Аперацыя "Баграціён"
Фашысцкае камандаванне разумела, што страціць Беларусь значыць, адкрыць Чырвонай Арміі шлях на Польшчу і Усходнюю Прусію, паставіць пад удар Германію. Таму тут была створана глыбокаэшаланіраваная абарончая сістэма "Faterland". Абарону ўтрымлівалі падраздзяленні групы армій "Цэнтр" - адна з найбольш моцных груповак, якая налічвала 63 дывізіі і 3 пяхотныя брыгады да 1200 тысяч чалавек, мела на ўзбраенні 9500 артылерыйскіх гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 самалётаў. Асабліва ўмацаванымі былі Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў, Жлобін, Бабруйск.
Беларуская аперацыя пад кодавай назвай "Баграціён" прадугледжвала нанясенне асноўных удараў па найбольш умацаваных гарадах, акружэнне і знішчэнне груповак праціўніка. У аперацыі прымалі ўдзел фарміраванні трох Беларускіх франтоў і I Прыбалтыйскага, авіяцыя дальняга дзеяння, Дняпроўская ваенная флатылія і І-я армія Войска Польскага. Агульная колькасць Чырвонай Арміі складала да 1400 тысяч чалавек, 31700 артылерыйскіх гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і САУ, каля 5 тысяч самалётаў.
Галоўнай задачай аперацыі "Баграціён" было вызваленне Беларусі. Па характару баявых дзеянняў яе можна падзяліць на два этапы: першы - з 23 чэрвеня па 4 ліпеня, другі - з 5 ліпеня па 29 жніўня.
Да наступальнай аперацыі рыхтавалася не толькі камандаванне Чырвонай Арміі, у яе падрыхтоўцы прынялі актыўны ўдзел і партызанскія фарміраванні ўсёй Беларусі, у тым ліку і тыя, што дзейнічалі на тэрыторыі Любаншчыны. I вось наступіў доўгачаканы дзень. 23 чэрвеня пасля артпадрыхтоўкі пачалі наступленне ІІІ і II Беларускія і I Прыбалтыйскі франты, а 24 чэрвеня пачалося наступленне войскаў I Беларускага фронту. Партызанскія радысты кожны дзень прымалі весткі аб поспехах Чырвонай Арміі: 26 чэрвеня вызвалены Віцебск і Жлобін; 27 чэрвеня акружана і разгромлена віцебская групоўка праціўніка, вызвалена Орша; 28 чэрвеня — Магілёў; 29 чэрвеня — Бабруйск, акружана і разгромлена бабруйская групоўка праціўніка. Лінія фронту набліжалася да Любаншчыны.
Па другі бок яе ў тыле ворага таксама не спынялася барацьба. Штаб Мінскага партызанскага злучэння распрацаваў план баявых аперацый брыгад, які прадугледжваў не толькі нанясенне ўдараў па нямецка-фашысцкіх войсках, але і меры па зберажэнню ад знішчэння адступаючымі варожымі часцямі населеных пунктаў і мірнага насельніцтва ад угону ў Германію. Кожная брыгада размяшчалася ў пэўным рэгіёне партызанскай зоны для выканання баявой задачы. Партызанскія атрады брыгады №25 імя П.К. Панамарэнкі, напрыклад, павінны былі дыслацыравацца ў раёне вёсак Асавец, Турок, Фёдараўка, Песчанец, Дубілаўка, Слабодка.
29 чэрвеня да 12.00 атрады занялі вызначаныя пазіцыі. У 16 гадзін партызанамі была заўважана група варожых салдат колькасцю да роты. У перастрэлцы забіты двое салдат, у палон узяты обер-лейтэнант, які быў дастаўлены ў штаб злучэння. Партызаны мініравалі шасэйныя дарогі, рабілі на лясных участках завалы, вялі баі з засад з адступаючымі варожымі часцямі, знішчалі лініі сувязі, наносілі ўдары па чыгунцы, якая была запруджана войскамі праціўніка.
Па чыгунцы бесперапынна рухаліся браняпоезд з бронепляцоўкай з зянітнымі ўстаноўкамі і шасцю броневагонамі і дзве бронедрызіны. З.А.Ашуйка, жыхарка в. Шыпілавічы, успамінае пра тыя дні: "Немцы ўжо адступалі. Праз вёску па чыгунцы хадзіў нямецкі браняпоезд. Аднойчы ён адкрыў агонь па вёсцы. Стралялі кулямі і снарадамі. У адзін момант наша вуліца ператварылася ў адзін пылаючы факел. Гэта было жудасна: крыкі, плач, узрывы снарадаў і агонь. Ніхто не ратаваў сваё дабро, усе ратаваліся самі".
"Гэта быў самы страшны дзень за ўсю вайну, - успамінае Баярына Л.М. з гэтай жа вёскі, - мы схаваліся ў суседкі, у яе склепе. На двары разарваўся снарад, асколкі паранілі дзвюх жанчын, якія хаваліся разам з намі" (з даследчай работы Н. Барысавец, вучаніцы гімназіі №1).
30 чэрвеня лінія фронту прайшла праз Любаншчыну. "Мы радаваліся таму, што ў Парычах ідуць баі, рвуцца нашы бомбы, што хутка прыйдуць свае, - успамінае Вольга Андрэеўна Жартун (Гардзіеня). Аднойчы брат Стас пайшоў у Трайчаны. Там на ўскрайку вёскі ў зямлянцы пяклі хлеб. Адтуль ён бяжыць і.крычыць: "Нашы!". Чырвоная Армія праз балота ішла на Любань. Мы сустракалі салдат хлебам-соллю, дарылі ім на памяць хто што мог. Я падарыла першаму сустрэчнаму воіну вышытую яшчэ ў лесе хустачку. I пайшла мая хустачка на фронт. Мы насілі салдатам ваду ў драўляных вёдрах з дальніх калодзежаў – у канаве ваду не бралі, баяліся, што немцы атруцілі перад адступленнем" (з даследчай работы Любанскай ДАСШ № 3).
Партызаны сумесна з часцямі Чырвонай Арміі прынялі ўдзел у вызваленні вёсак і гарадоў Беларусі. Аператыўны аддзел БШПД паведамляў, што "... партызанская брыгада Куранава (камандзір 125-й Капаткевіцкай брыгады) з баямі захапіла ўчастак дарогі Шыпілавічы - Сялец і сумесна з перадавымі часцямі заняла мяст. Любань. Партызанская брыгада Розава (камандзір брыгады № 64 імя В. Чкалава) захапіла пераправу на р.Случ у раёне м.Пагост і сумесна з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі авалодала горадам Слуцк...". 30 чэрвеня ў 20.00 штаб брыгады № 25 імя П.Панамарэнкі атрымаў данясенне ад разведкі аб сустрэчы з часцямі Чырвонай Арміі каля в.Обчын. На наступны дзёнь 1 ліпеня 1944 г. брыгада злучылася каля в. Засмужжа з Чырвонай Арміяй.
С.І.Ісайка, партызан атрада імя Громава брыгады № 64, успамінаў: "30 чэрвеня 1944 года мы сустрэліся з часцямі Чырвонай Арміі каля вёскі Пеклічы. Спачатку пачулі гул, затым убачылі пыл - гэта ішлі нашы танкі. Сустрэча была радаснай, нас нават накармілі з салдацкай франтавой кухні. Затым я і некалькі партызан, паколькі мы ведалі раён, селі на танкі і разам з чырвонаармейцамі ўварваліся ў Любань. Немцаў тут амаль не засталося, таму і баявых дзеянняў у самім Любані не было. Але аднаго немца на Слабадзе мы ў палон узялі" (з даследчай работы Любанскай ДАСШ № 1).
  На досвітку 30 чэрвеня часці 48-й стралковай дывізіі і 19 механізаванай брыгады ўвайшлі ў гарадскі пасёлак Любань. Нягледзячы на ранні час, іх радасна сустракалі ўсе жыхары пасёлка. На працягу дня ўся тэрыторыя Любанскага раёна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Н. СІНЯК, дырэктар музея народнай славы.Голас Любаншчыны. 2009 № 97
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY