Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі) - СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
Индекс материала
Дарогамі партызанскай Беларусі (А.І.Залескі)
ЛЕГЕНДАРНЫ КРАЙ
КАЛГАСЫ
Соль
СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
КАВАЛІ РОБЯЦЬ ГРАНАТЫ
Все страницы
СУВЯЗЬ СТАРАСЕК — МАСКВА
Яшчэ з восені 1941 года Мінскі падпольны абком КП(б)Б пасылаў за лінію фронту сваіх сувязных. У маі 1942 года да партызан савецкім самалётам была скінута рацыя з радыстам і яго памочнікамі. Мінскі падпольны абком партыі ўстанавіў двухбаковую радыёсувязь з Масквой.
Над партызанскім краем пачалі з'яўляцца крылатыя пасланцы Радзімы.
Магутны рост партызанскага руху на Міншчыне летам 1942 года вымагаў новых, больш шырокіх і больш сталых форм сувязі партызанскага краю з Вялікай зямлёй. З'явілася патрэба ў неадкладным стварэнні партызанскага аэрадрома. Пачаліся пошукі адпаведнага месца.
Выбар выпаў на востраў Зыслаў, што знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Любанскага раёна Мінскай вобласці.
— На якім жа возеры гэты востраў? — пытаюцца часам людзі, незнаёмыя з мясцовымі геаграфічнымі ўмовамі.
Справа ў тым, што на Любаншчыне і ў некаторых іншых раёнах Беларусі астравамі завуцца ўзвышшы сярод балот. Шмат такіх астравоў раскідана паміж балот і лясоў Загальскага сельсавета Любанскага раёна. Зыслаў, мабыць, найвялікшы сярод іх. Да калектывізацыі на востраве было нават некалькі хутаркоў, якія пазней ссяліліся ў цэнтр калгаса імя Карла Маркса.
А кружалі Зыслаў амаль зусім непраходныя балоты. Праехаць праз іх было тым больш немагчыма. 3 востравам старой гнілой грэбляй была звязана толькі адна вёска Старасек.
У жніўні 1942 года на Зыславе пачалося будаўніцтва аэрадрома. Народным мсціўцам дапамагалі калгаснікі, і праз некалькі тыдняў была расчышчана, выкарчавана і ўтрамбавана сярод лесу даволі вялікая пляцоўка. У верасні тут прызямліўся першы савецкі самалёт.
Аэрадром на востраве Зыслаў быў адным з шырока вядомых партызанскіх аэрадромаў часоў Айчыннай вайны. Вёска Старасек стала нечым падобным да аэрапорта. Сюды прыходзілі адпачыць, абагрэцца або нават пераначаваць лётчыкі, што прыляталі з Вялікай зямлі. Калгаснікі іх заўсёды сустракалі з вялікай радасцю і гасціннасцю. Лётчыкі абменьваліся з мясцовымі сялянамі падарункамі. Праўда, падарункі былі даволі своеасаблівымі. Вясковым мужчынам авіятары прывозілі тытунь, папяросы, а жанчынам — соль.
Не заставаліся ў даўгу і жыхары Старасека. Яны не толькі добра частавалі лётчыкаў, але і давалі ім з сабой сала і мяса.
Адзін дзядзька аднёс у самалёт нават цэлага кабана, якога падараваў воінам Чырвонай Арміі.
— У 1943 годзе,— расказаў калгаснік Фёдар Сулім,— мы адправілі самалётам толькі што зжатае збожжа ў Маскву, каб паказаць, які ў нас ураджай. У мяне тады лётчык узяў сноп жыта і ў некага — сноп пшаніцы.
Калгаснікі вёскі Старасек прымалі актыўны ўдзел у абслугоўванні аэрадрома.
— На гэтым аэрадроме я працаваў вельмі многа, з канём і без каня,— тлумачыў Іосіф Дайнека.— Летам памагаў заганяць у лес самалёты, зімой расчышчаў пасадачную пляцоўку.
Зімой партызаны клікалі расчышчаць на аэрадроме снег нават сялян з іншых вёсак.
— Аднойчы,— успамінаў калгаснік Міхаіл Падлоўкін,— на аэрадроме працавала чалавек дзвесце з падводамі. Тут былі людзі з Жывуня, Падлуга, Альбінска, Загалля, Татаркі, Старасека. Яны прыбівалі снег каткамі. Яго расчышчалі таксама савалкамі, у якія запрагалі валоў. Падводы падбіралі снег і звозілі яго ў лес. Я тады працаваў там чатыры дні. Аднойчы на нас наляцелі фашысцкія самалёты. Давялося хавацца, хаваць сваіх коней, валоў і ўсе прылады. Потым прыходзілі з мётламі жанчыны.
— Зімой мы падмяталі аэрадром кожны дзень,— успамінала калгасніца Ефрасіння Пятроўна Чыркоў.
Па закліку партызан калгаснікі Старасека часта выходзілі ў лес на пошукі мяшкоў з грузамі, якія самалёты скідалі на парашутах. Грузы адносілі на партызанскія базы.
Нягледзячы на масавы ўдзел калгаснікаў у работах, што адбываліся на аэрадроме, у наведванні яго захоўваўся вайсковы парадак. Для прыходу і прыезду са Старасека на аэрадром і назад партызаны выдавалі спецыяльныя пропускі.
Вёска Старасек была падобна да аэрапорта яшчэ і таму, што тут звычайна чакалі сваёй адпраўкі самалётам шматлікія пасажыры, часцей за ўсё раненыя партызаны. Многія лепшыя сялянскія хаты былі ператвораны ў шпіталі.
— У нас у хаце заўсёды жылі 2—3 чалавекі, а то і больш раненых,— расказвала Вольга Барысевіч.— Яны займалі два лепшыя пакоі ў хаце. Ляжалі на ложках, якія партызаны бралі ў іншых хатах і ў суседняй вёсцы Загалле. Некаторым даводзілася ляжаць на падлозе, якую засцілалі саломай. Іх тут лячылі дактары, а многіх адпраўлялі самалётам у Маскву для больш кваліфікаванага і працяглага лячэння.
— Часам у мяне,—успамінаў Пётр Дайнека,— у хаце ляжалі абмарожаныя партызаны, якіх таксама адпраўлялі самалётам у Маскву.
Раненых і хворых партызан тут збіралася так многа таму, што ў Старасек іх прывозілі не толькі з усіх навакольных атрадаў, але і з-пад Слуцка, Капыля. Везлі сюды партызан для адпраўкі ў Маскву аж з заходніх раёнаў Беларусі.
Аэрадром на востраве Зыслаў адыгрываў вельмі вялікую палітычную ролю ў жыцці партызанскага краю.
— Тады ў нас была прамая паветраная сувязь Старасек — Масква. Маскоўскія газеты мы чыталі ў першую ж ноч пасля іх выхаду,— расказвалі мне аб падзеях таго часу калгаснікі, з гордасцю ўсведамляючы тую ролю, якую адыгрывала іх вёска ў вялікай барацьбе з ворагам.
— Як толькі прыходзіла дванаццатая гадзіна ночы,— расказвала, успамінаючы пра тыя гады, жыхарка вёскі Загалле Алена Равенка,— гул самалёта парушаў цішыню, усе выбягалі на вуліцу, каб убачыць пасланца з Вялікай зямлі. Колькі радасці і шчаслівых слёз бывала ў такі момант!
З'яўленне савецкіх самалётаў над партызанскім краем яшчэ больш узмацніла павагу да тых слоў бальшавіцкай прапаганды, якія чулі калгаснікі ад камуністаў у тыле ворага. Рэйсы самалётаў з Вялікай зямлі ўспрымаліся сялянамі як сведчанне сілы, магутнасці і непераможнасці сацыялістычнай Радзімы.
Людзей у тыле ворага радавала не толькі кожная лістоўка, газета або кніжка, якую дастаўляў савецкі самалёт. Лётчыкі прывозілі, напрыклад, партызанам запалкі, прысланыя з Уфы, і яны пераконваліся ў тым, што наша прамысловасць на Урале сапраўды дзейнічае.
На Зыслаўскі партызанскі аэрадром у адну ноч садзілася па некалькі савецкіх самалётаў. Слава аб ім ішла далёка за межы Мінскай вобласці.
Так маленькая беларуская вёска Старасек зрабілася канечным пунктам вялікай паветранай трасы.



Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."