Карная аперацыя
У красавіку супраць партызанскіх брыгад №64, 25, 100, 258, 161,121 нямецка-фашысцкае камандаванне накіравала 13-ю мотадывізію СС, якая рухалася на фронт , 83-і пяхотны полк 102-й пяхотнай дывізіі, 510-ы батальён дабравольнай арміі, батальён клічаўскай паліцыі, батальён паліцыі Макарава, паліцыю мясцовых гарнізонаў. Агульная колькасць гэтай групоўкі складала амаль 20 тысяч чалавек. Дзеянні варожых войскаў падтрымлівалі да 60 артылерыйскіх гармат рознага калібру, батарэя шасціствольных мінамётаў і да 40 мінамётаў рознага калібру, каля 20 танкаў і бронемашын. Так пачалася карная аперацыя супраць партызан і мясцовага насельніцтва Любанскага і суседніх з ім раёнаў з мэтай разгрому партызанскіх фарміраванняў, захопу жывёлы і прадуктаў харчавання, вывазу мірнага насельніцтва на катаржныя работы ў Германію.
Асаблівасцю красавіцкай карнай аперацыі было тое, што нямецкае камандаванне не размяшчала свае войскі ў блізкіх да партызанскай зоны населеных пунктах, як тэта было раней, а кідала іх з аддаленых пунктаў і адначасова з некалькіх накірункаў. Гэтым вораг імкнуўся вымусіць партызан сканцэнтраваць свае сілы ў адным напрамку, а затым акружыць іх і разбіць.
Штаб партызанскага злучэння накіраваў камандзірам партызанскіх брыгад загад узмацніць дзейнасць контрразведкі і разведкі ў варожых гарнізонах; стварыць знішчальныя групы для барацьбы з танкамі і бронетэхнікай, узброіць іх гранатамі і толам; пры наступленні праціўніка ні ў якім разе не адступаць цэлай брыгадай да балота або ракі, а выходзіць у фланг або ў тыл варожых войскаў. Толькі прымяненне смелых манеўраў, як метаду барацьбы, дасць магчымасць партызанам адбіць атакі варожых войскаў. Адначасова ставілася задача падрыхтаваць мірнае насельніцтва да уходу ў лясы і балоты, схаваць на астравах, на балотах параненых партызан, замаскіраваць харчовыя базы і маёмасць партызанскіх атрадаў.
6 красавіка 1944 г. стала вядома, што праціўнік сілай 120 чалавек з адной артылерыйскай гарматай, адным батальённым і двума ротнымі мінамётамі, адным станкавым кулямётам і 5-6 ручнымі кулямётамі заняў п.Сосны ("10-годдзе БССР") і размясціўся на пошце, у канторы саўгаса, інтэрнаце дырэкцыі і новым доме. Партызанская разведка далажыла, што вакол пасёлка выстаўлена 6 пастоў: каля пеньказавода (4 чалавекі), каля бальніцы (4 чалавекі), па дарозе на Багуслаўку, на масту ў 1 км ад саўгаса па дарозе на Сялец (8 чалавек), на грэблі каля свінарніка на ўсход ад пасёл¬ка і каля казармы.
Атрымаўшы разведдадзеныя, камандаванне брыгады прыняло рашэнне разграміць ворага ударам з двух бакоў: з боку в. Сялец і з боку Камуны імя БВА. Для выканання пастаўленай задачы былі прыцягнуты ўсе атрады брыгады № 25 (акрамя атрада Карнеева) агульнай колькасцю да 300 чалавек. Ударную групу складалі атрады імя Я. Гарбачова і імя А. Неўскага, асноўную — партызанскія атрады імя К. Каліноўскага і "Камсамолец". Партызанскі атрад імя Кутузава прыкрываў атрады з боку в. Кузьмічы, імя М. Сільніцкага з боку в. Сялец. Штаб брыгады знаходзіўся пры ўдарнай групе. У загадзе па брыгадзе № 25 ад 10 красавіка 1944 года № 77 былі абумоўлены ўсе акалічнасці аперацыі: колер ракет перад пачаткам наступлення, у выпадку неабходнасці спынення агню і адступлення; паролі — пропуск — "6", водгук — "2", умоўны знак пры гэтым — у першага вінтоўка ўзнята гарызантальна над галавой, у другога — вертыкальна ў бок правай рукі. Атрады павінны былі мець не менш 2-х насілак для пераноскі параненых.
Распачалася аперацыя ў ноч з 10 на 11 красавіка. На досвітку ў 4 гадзіны атрады пачалі штурм пасёлка. Зняўшы вартавых, партызаны авалодалі пеньказаводам, чыгуначным палатном, бальніцай, сельмагам, асобнымі дамам). Частка атрадаў падышла да дамоў, дзе знаходзіліся нямецкія салдаты, частка засталася на адлегласці 100-200 м. Вораг адкрыў агонь па партызанах, атрады вымушаны былі спыніць наступленне. Бой працягваўся да 6 гадзін раніцы. 3-за недахопу боепрыпасаў партызаны вымушаны былі адступіць і адысці на сваю базу.
У выніку бою спалены дом, дзе размяшчаліся немцы, партызаны знішчылі каля 30 варожых салдат, пашкодзілі да 1 км тэлефоннай лініі паміж саўгасам і в. Сялец. 3 боку партызан страт не было.
Партызанская брыгада № 64 імя В.П. Чкалава ў гэты час вяла жорсткія баі ў раёне Загальскіх балот. Выконваючы абавязкі камандзіра брыгады Варатнікоў у сваім данясенні паведамляў:
"...атрадам імя Лазо 8 красавіка пры наступленні праціўніка зроблены 3 засады ў раёне Азломль — Баравіно;
9 красавіка брыгада вяла бой паўночна-ўсходней хутара Похіль;
10 красавіка ў 1.30 яна прыняла бой на канале Цафман - Калінаўка на пераправе;
11 красавіка сумесна з брыгадай Шашуры ўступілі ў боесутыкненне ў раёне Горнае-Сосны, дзе за дзень адбілі 4 атакі праціўніка, узялі ў якасці трафеяў 2 ручныя кулямёты, 8 аўтаматаў, 7 пісталетаў, 2 біноклі і інш. Вызвалена са зняволення 250 чалавек мірнага насельніцтва;
12 красавіка брыгада знаходзілася ў акружэнні і сумесна з брыгадай Шашуры вяла баі. Разграмілі нямецкі гарнізон вострава Скаварады і знішчылі варожую заставу ў раёне вострава Зыслаў;
13-14 красавіка баі працягваліся на Слаўкавіцка-Ямінскім канале каля хутара Стрычын...".
Байцы партызанскай брыгады ў гэтых баях паказалі прыклад мужнасці і гераізму.
У дакладзе ЦК ЛКСМБ сакратар Мінскага падпольнага абкома ЛКСМБ П.Е.Папоў расказаў пра памочніка камісара атрада імя Громава Аляксея Чорнага, які ў час баёў камандаваў часткай атрада. Дзякуючы яго рашучым дзеянням, атрад забяспечыў выхад калоне, у якой, акрамя партызан, знаходзілася і мірнае насельніцтва. У гэтым жа дак¬ладзе ўтрымліваюцца звесткі пра адважнага снайпера Саўчанку, які будучы цяжкапараненым, каб не трапіць у палон да ворага, узарваў сябе гранатай.
12 красавіка загінуў камандзір партызанскай брыгады №161 імя Р.Катоўскага Андрэй Сямёнавіч Шашура, ураджэнец Сумскай вобласці. У 1934 г. пасля заканчэння Сумскай артылерыйскай школы ён камандаваў батарэяй. Удзельнік савецка-фінскай вайны. Напярэдадні Вялікай Айчыннай узначальааў палкавую школу. Пасля цяжкіх баёў у акружэнні летам 1941 г. капітан Шашура А.С. з групай сваіх байцоў стаў партызаніць у Глускім раёне. На аснове яго партызанскай групы ў красавіку 1942 г. быў створаны партызанскі атрад імя А.Я.Пархоменкі, камандзірам якога Шашура быў да студзеня 1943 г. У студзені 1943 г. яго назначылі камандзірам новаўтворанай партызанскай брыгады №161 імя Р.І. Катоўскага. У 1942 г. А.С. Шашура быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а ў жніўні 1943 г. яму прысвоена чарговае воінскае званне — маёр.
  Пра апошні бой камбрыга расказаў былы начальнік штаба атрада імя В.М.Молатава Б.І.Багдановіч "...на атрады брыгады партызанскім камандаваннем была ўскладзена задача па прарыву з акружэння. У самым пачатку атакі камбрыг быў цяжкапаранены ў нагу. Некалькі дзён, па грудзі ў балотнай багне, на насілках з лазы, партызаны неслі яго. Не было больш сіл знаходзіцца ў вадзе, і мы выйшлі на невялікі астравок. Тут нас заўважылі з самалётаў. Немцы абрушылі шквальны артагонь, зверху "рамы" палівалі з кулямётаў. Затым пяхота акружыла востраў. Заняўшы кругавую абарону, эканомячы апошнія патроны, мы стрымлівалі націск ворага. Шашура кіраваў боем. Хутка яго паранілі яшчэ раз. Загінулі Федзя Анісімаў, парторг нашага атрада Мікалай Калтун, урач Дзмітрый Паспелаў і многія іншыя. Штурмаваць наш востраў зноў немцы не адважыліся і адышлі. Несці параненага камбрыга па балоце не было сілы, ды і нельга было яму рухацца — ён моцна аслабеў ад страты крыві. Разумеючы гэта, аддаў загад пакінуць яго. Партызаны замаскіравалі насілкі ў кустах алешніку. Праз некаторы час мы пачулі стрэл — камбрыг у апошні раз націснуў курок свайго "маузера"...". Камбрыг А.С. Шашура пахаваны ў мемарыяльным скверы горада Любані.
 
Сям'я НІКОЛЬСКІХ (злева направа): Марыя Францаўна, 1902 г. нар., расстраляна карнікамі каля п. Сосны 18 красавіка 1944 г.; Міхаіл, 1922 г. нар., у гады вайны-баец партызанскага атрада імя Громава п/брыгады №64 імя В.П.Чкалава; бабуля, маці А.М. Нікольскага; Яніна, 1924 г. нар., спалена карнікамі ў зямлянцы ў сямейным лагеры каля п.Сос¬ны ў снежні 1943 г.; Аляксандр Міхайлавіч Нікольскі, былы загадчык Заельнянскай пачатковай школы, 1895 г. нар., расстреляны немцамі ў маі 1942 г. за сувязь з партызанамі. 
 

Камбрыг брыгады №161 імя Р.І. Катоўскага Андрэй Сямёнавіч ШАШУРА.


Н. СІНЯК, дырэктар музея народнай славы.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY