Дачка Арэсы. Трывожны салют

1
Нежынскія камсамольцы балюча перажывалі няўдачы. Арышт Насановіча і Курчыча вывеў самых рашучых з прывычнага стану.
Шаўцоў хадзіў як непрыкаяны, лаяўся:
— Запужаць нас, злыдні, хочуць. Дачакаемся, па аднаму пераловяць.
— Хочаш на вуліцу выйсці, кулакамі размахваць,— стрымлівала Феня.— Трэба пачакаць, спыніць свае дзеянні.
— Лягчэй за ўсё — затаіцца і чакаць. А чаго чакаць? — з непаразуменнем пытаўся Аляксандр.— Рукі свярбяць біць ворага.
Феня ў глыбіні душы была згодна з Аляксандрам.
— Калі б ударыць, дзе нас менш за ўсё чакаюць.
— Гэта думка... Ісці туды, дзе нас не чакаюць,— схапіўся ён за гэту думку.— У Кузьмічах не чакаюць. Там управа маслазавод адрамантавала.
— Трэба пагутарыць з хлопцамі з Кузьмічоў, параіцца,— нарэшце здалася Феня.
Задачу перад падпольшчыкамі паставіла канкрэтную:
— У Кузьмічах гітлераўцы адрамантавалі маслазавод. Трэба спаліць завод. Хто за аперацыю?
Прагаласавалі аднагалосна.
— Дзейнічаць смела, без рызыкі,— Феня паглядзела на хлопцаў.— Звяжамся з камсамольцамі з Кузьмічоў. Іх падключым.
Маслазавод... Самае слова «завод» неяк не дапасоўвалася да гэтай будыніны, якая ўзвышалася на пагорку непадалёку ад ракі. Нешырокія вароты, прасторны дом, абнесены высокім плотам з дошак. У двары — старая ігруша-дзічка. Восенню штогод ігруша шчодра ўсыпала зямлю невялікімі, але салодкімі дзічкамі. I тут жа зусім яшчэ новая будыніна з прыбудовамі: майстэрня, склад, склеп. Далей — кантора прадпрыемства з высокім ганкам...
Феня неаднойчы наведвалася сюды перад вайной як агітатар.
У памяці ажыў і гэты невялічкі заводзік, і сама вёска, па-свойму прывабная. Паабапал нешырокай вуліцы — хаты з прысадамі. У цэнтры — некалькі цагляных будынін: праўленне калгаса, школа, клуб. Побач — невялікі парк, які пасадзілі мясцовыя камсамольцы ў гонар дзесятай гадавіны Кастрычніка. А за вёскай, як ахапіць вокам,— лясы ўперамежку з непраходнымі балотамі, парослымі чэзлым соснікам.
Пелагея прыйшла і вестку прынесла ўцешную:
— Камсамольцы з Кузьмічоў ахвотна ўзяліся дапамагчы.
— Многія пра аперацыю ведаюць? — насцярожылася Феня.
— За каго ты мяне лічыш,— пакрыўдзілася Пелагея.— Мікалаю і Ірыне Лучыновічам сказала пра тое. Але ў іх ёсць сумненні...
— Непрадбачанае нешта?
— Учора падмацаванне прыбыло ў гарнізон. Падвоілі каравулы, ходзяць патрулі. Кажуць, управу ўзмацняюць карнікі.
— Мо паехалі ўжо? Прыехалі і паехалі?
— Не. Размясціліся па хатах. Відаць, надоўга.
— Значыць, не чакаюць нападу. Супакоіліся. Гэта нам на руку. Аперацыю правядзём невялікімі сіламі. Кузьмічоўцы сустрэнуць і дапамогуць. Яны ў сваёй вёсцы ведаюць усе хады-выхады,— падвяла вынік Феня.
«У падрыўной справе роўных Анопрыкаву не было. Ён добра разбіраўся ў мінах і толе, мог падрыхтаваць зарад. Але Анопрыкаў цяпер быў недзе далёка, мусіць, за лініяй фронту,— думала Феня.— Хто заменіць яго?» Дапамог Шаўцоў:
— Салют устроім фрыцам, а то засумавалі,— і супакоіў: —У мяне прыхаваны дзве каністры бензіну. Хопіць для пачатку...
Падпольшчыкі горача ўзяліся за падрыхтоўку аперацыі...
...Недзе непадалёку скрыпнуў асвер, стукнула аб зруб вядро... Разам з поцемкамі на Кузьмічы апусцілася цішыня.
— Пойдзем,— гучным шэптам загадала Феня.— Будзем прабівацца агародамі.
Праз нейкіх дваццаць хвілін яны былі ў вёсцы. Вось і хата, недалёка ад лесу: тут жывуць Лучыновічы. Феня ціха пастукала ў шыбу. Да акна нехта падышоў, паўзіраўся ў цемру. Нячутна адчыніліся дзверы, і невысокі малады мужчына выйшаў на ганак.
— Мы да цябе, Мікалай,— ступіла да гаспадара Феня.
— Праходзьце ў хату,— запрасіў Мікалай.
Двое з тых, што прыйшлі, засталіся на дварэ. У хаце завесілі вокны посцілкамі, запалілі газнічку. На стале з'явілася бульба, ад якой ішла пара, агуркі.
— Падсілкуйцеся з дарогі,— гасцінна запрасіў гаспадар.
Лучыновіча Феня ведае даўно. Да вайны ён працаваў сакратаром сельсавета. Чалавек надзейны, такому можна даверыць любую справу: Мікалай і яго жонка Ірына перадаюць з Кузьмічоў вельмі карысныя разведданыя.
— Мікалай, нас маслазавод цікавіць...
— Цяжка будзе. Управа падмацаванне атрымала. I днём і ноччу на заводзе ўзмоцненая ахова,— уздыхае Лучыновіч.— У вёсцы ўсіх папярэдзілі, што хадзіць каля завода забаронена. Страляюць без папярэджання...
— А нам і не трэба, каб з папярэджаннем,— смяецца Феня.
— Непадалёку казарма. Ахова там моцная. Рызыка вялікая.
— А што ў нашай справе без рызыкі даецца?
— Раз трэба — зробім. Усё зробім,— рашуча гаворыць Мікалай і пытаецца: — Калі аперацыя?
— Навошта адкладваць. У нас усё гатова,— гаворыць Феня.— Нам праваднік патрэбен. Каб дарогу, як сваю далонь, ведаў.
— Я правяду. Ніводзін сабака не пачуе,— устае Мікалай.
— Перад самым світаннем пойдзем. Калі сон асабліва моцны,— папярэдзіла Феня.
Незадоўга да світання яны выйшлі з хаты...
Лучыновіч правёў іх агародамі. Непадалёку пакінулі групу прыкрыцця: на ўсякі выпадак, калі раптам гітлераўцы выявяць разведчыкаў, адцягнуць увагу, адкрыць агонь, збіць ахову з панталыку і тут жа адступаць, прабівацца да лесу, не губляючы з поля зроку разведчыкаў. Уся група павінна сабрацца ва ўмоўленым месцы ў лесе...
Мікалай добра арыентуецца ўпоцемках: тут ён ведае кожную сцяжынку. Ён ідзе наперадзе, Феня з Шаўцовым за ім. Усе ўважліва сочаць за сігналам: узнятая рука — увага, небяспека.
— Разварушым асінае гняздо. Забегаюць,— Аляксандр Шаўцоў сціскае руку ды гэтак моцна, што Феня аж войкнула.
— Ты што... Дзеліш скуру незабітага мядзведзя? — папракнула яна.— Трэба справу завяршыць.
— Не чакаюць яны нас. А мы тут як тут,— пасміхваецца Аляксандр.
На падыходах да завода пасты гітлераўцаў, ходзяць вартавыя. Лягчэй нячутна прабрацца праз усю вёску, чымсьці прапаўзці каля вартавых, пераадолець некалькі апошніх метраў, зрабіць у плоце пралаз, ды каб ніводная дошка не трэснула, не бразнула каністра аб камень. Адзін неасцярожны рух — і ўсё навокал узарвецца стрэламі, ракеты павіснуць над галавой, і наўрад ці пашанцуе вырвацца без страт.
Наперад прасоўваюцца з каністрамі толькі яны ўтрох: Мікалай, за ім Аляксандр і Феня. Вось яны пераадолелі апошнюю перашкоду, застаецца пранікнуць на тэрыторыю завода, але тут зноў затрымка. Амаль побач прайшоў вартавы, асвятляючы дарогу ліхтарыкам. «Можа, здымем?» — шэптам пытаецца Шаўцоў. «Нельга,— гэтак жа ціха адказвае яму Лучыновіч.— Патрулі адзін аднаго ведаюць і могуць спахапіцца кожную хвіліну». — «Зробім ціха, без гуку»,— не сціхае Аляксандр. «Нельга»,— загадвае Феня.
Дачакаліся, калі адышоўся вартавы, і праніклі на тэрыторыю. Пакінулі Мікалая на двары, Шаўцоў палез праз акно.
— Чакай мяне тут,— шапнуў Шаўцоў.— Калі што, прыкрыеш,— а сам нячутна, як умее толькі ён хадзіць, пайшоў па цэху. Ёй здалося, прайшла цэлая вечнасць, пакуль ён з'явіўся назад, цяпер без каністраў.
— Падпальваем і адыходзім,— сказаў ён праз акно і загадаў: — Ты ідзі да хлопцаў. Чакайце мяне. Хутчэй, Сямёнава, хутчэй. Зараз загарыцца. Стане светла, як днём.
Феня далучылася да Мікалая. 3 нецярпеннем чакалі Аляксандра і нарэшце ўбачылі асляпляльную ўспышку.
Праз некалькі хвілін высокае полымя шуганула ў неба. Забегалі, замітусіліся гітлераўцы. Раздаліся стрэлы, крыкі.
— Ну, цяпер фрыцам клопату хопіць,— з радасцю прагаварыў Лучыновіч, развітваючыся з нежынцамі.
Назаўтра ў Нежыне толькі і размоў было, што аб начным пажары ў Кузьмічах.
— На заводзе гарэла... Кажуць, партызаны.

2
Феня зачакалася. Напружвала слых і зрок, прыслухоўвалася: здавалася, нехта ідзе. Напаўнялі зімовы лес незразумелыя гукі і шолахі. Супакойвала сябе — то шапаціць вецер. Слухала начную цішыню і не магла са-браць разам думкі: тое, што здарылася, гарачым агнём пякло, трывожыла, і патрэбен быў час, каб асэнсаваць перажытае, разабрацца. Перажытае адбілася і на яе абліччы, абрысы твару завастрыліся, пад вачыма праляглі цёмныя кругі. Гітлераўцы цэлы дзень траслі Нежын. Многіх арыштавалі. Схапілі Пелагею Беразун, шукалі Феню. У Конанавых перавярнулі ўсё ў хаце, папаролі штыкамі, разбілі, разламалі... Данілка зашыўся на гарышча ў суседчыным хлеўчыку і праз шчыліну ўсё бачыў, расказаў, як сагналі на вясковую плошчу дзяўчат, як у іх дапытваліся пра Феню, але нічога не дабіліся. Пагналі дзяўчат у Кузьмічы, ва ўправу.
Феня ведала, якія пакуты чакаюць дзяўчат.
I ад таго, што сама ўратавалася, не трапіла ў лапы гітлераўцаў, радасці не адчувала: непакоіла, не пакідала адчуванне блізкай бяды з дзяўчатамі. Адна надзея — на Адама: ён не кіне камсамольцаў, нешта прыдумае.
Хутчэй пачула, чымсьці ўбачыла: лясной сцяжынкай ішоў чалавек. Калі параўняўся, яна пазнала Адама, паклікала. Ён подбегам кінуўся насустрач:
— Феня!
— Адам!
Майстрэнка быў вельмі ўзбуджаны: радасць бачылася ў кожным руху, адчувалася ў кожным слове. I гэтай сваёй радасцю ён спяшаўся падзяліцца з Феняй.
— Гітлераўцы пад Масквой разгромлены. Ушчэнт разбіты 38 адборных дывізій і адкінуты на дзесяткі кіламетраў. Пабеглі фашысты. Драпаюць без аглядкі,— радасна і ўсхвалявана гаварыў ён.
— Такая перамога! Вось радасць! — усклікнула Феня.
— Свята, Феня. Свята для ўсіх! — не мог супакоіцца Адам.— Трэба, каб людзі ведалі пра гэта.
— I няшчасце ў нас, Адам... Нашых... Арыштавалі,— яна не ўтрымалася і заплакала.— Сэрца разрываецца. Іх там катуюць...
— Калі арыштавалі? — не мог паверыць Адам.
— Учора днём,— і зноў у слёзы.— Ці вытрымаюць?..
— Вытрымаюць,— адказаў Адам.— Павінны вытрымаць,— і перапытаў: — Яны ў Кузьмічах яшчэ?
— У Кузьмічах. Адтуль, казалі, у Любань адправяць.
— У бядзе дзяўчат не кінем,— рашуча сказаў Майстрэнка.
На другі дзень яны былі ў размяшчэнні атрада Мікалая Мікалаевіча і дакладвалі камандзіру пра гэта здарэнне.
— Управу ў Кузьмічах даўно турнуць трэба, каб дым курэў. Камсамольцаў з Нежына схапілі,— даводзіў камандзіру Майстрэнка.
— Трэба ратаваць, камсорг,— згадзіўся Розаў.— Ды паспешлівасць у нашай справе кепскі дарадчык. Кузьмічы з налёту не адужаць.
Невысокі, энергічны Розаў хуткімі крокамі хадзіў па зямлянцы:
— Трэба добра прадумаць, падрыхтаваць аперацыю.
— Колькі тут думаць? У такі час,— не магла супакоіцца Феня.— Там людзі гінуць, а мы асцярожнічаем.
— Ды не асцярожнічаем,— адказаў Розаў.— Прадумаць дасканала ўсё. Самі бачыце, колькі ахвяр. А тут з наскоку не возьмеш. Выдзелю я для гэтага групу партызан. Не кідаць жа сваіх у бядзе. Толькі,— папярэдзіў Розаў,— у бой не ўвязвацца. Вызваліць рабят і адступіць.
Пайшла з партызанамі ў Кузьмічы і Феня. Калі Майстрэнка паспрабаваў запярэчыць, слухаць не стала.
— Ніхто лепш дарогі не ведае. Ды зразумей, Адам. Там жа мае дзяўчаты. Ці жывых застанем?
Яна вельмі баялася, што дзяўчат не застане ў жывых. Людзі расказвалі, што страшна было хадзіць блізка па вуліцы: з-за забітых дошкамі і пераплеценых калючым дротам акон чуліся крыкі і стогны...
Майстрэнка выклаў план аперацыі.
— Групу прыкрыцця размяшчаем у лесе непадалёку ад вёскі. Ударная група пранікае ў вёску, без адзінага стрэлу знімае вартавых, захоплівае школу і вызваляе арыштаваных...
Розаў слухаў, пастукваў рукой па стале і толькі ў самым канцы заўважыў:
— А калі ўзнімецца трывога?
— Тады падключаецца група прыкрыцця. Партызаны завязваюць перастрэлку і адцягваюць на сябе ўвагу. Тут ім не да школы будзе,— даводзіў Майстрэнка.
— Няблага. План прымальны,— адобрыў Розаў.— Што ж, за справу, сябры!

3
Трымалі дзяўчат у школе. Дубік са скуры вылузваўся, яму карцела выведаць, хто падпаліў маслазавод.
— Ты сябравала з Конанавай. Дзе яна? — пытаўся ён у Пелагеі.
— Не ведаю, нічога не ведаю. А Конанаву даўно не бачыла,— адказала Пелагея.
Ніколі і нікога гэтак яна не ненавідзела, як вось цяпер гэтага вылюдка — такі быў ён агідны. Неяк з маці яны грэблі сена каля Вялікага лесу. Ранняя восень стаяла, яшчэ такі сонейка добра прыгравала, піць вельмі хацелася, і яна праз лясок пабегла да Арэсы. I трэба здарыцца, натрапіла на нейкую дагэтуль нябачаную плойму гадзюк. Жывы клубок шыпеў, рухаўся, выпручваўся... Пелагея стаяла, пазірала загіпнатызаваная, не ў сілах зрабіць крок убок. I піць расхацелася. Потым некалькі дзён усё валілася з рук.
Яна думала, што Дубік — тая ж гадзюка, агідны, як змяя, і пры набліжэнні яго па скуры беглі халодныя мурашкі і нейкі камяк падпіраў грудзі. I ён адчуваў тое, пазіраў на яе спадылба, твар наліваўся чырванню.
— Скажаш, хто ў Кузьмічах завод падпаліў?
— Не ведаю. Нічога не ведаю.
— А ты падумай. Добра падумай,— пагражаў бургамістр.— Загаворыш, калі душу тваю дастануць спадыспаду.
Яе пачалі біць. Па твары, засцілаючы вочы, цякла цёплая, ліпучая кроў. Выкруцілі руку... Яна страціла прытомнасць. Аблілі вадой...
— Ачуняла,— аднекуль здалёк данёсся да яе слыху голас: — А мы тут хаўтуры спраўляем... Дык будзеш гаварыць?
Дубік нахіліўся над ёю. Зусім блізка. Моцна ўдарыла перагарам сівухі:
— Ты ведаеш Сямёнаву? Ты выконвала яе загады... Потым зноў білі. Яна маўчала, нягледзячы на нясцерпны боль, думала зусім пра іншае. I ёй здалося, што ўбачыла Феню. Сяброўка стаяла побач, суцяшала, лагодна ўзяла за руку... I ад таго спачування зрабілася лягчэй. I што дзіўна — словы тыя запалі ў душу, яна помніла кожнае з іх: «Вось і надышла, Палашка, цяжкая хвіліна, сапраўднае выпрабаванне. Для гэтай хвіліны мы жылі, рыхтавалі сябе... Перажыць здзекі часам цяжэй за смерць. Але яшчэ цяжэй страціць вытрымку, цвярозы розум... Ведай жа, цярпенне наша і наша вытрымка ў імя адной вялікай мэты: памерці, але перамагчы. Нават калі бачыш, што павялі на расстрэл тваіх сяброў,— маўчы. Збяры ўсю сваю вытрымку і маўчы, слязьмі захліпніся, нема крычы, але загадай сабе — ні слова ворагу! Вельмі цяжка бачыць, як гінуць людзі, як ідуць на смерць твае таварышы. Але калі яны бачаць тваю цвёрдасць і непахіснасць — гэта дапаможа ім трымацца мужна і аддана, паверыць, што няхай яны загінуць, але распачатая справа будзе жыць... Дык маўчы! Няхай стане каменем сэрца, а цела — жалезам. Адцурайся ад жалю і слабасці, збяры разам свае сілы і кінь, як бомбу, у ворага. Маўклівую бомбу сваёй зацятасці і вытрымкі. Прайдзі праз катаванні, але не выдай тайну. Нам, падпольшчыкам, дадзена адно права — маўчаць...»
Там, дзе стаяла Феня, Пелагея ўбачыла пасмачку святла. I ад таго нібы на душы святлей стала, не такімі балючымі здаваліся жорсткія пабоі. Яна зусім не думала пра сябе, пра нясцерпны боль... Пра дзяўчат сваіх думала. «Вунь Алёнка. Зусім яшчэ падлетак. Ці ж вытрымае яна такое? А Дубік страшыць, што іх збіраюцца адправіць у Любань. Адтуль, яна ведала, вяртання не будзе...»
Яе зноў пасля катаванняў кінулі ў пакойчык да дзяўчат.
Над старэйшай сяброўкай схілілася Алёнка, прыкладвае змочаны ў ваду насоўнічак да перасмяглых, акрываўленых губ. А сама сцялася ў камячок, зубы сціснула,горача шэпча:
— Трымайся, Палашка. Нашы не кінуць у бядзе...
— Феня прыйдзе. Феня выратуе,— пераканана гаворыць дзяўчатам Пелагея.— Я гэта ведаю.
Дзяўчаты пазіраюць на яе і не могуць схаваць слёзы.
«Я адна пайду на смерць. Усё вазьму на сябе,— думае Пелагея і супакойваецца.— Я скажу, што ведала Сямёнаву і адна выконвала яе загады. I што маслазавод я падпаліла... Адна. Дзяўчаты тут ні пры чым. Хай мяне адну караюць. Які жудасны боль, нібы ў цела панабівалі цвікоў».
Неўзабаве зноў пачуўся стук у дзверы. Уварваліся гітлераўцы і схапілі Пелагею, пацягнулі да выхаду. Дзяўчаты пачалі галасіць, кідацца на катаў з кулакамі. Яны зразумелі — Пелагея сюды больш не вернецца...
— Трымайцеся, сяброўкі мае дарагія. Нашы адпомсцяць... За ўсё адпомсцяць,— крыкнула яна дзяўчатам...
...Перад раніцай партызаны праніклі ў вёску. Па вуліцы хадзілі, перагаворваліся варожыя патрулі, асвятлялі маўклівы будынак школы ліхтарыкамі: каля школы вартавыя трымаліся разам.
— Што яны, усю ноч будуць стаяць? — хвалюецца Майстрэнка.
— У чатыры гадзіны змяняюцца,— супакоіла Феня. Яны папаўзлі наперад, за імі — партызаны. Вартавы спыніўся каля ганка, другі тым часам схаваўся за супрацьлеглай сцяной. Гэтага моманту аказалася дастаткова. Адам падхапіўся і кінуўся на вартавога, схапіў яго за патыліцу і заціснуў рукой рот, Феня прыставіла яму да скроні наган. «Ні гуку! — гучным шэптам загадала яна.— Дзе ключы?»
Гітлеравец нешта прамычаў і паслухмяна змоўк. Партызаны скруцілі яму рукі, заткнулі рот. Майстрэнка затаіўся за вуглом, і як толькі паказалася постаць другога вартавога, рэзка стукнуў рукаяткай нагана па галаве і падхапіў абмяклае цела. У кішэні яго знайшлі ключы ад школы і праніклі ўнутр, упоцемках адшукалі клас, дзе трымалі нежынскіх дзяўчат. Яны ляжалі на падлозе, прыціснуўшыся адна да адной. Цяжкім і трывожным быў іхні неспакойны сон перад новым днём, які нёс ім новыя катаванні, а можа, і смерць...
Феня абнімала дзяўчат, цалавала, углядалася ў змораныя, збітыя іх твары:
— Нацярпеліся, напакутаваліся,— і нібы спахапілася, разгублена спыталася: — А Пелагея дзе? Чаму яе не відаць?
Дзяўчаты маўчалі. Алёнка не стрывала, заплакала:
— Пелагею забілі. Сёння днём забілі...
Цяжка было паверыць у смерць Пелагеі. Не хавала слёз, плакала Феня. Адам Майстрэнка маўчаў. Толькі яго вялікія, натруджаныя рукі дрыжалі, выдавалі з цяжкасцю стрымліваемае хваляванне.
— Кроўю заплацяць гады! — сказаў ён як адсек.— За Пелагею, сябры, мы яшчэ даваюем,— і рэзка змахнуў няпрошаную скупую слязу.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY