя не на жарт, ускрыкнулі:
— Дакуль гэта доўжыцца будзе? Ці ж нам нельга занграць тое, што людзі просяць?
I з таго гневу як лупянуць сваімі скрыпкамі хто аб вугал, хто аб печку, толькі драбнюсенькія кусочкі ва ўсе бакі, нібы пырскі вады, паляцелі.
Глянулі падарожныя на свае скрыпкі, дакладней на тое, што у руках ад іх засталося, і шкада ім стала інструментаў. Нагнуліся яны і пачалі збіраць трэсачкі ў торбы. Ды толькі возьмуць нейкі кавалачак у торбу — ён адразу ж ператвараецца ці ў горкія слёзы ці ў кроў. Зразумелі старцы, што марныя іх намаганні і паншлі сабе паціху далей. А на тым месцы, дзе яны скрыпкі разбілі, вясною выбіліся з зямлі і пачалі расці тры сасны, адна прыгажэйшая і страмчэйшая за другую. Ля іх сталі людзі жыць, і вёску сваю назвалі Сосны.

Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь” 1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY