Вечная памяць загінуўшым...
Пэўная рэч — чалавечая памяць. Людзям трэба часам памятаць тое, чаго яны ніколі не бачылі і не чулі. Мы нарадзіліся і выраслі ў мірныя дні, і тым не менш не павінны забываць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што пракацілася па нашай мясцовасці 65 гадоў назад; пра людзей, якія мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі і загінулі. Чаму? Дзеля будучыні, дзеля нашчадкаў, каб такое больш ніколі не паўтарылася, каб выхоўваць будучае пакаленне ў духу мужнасці, гераізму і патрыятызму.
Вайна — страшнае слова. Войны заўсёды прыносілі гібель усяму жывому. Зямля Беларусі шчодра паліта людскою крывёю. Няма ў нас такога месца, якое не было б відавочцам народнага подзвігу і трагедыі. Доказ гэтаму — шматлікія абеліскі і помнікі загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Адлітыя з бронзы, высечаныя з каменя, апранутыя ў граніт, яны пастаўлены на гарадскіх плошчах, у парках, цэнтрах пасёлкаў, на скрыжаваннях дарог, лясных палянах і месцах.спаленых вёсак.
  Успомнім усіх паімённа. Горам успомнім сваім. Гэта трэба не мёртвым. Гэта трэба жывым.
 
 Помнік Ф. КОНАНАВАЙ на тэрыторыі Нежынскай школы.
Стаіць такі помнік і ў Нежынскім школьным парку. А на ім сціплы надпіс: "Конанава Феня Гаўрылаўна. 1918—1942". I ўсё. 3 пастамента глядзіць на нас адважная жанчына-патрыётка. Амаль 65 гадоў гэты помнік не дае забыць жыхарам в.Нежын і вучням мясцовай школы пра гераічныя справы і мужны подзвіг іх палымянай зямлячкі.
Вучні ведаюць, што да вайны Ф.Г. Конанава працавала настаўніцай у Нежынскай школе, што яна горача любіла сваю Радзіму, родны край. I калі прыйшлі фашысты, Феня не магла змірыцца з тым, што акупанты топчуць і паганяць родную зямлю, забіваюць ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў: жанчын, дзяцей і старых людзей, паляць вёскі, вядуць сябе, нібы варвары.
Беларусь — мірныя людзі. Яны ні на кога не нападаюць і з усімі хочуць жыць у міры ды згодзе. Але калі вораг прыходзіць "з мячом і агнём" на родную зямлю, то бараніць яе ўзнімаецца ўвесь народ: і мужчыны, і жанчыны, і нават дзеці...
Пачала змагацца і Феня Конанава. Яна стварыла ў вёсцы з камсамольцаў падпольную групу, устанавіла сувязь з партызанамі, пачала выконваць розныя даручэнні партызанскага камандавання. Пра гераічную падпольшчыцу даведаліся мясцовыя здраднікі-паліцаі. I пачалі "паляванне" на адважную настаўніцу-камсамолку.
Аднойчы цёмнай зімовай ноччу, вяртаючыся з чарговага задання ў родную вёску, Феня трапіла ў варожую засаду. Паліцаям удалося захапіць смелую патрыётку жывой. Здраднікі здзекаваліся з яе, білі і катавалі, але мужная падпольшчыца нічога не расказала ім і нікога не выдала. Нелюдзі кінулі яе, звязаную і збітую, але не зломленую маральна, у палонку ракі Арэсы, што працякае каля яе роднай вёскі.
Ф.Г. Конанава загінула, але памяць пра яе жыве І будзе жыць, пакуль стаіць в.Нежын і існуе ў ёй школа. Кожны год у дзень гібелі мужнай настаўніцы-патрыёткі — 29 студзеня — вучні Нежынскай школы разам з вучнямі суседняй Камунараўскай школы праводзяць ля помніка мітынг памяці: чытаюць урыўкі з паэмы "Жыла на Палессі дзяўчына" I. Муравейкі, прысвечанай гэтай гераічнай жанчыне, інсцэніруюць урыўкі з кнігі "Дачка Арэсы" А. Андруховіча, а зялёную гірлянду нясуць да месца яе гібелі і пускаюць на ваду.
Кароткае, але гераічнае жыццё гэтай настаўніцы-камсамолкі служыць для ўсіх нас прыкладам любові і адданасці роднай зямлі і Радзіме, прыкладам мужнасці, гераізму і патрыятызму.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня 1942 года настаўніца Феня Гаўрылаўна Конанава пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Леніна.
Яшчэ пра адзін абеліск памятаюць і клапоцяцца вучні Нежынскай школы. Стаіць ён непадалёку ад маленькай лясной вёсачкі Куценка, што размешчана сярод лесу ў пяці кіламетрах ад Нежына. На ім палымнее чырвоная зорка. I надпіс: "Калядка Фёкла. Загінула ў 1944 годзе".
Работнікі і вучні Нежынскай базавай школы даглядаюць гэту магілу. Вось якія звесткі пра загінуўшую яны атрымалі з успамінаў былога жыхара в.Куценка Адама Паўлавіча Лапціка. "На гэтым месцы пахавана жонка ваеннаслужачага Чырвонай Арміі Фёкла Калядка. Яна загінула тут вясной 1944 года разам з Верай Радзюк у час апошняй карнай аперацыі фашысцкага гарнізона, што размяшчаўся ў в.Камуна. Абедзве жанчыны былі ўраджэнкамі Слуцкага раёна, гэта значыць, бежанкамі-перасяленкамі. Яшчэ вядома, што Фёкла Калядка была настаўніцай. Пасля вайны рэшткі Веры Радзюк былі перанесены і пахаваны на мясцовых могілках.
На магіле Фёклы Калядкі некалі была таблічка-памятка брата і дзяцей. Значыць, у жывых у яе засталіся родныя.
Вечным сном спіць у гэтай магіле былая настаўніца Фёкла Калядка. Спыняючыся каля яе, мясцовыя грыбнікі ці ягаднікі на момант прыпыняюць размовы, знімаюць галаўныя ўборы і моўчкі засяроджана ўглядаюцца ў кароткі сціплы надпіс на абеліску. Пастаяўшы некалькі хвілін у жалобе, многія шукаюць якую-небудзь паляну з кветкамі, а на-зад вяртаюцца з букетамі і беражліва кладуць іх на магілу.
Догляд помніка Ф.Г. Конанавай і адзінокага абеліска ў Куценскім лясным масіве служыць пасільным укладам вучняў Не¬жынскай базавай школы ў справу ўшанавання памяці загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне.
Такія помнікі дапамагаюць моладзі ўсвядоміць простую і вечную ісціну: вайна не павінна паўтарыцца. Нам трэба прыкладваць усе сілы і намаганні для таго, каб захаваць мір на зямлі. Бо мір — гэта жыццё, шчасце і радасць для ўсіх людзей.
  А ў нашых сэрцах няхай жыве вечная памяць пра гераічнае мінулае роднага краю...

В. ШАЎЦОВА, настаўніца Нежынскай базавай школы.Голас Любаншчыны 2009. №4
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY