Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі) - Соль
Индекс материала
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
КАЛГАСЫ
Соль
СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
КАВАЛІ РОБЯЦЬ ГРАНАТЫ
Все страницы
Соль
У якім бы напрамку ні ехалі вы па вёсках Беларусі, з кім бы ні давялося вам гаварыць аб былым жыцці ў тыле ворага, усюды сярод самых разнастайных успамінаў вы абавязкова пачуеце і пра тое, як прыкра было ў час вайны без солі. Бясконцае і сумнае апавяданне перарываецца часам радаснымі ноткамі і аб тым, як у адным ці другім месцы партызаны захапілі ў акупантаў мяшок або склад солі.
Але прыемныя для субяседніка мясціны ва ўспамінах пра соль вельмі мала ўплываюць на агульны змест таго ж сумнага апавядання. Усе яго варыянты, хоць іх і многа, маюць адзіную, калі так можна сказаць, сюжэтную аснову: у беларускіх сялян не было солі.
Чаму?
Чаму на высокім узроўні цывілізацыі і пры вялікіх запасах солі ў Еўропе мільёны людзей павінны былі пакутаваць без такога неабходнага прадукту харчавання?
Невычарпальныя саляныя залежы Вялічкі, Данбаса і іншых месц трапілі ў рукі фашысцкіх катаў і крывасмокаў. Вялікія запасы спажывецкай солі ў гарадах, створаныя рукамі нашага народа, былі ўзяты пад жорсткі кантроль акупацыйных улад. А гэты самы звычайны прадукт ворагі чалавецтва ператварылі ў дадатковы сродак эксплуатацыі мільённых мас «Остланда», у зброю масавых здзекаў і своеасаблівых катаванняў непакорных жыхароў савецкіх тэрыторый.
У Беларусі продаж солі вясковаму насельніцтву быў сканцэнтраваны ў руках фашысцкіх сельскагаспадарчых камендатур. У спецыяльных абменных пунктах за соль ад сялян бралі дарагія, высокакаларыйныя прадукты: сала, масла, яйкі. За кожную жменю солі прыгнечаныя і абрабаваныя людзі вымушаны былі аддаваць усё самае неабходнае для свайго ўласнага харчавання. Таму вельмі часта ім даводзілася ўжываць посную ежу або толькі крыху пасоленую.
Жыхары партызанскіх краёў пазбаўлены былі нават гэтай магчымасці. Вось чаму і ў партызанскай Загалынчыне нам давялося многа наслухацца аб тым, як людзі жылі без солі. Тут, як і ў іншых партызанскіх раёнах Беларусі, людзі ўжывалі ў ежу мінеральныя ўгнаенні...
Даваенная соль у самых запаслівых калгаснікаў скончылася ў 1942 годзе. Невялікую колькасць солі часам удавалася атрымаць ад партызан, але яны і самі дабывалі яе вельмі мала і таксама часта пакутавалі ад недахопу гэтага неабходнага прадукту.
Мінеральныя ўгнаенні ўжывалі тут у страву каля двух з паловай год — з канца 1941 да сярэдзіны 1944 года. Запасы такіх угнаенняў меліся ў саўгасах «Жалы» і імя 10-годдзя БССР. Дастаўка іх з саўгаса «Жалы», які знаходзіўся ў Загальскім сельсавеце, была не вельмі складанай. Але ў саўгасе мінеральных угнаенняў, відаць, было мала і к таму яшчэ, як расказвае селянін вёскі Старасек Іосіф Дайнека, калійныя ўгнаенні тут былі перамешаны з суперфасфатам і сталі зусім непрыгоднымі для ўжывання ў ежу.
Як бы там ні было, але ўжо з канца 1941 года калгаснікі сталі ездзіць па мінеральныя ўгнаенні за 40 кіламетраў у саўгас імя 10-годдзя БССР. Калгаснік вёскі Жывунь Сцяпан Сулім прывёз адтуль іх каля васьмідзесяці пудоў.
Калі, вандруючы па партызанскіх краях Беларусі, мне першы раз давялося пачуць пра ўжыванне ў ежу замест солі мінеральных угнаенняў, то неяк жудасна зрабілася на душы. Пазнаёміўшыся ў час экспедыцыі на Загальшчыне з гэтым пытаннем больш дэталёва, я зразумеў, што тут неабходна мець яшчэ некаторыя веды па хіміі і фізіялогіі.
У Мінску мне параілі звярнуцца за кансультацыяй да загадчыка лабараторыі аграхіміі Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі прафесара Р. I. Майсеева.
I вось я ў яго лабараторыі. — Я да вашых паслуг,— сказаў мне прафесар. Рыгор Іванавіч, перш за ўсё мяне цікавіць, якія мінеральныя ўгнаенні могуць ужывацца ў ежу? I якія з іх маглі быць у запасе ў 1941 годзе ва ўмовах тарфяных глеб Любанскага раёна?
— У саўгасах Любанскага раёна ў той час,— адказаў Майсееў,— маглі быць розныя ўгнаенні: фосфарныя, азотныя, калійныя. Але ў ежу маглі ўжывацца толькі калійныя: напэўна, сільвініт, калійная соль і хлорысты калій. Самым неабходным рэчывам для харчовых мэт у іх з'яўляюцца хлорысты натрый (кухонная соль) і хлорысты калій.
Ведучы размову, Рыгор Іванавіч падаваў мне са сваіх шаф прабіркі з хімічнымі рэчывамі, аб якіх ішла гутарка, прапанаваў некаторыя з іх пакаштаваць.
У канцы размовы ён дадаў:
— Самае галоўнае, чаго нельга не ўлічваць,— гэта тое, што часцей за ўсё да калгаснікаў, якія вас цікавяць, мінеральныя ўгнаенні траплялі не ў чыстым выглядзе. Да калійных угнаенняў у час перавозак і перагрузак, у вагонах, на базах і складах у саўгасе самі сабой дамешваліся ў тых ці іншых дозах угнаенні азотныя і фосфарныя. А яны для ежы зусім непрыгодныя.
У час экспедыцыі высветлілася, што, каб аддзяліць хлорысты калій і хлорысты натрый ад іншых прымешак, калгаснікі падвяргалі калійнае ўгнаенне папярэдняй апрацоўцы, сыпалі яго ў ваду і кіпяцілі. Хлорысты натрый і хлорысты калій раставалі, а на дно пасудзіны асядалі крамнёвая кіслата, вокіс кальцыю, гідравокісы алюмінію і жалеза, а таксама пясок, гліна і іншыя рэчывы. Астыўшы раствор працэжвалі праз анучку ў бутэлькі, а асадак выкідвалі.
Зразумела, што сяляне рабілі ўсё гэта без адпаведных ведаў, даходзячы да такіх вынікаў сваім жыццёвым вопытам. Аб хімічным змесце названых працэсаў я даведаўся толькі ўжо ў лабараторыі аграхіміі.
Падрыхтаваны такім прымітыўным спосабам раствор ужываўся пры засолцы прадуктаў і для прыгатавання стравы. Часам, асабліва, калі варылася цэлая бульба, паступалі і больш проста: невялікую колькасць калійнага ўгнаення завязвалі ў анучку і клалі яго ў гаршчок з ежай.
Ва ўмовах партызанскага краю сяляне імкнуліся нарыхтаваць у запас тыя ж прадукты, што і да вайны. Асабліва стараліся надалей захаваць такія прадукты жывёлагадоўлі, як сала і мяса. Сала складвалі ў кубел, як і пры звычайным саленні, толькі замест пасыпкі кожнага слою кухоннай соллю яго палівалі халодным растворам калійнага ўгнаення.
Сала набывала пры гэтым горкі прысмак...
— Але нічога, есці можна было,— успамінаў калгаснік вёскі Жывунь Сцяпан Сулім.
Мяса рыхтавалі для доўгага хавання некалькі інакш. Пасля разбору тушы невялікія кавалкі мяса апускалі ў кубел з астуджаным растворам, атрыманым пры кіпячэнні ўгнаення. Там яно прасольвалася на працягу некалькіх месяцаў.
— Мяса не псавалася ад угнаення,— сцвярджала калгасніца Агнеша Адольфаўна Міхневіч,— але смак быў не той.
Некаторыя калгаснікі дабіваліся таго, што мяса захоўвалася вельмі доўга і, прасаліўшыся зімой, не псавалася нават летам. Прасоленыя кавалкі вясной высушвалі на ветры і сонцы. У калгасніка вёскі Старасек Сцяфана Гука такое салёнае і высушанае мяса, а потым закапанае ў час блакады разам з кублам у зямлю, захавалася да вясны 1944 года.
Аднак многім калгаснікам часта не хапала ўмельства і вопыту ў гэтай справе.
У некаторых выпадках мяса не салілі, а стараліся есці свежым. Так рабілі часцей за ўсё з мясам маладой жывёлы або тады, калі не ўмелі як след ужываць калійныя ўгнаенні.
— Калі я калола кабанчыка,— успамінала калгасніца вёскі Старасек Агаф'я Сцяпанаўна Статкевіч,— то трэба было хутчэй есці, бо мяса псавалася.
Селянін Іосіф Дайнека, не без гумару, сказаў мне:
— Мяса не салілі. Калі рэзалі цялё або што другое, то елі свежае. Трэба было толькі знайсці сабе ў гэтай справе добрых памочнікаў... Аднаму ўсюды кепска, нават за сталом.
Дайнека растлумачыў, што ў яго заўсёды стаялі партызаны, і сям'я сумесна з імі хутка з'ядала свежае мяса. Таму не было патрэбы і ў яго засолцы.
Саліць ва ўмовах партызанскага краю сметанковае масла нікому не даводзілася. Яго або зусім не збівалі, бо ў сувязі з забеспячэннем партызан хутка разыходзілася малако, або, калі і рабілі, то вельмі мала. I таму не было патрэбы ў яго доўгім захаванні.
Засолка гуркоў праводзілася таксама пры дапамозе калійнага ўгнаення. Іх апускалі ў расол. Праўда, гуркі ў гады вайны салілі не ўсе калгаснікі. Капусту квасілі амаль усе, але некаторыя сяляне ўгнаення да яе не ўжывалі.
Як толькі не душылі беларускі народ нямецка-фашысцкія акупанты, як толькі не здзекаваліся з яго! Аднак савецкія людзі, што глыбока верылі ў сваю перамогу, пераадольвалі ўсе цяжкасці на шляху барацьбы з заклятым ворагам. Сваёй працай яны ў самых цяжкіх умовах стваралі для сябе неабходныя сродкі існавання. Больш таго, забяспечвалі прадуктамі харчавання і іншымі матэрыяльнымі сродкамі вялікую армію партызан.



Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."