Прынёс з вайны


Так склаўся літаратурны лёс Івана Муравейкі, што ведаем мы яго — заслужана ведаемі — як самага ці не рабацяшчага беларускага дзіцячага паэта. Дзесяткі вершаваных зборнікаў для малечы выйшлі з-пад яго рукі, многія з тых вершаў даўно і надоўга перасяліліся ў вучнёўскія чытанкі.
А тут раптам заходжу ў сталічны «Светач» і бачу на паліцы акуратную кніжку ў зялёнай вокладцы: Іван Муравейка. «Прынес з вайны».
Адразу хацеў бы сказаць вось пра што. Сёння, калі мы вельмі далёка сягнулі ў абплёўванні ўсяго на свеце, калі журналістка з рэспубліканскім імем піша, што ёй ніякавата бачыць наіўных ветэранаў з ордэнскімі планкамі, кніга Івана Муравейкі — якраз тая кніга, якраз той грамадзянскі ўчынак, які можна і варта ацаніць.
I яшчэ адна адмеціна. Відаць, не памылюся: пасля мележаўскай «Першай кнігі» зборнік I. Муравейкі адзіны такога роду. Якога? У ім суседзяць франтавыя дзённікі, расказы пра аднапалчан, апавяданні, гумарэскі, былі, дыялогі, вершы, напісаныя па-беларуску і па-руску. Уладзімір Паўлаў у прадмове да зборніка піша: «У кнізе ўвесь матэрыял — водгулле часу, напісаны тады, а не сёння «пад учора».
Я не маю намеру пісаць пахвальную рэцэнзію — гэтая кніга не мае патрэбы ў рэкламе. Давайце проста пагартаем старонкі і паглядзім: што ж прынёс Іван Андрэевіч Муравейка з вайны ў кніжцы, выдадзенай сёлета выдавецтвам «Юнацтва» для дзяцей. Зноў жа бачым: і тут не здрадзіў пісьменнік свайму «штатнаму» чытачу.
«На адной невялікай станцыі... эшалон прастаяў дзве гадзіны. Я запакаваў свой сшытак з вершамі ў канверт, напісаўшы на ім свой хатні адрас, і апусціў яго ў паштовую скрынку: маўляў, няхай чакае мяне дома. Я яшчэ не ведаў, што немцы ўжо захапілі маю Любаншчыну».
Горкія дні адступлення з-пад Смаленска на ўсход. Разбомблены статак кароў, разліты з даёнкі сырадой, крык адзінокага пеўня ў спаленай вёсцы, ранены нямецкі лейтэнант, якога вёз, і сам не ведаючы куды, няголены салдат-вазніца: «Мо камандаванню спатрэбіцца... Ды і не кінеш жа яго, каб здыхаў у чыстым полі. Чалавек усё ж...», дэзерцірства саслужыўца, з якім выходзілі з акружэння — якіх толькі ўспамінаў не прынёс салдат з вайны. Роўна праз два месяцы ад пачатку яе поруч разарвалася міна. Шпітальная палата на Алтаі. Неразлучны блакнот. Вершы.
Я в забытье. Я вспомннаю бой
Сестра на койке на моей сидела.
— Простите мне, я,кажется, вздремнул.
— Вы снили что-то, да?
— Да, было дело...
Она меня укрыла,точно мать,
Поправила подушку, одеяло.
Я что-то нежное хотел сказать,
А рассказал, как наша часть сражалась.
Зноў фронт. Камандзір мінамётнага ўзвода, камсорг палка, карэспандэнт дывізіёнкі і «па сумяшчальніцтву» армейскі паэт. Паэт, які мусіў забіваць.
«За дзень мы адбілі пяць ці шэсць атак. Аднаго немца я застрэліў ва ўпор. Гэта быў невысокага росту, такі ж шчупленькі, як і я, юнак. Я яго ўбачыў толькі тады, калі ён прыўзняўся, каб кінуць гранату. Але не паспеў... I мне яго стала чамусьці шкада: «Дурань, чаго ты ішоў за тысячу кіламетраў, па сваю смерць?»
Скажыце мне людзі, наколькі глыбокай і трапяткой павінна быць чалавечая душа на вайне, каб пасля ўбачанага ў вызваленай познаньскай турме прысвяціць верш маці забітага нямецкага салдата?! Дык вось што ўбачыў у той турме лейтэнант Муравейка: «Вакол — трупы, трупы, трупы... Шмат абязглаўленых. Камера смерці. На адной сцяне запар некалькі металічных крукоў. Зняволенага ставілі спіной да сцяны са звязанымі рукамі і падвешвалі на крук. Падлога механічна апускалася, і чалавек павісаў у паветры на вывернутых руках... потым ірвалі цела пласкагубцамі, разбівалі малаткамі суставы рук і ног.
Калі і пасля гэтых катаванняў у чалавеку яшчэ тлела жыццё, яго цягнулі на другую палавіну камеры, да станка смерці. Асуджанага на смерць клалі на лаўку і заціскалі яго шыю ў адтулі-ну. Кат шморгаў за ручку троса, і стальная пласціна з завостраным краем падала ўніз і адсякала галаву».
Ды не агрубела сэрца, хаця франтавы «пейзаж» не песціць разнастайнасцю:
А потым была рукапашная.
Запомніў навек я: ляжаць,
У схватцы смяротнай абняўшыся
Двое — наш і чужак.
(1944 г.).
I тут жа, побач:
Артылерыя, танкі, пяхота
Гразь веснавую месяць.
Раптам пранізліва:
— Коля!
—Алёна!
Абняліся і плачуць, як дзеці.
I спынілася ўся калона,
Каб не сурочыць сустрэчы
(1944 г.).
Што ж, на вайне як на вайне. Тыя чатыры гады сталі для людзей, свайго роду, ладам жыцця. Кроў, смерць, кветкі, каханне — усё побач, усё у перамешку. I салдацкі гумар у акопе. Ад імя свай го героя-Цёркіна — Пятра Перапечкі запісваў Іван Муравейка гатовыя сюжэты з франтавой будзёншчыны.
I ўсё гэта прынёс з вайны Іван Андрэевіч. Хіба што яшчэ вось што. Ужо ў Познані, паходная дывізіёнка часова ўладкавалася ў кінутай кватэры. Сціплая кватэра, небагата мэбляваная, але з вялікай бібліятэкай.
«У гэтай кватэры, безумоўна, жыў аматар мастацкай літаратуры, а можа, нават літаратар. I я папрасіў прабачэння, што без дазволу ўзяў з яго бібліятэкі дзве кнігі. «Дзякуй за Майкава. Рускі лейтэнант Іван Муравейка», — напісаў я на нейкай кардонцы... Калі гаспадар добры чалавек, то ён мяне зразумее...»
Уладзімір Паўлаў: «Кнігу вянчае раздзел, у якім чуецца водгулле грознай пары. Паэтычнае водгулле. I гэта лагічнае завяршэнне таго, што можа паэт прынесці з вайны».
  Паэт. якому заўчора стукнула 70. Паэт, які і сёння ў ціхім палескім гарадку Любань адзін з нямногіх на Беларусі піша для нашых дзетак вершы.


А. Аўрамчык. Настаўніцкая газета 23 кастрычніка 1991г.

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY