Дачка Арэсы. Горкі снег

1
Мабыць, толькі вельмі назіральны чалавек мог бы ўстанавіць сувязь, якая існавала паміж чарговай сустрэчай Фені Конанавай у партызанскім штабе з кіраўнікамі Мінскага падпольнага абкома партыі і тымі падзеямі, якія разгортваліся пасля ў захопленых ворагам вёсках.
3 таго самага дня, як устанавіла Феня сувязь з партызанамі, ёй вельмі добра сталі вядомыя і людзі, і ўсе патаемныя сцяжынкі ў раёне, была яна слыхам і зрокам партызанскай разведкі. Яна неаднойчы выходзіла на сувязь з патрыётамі Любані, Старобіна, Слуцка, Старых Дарог, Асіповіч, Бабруйска. У яе руках былі ніці, якія вялі да надзейных людзей у варожых гарнізонах, у вёсках Кузьмічы, Пасталы, Шыпілавічы, Сосны, Рэдкавічы...
У самых аддаленых кутках з'яўлялася яна пад выглядам простай вясковай дзяўчыны: не вельмі каб і прываблівая, на такую і ўвагі не звярталі ворагі, яна смела заходзіла ў вёску, у адной хаце пагутарыць са сваімі аднагодкамі, у другой пацікавіцца ў сялян, як жывуць, што іх турбуе, і не адразу, а здалёк пачне гутарку пра фронт, пра Маскву, якая стаіць, змагаецца, раскажа аб партызанах.
«Гэта праўда пра Маскву, дачушка?» — старэнькая бабулька прытуліцца да яе, позірк, здаецца, пранікае ў самую душу. «А вы паверылі таму, што фашысты гавораць... Масква наша. Масква змагаецца. А вось і лістоўка. Вазьміце, прачытайце, перадайце іншым. Хай ведаюць людзі праўду».— «А ты сама куды, дачушка? Застанься на ноч, адпачні».— «Трэба ісці, цётачка. Чакаюць мяне. Людзі нашы чакаюць».
I зноў дарога. Без пачатку, без канца...
Дыханне важных падзей з фронту глыбока кранае сэрца. Кожны, хто сам мае нейкае дачыненне да тых падзей, робіць няхай невялікую, але патрэбную справу ў гэтай жорсткай і бязлітаснай вайне, разумее гэту радасць.
Шмат заснежаных, таямнічых, трывожных і небяспечных дарог у разведчыка. Але нявыкананая справа кліча яго наперад, і нельга думаць пра страх, небяспеку, стому.
Феню не пакідае пачуццё, быццам усё сваё свядомае жыццё яна толькі і робіць вось так, як цяпер, ступае некалькі крокаў наперад. Ідзе, стыне на марозе, абліваецца потам, а ўсё роўна ўпарта прабіваецца, апантаная адной мэтай і заўзятасцю — дайсці, зрабіць, выканаць загад...
А думкі бягуць, пераскокваюць праз дні і падзеі, чаргуюцца, мільгаюць у памяці. Яскрава паўстаюць шчаслівыя часіны дзяцінства. Вось перад ёю родная хата, зарослы муравой падворак, частакол акуратна абчэсаных альховых калкоў з матчынымі глечыкамі...
Гарачы салёны камяк падступіў да горла. Ёй хацелася стаць настаўніцай. I яна ёю стала — вучыла дзяцей, праўда, вельмі нядоўга. Жыццё павярнулася інакш, давялося выконваць іншую работу. Толькі ў думках часта бачыліся ёй напоўненыя дзіцячымі галасамі школьныя калідоры, чуўся радасны, залівісты школьны званок...
У штодзённым кругавароце падзей і здарэнняў ваеннага часу нячаста надараліся прыемныя хвіліны бестурботнага адпачынку. I ёй, сказаць шчыра, асабліва не было часу задумацца. «Ты, Сямёнава, у сарочцы нарадзілася»,— зрэдку гаварыў, калі быў у гуморы, Яўстрат Гарбачоў і пасылаў яе ў самае пекла, даручаў самыя рызыкоўныя заданні. I яна ішла, бо ведала — некаму ісці трэба.

2
Застуджаны паўзмрок некалі моцнай сялянскай хаты раздзірае кашаль. На нейкі час ён сціхае, каб тут жа ўсхадзіцца з новай сілай. Кажух, накінуты паверх коўдры, споўз. Феня навобмацак знаходзіць яго, нацягвае да самага падбародка і так ляжыць да чарговага прыступу. Часам ёй здаецца, калі легчы зручней, то і кашаль быў бы меншы, не такі балючы. Яна асцярожна паварочваецца да акна — і новыя штуршкі аж разрываюць грудзі.
Знячэўку на твар трапіў нясмелы сонечны прамень. I тут жа вясёлы рой сонечных вос нібы разарваў паўзмрок хаты. I ў тым снопе святла яна ўбачыла птушку. Верабей. Адзіная жывая істота ў халоднай непрапаленай хаце. I як толькі ён трапіў у хату? Мо ратаваўся ад траскучых маразоў гэтай зімы, якія чуць не загубілі птаха.
Адагрэўся птах, ажыў. Кляваў зерне, піў ваду з глінянага чарапка. Верабей сеў на жэрдку пад столлю. Пасядзеў крышачку, нібы раздумваючы, а потым сабраўся ў камячок, узмахнуў крыламі і з-пад самай столі ў снопе сонечнага святла каменем кінуўся ў акно.
Цельца птушкі ледзь трапяталася, з дзюбкі сачылася кроў. Бялёсае века зацягвала затуманенае халадзеючае вочка. «От, птах неразумны...» Феня абяссілена закрыла вочы, неўпрыкмет заснула. Правалілася, нібы ў халодную яму... Калі зноў расплюшчыла вочы, убачыла бацьку...
Што прывяло яго ў хату — цяжка сказаць. Можа, хацеў Гаўрыла Карнеевіч дастаць вінтоўку, што схаваў у застрэшшы хлеўчука, а можа, штурхнула незразумелае прадчуванне бяды, якая здарылася з Феняй.
Ён заскочыў у хату толькі на адну хвіліну і аслупянеў, калі ўбачыў Феню: на схуднелым твары адны вочы блішчаць.
— Ты што гэта надумалася — дамоў? Цябе ўсюды шукаюць,— накінуўся ён на дачку.
— Не змагла я, тата, прабіцца да партызан. Усе дарогі ў лес перакрыты,— яна прыхінулася да бацькі, заплакала.
— Чула маё сэрца нядобрае. А ты тут хворая.
— Рана хаўтуры спраўляць... Ён бровы насупіў:
— Трэба ісці з вёскі. Хутчэй. За хатай сочаць...
— У мяне, тата, важнае данясенне, яго трэба перадаць... Што б ні здарылася, трэба перадаць.
— Куды ты хворая пойдзеш? — задумаўся Гаўрыла Карнеевіч.— Снегу гэтулькі намяло. А па дарозе не праскочыць. Хіба на світанні па Арэсе пад носам у гітлераўцаў...
— Нельга нам дваім рызыкаваць. Я адна пайду.
— Адну я цябе не адпушчу,— цвёрда сказаў бацька.— У надзейных людзей я цябе тут у вёсцы схаваю.
— Не, тата. Я выратуюся, а там загінуць людзі. Шмат людзей...
— Дзе яны цяпер, партызаны? — разгублена спытаў Гаўрыла.— Кажуць, адышлі некуды адсюль на новую базу... Лес вялікі...
— Знойдзем, мы павінны іх знайсці,— стаяла на сваім Феня.
— На пагібель, на смерць ідзеш. Не пушчу! — стаў перад ёю на калені, пачаў ухутваць кажухом.— Нельга табе адной, дачушка.
— Навошта вы так, тата,— сказала Феня і замаўчала.— Гэта заданне.
— Адну не пушчу. Разам пойдзем,— сказаў ён рашуча.

3
Светлая шэрань зімовага дня цягнулася па зямлі, запаўняла невыразным золакам недалёкі лес, купку падгалістых хвоек на ўскраі балацявіны і нібы спавітую лёгкім туманам лагчыну. Над далёкай паласой лесу, які зубчаста падымаўся ў шэрае неба, цьмянай плямінай віднеўся бляклы дыск сонца.
Некалькі дзён мяла, скавытала завіруха, нібы хацела схаваць ад вачэй шматпакутную зямлю. Браўся ладны мароз. Феня адчувала яго пякельнасць, прыспешыла хаду: за лесам — вёска Жывунь, там чакае сувязны. Можна будзе адпачыць, паснедаць, адагрэцца. I ў бацькі палепшыўся настрой. Цяпер цішыню і таямнічую нерухомасць белага снегу яны ўспрымалі як добры знак, што ўсё добра скончыцца, бо не можа здарыцца кепскае ў такі пагодлівы дзень. Чаму і не павесялець, калі няблага складваецца ў дарозе, калі яны так удала адарваліся ад праследавацеляў. Праўда, давялося кінуць каня з санямі...
Але што гэта? Адкуль гэта брэх і скавытанне сабак? I раптам маланкай прамільгнула думка: па іхніх слядах ідуць гітлераўцы... 3 сабакамі...
Яна азірнулася, і нібы паўстала перад ёю шэрая сцяна: яны ішлі па балоце, іх постаці на белым снезе раслі, выразна бачыліся, няўмольна набліжаліся.
Яны паскорылі крок. А наўкола, і там, куды яны спяшаліся, і ззаду, і з бакоў, і за чорнай сцяной лесу ярка палыхала неба, чулася страляніна, стаяла зарыва, якое нельга ахапіць розумам, спасцігнуць. Размытае водсветамі світанку, агромністае зарыва насоўвалася з усіх бакоў, куды ні глянеш, ірдзела ў паветры. Гарэлі вёскі. Фені хацелася закрычаць, павярнуцца назад, кінуцца на тую сцяну, з апошніх сіл біць кулакамі, збіваючы ажно да крыві рукі, каб толькі спыніць няўмольны рух людзей і сабак...
Яна стрымлівалася, каб не кінуцца назад. Але паратунку не бачыла і не ведала, што зрабіць у наступную хвіліну. Яны не маглі бегчы, не засталося сіл. I ворагі разумелі гэта, не спяшаліся, расцягвалі асалоду расправы. Напэўна, іх хутка дагоняць, спусцяць з павадкоў сабак, і тыя, правальваючыся ў глыбокім снезе, кінуцца на людзей, ашчэрыўшы зубатыя пашчы, схопяць мёртвай хваткай, а потым падбягуць і карнікі...
— Ідзі, я іх затрымаю,— слыніўся бацька.— Ідзі ж,— закрычаў ён, калі ўбачыў, што і дачка спынілася.— Удваіх не вырвемся.
— Не кіну аднаго,— заявіла Феня.— Паміраць дык разам.
Ён схапіў дачку за плячук, павярнуў да сябе, паглядзеў у вочы, задыхаючыся, вымавіў:
— Ты пойдзеш. У цябе заданне... У мяне стрэльба. Я затрымаю іх тут.
Заданне... Як рэха прагучала. Як загад. Яна пазірала на бацьку і адчувала: ён абароніць яе ад небяспекі...
Яна стаяла, апусціўшы галаву, разгубленая, пустымі вачамі пазірала то на бацьку, то на чорныя постаці, якія набліжаліся, і не магла стрымаць пачуцця злосці на сваё бяссілле. Тая злосць надала сілы і рашучасці.
— Пракляцце вам, карнікі! — чорным ад холаду кулаком бацька пагразіў чорнаму лесу і чорным постацям і, не хаваючы слёз, кінуўся да дачкі. — Ідзі, Феня... Хутчэй...
Ён пачаў адграбаць і ўтрамбоўваць снег. Слёзы засцілі вочы. Феня пабрыла прэч да недалёкага лесу. Ногі падгіналіся, сіл не заставалася пераадолець снегавую цаліну. Яна застагнала, азірнулася: бацька застаўся адзін. Адзін у чыстым полі... Зрабілася ціха, страшэнна ціха.
Феня ішла і безупынна аглядвалася назад і бачыла, як бацька адграбаў і ўтрамбоўваў снёг, капаў сабе акопчык. А неўзабаве яна пачула першы стрэл. Аж рэха разляглося па наваколлі, потым яшчэ стрэл і сабачы віск...
Яна ішла з апошніх сіл, патанаючы ў сумётах, і лічыла тыя стрэлы. Трэці... I зусім хутка за ім чацвёрты, потым адразу два, адзін за адным і следам чэргі, з аўтаматаў, і зноў скавытанне сабак... «Няўжо ўсё, няўжо больш не будзе стрэлаў?»
— Ба-бах,— разляглося аж да самага лесу, і таму стрэлу асабліва ўзрадавалася Феня: «Жывы...»
Яна чакала яшчэ стрэлаў, але стаяла цішыня. I цяпер яна баялася цішыні і баялася азірнуцца назад. Стрэлы пакідалі надзею на выратаванне, яны ўсялялі спадзяванне, што бацька жывы, што ён нейкім цудам выратуецца.
Стрэлаў больш не было. Не было і сілы ісці далей. Феня спынілася: хацелася сесці на снег, сядзець і ні аб чым не думаць. Шырока адкрытым ротам хапала халоднае, марознае паветра. Паволі павярнула галаву, глянула ў пустынную снежную прастору, здзівілася, што на снезе не ўбачыла чорных постацей ворагаў. Але не бачыла яна і той адзінокай постаці бацькі, якую вельмі хацела ўбачыць...
Лес быў побач: заставалася перайсці рэчку. Але на беразе стаялі людзі, моўчкі, насцярожана пазіралі на яе. «Чужыя...» — падумала Феня, і ногі як прыраслі, сталі непаслухмянымі, наліліся свінцом. Яна зноў апусцілася на снег, гледзячы туды, адкуль прыйшла, дзе застаўся бацька. «Знішчыць, хутчэй знішчыць данясенне»,— маланкай прамільгнула ў галаве, і непаслухмянымі рукамі распарола падкладку і дастала паперку, стала рваць яе на дробныя кавалачкі і папалам са снегам глытаць. Плакала, давілася і глытала...
— Вось якая птушка трапіла ў сілкі,— нехтагруба схапіў за руку, вырваў наган.
Яе павялі цераз рэчку, па заснежаным лёдзе. Яна паглядзела на неба: праз хмары прабілася і цьмяна свяціла нізкае зімовае сонейка.
Нейкая неверагодная сіла штурхнула яе, захацелася спыніцца, крыкнуць, каб усе ворагі пачулі, каб ведалі: партызаны вернуцца і адплацяць. Але нешта перахапіла пад грудзьмі, яна з цяжкасцю спыніла стогн, які рваўся з грудзей, падумала: ніхто не пачуе яе крыку, не адгукнецца...
Яна нібы знямела, зацята маўчала і ў гэты дзень, і пасля, калі яе дапытвалі... Ёй давялося прайсці праз усе кругі гітлераўскага пекла...
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY