Многае памятаецца
Сярод шматлікіх слаўных старонак гісторыі нашай краіны, бадай, самай значнай з'яўляецца трохгадовая барацьба з гітлераўскімі акупантамі. У ёй змагарамі былі ўсе — ад малога да старога. Вялікая Айчынная ўсяму свету апавясціла пра гераізм жыхароў рэспублікі-партызанкі. У ліку тых, хто адстойваў у 40-ыя гады свабоду і незалежнасць Беларусі, была Ніна Рыгораўна Барысевіч з вёскі Рэдкавічы. Нялёгкі лёс выпаў на долю гэтай жанчыны. Нарадзілася яна ў шматдзетнай працавітай сям'і ў вёсцы Загалле. Бацька Рыгор Іванавіч Падбярозны быў умелым шаўцом, майстраваў чаравікі для людзей. А маці Зося Максімаўна Лялькіна завіхалася па гаспадарцы.
Уласнай зямлі сям'я не мела. Таму, калі гаспадар памёр, скончылася спакойнае жыццё і ў яго дамачадцаў. Ніне на той момант ледзь споўнілася 5 гадоў. Але ж нездарма кажуць, што адна бяда не ходзіць за сабою другую водзіць. Дык вось той другою бядою стаў пажар, які знішчыў хату і амаль усю гаспадарку. Пасля чаго сям'я спаўна зведала голад і нястачу. А было ў ёй ажно восем дзяцей. Ніну забралі да сябе ў Жывунь родны дзед з бабаю. Там яна скончыла спачатку пачатковую школу, а, літаральна перад вайною — яшчэ і васьмігодку ў Загаллі.
 
 
22чэрвеня 1941 года Ніна Рыгораўна памятае, нібы ўчарашні дзень. Якраз у тую нядзелю ў Загаллі спраўлялася вяселле і на ім гулялі амаль усе вяскоўцы. Людзі весяліліся ўсю кароткую летнюю ноч, і ніхто нават не думаў, што раніцай наваколле ўскалыхне жудасная вестка — вайна!
Літаральна з першых месяцаў яе дзяўчына разам з такімі ж падлеткамі, як сама, не сядзела дома. Бегалі яны ажно ў Слаўкавічы, каб уведаць штосьці новае, каштоўнае. I аднойчы былі зачынены паліцаем у чужым халодным склепе. Сядзелі там некалькі дзён, пакуль не прыйшоў нейкі чалавек ды не выпусціў палонных. Яны былі добра напалоханы, але ўсё ж змаглі сабраць неабходную інфармацыю пра немцаў і нашых здраднікаў, пра іх узбраенне.
Аднойчы Ніна разам з іншымі рабятамі ўбачыла падазроную жанчынуў доўгай спадніцы і чорнай хустцы. Расказала пра яе старшыні сельсавета С.Т.Карнееву. Незнаёмую асобу затрымалі, і аказалася яна пераапранутым мужчынам-шпіёнам.
Ужо ў пачатку вайны ў Загаллі была сфарміравана партызанская група, у склад якой увайшла і Ніна Рыгораўна. Хлопцы распаўсюджвалі лістоўкі з весткамі з фронту, а дзяўчаты вязалі шкарпэткі, рукавіцы з двума пальцамі, каб у іх ямчэй было трымацца за зброю і страляць. Унутр рэчаў клалі паперкі з надпісам — ад каго падарунак. I атрымлівалі ад байцоў пісьмы ў адказ, падзякі.
Паступова вёска Загалле станавілася моцнай партызанскай базай. Хаця адвага і мужнасць "лясных воінаў" і рабілі гэту мясцовасць непрыступнай для фашыстаў, аднак жыццё там спакойным не было. Немцы часта бамбілі наваколле з дапамогай авіяцыі.
Ніна Рыгораўна памятае, як аднойчы ворагі ўсё ж уварваліся ў Загалле, сагналі жыхароў у хлеў, але запаліць яго не паспелі. Прыехаў нейкі іх афіцэр і загадаў выпусціць народ, бо партызан, маўляў, паблізу няма. Аднак многія хаты спалілі.
Гэта толькі актывізавала моладзь у пашырэнні партызанскага руху. У Загаллі і Жывуні былі створаны камсамольска-падпольныя арганізацыі.
3 вясны 1942 года над мясцовасцю пачалі з'яўляцца савецкія самалёты. Яны скідвалі грузы са зброяй, боепрыпасамі, газетамі і лістоўкамі. А вось каб прымаць іх на зямлі, трэба было мець свой аэрадром. Рыхтаваць пляцоўку пад яго, карчаваць лес, засыпаць ямы стала моладзь. I ўжо ў верасні 1942 года самалёты маглі садзіцца на востраве Зыслаў. Там жа знаходзіліся Мінскі абком партыі, камандаванне партызанскага злучэння, выходзілі газеты "Звязда", "Чыр-воная змена". У Загаллі працавала партызанская школа, настаўнічалі ў якой актыўныя камсамолкі Марыя Дзяшковіч, Аляксандра Бедзік, Антаніна Корбут і Аляксандра Комлік.
Ніне вельмі запомнілася, калі аднойчы непадалёку ад вёскі Жывунь партызаны знайшлі пад разгалістай елкай маленькае дзіцятка. Забраць яго з сабою было небяспечна, і тады ўсе вырашылі пакінуць малое адной жанчыне ў бліжэйшым населеным пункце.
Неяк позняй восенню прыехалі ў Загалле партызаны з Рэдкавіч. Знаходзіўся сярод іх прыгожы статны хлопец Адам. Прыглянуўся ён Ніне, але яна нікому пра гэта не казала. Аднойчы адправілі партызан ва Урэчча падарваць чыгунку. У той групе былі і Ніна з Адамам, і натрапіла яна на варожую засаду. Завязаўся цяжкі бой, у якім абодвум пашчасціла выжыць. Пасля чаго хлопец сказаў дзяўчыне: "Не жаночая гэта справа хадзіць з вінтоўкаю на плячах у цяжкіх салдацкіх ботах. Жанчына павінна нараджаць і гадаваць дзяцей".
Аспрэчваць пачутае Ніна не магла, бо яе ўсю калаціла гарачка. Адам прывёз доктара. I той паставіў дыягназ — тыф. ён ледзь не сагнаў дзяўчыну ў магілу, выжыць удалося цудам. Мабыць, хісткасць жыцця паскорыла намеры Адама — ён прапанаваў Ніне выйсці за яго замуж. А тая адразу ж згадзілася, бо ўжо не ўяўляла бўдучыні без каханага.
Партызанскае вяселле справілі ў глухім загальскім лесе.
— А музыка была? — пытаюся ў жанчыны. ,
— А як жа, і музыка была, і песні спявалі, і ваўкі вылі..., — засмяялася яна ў адказ.
Пасля вяселля Адам прапанаваў жонцы разам паехаць у Рэдкавічы. Такім чынам у ліпені 1943 года яны аказаліся ў атрадзе імя А.Труцікава. Камандзірам партызан быў Васіль Статкевіч. Пазнаёміліся там Барысевічы і з яго жонкай Марыяй. Жанчыны разам з мужчынамі хадзілі часам на баявыя заданні. Асноўным жа заняткам Ніны быў догляд хворых і параненых. Марыя гатавала партызанам няхітрую, але смачную ежу.
Партызанскі атрад стаяў каля вёскі Верачагошч, у лясным масіве "Смалянка". Здарылася так, успамінае Ніна Рыгораўна, што два "лясныя байцы" захварэлі на тыф. Адзін з іх у гарачцы вельмі прасіў журавін. Ніна расказала пра тое Адаму. Але муж запратэставаў, баяўся адпусціць жонку па ягады, кругом жа былі немцы і паліцаі. Вось тады Ніна ўпершыню не паслухала яго. Раненька ўпотай выбегла з зямлянкі, дабралася да балота і назбірала крыху журавін. Ужо пасля, у Рэдкавічах, выздаравеўшы Міша ўсім расказваў, што вылечылі яго кісла-салодкія Нініны журавіны.
Памятае ветэран і тое, як каля Верачагошча трэба было пераправіцца на пароме праз Арэсу. Ніна вельмі баялася ступіць на яго. Адам жа працягнуў ёй сваю шырокую, моцную далонь і сказаў: "Не бойся, страшней будзе далей". Так яно і аказалася. Перабраўшыся на другі бераг ракі, доўга давялося сядзець у "Чорным балоце", у макраце і холадзе. А так хацелася хаця б гадзінку паспаць, адпачыць у цёплай хаце.
У Рэдкавічах таксама было неспакойна. Аднойчы фашысты запалілі ў вёсцы крайнія хаты, а бацькоў мясцовага партызана Ф.Пякельніка жывымі ўкінулі ў калодзеж, паласнуўшы іх наўэдагон з аўтамата. Жонцы ж "ляснога воіна" цудам удалося застацца жывою. Яна проста здаўмелася назвацца чужым імем.
Чаго толькі не перажыла Ніна Рыгораўна Барысевіч. Яна ніколі не забудзе выпадку, калі ў атрад прывезлі цяжкапараненага партызанскага разведчыка Івана. Хлопец згараў на вачах, нага пачарнела, распухла, пачыналася гангрэна. Тады доктар мовіў Ніне: "Будзем ампутаваць нагу звычайнай пілой, якой рэжуць дровы, бо іншага інструмента ў нас няма, а марудзіць нельга". Ніна аж здрыганулася. Вочы сталі мокрымі ад слёз, бо яна вельмі хвалявалася за хлопца, думала, што той не вытрымае болю. Каб крышку прытупіць адчувальнасць параненага, партызаны здабылі ў бліжэйшай вёсцы самагону, прамылі ім пілу і далі выпіць Івану.
I той вытрымаў, перанёстакую цяжкую аперацыю ў складаных умовах. Толькі на гэтым усё не скончылася. Пачуўся брэх нямецкіх аўчарак, партызаны ўступілі ў бой з ворагам і ў перастрэлцы загінула ажно некалькі іх, а двое аказаліся параненымі.
Цяжкімі былі версты вайны. Нарэшце, 30 чэрвеня быў вызвалены Любанскі раён, а неўзабаве свабоднай стала і ўся Беларусь. Каб адзначыць гэту падзею, партызаны ўпершыню за тры гады сабраліся разам. У Мінску пасля мітынгу адбыўся сапраўдны парад Перамогі. У ім удзельнічаў і Адам Іванавіч Барысевіч.
...Чорны попел вайны развеяўся і над нашымі Рэдкавічамі. Амаль уся вёска была спалена, у тым ліку і Адамава хата. Але не апусціў рукі адважны партызан, узвёў новую, яшчэ лепшую, з рознымі гаспадарчымі пабудовамі. А Ніна завяла вялікую гаспадарку. 58 гадоў пражылі яны разам. У згодзе і любові далі жыццё 5 дзецям, займелі 8 унукаў, 12 праўнукаў. На жаль, ужо 9 гадоў, як гаспадар пакінуў гэты свет.
Хаця прайшло ўжо 65 гадоў, але Ніна Рыгораўна яскрава памятае падзеі ваенных гадоў. Нагадваюць пра іх і медаль "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", медаль Жукава і мноства іншых...
  Здароўе, безумоўна, ужо не тое, але Ніна Рыгораўна па-ранейшаму жвавая і вясёлая. Разам з тым, пры ўспамінах пра вайну на вочы набягаюць слёзы, а ў памяці ўсплываюць вобразы маладых хлопцаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай. Баліць за іх душа, і боль гэты будзе турбаваць жанчыну да скону веку.

Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай бібліятэкі.Голас Любаншчыны. - 2009 №101

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY