Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі) - КАЛГАСЫ
Индекс материала
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
КАЛГАСЫ
Соль
СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
КАВАЛІ РОБЯЦЬ ГРАНАТЫ
Все страницы
КАЛГАСЫ
На тэрыторыі Загальскага сельсавета напярэдадні вайны існавалі чатыры сельгасарцелі. У часе этнаграфічнай экспедыцыі 1955 года мы цікавіліся лёсам людзей і гаспадаркай калгасаў «Чырвоны Кастрычнік», імя Карла Маркса і «Рассвет». У даваенныя гады калгаснікі сельгасарцелей Загальскага сельсавета дабіліся вялікіх поспехаў у развіцці сваёй грамадскай гаспадаркі. Яны зусім не хацелі згадзіцца з думкай аб тым, што якія-небудзь чорныя сілы змогуць парушыць і спыніць іх шчаслівае калгаснае жыццё.
Фашысцкія захопнікі ўжо прыблізна цераз два тыдні пасля пачатку вайны прайшлі праз Любанскі раён. Якраз у той жа час гітлераўскае камандаванне ў адным са сваіх загадаў паведамляла: «На працягу 48 гадзін пасля апублікавання гэтага загаду ўся былая калгасная маёмасць, што знаходзіцца ў сялян, павінна быць здадзена адпаведным кіраўнікам. За невыкананне — расстрэл».
У гэткіх умовах імкненне беларускіх сялян працаваць па-калгаснаму або захаваць грамадскую маёмасць было адной з форм барацьбы супраць так званага «новага парадку».
I калгаснікі адразу ўключыліся ў гэту барацьбу. Падпольныя партыйныя арганізацыі і партызаны раілі калгаснікам захоўваць сацыялістычную ўласнасць ад акупантаў, дапамагалі ім у арганізацыі гэтай справы.
Былы сакратар Мінскага падпольнага абкома Васіль Іванавіч Казлоў пісаў, што абласны камітэт партыі ў канцы ліпеня правёў на тэрыторыі Загальскага сельсавета сход камуністаў Любанскага раёна, дзе была пастаўлена задача надзейна схаваць ад акупантаў збожжа і іншую калгасную ўласнасць, ні ў якім выпадку не дапусціць захопу яе ворагам.
У першыя месяцы варожай акупацыі сялянам Загальшчыны ўдалося захаваць нават свае калгасы. Камуністы-падпольшчыкі і партызаны падтрымлівалі іх у гэтай патрыятычнай справе. На чале гаспадарак засталіся іх былыя кіраўнікі. Калгасам «Рассвет» кіраваў яго былы старшыня Рыгор Плышэўскі, які з першых дзён акупацыі стаў адначасова партызанам мясцовага атрада. Калгас імя Карла Маркса па-ранейшаму ўзначальваў стары вясковы актывіст Міхаіл Сыцько. На чале калгаса «Чырвоны Кастрычнік» застаўся намеснік старшыні Аляксей Рудзько, бо старшыня перад самай вайной быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію.
Ва ўсіх гэтых сельскагаспадарчых арцелях працягваліся калектыўныя работы.
— Людзі так прывыклі да калектыўнай працы, што з радасцю імкнуліся ў гурт,— успамінаў аб тых часах калгаснік вёскі Старасек Анатоль Слівец.
Але ж трэба помніць, што вакол былі ворагі.
— Няўжо ў калгасах тады ішло ўсё так гладка? — спыталі мы ў былога рахункавода сельгасарцелі імя Карла Маркса Антона Данілавіча Сініцкага.
I гэты энтузіяст калгаснай справы расказаў, як, перапалохаўшыся акупантаў, у першыя дні кінуў даглядаць сваіх коней адзін з конюхаў і як перасталі пасвіць жывёлу некаторыя пастухі. Праўда, паддаліся панічным настроям нямногія калгаснікі і зусім на кароткі тэрмін.
У хуткім часе сяляне прыстасаваліся да новых суровых умоў жыцця. Старшыні калгасаў збіралі пасяджэнні праўленняў, хоць цяпер ужо пратаколаў і не пісалі. Кіраўнікі раіліся з народам на кароткіх брыгадных і агульных сходах. Працягвалі працаваць брыгадзіры, жывёлаводы. У канцылярыях займаліся сваімі справамі рахункаводы. Збожжа са свірнаў выдавалася па накладных, вытрымліваўся рацыён кармлення жывёлы. Працоўная актыўнасць калгаснікаў была высокай.
Летам і восенню 1941 года калгаснікі Загалыпчыны калектыўна правялі сенакашэнне, уборку ўраджаю, малацьбу... За 500 кіламетраў ад лініі фронту, калі навальніца вайны бушавала пад самай Масквой, сеялі сяляне таксама калектыўна, бо ў перамогу Савецкай улады і калгаснага ладу яны верылі нават тады, калі Гітлер распускаў хлусню аб узяцці нямецка-фашысцкімі войскамі сталіцы Савецкага Саюза.
Так выхаванае Камуністычнай партыяй калгаснае сялянства і ў тыле ворага працягвала гаспадарыць па-калгаснаму, падтрымліваючы партызан не толькі зброяй, але і хлебам.
Аднак, ці магла тут існаваць калгасная форма гаспадарання ў выглядзе сельскагаспадарчай арцелі на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі?
Ход падзей прымушаў шукаць далейшых спосабаў перабудовы вытворчай дзейнасці сялян. Ужо восенню 1941 года фашысцкім карнікам удалося двойчы ўрывацца (хоць і ненадоўга) на тэрыторыю калгасаў Любанскага раёна. У Загаллі яны забралі 11 коней, пакінутых тут адступаўшымі часцямі Чырвонай Арміі. У калгас «Рассвет» акупанты прыслалі загад прыгнаць у Любань 120 галоў жывёлы.
У такіх умовах падпольныя партыйныя арганізацыі раілі падзяліць грамадскую маёмасць. Ва ўсіх калгасах былі выбраны спецыяльныя камісіі. Перш за ўсё тут зімой 1941/42 года была падзелена жывёла, збруя, вупраж. Грамадская маёмасць выдавалася калгаснікам па спісах для асабістага карыстання ёю і зберажэння. Насенне збожжа і бульбу з буртоў падзялілі вясной 1942 года. Тады ж дзялілі і зямлю пад яравыя пасевы. Калектыўныя пасевы азімых камісіі падзялілі паміж калгаснікамі толькі ў 1942 годзе перад жнівом.
Такім чынам, сельгасарцель праіснавала тут ва ўмовах партызанскага краю цэлы год — з лета 1941 да лета 1942 года. Савецкія людзі ў асаблівых гістарычных умовах, глыбока ўсвядоміўшы правільнасць калгаснага шляху развіцця, вымушаны былі самі часова спыніць тут дзейнасць сваіх сельскагаспадарчых арцелей. Але калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Захопнікі не змаглі ўзяць адсюль ні жывёлы, ні збожжа. Акупантам удалося толькі знішчыць значную частку маёмасці ў чае блакады партызанскага краю, у пачатку 1944 года.
Працягваючы вывучэнне калгасных спраў у партызанскім краі, я паехаў у Любань, каб сустрэцца там з некаторымі ўдзельнікамі падзей на Загалынчыне ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўтульным пакойчыку разам са мной за сталом сядзелі супрацоўніца райвыканкома былая партызанка Ліда Бенядзіктаўна Валошчанка (Сыцько) і яе муж Валошчанка Уладзімір Пятровіч, былы камандзір партызанскага ўзвода, а таксама былая партызанка, пасляваенны старшыня пасялковага Савета ў Любані Клаўдзія Ануфрыеўна Макарчанка.
Удзельнікі гутаркі былі ўзрушаны і ўсхваляваны, ўспамінамі аб гераічным мінулым. Ім хацелася расказаць літаральна аб усім, што паказвае веліч простага беларуса-барацьбіта з Савецкага Палесся. Асабліва актыўна гаварыў пра калгас імя Карла Маркса Уладзімір Валошчанка. Гэта некалькі здзіўляла, бо з самага пачатку гутаркі высветлілася, што Уладзімір Пятровіч чалавек не мясцовы, ён былы баец Чырвонай Арміі, які трапіў у 1941 годзе на Загальшчыну, выходзячы з варожага акружэння.
У хуткім часе Валошчанка ўступіў у мясцовы партызанскі атрад.
— Да вайны я быў трактарыстам,— сказаў ён.— Калі мяне мабілізавалі на ваенную службу, то я авалодаў там спецыяльнасцю танкіста. А ў партызанскай весцы Старасек у калгасе імя Карла Маркса зноў працаваў на трактары.
— Ці доўга ж вы там працавалі? — спытаў я Уладзіміра Пятровіча.
— Усю восень,— адказаў ён.
Бачачы маё здзіўленне, Валошчанка, нібыта для пацвярджэння сваіх слоў, дадаў:
— У Загальшчыне працаваў не толькі мой трактар. Былі яшчэ і іншыя трактары, якія выкарыстоўваліся калгаснікамі на сельскагаспадарчых работах у тыле ворага.
Вярнуўшыся ў Загальскі сельсавет, я разам з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі ўзяўся за пошукі слядоў гэтай незвычайнай з'явы. Аказалася, што ў калгасе імя П. К. Панамарэнкі пасля вайны жыло многа людзей, якія не толькі бачылі восенню 1941 года трактары на палях сваіх калгасаў, але нават працавалі на іх.
Калі ісці палявой дарожкай з вёскі Старасек у Жывунь, то пасля першага пералеску выходзіш на даволі вялікае поле, амаль з усіх бакоў акружанае лясамі і балотамі. Гэта ўрочышча Крывая — адно з найбольш аддаленых ад дарогі палёў калгаса імя Карла Маркса. У канцы лета і восенню 1941 года тут панавала асаблівае ажыўленне — кожны дзень ад самай раніцы да позняга вечара спакой ціхага кутка парушаўся звонкім гулам. На ніве сярод стагоў збажыны працавала складаная малатарня, прымацаваная да калгаса яшчэ перад вайной машынна-трактарнай станцыяй. Прыводзілася яна ў рух тра'ктарам.
На першы погляд магло б здацца, што тут зусім не адчуваюць вайны. Але на самай справе гэта было не так. Кожны дзень і кожную гадзіну можна было чакаць карнай экспедыцыі. Вось чаму дарогі, што вялі да Загальскага сельсавета, завальваліся спілаванымі дрэвамі, масты на гэтых дарогах разбіраліся, вось чаму і калгаснікі працавалі тут з незвычайнай актыўнасцю. — Не было ніводнага выпадку прастою малатарні з-за недахопу рабочай сілы,— успамінаў Фама Раманавіч Дайнека,— людзей заўсёды хапала.
Малатарню штодзённа абслугоўвалі 28 некваліфікаваных калгаснікаў і тры машыністы: жывёлавод Сяргей Чэркас, Іван Гарбуновіч, які некалькі год працаваў машыністам у МТС, і кладаўшчык Канстанцін Сініцкі. Трактарам займаліся Уладзімір Валошчанка, яго сябар баец Васіль Татарынаў і калгасны шафёр Міхаіл Пракаповіч.
Малацьба ішла паспяхова. Ва ўрочышчы Крывая да зазімкаў была абмалочана асноўная частка калгаснага збожжа. Потым машыну перацягнулі на востраў Зыслаў, дзе таксама ўдалося ўсё абмалаціць. Засталася неабмалочанай толькі грэчка, якую ў канцы лістапада 1941 года спаліла карная экспедыцыя фашыстаў. Разам з двума калгаснымі гумнамі на Зыславе згарэла і малатарня.
Скарыстоўваліся ў калгасе імя Карла Маркса і конныя малатарні. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзены ў самыя кароткія тэрміны.
Прымаліся меры да хутчэйшага правядзення абмалоту і ў іншых калгасах. Там таксама шырока выкарыстоўвалася тэхніка. У калгасе «Рассвет» з поўнай нагрузкай працавала малатарня, якая прыводзілася ў рух трактарам і калгасным лакамабілем. Агрэгат абслугоўвалі мясцовы трактарыст Андрэй Сулім, машыніст лакамабіля Іван Ясючэня і машыніст малатарні Пётр Гарбуновіч.
Акрамя таго, тут малацілі коннымі малатарнямі і нават уручную. Абмалот быў закончаны да марозаў. У калгасе «Чырвоны Кастрычнік» таксама малацілі з дапамогай складанай малатарні, трактара і лакамабіля. На трактары працаваў жыхар вёскі Загалле Андрэй Емяльянаў. Вялікую дапамогу аказалі ў малацьбе воіны Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і арганізавалі партызанскі атрад.
Каб паскорыць малацьбу і не даць ворагу захапіць збожжа, падпольныя партыйныя арганізацыі стараліся планамерна забяспечыць калгасы тэхнікай МТС. Па распараджэнню партызан трактарыст Андрэй Сулім, які жыў у калгасе «Рассвет», выязджаў са сваім трактарам для малацьбы ў вёску Баянічы (калгас «Шлях сацыялізма»).
Паспяховаму правядзенню сяўбы азімых восенню 1941 года ў сельгасарцелях таксама спрыяла тое, што на калгасных палях працавалі трактары. Зямля была падрыхтавана пад азімае жыта не горш чым да вайны.
Безумоўна, што гэтыя поспехі не прыходзілі самі сабой. Асабліва вялікія цяжкасці сустракаліся ў забеспячэнні трактароў гаручымі і змазачнымі матэрыяламі. Намаганні калгаснікаў у гэтай справе заслугоўваюць таго, каб пра іх расказаць.
Рыхтуючыся да ўборкі і малацьбы збожжа, кіраўніцтва калгаса імя Карла Маркса прыняло неабходныя меры да стварэння запасаў гаручага. У ліпені 1941 года, адразу пасля захопу нямецка-фашысцкімі акупантамі Любанскага раёна, старшыня Міхаіл Бенядзіктавіч Сыцько і рахункавод Антон Данілавіч Сініцкі з'ездзілі на сядзібу Загальскай МТС (у шасці кіламетрах ад калгаса) і прывезлі адтуль тры бочкі бензіну. Потым па гаручае пачалі пасылаць спрактыкаваных калгаснікаў Ф. С. Суліма, Н. I. Падлоўкіна, I. I. Дайнеку. Яны некалькі разоў ездзілі ў саўгас «Сосны», які знаходзіўся каля Загальскай МТС. Старыя прывозілі адтуль бензін, газу і патрэбныя змазачныя матэрыялы. Калі запасы гаручага ў Загальскай МТС і ў бліжэйшым саўгасе скончыліся, даставаць яго стала цяжэй. У канцы верасня 1941 года камандзір партызанскага атрада А. I. Далідовіч даў распараджэнне паслаць дзве фурманкі па гаручае і муку ў саўгас імя 10-годдзя БССР. Ад вёскі Старасек ён знаходзіцца прыкладна за сорак кіламетраў. Разам з калгаснікам Сулімам паехаў Дайнека. Яны атрымалі ад камандзіра атрада запіску да партызана, які павінен быў выдаць гаручае. Запіску схавалі ў пачак з запалкамі.
Па дарозе калгаснікаў напаткалі немцы і пачалі пытаць, куды яны едуцы Што рабіць? Старыя не разгубіліся і адказалі, што едуць да сваякоў. Іх адпусцілі. Партызан, да якога Сулім і Дайнека ехалі па гаручае, працаваў да вайны ў канторы саўгаса. Прачытаўшы запіску, ён узяў двух рабочых і разам з калгаснікамі паехаў у лес, дзе было захавана гаручае. А потым даў і астатняе.
У хаце, што прытулілася каля лесу, пад падлогаю была схавана пшанічная мука. Старым выдалі дзве бочкі гаручага і шэсць мяшкоў мукі. Назад накіраваліся іншай дарогай — праз вёску Кузьмічы — і прывезлі ўвесь груз партызанам на востраў Зыслаў. Дастаўлены бензін партызаны выдавалі і для запраўкі трактара, што працаваў у калгасе імя Карла Маркса. Восенню настаў час, калі бензіну ўжо ніяк нельга было дастаць. Тады трактары пачалі запраўляць шкіпінарам. Але і шкіпінар хутка скончыўся. Яго прывозілі з Калінаўскага смалакурнага завода Малагарадзяціцкага сельсавета і са Слаўкавіцкага спіртапарашковага завода Глускага раёна. Гэтыя заводы былі пад кантролем партызан. Смалакурны завод знаходзіўся на адлегласці каля дваццаці кіламетраў ад калгаса імя Карла Маркса.
Па шкіпінар калгаснікі ездзілі шэсць разоў. Такое гаручае пакідала многа сажы, і трактар прыходзілася вельмі часта чысціць. Але ўсё ж калгаснікам удавалася выкарыстаць тэхніку для вялікай і важнай справы. На жаль гэтая тэхніка не магла служыць калгаснікам Загальшчыны на працягу ўсяго перыяду вайны. Карныя экспедыцыі фашыстаў прымусілі сялян часова перабудаваць сваю вытворчую дзейнасць. Спыняючы працу сельгасарцелей, прымаючы захады да захавання калгаснай маёмасці, жыхары Загальскага сельсавета своечасова паклапаціліся і аб тэхніцы МТС.
Захаванне маёмасці машынна-трактарнай станцыі сяляне звязвалі з будучымі задачамі сваіх калгасаў. Хаваючы і ахоўваючы маёмасць МТС, калгаснікі разумелі, што без яе цяжка будзе аднавіць гаспадарку пасля выгнання акупантаў з Беларусі. На тэрыторыі трох сельгасарцелей калгаснікамі і механізатарамі было захавана некалькі трактароў Загальскай МТС. У вёсцы Старасек восенню 1941 года, пасля заканчэння малацьбы, калёсны трактар ХТЗ быў закапаны ў яму каля калгаснай аборы. У захаванні трактара прымалі ўдзел многія калгаснікі сельгасарцелі імя Карла Маркса. Другі, гусенічны трактар, яны загналі пасля палявых работ 1941 года ў хмызняк, дзе ён прастаяў да вызвалення Беларусі ад акупантаў.
У Жывуні калёсны трактар да прыходу Савецкай Арміі захаваў трактарыст Арсень Іванавіч Сулім, укрыўшы яго на ўласным двары. Яшчэ адзін трактар закапалі ў яму калгаснікі гэтай вёскі каля стайні. У вёсцы Загалле летам 1942 года каля кузні быў закапаны трактар «Натн». У яго сховах прымалі ўдзел механізатары і калгаснікі сельгасарцелі «Чырвоны Кастрычнік» Андрэй Емяльянаў, Васіль Сікірыцкі, Даніла Кульчыцкі і іншыя.
— Трактар,— расказваў мне Емяльянаў,— закапвалі гуртам. Але немцам гэтую тайну ніхто не выдаў. Адзін трактар у Загаллі калгаснікі разкамплектавалі і таксама збераглі яго.
Калі пасля вайны пачала аднаўляцца Загальская МТС, калгаснікі і механізатары адкопвалі і прыводзілі ў парадак сваю тэхніку, прыносілі дэталі, якія змаглі зберагчы. У выніку ўдалося аднавіць усе трактары, што знаходзіліся на тэрыторыі трох калгасаў, за выключэннем аднаго, які, нібы салдат, быў моцна пашкоджаны кулямі і асколкамі.



Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."