Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі) - ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
Индекс материала
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
КАЛГАСЫ
Соль
СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
КАВАЛІ РОБЯЦЬ ГРАНАТЫ
Все страницы
 
ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
Беларускае Палессе... Край легендарных подзвігаў, выдатных падзей у гісторыі народа-барацьбіта. 3 якой любоўю ўславілі гэтыя мясціны Якуб Колас і Янка Купала! Сапраўды жывая гісторыя народа паўстае перад намі са старонак аповесці «Дрыгва» і паэмы «Над ракой Арэсай».
У час вандраванняў дарогамі партызанскай Беларусі думкі мае зноў і зноў вярталіся да Загальшчыны, дзе давялося пабываюць у 1954—1955 гадах. Загальскі сельсавет — адзін з найболып аддаленых ад гарадоў і чыгуначных дарог куток Любанскага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны Загальшчына ўваходзіла ў Акцябрска-Любанскі партызанскі край.
Лета 1955 года. У Любанскі раён Мінскай вобласці накіравалася этнаграфічная экспедыцыя Акадэміі навук БССР. Дарога вяла нас праз гушчары лясоў, дзе яшчэ зусім нядаўна пралягалі партызанскія сцежкі. Хоць прайшло ўжо дзесяць год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але кожны з нас адчуваў нейкае незвычайнае хваляванне: тут пачыналася своеасаблівае падарожжа ў суровае і гераічнае мінулае.
Далёка засталіся Слуцк, Любань. Вось канчаюцца палі саўгаса, што вырас на асушаных балотах. Яшчэ адзін лясок, і наша аўтамашына пад'ехала да Загалля. Нам захацелася ўбачыць і пачуць на Загальшчыне тое, што стала яе славай у гады цяжкіх выпрабаванняў. I гэта зразумела. Адсюль у 1941 годзе кіравалі барацьбой супраць ворага члены Мінскага падпольнага абкома Камуністычнай партыі, тут быў пабудаваны вялікі партызанскі аэрадром.
Мы рашылі ахапіць толькі тую частку Загальскага сельсавета, якая ў 1955 годзе ўваходзіла ва ўзбуйнены калгас імя П. К. Панамарэнкі. Раней тут было тры калгасы: «Чырвоны Кастрычнік» у вёсках Загалле і Татарка, імя Карла Маркса ў Старасеку і «Рассвет» у вёсках Жывунь і Падлуг. Сюды ўваходзіў і хутар Аснічкі.
Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў. Усе яны, знішчаныя ў час фашысцкіх карных экспедыцый, пасля вайны не аднаўляліся.
Названыя вёскі знаходзяцца на той ускраіне Любаншчыны, якая прылягае да Акцябрскага раёна былой Палескай вобласці. Паселішчы будаваліся тут сярод лясных гушчароў і балот на пясчаных узвышшах-астравах. Загалле раскінулася непадалёку ад вялікіх абшараў Мар'інскіх балот, што пачалі асушацца ў канцы дваццатых гадоў.
Калі ехаць цяпер з калгаса імя Беларускай ваеннай акругі ад вёсак Кузьмічы і Ніжына на ўсход, то за вялікім галам — нізінай — і будзе вёска Загалле.
Каб усебакова пазнаёміцца з асаблівасцямі жыцця сялян ва ўмовах партызанскага краю, мы пражылі тут некалькі месяцаў. Хадзілі з вёскі ў вёску, вывучалі мясцовыя ўмовы, кожны дзень вялі гутаркі з дзесяткамі людзей. Дапамагаў у нашай рабоце даваенны стар-шыня сельсавета, актывіст партызанскай барацьбы, старшыня калгаса Сцяпан Тамашавіч Карнееў. Неацэнныя паслугі экспедыцыі аказаў сакратар Загальскага сельсавета Антон Данілавіч Сініцкі.
Разам з усімі працоўнымі Беларускай ССР калгаснікі Загальшчыны ваявалі ў партызанскіх атрадах супраць гітлераўскіх акупантаў. I ў штурме раённага цэнтра Любань, і ва ўзрыве маста на рацэ Пціч, і ва ўсіх іншых аперацыях, дзякуючы якім партызаны ўтрымлівалі на працягу трох год у сваіх руках некалькі раёнаў Мінскай і былой Палескай абласцей, прымалі актыўны ўдзел жыхары Загальскага сельеавета.
Вёскі сталі пастаяннымі партызанскімі базамі, дзе знаходзіліся гарнізоны народных мсціўцаў.
Аб узброенай барацьбе партызан гэтай зоны, аб іх баявых аперацыях, аб мужнасці і гераізме радавых байцоў і партызанскіх камандзіраў нямала расказана ва ўспамінах Васіля Казлова, Рамана Мачульскага, Георгія Шчарбатава, Аляксандра Цітова. Але не менш цікава таксама і тое, як жылі, што рабілі, як адчувалі сябе мільённыя масы народа, з якіх рос і шырыўся, на якіх абапіраўся, у якіх чэрпаў натхненне партызанскі рух у Беларусі.
Найбольш шырока і яскрава праявіліся традыцыі даваеннага савецкага быту на тэрыторыях партызанскіх краёў і партызанскіх зон Беларусі. Тут насельніцтва мела непараўнальна больш магчымасцей жыць па-савецку, чым на той тэрыторыі, дзе ўвесь час панаваў і лютаваў вораг, дзе стаялі фашысцкія гарнізоны.
Партызанская Загальшчына — адзін з невялічкіх куткоў Мінскай вобласці — з'яўляецца якраз тым добрым прыкладам, які пераканаўча сведчыць аб патрыятычных рысах у абліччы калгаснага сялянства Савецкай Беларусі, што яскрава праявіліся ў суровыя часы Вялікай Айчыннай вайны.
Многа цікавага паведаміў нам аб гэтым Сцяпан Тамашавіч Карнееў. З асаблівым захапленнем расказаў ён аб першых днях партызанскай вайны. Адразу было відаць, што многа ведае аб падзеях таго часу гэты чалавек.
Ды як яму і не ведаць? Сын беднага селяніна, стары сельскі актывіст, ён з першых дзён варожай акупацыі раёна ўзначаліў барацьбу мясцовых патрыётаў супраць іншаземнага нашэсця.
— У Загальскім калгасе «Чырвоны Кастрычнік» быў радыёпрыемнік,— успамінаў Сцяпан Карнееў.— Слухаючы радыёперадачы, мы даведаліся аб важнейшых указаннях нашай партыі, якія даваліся ў першыя дні і тыдні вайны. Мы праслухалі прамову таварыша Сталіна 3 ліпеня 1941 года. Для калгаснікаў стала зразумелым, што трэба рабіць, знаходзячыся ў тыле ворага.
У першыя дні вайны Карнееў сабраў у насельніцтва паляўнічыя стрэльбы і ўзброіў сельскі актыў, з якога склалася патрыятычная група. У яе ўваходзілі старшыня калгаса «Рассвет» кандыдат партыі Рыгор Іванавіч Плышэўскі, старшыня калгаса імя Карла Маркса Міхал Бенядзіктавіч Сыцько, яго брат камуніст Іван Сыцько і іншыя.
У сувязі з тым што гітлераўцы пачалі скідаць парашутыстаў і на тэрыторыі раёна з'явіліся падазроныя асобы, Карнееў выставіў на дарогах узброеныя пасты.
— Калі восьмага ліпеня вораг заняў Любань,— успаміналі першыя загальскія партызаны,— і праз нашы вёскі пачалі праходзіць нямецка-фашысцкія войскі, патрыятычная група спаліла на дарогах масты.
З кім бы нам ні давялося гаварыць, усе ў адзін голас заяўлялі:
— З самых першых дзён фашысцкай акупацыі тут, у тыле ворага, захоўвалася Савецкая ўлада.
У лясах Загальшчыны знаходзіўся старшыня выканкома Любанскага раённага Савета дэпутатаў працоўных Андрэй Сцяпанавіч Луфераў, які тады ўзначальваў і раённую партыйную тройку, што выконвала функцыі падпольнага райкома партыі.
У дваццатых чыслах ліпеня 1941 года сюды сумесна з групай партыйных работнікаў прыбыў другі сакратар Мінскага абласнога камітэта партыі Васіль Іванавіч Казлоў, удастоены потым звання генерала, Героя Савецкага Саюза. Ён быў накіраваны Цэнтральным Камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі, каб узначаліць падпольны абком. Разам з ім у Любанскі раён прыбылі сакратары абкома партыі Іван Дзянісавіч Варвашэня, Аляксей Фёдаравіч Брагін, Іосіф Аляксандравіч Бельскі (пасля атрымаў званне Героя Савецкага Саюза); члены абкома Аляксей Георгіевіч Бондар, Раман Навумавіч Мачульскі (пазней ён таксама стаў сакратаром падпольнага абкома), Аляксандра Ігнатаўна Сцяпанава.
Так пачаў дзейнічаць першы падпольны абком партыі на акупіраванай захопнікамі савецкай зямлі.
Хутка тут шырока разгарнуўся партызанскі рух. Летам таго ж 1941 года першая патрыятычная група Загальскага сельсавета аб'ядналася з групай Аляксандра Іванавіча Далідовіча, накіраванай у тыл ворага Цэнтральным Камітэтам КП(б)Б. На чале аб'яднанага партызанскага атрада стаў А.I. Далідовіч. У першую восень вайны тут стварыліся яшчэ атрады А. I. Патрына і М. М. Розава, у якія таксама ўступалі мясцовыя жыхары.
Высокая актыўнасць партызанскага руху не толькі рабіла гэту мясцовасць непрыступнай для паліцыі, але давала магчымасць ужо ў першыя месяцы вайны праводзіць буйныя аперацыі супраць акупантаў. Так, у ноч з 6 на 7 лістапада пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкома партыі партызаны зрабілі налёт на Любань, разграмілі там варожы гарнізон, узялі багатыя трафеі.
Восенню 1941 года фашысцкія карнікі змаглі ўсяго два разы ўварвацца ў Загалле, Татарку, Старасек і суседнія вёскі. Толькі на адну-дзве гадзіны ўварваліся яны сюды яшчэ раз у красавіку 1942 года, але адразу ж былі выгнаны партызанамі.
З красавіка 1942 года да студзеньска-красавіцкай блакады 1944 года амаль на працягу двух год Загальшчына, як і ўвесь партызанскі край, у які яна ўваходзіла, не бачыла на сваёй тэрыторыі ніводнага гітлераўца, апрача палонных, якіх часам партызаны адпраўлялі з мясцовага аэрадрома ў савецкі тыл.
Рост тэрыторыі Акцябрска-Любанскага партызанскага краю не азначаў, аднак, для насельніцтва спакойнага мірнага жыцця. Нават і тады, калі фашысты не маглі ўварвацца сюды са сваімі атрадамі, яны сістэматычна бамбілі вёскі пры дапамозе авіяцыі.
У 1942—1943 гадах расла колькасць атрадаў, пашыралася тэрыторыя зоны, што знаходзілася пад кантролем народных мсціўцаў. Партызанскімі камандзірамі сталі Рыгор Плышэўскі, Сцяпан Карнееў, калгаснік вёскі Жывунь Майсей Сулім. Усе жыхары Загальскага сельсавета, здольныя насіць зброю, уступілі ў мясцовыя атрады. У канцы 1941 года Мінскі падпольны абком партыі аб'яднаў усе партызанскія сілы пад кіраўніцтвам адзінага штаба злучэння.
Разгарнуўшыся ў 1943 годзе ва ўсю моц, патрыятычны рух прывёў да далейшага ачышчэння населеных пунктаў ад варожых гарнізонаў, да далейшага пашырэння Акцябрска-Любанскага партызанскага краю. На поўначы Любаншчына змыкалася са Слуцка-Капыльскай партызанскай зонай Мінскай вобласці. На поўдні партызанскі край цягнуўся за межы Акцябрскага і Старобінскага раёнаў. Ен ахопліваў амаль увесь Капаткевіцкі раён і значную тэрыторыю Петрыкаўскага раёна Палескай вобласці. На захадзе Старобінскі раён шчыльна прымыкаў да буйнога партызанскага краю Пінскай вобласці.
Усё жыццё на вольных партызанскіх прасторах развівалася пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі. Ва ўсёй зоне дзейнасці Мінскага падпольнага абкома актыўную работу праводзілі райкомы партыі і пярвічныя партыйныя арганізацыі.
У сакавіку 1943 года сакратаром Любанскага райкома быў прызначаны камісар партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі Аляксандр Аляксандравіч Баравік.
Ад лета 1942 года і да канца акупацыі на тэрыторыі партызанскага краю амаль заўсёды прысутнічалі прадстаўнікі ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху. У цэнтры партызанскага краю выдавалася падпольная газета ЦК КП(б)Б «Звязда» і газета ЦК ЛКСМБ «Чырвоная змена».
Усё гэта стварыла вельмі спрыяльныя ўмовы для шырокага і адкрытага праяўлення ў тыле ворага савецкіх традыцый ва ўсім паўсядзённым жыцці калгаснікаў.



Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."