Малагарадзячыцкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа
У 1863 годзе ў сяле Малыя Гарадзячыцы было адкрыта народнае вучылішча, у якім навучалася 30 чалавек (28 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі). Вучылішча было трохкласнае. Дзеці навучаліся з трох вёсак: Калінаўка, Малыя Гарадзячыцы, Вялікія Гарадзячыцы. Дзяўчынкі тады не вучыліся. “Кудзеля” аднімала ў іх асноўнае – вучобу. Ды і хлопчыкаў тады вучылася нямнога. З 1866 па 1871 год вучылішча закрыта, узноўлена ў 1873 годзе. Настаўнікамі былі свяшчэннікі Сафрон Уручэвіч і Пётр Базылевіч.
Змены, што адбыліся ў грамадскім жыцці ў пачатку XX стагоддзя, выклікалі змены ў адукацыі: аднаўлялася і пашыралася сетка навучальных устаноў, але ж у вёсцы вялікіх змен не адбылося.
 

У вёсцы Малыя Гарадзячыцы працавала царкоўна-прыходская школа, якая была недалёка ад царквы, на беразе ракі Арэса. Школа была драўляная, аднапавярховая. У школе быў адзін пакой, у якім стаяла грубка. Вучыў дзяцей сам свяшчэннік мясцовай царквы. Настаўнікамі ў школе былі Чэрнік Іван і Лабовіч Сцяпан.
У другіх вёсках, з якіх дзеці хадзілі ў школу, вучыліся па хатах. Настаўнік (нехта Пракоп) збіраў некалькі дзяцей і вучыў у хатах па чарзе: тыдзень у адной хаце, тыдзень у другой і г.д.
Вучылася дзяцей няшмат: 80 – 90 чалавек. Заняткі наведвалі больш у зімовы час, а ў вясенне-летні перыяд дапамагалі ў гаспадарцы бацькам. Увосень і ўвесну ў школу хадзілі босыя, а ўзімку – у лапцях і саматканай вопратцы. Хто быў больш багаты, то іх дзеці насілі вопратку з фабрычнай тканіны.
Дысцыпліна ў школе была жорсткая, дзяцей білі, ставілі ў кут на калені на гарох і грэчку. У класе парты былі самаробныя. Пісалі на дошцы грыфелем, у сшытках – чарніламі. Падручнікі былі не ва ўсіх вучняў, толькі ў тых, хто мог купіць. Буквар, руская чытанка, матэматыка.
Вучылі ў школе Закон Божы, славянскую і рускую мовы, матэматыку, рускую чытанку. Заняткі заўсёды пачыналіся і закончваліся з чытання Божага Закону. У трэцім аддзяленні здавалі экзамен.
Пасля рэвалюцыі, калі быў выдадзены закон аб аддзяленні царквы ад дзяржавы, а школы ад царквы, школа стала называцца пачатковай (4 класы). Быў назначаны настаўнік Куц. Школа стала размяшчацца ў папоўскім доме. Настаўнікам працаваў Лабовіч С.І.
У 20-ых гадах школа згарэла. Пад школу дзяржава аддала былы памешчыцкі дом. У гэты час настаўнікам працаваў Сініцкі Аляксандр Фролавіч – мясцовы жыхар, ён маў сярэднюю адукацыю.
Школьныя пабудовы былі насупраць сучаснай школы, дзе зараз знаходзяцца жылыя дамы. Было два школьныя будынкі: адзін стары – з панскага будынка, а другі – зроблены з рэшткаў разбуранай царквы. Школа была сямігадовая, вучыліся ў ёй дзеці навакольных вёсак: Калінаўкі, Вялікіх Гарадзячыц, Прыклінца, Дварца.
Настаўнікамі ў школе перад вайноў былі: Жур, Крышэўскі, Крупянькоў, Абчынец, Дземідаў, Лазаковіч, Мікольскі. Настаўнікі былі маладыя, несямейныя, жылі на кватэрах. Дырэктарам школы быў Альшэўскі, жыў у адным з пакояў школьнага памяшкання. Акрамя дзённай школы працавала і вячэрняя.
У 1939 годзе Малагарадзяцічская сямігадоваям школа становіцца сярэдняй школай.
У час Вялікай Айчыннай вайны вёску Малыя Гарадзячыцы ахапіў лёс іншых беларускіх вёсак. Вёска была спалена да тла. Сгарэла і школа.
У 1941 – 1942 гадах планаваўся першы выпуск 10-га класа Малагарадзяцічскай сярэдняй школы. Але гэтую падзею вайна адклала на 14 гадоў.
Калі была вызвалена тэрыторыя вёскі ад немцаў, жыхары вярнуліся ў вёску, жылі ў пакінутых немцамі зямлянках. У адной зямлянцы была і школа. Яна знаходзілася на месцы сенняшняга магазіна. У школу хадзілі не ўсе дзеці, многія засталіся без бацькоў і таму не мелі магчымасці вучыцца. Падручнікаў не было, пісалі на паперы сабранай па лесе. Чарніла таксама не было, яго рабілі з разведзенай сажы.
Затым пабудавалі дамы і вучыліся па хатах у Вішнеўскай Матрэны і Шэўчык Тэклі.
У 1946 – 1947 гг. Быў перавезены і прыстасаваны для школы будынак з вёскі Барыкоў. У гэтым будынку размяшчалася і кантора калгаса, і сельскі савет, а два пакоі займала школа. Загадчыкам Малагарадзяцічскай пачатковай школы ў 40-х гадах быў Вішнеўскі Іван Мікалаевіч, які меў сярэднюю адукацыю, настаўніцай была Сысоева Валянціна Андрэеўна (пражывала ў в. Калінаўка).
У 1950 – 1951 вучэбным годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск Малагарадзяцічскай сямігадовай школы – 10 чалавек. Дырэктарам сямігадовай школы быў Радзевіч Аркадзь Мікалаевіч.
Настаўнікі:
Яновіч Галіна Феліксаўна
Мафіеня Фёдар Дзям’янавіч
Мафіеня Марыя Ільінічна
Шырына Ксеня Іванаўна
Статкевіч Марыя Сцяпанаўна
Дрынеўскі Аляксандр Аляксандравіч
Пашалык Анатоль Віктаравіч


У 1953 годзе з вёскі Калінаўка перавозіцца будынак і прыстасоўваецца каля школы на тым жа месцы, дзе школа была да вайны. Потым да яе прыстасоўваецца яшчэ частка памяшкання і да 1955 – 1956 гг. памяшканне школы становіцца такім, якім яно было да 1980 года.
У пачатку 50-х гадоў дырэктарам школы працаваў Русецкі Іван Рыгоравіч, а з 1954 па 1956 год Кузняцоў Нікіфар Сямёнавіч.
Першы выпуск 10-га класа адбыўся ў 1956 годзе.
З 1956 – 1971 гг. дырэктарам школы працавала Сініцкая Лізавета Мікалаеўна. Усяго ў школе працавала 13 настаўнікаў. З іх вышэйшую адукацыю малі 8 чалавек, сярэднюю адукацыю – 5 чалавек.
У 60-х гадах у школе вучылася каля 300 вучняў, а ў завочнай школе больш 40 чалавек. У школе працавала 24 настаўнікі. З іх вышэйшую адукацыю мелі 12 чалавек, незакончанае вышэйшае – 2 настаўнікі, 11 настаўнікаў мелі сярэднюю спецыяльную адукацыю.
З 1971 па 1974 год дырэктарам школы працаваў Галабоб С.С., а з 1974 па 1984 – Бялькевіч М.М.
За перыяд існавання сярэдняй школы (1956 – 1979гг.), якая знаходзілася ў старым памяшканні было выпушчана 616 выпускнікоў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю. Спецыяльнасць трактарыста атрымалі 79 выпускнікоў.
З ліку выпускнікоў сярэдняй школы вышэйшую адукацыю атрымалі больш за 50 чалавек, сярэднюю спецыяльную – больш 200 чалавек.
У 1980 годзе была пабудавана новая школа.
 
З 1980-1984 г.г. дырэктарам працаваў Бялькевіч Міхаіл Мікалаевіч. Намеснікам дырэктара школы - Сініцкая Лізавета Мікалаеўна.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY