Вайна - гэта страшнае пекла
Ідуць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, але Вялікая Айчынная вайна не сціраецца з памяці людзей. Асабліва тых, каму давялося ў поўнай меры зведаць яе горыч, цяжар і жахі, хто прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. У ліку такіх і жыхар вёскі Обчын Міхаіл Пятровіч Кісель. Сёння мы прапануем увазе чытачоў яго ўспаміны:
- Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было ўсяго 15 гадоў, таму ў дзеючую армію трапіў толькі пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 годзе. На той час мне якраз споўнілася 18.
Зборны пункт быў у райваенкамаце ў г.Любані. Там сабралі групу навабранцаў і пяшком адправілі ў Бабруйск. У гэтым горадзе пасадзілі ў цягнік і павезлі ў Бранскую вобласць. Так я трапіў у горад Кіраў, на станцыю Фаянцава, у запасны полк. Там на працягу двух месяцаў мы праходзілі курс маладога байца, пазнавалі ваенную справу.
Варта сказаць, што і за такі кароткі час салдаты навучыліся многаму. А ўсё, што ўведалі, у хуткім часе спатрэбілася ва Усходняй Прусіі. 3 15 верасня 1944 года наша часць аказалася на пярэднім краі барацьбы з ворагам. Акапаўшыся, мы трымалі абарону перад самым "носам" у немцаў. Перастрэлкі ўзнікалі вельмі часта. Акрамя таго, фашысцкія самалёты рэгулярна бамбілі пазіцыі савецкіх войскаў. 3-за гэтага наш батальён панёс вялікія страты жывой сілы і тэхнікі. I яго ў студзені 1945 года накіравалі на перафарміраванне, а пасля - зноў на пярэдні край.
13 студзеня 1945 года фашысты рашылі прарваць лінію фронту. Жорсткія баі ішлі кругласутачна. Немцы атакавалі нас удзень і ўначы. Салдаты ледзь паспеюць адбіць іх атаку ў адным месцы, як яна пачына-лася ў другім. Адна рота нашага батальёна была акружана. Каб вызваліць яе, давялося весці жорсткі і працяглы бой. Усе змагаліся самааддана, не адчуваючы ні голаду, ні холаду, не адпачываючы ні днём, ні ноччу.
Я на той момант служыў санітарам. Пад градам куль поўзаў і перавязваў параненых байцоў. За час прарыву ўдалося аказаць дапамогу каля сотні чалавек. А 30 студзеня мяне выклікаў да сябе камандзір батальёна і паведаміў, што я прадстаўлены для ўзнагароджвання ордэнам Чырвонай Зоркі.
Аднак атрымаць яго не паспеў, бо 2 лютага 1945 года аказаўся цяжкапараненым. У час бою, калі наша рота заняла агнявую пазіщыю, наляцелі варожыя са¬малёты і пачалі бамбіць. Таварыш, які знаходзіўся непадалёку, быў паранены. Я перавязаў яму правую руку, а сам застаўся ляжаць на правым баку. Раптам, як малатком, мяне штосьці стук¬нула ў каленны сустаў. Адчуў во¬стры боль. Паспрабаваў пашавяліцца, паўзці, але не атрымалася. Неўзабаве да мяне падпоўз санінструктар і зрабіў перавязку нагі. На шчасце, якраз у гэты момант паступіў загад адступаць. Санінструктар сказаў мне чакаць яго вяртання.
Стаяў моцны туман. Дзесьці раздаваліся то родныя, знаёмыя галасы, то варожае гергетанне. Мяне ж мучыла і боль, і невядомасць, і непрадказальнасць далейшай сітуацыі. Але хутка з'явіўся санінструктар. На насілках мяне даставілі ў медсанбат. Нага балела вельмі моцна. А калі знялі ватнік, то нешта стукнула аб падлогу. Гэта была куля, яна прайшла праз увесь каленны сустаў. Пасля аказання неабходнай дапамогі мяне адправілі ў шпіталь горада Рыбінска.
Спачатку была надзея на лепшае, на поспех у лячэнні. Але праз два тыдні пачалася гангрэна, і нагу давялося ампутаваць. Пачаліся доўгія месяцы бадзяння па шпіталях Каунаса, Вильнюса. Восем з паловай месяцаў знаходзіўся я там, а вынікі былі несуцяшальнымі. I ў рэшце рэшт у тым жа Рыбінску ўрачы зрабілі паўторную аперацыю - рэампутацыю.
У гэтым горадзе я і пачуў пра Перамогу. Побач былі баявыя сябры розных нацыянальнасцяў - казахі, украінцы, рускія, узбекі, татары. Прыемную вестку ўсе ўспрынялі з вялікай радасцю. Мы абнімалі адзін аднаго, цалавалі, хто смяяўся, а хто і плакаў... Проста цяжка было паве-рыць у тое, што, нарэшце, закончылася гэта страшнае пекла - вайна...
  У шпіталі я знаходзіўся да 18 кастрычніка 1945 года, а пасля вярнуўся на Радзіму, у вёску Обчын. А сваю ўзнагароду - ордэн Чырвонай Зоркі - атрымаў ужо ў мірны час, у 1947 годзе.

Успаміны ветэрана залісала вучаніца
9 класа Обчынскай школы Анастасія КІСЕЛЬ

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY