Сказ пра Беларускае Палессе

(Да 152-годдзя выхаду кнігі П.М. Шпілеўскага "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі")


“... І можа сотні год
3 тых часоў працяклі,і згінуў іх народ.
І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанава ўсё збудзілі,
І людзі ведаюць аб прадзедах сваіх, —
Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі."
М. Багдановіч


У невялікай вёсачцы Шыпілавічы, якая тулілася на пясчаных выспах, сярод балот былога Бабруйскага павета Мінскай губерніі нарадзіўся Павел Міхайлавіч Шпілеўскі. Можна толькі ўявіць сабе дзіцячыя гады хлапчука сярод людзей, якія называлі сябе палешукамі, тыя ўражанні аб сялянскім быце, лёсе сялян, іх абрадах на святах і ў працы.
Сёлета П.М. Шпілеўскаму спаўняецца 185 год з дня нараджэння і ўжо пара сказаць праз напластаванні тых далёкіх мінулых дзесяцігоддзяў, што дало штуршок юнаку да прагі пазнаць свой край, сваіх беларусаў.
Павел Міхайлавіч нарадзіўся ў сям'і духоўніка, атрымаў духоўную адукацыю. Настаўнічаў у Варшаве, Пецярбургу. Жыццё ў сталіцы Расіі зблізіла яго з перадавой рускай інтэлегенцыяй, у прыватнасці з Дабралюбавым. П. Шпілеўскі цікавіўся літаратурай, краязнаўствам, этнаграфіяй, лінгвістыкай, фальклорам, тэатрам, археалогіяй. У краязнаўчай кнізе "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі" П. Шпілеўскі апісаў не толькі свае падарожныя ўражанні, але і прывёў гістарычныя звесткі пра ўбачаныя ім населеныя пункты.
А зараз давайце і мы разам з аўтарам станем спадарожнікамі па Мінскай губерніі.
"Так як насельніцтвам Мінскай губерніі пераважна былі крывічы, нягледзячы на тое, што некаторую частку Мінскай губерніі састаўляе Палессе, вядомае ў дрэўнасці пад назвай зямлі Вудзінаў і Неўраў, буду гаварыць толькі аб крывічах, як галоўным племені Мінскага краю ў дрэўнасці. Крывічы, якія зрабіліся асядлымі на Дняпру, Сожу, Прыпяці вялі жыццё мірнае, дамаседнае. I па-гэтаму збераглі свой першапачатковы славянскі быт, сваю веру і сваю мову... На гэтай беларускай мове любілі гаварыць Мінскія, Магілёўскія, Віцебскія памешчыкі, на ім і цяпер гавораць больш трох мільёнаў чалавек, нават быўшыя ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях уніаты гаварылі і пісалі метрычныя кнігі па-беларуску, альбо па-крывічскі".
Гэта пачатак шляху па Мінскай губерніі. Аўтар дае дастаткова матэрыялу пра заснаванне засценкаў або сяленняў, сістэмы кіравання, якія існавалі ў нашых продкаў. "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі", дзякуючы дасціпна поўнаму апісанню, здаецца вельмі жывым і блізкім, няма ўражання далёкасці часу. Прыслухайся на хвілінку, азірніся назад — і пачуеш гоман працавітых сялян, грукат на будоўлях княжаскіх камяніц, шэпат магутных лясоў на адвечнай зямлі беларусаў.
"У 1500 годзе Мінскае ваяводства складалася з трох уездаў: Мінскага, Учыцкага, Мозырскага. Польскі ўрад меў план загубіць у гэтых ваяводствах дрэўні славянска-крывіцкі язык, знішчыць праваслаўе, пры ўдзеле уніі, рымскага каталіцтва. Але гэтая мара не здейснілася. Нашчадкі крывічэй адстаялі сваю родную мову і ўтрымалі за сабою назву беларусаў..."
Дакрануўшыся крыху да гісторыі нашых продкаў, хацелася аўтарскім словам расказаць пра быт польскага народа. "Быт народа мінскага ў сучасны час зусім бязбедны і нават у добрым стане, асабліва, калі яго зраўніць з бытам у час прадажу ў Мінскай губерніі гарэлкі жыдамі. Жыд так лоўка ўмеў улезці ў душу прастака-мужыка беларускага, што той гатоў быў аддаць яму апошнюю мерку аўса ці жыта. Асабліва згубным у гаспадарцы было тое, што жыд сілком навязваў селяніну грошы ў доўг (на-павер), бо выманьваў у выглядзе вялізных працэнтаў у мужыка за бясцэнак адкормленае цяля, барана ці карову... Мінскія пасяляне большай часткай сярэдняга росту, толькі Пінскі і частка Слуцкага ўезда славяцца даволі такі рослымі мужчынамі. Што датычыць да жанчын, то самыя прыгожыя і відныя сустракаюцца больш у Рэчыцкім і Бабруйскіх уездах і асабліва бліз Нясвіжа. Больш неахайныя і хілыя — жанчымы барысаўскія і ігуменскія. Паміж жаночым полам зберагаецца цнатлівасць і бездакорная мараль. Больш раздумныя жанчыны сустракаюцца ў Мінскім, Рэчыцкім, Навагрудскім уездах. Затое ў гэтых уездах жанчыны ходзяць прыгажэй апранутыя.... не носяць лапцей, а больш ходзяць у ботах і ў казлевых чаравіках..."
У "Падарожжы..." П. Шпілеўскі апісаў усё, што бачыў на сваім шляху з Варшавы ў Беларусь: гарады, вёскі, дарогі, легендарныя курганы, крэпасці, замкі, памешчыцкія маёнткі, пушчы, балоты, фауну і флору падарожных мясцін, местачковыя кірмашы і г.д. Аўтар расказвае падрабязна пра г. Мінск, яго архітэктурныя збудаванні, вуліцы, плошчы, сады і паркі. Нарысы насычаныя разнастайнымі звесткамі, узятымі са шматлікіх друкаваных крыніц — мастацкай краязнаўчай літаратуры, летапісу.
Старажытнасці — галоўны прадмет увагі П. Шпілеўскага. Магчыма, па-гэтаму яму шанцавала на розныя старасвецкія знаходкі. Каля вёскі Вяліцічы Барысаўскага павета ён выявіў унікальную групу валатовак — земляных капцоў, якія некалі служылі ветравымі слупамі, і прыводзіў рэдкую вясельную песню, дзе ўпамінаюцца валатоўкі.
Да заслугі П. Шпілеўскага трэба дадаць і тое, што ён зрабіў першае і даволі падрабязнае апісанне беларускіх народных танцаў "Пацяруха", і тэкст песні, якая выконвалася як прыпеў да танца "Завіруха". У лірычных адступленнях аўтар "Падарожжа..." выказвае свае думкі па асабіста хвалюючых яго праблемах — гэта самастойная беларуская мова, якую ён прызнаваў літаратурна развітай, падкрэсліваў яе гістарычнае, культурнае, нацыянальнае і дзяржаўнае значэнне ў Вялікім княстве Літоўскім.
А зараз мы звернемся да старонак "Падарожжа..." П. Шпілеўскага дзе, на мой погляд, асабліва цікавыя звесткі пра сельскагаспадарчае жыццё края. Вось пералік тых культур, што вырошчваліся на Міншчыне: бульба: белая, жоўтая, чырвоная, гарбатая і стократка (маленькая, але вельмі смачная), сачавіца (мелкая і вялікая), агуркі (якія вельмі добра радзіліся ў Слуцкім уездзе), салата, пятрушка, мак, табак, сеялі нават дыні і кавуны, з якіх рабілі масла.
"У канцы жніўня выбіраюць з агародаў агуркі і соляць на зіму ў бочках, кадках, якія закапваюць у зямлю, кладуць у калодзежы, апускаюць у возера альбо ў раку. Такім чынам захоўваюць у добрым стане. У пачатку верасня пачынаюць выбіраць бульбу. Уборка яе дваякая: ці выкапваюць заступамі жанчыны, ці вырываюць сахою з карнямі мужчынь”. Ці шмат мы, сучасныя гаспадыні, апярэдзілі сваіх продкаў у гэтым працэсе?
3 жывёл трымалі кароў, валоў, авечак, свіней, індзюкоў, качак, галубоў, паўлінаў, цацарак. Слуцкі, Мозырскі, Барысаўскі ўезды славіліся пчалярствам. П. Шпілеўскі дае апісанне багатым лясам, дзе вадзіліся ваўкі, рысі, мядзведзі, сарны, лосі, куніцы, хахулі, барсукі, норкі. Рыбам у рэках і азёрах Мінскай губерніі не было ліку: тут і самы, бялуга, асятрына, шчупак, карась, лінь і ... шмат іншых відаў.
Значэнне матэрыялу ў "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі" цяжка ацаніць. Яно не мае сабе роўных, а нам, землякам П. Шпілеўскага, патрэбна яго ведаць і вывучаць.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY