Дачка Арэсы. Назад няма вяртання

1
Патрыёты з Нежына ўважліва сачылі за кожным крокам ворагаў. Феня даведалася, што на хутар Вопін, дзе кватараваў чалавек без пэўных заняткаў, Штанка, часта наведваюцца паліцэйскія з Кузьмічоў і нават Любані.
— Трэба праверыць гэтага Штанка,— прапанавала сваім хлопцам Феня.— Вельмі цікава, што гэта за чалавек.
— Што з ім валэндацца,— раззлаваўся Заблоцкі.— Не так сабе ён знюхаўся з гітлераўцамі.
...У нядзелю надвячоркам яны былі на хутары. У двары стаяла фурманка.
— Прыехалі, бобікі,— працадзіў праз зубы Аляксандр Шаўцоў.— Відаць, п'юць.
— Цёпленькімі і возьмем,— сказаў Заблоцкі і рашуча рушыў да хутара.
Яны падкраліся з боку лесу да хлява, адтуль праз двор праскочылі ў хату. Усё было зроблена вельмі хутка і без затрымкі: нават сабака са сваёй будкі позна забрахаў услед. Падпольшчыкі адчынілі дзверы ў хату. За сталом са шклянкамі ў руках сядзелі паліцэйскія і Штанка.
— Рукі ўгору! — крыкнуў Аляксандр.— Ні з месца. Страляем без папярэджання.
Паліцэйскія спалохана паднялі рукі. Заблоцкі забраў стрэльбы, акуратна ссыпаў у шапку патроны, стрымана прамовіў:
— А цяпер можаце працягваць. За што, панове, збіраліся выпіць? Смялей, смялей. Мо і мы з вамі падымем чаркі.
— Яны, мусіць, п'юць за сваё сабачае жыццё,— нявесела сказала Феня.— Зальюць вочы, толькі тады і могуць рабіць сваю чорную справу: рабаваць нявінных людзей.
Маўчаць паліцэйскія, ведаюць, што разлічваць на спагаду не могуць, бо за кожным ёсць нямала грахоў.
— Я пазнаў вас,— павярнуўся да Фені Штанка.— I хацеў пагаварыць.
— Гавары,— павярнуўся да яго Шаўцоў.
— Я не жадаў бы пры гэтых,— ён паказаў рукой на сваіх сабутэльнікаў.
— Не здраднік я,— нейкім ахрыплым голасам прамовіў Штанка.— Я даўно шукаў сустрэчы з Сямёнавай.
— Ты ведаеш Сямёнаву. Адкуль? — насцярожылася Феня.
— Дадзена заданне адшукаць разведчыцу. I прыкметы яе паведамляліся ў загадзе,— працягваў ён.— Я ж вас ведаю. Мне няцяжка было здагадацца.
— Ты ведаў і маўчаў? — усміхнулася Феня.— Ці бярог на чорны дзень сваю тайну?
— Я шукаў сустрэчы з вамі...
— I гэтыя таксама... шукалі? — Феня паказала на іншых паліцэйскіх...
Штанка тым часам круціўся каля ложка, яму карцела наблізіцца, паправіць збітую падушку. Феня заўважыла гэты манеўр, падышла, адкінула падушку і пад ёй заўважыла парабелум.
— Нядрэнная цацка, пан Штанка...
— А вы, рабяты, спрытныя,— не ўтрываў, пахваліў Штанка.— I хто гэта са мной жартачкі надумаў? На партызан вы не падобныя. Яшчэ ўчора бачыў вас у вёсцы.
— Мы — патрыёты,— сказаў як адрэзаў Шаўцоў.
— А ты хто, пан Штанка? — спытала Феня.
— Я сам па сабе,— усміхнуўся Штанка.— Але магу і вам пасабляць.
— На ўсе рукі майстар... 3 наганам ходзіш, за людзьмі сумленнымі сочыш...
— Цяпер трэба вуха востра трымаць,— нават весела прамовіў Штанка.— Лепей за стол сядайце. Вып'ем, заадно і пагамонім. Як добрыя сябры,— павярнуўся да гаспадыні, прыкрыкнуў: — А ты чаго стаіш? Нясі на стол чарку, скварку, а я тым часам за бутэлькай...
Але ўбачыў настаўлены на яго наган, пажартаваў:
— Кіньце свае гарматкі, хлопцы. Я зараз,— і Штанка выскачыў у сенцы.
Не адступаючы ні на крок, следам за ім кінуўся Заблоцкі. Шаўцоў застаўся ў хаце. I раптам ён пачуў, як нешта ў сенцах гупнула, стукнулі дзверы. Праз вокны ўбачыў: па дварышчы, прыгінаючыся, імкліва бег Штанка. Аляксандр, не раздумваючы, стукнуў прыкладам па шыбе, прыцэліўся, стрэліў. Уцякач спыніўся, нібы на сцяну наткнуўся, і зваліўся на зямлю...

2
На наступны дзень Феню выклікаў Гарбачоў.
— Ваша работа на хутары? — напусціўся ён на Феню.
— Наша,— стрымана адказала яна.— А што?
— Вось што,— злуючыся гаварыў ён.— Запамятай, Сямёнава, баявыя аперацыі надалей узгадняць. Ухваліць твой учынак не магу. Есць дысцыпліна, парадак. Ці ж яны для нежынцаў не існуюць? — наступаў на Феню Гарбачоў.
— Існуюць,— згадзілася Феня, паглядзела на яго шчыра, хоць у вачах і бліснулі вясёлыя агеньчыкі.— Абяцаю ў далейшым усе аперацыі ўзгадняць.
Ён паглядзеў на яе больш лагодна.
— Зразумей, Феня. Не трэба лішняй рызыкі. Ёсць падазрэнне, што гітлераўцам вядома пра вашу падпольную арганізацыю,— ён паглядзеў на яе з дакорам.— Я мяркую, трэба рыхтаваць хлопцаў у лес, да партызан. Астатнім затаіцца, вычакаць колькі часу...
— У такі час сядзець склаўшы рукі? — запярэчыла Феня.— Навокал такія справы робяцца, а мы — убаку.
— Я лічу,— сказаў Гарбачоў,— замыкацца табе на адной нежынскай групе няма патрэбы.— Ён падышоў, стаў насупраць, паглядзеў у вочы.— Наспеў час арганізоўваць у раёне іншыя баявыя падпольныя камсамольскія групы. I табе трэба ўключацца ў гэту работу поўнасцю.
— Вось гэта правільна,— пагадзілася Феня.— У раёне павінна больш стварацца баявых груп.
— I я так лічу,— перапыніў яе Гарбачоў.— I ў гэтай рабоце табе адной усюды не паспець. Патрэбна дапамога найболып актыўных камсамольцаў.
— Маё месца сярод моладзі, я застануся ў Нежыне. Там я ўсіх ведаю і ад маёй работы больш карысці.
— Не забывай, Сямёнава, камсамольцы Любаншчыны не могуць рызыкаваць такім вопытным і выпрабаваным кіраўніком і арганізатарам, якім ты стала,— стаяў на сваім Гарбачоў.
— Не разумею,— насцярожылася Феня.— Чаму так пачалі клапаціцца пра мяне? Я сябе ў крыўду не дам.
— А гэта ты бачыла? — Гарбачоў дастаў загорнуты аркуш.
— Што гэта за паперы? — насцярожылася Феня.
— Загады каменданта Гляйса,— усміхнуўся ён.— Па дзесяць тысяч марак абяцаюць за кожнага кіраўніка падполля і камандзіра партызан. Бач, як высока нас ацанілі.
— Не дарэмна стараемся,— усміхнулася Феня.
— Але нам патрэбна падвоіць сваю асцярожнасць і пільнасць,— сказаў Гарбачоў.— Вораг не на жарт бярэцца за знішчэнне партызанскага руху ў раёне.
— Усё я разумею,— сказала яна памяркоўна.— Але і вы зразумейце, абставіны мацней за нас.
— Я не пра абставіны з табой каторы час гавару. Пра звычайную дысцыпліну,— зноў зазлаваўся Гарбачоў, і ў голасе яго чулася непахіснасць.
«Не адобрыў, выходзіць, Адам маіх дзеянняў, паскардзіўся Гарбачову. Ведама ж — кіраўнік. Хоча, каб па яго выходзіла. Адсюль гэта жаданне павучаць, выступаць у ролі клапатлівага і спагадлівага дарадчыка. А мне не патрэбны гэтыя шчырыя парыванні. Я не маленькая, каб мне гаварылі пра кожны мой крок»,— думала Феня, хоць і разумела, што ў словах Гарбачова была праўда, урэшце, бо дысцыпліна для ўсіх аднолькавая. I яна абавязана слухацца Адама не толькі таму, што і ён непасрэдна адказвае за разгортванне падпольнага камсамольскага руху ў раёне, але і таму, што гэтага патрабуюць абставіны і тыя задачы, якія вызначыў падпольны абком. I Майстрэнка і Гарбачоў на яе спадзяюцца, таму і хвалююцца, і клапоцяцца...
Гітлераўцы арганізавалі сапраўднае паляванне на кіраўнікоў падполля і партызан. Сталі трымаць пад кантролем подступы і дарогі ў лясы, засылаць правакатараў і шпіёнаў, весці ўзмоцненую агітацыю сярод моладзі...
Невясёлыя думкі апанавалі Феню. У памяці ўсплывалі зрывы і правалы. Было іх нямала і ў партызан і ў падпольшчыкаў. «Нам бы толькі зіму пратрымацца. Першую ваенную зіму. А вясной мы разгорнемся...»
Гоніць ад сябе неспакой і сумненні Феня, а яны насуперак — трывожаць, самотай аддаюцца ў сэрцы. Нечаканасці падпільноўваюць разведчыка на кожным кроку. Сама яна спакойная: зброя пры ёй — проста так у рукі ворагу не дасца. За час сваіх вандровак пабывала яна ў пераплётах, ды неяк смерць абыходзіла, выблытвалася і не верыла, што з ёю можа здарыцца нешта кепскае. Іншая справа Пелагея, Маня ці вось яны — камсамольцы-падполынчыкі — нявопытная, неабстраляная моладзь. Яны таксама штодзень у хованкі са смерцю гуляюць. Сам-насам з небяспекай...

3
У дзвярах стаіць няўклюдны, даўгавязы Насановіч, іх надзейны сябар і таварыш, і чуць не плача. Ніколі Феня не бачыла яго такім: губы сцяў, хоча загаварыць і не можа — перахапіла дыханне, перацяло горла. Феня доўга глядзіць на яго і не вытрымлівае:
— Чаго стаіш слупам, Іван? Не маўчы, гавары! Насановіч ледзь прагаварыў:
— Сям'ю арыштавалі...
— Як так... арыштавалі?
— 3 Любані прыязджалі... У камендатуру забралі.— Насановіч з горыччу паглядзеў на хлопцаў. Ён адвярнуўся, паспрабаваў закурыць, але рукі ў яго дрыжалі — гэты, звычайна такі разважлівы хлопец стаў бездапаможным і разгубленым...
У хаце наступіла напружаная цішыня. Усе пазіралі на Феню, а пасля зноў на Насановіча. Ніхто не мог сказаць хоць адно патрэбнае слова, што змагло б зняць напружанне. Твары ў хлопцаў і дзяўчат панурыя.
— Чаго маўчыце, як у рот вады набралі? — спытала Феня.
Моцныя словы так і прасіліся на язык. На Насановіча не накінешся. Пры чым тут ён? Тут больш за іншых вінавата яна, кіраўнік падпольнай групы. Хто-хто, а яна павінна была ведаць, чым магло закончыцца праслухоўванне перадач і распаўсюджанне лістовак.
Тут нават у вопытных могуць апусціцца рукі. Трэба прыдумаць штосьці. Яны не дадуць у крыўду Насановіча. Гэта іхні абавязак. У такой сітуацыі, Феня не сумнявалася, камсамольцы змогуць, калі запатрабуюць абставіны, выручыць свайго таварыша і яго сям'ю.
Насановіч апусціў галаву:
— Ісці мне трэба ў камендатуру...
— Разам пойдзем,— падхапіўся Курчыч.— Аднаго не кіну. Ну, што яны нам зробяць? Адлупцуюць і выпусцяць.
— Выпусцяць? Загад каменданта чыталі? У іх размова кароткая,— перабіла Феня.— За невыкананне загаду — расстрэл. Ні я, ні камсамольская арганізацыя ісці не дазволім,— крыху падумала і дадала: —Адправім Івана ў лес, да партызан.
Перабіваючы адзін аднаго, узрадавана загаманілі. Як усё проста. Як яны адразу пра гэта не падумалі.
— Сам не з'яўлюся, сям'ю заб'юць... Без іх я не пайду ў лес. А так будзе, што будзе. Толькі,— голас яго ўзмацнеў,— не думайце, што я нешта лішняе скажу.
— Ты гэта кінь, Іван,— перабіў Міхаіл Шаўцоў.— Пад удар арганізацыю ставіш. Я супроць, каб ты ішоў у камендатуру.
— Выратуюся сам, а сям'я? Маці заб'юць, сясцёр... Курчыч падышоў да сябра:
— Куды Іван, туды і я!
Феня з цяжкасцю вытрымлівала такое напружанне, голас яе сарваўся:
— Не хачу слухаць пра гэта. Вы паставіце пад удар усіх нас, і вырашаць, што рабіць — не вам, а арганізацыі, членамі якой вы з'яўляецеся. Стаўлю гэта пытанне на галасаванне.
— Памерці ці жыць, я вырашу сам. Застануся, схаваюся, наклічу большую бяду. А памерці, калі трэба, я змагу,— Іван цвёрда сказаў і папрасіў: — Не трэба ставіць на галасаванне... Рашэнне маё цвёрдае,— ён рыўком паправіў з нябеленага, грубага палатна кашулю, стрымліваючы слёзы, заморгаў павекамі.— Ды каб я адзін, ці задумваўся б!
— Я паўтараю,— жорстка вымавіла Феня,— ты не маеш права добраахвотна з'яўляцца ў рукі гітлераўцаў.
— Трэба зразумець Івана, там жа маці, самы дарагі чалавек,— паспрабаваў заступіцца Філіновіч.
— Ведаю я СД. Нават за нязначную правіннасць — на шыбеніцу,— сказала з перасцярогаю і шкадаваннем Феня.
I гэта шкадаванне цяпер праяўлялася і ў сухасці тону і строгасці. Насановіч не ўяўляе, якой будзе жорсткай расправа, якія катаванні чакаюць у СД. Феня, здаецца, зрабіла б усё, каб Іван пайшоў у лес да партызан. Але, па ўсім відаць, ён не разумеў, праз якое пекла належала прайсці, і не слухаў нікога.
— Я параюся з надзейнымі людзьмі,— сказала Феня спакойна.— Паспрабуем выратаваць сям'ю.
— Ат,— абыякава махнуў рукой Іван.— Мне заўтра раніцай трэба з'явіцца ў камендатуру, інакш усіх маіх...— павярнуўся, акінуў усіх жалобным позіркам, нібы запомніць хацеў назаўсёды, і пайшоў.
— Іван, вярніся! — памкнулася ўслед Феня.— Ты не зробіш гэтага, не пойдзеш у Любань.
Іван не азірнуўся, пайшоў.
Яны доўга сядзелі. Ніхто нічога не мог прапанаваць...
Хлопцы апусцілі галовы, баял;ся сустрэцца позіркамі.
— Пойдзе. Цяпер яго не спыніць. Я яго ведаю...— ціха вымавіла Пелагея.— Яны яго не выпусцяць, не паглядзяць, што сам з'явіўся па выкліку.
Феня ўзняла свае пацямнелыя ад клопату вочы:
— Падумаць трэба, як дапамагчы Насановічу. Мы ў нечым вінаватыя перад Іванам і яго сям'ёй. Не падумалі пра іх бяспеку.
— Пойдзем разам, мо перапынім,— падхапіўся Аляксандр Шаўцоў.
— Так, пойдзем. Выпусцім лістоўкі з апошнімі зводкамі і сёння ж перанясём радыёпрыёмнік у надзейнае месца. Арганізацыя павінна дзейнічаць,— цвёрда сказала Феня.
Хутчэй на вуліцу, каб не быць у хаце, не бачыць выпрабавальных позіркаў хлопцаў. Трэба ісці ў лес, параіцца з Майстрэнкам ці Гарбачовым... Яна не нейкае немаўлятка і не думае, што пастрашаць там у Любані і выпусцяць. Яна не верыць у цуд, як не верыць у тое, што гэта здарэнне не закране балюча ўсю падполь-ную групу, многіх людзей.
Упоцемках асенняй ночы яна ўбачыла дзве постаці: яны стаялі блізенька адна да адной, ні на кога не звярталі ўвагі, нікога не бачылі. Ён, гаротны і маўклівы, абыякавы да ўсяго, што адбывалася навокал, бачыў толькі Пелагею. А яна абхапіла рукамі яго за шыю, прыціснулася, быццам бараніла ад небяспекі, горача і ўмольна гаварыла. I чулася ў яе словах пакутлівая просьба не спяшацца, падумаць, перш чым зрабіць гэты адчайны крок. У гэту хвіліну адна яна магла яшчэ нешта перайначыць, толькі яе адну і мог ён паслухаць.
— Ты не пойдзеш, не зробіш гэтага,— нячутна захліпваючыся слязамі, прасіла Пелагея.— У імя нашага кахання...
— Пайду... Я не магу інакш. Я не дарую сабе, калі з імі нешта здарыцца,— цвёрда адказаў Іван.
— Яны загінуць і ты разам з імі. Гэта ж фашысты. Няма ў іх літасці,— не адступалася ад свайго Пелагея.
Іван маўчаў, гладзіў яе валасы, развітваўся, назаўсёды развітваўся.
Феня ціхенька павярнулася і пайшла прэч. А ў вушах чуўся голас Івана, у яе вачах стаяў яго праніклівы позірк, калі ён доўга глядзеў на яе, пакідаючы хату, і ад таго позірку ёй стала вельмі балюча — позірк запаў глыбока ў душу, ад прадчування непазбежнага гора нагарнуліся на вочы слёзы...
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY