Той час нельга забыць
Адным з тых, хто ў Вялікую Айчынную абараняў свабоду І незалежнасць Айчыны, быў мой сусед з в. Рэдкавічы Мікалай Кузьміч Нізкі. Дарэчы, 4 мая яму споўніўся 91 год - гэта самы стары жыхар нашай вёскі. Тут ён і нарадзіўся, гадаваўся ў шматдзетнай і працавітай сялянскай сям'і. У 1934 годзе прайшоў навучанне на аднагадовых курсах пры раённым аддзеле адукацыі і быў накіраваны на работу ў Старобінскі раён. Пяць гадоў загадваў там Мікалай Кузьміч Кутняўскай пачатковай школай. Незадоўга да вайны хлопец завочна скончыў Слуцкае настаўніцкае вучылішча і прызваўся ў Чырвоную Армію.
Спачатку на службу трапіў у дапаможны дывізіён запаснога артылерыйскага палка. А з лютага 1940 года Нізкі прадоўжыў службу ў 20 артылерыйскім палку 16 стралковай дывізіі і быў курсантам палкавой школы, пасля заканчэння якой яго назначылі на камандную пасаду.
 
 
Такім чынам, з 15 чэрвеня 1941 года Мікалай Кузьміч стаў памочнікам камандзіра ўзвода асобнага артылерыйскага дывізіёна стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Эстонскай ССР. Але доўга займаць такую пасаду не давялося, неўзабаве яго ў ліку 14 малодшых камандзіраў адправілі ў Латвійскую ССР, дзе фарміравалася артылерыйская часць рэзерву галоўнага камандавання.
Да пачатку вайны заставалася 5 дзён. Але маладыя вайскоўцы гэтага не ведалі. Яны былі поўныя мар і надзей, планаў і задум, якія імгненна былі перакрэслены нечаканым нападам гітлераўцаў на краіну Саветаў. Замест мірных памкненняў прыйшлося клапаціцца пра ўзбраенне і арганізацыю адпору ворагу.
Ужо ў другой палове першага дня вайны зброю атрымалі ўсе падраздзяленні. Нашы войскі накіраваліся ў бок Каунаса. Чуліся выбухі, стаяў дым ад пажарышчаў, нямецкая авіяцыя бесперапынна бамбіла дарогу. Наўкол чуліся стогны і крыкі параненых, плач жанчын і дзяцей. 24 чэрвеня 1941 года Мікалай чэрвеня 1941 года Мікалай Кузьміч быў паранены ў правае плячо. Дарэчы, асколак і па сённяшні дзень знаходзіцца там. Лячыцца ў шпіталі давялося месяц, пасля чаго вайскоўца адправілі ў запасны артылерыйскі полк. Разам з іншымі смелымі байцамі пачаў ён рабіць бліндажы, абсталёўваць месцы для ўстаноўкі 45 мм супрацьтанкавых гармат. Было гэта паміж Гатчынай і Ленінградам. Потым паступіў загад тэрмінова фарсіраваць раку і ісці на выручку роце, якая трапіла ў акружэнне. Ворагі націскалі, наступалі. Яны разлічвалі на паніку ў радах савецкіх воінаў. Але прагадаліся. Нашы салдаты смела ішлі ў бой. Мікалай Кузьміч, як і яго аднапалчане, кожны дзень сустракаўся са смерцю.
Але не баяўся, можа таму і выжыў. Хаця быў цяжка параненым. На танку яго, непрытомнага, перавезлі праз мост, а затым ужо на грузавой машыне даставілі ў шпіталь. Там з хлопца дасталі некалькі асколкаў і адправілі далей лячыцца ў Ленінград. А ўжо адтуль па чыгунцы перавезлі яшчэ ў адзін шпіталь, дзе Нізкі знаходзіўся амаль год.
15 верасня 1942 года Мікалай Кузьміч вярнуўся ў строй і стаў змагацца з ворагам у якасці памочніка камандзіра стралковага ўзвода, які размяшчаўся ў Падмаскоўі. Пасля яго перакінулі ў Варонежскую вобласць.
Давялося ветэрану ўдзельнічаць і ў вызваленні Украіны, з цяжкімі баямі адступаць за Данецк, вучыцца на танкіста. Пасля чаго ён стаў механікам-вадзіцелем танка Т-34 і быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі. А ў 1949 годзе майго суседа ўзнагародзілі Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ за добрыя вынікі ў падрыхтоўцы курсанцкага саставу.
... Тым часам вайна працягвалася. Полк, у якім служыў Нізкі, прымаў удзел у баях за вызваленне Венгрыі, каля возера Балатон...
I вось - доўгачаканая Перамога. Мікалаю Кузьмічу далі кароткачасовы водпуск. 3 цяжкасцямі дабраўшыся да родных Рэдкавіч, на месцы некалі дыхтоўнай хаты ён убачыў папялішча. Немцы спалілі яе за сувязь жыхароў з партызанамі, за свабодалюбівы дух людзей, за стойкае супраціўленне ворагу. Убачанае і пачутае болем адгукнулася ў сэрцы маладога чалавека. Прабыўшы 20 дзён дома, ён зноў вярнуўся ў вайсковую часць. У 1946 годзе Мікалай Кузьміч захварэў і трапіў у шпіталь у горад Баржомі. Знаходзіўся там больш за год, пасля чаго Нізкага па стану здароўя, з другой групай інваліднасці, дэмабілізавалі.
Куды было ехаць - толькі ў Рэдкавічы. Працаваць тут пайшоў па набытай раней спецыяльнасці педагога. 3 1947 года Мікалай Кузьміч узначаліў Чачэнскую пачатковую школу. У хуткім часе яго ўзнагародзілі знакам выдатніка асветы і перавялі ў Рэдкавіцкую СШ, дзе Нізкі стаў выкладаць геаграфію, маляванне і чарчэнне.
У роднай вёсцы сустрэўся былы франтавік з цудоўнай жанчынай Любай, якая працавала ў мясцовым аддзяленні сувязі. Нягледзячы на тое, што ў яе падрастала маленькая дачушка Волька, прапанаваў Любе выйсці за яго замуж. Жанчына згадзілася. Разам пабудавалі хату, завялі ўласную гаспадарку. У любові ды згодзе на свет з'явіліся яшчэ трое сумесных дзяцей.
Хаця голад і разруха былі непазбежнымі спадарожнікамі пасляваенных гадоў, але Мікалай Кузьміч і Любоў Сцяпанаўна не адчайваліся, гадавалі сына і дачок, выводзілі іх у людзі, старанна працавалі кожны на сваім месцы.
 
 
Мікалай Кузьміч настаўнічаў у Рэдкавіцкай СШ 36 гадоў. 3 1948 па 1979 незменна выбіраўся дэпутатам мясцовага сельсавета. Некалькі гадоў запар быў намеснікам старшыні сельвыканкома. Любую даручаную яму справу выконваў на выдатна. За гэта і быў удастоены 5 грамат, а ў 1976 годзе - яш'чэ і медаля "Ветэран працы".
Цяпер мой сусед на заслужаным адпачынку. Жыве ў прасторнай хаце адзін, бо, на жаль, пяць гадоў назад Любоў Сцяпанаўна пакінула гэты свет. Мікалай Кузьміч вельмі перажывае з-за такой бяды, але крэпіцца. Ды добра яшчэ, што адна дачка Тамара жыве непадалёку ў Рэдкавічах. То і яна штодзень заходзіць, і ўнукі. Не даюць яны дзеду сумаваць. А той гасцей то духмянымі яблыкамі пачастуе, то салодкім вінаградам. Дарэчы, нягледзячы на старасць, ветэран сам даглядае сваю сядзібу, агарод, насаджэнні. Рознага давялося пабачыць Мікалаю Кузьмічу на сваім вяку, але ён ніколі не скардзіцца на свой лес. А жадае толькі аднаго - каб яго дзеці, унукі і праўнукі ніколі не зведалі вайны. Сам жа Мікалай Кузьміч за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час яе, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі "За баявыя заслугі", "За перамогу над Германіяй" і мноствам юбілейных.
Сёння ў гэтым сівым старым чалавеку цяжка пазнаць былога смелага і рашучага, бравага і мужнага, прыгожага сяржанта Нізкага. Час зацягнуў раны на яго целе, але ніколі не здолее загаіць душэўныя, нанесеныя вайной.
Мікалай Кузьміч -заўсёды жаданы госць у Рэдкавіцкай СШ, бывае тут на ўсіх урачыстасцях, сустракаецца з вучнямі. Яму ёсць што ўспомніць і расказаць рабятам. Перанёсшы ваеннае ліхалецце, ветэран змог захаваць душэўную цеплыню, дабрыню і спагаду - усе тыя якасці, якіх часам не хапае многім.
  Дык няхай з пакалення ў пакаленне жыве памяць і клопат пра ветэранаў гэтай самай крывапралітнай вайны. Нізкі паклон усім яе ўдзельнікам і асабіста Вам, Мікалай Кузьміч!

Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай сельскай бібліятэкі.Голас Любаншчыны. 2009 № 70
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY