Дачка Арэсы. Клятва

1
Лета неўпрыкметку кончылася: праплыло і знікла, як доўгі жураўліны клін у небе. I хоць першыя дзянькі верасня выдаліся без дажджоў, песцілі сонейкам і цяплом, асенняя пара брала сваё: клубіліся над Арэсай белыя туманы, зацягнула неба шэрай стужкай хмар, прырэчныя гаі паціху скідвалі свой барвова-залаты ўбор, неяк увачавідкі бляклі, цямнелі: з дрэў нячутна ападала лісце...
У Вялікі лес Феня ішла разам з Маняй: дзвюм весялей. Прабіраючыся па слізкіх і мокрых кладках праз балота, нарэшце выбіліся на грудок, а там праз алешнік, аднымі ім знаёмымі сцежкамі, напрасткі выйшлі да месца збору, на знаёмую палянку, да высокага разгалістага дуба. Наўкола цягнуўся лес, вялікі, сціснуты з усіх бакоў балотамі. Можна цэлы дзень хадзіць пад яго шатамі і не сустрэць чалавека. Таямнічы і маўклівы ён у гэту асеннюю пару.
Феня ўскарабкалася на высокі разгалісты дуб. Адсюль добра відаць дарога на Кузьмічы, адтуль часцей за ўсё паяўляюцца гітлераўцы, і гэты дуб мог стаць зручным назіральным пунктам для падполыпчыкаў.
Дзяўчына ўважліва агледзела наваколле: нічога падазронага не кінулася ў вочы. Паблісквала на сонцы Арэса, лагодная і спакойная ў сваім цячэнні. Ад ракі, па амаль непрыкметнай сцяжынцы, групамі і па аднаму, ішлі рабяты. Феня не ўтрымалася, склала рукі, як вучыў яе Адам, набрала поўныя грудзі паветра і вухнула з усёй сілы:
— Вух, вух, в-у-х,— панеслася рэха над лесам, неаднаразова паўтараючы крык начной спуджанай птушкі.
Падышла Маня, стала пад дубам, узняла галаву, загадала:
— Злазь з дрэва, сарока-разбойніца! Нашы блізка. Феня паволі злезла на зямлю.
— Так прыгожа ў лесе! Наваколле як на далоні,— і рашуча сказала: — Мы тут назіральны пункт зробім. У выпадку небяспекі можна людзей у вёсцы папярэдзіць.
— Глядзі, вунь яны,— радасна гаворыць Маня.
— Нашы ідуць! — заспяшалася насустрач дзяўчатам Феня.
Першая ішла Пелагея з Евай Заблоцкай і Алёнай, не па гадах сталай дзяўчынай, з нейкім упартым, затоеным агнём нянавісці, які гарэў у вачах: у першы дзень ворагі схапілі яе бацьку і расстралялі. Алёнка быццам пераняла ад бацькі эстафету нескаронасці...
Следам за дзяўчатамі кіраваліся Мікалай Курчыч і Іван Насановіч. Крыху паводдаль, не губляючы з поля зроку пярэдніх, ішоў Саша Шаўцоў. Далей Анопрыкаў з Ахрамовічам, Міхаіл Шаўцоў, Адам Насановіч... Хлопцы пасміхваліся і прыветна махалі рукамі. Феня здагадалася: усё добра, у яе адлягло ад сэрца:
— Чаго затрымаліся? Я ўжо рознае думала, пакуль чакала.
— А мы не спяшаліся. У лесе так цудоўна, камандзір,— бадзёра адгукнуўся Шаўцоў.— Па дарозе заглянулі ў патаемнае месца і, вось бачыш, падрыхтавалі падарунак,— Аляксандр паказаў на вінтоўку, якая вісела ў яго на плячы, і паляпаў па кішэні, з якой вытыркаў наган.— Трэба разабрацца са зброяй. У мяне дык даўно рукі свярбяць. Гэтак пастраляць хочацца.
— Гэтым і зоймемся,— задаволена сказала Феня. Шаўцоў дзелавіта выбраў месца на траве пад дубам. Кінуў на зямлю нейкую старэнькую посцілку, на яе паклаў зброю. Анопрыкаў моўчкі стаў разбіраць карабін, зрэдку кідаючы слова, другое хлопцам і дзяўчатам, якім не цярпелася хутчэй прыступіць да справы. Пелагея пазірала на раскладзеную зброю і ўсё непакоілася:
— Ці ж навучымся? Гэта так складана... страляць...
— Будзем практыкавацца, і ўменне прыйдзе,— супакоіў Анопрыкаў.— Спачатку вывучым матэрыяльную частку, пазнаёмімся са зборкай, разборкай,— ён з веданнем справы раскладваў на посцілку часткі ад вінтоўкі, нагана.— Толькі тады ты сапраўдны баец, калі з завязанымі вачыма збярэш і разбярэш вінтоўку, наган. Сярод ночы разбудзі — за лічаныя хвіліны справішся з заданнем,— даводзіў Пётр і пераконваў: — Нам трэба добра ведаць усе сістэмы стралковай зброі, разбірацца ў назначэнні самай дробязнай, непрыкметнай спружынкі, дэталі,— ён браў у рукі зброю і ўвачавідкі пераўвасабляўся. 3 ім было цікава. Дасціпным жартам ён мог падтрымаць упэўненасць, падаграваў жаданне хутчэй асвоіць складаную ваенную навуку.

2
3 гэтай палянкай у Фені звязаны прыемныя ўспаміны. Сюды яна прыходзіла з дзецьмі. Паказвала ім дзівосны куточак роднай беларускай прыроды, яшчэ не крануты рукой чалавека. Сюды яны прыходзілі з Іванам. Палянка ўвайшла ў яе жыццё як нешта дарагое, непадзельнае з такім паняццем, як родны кут, бацькаўшчына.
Сёння тут сабраліся яе ўчарашнія вучні — вучыліся бараніць сваё жыццё, жыццё родных, блізкіх, гэту паляну, волат-дуб ад заваёўнікаў... Роўны, строгі голас Анопрыкава вярнуў да суровай рэчаіснасці. Феня разумела — хутка ў бой, а ў ім пераможцам будзе той, хто добра валодае зброяй, і яна не адставала ад іншых — збірала і разбірала вінтоўку. Анопрыкаў паклаў перад ёю наган, сам перабірае, складвае, зноў разбірае, нібы паказвае Фені: сюды дула, корпус, ударны механізм...
Здаецца, адышоў некуды далёка-далёка той свет, якім яны жылі дасюль, усе разумеюць важнасць гэтых урокаў.
Побач сапе Сяргей Філіновіч, крыху далей корпаецца з ручной гранатай Іван Насановіч, а справа ад яго нязменны сябра Мікалай Курчыч.
— Паслухай, Феня,— гаворыць раптам Іван, паказваючы сабраную гранату.— Такая прыгожая, бяскрыўдная. Няўжо ўзарвецца?
— Гэта гледзячы як ты сабраў,— падкалоў Саша Шаўцоў.— Ведаеш, і чапяла раз у год страляе. Дык чаму тваёй гранаце не ўзарвацца... У самы непадыходзячы момант.
Усе смяюцца. Аднак кожны гатоў паставіць на месца Насановіча сябе. I таму смех хутка спыніўся. Адна Маня не губляе свайго настрою, ні на хвіліну не заседжваецца на адным месцы: ад аднаго да другога падыходзіць, ды не проста падыходзіць, падлятае, быццам яна бязважкая, ногі яе, здаецца, не кранаюцца зямлі. Яна ўсё такая ж рухавая, няўрымслівая.
— Сама сабрала. Дзіва! — і пераможна паглядзела на Феню.— Далібог, сама!
Феня адарвалася ад свайго нагана, узняла на малодшую сястру вочы, убачыла Маніну ўсмешку, радасную, шчырую, і сама не змагла ўтрымацца.
— Хутка ўправілася. I як гэта табе ўдалося?
—Значыць, на «пяць». Выдатна! — тармасіла Маня Анопрыкава і паказвала таму сваю работу.— Стаў адзнаку, настаўнік.
— Адзнаку паставіць першы бой,— сур'ёзна адказвае Пётр.
Яму не да жартаў. Ён увесь у клопатах, нешта дзелавіта даказвае Ахрамовічу, час ад часу папраўляе сваю старэнькую, выцвілую на сонцы, зацыраваную ў многіх месцах гімнасцёрку. Брызентавы рэмень з начышчанай спражкай шчыльна ахопліваў яго сухарлявае гнуткае цела, штаны запраўлены ў паношаныя, старанна наваксаваныя боты. Ён, як заўсёды, акуратны, падцягнуты.
— Найпершая задача — вывучыць зброю, другая — навучыцца страляць,— ён узяў вінтоўку.— Гэта — самы просты і самы надзейны від стралковай зброі — руская трохлінейная вінтоўка ўзору 1891 года,— Пятро шчоўкнуў затворам, загнаў патрон, узняў вінтоўку і наўскід, амаль не цэлячыся, стрэліў. 3 дрэва, якое стаяла метраў за пяцьдзесят, ажно паляцела кара.
— Добра страляеш,— пахваліла Феня. Анопрыкаў толькі паглядзеў на яе і працягваў павучальна гаварыць:
— Пры стральбе важна цвёрдасць рукі і меткасць вока. Патрэбна злавіць цэль на мушку так, каб разрэз у прыцэльным шчытку супадаў з мушкай, і плаўна націснуць на курок. На, паспрабуй,— перадаў ён вінтоўку Адаму Насановічу.
Адам узяў вінтоўку, прыклаўся шчакой да цёмнай ложы, прыцэліўся і націснуў на курок. Стрэл зліўся з галасамі адабрэння: куля трапіла ў цэль.
— Для першага разу няблага,— адобрыў Анопрыкаў.— А цяпер ты, цёзка,— перадаў ён вінтоўку Пятру Ахрамовічу.
Ахрамовіч аж пабялеў ад хвалявання. Трымаў вінтоўку нязручна, як баючыся, няўмела прыціснуў да плечука, прыжмурыў вока і, спяшаючыся, стрэліў. Куля ціўкнула недзе высока.
—Ты страляў калі-небудзь? — насцярожыўся Анопрыкаў.
—Страляў. 3 дубальтоўкі,— стрымліваючы хваляванне, адказаў Пятро.— Я навучуся і з вінтоўкі, абавязкова навучуся,— запэўніў ён, баючыся, што Анопрыкаў больш не дазволіць яму дакрануцца да зброі.
Кожны з падпольшчыкаў вучыўся страляць з вінтоўкі, не адзін раз браў у рукі наган, адказваў на пытанні строгага настаўніка, кідаў на дальнасць гранату. Феня ў душы ўдзячна была Пятру за яго строгасць і камандзірскую ўладарнасць, за спрыт і ўмельства.
А потым яны стралялі з нагана. Ева заплюшчыла вочы і націснула на курок. Адначасова са стрэлам наган вываліўся з рук.
— Не магу, не змагу ў чалавека,— разгублена сказала яна.
Хлопцы смяяліся. Феня строга паглядзела на іх:
— Ніхто з нас не рыхтаваўся страляць. Тым больш у людзей. Дык запамятайце — перад намі нелюдзі. Ворагі. Жорсткія, няўмольныя. Нас яны не пашкадуюць,— і падышла, сама паклала наган у рукі сяброўкі.— Не хвалюйся. Паспрабуй яшчэ раз, Ева. Падводзь знізу, на ўзровень вока і, як схопіш цэль, адразу плаўна націскай на курок. Вось так, вось так,— памагала яна цэліцца і не адышлася, не пакінула ў спакоі, аж пакуль у той не пачало атрымлівацца.
Яна сама зусім нядаўна вучылася трымаць наган у руках. Майстрэнка вучыў страляць наўскід, на голас, ноччу, не раз паўтараў: разведчык павінен добра валодаць агнястрэльнай зброяй, а калі трэба, то і фінкай, гранатай. Бой у жорсткай гэтай вайне выйграць зусім не проста... А калі бой ідзе за жыццё? Трэба, калі запатрабуецца, аддаць сваё жыццё як мага даражэй.
Таму і сабраліся на гэту палянку нежынскія камсамольцы, каб спакойна, не баючыся чужых вачэй, дамовіцца аб дзеяннях, навучыцца валодаць зброяй.
Цяпер яны не проста камсамольцы, а члены адной падпольнай арганізацыі. Феня пазірала на яшчэ па-сутнасці зусім не абстраляных юнакоў і дзяўчат і не магла схаваць пачуццё хвалявання, якое ахоплівае чалавека ў хвіліну, калі ён мае поўнае права сказаць, што ён зрабіў нешта вельмі істотнае, важнае.

3
Праз некалькі дзён яны зноў сабраліся разам на сваёй палянцы. Прыйшлі сюды, як на ўрачыстае свята.
...I вось усе, падцягнутыя і строгія, стаяць у шарэнзе. Феня ўглядаецца ў засяроджаныя твары юнакоў і дзяўчат.
— Я паклікала вас, каб сказаць: нам давядзецца прайсці праз смерць, бачыць слёзы мацярок нашых, гора ўдоў, пакуты сірот, дзяцей,— гаварыла яна і пыталася: —Хто навучыць нас мужнасці? —і сама адказвала: — Любоў да бацькаўшчыны, якую топча фашысцкі бот. Устанем жа разам, пойдзем у бой, смяротны бой. Мы аб'ядналіся ў падпольную камсамольскую арганізацыю і прыступаем да актыўнай барацьбы з лютым і ненавісным ворагам. У тым змаганні мы не далічымся многіх. Сёння яшчэ не позна, сёння кожны, хто як след не падрыхтаваўся да гэтай барацьбы, хто перадумаў, можа пакінуць нас. Заўтра самавольны ўход будзе лічыцца здрадай. Ёсць сярод нас такія? — Феня ўважліва агледзела кожнага, і ніхто не адвёў сваіх вачэй ад яе выпрабавальнага позірку.— Няма. А цяпер мы, члены падпольнай камсамольскай арганізацыі, прымем клятву.
Стала ціха, так ціха, што чуваць было, як шапаціць лёгкі ветрык у голлі...
— Я, Феня Конанава, клянуся да апошняга дыхання бязлітасна караць лютага ворага за кроў майго народа, за растаптаную, знявечаную родную зямлю, за сонца, пакрытае чорнымі хмарамі пажарышчаў і папялішчаў. Клянуся высока, у самых неверагодных выпрабаваннях несці святое імя змагара за народную справу. Калі ў імя перамогі запатрабуецца маё жыццё — аддам яго без хістання, як і належыць камсамольцу...
Яны паўтаралі за ёю словы клятвы, і галасы ўзнімаліся да самай высокай ноты, звінелі і перарываліся ад хвалявання. Клятва неспадзявана стала выяўленнем стану душы, высокага грамадзянскага ўздыму, словы вымаўляліся і ўспрымаліся як суровы, няўмольны прысуд гітлераўскім захопнікам.
— Я, Марыя Майстрэнка, клянуся да апошняга дыхання бязлітасна караць лютага ворага за кроў і здзекі, за знявечаную родную зямлю, за смерць невінаватых людзей...
— Я, Пелагея Беразун, клянуся высока, у самых неверагодных выпрабаваннях несці святое імя змагара за народную справу...
— Я, Адам Насановіч, клянуся, калі ў імя перамогі запатрабуецца маё жыццё, аддам яго без хістання, як і належыць члену ленінскага камсамола...
— Я, Міхаіл Шаўцоў, клянуся...
— Я, Сяргей Філіновіч, клянуся...
— Я, Ева Заблоцкая, клянуся...
— Я, Міхаіл Заблоцкі, клянуся...
— Я, Мікалай Курчыч, клянуся...
— Я, Аляксандр Шаўцоў, клянуся...
— Я, Іван Насановіч, клянуся...
— Я, Пётр Ахрамовіч, клянуся...
Яны вымавілі тройчы, дружна, разам: «Клянуся. Клянуся. Клянуся!»
Разыходзіліся па аднаму, далёка не адстаючы ад таварыша, які ішоў наперадзе. Феня пакідала паляну апошняй. Яна была спакойная. Цяпер яны ўсе разам, яны — сіла, яны — арганізацыя. Са сваім статутам, з цвёрдай дысцыплінай.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY