Дачка Арэсы. Давераная асоба

1
Да самай вады падступіліся альховыя кусты, густа разрасліся вербалозы і купаюць свае галінкі ў вадзе возера. На беразе сядзіць Труцікаў і вудзіць рыбу: побач стаіць вядро, у вядры плёскаюцца карасі. Наўкола цішыня і спакой. Сонца ўжо добра паднялося над наваколлем. Не вельмі каб і цёплы дзень выдаўся: восень, колькі цяпер таго сонца, колькі той цеплыні.
Захацелася Труцікаву закурыць, заседзеўся без руху, старыя косці забалелі. Не спяшаючыся ўстаў, падышоў да кустоў, дастаў капшук з тытунём. Відаць, засумаваў адзін. Навокал не відаць жывой душы. Скруціў казіную ножку, пыхкае дымам.
— У вёсцы няма гітлераўцаў? — чуе стары аднекуль з блізкіх кустоў дзявочы голас.
Павярнуў галаву і пазнаў Феню, якая ўжо накіроўвалася да яго.
— А-а-а, гэта ты, дачушка? Паскакалі верхавыя... 3 пустымі рукамі. Злосныя... Пакуль бяда-гора ў баку ад нас ходзіць. А вось на дарогах — засады. Хадзіць адной не раю. Увесь час з Любані ідуць, едуць. Асцярожней трэба: на дарогах праверкі. Куды ж ты ідзеш?
— Трэба ў Рэдкавічы прабрацца. 3 мясцовымі камсамольцамі пагутарыць...
— Тут я табе пасоблю. Праз балота правяду. На тыя сцежкі гітлераўцы ступіць баяцца.
Дзядзька Андрэй схаваў у кустах вуду з вядром, памыў з берага рукі і, доўга не марудзячы, сказаў:
— Пойдзем. Да вечара, аднак, на месцы будзем.
— Трэба паспець...
— Ногі, праўда, прыйдзецца памачыць,— уздыхае дзядзька Андрэй.— Але нічога. Не прывыкаць.
У дзядзькі Андрэя вясёлы характар, ён умее чалавека падбадзёрыць, падняць настрой. Многа ён робіць для партызан. Вёска Азярное якраз на шляху ў глухія палескія балоты, дзе размешчаны партызанскія базы. Труцікаў хутчэй за іншых умеў перадаць самыя неадкладныя звесткі: у наваколлі ён ведае патаемныя сцяжынкі праз балоты. I ходзіць звычайна адзін, і днём, і ноччу. Калі хто спрабаваў пужаць яго балотам, пасмейваўся:
— На сваім балоце і памерці не так крыўдна. Я шмат пажыў на свеце. Мне гэта зусім не боязна...
— Эх, дзядзька Андрэй,— перапыняе яго Феня.— Усюды паспець трэба, многае зрабіць. Мы яшчэ з гэтымі бандытамі не разлічыліся.
— Яно так, дачка,— згаджаецца Труцікаў.— Хочацца ім больш шкоды нанесці. I вас, маладых, розуму навучыць,— ён пасміхваецца сабе ў бараду.— Ёсць у мяне ў Рэдкавічах надзейныя хлопцы. Ёсць. Пазнаёмлю цябе, шкадаваць не будзеш. Час марна не гублялі, нешта рабілі на шкоду ворагу...
Шорхае высокая асака пад нагамі, правальваюцца ногі ў мяккую твань. Недзе там, калі ступаць дакладна след у след за Труцікавым, цвёрдая апора — жэрдкі-кладкі. Так, не ведаючы, і не заўважыш. Феня збіваецца з кроку, не трапляе ў след і адразу правальваецца па пахі ў балота. Труцікаў падае ёй моцную палку, дапамагае выкарабкацца на кладкі, і яны зноў паціху крочаць.
Феня стамілася, у яе зліпаюцца вочы, ёй увесь час здаецца, што яна зноў правальваецца ў багну. Але яны пераадолелі самы небяспечны ўчастак шляху і неўзабаве выйшлі на палянку. Труцікаў прыбавіў кроку. Непрыкметна пачало змяркацца: асенні дзень зусім нядоўгі.
— Цяпер блізка,— падбадзёрыў яе Труцікаў.— У вёску прыцемкам прыйдзем з боку балота. Ні адна чужая душа не заўважыць, вось пабачыш.
Ён разгаварыўся, пачаў расказваць пра рэдкаўскіх камсамольцаў і іх кіраўніка Васіля Статкевіча.

2
Феня крочыла побач, старалася не адставаць ад свайго хуткага на хаду спадарожніка. Труцікаў абвёў позіркам прасцяг, не ўтрымаўся:
— Там, на выспах, хутары Бярэзцы, Чокаў, Града, Чарнява... Усе яны разам і ёсць Рэдкавічы — былы калгас «Зара камуны». А хлопцы тут сапраўды баявыя...
На калгасным двары пустынна. Адзінока тырчыць журавель студні, толькі з кармакухні густым воблакам гоніць не то дым, не то пару. Труцікаў прыадчыніў дзверы. Прапусціў Феню. У нос ударыла едкім дымам сырых дроў, пахам распаранай бульбы. Ва ўмазаным у пліту катле булькатала вада, варылася пойла. Вакол сядзелі мужчыны. Зацягваліся самасадам, падкідалі дровы ў агонь. Андрэй Міхайлавіч адкашляўся, выцер насоўкай вочы, прывітаўся, спытаў:
— Дзе ж гэта Васіль?
— Васіль? Карова ацялілася. Там ён.
У загарадцы на свежай саломе нерухома ляжала цяля. Пярэстая карова аблізвала шурпатым языком яго яшчэ цёплы бок. Каля загарадкі стаяў Васіль Статкевіч.
— Браток, ты так і карову мог загубіць. Не па-гаспадарску гэта.
— Я ж не ветэрынар,— злосна адказаў Васіль.— Ды для каго старацца. Хай лепей д'яблу, чым гэтым фрыцам.
— Не кіпяціся, хлопча. От лепей пазнаёмся — Сямонава. Яе паслалі сюды, каб дапамагчы вам. Арганізацыя, сам ведаеш, толькі на ногі становіцца. Варта сабрацца паслухаць, як з ворагам трэба змагацца.
— У вёсцы спакойна? — пацікавілася Феня.
— Гаспадарчыя каманды штодзень наязджаюць... Апошні хвост з двара выводзяць, пад мятлу збожжа грабуць. Рыхтуюць да адпраўкі ў Германію.
— Дзе збожжа хаваюць?
— Збожжа ў свірне, а жывёла тут, у кароўніку.
— Ахова ёсць ноччу?
— Варта. Ходзяць усю ноч... Людзей сюды жывёлу даглядаць сагналі. Мяне вось прымусілі...
— Гэта няблага, што пры справе,— адобрыла Феня.
— Што добрага,— загарачыўся Васіль.— Вочы мае не бачылі б гэтага. Падпалю і ў лес падамся, вось пабачыце, Андрэй Міхайлавіч.
— Усе рвуцца ў лес, да партызан,— уздыхнуў Труцікаў.— Сапраўднай справы хлопцы хочуць,— паківаў галавой.— Супакойваю іх, кажу, паспееце ў лес. Пакуль нам і тут работа ёсць. Ды дзе там, і слухаць не хочуць,— Труцікаў заспяшаўся.— Мне тут трэба ў адно месца падскочыць. Сустрэнемся, як і дамовіліся.
Феню Васіль павёў праз агароды да вёскі. У цьмяным святле месячыка, які прабіваўся праз хмары, невыразна вырысоўваліся абрысы будынкаў. Цішыня. I раптам піск нейкай начной птушкі. Васіль узяў Феню за руку, папярэдзіў: «Свае». Феня на ўсякі выпадак намацала парабелум і смела рушыла да гумна. Ад яго сцяны аддзялілася чорная постаць.
— Васіль? — ціха спытаў падышоўшы.— А з табой хто?
— Сямёнава, прадстаўнік падпольнага райкома,— гэтак жа ціха адказаў Васіль.— А ў цябе як, Рыгор?
«I тут мяне ведаюць»,— адзначыла пра сябе Феня і ў суправаджэнні сваіх спадарожнікаў рушыла далей. Малады хлопец, а гэта быў Рыгор Сушчэня, усё імкнуўся загаварыць:
— Шмат чуў пра вас, таварыш Сямёнава. У нас сёння вечарынка. Уся моладзь збярэцца.
На вечарынку Феня прыйшла бадай апошняй. У хаце гарэла лямпа, вокны завешаны посцілкамі, паціху рыпаў гармонік... Васіль Статкевіч прадставіў моладзі Феню.
— На сходзе ў нас прысутнічае давераная асоба падпольнага райкома партыі,— сказаў ён неяк урачыста,— таварыш Сямёнава...
Феня ўглядалася ў сур'ёзныя твары хлопцаў і дзяўчат, і так стала ёй зразумелым усё тое, што павінна яна ім сказаць, на што скіраваць іхнія намаганні.
— Камсамольцы раёна актыўна ўключыліся ў падпольную работу. Я маю заданне дапамагчы вам наладзіць работу. Нам вядома, што вы пачынаеце дзейнічаць, шкодзіце ворагу, шукаеце шлях да партызан... Але вам трэба спачатку ўмацавацца арганізацыйна, наладзіць пастаянную сувязь з раённым падпольным цэнтрам, рэгулярна распаўсюджваць лістоўкі, весці канкрэтную разведвальную работу,— даводзіла Феня і ў заключэнне, як гэта і здаралася ўсюды на сходах, перайшла да становішча на франтах, расказала пра баі пад Масквой: — Масква стаіць, таварышы. Наступленне гітлераўцаў спынена. Чырвоная Армія пагоніць фашысцкія дывізіі ад Масквы,— Феня дастала з кішэні акуратна згорнутую паперку.— Вось лістоўка з апошнім паведамленнем Саўінфармбюро. Чытайце, чытайце, каб усе чулі,— юнакі і дзяўчаты наблізіліся да стала.— Я пакіну вам лістоўкі,— сказала Феня.— Перапішыце і разнясіце па навакольных сёлах і асабліва ў Шыпілавічы. Там гарнізон, і трэба, каб людзі ведалі праўду.
— Зробім усё як трэба,— запэўніў Феню Кузьма Шаплыка.
Камсамольцаў хвалявала пытанне ўзаемаадносін з варожымі ўладамі на месцы.
— Аніякай падтрымкі,— строга гаварыла Феня.— Байкаціраваць распараджэнні гітлераўцаў, перашкаджаць усімі сродкамі і метадамі ўмацоўвацца так званаму «новаму парадку». Ёсць загад падпольнага абкома: ні грама ворагу хлеба з нашай зямлі, ні кроплі малака. Хлеб — наша перамога над фашыстамі. Так патрэбна разумець становішча. Я чула, гітлераўцы сабралі збожжа, жывёлу для адпраўкі ў Германію.
— Не толькі збожжа. Нават кажухі збіраюць. На фронт.
— Няўжо дапусцім, каб пад Масквой фрыцы ў нашых кажушках грэліся, га? Хай лепш тут пагрэюцца...
— Правільна,— загудзелі ўсе.— Паліць. Знішчаць! Феня яшчэ раз нагадала:
— А пра вашы справы нам добра вядома. I мы разлічваем на вас.
Раніцай Феня прахапілася прыцемкам, хутка апранулася.
— Дачушка, хоць шклянку малака выпі,— прасіла маці Васіля.
— Дарога няблізкая. Падсілкавацца не пашкодзіць,— згадзілася Феня, прысаджваючыся да стала.
Але не паспела яна выпіць малако, як прыбег у хату сусед, сябрук Васіля, камсамолец Саша Кругленя.
— Верхавыя скачуць... 3 Любані.
Феня глянула ў акно: па вуліцы пранясліся конныя. «Пэўна, тыя, што нас з Гарбачовым акружылі...»
— Аблава! — крыкнуў Васіль.— Хутчэй на агароды!
Феня прашмыгнула ў сенцы, адтуль, паўз плот, за хлеў. Гітлераўцы ўжо ўваходзілі ў двор, стукаліся ў дзверы...
На месцы сустрэчы Труцікаў хваляваўся. Убачыў яе, паківаў галавой:
— Ці ж можна гэтак рызыкаваць?
— Дзеля карыснай справы можна,— сур'ёзна адказала Феня і дадала: — А хлопцы ў Рэдкавічах сапраўды баявыя...
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY