Людзі асобага складу (В.І.Казлоў)
Индекс материала
Людзі асобага складу (В.І.Казлоў)
I (пачатак вайны)
II (эвакуацыя, накірунак на Чэрвень)
III (усходнія раены міншчыны, першы бой)
IV (на захад, у Любанскі раён)
V (на Любаншчыне)
VI (зараджэнне партызанскага руху)
VII (у Старобінскім раёне)
VIII (на Чырвоным возеры)
IX (наладжванне сувязей, пасланцы ў Маскву)
X (выхад з акружэння, першыя страты)
XI (на Любаншчыне, гібель Брагіна)
XII (разказ аб мінскім падполлі)
XIII (група Розава, распрацоўка аперацыі па разгрому Любанскага гарнізона)
XIV (разгрому Любанскага гарнізона, мітынг у Рэдкавічах, подзвігі Каржа)
Все страницы

 

Перад самай вайной я працаваў другім сакратаром Мінскага абкома партыі. Мне даводзілася сустракацца з многімі людзьмі розных прафесій. Радасна было бачыць, што ўсе яны ахоплены кіпучай, стваральнай дзейнасцю. У сталіцы рэспублікі, у гарадах і раённых цэнтрах вобласці ішло ў гэты час асаблівае вялікае прамысловае і жыллёвае будаўніцтва. У Мінску заканчваўся мантаж магутнай электрастфнцыі, значна пашыраліся станкабудаўнічыя заводы імя Варашылава, імя Кірава.

Да Вялікага Кастрычніка Барысаў быў невялікім гарадком, яго нават не заўсёды заносілі на карты. Перад вайной гэты горад ужо займаў пачэснае месца ў прамысловасці не толькі Мінскай вобласці, а і ўсёй рэспублікі. У ім былі пабудаваны вялікі запалкавы камбінат, шклозавод, фабрыка па вырабу піяніна і шмат іншых прадпрыемстваў. У Слуцку, у другіх гарадах і вёсках шчодра разлівалі сваё святло і давалі энергію новыя электрастанцыі. Звыш дзесятка торфапрадпрыемстваў, шмат заводаў па вырабу цэглы, чарапіцы і іншых будаўнічых матэрыялаў працавала ў нашых раёнах. Усе машынна-трактарныя станцыі вобласці былі абсталяваны самай перадавой тэхнікай.
Тое ж самае было ва ўсіх абласцях Беларусі. У кожным горадзе, у кожным раёне адбываліся нечуваныя пераўтварэнні, узнімаліся над зямлёю корпусы новых фабрык, заводаў, электрастанцыі, жылыя і культурна- бытавыя будынкі.
Беларусь станавілася сапраўды індустрыяльнай. У нас была ўжо свая буйная, заснаваная на перадавой тэхніцы энергетычная, паліўная, машынабудаўнічая, станкабудаўнічая прамысловасць. Паспяхова развіваліся розныя галіны дрэваапрацоўчай прамысловасці, тэкстыльнай, скураной, харчовай. 3 кожным днём усё больш павялічваліся рады рабочага класа Беларусі.
Бурны рост прамысловасці і небывалы ўздым сельскай гаспадаркі ў гады даваенных пяцігодак абумовілі небывалы рост гарадоў Беларусі і карэннае змяненне іх аблічча. Шырока вяліся работы па рэканструкцыі сталіцы нашай рэспублікі, а таксама гарадоў Гомеля, Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы. Тут узнікалі сотні шматкватэрных жылых будынкаў, шмат новых прадпрыемстваў, тэатраў, кіно, Палацаў культуры, клубаў, магазінаў, вакзалаў. Па ўсёй краіне адчуваўся надзвычай вялікі творчы ўздым мас. Рабочыя калектывы на фабрыках і заводах, на рыштаваннях новабудоўляў самааддана змагаліся за датэрміновае выкананне трэцяй пяцігодкі.
Вялікімі справамі жыла ў гэты час сталіца Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, Акадэмія навук, Дзяржаўны універсітэт, дзесяткі інстытутаў, тэхнікумаў і сярэдніх школ, тэатр оперы і балету, драматычныя тэатры, Палац піянераў — усё гэта было створана пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Былыя рабочыя, батракі, дзеці працоўных сялян, атрымаўшы вьппэйшую адукацыю за гады Савецкай улады, ужо самі кіравалі інстытутамі, кафедрамі, разам з усім народам вырашалі дзяржаўныя справы. Сотні тысяч экземпляраў газет, часопісаў, кніг штодня разыходзіліся са сталіцы па ўсіх кірунках Беларусі. Бессмяротныя творы класікаў марксізма-ленінізма, лепшыя мастацкія творы рускіх класікаў і савецкіх пісьменнікаў перакладаліся на беларускую мову. Творы народных паэтаў рэспублікі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама вершы, паэмы і раманы маладзейшага пакалення паэтаў і празаікаў друкаваліся на рускай мове ў Маскве. Масква па-братняму і з вялікай цеплынёй сустракала ў сваіх клубах, у вядомых на ўвесь свет тэатрах выступленні беларускіх літаратараў, артыстаў, наватараў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Прадстаўнікі беларускага народа разам з прадстаўнікамі ўсіх братніх народаў неабсяжнага Савецкага Саюза абмяркоўвалі і зацвярджалі на Надзвычайным VIII з'ездзе Саветаў праект новай Канстытуцыі Савецкай дзяржавы.
Вялікія пераўтварэнні адбываліся не толькі ў гарадах. У раёнах праводзіліся меліярацыйныя работы. Працаўнікі сельскай гаспадаркі рушылі ў наступленне на адвечную багну. Магутныя драгі і экскаватары дзень і ноч выпроствалі і паглыблялі рэчышчы палескіх рэк, тысячы трактараў узнімалі тлустую тарфяную глебу.
Партыя і ўрад усё ў большай ступені забяспечвалі сельскую гаспадарку трактарамі, камбайнамі, складанымі малатарнямі, радковымі сеялкамі, аўтамашынамі. 3 Масквы і Харкава, са Сталінграда і Урала ішлі ў Беларусь цэлыя эшалоны з самымі складанымі сельскагаспадарчымі машынамі, з мінеральным угнаеннем. I калгаснікі адказвалі на гэтыя клопаты партыі і ўрада натхнёнай і высокапрадукцыйнай працай.
Памятаю, у пачатку лета 1941 года я выехаў у палескія раёны Мінскай вобласці. Пабываў у Слуцку, Любані, Старобіне. Наведаўся ў саўгас «Жалы» на Любаншчыне. Што такое «Жалы» ў недалёкім мінулым? Гэта непралазныя балоты, дрыгва, камары. Сюды не ступала чалавечая нага. А цяпер гэта было залатое дно. Каласістая пшаніца стаяла сцяною, жыта — у рост чалавека. Да рэвалюцыі тут людзі кавалку хлеба былі жадны, хадзілі ў лапцях, пакутавалі ад павальных хвароб, нястачы і жабрацтва, а цяпер жа ў саўгасе «Жалы» і ў навакольных калгасах жыццё было зусім іншае. Да каго ні зойдзеш, з кім ні пагаворыш, усе весела глядзяць табе ў вочы, гаворка ў іх бадзёрая, жыццярадасная. Жыве чалавек у новай хаце, у дастатку, дзеці вучацца ў сярэдніх школах, тэхнікумах, інстытутах. Да яго паслуг — сельскі клуб, хата-чытальня, кіно, лячэбныя ўстановы. Сам ён на гараджаніна падобны: і адзеты добра, і выгляд у яго бадзёры. Куды і дзяваўся той былы паляшук, забіты, прыгнечаны горам чалавек.
Паехаў на Чырвонае возера. Тут сходзяцца балоцістыя і лясістыя граніцы трох раёнаў. I вёскі тут у большасці называюцца неяк асабліва: Заброддзе, Ужаддзе, Залужжа, Замошша, Падлоззе, Мокры Бор, Вязнікі. А там далей, у Старобінскім раёне, ёсць нават Гнойны Рак.
Пабываў я ў гэтых вёсках і яшчэ раз пераканаўся, што даўно ўжо ўстарэлі іх назвы і пачынаюць адыходзіць у нябыт. Ніякіх заброддзяў, ужаддзяў цяпер ужо няма, а ёсць багатыя, квітнеючыя калгасы. Усюды грукочуць трактары, калгаснікі спяшаюцца як мага хутчэй закончыць асушку дрыгвы. Няма падлозцаў, забродцаў, а ёсць перадавыя ў раёне калгаснікі, гаспадары ўрадлівых зямель, майстры высокіх ураджаяў.
Ехаў я тады і думаў: якія цудоўныя перспектывы адкрыты перад кожным раёнам нашай вобласці, якія тут магчымасці для развіцця сельскай гаспадаркі і прамысловасці! Што за людзі-героі ў нас!
Новыя планы вырысоўваліся перада мною, новыя задачы.
Вярнуўся я ў Мінск гадзін у дзесяць вечара. Неўзабаве сабралася бюро абкома. Мы пачалі абмяркоўваць наспеўшыя пытанні будаўніцтва, палявых работ і позна заседзеліся.
Улетку жыў я за горадам, кіламетры за тры ад Мінска. Прыехаўшы дадому, прылёг на канапу, узяў у рукі газету ды так нечакана і заснуў.
Раптам у кватэры зазваніў тэлефон. Здавалася, што хвіліны не прайшло з таго часу, як прылёг: хто ж мог званіць так рана?
Я падхапіўся і ўзяў трубку. Чую — гаворыць таварыш Аўхімовіч, сакратар ЦК КП(б)Б. Трэба неадкладна выязджаць,— мяне выклікаюць у Цэнтральны Камітэт.
Шафёр таксама яшчэ не паспеў раздзецца, і, калі я падышоў да яго, ён адразу ўстаў.
— Паедзем, Юзік,— паўшэптам сказаў я,— ідзі разварачвай машыну.
Затым, вярнуўшыся да стала, узяў сваю папку і ціхенька, каб не разбудзіць нікога, выйшаў з кватэры.
Войцік даў газ, а я за гэты невялічкі прамежак часу, пакуль мы ехалі, усё стараўся зразумець прычыну такога раптоўнага выкліку. Што здарылася, якія гэта тэрміновыя справы ў ЦК?
Шафёр, відаць, таксама быў здзіўлены, хоць рознае здаралася за час яго доўгай службы ў абкоме. Ён зрэдку паглядаў на мяне, мусіць, спадзеючыся пачуць што-небудзь, аднак, нічога не дачакаўшыся, адзначыў, калі мы ўжо мінулі ўскраіну горада:
— Мабыць, нешта важнае ёсць, вельмі тэрміновае....
— Не ведаю, таварыш Войцік,— шчыра прызнаўся я.— Нічога не ведаю...
Пад'ехалі к будынку ЦК. Я зайшоў у прыёмную першага секратара. Там ужо былі члены бюро ЦК, кіруючыя работнікі Саўнаркома, абкома партыі. Мне адразу кінулася ў вочы тое, што твары ў многіх змрочна-суровыя, заклапочаныя і, галоўнае, што ніхто не сядзіць на месцы, а ўсе стаяць ці маўкліва пахаджваюць у нейкім напружаным чаканні.
Выходзіць таварыш Панамарэнка — першы сакратар ЦК. Ен вітаецца з намі, потым спакойным, роўным, як заўсёды, голасам запрашае ў кабінет. Мы ўвайшлі і размясціліся паабапал стала. Панцеляймон Кандратавіч сеў за свой стол, павольна перагарнуў лісток паперы, на імгненне задумаўся. Потым устаў і цвёрда, не выказваючы асаблівай трывогі, пачаў гаварыць кароткімі, адрывістымі фразамі.
— Атрымана афіцыйнае паведамленне. Фашысцкая Германія напала на нашу Радзіму. Вораг не абвяшчаў вайны. Ен напаў на нас па-зладзейску. Нашы пагранічнікі вядуць цяжкія баі, мужна адстойваюць свае рубяжы. У бой уступаюць буйныя вайсковыя злучэнні. Неабходна зараз жа...
Панцеляймон Кандратавіч не дагаварыў, бо ў гэты момант пачуліся сігналы тэлефоннага апарата. Таварыш Панамарэнка ўзяў трубку.
— Слухаю,— упаўголаса сказаў ён. Потым мацней і ўсхвалявана: — Слухаю вас, таварыш Сталін.
Мы ўсе насцярожыліся, у кожнага мацней забілася сэрца.
Уважліва выслухаўшы Іосіфа Вісарыёнавіча, таварыш Панамарэнка цвёрда і ўпэўнена сказаў:
— Неабходна зараз жа кінуць усё на дапамогу фронту. На нас ускладаецца вялікая, яшчэ, мабыць, небывалая ў гісторыі задача.
На гэтым незвычайным пасяджэнні быў прыняты спецыяльны план дапамогі вайсковым часцям і злучэнням. У пагранічныя вобласці і раёны былі накіраваны члены бюро Цэнтральнага Камітэта партыі і члены ўрада з адказнымі і тэрміновымі даручэннямі. У рэспубліцы ўводзілася ваеннае становішча. Былі вызначаны мерапрыемствы па правядзенню мабілізацыі прызыўных кантынгентаў. Перад партыйнымі і савецкімі арганізацыямі ставілася задача забеспячэння бесперабойнай работы транспарту, органаў сувязі. Асаблівая ўвага была ўдзелена ахове грамадзянскага насельніцтва. Былі прыняты рашэнні аб умацаванні службы супрацьпаветранай абароны, аб дадатковым абсталяванні ў гарадах бамба- і газасховішчаў, аб узмацненні аховы прамысловых аб'ектаў, вузлоў транспарту, сродкаў сувязі. Партыйнай арганізацыі Мінска, абласным і раённым арганізацыям было рэкамендавана правесці ў цэнтрах сходы партыйнага актыву, а на фабрыках і заводах, у калгасах, саўгасах, установах — мітынгі.
Гэта было першае пасяджэнне бюро ЦК КП(б)Б і ўрада нашай рэспублікі ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны.


II

Ведаючы, што наперадзе мяне чакае вялікая і напружаная работа, я скарыстаў вольную хвіліну і пазваніў дадому. У трубцы пачуўся трывожны голас жонкі. Відаць, у сям'і ўжо ведалі пра вайну.
— Што ж гэта адбылося? Калі ты прыедзеш? Што нам рабіць?
Ніколі раней я не чуў такой усхваляванасці і трывогі ў голасе дарагога чалавека. Вайна!.. Кожны з нас звычайна ведаў, што яму трэба рабіць сёння, заўтра, паслязаўтра. I раптам такое пытанне. I так, відаць, у кожнай сям'і, у соцень тысяч сем'яў... Вайна, развязаная чорнай фашысцкай зграяй, устрывожыла кожнага савецкага чалавека. I ў гэтую хвіліну, стрымліваючы шалёны націск варожых танкаў, насмерць стаялі нашы пагранічнікі каля Брэста і Перамышля, на Нараве і Сане, на ўсіх участках фронту. Тысячы лепшых сыноў нашай Радзімы самааддана абаранялі сваю дарагую Айчыну. Гераічныя воіны Брэсцкай цытадэлі сустрэлі фашысцкую зграю знішчальным агнём. Сваёй нечуванай адвагай, самаахвярнай стойкасцю яны паралізавалі механізаваныя часці ворага, затрымалі іх на гэтым важным участку.
— Сёння я, відаць, не здолею прыехаць,— як мага больш спакойна адказаў я.— Сама разумееш, што пачалося. Зараз мы выязджаем на фабрыкі і заводы...
Гэта была мая апошняя размова з сям'ёю ў Мінску...
Настаў цяжкі і суровы час. 3 першых дзён вайны варожыя самалёты ўжо віселі над горадам, а ў наступныя дні цэлыя хмары фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў раз-пораз наляталі на Мінск, знішчаючы мірнае насельніцтва, руйнуючы дамы і заводы, культурныя ўстановы. Над горадам вяліся цяжкія паветраныя баі. Нашы паветраныя сокалы праяўлялі цуды геройства і адвагі. Часта савецкія лётчыкі кідаліся ў бой адзін супраць пяці, а то і болей варожых самалётаў.
Выключную адвагу і мужнасць праявіў у баях пад Мінскам лётчык Васіль Кокінакі, брат праслаўленага пілота, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кокінакі. На працягу некалькіх дзён ён разам са сваімі баявымі сябрамі вёў нечуваную гераічную барацьбу з фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, збіў каля дзесятка варожых самалётаў. Машына Васіля Кокінакі была пашкоджана ў баі. Нягледзячы на гэта, адважны лётчык прадаўжаў біць ворага трапным агнём.
Загінуў Васіль Кокінакі мужнай смерцю героя.
Цяжка не толькі апісаць, але нават уявіць тую самаахвярнасць, з якою салдаты і камандзіры Чырвонай Арміі абаранялі подступы да горада Мінска.
Навечна застануцца ў памяці беларускага народа мужнасць і гераічныя подзвігі байцоў чырванасцяжнай дывізіі, якою камандаваў генерал Русіянаў Іван Мікітавіч. Пры дапамозе другіх часцей і мінскага народнага апалчэння дывізія некалькі сутак стрымлівала шалёны націск полчышчаў Гудэрыяна. У барацьбе з танкамі воіны гэтай дывізіі ўпершыню выкарысталі бутэлькі з гаручай вадкасцю. Яны паўзлі насустрач танкам і кідалі пад гусеніцы звязкі гранат. У тыя дні Савецкае інфармбюро паведаміла, што толькі за 27 чэрвеня на мінскім напрамку было знішчана да трохсот танкаў 39-га танкавага корпуса праціўніка.
Перад камуністамі Мінскай вобласці паўстала адказная і вельмі складаная задача. Трэба было неадкладна прымаць усе магчымыя захады, каб выратаваць людзей, матэрыяльныя каштоўнасці, трэба было абараняць горад. Ахоўваць ад дзесяткаў небяспек: ад паветраных налётаў, ад варожых дэсантнікаў, ад розных шпіёнаў і дыверсантаў, сігнальшчыкаў і падпальшчыкаў. А галоўнае — не дапусціць панікі, неарганізаванасці.
Бальшавікі Мінскай вобласці ўзначалілі і павялі за сабой усіх працоўных. Мінчан не палохалі ні шалёныя бамбардзіроўкі, ні іншыя цяжкасці і выпрабаванні. Рабочыя не адыходзілі ад сваіх станкоў. Горад па-ранейшаму забяспечваўся электраэнергіяй, вадою. Чыгуначнікі разам з нашымі байцамі і камандзірамі мужна і самааддана падтрымлівалі парадак на транспарце і забяспечвалі бесперабойную падачу эшалонаў фронту. Часта бывала так, што вораг пашкодзіць пуці, а праз якую гадзіну зноў ідуць цягнікі.
Насельніцтва горада бясстрашна змагалася з пажарамі, дзяжурыла на вуліцах, на дахах будынкаў, узводзіла ўмацаванні на ўскраінах. Дружыны самаабароны неслі баявую службу на подступах к гораду. Працоўныя Мінска і раёнаў вобласці дапамагалі роднай Чырвонай Арміі чым маглі. Тысячы патрыётаў запісваліся добраахвотнікамі і ішлі на фронт.
Калі гітлераўскія полчышчы сталі пагражаць Мінску і некаторым сельскім раёнам, узнікла патрэба ў эвакуацыі насельніцтва, галоўным чынам дзяцей і старых. Трэба было своечасова вывезці прамысловае абсталяванне, запасы збожжа, машынна-трактарныя паркі МТС. Усё гэта неабходна было зрабіць ва ўмовах, калі вораг падыходзіў ужо к Мінску, калі ўсё гарэла і руйнавалася ад фашысцкіх бомб і снарадаў.
У гэтых умовах мінчане паказалі сябе сапраўднымі патрыётамі Радзімы, праявілі нечуваную мужнасць і вытрымку. Памятаю, у той час я пабываў на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. Жудасная карціна: усё навакол гарыць, цэхі напалавіну разбураны, здавалася, нічога жывога тут ужо няма. А на самай справе амаль увесь заводскі калектыў быў на месцы: абліваючыся потам і крывёю, людзі працавалі. Цяжка было паверыць, што за якія-небудзь двое сутак яны здолелі дэманціраваць амаль усё абсталяванне, упакаваць яго і адгрузіць. Рабочыя, змораныя, пачарнелыя ад стомленасці, разбіралі і ўпакоўвалі складаныя, каштоўныя станкі. Над заводам ідзе паветраны бой, а людзі паглядваюць на неба праз разбіты дах і працуюць. Адагналі нашы знішчальнікі фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў, разагнуўся сёй-той, у радасці памахаў ключом ды зноў за работу. Працуюць і бесперапынна сочаць за паветрам. Здавалася, што людзі забыліся і пра небяспеку, і пра сваю зморанасць, нават пра свае раны.
Я заўважыў, як адзін пажылы чалавек узваліў сабе на плечы такі цяжар, які пры звычайных умовах ён, бадай-што, не зрушыў бы яго з месца. Я падышоў да яго, хацеў дапамагчы, але ён замахаў на мяне вольнай рукой і сам выцягнуў груз з цэха.
Потым ад сакратара партыйнай арганізацыі я даведаўся, што гэта быў Іван Пятровіч Ліпніцкі — начальнік кавальскага цэха. А кавальскі цэх на заводзе быў перадавым па выкананню вытворчага плана. Цэх трымаў пераходны Чырвоны сцяг завода.
Адбывалася ўсё гэта на чацвёрты дзень вайны. Вораг, наткнуўшыся пад Мінскам на сур'ёзнае супраціўленне, рынуўся ў абход горада. Такія весткі былі атрыманы з штабаў нашых вайсковых часцей. Парторг і дырэктар спешным парадкам сабралі камуністаў, перадавых людзей завода.
Ці можна паспець усё вывезці? — вось галоўнае пытанне, якое стаяла на гэтай кароткай нарадзе.
Вырашылі зрабіць усё неабходнае для таго, каб поўнасцю эвакуіраваць заводскае абсталяванне, калі ж, у крайнім выпадку, што застанецца, то надзейна схаваць яго.
Ад імя бюро абкома я падтрымаў гэтае рашэнне нарады.
Так рабілася і на іншых прадпрыемствах сталіцы. Чаго нельга было вывезці, тое хавалі: абы толькі ворагу не засталося.
Мінск палаў. Мора агню бушавала на Савецкай і на іншых вуліцах. Ужо не адны суткі ўсе працавалі без сну і адпачынку. Калі стала немагчымым больш заставацца ў цэнтры горада, мы перамясціліся на ўскраіну і адтуль прадаўжалі кіраваць аператыўнымі справамі і барацьбой з ворагам.
Абком партыі трымаў цесную сувязь з раёнамі вобласці, старанна рыхтаваў кадры для партыйнага падполля. Праз некаторы час пасля пачатку вайны бюро абласнога камітэта КП(б)Б правяло нараду сакратароў райкомаў. Вельмі важна было на выпадак акупацыі своечасова падрыхтаваць партыйныя арганізацыі да пераходу на нелегальнае становішча, стварыць усюды дружыны самаабароны, атрады па барацьбе з варожымі дэсантамі, каманды супрацьпаветранай абароны. Каб лягчэй было ўсё ахапіць, мы накіравалі на месцы сваіх упаўнаважаных — членаў бюро абласнога камітэта партыі, членаў выканкома абласнога Савета. Сакратару абкома партыі Іосіфу Аляксандравічу Бельскаму было даручана забяспечыць аператыўнае партыйнае кіраўніцтва ўсімі справамі ў горадзе Барысаве — другім пасля Мінска прамысловым цэнтры вобласці, пераключыць барысаўскую прамысловасць для работы на абарону. Сакратар абкома партыі Іван Дзянісавіч Варвашэня выехаў у Старыя Дарогі і Слуцк, пракурор вобласці Аляксей Георгіевіч Бондар быў накіраваны ў Смалявіцкі і Чэрвеньскі раёны. Член бюро Раман Навумавіч Мачульскі працаваў тады першым сакратаром Плешчаніцкага райкома. Яму даручылі забяспечыць кіраўніцтва таксама і Лагойкім раёнам. Сакратару Рудзенскага райкома партыі, таксама члену бюро абкома, Мікалаю Пракоф'евічу Пакроўскаму было даручана акрамя Рудзенскага кіраваць і Пухавіцкім раёнам.
Не парывалася наша сувязь і з іншымі раёнамі вобласці, дзе ўжо рыхтаваліся базы для партызанскіх атрадаў, праводзілася падрыхтоўка да стварэння шырокага партыйна-камсамольскага падполля. Я звязаўся па тэлефоне з Любанню, адным з аддаленых раёнаў нашай вобласці. Сакратар райкома партыі таварыш Гуліцкі ў гэты час быў прызваны ў Чырвоную Армію. Да тэлефоннага апарата я выклікаў старшыню райвыканкома, члена бюро райкома Луферава.
— Ну як сябе адчуваеце, Андрэй Сцяпанавіч? —спытаў я.
—Трымаемся,— адказаў Луфераў,— арганізоўваем самаабарону, узводзім умацаванні, усіх у раёне прывялі ў баявую гатоўнасць.
— А са здароўем як?
Нам было вядома, што Андрэй Сцяпанавіч часта скардзіўся на сваё здароўе. Да таго ж і па гадах ён быў ужо не малады.
—Спужалася мая хвароба вайны, — жартаўліва сказаў Андрэй Сцяпанавіч,— адскочыла ад мяне да фашыстаў.
— Якія ў вас планы надалей?— спытаў я.
— Наконт чаго?
— Наконт свайго месца пры выпадку акупацыі раёна.
— Я думаю, што акупацыі не будзе,— адказаў Луфераў.
— Усё робіцца для таго,— заўважыў я,— каб гэтага не было, але ж трэба быць гатовым да ўсякіх нечаканасцей.
— Куды пашлюць, там і буду,—цвёрда сказаў Луфераў.
— Рыхтуйцеся да таго, каб у выпадку неабходнасці застацца на месцы,— папярэдзіў я.— Падбярыце правераных і чэсных людзей, здольных працаваць у складаных умовах. Вызначце яўкі на перыферыі. У вас знойдуцца надзейныя памочнікі?..
— Ёсць такія,— упэўнена сказаў Андрэй Сцяпанавіч, і з гэтага я зразумеў, што ў раёне актыўна ідзе падрыхтоўка да падпольнай работы.
За кароткі час мне ўдалося таксама перагаварыць і з іншымі кіруючымі работнікамі райкомаў і райвыканкомаў вобласці.
Пад вечар дваццаць шостага чэрвеня ў Мінску ўжо мала хто і заставаўся: усе арганізацыі і ўстановы выехалі, мужчыны, прыгодныя да вайсковай службы, пайшлі на фронт, большасць цывільнага насельніцтва была накіравана на ўсход па Маскоўскай і Магілёўскай магістралях. Усё, што можна было выратаваць за такі кароткі час, было выратавана.
Абласному камітэту КП(б)Б трэба было выехаць з горада. Мы рашылі ад'ехаць на некалькі кіламетраў на ўсход ад Мінска. На апошнім пасяджэнні бюро была прынята пастанова аб пераводзе абкома ў раённы цэнтр Чэрвень, бо вораг прарываўся ўжо да паўночных ускраін сталіцы. Партыйныя арганізацыі Дзяржынскага, Заслаўскага, Мінскага раёнаў і горада Мінска ў выпадку акупацыі павінны былі перайсці на падпольныя ўмовы работы. Ноччу з дваццаць шостага на дваццаць сёмае чэрвеня абком выехаў у Чэрвеньскі раён.
Жудасны малюнак уяўляла сабою ў гэты час наша сталіца. Замест заводаў — адны жахлівыя руіны. Савецкай вуліцы ўжо амаль зусім не было. Брук скрозь завален гурбамі цэглы, жалезнымі бэлькамі, пакарэжанымі агнём. Тут нават нельга было праехаць. Усюды полымя і чорныя слупы дыму.
Аднак я не мог нават уявіць сабе, што, можа, заўтра-паслязаўтра пракляты вораг будзе хадзіць па нашых вуліцах, пачне тут гаспадарыць... Нейкая ўнутраная ўпэўненасць гаварыла, што гэтага ніколі не будзе. У мяне ўжо даўно выспяваў у думках план — нікуды не выязджаць са сваёй вобласці. Было ў нас, у членаў бюро абкома, нямала гутарак аб гэтым. Усе мы, калі не лічыць аднаго-двух чалавек, рыхтаваліся застацца ў тыле ворага. Праз некаторы час мы атрымалі падрабязныя ўказанні Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б аб парадку работы падпольнай арганізацыі Мінскай вобласці.
Мае спадарожнікі ўзялі напрамак на Чэрвень, а мне трэба было завярнуць у Замчышча, каб даведацца, што там з маёй сям'ёй, забраць яе і дапамагчы выехаць на ўсход. 3 таго часу, як мяне выклікалі ў ЦК, я не меў магчымасці заглянуць дадому.
I калі цяпер увайшоў у сваю кватэру, дык нікога з сям'і ўжо дома не было. У пакоях адчувалася нейкая жудасная пустэча і бязладдзе, хоць у кватэры было чыста і ўсе хатнія рэчы стаялі на сваіх ранейшых месцах.
Дзе ж сям'я? I распытаць добра не было ў каго. Войцік спехам аглядзеў суседнія кватэры і таксама нікога нідзе не знайшоў. Кожная хвіліна дорага, надоўга затрымлівацца нельга: грукат бітвы перакідваўся ў самы горад. Мы вырашылі ехаць неадкладна.
I вось пры выездзе з пасёлка нам сустрэўся адзін стары чалавек, жыхар гэтых месц. Ён, мусіць, толькі адзін і застаўся тут. Мы ўзрадаваліся: хоць пра што-небудзь можна будзе даведацца ў гэтага дзядулі.
Вылезлі з машыны, накінуліся на старога з роспытамі, а ён хоць бы слова. Нарэшце паказвае на вушы і на язык: моў, нічога не чую і не гавару — глуханямы...
— Ен чуе,— шэпча мне на вуха шафёр.— I гаворыць, я ж яго ведаю, не раз бачыў тут. Гэта ён наўмысля прыкінуўся перад намі глуханямым.
I толькі тады, калі шафёр усё ж пераканаў старога, што мы свае людзі, дзядуля пачаў гаварыць.
— Я ноччу вельмі дрэнна бачу,— сказаў ён,— а галасоў вашых не ведаю. Таму і падумаў — далей ад граху: лепш не гаварыць ні таго, ні гэтага.
Ад старога мы даведаліся, што мае дамашнія ўчора некуды пайшлі, а куды — ён не бачыў.
—Але здаецца, што ўсе пайшлі ў бок Чэрвеньскага тракту,— спачувальна тлумачыў стары.— Дык, можа, і яна, сям'я ваша, падалася туды. Яны, можа, яшчэ і не пакінулі б хаты пакуль што, але ж тут пагалоска пайшла, што нямецкія парашутысты недалёка спусціліся.
Мы падзякавалі гэтаму чалавеку і паехалі ў напрамку Чэрвеня, туды, дзе, як было дамоўлена, размесціцца абком партыі.

ІІІ

У той час, калі мы дабіраліся да Чэрвеня, вялікая колькасць людзей паабапал шашы падавалася ў бок Магілёва, а на Мінск пяшком і на машынах спяшаліся вайсковыя. Байцы і камандзіры мелі рашучы і ўсхваляваны выгляд, грамадзянскае ж насельніцтва было хмурае і маўклівае. Людзі час ад часу з болем у душы паглядвалі на Мінск і маўкліва ішлі далей. Ды і мы аж да Чэрвеня часта азіраліся ў бок палаючай сталіцы.
У раённым цэнтры нас сустрэў друті сакратар райкома тав. Чэскі і правёў ва ўмоўленае месца ў бліжэйшым лесе. Там ужо былі супрацоўнікі райкома і некаторыя работнікі абкома партыі.
Прайшоўся я па гэтым лесе, паглядзеў, а потым і кажу сваім:
—Не кепскае месца для работы падпольнага абкома. Давайце тут усталёўвацца ды прадаўжаць нашы справы.
Надыходзіў новы перыяд партыйнай работы. Акрамя далейшай эвакуацыі насельніцтва і маёмасці трэба было ўжо сур'ёзна думаць аб арганізацыі актыўнага супраціўлення ў тыле ворага, аб разгортванні падпольнай работы і партызанскай барацьбы. Рад нашых раёнаў —Дзяржынскі, Заслаўскі, Мінскі, Рудзенскі— ужо знаходзіўся пад акупацыяй, і раённыя партыйныя арганізацыі аказаліся ў вельмі складаных умовах. Па тых вестках, якія мы атрымлівалі ад упаўнаважаных абкома і сувязных з гэтых раёнаў, нам было вядома, што акупанты пры ўваходзе ў нашы гарады і вескі рабавалі і знішчалі шмат людзей. Усе гэтыя фашысцкія зверствы былі накіраваны на тое, каб запалохаць насельніцтва, аслабіць барацьбу нашага народа. Бюро абкома абмеркавала гэтае пытанне і звярнулася з адозвай да ўсіх жыхароў сёл і гарадоў — не схіляць галоў, не ўпадаць у роспач, а весці рашучую барацьбу з крыважэрнымі акупантамі.
Асобныя абласныя работнікі, якіх меркавалася пакінуць для работы ў падполлі, у прыватнасці Свінцоў і Бастун, не былі задаволены месцам, выбраным намі для Мінскага абкома. Свінцоў глянуў на мяне не зусім даверліва і абыякава заўважыў:
— Што гэта за лес, тут і зайцу няма дзе схавацца!
— Дык мы ж не зайцы,— іранічна сказаў Варвашэня,— нам хавацца тут надта і не трэба: сёння ў адным месцы, заўтра ў другім.
— Абыдуць,— сказаў Свінцоў,— тады паспрабуй выбрацца ў наш тыл.
— А нашто выбірацца?— спакойна прамовіў Бельскі.— Будзем змагацца ў тыле ворага.
Свінцоў уздрыгнуў і палахліва заморгаў вачыма.
Напэўна, мы засталіся б на Чэрвеньшчыне, але неўзабаве прыйшло распараджэнне ЦК КП(б)Б: абкому і аблвыканкому перамяніць месца дыслакацыі, а сакратарам абкома тэрмінова выехаць у раён Магілёва. Трэба было неадкладна прабірацца, хоць гэта было нялёгка. Удзень варожыя самалёты віселі над Магілёўскім шасэ, а ўночы цяжка было праехаць без фар: па шасэ бясконца рухаліся вайсковыя злучэнні.
Па дарозе ў напрамку Магілёва мне выпадкова ўдалося сустрэць сваю сям'ю.
Варожыя самалёты амаль бесперапынна бамбілі шасэ, па якому ішлі машыны. Мы звярнулі на хвіліну ў лясок. Пакуль шафёры падлівалі ваду ў радыятары, а мы наспех уладкоўвалі свае пажыткі, ля машын сабралася ладная група мужчын. Былі тут маладыя, прызыўнога ўзросту, былі і пажылыя, якія ў армію ўжо не падыходзілі.
— Ці вы часам не з ваенкамата?— спытаў адзін з іх у Бельскага, які быў у вайсковай форме, хоць і без знакаў адрознення.
— Не,— адказаў Бельскі,— мы з абкома партыі.
— А ці не ведаеце, дзе знайсці ваенкамат? — пытаўся далей чалавек.— 3 заходняй вобласці ідзём, у сваім раёне не паспелі стаць на прызыў.
— А якога вы раёна?
— Нясвіжскага. Хацелася б стаць вайскавікамі, ды з гэтай фашысцкай поганню паваяваць.
— Дык жа вы ўжо не тых гадоў,— сказаў Бельскі,— вас у армію не возьмуць.
Чалавек сапраўды меў ужо год пад пяцьдзесят, але, пачуўшы ад Бельскага такія словы, ён не на жарты пакрыўдзіўся і пачаў энергічна даказваць, што яшчэ можа служыць.
— А калі я добраахвотнікам хачу запісацца? — прыняўшы бравую паставу і выпнуўшы грудзі, даводзіў чалавек.— Чаму мяне не возьмуць? Хіба мяне абучаць трэба: раз, два, тры? Абучаны ў імперыялістычную і грамадзянскую... Зброю ў рукі— і марш! А нашу рускую трохлінейную я добра ведаю. Калісьці мяне лічылі снайперам... -
— Такіх возьмуць,— падтрымалі чалавека з групы.— От мы таксама ў гадах, але ў сіле яшчэ.
Мужчыны тым часам усё падыходзілі і падыходзілі.
— Пакажыце вашы дакументы,— папрасіў Бельскі ў чалавека, які першым загаварыў з ім.
Потым Іосіф Аляксандравіч напісаў адрас аднаго з бліжэйшых ваенкаматаў і падаў лісток чалавеку. Той сардэчна падзякаваў і рушыў па ўказанаму напрамку. За ім пайшла амаль цэлая калона.
Прыехаўшы ў раён Магілёва, я надоўга развітаўся са сваёй сям'ёй. Каму не вядомы гэтыя цяжкія хвіліны, хто іх не перажыў у часе вайны?
У Магілёве ішла дзейсная падрыхтоўка да рашучага адпору ворагу. Горад увачавідкі абрастаў шматлікімі абароннымі збудаваннямі і ператвараўся ў крэпасць. Адбывалася перагрупоўка вайсковых часцей, фарміравалася народнае апалчэнне. Маршал Савецкага Саюза Клімент Яфрэмавіч Варашылаў, выконваючы даручэнне Цэнтральнага Камітэта партыі, арганізоўваў барацьбу на фронце. Стрымліваючы і знясільваючы гітлераўскія войскі, нашы часці пад кіраўніцтвам Клімента Яфрэмавіча наносілі ворагу моцныя контрудары. Жорсткія баі ішлі днём і ноччу. Нямецкія захопнікі, якія ўварваліся ў Жлобін і Рагачоў, былі выбіты адтуль і адкінуты на захад.
Тут жа, у Магілёве, дзейнічаў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, які пры непасрэдным удзеле таварыша Варашылава праводзіў фарміраванне і інструктаж партызанскіх і дыверсійных груп для адпраўкі ў тыл ворага. Падбіраліся арганізатары партызанскага руху.
Мінскаму абкому было загадана выехаць у раён Беразіно, а мяне накіравалі ў Быхаў са спецыяльным заданнем.
Тут мне давялося сустрэцца з групай работнікаў ЦК ВКП(б), якую ўзначальваў адказны арганізатар арганізацыйнага аддзела ЦК Байкачоў Грыгорый Мяфодзьевіч. У свой час ён працаваў рэдактарам газеты «Советская Белоруссия», быў сакратаром ЦК КП(б)Б па кадрах. 3 ім прыехала яшчэ некалькі адказных работнікаў ЦК, у тым ліку Ігаеў Сямён Сцяпанавіч, які раней таксама працаваў у нашай рэспубліцы сакратаром абкома партыі.
Па даручэнню ЦК ВКП(б) яны яшчэ 25 чэрвеня ў Магілёве дакладна расказалі кіруючым работнікам ЦК КП(б)Б і Саўнаркома Беларусі аб дырэктывах і практычных парадах ЦК ВКП(б), якія былі звязаны з перабудовай работы на ваенны лад і з арганізацыяй партыйнага падполля і партызанскага руху.
Пасля гэтай сустрэчы яны тут жа паехалі ў прыфрантавыя раёны рэспублікі для дапамогі мясцовым партыйным органам у ажыццяўленні дырэктыў ЦК.
Сустрэча з Байкачовым, якога я ведаў з юнацкіх год і па сумеснай рабоце на Гомельшчыне і ў Мінску, яго дэталёвы расказ аб рэкамендацыях ЦК у той грозны і цяжкі час былі вельмі карыснымі ў нашых дзеяннях аж да ўстанаўлення рэгулярнай сувязі падпольнага абкома з Масквой.
У Беразіно я прыбыў амаль што на тыдзень пазней, чым туды прыехаў абком партыі. Тут ужо ішлі баі, нашы часці самаахвярна стрымлівалі ворага. Непахісна стаялі атрады з работнікаў МДБ. Камандаваў гэтымі атрадамі таварыш Васілеўскі Арцём Яўгенавіч — начальнік Мінскагй абласнога кіраўніцтва МДБ. Таварыш Багданаў узначальваў баявую групу пагранічнікаў. Тут жа былі нашы артылерыйскія і танкавыя часці. Гэтыя баявыя групы цаною вялікіх ахвяр затрымалі ворага на Бярэзіне і такім чынам далі магчымасць асноўным нашым сілам пераправіцца цераз раку.
Я не адразу знайшоў сваіх мінчан. Акрамя сакратароў абкома і работнікаў апарату тут ужо былі многія служачыя аблвыканкома і іншых арганізацый. Мы ўключыліся ў звычайную вайсковую работу: будавалі ўмацаванні, арганізоўвалі самаабарону, забяспечвалі войскі транспартам, боепрыпасамі, прадуктамі.
Раніца трэцяга ліпеня застанецца ў маёй памяці на ўсё жыццё. Нашы часці перапраўляліся цераз раку і на левым беразе паспешна будавалі абарону. Варожая авіяцыя раз-пораз налятала на пераправы. На зямлі, здавалася, жывога месца не было. Усё навакол гудзела, траслося ад моцных выбухаў.
I вось у гэты час у гарадскім пасёлку Беразіно з прабітага куляй рупара, што вісеў на тэлефонным слупе, пачуўся голас. I кожны, хто ў гэты час быў недалёка, прыціх. Голас быў усім знаёмы, гаварыў Сталін. Але як магло загаварыць радыё? Мясцовых людзей як быццам нідзе ўжо не відаць, а каму-небудзь з байцоў наўрад ці дазвалялі ўмовы наладзіць апаратуру радыёвузла. Аднак жа вось нечая руплівая рука зрабіла гэта. Чалавек, напэўна, жыццём сваім рызыкаваў. У пасёлку не было таго месца, дзе б не разрываліся варожыя бомбы і снарады. Радыёвузел быў на галоўнай вуліцы, тут снарады клаліся адзін каля аднаго. Чалавек, напэўна, не звяртаў увагі на выбухі, на прыбліжэнне ворага. Яму хацелася, каб тут, на гэтым адказнейшым участку фронту, хоць на хвіліну, хоць на момант пачуць голас з Масквы. Душой і сэрцам чалавек адчуваў, што будзе азначаць гэты голас для нашых воінаў, для ўсіх, хто тут быў.
Паступова каля рупара пачалі збірацца людзі. Тут былі і ваенныя і цывільныя. Падыходзілі, паспешна лажыліся дзе-небудзь пад дрэвам, каля сцяны будынка і, зняўшы шапкі, старанна ўслухоўваліся. Людзі прагна лавілі кожнае слова. Нішто на свеце не магло заглушыць гэтых слоў. Над галовамі час ад часу раўлі бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, пікіруючы на пераправу. На беразе ракі і ў вадзе часта разрываліся снарады, падымаючы цёмныя слупы жвіру і вады. Аднак людзі чулі толькі словы з рупара, ніхто, здавалася, не звяртаў увагі на смертаносны грукат.
Праз некалькі хвілін немцам удалося пашкодзіць асноўную пераправу, але нашы часці былі ўжо на тым беразе. Я прылёг на адным узмежку, зарослым густым мурагом. Над галавой пасвіствалі кулі — вораг быў зусім надалёка. Я не мог пакінуць гэтага месца, пакуль з рупара даносіўся знаёмы голас.
Праз хвіліну падпоўз крыху бліжэй да рупара і сустрэўся вачыма з не знаёмым мне хударлявым чалавекам.
Ён пранікнёна паглядзеў на мяне і прадаўжаў слухаць, прыўзняўшы галаву. Відаць было, што чалавек крыху недачуваў і таму напружваў слых, каб не прапусціць ніводнага слова. Вочы яго свяціліся нястрымнай рашучасцю, увесь ён, здавалася, быў прасякнуты толькі ўвагай, толькі душэўным жаданнем пачуць і дасканала разабраць усё тое, аб чым гаварыў Галоўнакамандуючы.
Справа і злева ад нас імкліва перабягалі байцы апошняй заставы. Яны з разгону прыпадалі да зямлі, дзе-небудзь у разору ці ў густую зеляніну даўно не поланай гародніны, перадыхалі нейкую хвіліну і падаваліся бліжэй да ракі.
— Танкі нямецкія,— раптам сказаў адзін стралок, прылёгшы побач з намі.— Трэба хутчэй перапраўляцца.
Яго словы чамусьці не выклікалі страху ні ў мяне, ні ў майго суседа. Толькі ўсведамленне суровай неабходнасці прымусіла нас успрыняць паведамленне байца як сігнал. Заставалася, мусіць, апошняя хвіліна, трэба было спяшацца.
— Усе сілы народа на разгром ворага! — пачуліся словы з рупара.
Услед за байцом мы наблізіліся да ўзбярэжнага лазняку. Баец ужо намерваўся кідацца ўплаў.
— Пойдзем са мною! — тонам загаду сказаў чалавек і паглядзеў спачатку на байца, а потым на мяне.— Няма чаго лезці ў ваду з вінтоўкаю ды з патронамі, тут у мяне недзе чоўнік павінен быць. Праўда, як для спакойнага часу, то ён на аднаго чалавека разлічан, але ж як цяпер, то пераедзеце і ўдвух. Пераправіцеся, наша рака добрая і ласкавая для сваіх людзей.
— А вы хіба не з намі?— здзіўлена спытаў баец.
— Я-то, вядома, з вамі,— гаркавата ўсміхнуўшыся, сказаў чалавек,— але пакуль што застануся тут. Застануся, пагляджу на яго, праклятага, пацікую, наколькі ён абнаглеў з васемнаццатага года ды якой велічыні дубіна цяпер патрэбна на яго.
Я моцна паціснуў руку свайму выпадковаму суседу і на развітанне сказаў:
— Паверце гэтаму слову: мы таксама далёка не пойдзем адсюль, мы будзем з вамі!

IV

У першай палове ліпеня 1941 года заставаліся часткова неакупіраванымі Старобінскі, Любанскі, Старадарожскі раёны Мінскай вобласці.
Праз некалькі дзён па рашэнню ЦК КП(б)Б мы накіраваліся ў Мазыр, а затым — у палескую частку сваёй вобласці, адкуль павінны былі ажыццяўляць кіраўніцтва раёнамі.
3 Мазыра, перад выездам у раёны, я звязаўся па тэлефоне з сакратаром ЦК КП(б)Б Панамарэнкам, які тады быў у Гомелі. Ён падрабязна распытаў, як мы падрыхтаваны да работы ў падполлі, як адчуваем себя, і, наколькі дазвалялі ўмовы, пацвердзіў дадзеныя мне раней указанні.
— Жадаю вам шчасця і поспехаў,— сказаў ён на развітанне.— Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі ставіць перад вамі вельмі адказную задачу. Майце на ўвазе, што кожны ваш крок павінен быць усебакова і вельмі грунтоўна абдуманы.
Акрамя сакратароў абкома з намі паехалі сакратар Плешчаніцкага райкома КП(б)Б тав. Мачульскі, абласны пракурор тав. Бондар і сакратар Слуцкага райкома партыі Аляксандра Ігнацьеўна Сцяпанава. Мы рашылі так: дакуль можна будзе — ехаць на машынах, а потым прабірацца пехатою. Усе стараліся хутчэй прыбыць на месца, каб неадкладна пачаць выконваць пастаўленыя задачы. Абставіны змяняліся з кожнай хвілінай. Там, дзе сёння не было немцаў, заўтра яны маглі быць. Мы не маглі і не мелі права марудзіць: чым хутчэй распачаць падпольную дзейнасць, тым больш шансаў на поспех.
Узялі напрамак на Калінкавічы. Далей мелася на ўвазе прабірацца праз Азарычы ў Акцябрскі і Любанскі раёны. Прабірацца тымі больш глухімі дарогамі, якія яшчэ не заняты ворагам.
Насустрач нам ішло многа войск, тэхнікі, праехаць было нялёгка. Але Войцік, мусіць, прадчуваючы, што хутка давядзецца развітацца і з машынай і, бадай, са сваёй шафёрскай прафесіяй, праяўляў цуды майстэрства: ён вітляў паміж сустрэчных машын і параконак з хуткасцю ластаўкі, іншы раз ставіў машыну ледзь што не рубам, аднак нідзе не збаўляў хуткасці. Са мной ехалі Мачульскі, Бондар і Сцяпанава.
— Ты, мусіць, без вайны патрушчыш нам косці,— жартам сказаў я шафёру.
— Машына павінна вытрымаць,— гучна адказаў ён,— а за сябе ручаюся.
Другая машына таксама не адставала ад нас. Там былі Барвашэня, Брагін, Бельскі, Свінцоў і Бастун.
На ўскраіннай вуліцы ў Калінкавічах рашылі прыпыніцца, каб праведаць шлях далей. Загналі машыны ў вішняк, самі выйшлі, прыляглі на траве, закурылі. Я меркаваў знайсці каго-небудзь з раённых работнікаў, параіцца з імі, магчыма, узяць праважатага, калі самім цяжка будзе патрапіць.
Побач на нізкім пеньчуку, відаць, нядаўна спілаванай вішні сядзеў стары чалавек і сумнавата паглядаў на бальшак. 3 выгляду чалавеку было гадоў пад семдзесят. 3-пад рудой кепкі звісалі на тонкую сухажыльную шыю пасмы сівых валасоў. Вочы ў яго былі маленькія і прыжмураныя.
Пачуўшы дымок ад нашых папярос, стары пацягнуўся да нас, падсеў бліжэй, выняў люльку, а потым прывітаўся. Выгляд у яго быў зусім спакойны, нібыта абыякавы. Можна было падумаць, што яго не вельмі цікавіла, хто мы такія, адкуль і куды едзем. Вішняк быў сям-там паламаны, абшмарганы, трава прымята, бо, мусіць, не было той гадзіны, каб тут не спыняліся машыны.
— Ці няма ў вас аганьку, таварышы начальнікі? — роўным, незалежным голасам спытаў стары. На слове «начальнікі» ён, відаць, наўмысля зрабіў націск.
Бондар выняў запалкі, падаўся бліжэй да старога, каб даць яму прыпаліць, і ўбачыў, што ў люльцы няма тытуню. Гэта яго рассмяшыла, забаўна было тое, што стары прымяніў хітрыку малых.
— Што ж ты, бацька, пустую люльку падсоўваеш?— смеючыся спытаў Аляксей Георгіевіч.
— А я гэтыя дні і не нашу тытуню,— бестурботна адказаў стары.— Усё ваш брат спагадвае, ідзе тут і ідзе і ўдзень і ўночы... Мой вішняк, а ваша махорка...
Бондар падсыпаў старому ў люльку, прыпаліў, І той усмак зацягнуўся, а потым закашляўся.
— Нішто сабе, пякучая,— пахваліў ён,— гэта, бадай-што, мацней будзе за тую, што надоечы я курыў, давалі мне тут адны... Тыя пяшком ішлі, радавыя, мабыць.
Стары памаўчаў з хвілінку, яшчэ раз зацягнуўся, а потым, пускаючы з-пад вусоў дым, прамовіў:
— Едзеце, значыць, падаецеся?..
— Ага, едзем,— у тон старому адказаў я.
— I значкі ўжо, выходзіць, павыкалуплівалі...
—У нас не было значкоў, мы не ваенныя. Стары падняў на мяне клінаватую, з загнутым угору кончыкам, бараду.
— Не ваенныя. А якія ж вы?
— Мы людзі тутэйшыя,— сказаў я.
— Тутэйшыя?..— нібы сам сабе паўтарыў чалавек. Праз нейкую хвіліну сказаў яшчэ раз: «Тутэйшыя...» Потым гаварыў далей з абурэннем і простасардэчнай крыўдаю: — А падаецеся нябось туды,— ён паказаў рукою на ўсход,— туды, куды і ўсе тыя, нетутэйшыя, некаторыя...
— Не, мы едзем туды,— заўважыў я і паказаў на захад. Стары сумеўся:
— Як гэта туды, да немца? Там жа немец!
— Мы ведаем, што там немец,— сказаў Мачульскі.— От і хочам біць ворага ў спіну, зайшоўшы яму з тылу.
Стары ўсміхнуўся як быццам задаволена. Я падумаў, што такія весткі пра нас выклікаюць у яго пэўную павагу да незнаёмых падарожнікаў. Аднак праз якую хвіліну дзядуля зноў пачаў падсмейвацца і неяк своеасабліва, па-старэчаму, кпіць.
— У тыл, значыць?..— павольна аглядаючы ўсіх нас, гаварыў ён.— Ведаю, што такое тыл ворага, бываў некалі. Яшчэ разам з Талашом ваявалі... Толькі хадзілі мы тады пехатою, аўтамабіля ў нас не было. Вось я і гляджу, у тыл ворага едзеце, думаеце партызаніць на машыне.— Ён паказаў на блішчастыя боты Свінцова.— Можа выйсці так, што машынка засядзе ў балоце, дык непрыемна будзе вылазіць...
Мачульскі ўсміхнуўся:
— Як каму, дзядуля. Нам нічога не страшна. Мы смяяліся, слухаючы дзядулю, аднак кожны з нас разумеў, што ў гэтых словах многа шчырай праўды, што нам трэба зрабіць належны вывад з трапных заўваг былога партызана. I сапраўды, што ў нас была за вопратка? Я быў у паўваенным, зашчытнага колеру гарнітуры, падпяразаны шырокім рэменем. У чым працаваў у абкоме, у тым і паехаў. Прыблізна гэтак жа былі апрануты і мае таварышы. Такая вопратка была вельмі нязручная ва ўмовах падполля.
Як на шчасце, у Калінкавічах мы сустрэлі знаёмага дырэктара леспрамгаса. У яго на складзе было некалькі камплектаў спяцовак для лесарубаў. Частку гэтага адзення ён аддаў нам. Неўзабаве ў абедзвюх аўтамашынах сядзелі ўжо не работнікі абласных устаноў, а звычайныя лесарубы.
Трэба было неадкладна прабівацца наперад. Вядома, у гэтым было нямала рызыкі, але я чамусьці ўвесь час быў глыбока ўпэўнены, што мы праскочым.
Дакладна распытаўшы, як лепш праехаць, рушылі ў напрамку Акцябрскага раёна. Ехалі з вялікай асцярожнасцю. Жыхары прыдарожных вёсак ручаліся больш за сваю вёску і рэдка калі за суседнюю. Нямецкіх войск, магчыма, і не было блізка, але людзі былі ў нейкай меры збіты з толку варожымі парашутыстамі.
Хутка нам паведамілі, што ў цэнтр Акцябрскага раёна, у Карпілаўку, учора наведваліся нямецкія матацыклісты. Гэта азначала, што вораг недзе тут блізка, што трэба быць яшчэ болып асцярожнымі. Рашылі спыніцца ў адной прылеснай вёсцы, каб дэталёва разведаць абстаноўку ў гэтым раённым цэнтры. Пайшлі к людзям, пачалі распытваць. Весткі былі розныя. Адны казалі, што фашысты ўжо ў Карпілаўцы, другія,— што толькі разведка туды заглядвала, а трэція,— што ніхто там немца яшчэ і ў вочы не бачыў.
Трэба было намацваць дарожку самім. Мне хацелася зрабіць гэта як можна хутчэй. Маруднасць у такі час была падобна злачынству. Усе згадзіліся са мною, а Бастун і Свінцоў пачалі ўносіць усякія абыходныя прапановы. Відно было, што яны пабойваюцца ехаць далей, толькі не могуць сказаць аб гэтым адкрыта. Каб хоць чым-небудзь прыкрыць сваё хістанне, яны пачалі выдумляць розныя прычыны аб залішняй рызыкоўнасці і нерэальнасці нашых намераў.
— Вы баіцеся,— напрамік сказаў я.
Свінцоў змяніўся ў твары, рукі ў яго задрыжалі. Нейкі час ён маўчаў, а потым, зірнуўшы на Баступа, заявіў:
— Хоць і не баімся, а далей не паедзем. Прыпынімся тут, агледзімся, усе выведаем, а тады вырашым, што рабіць.
Я напомніў ім пра партыйную дысцыпліну, пра абавязак камуністаў і кіруючых работнікаў, якія павінны, як і ўсе мы, выконваць заданне Цэнтральнага Камітэта.
Я даводзіў, што паводзіны Бастуна і Свінцова раўназначны дэзерцірству. Аднак бачачы, што сваімі ўчынкамі яны могуць не толькі замінаць, але і шкодзіць партызанскай справе, мы вырашылі выключыць іх з нашай падпольнай групы.
Калі я паведаміў ім аб нашым рашэнні, яны нават не захваляваліся. I тады мы яшчэ больш упэўніліся, што зрабілі правільна.
Гэта напамінала нам, што ва ўмовах падполля мы павінны асабліва ўважліва прыглядацца да людзей, лепш вывучаць і выхоўваць кадры.
Мы былі ўпэўнены, што як толькі дабяромся да сваіх раёнаў, дык знойдзем там людзей добрых, сумленных, сапраўдных патрыётаў, якія будуць самаахвярна змагацца з фашысцкімі захопнікамі.
Так мы паехалі ў Карпілаўку без Свінцова і Бастуна.
У раённым цэнтры гітлераўцаў яшчэ не было. Недалёка адсюль, на чыгуначнай ветцы, стаялі нашы бронецягнікі і стрымлівалі варожую групоўку, якая рвалася на Даманавічы.
Тут жа вялі баі нашы пяхотныя часці. Становішча байцоў было вельмі цяжкае. Сілы былі няроўныя, канчаліся боепрыпасы, але людзі змагаліся да астатняга патрона.
Я зайшоў у райком. Тут нікога не было, апрача ўпаўнаважанага Палескага абкома партыі другога сакратара абкома таварыша Языковіча Фёдара Міхайлавіча. Убачыўшы мяне, ён здзівіўся і шчыра ўзрадаваўся.
— Як ты сюды трапіў? — тармошачы мяне за плечы, пытаўся ён.— У чым справа, хто цябе паслаў сюды?
— А ты чаго тут?— перапыніў я яго сустрэчным пытаннем.
Языковіч коратка расказаў гісторыю сваіх ваенных спраў. Прыехаў ён сюды па заданню абкома. Узводзіў умацаванні, арганізоўваў самаабарону, а цяпер вось заняўся ўпарадкаваннем раненых і не можа пакінуць іх, хоць ужо два дні таму назад атрымаў распараджэнне вярнуцца ў Мазыр.
— А дзе ж Ціхан Бумажкоў?— спытаў я.
— Недзе там,— адказаў Языковіч і паказаў у той бок, адкуль чуліся частыя, сатрасаючыя зямлю разрывы.— Гэтага чалавека ўжо даўно тут няма. Як зачыніў свой кабінет у дні набліжэння ворага, дык з таго часу і не паказваецца. Камандуе знішчальным батальёнам. Учора разам з намеснікам старшыні райвыканкома Паўлоўскім спаліў тут 15 танкаў.
Ціхана Бумажкова, першага сакратара Акцябрскага райкома партыі, я ведаў даўно. На сустрэчу з ім я разлічваў і ўскладаў на яе пэўныя спадзяванні. Бумажкоў, як мясцовы жыхар, добра асведамлёны работнік, безумоўна, дапамог бы нам, аднак калі сакратар ужо ўключыўся ў справу, то адрываць яго не было сэнсу.
У душы мы толькі парадаваліся, што нашы знішчальныя атрады, ужо цяпер партызанскія, так гераічна змагаюцца з лютым ворагам.
Я папрасіў у Языковіча даць нам праважатага. Паколькі Глуск быў ужо заняты немцамі, нам неабходна было прабірацца на Любань малаезджанымі дарогамі. Языковіч рэкамендаваў нам у якасці праважатага загадчыка сталовай райспажыўсаюза, бо гэты чалавек сам быў адтуль, куды мы ехалі. Акрамя таго што наш праважаты падрабязна абрысаваў нам абстаноўку, дык яшчэ і накарміў усіх гарачым абедам. Войцік так быў задаволены гэтым, што гатоў быў хоць цэлыя суткі вазіць такога праважатага.
Так мы дабраліся да вёскі Забалацце Акцябрскага раёна. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машын, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі.

V

Ужо вечарэла, калі мы ўязджалі ў Забалацце. Вёска вялікая — цэнтр сельсавета. Канца роўнай, даволі шырокай вуліцы не відаць было. Ля платоў кустамі паднялася зелень. Адразу можна было заўважыць, што цяпер нішто не перашкаджае расці на вуліцы драсёну і ўсякаму іншаму пустазеллю. Людзі не ездзяць, жывёла не ходзіць. Нейкай самотнай пустэчай веяла з вуліцы, і гэта было вельмі нязвычна. Бывала, калі заедзеш у нашу беларускую вёску ў гэтую пару, сэрца пачынае радавацца. Канец летняга працоўнага дня заўжды суправаджаўся вясёлымі песнямі дзяўчат, бадзёрымі гамонкамі людзей, грукатам інвентару, іржаннем коней. I усе гэта ў адну хвіліну ўводзіла цябе ў бесперапынна пульсуючы жыватворны свет; здаецца, і прыжыўся б тут, і палічыў бы за вялікае шчасце заўтра ледзь золак выйсці разам з тутэйшымі людзьмі ў поле, на работу.
А цяпер вось ціха і бязлюдна на вясковам вуліцы. Нават пылок не ўзняўся з-пад колаў машын. Расціснуты коламі драсён запах горка і прыкра: падобна было на тое, што мы ўз'ехалі на пустынны, даўно высахлы і ўсімі закінуты лужок. Прайшло некалькі хвілін, пакуль на вуліцы паказалася жывая душа. I гэта быў хлапчук гадоў дзесяці. Ен, мусіць доўга раздумваў, пакуль адважыўся падысці да машын, але цікаўнасць, відаць, узяла верх, і хлопчык рашыў усё-такі наблізіцца.
— Падыходзь, сынок, не бойся, — ласкава сказала Сцяпанава. I хлопчык, мусіць, адчуў гэтую ласку гэты даверлівы мацярынскі голас. Ен смела падышоў да нас і ўставіў блакітныя жвавыя вочы на пярэднюю машыну і на шафёра, які застаўся сядзець у кабіне.
— Як жа цябе завуць, браце?—спытаўся Бондар.
—Ляксей, — пацягнуўшы носам, адказау хлопчык.
— О, цёзка, — засмяяўся Аляксей Георгіевіч. —Будзем знаёмы, мяне таксама завуць Аляксеем. А колькі ж табе гадоў?
— На тройцу пайшоў адзінаццаты,— адказаў хлопчык.
— У школу ходзіш?
—Хадзіў, а цяпер кажуць, што нашу школу зачыняць, бо ўсюды немцы.
Мы селі на лавачку ля плота і паклікалі да сябе хлапчука.
— А скажы, Ляксей,— прадаўжаў я з малым гутарку,— у вас немцы былі ўжо ці не?
—Учора былі,— адказаў хлопчык.— На матацыклах прыязджалі. Круціліся па вуліцы гадзіны дзве, курэй лавілі па дварах, шукалі нечага. Адзін як абарваўся, дык упаў з гары, галаву разбіў аб дошку. Палавілі, забралі курэй ды зноў некуды падаліся.
— А бацька твой дома?
— Не, няма, пайшоў у Чырвоную Армію.
— Хто ж у вас дома?
— Дзед, я і маці.
— Ну схадзі пакліч сюды свайго дзеда, скажы, што з Мазыра дзядзькі прыехалі, хочуць з ім пагутарыць.
— А што, у Мазыры таксама немцы?
— Не, там нашы часці.
— А хто вы такія? Дзед, можа, мяне запытае, якія гэта дзядзькі.
Мы адказалі і тут, дарэчы, успомнілі, што недзе ў машыне ў нас захавалася некалькі цукерак. Шафёр даў штукі са тры хлапчуку, і ён пабег. Праз хвіліну ля машыны з'явілася яшчэ некалькі яго сяброў. Далі гасцінца і ім. Было ясна, што следам за малымі прыйдуць старэйшыя, што хлапчукі служылі як бы разведкай для дарослых. У гэты трывожны час людзі стараліся па вечарах не паказвацца на вуліцы: сядзелі па хатах, прыслухоўваліся, раіліся між сабою, абмяркоўвалі становішча. I, вядома, цяпер хутчэй маглі з'явіцца ў вёсцы акупанты, чым хто-небудзь з сваіх. Тым больш на легкавых машынах.
Усё ж, пасля таго як хлапчукі разбегліся па хатах, некалькі дзядоў і жанчын падышлі да нас. Па нашай гаворцы і па ўсім яны, відаць, адразу зразумелі, што мы людзі свае, і пачалі размаўляць знамі больш-менш даверліва. Пра наведванне вёскі гітлераўцамі яны гаварылі зусім не так, як малы Аляксей. У разуменні Аляксея матацыклісты толькі пакруціліся па вуліцы, сям-там палазілі, а на самай справе яны сурова дапытвалі сялян, пагражалі ім расстрэлам, калі не выкажуць прозвішчаў камуністаў, вясковых актывістаў і трапіўшых у акружэнне чырвонаармейцаў, якія, магчыма, хаваюцца ў вёсцы. Нічога не выведаўшы, гітлераўцы забралі з фермы амаль усіх курэй і паехалі.
Мы папрасілі паклікаць старшыню сельсавета або хоць каго-небудзь з мясцовага актыву. Пасля многіх няпэўных слоў сяляне сказалі, што старшыня сельсавета сапраўды ёсць у іх, толькі дзе ён цяпер, яны не ведаюць. Наконт іншых вясковых кіраўнікоў таксама ім нічога невядома. Вось хіба толькі доктар. Ен інвалід, ваяваць ісці не можа, ад немцаў не хаваецца, сядзіць, як і раней, у бальніцы, кажа, што ні ў якія часы ён сваіх людзей не кіне.
Адна з жанчын згадзілася запрасіць яго сюды, да нас, і праз некалькі хвілін урач сапраўды з'явіўся. Гэта быў яшчэ не стары, высокага росту, хударлявы чалавек, кульгавы на левую нагу. Падышоўшы, ён прывітаўся з намі і назваў сваё прозвішча — Крук. У гаворку ўступіў ахвотна, але толькі пасля таго, як упэўніўся, хто мы такія. На нашы пытанні адказваў паважна, без адцення якога-небудзь угодніцтва ці няўпэўненасці. Адразу было відаць, што гэта чалавек дзелавы і ведае сабе цану. Яму можна было даверыцца. 3 гутаркі высветлілася, што родам ён з Рудзенскага раёна і цяпер хвалюецца за лес сваіх блізкіх, якія там засталіся.
Мы даручылі яму сабраць сюды камуністау, камсамольцаў і вясковы актыў. Неўзабаве прыйшлі старшыня сельсавета Русакоў, старшыня калгаса Пакуш, ветэрынарны ўрач Ляўковіч. Пакуль падышлі астатнія, мы завялі з імі гутарку. Цікава было ведаць, што людзі думаюць, якія ў іх меркаванні і планы на будучае. Я прама паставіў пытанне перад імі:
— Як думаеце арганізоўваць барацьбу з ворагам?
I, к нашаму задавальненню, высветлілася, што людзі не сядзяць склаўшы рукі. Аказалася, што ў Забалацці ўжо ёсць партызанская група з сямі чалавек пад камандаваннем Русакова і Пакуша. Група гатова к дзеянню, толькі зброі яшчэ малавата, не хапае яснасці і канкрэтнасці ў планах. Хто ведае, з чаго пачынаць, за што перш-наперш брацца?
Адзін за адным падыходзілі людзі. Калі сабралася чалавек сорак, мы расказалі пра выступленне Вярхоўнага галоўнакамандуючага трэцяга ліпеня, пра рашэнні ЦК КП(б)Б адносна разгортвання партызанскага руху ў Беларусі. Гэта выклікала незвычайную цікавасць. Мы расказалі пра ўсё даволі падрабязна, аднак адразу заўважылі, што гэтага недастаткова, што людзі яшчэ нечага чакаюць.
—Можа, у вас гэтая газета ёсць? — пачуўся з натоўпу ўсхваляваны голас.
— Ёсць, — адказаў я, — але ж цемнавата ужо, нельга прачытаць.
— Дык хоць так пакажыце нам.
Я выняў «Правду», разгарнуў яе і працягнуу людзям. Некалькі рук беражна падхапілі яе, усе заварушыліся, яшчэ шчыльней стоўпіліся і чамусьці перайшлі на шэпт.
— Здымак Сталіна! — усхвалявана прашаптала адна з жанчьш.
—Пакажы, дай сюды! — ціха загаманілі людзі.— Прачытаць бы хоць слова...
I раптам нехта гучна сказаў:
— Чаго тут шаптацца! Гаварыце ўголас! Пайшлі ў сельсавет, запалім агонь і пачытаем!
I мы ўбачылі, як у руках таго, хто гаварыў, белым воблачкам мільганула газета, ён вырваўся наперад, а за ім рушыў увесь натоўп.
Следам за людзьмі пайшлі ў сельсавет і мы. Ля брамы спыніліся: няхай людзі запаляць агонь, размесцяцца.
Раптам з бліжэйшага двара адзін за адным выскачылі чатыры чалавекі і накіраваліся да памяшкання сельсавета. Усе яны былі ўзброены. Цяжка было разгледзець у цемені, што за зброя ў іх была, аднак нешта накшталт вінтовак людзі трымалі ў руках.
Два з іх сталі ля сельсавета на вуліцы, а два зніклі недзе ў вішняку на другі бок будынка.
Калі мы праходзілі ў сельсавет, узброены чалавек, які стаяў бліжэй да нас, стаў «смірна» і прывітаў нас па ўставу.
— Начная варта,— растлумачыў ён Мачульскаму, калі той падышоў да яго блізка і на момант спыніўся.
— Гэта добра,— адказаў Раман Навумавіч,— толькі няма патрэбы стаяць вам на відавоку.
У памяшканні вакол лямпы тоўпіліся людзі.
— Дай сюды, дай сюды,— праціскаўся да стала той самы стары, што прыйшоў да нас першы, мусіць, Аляксееў дзед.— Пусці сюды мяне...— Ён на хаду дастаў з-за пазухі старэнькія, у тонкіх жалезных рамках, акуляры.— Пусці трошкі...
Стары пахукаў на акуляры, працёр іх. Затым, надзеўшы іх, ён доўга разглядаў загалоўныя літары прамовы. Радасная ўсмешка шырылася на вуснах.
Рашылі чытаць газету з пачатку да канца. Газета зноў апынулася ў руках аднаго маладога, чыста апранутага чалавека, мусіць таго самага, які прывёў людзей у канцылярыю сельсавета. Як потым мы даведаліся, гэта быў вясковы настаўнік Анатоль Жулега.
Ён звярнуўся да мяне:
— Можна, таварыш?
— Чытайце,— адказаў я. I настаўнік пачаў чытаць.
Людзі расселіся на лаўках, на крэслах, некаторыя нават на падлозе. Усталявалася поўная цішыня, толькі голас настаўніка, крыху падладжаны пад голас маскоўскага дыктара, роўна і выразна гучаў у памяшканні.
Я сядзеў каля акна і чуў, як хтосьці асцярожна прайшоў каля сцяны.
У ніжняй частцы акна прамільгнуў нейкі цень, і зноў усё стала ціха. Я кіўнуў Русакову, і ён адразу ж выйшаў. Мінуты праз дзве старшыня вярнуўся і, падышоўшы да мяне, шэптам растлумачыў у чым справа. Аказваецца, наш шафёр, які ўжо чытаў прамову Сталіна, згадзіўся часова замяніць аднаго з вартавых, той падышоў да акна, каб паслухаць прамову. Потым мы даведаліся, што і іншыя вартавыя па чарзе слухалі прамову Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Прачытаўшы газету да апошняга радка, настаўнік абвёў гарачым позіркам прысутных і стаў асцярожна згортваць яе ў некалькі столак. Было падобна на тое, што ён зусім не збіраецца вяртаць гэты нумар «Правды» таму, у каго ўзяў. Але ж, можа, ён і не ведае, у каго ўзяў: газета трапіла яму з дзесятых рук.
— Чакай, чакай трошкі,— зноў абазваўся Аляксееў дзед. Цяпер мы ўжо ведалі яго прозвішча. Гэта быў Апанас Марозаў, калгасны садавод і агароднік, не па гадах рухавы і нястомны ў рабоце чалавек.Ён, мабыць, і забыўся, што ў яго на носе цяпер ужо бадай без патрэбы акуляры.
— Чакай згортваць, прачытай яшчэ раз, як там пра партызан сказана, а галоўнае, пра хлеб і рознае дабро... Ні грама хлеба ворагу, ні кроплі гаручага... Так, здаецца?
Жулега разгарнуў газету, з хвіліну павадзіў вачыма па радках, а потым, мусіць, знайшоўшы патрэбныя словы, сцвярджальна кіўнуў галавою:
— У асноўным так.
— Правільна! — заключыў стары.
Старшыня сельсавета проста аж свяціўся ад радасці.
Вось гэта ж і ёсць наша праграма! — абдаваў ён маю шчаку гарачым шэптам.— Цяпер ясна, за што брацца, да чаго прыкладаць рукі.
Праз паўгадзіны Жулега паехаў разведваць для нас дарогу ў напрамку саўгаса «Жалы» і райцэнтра Любань, а Русакоў, Крук, Пакуш і яшчэ чалавекі тры камсамольцаў тут жа пры лямпе ўзяліся перапісваць матэрыялы з газеты. 3 нашага дазволу яны разрэзалі тэкст на некалькі частак і раздзялілі паміж перапісчыкамі. Камуністы правільна вырашылі, што распаўсюджванне і папулярызацыя закліку партыі ёсць самы цвёрды крок да разгортвання партызанскага руху.
Па ініцыятыве камуністаў, беспартыйных, перадавых рабочых, калгаснікаў, прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі ўсюды ствараліся падпольныя патрыятычныя групы. Яны прымалі па радыё зводкі Інфармбюро, перапісвалі іх у дзесятках экземпляраў і распаўсюджвалі сярод насельніцтва.
Прывяду адзін з фактаў. У першыя дні вайны загадчык Задомлянскай пачатковай школы, Смалявіцкага раёна, Аляксандр Мрочык арганізаваў у сваёй вёсцы падпольную патрыятычную групу. У закінутай студні ён устанавіў радыёпрыёмнік і ўсе дні слухаў Маскву, прымаў весткі з фронту. Група рэгулярна прымала і даводзіла да народа зводкі Інфармбюро, важнейшыя навіны са сталіцы. Прамову Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Мрочык запісаў слова ў слова і з дапамогаю сваіх таварышаў размножыў яе ў вучнёўскіх сшытках. Іх чыталі на сходах, перадавалі з вёскі ў вёску.
У пачатку жніўня сорак першага года нейкі правакатар данёс гітлераўцам пра дзейнасць Мрочыка. Ноччу гестапаўцы схапілі яго. Допыт ішоў больш тыдня. Мрочыка катавалі, пагражалі смерцю жонкі, дзяцей, усёй радні.
Ні слова не сказаў фашыстам мужны савецкі чалавек, нават не прызнаўся, што ў яго ёсць радыёпрыёмнік. Гітлераўскія разбойнікі расстралялі Аляксандра Мрочыка ў вёсцы Рудня, Прылепскага сельсавета, Смалявіцкага раёна.
У адказ на зверствы фашыстаў у Прылепскім сельсавеце было арганізавана больш дзесяці патрыятычных груп, Была арганізавана таксама падпольная камсамольская арганізацыя, якой кіравала камсамолка Алімпіяда Бандарчык.
Такіх фактаў у вёсках і гарадах Беларусі было многа.
Ноччу таго дня мы не паехалі з Забалацця у Любань, а дачакаліся звароту Жулегі. Ен пад'ехаў к сельсавету ўжо на досвітку. Добры калгасны конь быў увесь у пене.
Спыніўшыся ля ганка, Жулега паведаміў, што ён праехаў не толькі да мяжы Любанскага раена, а нават да вёскі Загалле і нідзе нічога не зауважыў. Дарога чыстая.
Мы выйшлі на вуліцу. Ля варот стаяў той жа вартавы, што і ўчора. У яго руках была амаль новая вінтоўка.
— Што ж ты не змяніў хлапца?— спытау Мачульскі ў Русакова.
—Нічога,—пасміхваючыся адказау старшыня гэты выцягне і не падвядзе.
— Што, у арміі быў?
— Не, ён дапрызыўнік, не паспеў мабілізавацца. Ну цяпер і яму справа будзе.
Аж шкада было пакідаць такіх слаўных людзей. Каб не стаяла задача арганізацыі шырокага партыйнага падполля ў кожным раёне, то быў бы поўны сэнс застацца ў Забалацці і на базе гэтай велізарнай вёскі пачынаць разгортванне партызанскага руху.
У Загалле трэба было ехаць абавязкова. На нашым шляху гэта была адна з першых вялікіх весак Любанскага раёна, і галоўнае — там у мяне былі добра знаёмыя і надзейныя людзі: старшыня сельсавета Сцяпан Карнееў і старшыня калгаса Рыгор Плышэўскі. Мне хацелася даведацца, ці дома яны, і калі дома, —то наладзіць з імі сувязь, пакінуць пэўныя даручэнні. Плышэўскага мы не засталі дома, а Карнеева выпадкова сустрэў на вуліцы Мачульскі. Я быў у гэты час недалёка і чуў іх гутарку, падобную на нейкую гульню.
— Немцы былі ў вас? — пытаўся Мачульскі.
— Нехта быў,— з прасцецкім абыякавым выглядам адказваў Карнееў.
— I вы не разабраліся хто?
— Не разабраў, дальбог праўда. На гумне якраз быў... Праехалі па вуліцы ў жалезных шлемах, а хто — не цікавіўея, няхай едуць сабе...
— От здорава! — засмяяўся Мачульскі.— Вам, значыць, усё роўна, хто паехаў: нашы ці чужыя. Тут нешта не тое... Мабыць, прыкідваешся ты, чалавеча.
Замест адказу Карнееў таксама засмяяўся, і нельга было зразумець, згодзен ён з Мачульскім ці падтрымлівае сваю думку.
— А дзе ж тут ваш двор?— нібы жадаючы перамяніць тэму гутаркі, спытаў Раман Навумавіч.
— Далёка адсюль,— махнуў Карнееў рукою ўздоўж вуліцы.— Амаль у самым канцы вёскі. Вунь, бачыце,— маладая бярозка стаіць. Гэта ў маім гародчыку расце.
— Калгаснік?
— А як жа. Пастух калгасны. Авечкі пасвіў, пакуль былі, а цяпер от туляюся. Авечкі за Пціч людзі пагналі.
— Чаму ж не вы?
— Знайшлося многа ахвотнікаў.
— Ну, а вам у армію трэба было ісці,— акінуўшы «пастуха» цікаўным позіркам, сказаў Мачульскі.
—Што вы, тава... грамадзянін, што вы кажаце пра армію. Я ж белабілетнік. Рука ў мяне хворая і правае вока амаль зусім не бачыць, сапсаванае з маленства... Вось адыдзіцеся вы на пяць крокаў, дык я ўжо і не пазнаю... Па вечарах з палкаю хаджу, хоць і малады яшчэ.
Я разумеў, што Карнееў маскіраваўся, правяраў сябе ў ролі падпольшчыка, аднак усё гэта выходзіла ў яго вельмі няскладна і прымітыўна. Мне надакучыла слухаць гэтыя няўдалыя практыкаванні, таму, не дачакаўшыся, пакуль Мачульскі сам ва ўсім разбярэцца, я выйшаў з двара і наблізіўся да мужчын.
— Здароў, Карнееў,— працягнуўшы руку, прывітаўся я.— Канспірацыя не такая лёгкая справа, як табе здаецца... Маладую бярозку ў канцы вёскі бачыш, а запэўняеш, што чалавека за пяць крокаў быццам бы не можаш пазнаць.
Карнееў збянтэжыўся, а я падумаў, што вось каб цяпер гэтак жа давялося хлусіць мне, то, магчыма, яшчэ горш выходзіла б. Не прызвычаіліся мы гаварыць няпраўду, гэта неўласціва нашай натуры. У нас, к прыкладу, былі клічкі, аднак паспрабавалі б любога з нас тады гукнуць па клічцы — не абазваўся б ні адзін, нават вухам не павёў бы.
—Дзень добры, таварыш Казлоў,— усё яшчэ не пазбавіўшыся мімавольнай разгубленасці, загаварыў Карнееў.— Значыць, гэта вы прыехалі на машынах? А я дачуўся ды рашыў падысці паглядзець, што за людзі, адкуль яны... Такі час цяпер, што не ведаеш, каго і чакаць у вёску: не паспелі нашы выехаць з аднаго канца вуліцы, немцы ўехалі з другога. Немцы паехалі, зноў аднекуль нашы прыехалі. А можа і не нашы, хто яго тут разбярэ.
— Ну, гэта наш,— паказаў я на Мачульскага.— Можаш пры ім не хавацца.
Мы адышлі ў больў прытульнае месца.
— Зброю маеце?— спытаў я. Карнееў заклапочана пакруціў галавой:
— Маем, ды не тое, што трэба: дубальтоўкі, бярданкі...
— Дык трэба шукаць, здабываць.
— Шукаем,— энергічна падхапіў Карнееў.— Вунь учора нават каля самага Слуцка пабывалі. Нядаўна мы тут падбіты грузавік падабралі на дарозе. Пахадзілі каля яго, адрамантавалі, цяпер ездзім куды трэба. Аглядзелі майстэрні пад Урэччам, тое-сёе прывезлі... Дванаццаць вінтовак, некаторыя часткі да кулямёта. Думаем тут, у сваёй кузні, што можна будзе рамантаваць, адчышчаць. Якраз і спецыялісты ў нас ёсць.
— А машыну трэба было здаць нашым,— параіў я,— на фронце яна больш спатрэбілася б.
— Хацелі здаць,— гаварыў далей Карнееў,— але ж неяк яно выходзіць так, што і тут ёй работы хапае. От ездзілі па зброю, а то нядаўна ноччу дванаццаць нашых камандзіраў з акружэння вывезлі... Напрасткі маханулі і аж пад самыя Капаткевічы. Раненых байцоў таксама вывезлі. Я казаў Плышэўскаму: давай сядзем ды і самі праскочым да сваіх. Хоць мы не страявыя абодва, але, можа, возьмуць там... Хто яго ведае, дзе цяпер наша сапраўднае і болбш патрэбнае месца.
— Тут,— цвёрда сказаў я.— Заставайцеся, і будзем дзейнічаць разам. Цяпер нельга траціць ніводнай хвіліны, арганізоўвайце людзей на барацьбу з ворагам.
Мы правялі гутарку з актывам і неўзабаве рушылі далей, каб прабіцца ў саўгас «Жалы». Гэта было параўнальна зручнае месца для больш доўгай астаноўкі, а галоўнае — тут была наша часовая яўка.
Вось і «Жалы». Яшчэ зусім нядаўна я быў тут. Хадзіў па палях, гутарыў з рабочымі. Людзі радаваліся сваім поспехам, і мне радасна было глядзець і на іх і на ўсё навакольнае. Хто мог падумаць тады, што праз якія-небудзь два тыдні я зноў прыеду сюды, але ўжо зусім пры іншых абставінах.
Цяпер у саўгасе неяк усё раптам змянілася. На палях стаяла высокае каласістае жыта, але ўжо нікога не радавала яно. Апусцелыя будынкі страцілі сваю прыгажосць, здаваліся непатрэбнымі. Куды ні глянь — усюды змрочна, панура, проста нібы і сонца тут перастала свяціць.
Усё гэта наганяла на душу смутак, асабліва калі падумаеш, што і ў другіх месцах так: і ў Старобіне, і ва ўсіх тых вёсках ля Чырвонага Возера, адкуль я нядаўна выязджаў з такім добрым настроем і новымі планамі на будучае.
Аднак пры сустрэчы з людзьмі на душы адразу адлягало. Мацнела ўпэўненасць, што наш народ не сагнецца, што ён не змірыцца са становішчам паднявольніка і ўпартай барацьбой верне сваё шчасце.
Пад вечар мясцовая разведка данесла, што з Яменска на «Жалы» ідзе варожая танкавая часць.
Давялося пакуль што загнаць машыны ў балота, а самім падацца ў бліжэйшы зараснік.
3 гэтага часу і пачынаецца наша партызанскае жыццё.

 VI

Немцы нахлынулі ў саўгас «Жалы». Да самага цямна прыйшлося нам заставацца ў балотных зарасніках, і толькі ноччу выйшлі на астравок, мокрыя, змораныя. Хоць і цёплая была ноч, але ў мокрай вопратцы ўсё ж нязручна. Раскласці агеньчык было б вельмі добра, але ж пад бокам гітлераўцы: іншы раз з ветрыкам даносіўся да нас іх рэзкі, абрывіста-брахлівы гоман.
Мы выбралі зацішнае месца, нанасілі туды сена, сухога лісця, моху, уткнулі ў зямлю некалькі ламачын, прыкрылі зверху веццем, і атрымаўся даволі ўтульны будан. Мачульскі як залез туды, дык аж соладка пазяхнуў ад прыемнасці: і суха, і цёпла, і пахне хораша, як некалі на сенажаці.
А ноч выдалася такая, што нават шкада было хутка расставацца з ёю. Так і сядзеў бы да ўсходу сонца, так і захапляўся б гэтымі чароўнымі, крыху таямнічымі начнымі шорахамі і гукамі. Тое, што ўдзень не кранае чалавечага вуха, гіне ў жыццевым шуме, уночы набывае выразнасць і бярэ ўладу над зыбучай, насцярожанай цішынёй. У такі час, здаецца, кожная галінка напружана чакае якога-небудзь, хоць зусім малазначнага, гуку, каб у той жа момант падхапіць яго, у шмат разоў узмацніць і пусціць нясмелым, прыглушаным рэхам па ўсім лесе. Нездарма ж звычайны начны стрэл у лесе гучыць гарматным выбухам і разносіцца на многія кіламетры павокал.
Я прызначыў вартавых. У першую змену пайшлі Бондар, Войцік і Сцяпанава. Аляксандру Ігнацьеўну мы хацелі вызваліць ад такой службы, аднак яна рашуча запратэставала і заявіла, што ніякіх палёгак не прыме.
Ахова надзейная, можна адпачыць. Я прылёг на сухое бярозавае вецце ў будане і, мусіць, у тую ж хвіліну заснуў.
Не прайшло і гадзіны, як мяне разбудзіў Войцік.
— Што здарылася?
— Нейкі чалавек! Невядомы!
Войцік паказаў рукою ў цемру і зноў пабег на сваё месца. 3-за дрэў паказаўся Аляксей Георгіевіч, а побач з ім незнаёмы чалавек у міліцэйскай форме. Нясмелы бляск месяца падаў на твар незнаёмага. Вопратка ў яго была чыстая, дасціпна падагнаная, боты новыя. Нейкі момант я глядзеў на гэтага падцягнутага чалавека і не мог зразумець, хто ён такі. Аляксей Георгіевіч хацеў нешта сказаць, аднак незнаёмец апярэдзіў яго: жвава, з вывертам далоні казырнуў, ступіў крок яшчэ бліжэй да мяне і адрапартаваў:
— Начальнік Любанскай райміліцыі Ермаковіч, а цяпер — камандзір партызанскага атрада.
Мы прывіталіся. Я запрасіў Ермаковіча прысесці на купіне ля нашага будана, а Бондар зноў пайшоў на пост. 3 Ермаковічам мы прагутарылі амаль да досвітку. Змяніўшыся з паста, Бондар расказаў нам, як у гэтую ноч «узяў у палон» начальніка Любанскай міліцыі. Даведаўшыся, што ў саўгасе «Жалы» паказваліся нейкія незнаёмыя людзі, Ермаковіч рашыў ноччу высачыць нас. Калі гэта сапраўды абласныя работнікі, як сцвярджалі многія, то пазнаёміцца з намі, устанавіць сувязь, а калі шпіёны, дыверсанты, акружыць і знішчыць. 3 сабой ён узяў чалавек дзесяць, узброеных вінтоўкамі і пісталетамі.
Разведаўшы нашае месца «дыслакацыі», яны нячутна акружылі нас, і тады Ермаковіч з двума байцамі пайшоў проста на будан. Тут яны і наткнуліся на наш пост.
— Хто ідзе?— пагражаюча рашучым, аднак ціхім голасам спытаў Бондар.
Ермаковіч мусіць, не чакаў, што тут будуць пасты, і, адскочыўшы ўбок, падаў сваім каманду лажыцца. Бондар і Войцік таксама заляглі.
— Вы хто такія?— пачуўся прыглушаны ад хвалявання голас.
— А вы хто такія?— спытаў Бондар.
— Я начальнік Любанскай райміліцыі, загадваю...
— Прозвішча?— перабіў яго Бондар.
— Загадваю кінуць зброю...
— Прозвішча?! — ужо тонам загаду паўтарыў Аляксей Георгіевіч.
— Ермаковіч,—пачулася з-за карча,—а вы хто? Бондар весела адказаў:
— Я пракурор Мінскай вобласці Бондар. Здавайцеся, таварыш Ермаковіч.
— Мы вас чакаем.
Гэтая сустрэча на глухім балотным астраўку прынесла вялікую карысць. Ермаковіч дапамог нам адразу ж увайсці ў курс справы, расказаў пра многія вельмі важныя акалічнасці. Ад яго першага мы даведаліся, што камуністы Любанскага раёна сумленна выканалі ўказанне ЦК і Мінскага абкома партыі і дзейнічаюць у тыле ворага. Ермаковіч сказаў, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца старшыня райвыканкома Андрэй Сцяпанавіч Луфераў, начальнік міжраённага аддзялення МДБ Яўстрат Дзянісавіч Гарбачоў і іншыя.
Прыемна было ведаць, што ў раёне ўжо ёсць надзейная партызанская група.
Нават адно гэта можна было лічыць значным крокам да мэты, аднак хутка высветлілася, што Ермаковіч тут не адзін. У раёне Пасталоў знаходзіцца слуцкая група пад камандаваннем работніка раённага аддзялення МДБ Пашуна. Больш тыдня таму назад у Любанскі раён прыйшла група партыйных і савецкіх работнікаў, накіраваная Цэнтральным Камітэтам КП(б)Б. Іх было 16 чалавек. Узначальваў групу Аляксандр Іванавіч Далідовіч. Сам ён тутэйшы і добра ведаў мясцовасць.
Пазней, калі мы сустрэліся з Аляксандрам Іванавічам, я даведаўся пра гісторыю групы, а цяпер у гутарцы з Ермаковічам хацелася як мага лепш пазнаёміцца з Любанскім раёнам, атрымаць весткі пра мясцовых людзей.
* * *
Маленькі балотны астравок, на якім мы збіраліся толькі пераначаваць, стаў нашым часовым лагерам. Ён нядрэнна прытуліў нас удзень, а ў наступную ноч быў сведкай даволі значных падзей. У гэную ноч да нас пачалі збірацца людзі. Ермаковіч па нашаму даручэнню паведаміў усім камуністам партызанскіх груп, як і паасобным камуністам вёсак і райцэнтра, што падпольны абком выклікае іх на нараду.
Звечара навіслі над балотам хмары, і стала цёмна, хоць вока выкалі. Немцы пайшлі з саўгаса, нам ужо можна было раскласці маленькі аганёк. Людзі, трапіўшы на астравок, па аганьку лёгка бралі напрамак на наш будан. Крокаў за сотню ад месца сходкі іх сустракалі вартавыя, правяралі пароль і суправаджалі да нас. Гэтую частку справы забяспечыў нам Ермаковіч, які з'явіўся на востраў амаль што з усёй сваёй групай.
Першым падышоў к аганьку дырэктар саўгаса «Жалы» Аляксандр Калганаў, вельмі неспакойны і крыху нават мітуслівы чалавек, аднак з пэўнымі задаткамі арганізатара і добрага гаспадара. Ён яшчэ ўдзень наведваўся да нас, хоць гэта было занадта рызыкоўным. Яму хацелася далажыць абкому, што ўсё найбольш важнае і каштоўнае ў саўгасе выратавана. Што паспелі,— накіравалі ў тыл, а некалькі сот галоў жывёлы пад надзейным наглядам знаходзіцца на балотных астравах, схавана таксама ўсё збожжа. Большасць рабочых саўгаса эвакуіравана, а тыя, што засталіся, гатовы хоць сёння ісці ў партызаны. Цяпер Калганаў размясціўся ля будана гэтак жа вольна і незалежна, як у сваім садзе, і чакаў астатніх. Прывыкшы лічыць астравок амаль што прысядзібнай плошчай саўгаса, ён, мусіць, забыўся, што цяпер гэта толькі часовае месца яўкі, і ўсё падкідаў і падкідаў у агонь сухія ламінкі. Відно было, што часамі ён адчуваў сябе тут нібыта звычайным начным канапасам, а не ўдзельнікам канспіратыўнай нарады.
У густой цемры з правага боку ад нас пачуліся крокі і прыцішаны голас. Ермаковіч устаў, нячутна нырнуў у цемень і, хутка вярнуўшыся, сказаў:
— Свае.
У круг святла, значна пашыраны стараннямі Калганава, адзін за адным увайшлі пяць чалавек. Усе яны былі ў звычайнай цывільнай ды ўжо добра паношанай вопратцы. Аднак усё, што на іх было, ад галаўнога ўбору і да абутку, выглядала старанна падагнаным і па мажлівасці падладжаным пад вайсковую паходную форму. Новыя ўмовы жыцця штурхалі да гэтага. Вайсковая форма таму і каштоўная, што яна найбольш зручная на вайне.
— А-а, ты ўжо тут?— звярнуўся адзін з прыйшоўшых да Калганава, які палежваў ля самага агню і таму лепш быў відзён, чым мы.— Але ж табе тут рукой падаць, на сваёй, можна сказаць, сядзібе.
Потым, заўважыўшы нас, ён падышоў бліжэй, прывітаўся з усімі за руку і паведаміў:
—Камандзір групы, прысланай ЦК КП(б)Б у Любанскі раён, Далідовіч.— I пасля гэтага пазнаёміў з астатнімі:— Баравік Аляксандр Аляксандравіч,— сказаў ён, паказваючы на бялявага, круглатварага мужчыну сярэдняга росту. I калі той ступіў крок да нас, назваў астатніх: — Лагун Міхаіл Маркавіч, Буглак Міхаіл Іосіфавіч, Траскуноў Міхаіл Аляксеевіч.
Я запрасіў іх прысесці на доўгае, збуцвелае бервяно. Мы паступова абжываліся на сваім астраўку. Удзень паправілі, падмацавалі будан, Брагін з Мачульскім знайшлі недзе і прывалаклі сюды вось гэтае бервяно, Калганаў надзяліў нас добрым салдацкім кацялком і сім-тым з прадуктаў.
Далідовіч сеў побач са мною. Жаўтаваты бляск ад агню пераменна мільгаў на халявах яго добрых юхтавых ботаў, а іншы раз, калі Калганаву ўдавалася падкінуць у агонь жменю сухіх шыпулек, бляск падскокваў да пояса і пачынаў пералівацца ў шырокім блішчастым рамні. Паступова мы разгаварыліся, хоць па ўсім відаць было, што Далідовіч — чалавек не вельмі гаваркі.
Ён расказаў нам, што многія камуністы Крывіцкага раёна, Маладзечанскай вобласці, па заданню ЦК КП(б)Б былі пакінуты ў тыле ворага для падпольнай работы і партызанскай барацьбы, а потым частка з іх была накіравана ў Любанскі раён. Членам групы, у тым ліку і Далідовічу, былі добра знаёмы лясныя і балотныя прасторы Любаншчыны: адны нарадзіліся тут і раслі, другія — раней працавалі ў гэтым раёне.
3 першага дня група знайшла вялікую падтрымку ў мясцовых людзей. Да яе далучыліся: дырэктар саўгаса Калганаў, старшыня калгаса Міхась Сыцько, інструктар райкома Іван Сыцько і іншыя. Пазней у групу Далідовіча ўліліся і загальскія партызаны на чале з Карнеевым і Плышэўскім.
З'явіўся Пашун у суправаджэнні двух байцоў. Мне здалося незвычайным, што гэты, па сутнасці, вайсковы чалавек быў апрануты не па-вайсковаму: чорная паўсуконная гімнасцёрка, звычайныя клёшныя штаны, цесна зацягнутыя ў боты з высокімі халявамі. Прысадзісты, трошкі сутулаваты, ён нагадваў звычайнага паляўнічага. Тут мімаволі напрашваўся адзін вывад: цывільны чалавек, узяўшыся за зброю, імкнецца ва ўсім быць падобным на вайсковага, а вайскавік у падполлі не супраць аддаць перавагу ўсяму цывільнаму.
Праўда, у Пашуне няцяжка было пазнаць вайсковага чалавека, калі больш пільна прыгледзецца да яго. Падышоўшы да агню, ён спыніўся крокі за тры ад нас, выцягнуўся і казырнуў па ўсіх правілах, як звычайна казыраюць кадравікі. Пояс і кабура ляжалі на ім так лоўка, што аж прыемна было глядзець.
Прывітаўшыся з Бондарам, Ермаковічам і са мною, ён астатнім лёгка і ветліва пакланіўся. Па ўсім было відаць, што ён вельмі здаволены сваім цяперашнім становішчам і не хавае свайго пачуцця гонару і некаторай выключнасці.
—Я доўга не думаў,— расказваў Пашун Бондару пра сваю партызанскую дзейнасць.— Сказалі мне застацца ў тыле ворага,— застаўся і вось камандую, а сказалі б пайсці на фронт,— калі ласка, казырнуў бы — і шагам марш. У Слуцкім раёне мала хто застаўся. Райком партыі да апошніх дзён быў на месцы, а цяпер невядома дзе ён. Сцяпанава, кажуць, была тут недзе, толькі я, прызнацца, не веру гэтаму. Думаю, што яна ўжо далёка.
— Сцяпанава ў распараджэнні ЦК,— адказаў Бондар і, ледзь прыкметна ўсміхнуўшыся, паглядзеў на нас.
— А я думаю, што яна паехала ў тыл,— запярэчыў Пашун і, ляпнуўшы рукою сябе па калене, дадаў:— Я нават упэўнен, што паехала. I след прастыў...
У гэты час Аляксандра Ігнацьеўна выйшла на святло з бярэмем сухога ламачча.
— Ну што гэта вы, навошта гэта?..— замітусіўся ля агню Калганаў.— Я і сам прынёс бы. Але ж тут ёсць дровы, бадай-што, на ўсю нараду хопіць.
Пашун здзіўлена раскрыў вочы:
— Гэта вы?
А Сцяпанава, нібы не заўважыўшы новага чалавека, гаспадарлівым тонам адказала Калганаву:
— Яшчэ ноч наперадзе, спатрэбяцца дровы. Яно і добра, што я адышлася, таварыш Пашун за гэты час хоць нагаварыўся ў ахвоту.
—Я не ведаў, што вы тут,— вінавата сказаў Пашун і збянтэжана паглядзеў на Бондара, а потым на нас.
— Чаго не ведаюць, пра тое не гавораць,— стрымана заўважыла Сцяпанава. I на гэтым драматычны эцюд скончыўся, толькі Калганаў, зразумеўшы, у чым тут справа, яшчэ доўга іранічна паглядаў на збянтэжанага Пашуна.
Неўзабаве мы пачалі нараду. Напомніўшы яшчэ раз пра выступленне Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, я азнаёміў прысутных з дырэктывамі ЦК КП(б)Б і Мінскага абкома аб разгортванні партызанскага руху ў Беларусі.
Затым мы вызначылі радыус дзеяння для кожнай групы і паставілі перад камандаваннем канкрэтныя баявыя задачы.
Назаўтра гітлераўцы зноў наляцелі ў саўгас «Жалы». Заставацца доўгі час пад носам у ворага цяпер ужо не было патрэбы, і мы вырашылі перабрацца ў другое месца, бліжэй да саўгаса «Сосны». Тут, у вялікім, з трох бакоў забалочаным лесе адбылося ў нас першае пашыранае пасяджэнне бюро падпольнага абкома партыі. Апрача камандзіраў атрадаў і кіраўнікоў падпольных груп на пасяджэнні прысутнічалі Луфераў і Гарбачоў.
Падпольны абком вырашыў склікаць усіх камуністаў Любанскага раёна. Вызначылі месца сходу, дамовіліся наконт пароля, і ў той жа дзень усе разышліся па вёсках.
* * *
Дваццаць першага ліпеня 1941 года на невялічкай лясной палянцы, непадалёку ад саўгаса «Сосны», пачалі збірацца камуністы. Нашы сувязныя сустракалі іх ва ўмоўленым месцы, кіламетраў за чатыры ад палянкі. Кожны камуніст ведаў пароль. Усё гэта вельмі нагадвала гістарычныя маёўкі. Гісторыя рэвалюцыйнай барацьбы нашай партыі ўжо з першага дня прасвятляла нам дарогу, дапамагала знайсці правільныя формы барацьбы ў любых умовах.
Не зусім зручна праводзіць сходы пад адкрытым небам, аднак другога выйсця ў нас не было. Ад усякіх лесніковых хат і іншых лясных закуткаў мы вырашылі адмовіцца. Па-першае, таму, што амаль усе яны вядомы навакольным людзям, а па-другое — мы чакалі не пяць чалавек і не дзесяць, а значна больш.
Пасярэдзіне палянкі стаяў пачарнелы дубовы пень. Каля яго Варвашэня ўбіў у зямлю чатыры калы, знайшоў недзе кавалак дошкі і паклаў наверх. Выйшлі столік і крэсла для сакратара. Луфераў, як член бюро Любанскага райкома партыі і выконваючы абавязкі сакратара, намагаў, каб абавязкова вёўся пратакол сходу. Меркавалася, што людзі будуць размяшчацца паўкругам каля гэтага стала. Хваёвы лес гулкі. У ціхую пагоду скажы слова — ляціць за паўкіламетра. Трэба было гаварыць ціха і каб усе чулі.
Пашун прымчаўся на сход усхваляваны, вясёлы, нібы ў той дзень былі яго імяніны. 3 ім прыйшло чалавек пяць партызан, якія павінны былі несці ахову нашай палянкі. Яны таксама выглядалі арламі, бадзёра ўсміхаліся, відаць было, што ім вельмі хацелася расказаць людзям аб нейкай вельмі важнай навіне. Апрача пісталетаў у кожнага з іх былі нямецкія аўтаматы.
Сустрэўшыся вачыма са Сцяпанавай, Пашун кіўнуў галавой і незалежна павёў плячом. «Мы ўжо дзейнічаем,— гаварыў увесь выраз яго твару, а што там выйдзе ў вас, жанчын, яшчэ невядома».
Людзі, бясспрэчна, заслугоўвалі пахвалы. Вось што расказаў Пашун.
Учора пад вечар, вяртаючыся з баявога задання, група Пашуна заўважыла атрад варожых аўтаматчыкаў, які ішоў з саўгаса імя БВА ў напрамку Любані. Доўга не думаючы, партызаны прынялі баявы парадак, заляглі і ўдарылі. Гэта было вельмі смела і рызыкоўна. Фашысты рассыпаліся, не прыняўшы бою, пяцёра з іх былі забіты. Партызаны забралі зброю і адышлі.
Луфераў радаваўся як ніколі. Ён паціскаў Пашуну рукі, трос за плечы партызан, заглядваў кожнаму ў вочы, распытваў аб дэталях бою.
— I гэта вашы трафеі?—пытаў ён, паказваючы на аўтаматы.— Добра, добра... Ты ўжо, таварыш Пашун, і мне што-небудзь гэтакае, скарастрэльнае, дастань, а то я са сваёй пяцізараднай сістэмай загіну дзе-небудзь задарма.
I, звярнуўшыся да мяне, ён сказаў:
— Выходзіць, што не толькі Ціхану Бумажкону ды Паўлоўскаму гэта пад сілу. От і ў нас ёсць адважныя людзі, вось яны!
Па любанскіх вёсках ужо даўно ішла слава пра адважных партызанскіх кіраўнікоў Бумажкова і Паўлоўскага. Пасля смелых баёў з нямецкімі танкамі яны напалі на варожае пяхотнае падраздзяленне, калі яно было на прывале ля рэчкі. Сярод белага дня партызаны падкраліся да гітлераўцаў. Група пад камандаваннем Паўлоўскага зайшла з левага фланга, а Бумажкоў з астатнімі партызанамі — з правага. Залёгшы ў зарасніках і ў агародах хутара Зарэчча, яны выбралі зручны момант і кінуліся на ворага проста ўрукапашную. Кінуліся тады, калі акупанты, у той час яшчэ не напалоханыя партызанамі, спакойна разлягліся на зялёным беразе, а большасць з іх распранулася і пачала купацца. Гэты налёт вельмі нагадваў славутыя налёты легендарных герояў грамадзянскай вайны. Ашалелыя ад страху, раздзетыя эсэсаўцы кінуліся наўцёкі хто куды. Амаль усё варожае падраздзяленне было знішчана. Уцякло зусім мала, але і тым не ўдалося выратавацца: без вопраткі далёка не пабяжыш. Жыхары навакольных вёсак зрабілі аблаву на «голых антыхрыстаў». Узброіўшыся сякерамі, віламі, а то і проста добрымі дручкамі, яны абшукалі свае агароды, пуні, сушні, а таксама ўзбярэжныя зараснікі і ўсю гэтую пачвару пералавілі.
Чуткі пра подзвігі акцябрскіх партызан разышліся не толькі па Палессю, а і па многіх раёнах Беларусі. I Луфераву было крыху зайздросна. Яго суседзі Бумажкоў і Паўлоўскі да вайны іншы раз адставалі ад любанцаў у розных гаспадарчых справах, а цяпер яны такой славай прагрымелі. Хацелася, каб і ў Любані былі героі.
Пашун сапраўды парадаваў старшыню, а калі на палянцы з'явіўся Ермаковіч, Луфераў быў зусім здаволены. Цяпер ён ужо не лічыў свой раён адстаючым і мог бы смела паглядзець Бумажкову і Паўлоўскаму ў вочы. Ермаковіч далажыў, што мінулай ноччу ён са сваёй групай зрабіў засаду на бальшаку паміж Любанню і Бабруйскам. Вынікі добрыя: разгромлен нямецкі абоз, сем гітлераўцау забіта, узята многа боепрыпасаў, прадуктаў, вопраткі і два вазы вінтовак.
Гэта ўсіх нас падбадзёрыла. Выходзіла нешта падобнае на добрыя даваенныя часы: людзі збіраліся на раённы партыйны сход з канкрэтнымі паказчыкамі свае работы.
У канцы палянкі, пад маладым разгалістым алешнікам, размясціліся кругам дзесяць чалавек. Сярод іх прыкметна вызначаўся адзін стары з ладнай белай барадой і амаль такімі ж белымі валасамі на галаве. Гэта Андрэй Труцікаў, старшыня калгаса ў вёсцы Азярное. Ён напружана жмурыць вочы, углядаецца ў нейкую рэч. Людзі разглядваюць крыху паржавелы ручны кулямёт. Яго трымае ў руках, дулам угору, шыракаплечы, дзябёлы чалавек гадоў пад сорак. Ен весела пакручвае крыху велікаватай па яго росту галавой, моцна пасаджанай на жылістай шыі. Валасы на галаве чорныя, неслухмяныя, адна пасма звісла на лоб. Гэта Рыгор Плышэўскі, старшыня загальскага калгаса.
Плышэўскі з'явіўся на сход са сваім кулямётам. Гэта, вядома, не магло не выклікаць цікавасці. Дастаць вінтоўку ў той час было нялёгкай справай, а тут у чалавека зусім спраўны ручны кулямёт Дзегцярова. Можна падумаць, што гэта была шчаслівая знаходка, аднак зусім не тое на справе.
Вось Плышэўскі і расказвае цяпер, як ён раздабыў сабе кулямёт. Кожнае яго слова суправаджаецца дабрадушным пахвальным смяшком.
— 3 самага рачнога дна гэтая трубачка паднята,— пагладжваючы шырокай шурпатай далонню рулю, гаворыць Плышэўскі,— ляжаць бы ёй там і ржавець увесь свой век, каб не нашы хлапчукі. Найшлі лавіць ракаў ды вось падчапілі.
— А гэта адкуль? — пытаецца Труцікаў, паказнаючы на рамку.
Плышэўскі апускае далонь ніжэй.
— Гэта?— павярнуўшы галаву на голас, перахватвае ён.— Гэтую няхітрую рэч знайшоў наш каваль і, як чалавек сквапны на кожны кавалак жалеза, прынёс у сваю кузню.
— А затвор?
—Затвор,— працягвае свае тлумачэнні старшыня— знайшоў я аж пад Слуцкам. Нядаўна мы ездзілі туды. Цяпер спытаеце пра ложа? Ну, тут справа прасцейшая. 3 дрэвам лягчэй, як з жалезам. Усю драўляную прапорцыю ўставілі самі... Толькі вось не афарбавалі яшчэ, лаку не знайшлі, а то была б не горш за фабрычную. Нават маслёнку ўкруцілі, бачыце?— I Плышэўскі пакратаў пачарнелымі пальцамі вінтавую шапачку маслёнкі.
— Невялікая штука, праўда?— не без гонару пытаўся старшыня, падкідваючы кулямёт на руках.— А работы многа. Любую складаную малатарню лягчэй адрамантаваць, чым гэтую машынку. Не надта ведалі, што тут да чаго. Многіх частак зусім не хапала. Дзён пяць бразгаліся ў кузні, пакуль далі ўсяму рады, прывялі да належнага парадку. Затое зброя выйшла хоць куды, як з завода.
— 3 калгаснага завода,— адзначыў нехта з гурту.
—3 загальскага,—пачуўся вясёлы голас Ермаковіча, які таксама падышоў сюды.— Дай мне, Рыгор, гэтую тваю вынаходку, дай я паспрабую, як яна пакажа сябе, калі пусціць яе ў работу. Можа, толькі дарэмная гаворка, а машынка страляць не захоча.
Ермаковіч узяў кулямёт, дакладным рухам прафесіянала адцягнуў пружыну, націснуў на спуск, потым зноў адцягнуў яе і, перавярнуўшы кулямёт руляй к сабе, паглядзеў у канал ствала.
— Бадай-што не адкажа! — ухвальна зазначыў ён.— Можна паставіць на ўзбраенне. А тут на ложы варта было вам і напісаць: «Загальская фабрыка-кузня». I марку варта было ўдакладніць: пісаць не ДП, а ДПП, каб відно было, што тут не толькі Дзегцяроў, а і таварыш Плышэўскі прыклаў сваё майстэрства.
Паступова ўсё больш і больш падыходзілі людзі. Палянка наша ўвідавочкі весялела, прымала абжыты выгляд. Гадзіны ў тры па паўдні Луфераў, акінуўшы доўгім позіркам усіх прысутных, рашуча сказаў: «Пара, больш наўрад ці хто прыйдзе».
Яму, як выконваючаму абавязкі сакратара райкома, мы і даручылі адкрыць сход. Андрэй Сцяпанавіч патрабавальна пастукаў алоўкам па імправізаваным стале. На палянцы адразу запанавала цішыня. Тыя, хто сядзеў далекавата, падышлі бліжэй, усе размясціліся паўкругам на траве.
Луфераў кашлянуў, прыціскаючы к губам кулак, пераступіў з нагі на нагу і пачаў гаварыць:
— Ніхто не думаў, не гадаў, таварышы, што нам давядзецца праводзіць свой раённы партыйны сход вось на гэтай глухой палянцы. Раней, мусіць, сюды ніводзін наш паляўнічы не трапляў... Ну што ж, суровы час настаў, суровыя ўмовы... Аднак і ў гэтых умовах, і нават яшчэ ў сто разоў цяжэйшых, мы не павінны гнуцца, вешаць, як гаворыцца, насы.
Тут у нас прысутнічае падпольны абком партыі, усё абласное партыйнае кіраўніцтва; сабралася, вось бачыце, некалькі дзесяткаў камуністаў. Я думаю, што ў кожным раёне збярэцца не менш. Значыць, мы жывём, таварышы, нягледзячы ні на якія варожыя зверствы, і мы будзем жыць, дарагія таварышы, не толькі жыць, а і змагацца да апошняй кроплі крыві.
Луфераў зноў кашлянуў, на момант аб нечым задумаўся, а потым цвёрда і з націскам прамовіў:
— А цяпер, таварышы, перш чым адкрыць наш сход, прашу ўсіх паказаць свае партыйныя білеты.
I людзі заварушыліся, пачалі распорваць падкладкі, выварочваць шапкі, іншыя нават разуваліся, каб дастаць партбілет з абутку. Над галовамі, пабліскваючы на сонцы, пачалі ўзнімацца чырвоныя кніжачкі. I ўсё быццам бы пасвятлела на палянцы.
Андрэй Сцяпанавіч, стоячы за сталом, доўга не спускаў уважлівага і крышачку ўрачыстага позірку з жывой чырвонай квецені над галовамі людзей, якая ўтварылася ад паднятых угару партыйных білетаў. Ен доўга глядзеў, а людзі доўга не апускалі рукі.
— Аляксандр,— раптам звярнуўся Луфераў да аднаго з прысутных, і голас яго адразу пагрубеў. Чалавек паспешна ўстаў.
— Сядай,— не хаваючы свайго нездавальнення, —сказаў Луфераў. — За табою другіх не відаць. Ты чаму не паказваеш нам свайго партыйнага білета? Што, згубіў ці, можа, аддаў на сховань? Кажы праўду.
Чалавек разгублена міргаў павекамі, чырванеў, мяўся, аднак нейкі час маўчаў, мусіць, не асмельваючыся сказаць праўду і баючыся схлусіць. Ён з павагай паглядваў на партыйныя білеты сваіх суседзяў і што далей, то ўсё больш і больш пачынаў непакоіцца і хвалявацца.
— Не, таварыш Луфераў,— сказаў ён нарэшце,— я не згубіў свайго партыйнага білета, а закапаў у зямлю.
— Ага! — Луфераў кіўнуў у яго бок галавою.— Пачакай трошкі, зараз разбяромся, тут яшчэ адна справа ў мяне.— I ён звярнуўся да маладой цёмнавалосай дзяўчыны, якая сядзела з правага боку ад стала і таксама трымала ў руцэ білет.
— Таварыш Конанава, а ты калі паспела ўступіць у партыю?
— Гэта ў мяне камсамольскі білет,— звонка і ўсхвалявана адказала дзяўчына.— Я прашу дазволіць мне прысутнічаць на гэтым сходзе.
Луфераў звярнуўся да сходу:
— Як, таварышы, дазволім?
— Вядома, дазволім,— пачуліся галасы.
— Добра, Конанава, заставайся. Прашу, таварышы, зноў схаваць свае партыйныя білеты. Наконт членскіх узносаў будзе асобае ўказанне падпольным арганізацыям. А з табою, Аляксандр, мы хочам пагаварыць сур'ёзна. Дзе твой партыйны дакумент? Хто ведае, закапаў ты яго ці проста знішчыў? Як ты мог рашыцца ісці на гэты партыйны сход без дакумента?
Луфераў прыкметна хваляваўся. Яму крыудна было за тое, што чалавек, якога ён даўно ведаў, якога сам рэкамендаваў у партыю, прыйшоў на сход без партыйнага білета. Што ж цяпер можна падумаць пра такога чалавека? Тут маглі быць і палахлівасць, і разгубленасць, і, можа, нават іншыя якія намеры.
Той, каго Луфераў назваў Аляксандрам, мусіць, добра адчуваў гэта, таму не стараўся адвесці сваю віну, а толькі прасіў на гэты раз дараваць яму яго памылку і дазволіць прысутнічаць на сходзе.
— Сход прасі, а не мяне! — павышаным тонам сказаў Луфераў.— Калі павераць людзі, што ты не згубіў свайго дакумента, не аддаў яго ў рукі ворага, дык, магчыма, і дазволяць табе тут быць.
— Немцы ў вёску нахлынулі, боязна было, каб часам не абшукалі, злавіўшы.— Аляксандр няўпэўнена перавёў позірк з Луферава на прысутных, прабег вачыма па тварах знаёмых камуністаў. Колькі разоў даводзілася яму сустракацца з гэтымі людзьмі на раённых нарадах і сходах. Усяляк было на рабоце. Бывалі выпадкі, што крытыкавалі яго жорстка, без аглядкі на заслугі, прабіралі ў райкоме, райвыканкоме, аднак таго, каб не давяралі яму, яшчэ ніколі не было. Цяпер жа ён заўважыў у вачах некаторых сваіх суседзяў ледзь прыкметны знак сумнення і падазронасці. Яму цяжка было перанесці гэта, хвіліну таму назад ён нават не ўяўляў, што дапусціў такую сур'ёзную памылку. А тут яшчэ голас Луферава:
—Ты што ж, думаеш, што калі закапаеш свой білет, дык немцы не даведаюцца, што ты камуніст, пагладзяць цябе па галоўцы, прыгалубяць?
Аляксандр хутка ўстаў. Твар яго расчырванеўся, вочы блішчалі ад слёз.
— Таварышы! — сказаў ён, ледзь стрымліваючы балючае, трапяткое хваляванне.— Таварышы, дайце мне дзве гадзіны, усяго толькі дзве гадзіны, і я прынясу свой партыйны білет.
— Не паспееш за дзве гадзіны,— заўважыў Луфераў.
— Паспею, я тут у калгасе каня вазьму... Выбралі прэзідыум. Сакратар сходу ўзяўся весці пратакол па ўсіх правілах. Мы абмеркавалі на гатым сходзе найбольш важныя пытанні партыйнай работыты ў сувязі з выступленнем сакратара ЦК НКП(б) таварыша Сталіна па радыё трэцяга ліпеня Н)41 года. Неабходна было перш за ўсё дапамагчы партарганізацыям перайсці на новыя, яшчэ амаль нязведаныя метады работы ва ўмовах суровага падполля. Мала хто з любанскіх камуністаў быў знаёмы з такімі метадамі. Людзі пераважна маладыя. Праўда, некаторыя ўступілі ў партыю пасля грамадзянскай вайны, але болыпасць — значна пазней. Адкуль ім ведаць, што такое партыйнае падполле на практыцы, ды яшчэ ў такіх незвычайных, жорсткіх умовах. Тэорыю ведаў кожны, а калі давялося ўзяцца за справу практычна, адчувалася няўпэўненасць, хістанне, былі выпадкі, што асобныя людзі заварочвалі не ў той бок, рабілі многа памылак.
Затым неабходна было арыентаваць партыйную арганізацыю на разгортванне масавага партызанскага руху. Мы не маглі абмяжоўвацца асобнымі групамі. Трэба было, каб партызанскі рух набываў усенародны характар неадкладна.
I ўрэшце ахова сацыялістычнай уласнасці. Справа з калгасным дабром была вельмі складаная і сур'ёзная. Пабыўшы ў вёсках, мы пераканаліся, што многія калгасы не паспелі вывезці матэрыяльных каштоўнасцей і выгнаць жывёлу. Дзе-нідзе засталіся фермы, поўныя свірны збожжа, машыны, інвентар. Да таго ж надыходзіла жніво. Ураджай быў добры, буйныя каласы кланяліся людзям, прасіліся ў гумны. А людзі не заўсёды ведалі, што рабіць, як уладкавацца з хлебам. I часта стараліся рабіць па-старому, як прызвычаіліся ў калгасе: жалі, вязалі жыта ў снапы, складвалі ў сцірты.
Было ясна, што вораг не праміне пакарыстацца гатовым дабром. Ён ужо і карыстаўся. Нямецкія салдаты заязджалі на фермы і забіралі свіней, кароў, падганялі к свірнам машыны і дачыста выграбалі збожжа.
Трэба было зараз жа знайсці правільнае і дзейснае рашэнне, супрацьпаставіць грабежніцкай палітыцы акупантаў свае рашучыя меры: надзейна схаваць калгасную маёмасць і збожжа, а чаго нельга схаваць, раздаць калгаснікам; хлеб убраць, абмалаціць —і таксама схаваць. Што не ўдасца ўбраць, спаліць на корані, не ўдасца абмалаціць, спаліць у сціртах. Ніводнага кілаграма не павінна застацца ворагу.
Аб усім гэтым я сказаў у сваім дакладзе. Любанскія камуністы абмеркавалі кожнае пытанне, глыбока ўсё абдумалі. Іх прапановы былі дзейснымі і канкрэтнымі. Усе, відаць, разумелі, што рашэнне сходу стане праграмай дзеяння не толькі для аднаго Любанскага раёна.
Былі вылучаны адказныя за правядзенне намечаных мерапрыемстваў. На іх была ўскладзена задача арганізацыі на месцах падпольных партыйных груп. Камуністу Адаму Майстрэнку і ніжынскай настаўніцы Фені Конанавай сход даручыў арганізацыю ў раёне камсамольскіх падпольных груп. Выбралі падпольны райком партыі, у які ўвайшлі: Луфераў, Ермаковіч, Гарбачоў, Далідовіч, Траскуноў і іншыя. Бюро абласнога падпольнага камітэта КП(б)Б зацвердзіла абраны склад бюро раённага падпольнага камітэта.
Тут жа мы ўсе пакляліся, што ў цяжкіх умовах падполля не заплямім высокага звання членаў партыі. Усе ўсталі, ціха, упаўголаса праспявалі «Інтэрнацыянал».
Да змяркання асноўныя пытанні былі вырашаны. Ужо людзі збіраліся разыходзіцца, як з альховага гушчару выйшаў Аляксандр. Ён так задыхаўся, што аж не мог вымавіць слова. Расшпіліўшы крысо летняга пінжака, ён выняў з-за падкладкі свой партыйны білет.
— Вось мой дакумент! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён.
Услед за ўсімі неўзабаве разышліся і мы. Варвашэня і Брагін засталіся на Любаншчыне, Сцяпанава пайшла ў свой раён на Случчыну, а мы ўчатырох — Бондар, Мачульскі, Бельскі і я — накіраваліся ў Старобінскі, Чырвонаслабодскі, Капыльскі і Грэскі раёны. Перад усімі намі стаяла задача — неадкладна наладзіць сувязь з падпольнымі групамі і асобнымі камуністамі вобласці, згуртаваць іх, узначаліць патрыятычны рух мас, накіраваць яго на разгортванне ўсенароднай партызанскай барацьбы.

VII

У Старобінскім раёне, згодна з рашэннем бюро абкома, заставаліся на месцы некаторыя члены бюро райкома, частка раённых і сельскіх работнікаў-камуністаў. Яшчэ на абласной нарадзе ў Мінску было дамоўлена, што адна з нашых падпольных явак на Старобіншчыне будзе ў вёсцы Доўгае, што старшыня Доўгаўскага сельсавета Гаўрыла Сцешыц, камуніст Антон Дрызгаловіч, старшыня скаўшынскага калгаса Зміцер Хаміцэвіч і яшчэ некалькі калгаснікаў застануцца ў падполлі. У вёсцы Доўгае Сцешыц павінен быў падрыхтаваць дзве-тры сакрэтныя базы для падпольнага абкома.
Да Скаўшына мы падышлі ноччу. Немцаў у вёсцы не было. Адзін з вартавых, якія сустрэлі нас ля крайняй хаты, пазнаў мяне і, падышоўшы блізка, непрыкметна для другіх прывітаўся.
— Я Крывальцэвіч,— ціха сказаў ён,— Якавам завуць.
— А Гардзей Крывальцэвіч і Зміцер тут?— спытаў я.
— Тут,— паспешліва адказаў Якаў. Неўзабаве высветлілася, што ў Змітра Хаміцэвіча таксама ўжо ёсць партызанская група. Спачатку апрача самога Хаміцэвіча ў ёй былі мясцовыя калгаснікі Яновіч Аляксандр і Чарняк Іван, а потым да групы далучыліся другія, і яна вырасла да 22 чалавек.
Пры сустрэчы з намі Хаміцэвіч з пэўным гонарам, але ж і з ноткамі нездаволенасці ў голасе расказаў пра свой першы бой з акупантамі, што адбыўся ў пачатку ліпеня. Разведка данесла, што з Ананчыц на Даманавічы ідзе нейкая фашысцкая часць. Хаміцэвіч сабраў партызан і аддаў загад сустрэць ворага агнём. К гэтаму часу ў групе быў ужо ручны кулямёт, чатырнаццаць вінтовак, пяць аўтаматаў, пісталеты. Байцы раздзяліліся на тры часткі і заляглі пры дарозе, недалёка ад разбуранага моста. Паабапал дарогі быў густы зараснік, месцамі балота. Сунуцца ў гэты лес адразу немцы не адважыліся і выслалі наперад разведку. Разведчыкаў было нямнога, іх варта было прапусціць і ўдарыць па асноўнай сіле, але Хаміцэвіч, яшчэ не прызвычаены да баёў у такіх умовах, не рашыўся на гэта. Партызаны адкрылі агонь па разведчыках і двух адразу ж забілі. Пакуль тут вялася перастрэлка, нямецкая часць разгарнулася, пачаўся няроўны бой,— гітлераўцы пусцілі ў ход мінамёты. Маленькі атрад, вядома, не мог выстаяць супраць такой сілы,— давялося яму адысці ў глыб лесу. Акупанты амаль увесь той дзень абстрэльвалі з мінамётаў зараснікі і ўсё не асмельваліся падыходзіць к Даманавічам. Яны, відаць, былі ўпэўнены, што тут дзейнічае рэгулярная часць Чырвонай Арміі.
Параіўшыся з мясцовымі камуністамі, мы часова спыніліся ў вёсцы Скаўшын, таму што тут менш было дарог і немцы наязджалі не так часта. Трэба было неадкладна ўстанавіць непасрэдную сувязь з падпольным цэнтрам раёна. На Старобіншчыне павінны былі застацца старшыня райвыканкома Васіль Меркуль, рэдактар раённай газеты Іван Жаўноў, сакратар райкома камсамола Малкін, упаўнаважаны камітэта нарыхтовак Мікіта Бандаравец і рад іншых мясцовых работнікаў.
Мы паслалі на сувязь з імі Якава Крывальцэвіча. Ён вярнуўся на другі дзень і перадаў мне невялікі пакецік, старанна загорнуты ў тканіну.
— Ад Гаўрылы,— сказаў ён коратка і здаволена ўсміхнуўся.
— 3 вёскі Доўгае?— спытаў я.
— Так.
Гэта была сапраўды радасная з'ява. Гаўрыла Сцешыц быў вядомы тут і як партызан грамадзянскай вайны. Зразумела, што яго вопыт мог прынесці нам вялікую карысць.
У запісцы, якая была ўкладзена ў пакецік, Гаўрыла паведамляў, што група раённых работнікаў знаходзіцца цяпер паблізу вёскі Чырвоны Бераг, былы Гнойны Рак, што ў бліжэйшыя дні ён асабіста наладзіць сустрэчу падпольнага абкома са старобінцамі. У пакеціку таксама былі і лістоўкі. Мы разгарнулі іх і здзівіліся: зусім свежыя лістоўкі, яшчэ нават фарбай пахла ад іх.
А Хаміцэвіч чамусьці зусім не здзівіўся. Ён паклаў лістоўкі сабе за пазуху і ўдзячна сказаў:
— От добра, гэта ўжо чацвёртая. Аддам сваім хлопцам, яны ўраз расклеяць...
I ў сувязі з гэтай лістоўкай Хаміцэвіч расказаў пра некалькі фактаў з работы членаў бюро Старобінскага райкома партыі ў самыя першыя дні вайны.
Незадоўга да акупацыі райцэнтра старобінцы пачалі рыхтавацца да падпольнай работы. Жаўноў быў накіраваны ў Слуцк, каб дастаць там тэксты апошніх паведамленняў з Масквы. Гітлераўцы страшэнна бамбілі горад, амаль усе вуліцы былі ахоплены пажарам, аднак Жаўноў усё ж здолеў звязацца з мясцовай рэдакцыяй.
Вярнуўшыся дадому, Жаўноў выклікаў наборшчыц Вольгу Мялешка і Жэню Верабей.
— Ідзіце ў друкарню,— сказаў ён ім,— будзем прадаўжаць работу.
Дзяўчаты на момант разгубіліся:
— Немцы зусім блізка.
—Нічога,—заспакоіў іх Жаўноў.—Вокны ад вуліцы заб'ём дошкамі, пакінем толькі адно застаўное акенца ад ракі. Працаваць будзем па начах.
I дзяўчаты пайшлі набіраць. Хутка была надрукавана лістоўка са зваротам партыі і Урада да ўсіх савецкіх людзей, а потым Жаўноў, Меркуль і Бандаравец разаслалі яе па сельсаветах.
Усе першыя дні акупацыі старобінскія падпольшчыкі знаходзіліся ў сваім жа гарадскім пасёлку, збіралі зброю, боепрыпасы і адну за другой выпускалі лістоўкі. Трэцяга ліпеня яны прынялі па радыё прамову Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і ў той жа дзень выпусцілі яе вялікім тыражом. Лістоўка з гэтай прамовай была разаслана ва ўсе сельсаветы і калгасы раёна.
У першай дэкадзе ліпеня, калі заставацца на месцы стало ўжо немагчыма, старобінскія падпольшчыкі разбурылі друкарню, а ўвесь шрыфт, рулоны паперы і запасную друкарскую машыну вывезлі ў лес.
У Скаўшыне мы прабылі нядоўга. Гітлераўцы пасля сутычкі з групай Хаміцэвіча пачалі старанна высочваць партызан і неўзабаве напалі на наш след. Аднойчы позняй ноччу прыбег да нас Якаў Крывальцэвіч і паведаміў:
—У Даманавічы наехала многа немцаў, яны збіраюцца акружыць Скаўшын.
Трэба было неадкладна здымацца. Пры дапамозе тутэйшых калгаснікаў мы вызначылі новую яўку і рашылі прабірацца ў вёску Драчава. Паслалі разведку, і аказалася, што ўсе выхады з Скаўшына ўжо блакіраваны. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што Іосіф Аляксандравіч Бельскі ў гэты час захварэў і не мог ісці. Мясцовыя патрыёты дапамаглі яму надзейна схавацца, а мы выйшлі агародамі за вёску.
Праз некалькі дзён Якаў Крывальцэвіч прыехаў у Драчава з Бельскім, а неўзабаве пасля гэтага прыйшоў да нас сувязны ад Меркуля і Жаўнова.
Вёска Чырвоны Бераг знаходзілася кіламетраў за пяць ад Драчавы. Месца зручнае для прыпынку: навокал лес, балоты, вялікіх дарог блізка няма. Тут мы і сустрэліся са старобінскай групай. Апрача Меркуля, Жаўнова, Бандараўца ў вёсцы былі яшчэ некаторыя раённыя работнікі: Мурашка, Шырын, Хініч, Садоўскі, Хоміч, старшыні калгасаў Бародзіч, Дрызгаловіч. Група трымала цесную сувязь з мясцовымі камуністамі і актывам. Тут ішло чыста франтавое, напоўненае баявымі справамі жыццё. Кожны дзень старобінскія партызаны выходзілі на заданне: падрывалі масты, псавалі дарогі, палілі нямецкія склады. Яшчэ калі не было ў іх ні толу, ні мін, ні клінняў для крушэння цягнікоў, яны ўжо скінулі пад адхон буйны варожы эшалон. Як гэта ямы зрабілі? Паслалі групу партызан у Жыткавіцкі раён. Паслалі з ламамі, лапамі, чыгуначнымі ключамі, і тыя проста паразварочвалі рэйкі. Яшчэ пе маючы неабходнай зброі, яны разам з групай Гаўрылы Сцешыца абстралялі з засад матарызаваную фашысцкую групу, на некалькі дзён затрымалі яе. Гэта была вялікая заслуга старобінцаў.
Васіль Меркуль па прыродзе маўклівы чалавек, але часта ўспамінаў пра гэта і расказваў з ахвотай і гонарам.
Акупанты павінны былі ісці са Старобіна ў напрамку райцэнтраў Леніна — Жыткавічы — Петрыкаў і далей на Мазыр. Першым даведаўся пра гэта Гаўрыла Сцешыц праз сваіх сувязных у Старобіне. Даведаўся і паведаміў Меркулю. Калі праверылі факты, то дадаткова высветлілася, што варожая воінская часць накіроўваецца на адзін з важнейшых участкаў фронту.
Меркуль аддаў загад выступіць. Пастроіліся партызаны — камандзір абышоў строй: мала байцоў, вельмі мала. Там цэлая часць, а тут якіх два дзесяткі чалавек.
I ўсё ж вырашылі абстраляць акупантаў, выкарыстаць для гэтага групу партызан Сцешыца і Хаміцэвіча, мабілізаваць усе рэзервы. Не ўдасца нанесці страты ворагу, дык хоць затрымаць фашыстаў.
Выйшлі на дарогу каля вёскі Доўгае і прадумана, з улікам усіх акалічнасцей, расставілі засады. Уперадзе фашысцкай часці рухаўся атрад матацыклістаў. Крайняя засада прапусціла яго на пэўную адлегласць і адкрыла агонь. Гітлераўцы рынуліся наперад, а там іх сустрэла другая засада. Некалькі матацыклістаў было забіта, астатнія пакідалі машыны і рассыпаліся па кустах.
Для расчысткі дарогі немцы выслалі роту аўтаматчыкаў. Завязаўся бой. Варожая разведка вымушана была залегчы і выклікаць падмацаванне. Бой цягнуўся доўга, а пад канец дня нямецкае камандаванне выслала яшчэ адну роту з заданнем акружыць партызан і ўзяць жывымі.
Нічога з гэтага не выйшла. Заняўшы зручныя пазіцыі, народныя мсціўцы прадаўжалі абстрэльваць ворага і знясільваць яго. Настала ноч. Гітлераўскія штабісты думалі, што вельмі буйныя сілы дзейнічаюць супраць іх, і раніцай выслалі полк для прачоскі лесу. Прачосвалі яны ўвесь наступны дзень, але ж партызаны былі ўжо ў другім месцы. Калі фашысты асмеліліся нарэшце рушыць наперад, партызанскія кулі зноў пасыпаліся на іх. Пад Даманавічамі гітлераўцаў яшчэ раз «пачаставалі», пад Чырвоным Возерам — яшчэ.
Такім чынам, буйная аператыўная часць нямецкага цэнтральнага фронту ішла па старобінскіх дарогах каля тыдня.
Былі ўжо ў старобінскіх партызан і такія баявыя эпізоды, пра якія з вялікім захапленнем і пашанай гаварылася ў народзе.
Нешта падобнае выпала на долю Мікалаю Шатнаму, аднаму з радавых партызан атрада Меркуля. Атрымаўшы дазвол ісці на заданне, ён узяў з сабою яшчэ двух хлопцаў і накіраваўся на шлях у засаду. Што яму хацелася зрабіць? Шатнаму не давала спакою ідэя захапіць нямецкую легкавую машыну, тым больш што па спецыяльнасці ён быў аўтамеханік.
Справа нялёгкая. Падарваць аўтамабіль, падбіць — прасцей, але ж на пашкоджанай машыне не паедзеш. Важна было раздабыць машыну на хаду, ды не абы-якую, а камфартабельную, лепшай маркі.
Выцягнулі хлопцы папярочную плашку з аднаго невялічкага мосціка і паблізу ў кустах заляглі. Можа, з паўдня ляжалі, пакуль дачакаліся зручнага ныпадку. Нарэшце доўгачаканая машына падышла. Лакіраваная, вёрх фарсіста апушчаны, блішчастыя палоскі паабапал кузава. Шатны як глянуў, дык аж накалаціўся ад нецярплівасці.
Шафёр уз'ехаў на мост і, убачыўшы шырокую шчыліну, спыніўся. Вылез з-за руля і тут жа ўпаў, збіты снайперскай куляй Шатнага. Астатнія гітлераўцы, адзін з іх афіцэр, нават не паспелі схапіцца за зброю.
Паехаць бы цяпер у лагер,— трафеі былі на рэдкасць добрыя, але нястрымная натура Шатнага не магла гэтым задаволіцца. У яго адразу ж узнікла ідэя праехаць на трафейнай машыне па нямецка-паліцэйскіх гарнізонах, паглядзець, што там цяпер робіцца, якія збіраюцца сілы? Адвёўшы машыну ў лес, ён хутка ўсцягнуў на сябе камбінезон забітага шафёра, а сваім сябрам загадаў — аднаму пераапрануцца ў форму нямецкага обера, а другому — быць перакладчыкам. Што б «пан афіцэр» або нават шафёр ні сказалі, усё перакладчык павінен дакладна перадаць паліцаям. I не запінацца, а гаварыць гладка і трымаць грозны тон.
Пабывалі ў Даманавічах, у Доўгім, у Махнавічах. Паліцэйскія ў струнку выцягваюцца, чэсць аддаюць. Рашылі паехаць у мястэчка Пагост. Там быў вялікі паліцэйскі гарнізон. Вартавыя прапусцілі іх. Праехаў Шатны па адной вуліцы, па другой, і раптам у яго ўзнікла новая ідэя: захапіць пагосцкага бургамістра з усімі яго паперамі. Такое заданне ад Меркуля было ўжо даўно. Але ажыццявіць яго да гэтага часу не было магчымасці.
Дагнаўшы на вуліцы аднаго паліцая, «афіцэр» загадаў яму паказаць, дзе жыве пан бургамістр. Паліцэйскі ўгодліва сеў у машыну і прывёў партызан к самаму дому свайго начальства. Бургамістра не было ў хаце, але той жа паліцэйскі хутка знайшоў яго.
У парозе бургамістр зняў шапку, спачатку нізка пакланіўся, паказаўшы «гасцям» потную лысіну, а потым брава выпраміўся.
«Афіцэр» буркнуў нешта незразумелае, замахаў рукамі, а перакладчык закрычаў на ўсю хату:
— Дзе бадзяешся ў службовы час, гарбаты дурань?! Хіба не ведаў, што пан гарадскі камендант меў гонар прыехаць сёння.
— Не ведаў, паны, не ведаў! — дрыготкім голасам апраўдваўся бургамістр.
— Збірайся, паедзеш з намі! — было загадана яму.— Бяры з сабою ўсе дакументы!
Шатны меў намер прывезці бургамістра і здаць свайму камандаванню, але, заехаўшы ў лес, не вытрымаў, спыніў машыну і пачаў сам дапытваць фашысцкага прыслужніка.
— Давай сюды паперкі! — загадаў Шатны ўжо без перакладчыка.
Бургамістр скурчыўся, пабялеў. Прагледзеў Шатны адну паперку, другую і адклаў іх убок. Потым дастаў з папкі прадаўгаваты ліст, і на твары яго з'явіліся суровыя рысы.
— Чыя работа?— грозна спытаў Шатны.
—Гэта мне прыслалі,— стараўся апраўдацца бургамістр,— паднявольны я чалавек.
— Брэшаш! — крыкнуў Шатны.— Сам ты вынюхваў, высочваў... Хочаш выслужыцца перад Гітлерам.
У руках грознага «нямецкага шафёра» быў спіс старобінскіх падпольшчыкаў. Бургамістр склаў яго для вялікай угоды свайму начальству, а выйшла зусім іншае. Спіс трапіў у рукі партызан, і вось Шатны цяпер чытае яго. Што далей чытае, то ўсё больш і больш сціскаюцца ад абурэння яго вусны, хмурнее твар. У лісце зверху быў запісаны Меркуль, потым Жаўноў, Бандаравец, Бародзіч, Шырын і іншыя.
— Глядзі,— звяртаецца Шатны да свайго «афіцэра» і паказвае яму спіс— Птушачкі стаяць насупраць кожнага прозвішча, а ў дужках — чорныя крыжы.
— А вось і ты,— заўважае «афіцэр», глянуўшы ў канец спіса.
Шатны шпарка пераварочвае ліст: сапраўды тут запісана яго прозвішча і насупраць — крыж.
— Што гэта азначае?! — крычыць Шатны і падпосіць паперку пад блізарукія вочы бургамістра.
Той апантана круціць галавой:
— Не ведаю, нічога не ведаю...
—Ага, не ведаеш,— яшчэ больш абураецца ІІІатны і выштурхоўвае бургамістра з машыны,— дык вось я табе растлумачу...
Пазней Меркуль дакараў Шатнага і хацеў нават сурова пакараць за самавольства. Ніхто не дазваляў Шатнаму ўчыняць расправу над бургамістрам, хоць той і заслугоўваў гэтага.
— Не вытрымаў, таварыш камандзір,— шчыра прызнаўся Шатны.— Як убачыў чорны крыж насупраць свайго прозвішча, закіпела ў грудзях. Не вытрымаў...
На другі дзень пасля сустрэчы са старобінскай групай у Чырвоным Беразе адбылося пасяджэнне бюро абкома. Перш-наперш было абмеркавана пытанне аб сувязі з другімі раёнамі. У нас былі падпольшчыкі ў Чырвонаслабодскім, Капыльскім, Грэскім раёнах, у Бабруйску, Слуцку, Барысаве. Вялікая група камуністаў была пакінута ў Мінску. Для сувязі з імі прызначылі ўпаўнаважаных абкома. Для непасрэднага кіраўніцтва партызанскай барацьбой на Старобіншчыне было зацверджана бюро раённага камітэта КП(б)Б. У яго ўвайшлі Меркуль, Жаўноў, Дрызгаловіч, Шырын і Бандаравец.
На гэтым пасяджэнні ўзнікла адно нечаканае пытанне. Калі зайшла гаворка аб палітыка-выхаваўчай рабоце сярод насельніцтва, адзін са старобінскіх камуністаў кінуў рэпліку:
— Трэба гітлераўцаў біць, а не хадзіць па вёсках.
Некаторыя яго падтрымалі. Яны імкнуліся давесці, што цяпер быццам бы не да сходаў, што трэба канцэнтраваць увагу на адным, галоўным,— на баявых аперацыях.
Яўная недаацэнка палітыка-выхаваўчай работы сярод насельніцтва ў першыя дні акупацыі таіла ў сабе вялікую небяспеку. Бюро абкома рашуча асудзіла такія настроі. Таварышы не разумелі, што цяпер, як ніколі, патрэбна было людзям праўдзівае бальшавіцкае слова. Былі намечаны мерапрыемствы па масавым выпуску лістовак, распаўсюджванню надрукаванай прамовы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. У сельсаветы і калгасы былі накіраваны ўпаўнаважаныя райкома. На іх ускладалася задача растлумачваць усюды рашэнні ЦК КП(б)Б і Мінскага абкома аб разгортванні партызанскага руху.
Кожны партызан павінен быць нястомным агітатарам — такі прынцып быў узяты абкомам з першых дзён падполля.
Толькі мы сабраліся разыходзіцца, як у хату ўвайшоў сувязны з Даманавіч, ад Хаміцэвіча. Ён прынёс нам цяжкую вестку: учора эсэсаўцы расстралялі Якава Крывальцэвіча. Нічым не пажывіўшыся ў часе налёту на вёску Скаўшын, фашысты рынуліся на Осава, на Даманавічы. Хаміцэвічу з групай удалося праслізнуць, а Якаў трапіў у рукі акупантаў.
Фашысцкая нечысць радавалася. У вышэйшы штаб было паслана крыклівае паведамленне, што разгромлены буйны цэнтр бальшавіцкага падполля, што на працягу аднаго-двух дзён усе падпольшчыкі на Палессі будуць вылаўлены і знішчаны. Саманадзейнаму ворагу, які прывык на Захадзе да лёгкіх перамог, і ў галаву не магло прыйсці, што на савецкай зямлі будзе зусім інакш. Немцы думалі, піто калі ў руках адзін партызан, то будуць тут і ўсе. Свая кашуля бліжэй да цела: паабяцай чалавеку жыццё — ён усё скажа.
Спадзеючыся, што так зробіць і Якаў Крывальцэвіч, у штабе яму прапанавалі цыгарэту і ліст паперы.
— Пішы,— сказалі яму,— старайся прыпомніць усіх.
I афіцэр з перакладчыкам выйшлі, у пакоі застаўся толькі вартавы.
Праз нейкі час афіцэр вярнуўся. Цыгарэта ляжала перад Якавам на тым жа месцы, на лісце паперы не было ніводнай літары. «Рус непісьменны»,— вырашыў афіцэр і загадаў перакладчыку запісаць усё, што арыштаваны скажа.
Перакладчык сеў насупраць і ўставіўся ў Крывальцэвіча змяінымі вачыма.
—Што, толькі крыжыкі ставіць умееш? — кпліва запытаўся ён.— Пералічвай, я сам запішу.
— Запішы сабе на скуры,— спакойна адказау Крывальцэвіч, — што мы не тыя, за каго вы нас лічыце.
Афіцэр глянуў на перакладчыка, той крыва ўсміхнуўся і працадзіў:
— Герой у лапцях! Тут гэта ў модзе.
—Скажы «герою»,— абыякава кінуў фашыст, —што мы не любім марудзіць. Калі яму цяжка ўспомпіць тое, што нам трэба, дык можам дапамагчы.
Ен пастукаў пальцам па кабуры, ступіў крок да акна, а калі перакладчык павярнуўся, каб зноў упіцца вачыма ў Крывальцэвіча, раптам крыкнуў фашысцкаму паслугачу:
— Слухай, морда!
— Слухаю, пан,—угодліва залямантаваў перакладчык і адразу ж неяк згорбіўся і заміргаў вачыма
Афіцэр сказаў:
— Не спяшайся,—і зноў глянуў на кабуру — Скажы, што нямецкія ўлады не застануцца ў даўгу за добрыя паслугі. Рус можа атрымаць грошы, можа атрымаць кавалак зямлі, які ў яго бальшавікі, напэўна, адабралі.
Перакладчык стараўся быць арыгінальным.
— Зямля ў цябе была? — спытаў ён у Крывальцэвіча.
Якаў маўчаў, у вачах яго свяцілася нянавісць і згада.
— Вядома, была,— заспяшаўся перакладчык — І колькі, мусіць, малавата. Ну, пры новай уладзе ты можаш атрымаць больш... Тэ-эк... — Перакладчык адставіў ніжнюю губу, ашчэрыў зубы. — I лічы, што дарам, так сабе, за малаважную дробязь...
— Сабака! — са злосцю сказаў Крывальцэвіч.— Вылюдак! I як цябе зямля носіць, паганца?!
У той дзень дапытвалі Крывальцэвіча некалькі разоў. Спачатку стараліся перахітрыць яго, падкупіць, потым пагражалі смерцю, катавалі. Штабу трэба было здымацца —забралі Якава з сабою. Па дарозе білі кіямі, ставілі да дрэва, потым зноў спрабавалі ўлагодзіць яго, вырваць прызнанне ашуканствам.
— Адкуль ён родам?— запытаўся раптам афіцэр у перакладчыка.
— Як адкуль?— не зразумеў пытання перакладчык.
— Дзе яго дом, сям'я, жонка?
— Са Скаўшына,— адказаў перакладчык.
— Добра, мы яго прымусім гаварыць.
У Скаўшыне гітлераўцы запоўнілі двор Крывальцэвіча. Быў намер захапіць бацькоў, жонку, дзяцей і катаваць іх да таго часу, пакуль арыштаваны не загаворыць. Але хата была пустая, як і многія іншыя: скаўшынцы пасля налёту акупантаў падаліся ў лес.
Тады фашысты вырашылі прымусіць Крывальцэвіча прызнацца, дэманструючы перад ім сваю лютасць. Яны ўжылі своеасаблівую псіхалагічную атаку, шукалі ў чалавека слабых мясцін. Яны спачатку знішчылі ўсё, што было ў Крывальцэвіча: пабілі мэблю, пасуду, забралі вопратку, збожжа. Потым пачалі паліць будынкі. Спачатку запалілі гумно, потым хлеў, праз некаторы час хату. Крывальцэвіча трымалі на вуліцы наўмысля для таго, каб ён усё гэта бачыў.
Нішто не пахіснула мужнага савецкага чалавека. Загінуў ён, не сказаўшы фашыстам ні слова аб партызанах. Па сутнасці, ён выратаваў першыя зародкі падполля на Старобіншчыне.
Самаадданы, глыбока патрыятычны ўчынак Якава Крывальцэвіча, беспартыйнага чалавека, радавога калгасніка, невыказна ўразіў нас, усхваляваў сваёй веліччу, высакародствам. Да болю ў душы шкада было, што ён загінуў, што не паспеў як мае быць паказаць свае сілы і свае здольнасці.
Але ж гэта яшчэ раз сцвярджала, што сілы нашы пепераможныя, што такі народ, як наш, ніколі не скарыцца ворагу. Якая захапляючая сіла, якая мужнасць! Першыя дні вайны... Яшчэ не сабраны сілы ў тыле ворага, яшчэ ў некаторых месцах туляецца па кутках паніка, няўпэўненасць, а чалавек ужо без хістання выступіў супраць вялізнай узброенай зграі, ён смела заглянуў у вочы смерці і не здрыгануўся, не пахаладзеў ад страху. I ён, бясспрэчна, перамог, хоць і аддаў за перамогу сваё жыццё.
Смерць Крывальцэвіча была цяжкай стратай і вельмі сур'ёзным папярэджаннем. Пасля гэтага выпадку нам стала ясна, што адразу ж трэба ўносіць некаторыя змены ў нашу тактыку. У першыя дні падполля мы не дамагаліся таго, каб кожная наша партызанская група пераходзіла на баявое становішча і базіравалася ў лесе: некаторым быў сэнс не адрывацца ад сваёй вёскі, абрастаць рэзервам, супрацьстаяць з'яўленню паліцэйскіх гарнізонаў. У гэтым было нямала дадатнага, аднак, як паказала практыка, адмоўнае пераважала. Жывучы дома, не на лагерным становішчы, партызаны маглі часам не ўлічваць неабходнасці суровай канспірацыі, баявой дысцыпліны, часта трапляць у пасткі.
На бюро было вынесена рашэнне перавесці старобінскія групы на лагерна-баявое становішча, як належыць узброіць іх і падначаліць адзінаму кіраўніцтву — бюро падпольнага райкома партыі. Быў узяты курс на тое, каб з першых крокаў партызанскія групы станавіліся партызанскімі атрадамі, прывучаліся ажыццяўляць шырокія баявыя аперацыі, манеўраваць, аказваць супраціўленне. А будуць у партызанаў поспехі ў барацьбе з ворагам, будзе ім і падтрымка народа. Людзі дома не падвядуць і ў лес дарожку знойдуць.

VIII

К канцу жніўня падпольны абком КП(б)Б накіраваўся ў найбольш зручнае для нашай работы месца — на Чырвонае Возера. Славіцца на Беларусі гэты цудоўны куток прыроды. Сярод лугоў і лясоў, разнастайных зараснікаў разліўся велізарны, вокам не акінуць, чысты плёс. Раскошныя ясені, бярозы і вербы растуць на яго больш высокіх берагах і нахіляюцца сваім голлем аж да самай вады.
Многа легенд ходзіць на Палессі пра гэтае возера. Адна з іх гаворыць, што даўно-даўно, нават не за памяццю нашых прадзедаў, жыў каля возера стары рыбак Андрэй з дачкой Надзейкай. I такая красуня Надзейка была, што ў аколіцы падобнай не знойдзеш. Ад сватоў адбою не было: за сотні вёрст ехалі. Толькі ад Надзейкі ўсім адмова. Злюбілася яна з панскім сакольнічым Іванам.
А на возеры, на востраве, стаяў тады замак князя, дубовы астрог навокал. I быў той Іван самым спрытным сакольнічым у князя. Вось і стаў прасіць Іван князя, каб дазволіў яму жаніцца з Надзейкай.
— Добра,— кажа князь.— Толькі хачу я наперад паглядзець сам, з кім ты жэнішся. Спадабаецца нявеста, я табе дапамагу вяселле справіць.
Неяк, едучы з палявання, заехаў князь з Іванам паглядзець на яго суджаную. Як зірнуў князь на красуню-дзяўчыну, сэрца ў яго самога зайшлося. I задумаў ён чорную думу.
— Ну што ж,— кажа,— любімы мой сакольнічы, спраўляй вяселле. Я табе буду пасаджоным бацькам.
Наладзілі баль, сабраліся госці. Павянчалі Івана з Надзейкай. Сядзяць яны на покуце, як пара галубкоў белых. Тады ўстае пасаджоны бацька іх — князь, як чорная хмара над возерам.
— Гэй вы, слугі мае верныя! Не было яшчэ такога выпадку, каб раб мой браў перлы з майго княства, калі яны князю падабаюцца. Вазьміце вы сакольнічага, закуйце яму рукі кайданамі, а Надзейка маёй будзе.
Анямелі госці ад нечаканасці, потым па людзях гоман пайшоў: «Няправільна робіш, князю...»
Раз'ятрыўся князь. Загадаў гасцей з замка выкінуць. Ледзь яны з вострава на чаўнах перабраліся.
А над возерам хмара ўстала — чорная, чорная. Маланкі так па небе і жыгаюць. Дайшла хмара да замка, навісла над ім. Бачаць людзі — пачалі маланкі ў вежы замка біць. Загарэўся замак, як свечка на возеры. А потым пачала выспа пад замкам асядаць у возера, пакуль і зусім не схавалася...
Яшчэ не так даўно толькі адны легенды і віталі вакол гэтага возера. Людзям туды амаль што не было доступу, бо на дзесяткі кіламетраў ішлі наўкола дрыгвяныя, гнілыя балоты. Папы актыўна падтрымлівалі ўсякія таямнічыя, рэлігійныя легенды пра тутэйшыя месцы. Гэта рабілася для таго, каб больш людзей ішло ў царкву, якая была вельмі раскошна пабудавана ў вёсцы Чырвонае Возера. Духавенства паклапацілася нават аб тым, каб была пракопана канава ад гэтай царквы праз балота да возера, а там далей — да вёсак. У дні вялікіх свят людзі садзіліся ў чоўнікі-душагубкі і па канаве прыплывалі на багамолле. Гэта быў адзіны шлях, які з горам папалам злучаў палескія вёскі, падзеленыя Чырвоным Возерам, або, як раней яго называлі, Князь-возерам. Людзі празвалі гэтую канаву «ездаўнёй». У гады першых пяцігодак былую «ездаўню» калгаснікі расчысцілі і расшырылі, яна стала магістральным і меліярацыйным каналам. Ад яе пайшлі яшчэ канавы, і дзесяткі гектараў непралазнай твані былі ператвораны ва ўрадлівую зямлю. На асушанай глебе чырвонаазерскія калгасы збіралі багатыя ўраджаі збожжа, гародніны. Гэта быў самы ўраджайны куток Старобіншчыны.
Некалі, працуючы сакратаром Старобінскага райкома партыі, я часта бываў на гэтым возеры. Не думалася мне ў тыя часы, не гадалася, што вось гэтая мясціна — гордасць Палесся, стане ў сорак першым годзе на некаторы час месцам прыпынку Мінскага падпольнага абкома партыі, адным з цэнтраў баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў Палесся і Міншчыны. А пачалася вайна — здарылася іменна так, бо раён Чырвонага Возера найбольш адпавядаў умовам падпольнай работы.
За некалькі дзён да нашага прыходу на Чырвонае Возера адбылася вельмі важная падзея.
Аднойчы перад вечарам Меркуль і Бондар накіраваліся ў вёску Скаўшын. Ішлі, як і заўсёды, балотам. Раптам з лесу паказалася група ўзброеных людзей, пераважна ў цывільнай вопратцы. Было непадобна, што гэта немцы. Тыя хадзілі больш па дарогах.
На ўсякі выпадак Бондар з Меркулем рашылі прытаіцца за стогам. Недалёка ад іх чалавек зграбаў атаву. Яны паклікалі яго да сябе і папрасілі пайсці даведацца, што гэта за людзі. Чалавек, відаць, быў з непалахлівых, узяў біклажку і пайшоў у той бок, нібыта па ваду. Убачыўшы, што ён ідзе напярэймы, група спынілася, і адзін невысокі, але грузны мужчына, зацягнуты ў рамяні, выйшаў наперад і махнуў яму рукою.
— Вельмі ж ён падобен на аднаго майго знаёмага,— сказаў Меркуль,— аднак ручацца не магу, твару нельга разглядзець.
Падарожнікі доўга размаўлялі з чалавекам, потым, мусіць, выведаўшы тое, што ім трэба было, пусцілі яго, а самі падаліся ў напрамку бліжэйшага хвойніку.
Вярнуўшыся да стога, наш пасланец сказаў, што гэтыя людзі з-пад Пінска і пыталіся дарогі на Любань. У групе было каля дваццаці чалавек. Зрабіць спробу затрымаць іх — небяспечна, могуць адкрыць агонь, а выпусціць іх — таксама нельга. Прыйшлося ісці на рызыку. Бондар залёг пад стогам, а Меркуль праз хмызняк пабег людзям наперарэз.
I ўсё абышлося добра, аказалася, што гэта былі пінскія партызаны. Камандаваў імі бывалы і спрактыкаваны чалавек Васіль Захаравіч Корж. Меркуль ведаў яго, а мы з Васілём Захаравічам былі даўнішнімі знаёмымі. Сустракаліся мы яшчэ ў першыя дні калектывізацыі, нейкі час разам працавалі на Старобіншчыне. Стары камуніст, надзейны работнік, Васіль Захаравіч карыстаўся пэўным аўтарытэтам у раёне. Пазней ён быў у Іспаніі і ў шэрагах байцоў рэспубліканскай арміі змагаўся з іспанскімі фашыстамі. Перад вайной працаваў на адказнай рабоце ў Пінскім абкоме партыі.
Мы ведалі, што Корж застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Яшчэ ў той час, калі Мінскі абком партыі знаходзіўся ў Мазыры, у мяне была сустрэча з таварышам Мінчанкам і іншымі работнікамі Пінскай вобласці. Яны коратка расказалі мне пра Пінскае падполле і, у прыватнасці, аб тым, што Корж застаецца на Піншчыне ў якасці камандзіра партызанскага атрада. На адным з пасяджэнняў бюро абкома партыі я гаварыў, што нам трэба наладзіць сувязь з Коржам, таму Бондар, пачуўшы знаёмае прозвішча, адразу здагадаўся, што гэта за людзі.
Сустрэча была радасная, сяброўская. Высветлілася, што атрад ішоў з Піншчыны. Корж дачуўся, што ў раёнах Слуцка, Капыля, Чырвонай Слабады, Любані, Акцябра, Старобіна ўжо даўно дзейнічаюць партызанскія групы і атрады, што недзе ў гэтых жа месцах знаходзіцца Мінскі падпольны абком партыі. Васіль Захаравіч вырашыў часова далучыцца да мінскіх атрадаў, сумесна паваяваць, разгарнуцца як належыць, а тады зноў, калі дазволяць умовы, вярнуцца на Піншчыну.
З'яўленне Коржа на Старобіншчыне мела вялікае значэнне. У нас былі смелыя і ініцыятыўныя партызаны, былі адважныя людзі, здольныя на самыя гераічныя справы, але нам пакуль што неставала вопытнага ў партызанскай вайне камандзіра. Такім мог стаць Корж. Гэта надало б больш шырокі размах партызанскаму руху на Старобіншчыне. Цяперашнія нашы групы выкарыстоўвалі ў большасці выпадкаў тактыку засад. Гэта было правільна: у першы перыяд пры нашых умовах нічога лепшага і не прыдумаеш. Групы невялікія і пакуль што разрозненыя.
Але ж міне месяц-другі, і наспее неабходнасць у разнастайнай, шматграннай партызанскай тактыцы. Групы вырастуць у атрады, некаторыя з іх аб'яднаюцца. Спатрэбіцца каардынацыя дзеянняў пры буйных аперацыях. Вось тут і стане на сваё месца Корж і найлепш справіцца са сваёй задачай, калі бюро раённага камітэта КП(б)Б дасць яму добрых памочнікаў, умела выкарыстае спрактыкаванасць старога воіна, партызана і падпольшчыка.
Так у абкоме быў ацэнены факт прыходу Коржа на Старобіншчыну. У сваім пісьме Васілю Захаравічу я коратка намякнуў пра гэта, аднак не дамагаўся таго, каб ён адразу прыняў на сябе камандаванне старобінскімі групамі. Можа, у чалавека свае планы, свае намеры? Але потым я падумаў другое: якія тут свае планы! План адзін — граміць ворага!
Чырвонае Возера цікавіла нас і тым, што яно знаходзілася на стыку некалькіх раёнаў. Адсюль зручней было звязвацца з суседнімі раёнамі: Жыткавіцкім, Капаткевіцкім, Петрыкаўскім і Ленінскім. Праўда, яны былі не нашай вобласці, але гэта не мела значэння для партызанскай барацьбы. Нас вельмі цікавілі Мінск, Бабруйск, Асіповічы, Слуцк.
Доступ да іх быў праз Любань і Старобін. Акрамя гэтага, мелася на ўвазе яшчэ адно: нам стала вядома, што недалёка ад возера, у вёсцы Рог, знаходзіцца група раненых байцоў Чырвонай Арміі. Некаторыя з іх падлячыліся ўжо, але не могуць знайсці правільнага кірунку дзеяння.
Нам жа яны былі вельмі дарэчы. Цвёрда спадзеючыся на іх і на актыў чырвонаазерцаў, мы адмовіліся ад прапановы Меркуля паслаць з намі некалькі байцоў з атрада. Быў пэўны сэнс мець пры абкоме хоць невялікую, але сапраўды баявую, аператыўную групу. Справы нашы з кожным днём пашыраліся і ўскладняліся. Патрэбны былі людзі для сувязі з астатнімі групамі, з гарадамі, райцэнтрамі, партызанскімі атрадамі, для ўсякіх іншых даручэнняў.
Прыйшоўшы на возера, я выклікаў сюды начальніка мясцовага паштовага аддзялення камуніста Якава Бердніковіча, які мне і іншым маім таварышам быў вядомы яшчэ да вайны. Ён з'явіўся неадкладна. 3 гутаркі з ім высветлілася, што тут ёсць сама мала паўтара дзесятка чалавек, якія ўжо дзейнічаюць як партызаны, і вялікая колькасць людзей, гатовых хоць сёння ісці ў атрад. Мы даручылі Нердніковічу звязацца з імі, а самі ўзяліся за абсталяванне свайго новага жылля.
Многае змянілася на возеры з тых часоў, калі я бываў тут на меліярацыйных работах. Іншы раз сустрэнеш знаёмага чалавека і так зарадуешся, калі ён за некалькі год мала змяніўся і ты змог адразу яго пазнаць... Але тут усё было іначай. Я доўга хадзіў ля берага, выбіраючы месца для размяшчэння падпольнага абкома. Мне хацелася ўбачыць тыя мясціны, дзе я калісьці адпачываў пасля доўгіх вандровак па ўчастках меліярацыі. Амаль нічога з таго, што так яскрава захавалася ў маёй памяці, не было. Нават лес, які там-сям так прыгожа рос вакол возера, і той змяніўся. Яго раскошнае голле прыгнута пацягнулася да возера. Пры заходзе сонца цуні ад дрэў даходзілі аж да самага глыбокага месца.
Пад адным з такіх дрэў мы і аблюбавалі ўтульнае месца для нашага прыпынку. Шафёр Войцік заняўся абсталяваннем асенняга буданчыка, а мы ўчатырох пачалі абмяркоўваць план нашых далейшых дзеянняў. Настойліва вызначалася патрэба замацаваць сувязь з астатнімі раёнамі. Здзіўляла тое, што вось ужо некалькі дзён няма вестак з Любані. Туды я меркаваў паслаць Войціка, у Чырвонаслабодскі раён — Бародзіча. У Капыльскім, Грэскім, Рудзенскім і ў сумежных з намі палескіх раёнах неабходна было пабываць самім, дапамагчы мясцовым камуністам разгарнуць падпольную работу і ўзмацніць барацьбу партызан. Пра іх насельніцтва ўжо нямала чула. У Чырвонаслабодскім раёне дзейнічаў сакратар райкома партыі Жукоўскі, у Капыльскім — інструктар райкома партыі Жыжык, у Грэскім — загадчык ваеннага аддзела райкома Заяц, у Старадарожскім — Петрушэня, у Рудзенскім — Пакроўскі, Яраш, Хадаркевіч — у Барысаўскім, Манковіч — у Бягомльскім, Раманенка, Плоткін, Кузняцоў — у Чэрвеньскім, Маркаў — у Смалявіцкім, Ясіновіч — у Плешчаніцкім. Трэба было ўзняць работу партыйных і камсамольскіх арганізацый, падабраць дадатковыя кадры і стварыць усюды падпольныя райкомы. Гэта была нялёгкая задача. Асноўная частка партыйных работнікаў пайшла на фронт, некаторыя эвакуіраваліся. Трэба было знаходзіць новых людзей, выхоўваць іх, уцягваць у работу.
Мачульскі, Бондар і Бельскі з надыходам ночы накіраваліся на Чырвоную Слабаду, Капыль, Грэск, а мне належала звязацца з палескімі раёнамі. Меркавалася таксама, што Мачульскаму неабходна будзе паспрабаваць дабрацца да Мінска, пабываць у Барысаве, Плешчаніцах для пашырэння падпольнай партыйна-палітычнай работы і ўзмацнення барацьбы з акупантамі.
Назаўтра прыйшоў да мяне Бердніковіч, і мы з ім наведаліся ў вёску Рог. Мне цікава было паглядзець, што там за байцы, пра якіх многа тут гаварылі. Бердніковіч па дарозе размаляваў іх не вельмі прыгожымі фарбамі, аднак мне чамусьці не верылася, што гэта зусім бестурботныя людзі.
Вёска Рог крыху нагадвала мне Чырвоны Бераг. Такая ж яна па велічыні, па будынках. Толькі балот вакол значна менш, ды грунтовыя дарогі праходзілі не так далёка, як у раёне Чырвонага Берага. На вуліцы было бязлюдна. Адна жанчына выйшла з двара з пустым вядром, ступіла крокаў пяць нам насустрач, потым, бліснуўшы вачыма, хуценька пабегла назад. Неўзабаве выйшаў хлопец у вайсковай гімнасцёрцы, без шапкі і ўтаропіўся на нас дапытлівым позіркам.
— Што, не пазнаў?— насмешліва спытаў Бердніковіч.— Не бойся, людзі свае.
— Вас-то я пазнаў, — холадна адказаў хлопец і не крануўся з месца.
— 3 тых самых?— ціха спытаў я, калі мы крыху адышліся.
— 3 тых,— адказаў Бердніковіч.— Самы іхні аўтарытэт.
— Немцаў яшчэ не было тут?
Бердніковіч, нібы аб нечым ўспомніўшы, аглянуўся назад.
— Немцы яшчэ не завітвалі,— не хаваючы раптам узнікшай трывогі, сказаў ён,— але вось жыткавіцкія паліцэйскія ўнадзіліся, ужо некалькі разоў былі. Усё гэтых хлопцаў высочваюць. Нядаўна засціглі аднаго, яшчэ зусім хворага, з ранай у грудзях. Выцяглі з каморкі, узвалілі на воз і павезлі, мусіць, у свой участак. А тую жанчыну, што хавала хлопца, забілі да паўсмерці.
Мы зайшлі ў невялікую хатку на канцы вёскі. Сустрэла нас маладая гаспадыня, у белай хустцы, смуглявая, з бойкімі карымі вачыма. Бердніковічу яна стрымана кіўнула галавою, а на мяне паглядзела доўгім, дапытлівым позіркам.
— Свае,— сказаў Бердніковіч.— Прымай гасцей, Наталля.
Ён на правах гаспадара ці даволі ўжо блізкага ў гэтай хаце чалавека запрасіў мяне сесці, не чакаючы, пакуль гэта зробіць гаспадыня, затым прысеў ля стала сам. Наталля ўсё кідала на мяне кароткія позіркі.
— А дзе ж твая старая?— звярнуўся да яе Бердніковіч.
— А там недзе, на агародзе,— шпарка адказала Наталля,— з бульбай мы яшчэ не ўправіліся. Можа, паклікаць?
— Не, не трэба, няхай сабе выбірае. А малады твой дзе?
Жанчына ўспыхнула:
— Які малады?
— Ну той самы, з зялёнымі пятліцамі.
— Ды які ж ён мой?— раптам павысіла голас Наталля.— Які ж ён мой?
I, павярнуўшыся ўжо да мяне, з запалам гаварыла далей:
— Сцякаў чалавек крывёю, куля ўсё плячо прабіла, ну падабрала я, выхадзіла... Дык хіба ж гэта мой? Ачуняў, стаў на ногі і няхай ідзе сабе, куды трэба... Я даўню яму кажу, каб ішоў да сваіх, на фронт. I ён пойдзе, вось толькі няхай яшчэ адзін іхні таварыш ачуняе.
— Добра, добра,— супакоіў яе Бердніковіч.— Ніхто ж табе нічога дрэннага не кажа, ідзі перадай яму, каб паклікаў сюды гэтых ваенных. Скажы, што камандзір партызанскага атрада прыехаў і хоча з імі пагутарыць.
— Зараз,— сказала жанчына і хутка выскачыла з хаты.
— Баявая,—заўважыў услед ёй Бердніковіч.— Сама хоча ісці ў партызаны, ды свякруху няма на каго пакінуць. Мужык у армію пайшоў яшчэ ў трыццаць дзевятым. Яна хутка іх збярэ. Яе слухаюць, а мяне, чэрці лазатыя, мусіць, наўмысля абягаюць.
I сапраўды вайскавікі хутка з'явіліся. Яны прыйшлі ўсе разам, пад камандай таго самага юнака, як пазней высветлілася — сержанта, што сустракаўся нам на вуліцы. Сержант у поўнай ваеннай форме, туга падпяразаны салдацкім рэменем, пакінуўшы групу ў сенцах, папрасіў дазволу зайсці і далажыў, што каманда ў зборы, за выключэннем аднаго байца, які яшчэ не можа хадзіць. Пасля гэтага ён назваў сваё прозвішча — Іван Пятрэнка.
Зайшлі ўсе ў хату. Наталля хутка размясціла іх і сама прысела ля запечка.
— Ну што ж, хлопцы,— звярнуўся я да байцоў,— падлячыліся, вярнулі сілы?
—Падлячыліся, таварыш...— устаўшы, сказаў сержант і раптам запнуўся.
— Што, не ведаеш, як далей, з кім маеш справу? Для таго і сустрэліся, каб пазнаёміцца.
I тут нечакана загаварыла Наталля. Яна аж зачырванелася ад хвалявання, усхапілася з месца.
— Я ж табе казала, хто гэта, я ж табе казала... I чаму ён сумняваецца, калі людзі праўду гавораць?.. Ну і што гэта за чалавек такі ўпарты?
Наталля ступіла крок да мяне:
— Я вас пазнала, таварыш Казлоў. Як толькі ў хату зайшлі, так і пазнала, але саромелася прызнавацца. Летась была нарада ў Мінску, усіх калгасных перадавікоў выклікалі. Бачыла я вас там і чула, як выступалі.
— Ды хто ж сумняваецца,— пераступаючы з нагі на нагу, апраўдваўся сержант.— Усё ясна, і няма маго сумнявацца, я проста слова не знайшоў патрэбнага... А каб сумняваўся, дык не прывёў бы хлопцаў. Слухаем вас, таварыш камандзір.
— Зброя ў вас ёсць?— спытаў я.
— Ёсць.
— Спраўная?
— У поўным парадку,— адказаў сержант.
—Пара брацца за справу, хлопцы,— ужо тонам загаду сказаў я.— Будзеце дапамагаць нашым партызанскім атрадам. Вы, сержант, прызначаецеся і старшым групы.
— Ёсць,— казырнуў сержант, і голас яго ўздрыгнуў.— Мы ўжо даўно, таварыш камандзір, хацелі зноў узяцца за зброю, ды, сказаць вам праўду, не ведалі, куды падацца, з чаго пачынаць. Адарваліся мы…
Выў вызначаны час і месца збору. Бердніковіч накіраваўся паведаміць сваім. Ідучы назад вуліцай, я паклікаў сержанта Пятрэнку і паказаў яму фашысцкую лістоўку, якую толькі што прынесла мне Наталля. У лістоўцы было сказана, што нямецкая армія падбіраецца ўжо да самай Масквы, што праз месяц-два бальшавікі капітуліруюць і ва ўсёй Расіі будзе «найлепшы» ў свеце «новы парадак».
— Гэта бачылі?— спытаў я.
—Бачылі,— пачырванеўшы, адказаў сержант.— Мінулай ноччу нехта падкінуў.
— То ж яно і ёсць, што мінулай ноччу. Фашысцкі прыхвасцень, агент гестапа, у вас пад носам лістоўкі раскідвае, а вы тут пагульваеце... Варта б вам ведаць, што пустых месц наогул не бывае і не можа быць: калі не мы, дык вораг.
I, адвёўшы хлопца ўбок, я загадаў:
— Зараз жа пашліце сваіх хлопцаў па ўсіх суседніх вёсках, каб усюды расклеілі нашы лістоўкі.
Я даў сержанту экземпляраў пяцьдзесят лістоўкі нядаўна выпушчанай падпольным абкомам партыі. У ёй гаварылася, што нашы войскі вядуць суровую барацьбу з ворагам, адстойваючы кожную пядзю савецкай зямлі, што ў тыле немцаў разгараецца полымя партызанскай барацьбы і сотні тысяч патрыётаў Беларусі падняліся на ўсенародную бітву з ненавіснай фашысцкай навалай. Лістоўка заклікала насельніцтва не верыць фашысцкай хлусні і актыўна ўдзельнічаць ва ўсенароднай барацьбе з ворагам.
Праз некалькі дзён у наш лагер прыйшоў сувязны ад Меркуля. Гэта быў рахункавод Старобінскай МТС Сцяпан Пятровіч, чалавек, знаёмы мне яшчэ з тых часоў, калі я працаваў дырэктарам гэтай МТС. Ён з'явіўся з данясеннем штаба атрада аб праведзеных аперацыях. Пятровіч так і далажыў:
— Прыйшоў з данясеннем штаба.
— Што ж, давай сюды.
— От я зараз усё раскажу.
— А пісьмова?
—Нічога не пісалі, Васіль Іванавіч, асцерагаліся немцаў. Па раёне рыскаюць атрады эсэсаўцаў — нашы засады ўстрывожылі акупантаў. Я ўсё і так памятаю, нават самую драбніцу,— быў жа там, сваімі вачыма ўсё бачыў.
I Пятровіч пачаў расказваць. Голас яго гучаў молада і нават урачыста. Калі ён гаварыў аб поспехах партызан, вочы іскрыліся радасцю. Найбольш трапныя словы ён падмацоўваў даволі выразнымі жэстамі, і даклад выходзіў цікавым, захапляючым. Усё перажытае, мусіць, так глыбока запала яму ў душу, што ён адчуваў унутраную патрэбу падзяліцца з кім-небудзь сваімі навінамі. На загарэлым, ужо далёка не юнацкім твары Пятровіча часта з'яўлялася вясёлая ўсмешка.
— Учора мы загналі ў балота адну, даволі вялікую групу фашысцкіх коннікаў,— расказваў ён.— Было гэта паміж Сухой Міляй і Лістападавічамі. Наша разведка данесла, што карнікі едуць на Лістападавічы. Ну, вядома, чаго едуць. Дні са два таму назад яны пабывалі ў Прусах, Чапялях, Пагосце, Чаплічах, Зажэвічах. Мы ўжо ведалі пра іх зверскія павадкі. Выганялі яны там на вуліцы мужчын, ставілі іх у рад, потым выводзілі кожнага дзесятага і расстрэльвалі. Гэта за тое, што тыя людзі нібыта былі звязаны з партызанамі.
Па дарозе грэбля ў адным месцы. Паабапал грэблі зараснікі, балота, вязкае, амаль непралазнае. Яшчэ перад гэтым дождж прайшоў, дык яно зусім багнай стала, вада так і блішчыць зверху. Меркуль вырашыў замаскіраваць засады ў адным канцы грэблі і ў другім. Я быў у першай засадзе. Мы ўзялі адзін ручны кулямёт, чалавек сем аўтаматчыкаў і некалькі байцоў з вінтоўкамі. Камандзірам у нас быў Мікіта Бандаравец. У другой засадзе таксама быў адзін ручны кулямёт і штукі чатыры аўтаматы. Сем партызан былі ўзброены вінтоўкамі. Там камандаваў Фёдар Шырын, інструктар Старобінскага райкома партыі.
Сядзім, чакаем. Пад'язджае галаўная група — прапускаем мы яе. Пад'язджаюць астатнія — таксама прапускаем, даём ім магчымасць узысці на грэблю. I толькі апошняя пара коннікаў аддалілася ад нас крокаў мо на пяцьдзесят, а Шырын як ударыць з кулямёта. Аўтаматчыкі былі размешчаны далекавата адзін ад аднаго, білі метка, кароткімі чэргамі, кулямёт стукаў з балота глуха і пагрозна, гукі яго дваіліся. Стваралася ўражанне, што тут заляглі вялікія сілы. Некалькі фашыстаў адразу звалілася, перапалоханыя коні рвануліся назад, у бакі, збілі з ног тых, што ішлі ззаду. Хлынула погань назад, а тут сустрэлі іх мы. I вось пайшло: Шырын косіць з аднаго боку, а мы — з другога. Што рабілася, каб вы бачылі, Васіль Іванавіч! Збіліся яны ў кучу, дзіка крычаць, ратуючыся, падаюць на зямлю. Скачуць эсэсаўцы ў балота і там грузнуць. А мы паліваем, а мы паліваем. Меркуль загадаў — патронаў не шкадаваць, знішчыць увесь эксадрон і за кошт трафеяў папоўніцца боепрыпасамі.
Так і зрабілі. На грэблі не пакінулі ніводнага жывога ворага. Большасць, вядома, кінулася ў балота, толькі гэта не было для іх ратункам. Мы размясціліся так, што ўсе гэтыя мясціны былі ў нас пад абстрэлам. Мы знішчалі іх, як шалёных сабак.
Было прыемна слўхаць, што старобінцы прымянялі правільную тактыку партызанскай барацьбы: не акапваліся на адным месцы, не прыжываліся дзе-небудзь у глушы, а ўвесь час манеўравалі, пераходзілі з месца на месца, раптоўна з'яўляліся там, дзе іх праціўнік не чакаў, рабілі засады, налёты, а потым знікалі, каб нанесці ўдар у новым месцы.
Я даручыў Пятровічу перадаць камандаванню атрада падзяку абласнога камітэта партыі і дырэктывы на далейшую дзейнасць. Старобінцам трэба было смялей уцягваць людзей у партызанскую барацьбу, расшыраць сетку сувязных, больш засылаць сваіх людзей у старобінскі і пагосцкі нямецкія гарнізоны, як можна хутчэй наладжваць непасрэдную баявую сувязь з суседнімі раёнамі.
Ад асноўнага атрада нам патрэбен быў сувязны. Пятровіч, бадай-што, найлепш падыходзіў для гэтага. Тым больш што ў гэты час абком рыхтаваў перасылку ў ЦК КП(б)Б усіх найбольш важных захопленых дакументаў.
— Пойдзеш у атрад,— сказау я яму,— даложыш аб усім і неўзабаве вернешся зноў сюды. Скажы Меркулю, што ты застанешся пры абкоме партыі.
— Ёсць,— задаволена казырнуў Пятровіч, аднак з месца не скрануўся.
— Што, баішся ісці сярод белага дня?
— Не, не баюся,— топчучыся на месцы, сказаў Пятровіч.— Тут у мяне яшчэ адна справа ёсць. Таварыш Меркуль загадаў даставіць сюды вось гэтае... Сказаў даставіць, чаго б гэта ні каштавала, і аддаць вам асабіста. Справа ў тым, Васіль Іванавіч, што гэтую каштоўнасць прынёс для вас адзін чалавек з Чыжэвіч. Успомніце, з кім вы аднойчы сустракаліся на балоце ля Крушнікаў?
— Фёдар Вішнеўскі?
— Так, ён.
— Дык я ж у яго нічога не прасіў, мы і размаўлялі ўсяго хвіліны тры, я спяшаўся тады на сход падпольнай групы.
— Гэта нічога, што мала размаўлялі, а ён усё ж заўважыў, у чым вы маеце вялікую і неадкладную патрэбу. Вы тады былі ў лапцях, і то ў стоптаных.
I Пятровіч выцягнуў з мяшка боты, добрыя юхтавыя боты, на цвёрдай падэшве, з высокімі, як у паляўнічага, халявамі.
— Сам для вас пашыў,— гаварыў далей Пятровіч,— а потым некалькі сутак блукаў па палескіх вёсках, пакуль знайшоў, праз каго можна перадаць гэты падарунак вам. Знайшоў Меркуля.
— А сам Меркуль і цяпер у падраных ботах ходзіць?
— Не, ён ужо прыабуўся крыху і прыадзеуся. Боты яму пашылі ў Крушніках, дастаў недзе вайсковую шапку, плашч, чорныя вусікі адпусціў і цяпер нават на Чапаева крыху змахвае.
Фёдара Вішнеўскага я ведаў мала. Сустракаліся некалі. 3 кім не даводзілася сустракацца за многія гады работы ў раёне і вобласці. I вось чалавек захацеў дапамагчы мне ў цяжкую гадзіну. Я разумеў, што ён не толькі мяне мае на ўвазе. Гэтым ён хоча дапамагчы ўсім нашым партызанам, удзельнічае чалавек у барацьбе як можа. Я даручыў Пятровічу абавязкова звязацца з Вішнеўскім і перадаць яму шчырую маю падзяку.
Пазней Старобінскі райком партыі арганізаваў у вёсцы Чыжэвічы моцную патрыятычную групу. Фёдар Вішнеўскі быў адным з самых актыўных удзельнікаў гэтай групы.

IX

Бердніковіч прывёў на Чырвонае Возера сваіх падпольшчыкаў. Прыйшлі і тыя вайскавікі, з якімі нядаўна я меў гутарку ў вёсцы Рог. Іх прывёў сержант Пятрэнка. Людзі адразу перайшлі на лагернае становішча. Дні тры яны капаліся ў зямлі, сцягвалі адусюль дошкі, бярвенні — рабілі зямлянку. Шафёр Войцік, як партызан ужо з пэўным стажам, не супраць быў узяць на сябе функцыі нейкага прараба, аднак хутка высветлілася, што гэтыя хлопцы — народ даволі спрактыкаваны і не маюць патрэбы ў кансультантах.
— Бяры вось рыдлёўку, —сказаў Пятрэнка, калі Войцік, стоячы збоку, памкнуўся даваць свае парады.
—Я ўжо капаў,— з незалежным выглядам сказаў шафёр,— пакапай цяпер ты.
— Ну дык і не камандуй тут!
Наспявала неабходнасць заняцца Жыткавіцкім і Капаткевіцкім раёнамі. Нешта дрэнныя чуткі даходзілі адтуль. Паліцаяў і ўсякага іншага зброду там многа, а камуністаў, сапраўдных патрыётаў, штосьці не чуваць. Было ясна, што калі мы не арганізуем у гэтых раёнах бальшавіцкага падполля, дык яны могуць з'явіцца гнёздамі шпіёнаў, дыверсантаў, апорнымі пунктамі ворага ў яго барацьбе супраць партызан. Гітлераўцам зручна адсюль наступаць на Старобінскі, Любанскі, Даманавіцкі, Акцябрскі, Петрыкаўскі, Ленінскі і іншыя раёны.
Я паслаў у Жыткавіцкі раён старшыню мясцовага калгаса Івана Рагалевіча з групай партызан, а ў Капаткевічы — Якава Бердніковіча. I ў аднаго і ў другога было там нямала родзічаў, добрых знаёмых. Пры іх дапамозе лягчэй было праведаць абстаноўку ў раёнах. Неабходна было як мага хутчэй звязацца з мясцовымі камуністамі і высветліць, якія там перспектывы для разгортвання партызанскага руху, што ўжо зроблена і якая патрэбна дапамога. Па нашых вестках, у Жыткавічах і Капаткевічах павінны былі заставацца некаторыя раённыя работнікі: Ігнат Доваль, Уладзімір Глушчэня, Ігнат Дзербан і Пятро Савіцкі. У Капаткевічах — Міхайлоўскі, Жыгар і іншыя. Дзе яны цяпер, што робяць і што думаюць рабіць? Ведаць пра гэта нам было вельмі важна, бо, калі зараз упусціш час, потым цяжка будзе навярстаць.
У лагеры засталіся вайскавікі і некалькі чалавек мясцовых. Партызаны сумленна неслі ахоўную службу, падтрымлівалі суровую дысцыпліну, аднак я заўважыў, што ў вёску Рог нашы былыя пагранічнікі ўсё ж такі наведваліся. Гэта было небяспечна, таму што магло хутка рассакрэціць лагер падпольнага абкома. Нам жа абавязкова трэба было прабыць тут яшчэ сама мала тыдні тры, хаця б да таго часу, пакуль прыйдуць людзі з Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Старадарожскага і Грэскага раёнаў, пакуль атрымаем дакладныя весткі з Палесся і створым моцныя баявыя атрады і групы. Я сказаў сержанту аб гэтым, аднак ён пачаў запэўняць мяне, што ніводзін з яго сяброў у вёсцы Рог не быў і нашай стаянкі не рассакрэціў.
Праз некалькі дзён яму прыйшлося пайсці напапятную. Мабыць, сябры так яго прыціснулі, што ён зноў прыйшоў да мяне. Доўга мяўся, чырванеў, загаварваў на ўсякія пабочныя тэмы, а потым нясмела паведаміў:
— Тая наша гаспадыня, што вас тады пазнала, Наталля... Памятаеце?
— Ну, памятаю, а што?
— Дык вось гэтая самая Наталля просіцца, каб ёй дазволілі ў наш атрад прыйсці.
— Чаму гэта яна ваша гаспадыня, калі у яе кватараваў толькі адзін з вашых?
— Праўда, што адзін, але ж мы больш за ўсё там збіраліся, у яе хаце. Наталля для нас — самы блізкі чалавек.
— Адкуль жа вам вядома, што яна хоча ісці ў атрад?
Пятрэнка яшчэ гусцей пачырванеў, а потым прызнаўся:
— Быў там адзін з нашых. Неяк мімаходам завярнуў хвіліны на тры, не больш. Наконт якой-небудзь вайсковай ці там іншай тайны, дык вы не думайце дрэннага, таварыш камандзір. Хлопцы ў нас службу ведаюць, не падвядуць. Каму-каму, а вам вядома, што ў пагранічнікі не бяруць такіх, якія шмат гавораць. Пагранічнікі моцна трымалі граніцу на замку. Бадай ніколі ў нашым Жыткавіцкім пагранатрадзе праз граніцу вораг не прабіраўся, таму і ў лагер падпольнага абкома не прабярэцца.
— Службу ведаюць, а ў самаволку ходзяць?
— Якая ж гэта самаволка?— апраўдваўся сержант.— Я ж кажу,— па дарозе чалавек зайшоў вады напіцца: зайшоў і адразу ж выйшаў.
— Ну, гэта ты сваёй бабцы раскажы,— раптам умяшаўся ў гаворку Войцік. I завязалася паміж імі перапалка. Гэтыя хлопцы часта спрачаліся паміж сабою, аднак да сур'ёзнай сваркі ў іх не даходзіла ні разу.
Пазней Наталля стала нашай сувязной і зрэдку наведвалася ў лагер.
3 дня на дзень я чакаў, што прыйдзе да нас хто-небудзь з любанцаў, аднак мінаў час і ніхто чамусьці не з'яўляўся. Я загадаў Войціку пайсці туды. Няхай даведаецца, у чым справа, чаму людзі ўжо каля двух тыдняў маўчаць? Ходзіць слава па Палессі: любанскія, акцябрскія партызаны там мост узарвалі, там варожы склад спалілі, гітлераўцаў пабілі. Афіцыйных жа вестак у абкоме за апошні час не было.
Войцік неўзабаве пайшоў, але гадзіны праз дзве вярнуўся. Было ўжо цёмна.
— Што там здарылася?— здзівіўся я, убачыўшы яго.— Заблудзіўся?
— Не, я дарогу ведаю.
— Баішся ісці ноччу?
—Не баюся, ды няма патрэбы, калі да нас людзі прыйшлі. Мы сустрэліся на дарозе.
Вартавыя прывялі да зямлянкі двух чалавек. Гэта былі Варвашэня і Гарбачоў.
Я быў рад ім, як родным братам. На дварэ ўжо халаднела. Восень дыхала на Чырвонае Возера, і што дзень далей, то ўсё мацней. Спачатку пажаўцеў навокал алешнік і беразняк. Нават пры лёгкім ветрыку з яго асыпалася лісце. Яно падала на бераг і на чорных тарфяністых палянках утварала даволі прыгожую прошву. Маладыя дубкі яшчэ стаялі зялёныя, аднак лісты іх усё больш і больш трацілі сваю свежасць. Толькі вербалознік упарта не паддаваўся восені і зелянеў па-ранейшаму. Здавалася, што ён і ахоўвае возера ад халадоў; ля самай вады па-вясенняму зелянела трава, на купінах, якія пад восень крыху апусціліся і выглядвалі з-пад вады толькі верхавінкамі, таксама кусцілася яшчэ сакавітая трава.
Мы зайшлі ў землянку, якую з аднолькавым поспехам можна было б назваць і буданом, бо яна толькі напалавіну была ў зямлі. Размясціліся хто на чым. Пры святле каганца я спрабаваў разгледзець сваіх таварышаў. Варвашэня быў усё такі ж, як і раней, энергічны і бадзёры. Ён весела ўсміхаўся, як усміхаецца чалавек, цалкам здаволены ўсім навакольным. Гарбачоў адпусціў светлую бародку, якая ў яго была акуратна падстрыжана; пучок вусоў, крыху цямнейшых за бародку, нібы наклеены, тырчаў на верхняй губе. Я разумеў, для чаго ўсё гэта яму патрэбна было. Чалавек працаваў пераважна ў сваіх раёнах, тут яго ўсе добра ведалі і заўжды пазнавалі, а ў нашых умовах гэта не вельмі добра было. Я, напрыклад, таксама пачаў адрошчваць сабе вусы.
Мы доўга вялі гаворку пра любанскія, чырвонаслабодскія, слуцкія справы. Гарбачоў расказаў, з якой радасцю насельніцтва Любаншчыны сустрэла нестку аб прысваенні Бумажкову і Паўлоўскаму звання Героя Савецкага Саюза, аб узнагародзе сакратара Чырвонаслабодскага райкома партыі таварыша Жукоўскага ордэнам Леніна за гераічную і ўмелую барацьбу з ворагам. Гэта была вялікая радасць для ўсіх нас. Падсеўшы бліжэй да святла, Гарбачоў дастаў з-за падкладкі сваёй паддзёўкі газету «Правда» ад васемнаццатага жніўня 1941 года.
— Увесь свет цяпер ведае пра нашых герояў,— з гордасцю сказаў ён.— Паколькі першыя дні яны ваявалі супраць гітлераўцаў разам з нашымі рэгулярнымі часцямі, то пра ўсе іх аперацыі камандаванне фронту далажыла Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Вось і артыкул Бумажкова нам удалося дастаць.
— Прачытайце! — ледзь стрымліваючы радаснае хваляванне, папрасіў Войцік.
Гарбачоў паправіў каганец і пачаў чытаць.
— «Наш партызанскі атрад,— пісаў Бумажкоў,— быў створан у першыя дні вайны. Спачатку ён налічваў толькі 80 чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі партыйнага, камсамольскага, савецкага і калгаснага актыву, яны і склалі ядро атрада. Камандзірам прызначылі мяне, а памочнікамі тт. Фёдара Паўлоўскага, Чарэдніка і Царанкова. Падзяліўшыся на ўзводы і аддзяленні, мы прыступілі да вайсковых заняткаў: навучыліся маскіроўцы, умельству валодаць зброяй, карыстацца тапаграфічнай картай, компасам. Набылі мы і неабходныя сапёрныя веды. Дасталі аманал, замініравалі масты, выкапалі акопы. Сотні бутэлек з гаручым трымалі напагатове. Партызаны абышлі ўсе вёскі, падабралі ўсюды сабе давераных людзей, дамовіліся з імі аб явачных кватэрах, месцах збору, партызанскім паролі. У месцах, недаступных ворагу, былі схаваны запасы зброі, боепрыпасаў.
У адзін з ліпеньскіх дзён на тэрыторыі нашага раёна з'явіліся фашысцкія танкі. Яны імкнуліся фарсіраваць раку, каб авалодаць раённым цэнтрам. Тут і пачалася наша баявая работа. Дачакаўшыся зручнага моманту, партызаны ўзарвалі мост і сустрэлі ворага шквалам меткага агню з кулямётаў і вінтовак. Гранаты паляцелі пад гусеніцы танкаў. Спатрэбіліся і нарыхтаваныя бутэлькі з гаручым. Пераправа гітлераўцаў цераз раку была сарвана: 15 варожых танкаў і столькі ж бронемашын выйшлі са строю.
Не раз спрабаваў вораг фарсіраваць раку. Усюды яго адбілі партызаны. Нашы абарончыя збудаванні адыгралі важную ролю: народныя мсціўцы білі фашыстаў з акопаў, з укрыццяў, з ям. Вораг нёс велізарныя страты. Кожны рубеж — рака, яр, гай — стаў сапраўднай цытадэллю, нават мірнае з выгляду поле ператваралася ў небяспечную пастку для ворага. Некалькі дзён мы стрымлівалі націск гітлераўцаў. Людзі рабілі гераічныя подзвігі, не думаючы пра небяспеку. Неўзабаве Чырвоная Армія выбіла немцаў з раёна.
Атрад пайшоў наперад і прабраўся ў варожы тыл. Мы здабывалі каштоўныя весткі аб праціўніку, псавалі чыгуначныя пуці, захоплівалі абозы з боепрыпасамі і харчаваннем. Група партызан на чале з таварышам Паўлоўскім у глыбокім тыле ворага падарвала 4 чыгуначныя масты. Вяртаючыся ў свой лагер, партызаны высачылі і атакавалі штаб фашысцкай часці. Знішчыўшы асабовы склад, смельчакі захапілі важныя дакументы. Яны былі перададзены потым Чырвонай Арміі».
Гарбачоў на хвіліну прыпыніўся, кінуў позірк на нас.
— Смелая работа,—шырока ўсміхаючыся, заўважыў Варвашэня.
Гарбачоў чытаў далей:
— «У тыле ворага наш атрад меў больш дзесятка баявых сутычак,—пісаў Бумажкоў.—Мы знішчылі 10 фашысцкіх бронемашын і танкаў, звыш 50 матацыклістаў, і вялікія запасы боепрыпасаў трапілі к пам.
Партызанскі лагер знаходзіцца ў глухім лесе. У ім няцяжка заблудзіцца нават старажылам. Як правіла, у лагеры знаходзяцца толькі тыя, хто ахоўвае боепрыпасы, зброю і харчаванне, а таксама раненыя і хворыя. — Увесь партызанскі атрад ніколі не застаецца на адным месцы. Фашысцкія бандыты збіліся з ног, стараючыся высачыць наш атрад.
Як маці аб сваіх дзецях, так клапоціцца аб нас усё насельніцтва. Праз давераных людзей у вёсках партызаны заўсёды ведаюць аб усіх пераходах і планах ворага. У адной вёсцы жыве калгаснік М. Рызыкуючы жыццём, гэты патрыёт самааддана служыць свайму народу. Аднаго разу таварыш М. даведаўся, што ў суседняй вёсцы размясцілася на адпачынак рота немцаў. Зараз жа ўмоўным знакам ён паведаміў аб гэтым атраду. Ноччу партызаны перабілі ўсіх фашыстаў.
Наш партызанскі атрад добра звязан з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, якія аперыруюць на фронце і ў глыбокім тыле ворага. Некалькі разоў партызаны дзейнічалі сумесна з воінскімі падраздзяленнямі, удзельнічалі ў разгроме фашысцкіх атрадаў.
Ключом б'е ў атрадзе партыйна-палітычная работа. Сакратар партыйнай арганізацыі Ушакоў, сакратар камсамольскай арганізацыі Катарскі накіроўваюць камуністаў і камсамольцаў на вырашэнне баявых задач, якія стаяць перад атрадам.
Сярод нас ёсць камуністы, чый баявы вопыт ужо адзначан высокімі ўзнагародамі Урада: Герой Савецкага Саюза Паўлоўскі, узнагароджаныя ордэнам Чырвонага Сцяга Царанкоў, Маханько і іншыя перадавыя людзі атрада.
Разам з мужчынамі змагаюцца адважныя дзяўчаты: Надзя Жукоўская, Каця Сумакоўская і Фёкла Гуленка. Як сёстры, дзяўчаты клапоцяцца аб партызанах. Яны даглядаюць раненых, сістэматычна вядуць разведку ва ўсіх напрамках. Акалі трэба — бяруць вінтоўкі і разам з намі ідуць у бой.
Суровая барацьба з ворагам у яго тыле загартавала людзей. Малапрыкметныя ў мірны час калгаснікі Бур'яш, Офік, Юкоўскі, Кавалёў, падлеткі-камсамольцы Жукавец, Грамыка, Мірановіч і дзесяткі іншых сталі на полі бітвы народнымі багатырамі, якія праслаўляюць баявымі подзвігамі сваю вялікую савецкую Радзіму.
Наш атрад — адзін з многіх тысяч беларўскіх партызанскіх атрадаў. Па ўсёй Беларусі палыхае полымя партызанскай вайны.
Мы ведаем: за нашай барацьбой з увагай і любоўю сочыць увесь савецкі народ. Гэта падзесяцярае нашы сілы. Ашалелым гітлераўскім бандам не зламаць нашага народа і яго баявога духу. I не ўцячы фашыстам ад народнай помсты. Яны знойдуць сабе магілы на той зямлі, якую яны спрабуюць заняволіць».
— Цяпер і нам будзе лягчэй,— ажыўлена загаварыў Варвашэня.— Людзі вераць у сілу партызанскую і бачаць, як высока цэніць наш урад партызанскія подзвігі. Толькі вось невядома,— твар яго адразу прыняў крыху заклапочаны выгляд,— чамў Бумажкова адклікалі з раёна. У Акцябры застаўся, па сутнасці, адзін Паўлоўскі.
— Там яшчэ Маханько, Байраш, Царанкоў,— заўважыў Гарбачоў.— Дапаможам ім па-суседску. Луфераў нават рад будзе. Ён да вайны часта дапамагаў Акцябру. Тым больш што сілы нашы растуць: да нас прыбыў Савелій Канстанцінавіч Ляшчэня, былы работнік Лідскага гаркома партыі, родам з вёскі Жывунь. Гэта вёска мяжуе з Акцябрскім раёнам. I ён вельмі добра ведае Акцябрскі раён. Прывітанне вам перадаваў. 3 ім яшчэ два чалавекі, толькі я іх пакуль што не ведаю. Там жа, па суседству з намі, з'явіўся Храпко з мазырскай знішчальнай групай. Гэта работнік Палескага абласнога зямельнага аддзела. У яго ўжо многа і мясцовых людзей. У атрадзе моцная партыйная арганізацыя. У многіх месцах Акцябрскага і Глускага раёнаў храпкоўцы здолелі паставіць сваіх людзей старастамі, наладзілі сувязь з Бабруйскам і адтуль дастаюць зброю, боепрыпасы. Ужо не раз яны білі ворагаў. Нядаўна ля вёскі Казловічы, Глускага раёна, напалі на варожую калону, разагналі яе, забілі 19 фашыстаў. У саўгасе «Халопенічы», гэтага ж раёна, разабралі з вінзавода вялікія запасы хлеба, завезеныя туды немцамі. Раздалі хлеб насельніцтву, каб норагу нічога не засталося.
— А як з тымі раёнамі?— звярнуўся я да Варвашэні, і ён адразу зразумеў, пра што я пытаю.
— У Старыя Дарогі я ўжо наведваўся,— дакладваў Варвашэня,— а Брагін падаўся на Асіповічы, яшчэ не вярнуўся пакуль што. У Старых Дарогах справа пойдзе. Там удалося звязацца з Петрушэнем, хлопец моцны, вялікім аўтарытэтам карыстаецца сярод насельніцтва. Ды і старадарожскія калгаснікі маюць вялікія і слаўныя традыцыі грамадзянскай вайны, калі яны змагаліся ў партызанах.
— Петрушэня — гэта намеснік старшыні райвыканкома?
— Ага. У яго ўжо ёсць група, ды і моцна ўзброеная. Бадай-што, можна будзе зацвердзіць яго сакратаром падпольнага райкома партыі. Засталося ў раёне яшчэ некалькі камуністаў. Некаторых удалося сабраць. Пазнаёміў іх з пастановамі бюро ЦК і абкома аб задачах партыйных арганізацый па разгортванню партызанскага руху, з дырэктывай наконт калгаснага дабра: ніводнага грама ворагу.
—3 гэтым у нас не ўсюды добра,— глыбока ўздыхнуўшы, сказаў Гарбачоў.
— Чаму так?
— Ды справа ў тым, што ў некаторых калгаснікаў не падымаюцца рукі, калі даводзіцца знішчаць калгаснае дабро. Не хочуць яны і разбіраць маёмасць па дварах. Іншы раз ніякія доказы не дапамагаюць. Прыходзіць гэта да нас нядаўна з Забалацця Анатоль Жулега,— вы, Васіль Іванавіч, павінны яго ведаць. I вось чалавек расказвае. Неўзабаве пасля таго, як вы там пабывалі, забалацкія актывісты ўзяліся любымі сродкамі. выратаваць калгасную маёмасць. Што можна было схаваць — схавалі, а астатняе дабро, у тым ліку і жывёлу, вырашылі раздаць у часовае карыстанне калгаснікам. Склікалі агульны сход, сказалі там пра гэта. I што вы думаеце: паднялася такая завіруха на сходзе, што ледзьве хапіла сілы суняць яе. «Не можа гэтага быць,— крычаць калгаснікі,— ніхто не дазволіць разбіраць калгасы, як гэта можна?»
Устаў старшыня калгаса Пакуш, аўтарытэтны ў іх чалавек.
— Ці вы,— кажа,— і мне не верыце? Я, здаецца, ніколі вас не падводзіў. Трэба ратаваць маёмасць ад акупантаў, нічога не даць ворагу. Вы ж ведаеце, што гаворыць пра гэта наша партыя? Не ўдасца зберагчы — знішчым, абы не ў зубы ворагу. Калгас жа застанецца, і мы такімі ж калгаснікамі застанёмся, толькі ўмовы часова змяніліся, вайна ідзе не на жыццё, а на смерць, і ворага мы павінны знішчаць.
— А чаму б жывёлу ў лес не загнаць?— пытаецца нехта.— Зрабіць навесы ды перабыць да зімы, а там, бог дасць, і нашы прыйдуць.
Паспрабуйце што-небудзь сказаць супраць гэтага! Скажаце, што вайна скончыцца не хутка,— вочы людзі выдзеруць, са сходу прагоняць. Ды і самім, па праўдзе кажучы, не хочацца верыць, што вайна так ужо зацягнецца.
Дык вось, рашылі сходам хаваць да зімы жывёлу ў лесе і хаваюць. Наконт нерухомай маёмасці, збожжа, гародніны, садавіны і іншых запасаў спрачаліся доўга і, мусіць, рашылі б раздаць людзям пад распіску, каб не нейкі там іхні стары агароднік Апанас Марозаў. Як выступіў, як запрацівіўся, дык хоць ты з ім што хочаш рабі. «Дзе,— кажа,— у якім законе напісана, каб можна было калгаснае дабро разбіраць? Па працаднях, каму трэба, іншая справа, гата я разумею, а без працадзён — не можа быць гэтага я не разумею і нікога слухаць не хачу. Пакажыце мне,— кажа,— такі закон...»
Я ўспомніў старога Апанаса. Гэта быў чалавек такога характару, што сапраўды мог пайсці насуперак усяму сходу.
— Упарты стары,— глянуўшы на мяне, сказаў Варвашэня.
— I вось настойвае на сваім,— падхапіў Гарбачоў. — Насаліў бочкі агуркоў, яблык, ігруш-дзічак Намачыў, пахаваў па розных паграбах. «Прыйдуць,— кажа,— нашы, тады відаць будзе, што з гэгым дабром рабіць».
— Ну што ж, няхай стары хавае дабро ад ворага,— заўважыў я.— Няхай калгаснікі і жывёлу ў лес гоняць, няхай нават у крайніх выпадках знішчаюць яе. Тут важна адно: вораг нічым не павінен пажывіцца. 3 гэтага і зыходзіць рашэнне абкома, у такім напрамку мы і павінны праводзіць масава-палітычную работу.
— А вось у Андрэя Труцікава,— Варвашэня крануў Гарбачова за локаць,— там, па-мойму, усё правільна арганізавана.
— У каго?— перапытаў Гарбачоў.
— Ну ў Азярным, у старшыні калгаса Труцікава. У яго ўсе лепшыя коні і амаль уся жывёла эвакуіраваны разам з саўгаснымі ў савецкі тыл. Ураджай увесь убралі і схавалі, маёмасць таксама ўпарадкавана. Ідзеш па вёсцы — пуста, як мятлою падмецена. Сунецца акупант у вёску — нідзе нічога няма.
Гарбачоў сцвярджальна паківаў галавой:
— Не быў там яшчэ, але веру. Такіх у нас у раёне няшмат, як гэты Труцікаў. I стары ўжо, пад шэсцьдзесят год, а работнік найлепшы.
Неўзабаве Гарбачоў стаў паспешна збірацца ў дарогу.
— Не магу, не маю часу,— паўтараў ён, калі Варвашэня прапанаваў яму застацца да заўтра, каб потым ісці разам.— Там столькі работы ў раёне, дзень і ноч рабі — не пераробіш.
— А як там наш першы знаёмы?— спытаў я.
— Хто, Ермаковіч?
— Так, ваш знаёмы па міліцыі.
— Лётае па раёнах, як віхор,— махнуў рукою Гарбачоў.— I адной гадзіны на месцы не сядзіць. Удвух з Пашуном яны ўжо нямала патрывожылі захопнікаў. Праведзеная імі аперацыя ў Пасталах акупантам дорага абышлася. Там яны знішчылі больш за сорак фашыстаў. Ганяюцца гітлераўцы, рыскаюць за імі, а заадно і за намі. Дрэнна толькі, што гэтыя нашы хлопцы — аднаасобнікі нейкія, а не сапраўдныя партызаны. Замкнуліся і пацеюць там вось ужо трэці месяц: самі да людзей не ходзяць і да сябе нікога не дапускаюць. На гэтых днях мяркуем выклікаць іх на бюро райкома. Ну, бывайце, таварышы,— зноў заспяшаўся Гарбачоў.— Хутка зноў буду тут. Ногі ў мяне доўгія, дарогі знаёмыя.
— А ты не вельмі захапляйся знаёмымі дарогамі,— з дабрадушнай усмешкай параіў яму Варвашэня.— Гладкая дарога ўсім даступна, і добрым людзям і ворагам.
— Не турбуйцеся за мяне,— па-вайсковаму выпрастаўшы плечы, сказаў Гарбачоў.—Я не пападуся.
I раптам ён павярнуўся да мяне, а потым дакорліва паківаў галавою Варвашэню:
— От як іншы раз выходзіць: ішлі з дакладам, а не пра ўсё важнае сказалі. Ледзь-ледзь не ўпусціў: у нас жа цяпер ужо друкарня свая. Любанскую раённую друкарню перацягнулі ў лес, амаль з поўным абсталяваннем. Тут група Далідовіча многа дапамагла.
Цяпер можна не толькі лістоўкі друкаваныя выпускаць, а нават і газеты. Вось толькі паперы яшчэ дастаць. Але ж і тут у нас ёсць свае меркаванні. Бывайце, таварышы!
Ён казырнуў, зухавата павярнуўся і пайшоў.
—Дзелавіты хлопец,—сказаў услед яму Варвашэня,— толькі гарачкаваты трошкі, увесь час прытрымліваць трэба.
—Ну там яны з Луферавым паладзяць,— заўважыў я,—адзін гарачкаваты, другі халаднаваты: падзеляцца.
Тут жа мы распрацавалі зварот абкома да насельніцтва Мінскай вобласці і даручылі Варвашэню надрукаваць яго ў любанскай падпольнай друкарні.
«Нельга чакаць ні хвіліны,— гаварылася ў звароце.— Неабходна пачынаць дзейнічаць зараз жа, хутка і рашуча. Для знішчэння ворага выкарыстоўнайце любыя сродкі: душыце, знішчайце, паліце фашысцкую гадзіну!
Няхай адчуе вораг, як гарыць пад ім наша зямля!
Дзейнічайце смела, рашуча, перамога будзе за намі! Няма такой сілы, якая магла б пакарыць савецкі народ!»
Увайшоў вартавы і паведаміў, што затрыманы трое нейкіх невядомых людзей. Я выйшаў. Сержант Пятрэнка далажыў, што затрыманыя знаходзяцца далёка ад лагера, бадай-што не каля самай вёскі Рог.
«Так каля Рога і круцяцца байцы,— падумалася мне,— цягне іх туды, нібы магнітам».
Аднак тое, што яны выстаўляюць пасты далёка ад лагера, было пахвальным.
— Затрыманыя просяць, каб вы самі туды прыйшлі,— сказаў сержант.— Які будзе загад?
Мы пайшлі ў напрамку вёскі. У яловым гушчарніку нас аклікнулі. Сержант абазваўся.
— Гэта вы, Васіль Іванавіч?— пачуўся ціхі голас, калі мы падышлі бліжэй. Я пазнаў Сцяпана Пятровіча. Ён аддзяліўся ад тоўстай нізкаголістай яліны, пад якой стаяў, і падышоў да нас.
— Хто ж яшчэ з табою?— спытаў я.
— А вось,—ён паказаў на двух чалавек, якія сядзелі пад гэтай жа ялінаю, прыхіліўшыся галовамі да камля,— стаміліся вельмі, як селі, дык адразу і заснулі. Я не ведаю іх прозвішчаў, Меркуль загадаў правесці, якраз мне было па дарозе.
Ноч была цёмная; я нахіліўся і больш па дыханні, чым па выгляду, пазнаў Бондара і Бельскага.
—А Мачульскі дзе?— вырвалася ў мяне пытанне, хоць Пятровіч, зразумела, нічога не мог ведаць пра Мачульскага.— Трэцяга з вамі не было?
—Не, не было,— крыху сумеўшыся, адказаў Пятровіч.— Яны толькі ўдвух прыйшлі. Толькі ўдвух, гэта я добра ведаю.
Наша гамонка разбудзіла Аляксея Георгіевіча. Ён парывіста ўсхапіўся, і мы абняліся. Бельскі ўставаў з натугай, асцярожна ставячы ногі на пяткі. Я падхапіў яго за рукі і прытуліў да сябе.
— Нарэзаў ногі,— скардзіўся Іосіф Аляксандравіч.— Боты стапталіся, цякуць, ліха на іх, і рэжуць ногі да крыві.
— Давядзецца часова на лапці перайсці,— пажартаваў Бондар.
«Што ж з Раманам Навумавічам?— не адступала ад мяне трывожная думка.— Чаму ён не прыйшоў разам з імі, падаўся куды ці, можа, якое няшчасце здарылася?»
3 хвіліны на хвіліну я чакаў, што Бондар ці Бельскі скажуць пра гэта, аднак яны ці то ад вялікай стомленасці, ці па сціпласці наогул мала гаварылі пра сваю камандзіроўку. Калі мы ўвайшлі ў зямлянку, я заўважыў, што мая трывога адразу ж перадалася і Варвашэні. Ён некалькі разоў азірнуўся на выхад, нібы чакаючы, што яшчэ нехта павінен увайсці, а потым, калі стала ясна, што больш нікога няма, дапытліва паглядзеў на мяне.
Я паціснуў плячыма:
— Хто яго ведае, што здарылася. Аляксей Георгіевіч заўважыў нашы перамігі.
—Нічога пакуль што не здарылася,— спакойна сказаў ён.— Раман Навумавіч затрымаўся: заўтра ці паслязаўтра павінен з'явіцца.
Праз некалькі хвілін Бельскі адвёў мяне ў бок ад зямлянкі і паўшэптам сказаў:
— 3 Мачульскім ўсё ж такі не зусім ладна. Пайшоў у Слуцк, адтуль думаў прабірацца далей. Павінен быў з'явіцца ва ўмоўленае месца больш тыдня таму назад і не з'явіўся. Мы чакалі яго некалькі дзён, а больш нельга было там заставацца. Пакінулі там свайго чалавека. Трэба падумаць, што рабіць.
— Каго вы там пакінулі?— спытаў я.
—Веру Дзялендзік, жонку парторга Старобінскай МТС. Тады, пры сустрэчы ў Крушніках, вы ёй параілі перабрацца ў другое месца, яна так і зрабіла. Каля самага Слуцка жыве, у сваіх родзічаў.
— Пароль узялі?
— Ёсць пароль.
—Сёння ж пашлём туды сувязнога. Пятровіч стаяў ля зямлянкі з мяшком у руках і нецярпліва паглядаў на мяне. Я заўважыў гэты позірк і звярнуўся да яго:
— Што новага, таварыш Пятровіч?
— Пакуль што, лічым, амаль нічога,— ступіўшы некалькі крокаў да мяне, адказаў Пятровіч. — Вось толькі Меркуль прыслаў.
—Зноў Меркуль прыслаў? — перапыніў я яго. —Дакуль гэта ён будзе прысылаць! Няхай аб сабе больш клапоціцца.
— Не, Васіль Іванавіч,— засмяяўся Пятровіч,— гэта не тое. Тут нейкія карты нямецкія. Фёдар Шырын учора раніцою падбіў на слуцкай дарозе нямецкую легкавую машыну. Мусіць, штабісты ехалі. Многа карт і ўсякіх папер забраў ён у забітых афіцэраў. Меркуль прасіў паглядзець ды пераслаць іх куды трэба, а куды паслаць — вам відней.
Мы з Бельскім апаражнілі нямецкія палявыя сумкі. Там сапраўды знаходзілася многа тапаграфічных карт. Адзнакі на іх былі старыя, таму яны не мелі асаблівай цікавасці. Але сярод гэтых карт і ўсякіх іншых папер мы знайшлі некалькі шыфровак і план аперацыі адной нямецкай часці. Гэта ўжо іншая справа. Такія рэчы маглі спатрэбіцца нашай арміі.
Падышлі Бондар і Варвашэня.
— Трэба паслаць сувязных у ЦК да таварыша Панамарэнкі,— прапанаваў я. — «Вельмі важныя дакументы, — у свой час гаварыў Панцеляймон Кандратавіч,— своечасовыя весткі аб намерах ворага надзвычай важна знаць...» Апішам усё, што ў нас ёсць, ды вось заадно і гэтыя дакументы даставім.
Члены бюро згадзіліся. Каго ж толькі паслаць? Адна кандыдатура ў мяне была, я даўно меў яе на ўвазе — гэта Сцяпан Пятровіч. Але ж пасылаць аднаго было ненадзейна, бо шлях вельмі вялікі і небяспечны, трэба было падрыхтаваць у дарогу не менш двух чалавек. Пасля доўгіх меркаванняў мы спыніліся на Войціку. Хлопец сумленны, цягавіты, смелы, лепшага не знайсці. Рызыкоўная камандзіроўка,— мы гэта ведалі, але ж што зробіш? Сувязь з Вялікай зямлёй, з ЦК КП(б)Б нам патрэбна, як жыццё.
Мы напісалі дакладную запіску ЦК КП(б)Б. Расказалі пра нашы першыя крокі ў падполлі, пра старобінскія, слуцкія, любанскія, акцябрскія, рудзенскія аперацыі. Было што сказаць і пра іншыя раёны. Бондар і Бельскі пабывалі ў Чырвонай Слабадзе, Капылі, Старых Дарогах і ў Грэску. Ва ўсіх гэтых раёнах былі праведзены сходы камуністаў, абраны падпольныя райкомы партыі. Вакол райкомаў паступова згуртоўваюцца партызанскія сілы. У Чырвонай Слабадзе ўжо даволі актыўна дзейнічае партызанскі атрад пад камандаваннем Максіма Іванавіча Жукоўскага. У атрадзе станковы, чатыры ручныя кулямёты і некалькі дзесяткаў вінтовак. Нядаўна атрад зрабіў смелы налёт на нямецкі гарнізон у Слуцку. Уварваўшыся ў горад на трох аўтамашынах, партызаны ўдарылі па ворагу знянацку, перабілі каменданцкую ахову, захапілі пошту і тэлеграф, пазнімалі ўсе апараты і амаль поўныя суткі былі гаспадарамі ў горадзе. Прадукты са склада раздалі насельніцтву, а склад з ваенным абмундзіраваннем спалілі. Быў там лагер ваеннапалонных. Партызаны абяззброілі ахову і вызвалілі ўсіх палонных чырвонаармейцаў.
Падрабязна было расказана ў рапарце пра баявыя аперацыі дукорскіх партызан пад камандаваннем упаўнаважанага абкома і сакратара Рудзенскага райкома партыі Мікалая Пракоф'евіча Пакроўскага. Вёска Дукора — гэта гістарычная вёска. Там яшчэ ў гады грамадзянскай вайны насельніцтва мужна змагалася за Савецкую ўладу. У славутай дукорскай пушчы Мікалай Пракоф'евіч Пакроўскі стварыў у першыя дні вайны партызанскую базу.
Мікалай Пракоф'евіч разгарнуў партызанскую дзейнасць з першых дзён нямецкай акупацыі. У многіх вёсках і сельсаветах Рудзенскага раёна былі створаны падпольныя групы з камуністаў і камсамольцаў. Асабліва многа дапамагала ў наладжванні сувязі з падпольнымі групамі і паасобнымі савецкімі патрыётамі бясстрашная сувязная, камсамолка Марыя Данільчык, якая вельмі доўгі час вяла падпольную работу ў цэнтры нямецкага гарнізона — гарадскім пасёлку Рудзенск.
Падпольныя групы, якімі кіравалі камуністы Сяргей Доўнар, Уладзімір Лявіцкі, Уладзімір Адамовіч, Раман Дзенісевіч і іншыя, збіралі зброю, распаўсюджвалі лістоўкі, палілі масты па дарогах знішчалі гітлераўцаў. Праз некаторы час Мікалай Пракоф'евіч стварыў з гэтых груп першы ў раёне партызанскі атрад «Беларусь», які меў сваю базу ў славутай дукорскай пушчы.
Калі ў пушчы стала цеснавата, атрад перабраўся праз чыгунку Мінск - Гомель і размясціўся на глухім балотным востраве каля вёскі Піліч. Адсюль ва ўсе бакі накіроўваліся дыверсійныя групы, якія рабілі засады, налёты на гітлераўскія абозы, разбіралі рэйкі. Партызанская група пад камандаваннем таварыша Малышкіна спусціла пад адхон варожы цягнік. Каля двухсот фашыстаў было забіта і ранена.
Даведаўшыся пра месца размяшчэння рудзенскіх партызан, фашысцкае камандаванне накіравала супраць іх буйны атрад. Партызаны падпусцілі гітлераўцаў на блізкую адлегласць і пачалі касіць іх з кулямётаў і аўтаматаў. Эсэсаўцы, якіх было ў пяць разоў больш, чым народных мсціўцаў, не вытрымалі яраснага партызанскага агню і кінуліся наўцёкі, ледзь паспеўшы падабраць забітых і раненых...
Полымя ўсенароднай барацьбы з крывавымі нямецкімі захопнікамі разгаралася з дня на дзень. Каля Мінска і ў самой сталіцы, пад Барысавам і Чэрвенем, каля Пінска і пад Лепелем ствараліся новыя падпольныя групы і партызанскія атрады.
Рапарт выйшаў вагавіты.
Я аддаў яго Пятровічу і Войціку і прапанаваў вывучыць на памяць. Сцяпан Пятровіч мог зрабіць гэта хутка. У яго была выключная памяць. Бывала, любую зводку ён мог перадаць па тэлефоне, не заглядваючы ў паперку, і ніколі не памыляўся. Вядома, што ў выпадку небяспекі рапарт павінен быць знішчаны.
Нашы першыя пасланцы былі надзейныя людзі. Войцік ужо многа год працаваў са мной і зарэкамендаваў сябе вельмі сумленным чалавекам, а Сцяпана Пятровіча я ведаў амаль з самага маленства. Ён быў адным з лепшых вучняў у школе, актывістам. У гады калектывізацыі Пятровіч выконваў самыя адказныя заданні партыйнай і камсамольскай арганізацый. Калі я быў дырэктарам Старобінскай МТС, Пятровіч працаваў там рахункаводам і быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Гэта быў вельмі сумленны і надзейны работнік. У той час МТС толькі арганізоўвалася, будавалася, можна сказаць, на пустым месцы. Не было яшчэ належнага абсталявання, не было кадраў. Пятровіч узначаліў рух моладзі за авалодванне кваліфікацыямі трактарыстаў, камбайнераў. Не адрываючыся ад сваёй асноўнай работы, ён і сам авалодваў спецыяльнасцю трактарыста і ў вольны час працаваў у майстэрні. Аўтарытэт Пятровіча, як работніка, арганізатара моладзі, быў непахісны, усе яго любілі і паважалі.
Назаўтра я ўвесь дзень не адыходзіў ад сувязных, рыхтуючы іх у вялікую і небяспечную дарогу. Трэба было, каб нашы весткі абавязкова дайшлі да ЦК. Калі там будуць ведаць, дзе мы знаходзімся, то абавязкова ўстановяць з намі сувязь і дапамогуць нам ва ўсім.
Мы прасілі Цэнтральны Камітэт прыслаць нам рацыю, шыфр і шыфравальшчыка. Тады б у нас была непасрэдная сувязь з Масквой.
Адвячоркам Пятровіч і Войцік развіталіся з намі і рушылі ў напрамку да фронту. Хвалюючым і незабыўным было гэтае развітанне. Усе мы ведалі, на якую цяжкую і адказную справу пасылалі сваіх лепшых, правераных таварышаў. Ведалі, што ў пэўнай меры рызыкуем жыццём адважных, баявых партызан. Асабліва мне было цяжка ў гэтыя хвіліны. Колькі год я пражыў разам з гэтымі цудоўнымі хлопцамі, колькі даводзілася працаваць сумесна з імі!..
Разам з нашымі пасыльнымі пайшоў на Любаншчыну і Іван Дзянісавіч Варвашэня.

X

Прайшло больш двух тыдняў. 3 поўначы на возера наплывалі асеннія халады. Раніцамі на апаўшым лісці, на памякчэўшай ад холаду траве доўгімі белымі палосамі асядаў іней. Наляціць вецер на вяршаліну і сваволіць там аж да таго часу, пакуль не прымусіць дрэва скінуць з сябе некалькі лісткоў. Паступова возера мяняла свой выгляд. Нават вада ў ім з кожным днём усё больш цямнела і набывала колер, падобны на растопленае волава.
Увесь час мы чакалі звароту Рамана Мачульскага. Чакалі з дня на дзень, з гадзіны на гадзіну. Ніякая работа, ніякія абавязкі не заглушалі ў нас вялікай трывогі па таварышу, бо тэрміны яго звароту даўно прайшлі, а становішча ў нас было вельмі напружанае і складанае.
Вярнуліся сувязныя з палескіх раёнаў. Невясёлыя весткі прынеслі яны адтуль. Гарадскі пасёлак Жыткавічы і навакольныя вёскі запоўнены эсэсаўцамі і паліцэйскімі, а ў раёне Пасталоў размясціўся вялікі нямецка-паліцэйскі гарнізон. Туды завезены нават гарматы. Гітлераўцы ліхаманкава расшыраюць міжраённую нафтабазу, а гэта азначала, што тут могуць быць і танкі. 3 раённых работнікаў Рагалевіч нікога не знайшоў.
У Капаткевічах таксама было шмат нямецкіх салдат. Больш тыдня правёў Бердніковіч у гэтым раёне, аднак яму не ўдалося звязацца з мясцовымі камуністамі. 3 вялікімі цяжкасцямі ён знайшоў патрэбнага чалавека, якому можна было даручыць нагляд за чыгуначнай станцыяй.
Па ўсім заўважалася, што фашысты рыхтуюць шырокія аперацыі супраць партызан. Былі падставы меркаваць, што яны ўжо ведаюць і пра падпольны абком. Нядаўна фашысцкія малойчыкі і паліцэйскія зноў ператрэслі вёскі Скаўшын, Крушнікі, Осава, Пухавічы, Ляхавічы, якраз тыя месцы, дзе мы бывалі. Падобна было на тое, што яны шукаюць нашых слядоў. Неўзабаве прыбегла да нашых вартавых сувязная Наталля і паведаміла, што атрад эсэсаўцаў заняў вёску Рог. У той жа дзень стала вядома, што гітлераўцы паставілі заслоны на ўсіх меліярацыйных канавах, якія вядуць у возера, а ў пачатку былой «ездаўні» засела група са станковым кулямётам.
Мы зразумелі, вораг блакіруе нас. Вядома, займаць лінію абароны не было ніякага сэнсу, ды і сілы неставала. Абмеркаваўшы становішча са сваімі сябрамі, я даў указанні ўсё падрыхтаваць для бою. Яшчэ на некалькі дзён нам тут трэба было застацца. Па-першае, таму, што Мачульскі павінен быў прыбыць з задання на гэтае месца, а па-другое — трэба было прыняць захады, каб ён, не ведаючы, што гітлераўцы занялі гэтыя вёскі, не трапіў у рукі ворагу. Нельга было пакідаць без увагі і суседнія палескія раёны.
На канавах мы таксама паставілі свае пасты. У зручных месцах выкапалі акопы, ямы, на адной важнай высотцы збудавалі дзот. Сержант Пятрэнка тэрмінова быў накіраваны ў атрад Меркуля з загадам прывесці адтуль групу добра ўзброеных партызан.
Затым мы вылучылі яшчэ дзве разведгрупы і зноў паслалі іх у Жыткавічы і Капаткевічы. Паставілі такую задачу: жыткавіцкай групе абавязкова, любымі сродкамі, звязацца з Довалем, Дзербантам. Нямецкая нафтабаза ў Жыткавічах павінна быць узарвана і спалена, чаго б гэта ні каштавала. Расстаўленыя як належыць у гарнізоне свае людзі павінны выведваць усё і паведамляць у наш штаб аб нямецкіх планах і намерах.
Капаткевіцкай групе было загадана наладзіць сувязь з Міхайлоўскім і Жыгарам, перадаць ім указанні падпольнага абкома і аказаць дапамогу ў рабоце, калі гэта будзе неабходна.
Што датычыцца выхаду з магчымага акружэння, то аб ім у той час мы не вельмі турбаваліся, усіх дзвярэй фашысты не змогуць закрыць, а калі закрыюць, мы знойдзем спосаб адкрыць іх. Меркуль даведаецца аб нашым становішчы і напэўна прыйдзе на выручку, ды і Корж не застанецца ўбаку.
Між тым усё новыя і новыя весткі прыходзілі да нас наконт варожых планаў. Было відаць, што гестапа ставіла сабе за мэту разграміць падпольны абком партыі і захапіць яго кіраўнікоў. Гітлераўскія групы з'явіліся ў вёсках Чырвонае Возера, Вялікі Лес, Дзякавічы. Паступова запаўняліся эсэсаўскімі бандамі навакольныя хутары, заслоны на канавах перастаўляліся ўсё бліжэй і бліжэй да возера. Немцы, мусіць, не ведалі, што нас тут усяго якіх два дзесяткі чалавек, што, апрача некалькіх аўтаматаў, пісталетаў ды гранат, у нас не было іншага ўзбраення. Мяркуючы па старобінскіх, любанскіх і акцябрскіх аперацыях, яны, відаць, лічылі, што ў раёне Чырвонага Возера знаходзіцца многа добра ўзброеных партызан.
Гэтае акружэнне давала сябе адчуваць, і што далей, то ўсё больш.
Цяжэй было звязвацца з партызанскімі атрадамі, партыйнымі падпольнымі арганізацыямі, групамі і з мясцовым насельніцтвам, якое ўвесь час дапамагала нам прадуктамі і ўсім неабходным. Сваіх запасаў мы тут не мелі. Становішча з кожным днём ускладнялася, цяжкасці ўзнікалі на кожным кроку.
I вось у гэты час вярнуўся ў лагер Раман Навумавіч Мачульскі. Ён прабраўся праз вёскі Скаўшын і Осава, дзе пакуль што яшчэ не было немцаў. Прыход Мачульскага быў вялікай радасцю для ўсіх. Мачульскі быў з намі, мы бачылі, што ён жывы-здаровы, нічога нядобрага з ім не здарылася. Нашы сілы прыбавіліся, і мы пачалі адчуваць сябе яшчэ больш упэўнена.
Раман Навумавіч прыйшоў позна ноччу. Коратка далажыўшы аб выкананні задання, ён пачаў распытваць у нас пра тутэйшыя справы. Пачалі абмяркоўваць план далейшых дзеянняў. Справа ішла к таму, што нам хутка давядзецца выбірацца адсюль. Абараняцца на месцы станавілася ўсё больш і больш рызыкоўна, ды і не было сэнсу, бо галоўная задача абласнога падпольнага камітэта — узбройваць і паднімаць на барацьбу з захопнікамі народ, арганізоўваць падпольную работу так, каб рос і пашыраўся партызанскі рух.
Рашылі так: Бельскі неадкладна прабярэцца на Любаншчыну, падрыхтуе там базу для падпольнага абкома і паведаміць любанскім атрадам пра становішча на Чырвоным Возеры. Партызан Ляўшэвіч з групай накіруецца ў другі бок — разведае дарогу ў напрамку чырвонаазерскіх хутароў. Досвіткам вернецца і даложыць абстаноўку.
Мы былі ўпэўнены, што наш план няцяжка ажыццявіць, аднак выйшла зусім інакш. Ляўшэвіч не вярнуўся досвіткам. Раніца прайшла ў напружаным чаканні. Яшчэ былі спадзяванні на затрымку, на які-небудзь нечаканы выпадак, але ж, калі і ўдзень і ў наступную ноч Ляўшэвіч не вярнуўся, стала ясна, што з ім нешта здарылася. Адно з двух: або нашы разведчыкі наткнуліся на варожую заставу і іх перабілі, або яны спалохаліся блакады і, вырваўшыся на прастор, рашылі больш не лезці ў пастку. Магчыма, што і Бельскаму не ўдалося дайсці да любанскіх атрадаў.
Патрэбны былі неадкладныя захады. Калі гэтай ноччу мы не выйдзем, пазней будзе яшчэ больш цяжка. Нямецка-паліцэйскія заслоны на канавах і хутарах падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй да возера: кальцо блакады звужалася. Група на «ездаўні» да таго асмялела, што пачала ўжо набліжацца да лагера. Ну, ёй не паздаровілася. Гэтай жа ноччу нашы байцы так пачаставалі яе, што мала хто з эсэсаўцаў і паліцаяў вынес адтуль свае ногі. Падкраліся хлопцы да засады і першай жа гранатай знішчылі кулямётнае гняздо. Перапалоханыя эсэсаўцы і паліцаі кінуліся ў балота, тут іх амаль усіх і перакасілі. «Ездаўня» на нейкі час ачысцілася.
Пад вечар Бондар пайшоў у дальнюю разведку. Мы настойвалі, каб ён узяў з сабою як мага больш байцоў, аднак ён павёў толькі трох, бо ведаў, што тут заставалася ўся база абкома, што яе трэба не толькі ахоўваць, але і рыхтаваць да пераправы ў іншае месца. Задача ж у Бондара была нялёгкая: трэба было разведаць дарогу, падрыхтаваць усё для выхаду, высветліць, што здарылася з Ляўшэвічам і ці ўдалося вырвацца з блакады Бельскаму.
Гэта быў адзін з самых цяжкіх дзён нашага падполля. Вось што расказваў пазней Аляксей Георгіевіч Бондар:
— Да вёскі Чырвонае Возера мы прайшлі без перашкоды. Немцаў тут у гэты час не было. Пагутарылі з сялянамі, параіліся наконт больш зручных сцежак і пайшлі далей. Выходзім за вёску, бачым з-за горкі паказваецца невялікая група людзей — чалавек пятнаццаць. Апрануты яны ў цывільнае, аднак са зброяй.
«Партызаны,— сказаў адзін з маіх байцоў.— Дазвольце, я падыду туды».
Гэта было вельмі падобна да праўды. Я ведаў пра загад абкома прыслаць з атрада Меркуля групу байцоў. «Вось гэта яны і ідуць»,— падумалася мне. Аказалася, аднак, што гэта была разведка вялікага атрада эсэсаўцаў, пераапранутая ў цывільную вопратку. Пасля нашага пачастунку на «ездаўні» гітлераўцы рашылі кінуць на возера буйны атрад.
Нас было ўсяго чацвёра, а эсэсаўцаў — больш сотні. Яны адкрылі па нас агонь з вінтовак і кулямётаў. Зразумела, што прымаць бой пры такіх суадносінах сіл нельга было, і мы, адстрэльваючыся, пачалі адыходзіць. За намі быў невялікі лазняк. Не паспеў я дабегчы да яго, як адчуў, што па левай назе нібы варам лінулі. Куля трапіла ў яе і перабіла калена. Я ўпаў. Гітлераўцы заўважылі гэта і яшчэ больш узмацнілі агонь. У грукаце страляніны мае таварышы, мусіць, не заўважылі, калі я ўпаў.
Гэта было на чыстым лузе, да зараснікаў заставалася яшчэ каля сотні крокаў. Але мне па дарозе трапілася невялікая выжарына, я саслізнуў у яе і папоўз па вадзе. Толькі так можна было выратавацца. Лёс вырашалі секунды. Вось яшчэ некалькі крокаў, яшчэ некалькі намаганняў. Надыходзіў змрок, у зарасніках можна было б схавацца, а ў крайнім выпадку — прыняць бой. Важна было адно — ні ў якім выпадку не дацца ў рукі ворагу жывым.
Ля самых кустоў мяне пачалі акружаць. «Заходзь, заходзь з таго боку,— пачуў я зусім блізка ад сябе.— Трэба яго ўзяць жывога».
Я сабраў апошнія сілы, падняўся, шпурнуў у бок галасоў гранату і затым на адной назе ўскочыў у густы зараснік. Тут, зваліўшыся пад куст, я рашыў абараняцца да апошняй магчымасці.
Аднак ні паліцэйскія, ні эсэсаўцы ў кусты прыцемкам не пайшлі. Нас яны, мабыць, прынялі за разведку вялікай групы, баяліся, што ў кустах ёсць засады.
Толькі пасля таго як эсэсаўцы адышлі, я адчуў моцны боль у назе. Халява бота напоўнілася крывёю. Пра якую-небудзь дапамогу нельга было і думаць, нікога з маіх байцоў блізка не было. Я перавязаў нагу вышэй калена рэмнем і папоўз далей. На ўсякі выпадак не пашкодзіць забрацца ў глыб зараснікаў.
Да нашага лагера адсюль было не менш трох кіламетраў. Дарога непраходная: балоты, зараснікі. Што ж рабіць? Нічога іншага не прыдумаеш, як толькі чакаць. Калі жывыя байцы, то яны павінны хутка заўважыць, што мяне няма. Заўважаць — пачнуць шукаць. Выразаўшы лазіну, яшчэ тужэй перавязаў нагу, каб не сцякаць крывёю, і вырашыў паляжаць на месцы.
Прайшло каля гадзіны, аднак ніякіх прыкмет таго, каб мяне хто шукаў, не было.
«Мусіць, пабілі маіх таварышаў,— падумалася мне,— а можа нават у палон захапілі».
Ужо зусім цямнела. 3 поўначы шугаў халодны асенні вецер і скрозь кусты дабіраўся да мяне. А я быў увесь мокры. Вецер нагнаў невялікі марозік, і ён пачаў сціскаць маю вопратку.
Трэба было прабірацца далей, а тут нага да таго разбалелася і такая слабасць адолела мяне, штр варухнуцца нельга. Вакол густыя зараснікі і балота. Цяжка нават вызначыць дакладна, у якім я месцы. Паспрабаваў арыентавацца па дрэвах. Аказалася, што гэтае месца мне знаёмае. Вось высокі густы куст вербалозніку. Калі ж я яго бачыў? Ага! Гэта ж, мусіць, тое самае месца, дзе мы некалі адпачывалі, прабіраючыся на Чырвонае Возера. Быў я тут яшчэ раз: праплываў на чаўне па меліярацыйнай канаве.
У галаве мільганула думка:
«Знайсці б цяпер які-небудзь чоўнік, і паплыў бы сабе канаўкай да лагера».
Аднак марнае гэта ўсё. Трэба рабіць тое, што яшчэ застаецца ўсё ж такі магчымым. Не так даўно, седзячы пад гэтым кустом, я назіраў, як адзін чалавек складаў на балоце невялікі стажок. Увосень сена адсюль не вывезеш і не вынесеш: стажок, вядома, і цяпер там. Да яго не вельмі далёка. Трэба паўзці туды, у гэты адзіны ратунак.
I я, напружыўшы ўсе сілы, папоўз, больш дакладна кажучы, паплыў да стажка. Не ведаю, колькі часу гэта цягнулася, толькі мне здалося, што вельмі доўга дабіраўся я да гэтага месца. Дабраўся нарэшце на карачках да стажка, а прыўзняцца, каб пачаць скубці сена, не магу. Паляжаў крыху, аддыхаўся, вада падсвяжыла мяне. Я пачаў зрываць са стажка каўлакі сена і класці іх пад сябе. Гэта падымала мяне з вады, мне рабілася крыху цяплей. Я думаў так: «Выскубу логава ў стозе і тады залезу ў яго. Паляжу нейкі час, адпачну, адагрэюся, а потым пагляджу, што рабіць далей. Галоўнае ж, закуру там, калі можна будзе. Бо, як ніколі, хацелася курыць. Але ж усё замокла ў кішэні. Вось шкада!»
У гэты момант я пачуў, што нібыта мяне нехта кліча па імю. Можа, гэта здалося, можа, у вушах у мяне трызвоніць? Прыслухаўся — зноў чую тое самае: чалавечы голас называе маё імя. Ці знаёмы голас? Цяжка разабраць: вымаўленне хрыпаватае, прыглушанае.
Няўжо свае? Можа, варта абазвацца?
Але тут я падумаў, ці не правакацыя гэта? Нядаўна каля вёскі Осава чулася бязладная страляніна, а потым нечы голас роспачна крычаў: «Браткі, не забівайце мяне, не забівайце! Вазьміце мяне жывога!..»
Хто ведае, што магло здарыцца? Можа, каторы з нашых байцоў трапіўся ў лапы акупантаў ды праявіў слабасць і цяпер ён разам з нямецкімі прыслужнікамі шукае мяне.
Нейкія людзі набліжаліся да стажка. Я вырашыў не выяўляць сябе да апошняга. Стараючыся не варушыцца, зноў падрыхтаваў гранату. Потым чую — адзін з іх гаворыць другому:
«Ванька, дабірайся да стога, можа ён там?» Ваня — гэта адзін з маіх байцоў, голас бліжэйшага ад мяне чалавека таксама знаёмы. Нейкая незвычайная цеплыня і ў той жа час млявасць і знямога разліліся па целе. 3 болем у душы я падумаў аб тым, што не змагу супраціўляцца, калі гэта, на маё няшчасце, не свае людзі. Застанецца толькі адно: узарваць гранату пад сабою.
Прытаіўшы дух, ляжу, назіраю. Адна высокая постаць, грузнучы ледзь што не па пояс у багне, падыходзіць зусім блізка да стога і ціха гаворыць: «Аляксей, абзавіся, калі ты тут. Гэта я, Ваня». У той жа час, павярнуўшыся ў бок зараснікаў, ён сказаў ужо крыху мацней:
«Раман, падыходзьце сюды, пашукаем у стозе...» Далей Аляксей Георгіевіч не памятае, што з ім было: ад вялікай страты крыві, ад стомленасці, хвалявання ён страціў прытомнасць.
А людзі былі сапраўды свае. Калі мы ў лагеры пачулі страляніну недзе каля Осава, трывожная думка авалодала ўсімі. Не было сумнення, што гэта сутычка з групай Бондара, аднак, які яе характар, цяжка было ўгадаць. Магчыма, Аляксей Георгіевіч уступіў у бой з мэтай вызвалення сваіх, магчыма, дарогу сабе прачышчае, а можа, і ў вельмі цяжкае становішча трапіў. Калі ж пачалі грукатаць станковыя кулямёты, стала ясна, што справа сур'ёзная: пры нас такіх кулямётаў не было, страляюць, значыцца, фашысты.
Раман Навумавіч узяў невялікую групу і кінуўся на дапамогу. Па дарозе ён спаткаў аднаго партызана з групы Бондара. Партызан бег у лагер з трывожным данясеннем. Ён расказаў Мачульскаму, у чым справа.
Тады Раман Навумавіч прыняў вельмі смелае і рызыкоўнае рашэнне. Поцемкам ён з невялікай групай партызан прабраўся ў вёску Осава, разведаў, дзе размясціўся на начлег атрад эсэсаўцаў, і знянацку напаў на яго штаб. Паніка ў гітлераўцаў была страшэнная. Яны кінуліся хто куды, адкрылі бязладную страляніну, а потым рассыпаліся па агародах і прысядзібных зарасніках. Начальнік жыткавіцкай паліцыі трапіў партызанам у рукі жывы. Гэты яго крык «вазьміце мяне жывога» і чуў Бондар, калі поўз да стога.
Потым Мачульскі разам з тымі партызанамі, якія хадзілі з Бондарам, пачаў шукаць Аляксея Георгіевіча.
Некалькі гадзін яны лазілі ўсюды, пакуль натрапілі на след,,
Цяжкае раненне аднаго з членаў бюро абкома было вялікім няшчасцем для нас. Справа ўскладнялася і тым, што мы не маглі аказаць Аляксею Георгіевічу дзейснай медыцынскай дапамогі, бо ні медыкаментаў, ні бінтоў у нас, на вялікі жаль, не было. Што прынеслі з сабою, дык ужо даўно разышлося. Дастаць што-небудзь таксама не было магчымасці: усюды былі гітлераўцы.
Заставалася толькі адно: як можна хутчэй вырвацца з нямецкіх аблогаў. У гэтым і таварышу ратунак і ўсёй нашай справе. Але ж як прарвацца з такімі нязначнымі сіламі? Меркуль не прыслаў падмацавання, мусіць, не мог. Нават пасыльны наш не вярнуўся. Хто ведае, можа ён не дайшоў туды? Многія з нашых людзей пайшлі на заданне ў Жыткавічы і Капаткевічы. 3 намі засталася зусім невялічкая група. Усе вядомыя балотныя сцежкі праходзілі недалёка ад вёсак і хутароў: яны былі пад кантролем гітлераўцаў. Ісці ж праз балота нацянькі — небяспечна, можна трапіць у багну і ўгрузнуць. Галоўнае ж, мы не маглі рызыкаваць цяжка раненым таварышам, якога трэба было несці на руках.
Вырашылі паспрабаваць праскочыць паўз вёску Рог. Атрад эсэсаўцаў тут быў параўнальна невялікі. Нашы байцы добра ведалі гэтую вёску і маглі дзейнічаць тут больш упэўнена, чым у іншых месцах. За Рогам дарога была адкрыта. Там можна было падацца на Скаўшын і адтуль у любанскія лясы.
Толькі як падысці да вёскі непрыкметна? Лесам уночы нязручна з раненым, ды і нямецкія патрулі ходзяць ля ўскраіны вёскі. Балотнымі сцежкамі таксама не пройдзеш: яны прыстраляны — мы гэта ведалі. Тут добрую параду падаў Якаў Бердніковіч. Тутэйшы чалавек, ён найлепш ведаў мясцовасць. Бердніковіч сказаў, што недалёка адсюль ёсць адна канава, якая вядзе аж да самага Рога. Калі паплыць па гэтай канаве на лодках, дык, бадай-што, можна будзе мінуць Рог нават без бою.
Мы так і зрабілі. Дарэчы, было ў нас на возеры чатыры лодкі. Палажылі раненага Аляксея Георгіевіча ў лодку, пагрузіліся самі і паплылі. Цяжка было ўявіць, якія яшчэ выпрабаванні чакалі нас на гэтай незвычайнай дарозе.

XI

Васіль Цімафеевіч Меркуль не прыйшоў да нас на дапамогу, бо даведаўся пра блакаду позна. Наш пасланец Іван Пятрэнка не данёс указання абкома. Дабраўшыся ноччу да Махнавіч, хлапец зайшоў у хату да знаёмых сялян напіцца вады, распытаць, што адбылося за апошні час у вёсцы, ці даўно былі немцы. А хата, як выявілася, была пад наглядам. Не паспеў сержант і слова вымавіць, як пад вокнамі і ля дзвярэй з'явілася некалькі эсэсаўцаў і паліцэйскіх. Былы пагранічнік Пятрэнка, аднак, не разгубіўся. Ноч месячная, усё добра відаць. Першае фашысцкае рыла, якое паказалася ў акне, было прабіта куляй. У дзверы гітлераўцы не пайшлі. Хуценька справадзіўшы гаспадарскіх дзяцей і гаспадыню ў пограб, Пятрэнка залез на гару. Паліцаі ўкінулі ў акно гранату і пасля ўзрыву рынуліся ў сенцы. Пятрэнка пачаставаў іх гранатай зверху. Чатыры гітлераўцы і адзін паліцэйскі леглі трупамі.
Тады фашысты запалілі хату. Пятрэнка пралез на столь у сенцах, прадраў страху і саскочыў на зямлю. Адстрэльваючыся, сержант пачаў адыходзіць у бок лесу. Месца, як на бяду, было голае, а ўсе бліжэйшыя закуткі пазаймалі эсэсаўцы і паліцаі. Полымя ад страхі асвяціла ўсё, прытуліцца дзе-небудзь цяжка — іголка на зямлі відна.
Не знайшоўшы іншага выйсця, Пятрэнка дастаў з мяшэчка сваю сапёрскую рыдлёўку і, у посвісце куль, пачаў акапвацца на агародзе. Насыпаў невялікі брустверык перад сабою і бугаркі па баках. Эсэсаўцы і паліцэйскія з крыкам «здавайся», з лаянкай пайшлі на партызана.
— Узяць яго жывога! — пачулася здалёку хрыплая каманда.
Пятрэнка эканоміў боепрыпасы. Непрыкметна паварочваючыся ў сваім акопчыку, сержант кароткімі чэргамі стрымліваў ворагаў. Яму важна было не дапусціць іх на адлегласць палёту гранаты, а ад кулі яго засцерагаў насып.
Адзін з паліцаяў, мусіць, добра глынуўшы для адвагі, усхапіўся на ногі, прабег крокаў тры і размахнуўся гранатай. Размахнуўся, але не кінуў, бо упаў сам ад партызанскай кулі. Граната грымнула ў яго пад грудзьмі. Другі справіўся ўсё ж такі шпурнуць гранату, але сержант амаль на ляту перахапіў яе і кінуў назад. Так ішоў паядынак каля гадзіны. На пажар і на страляніну прыбеглі гітлераўцы і паліцаі з суседніх гарнізонаў. Цэлая зграя азвярэлых акупантаў доўгі час нё магла падступіцца да аднаго партызана, нашага пагранічніка, гарачага патрыёта свае Радзімы.
Загінуў Пятрэнка смерцю героя, загінуў пасля таго, як сцёк крывёю ад ран, калі ў дысках аўтамата не засталося ніводнага патрона, ля пояса — ніводнай гранаты. I яшчэ доўга да мёртвага героя баялася падступіцца гітлераўска-паліцэйская брыда. Ёй не верылася, што рука яго ўжо нерухомая. Фашыстам здавалася, што партызан вось-вось зноў узварухнецца, яго рука ўзнімецца і пусціць аўтаматную чаргу альбо кіне гранату...
А Меркуль у гэты час выконваў адказнае заданне абкома: ён ішоў на сувязь з Жукоўскім. Устанавіць непасрэдны, баявы кантакт з чырвонаслабодскімі партызанамі было вельмі важна для нас.
Па заданню абкома Жукоўскі рыхтаваў вельмі адказную аперацыю па разгрому гітлераўцаў у Чырвонай Слабадзе. Перад Меркулем стаяла задача — дапамагчы Жукоўскаму жывой сілай і боепрыпасамі, а пасля заканчэння бою распрацаваць план сумеснай аперацыі супраць старобінскага гарнізона.
Аднак дайсці да Жукоўскага на гэты раз старобінцам не ўдалося. Дайшлі толькі асобныя групы. Атрад Меркуля быў яшчэ невялікі, ды і ўзброены не так ужо добра, а дарогі на Чырвоную Слабаду, у бок размяшчэння атрада Жукоўскага, былі густа застаўлены нямецкімі гарнізонамі. Хутка стаў адчувацца недахоп боепрыпасаў, аслаблі сілы, і меркулеўцы вярнуліся ў свой раён.
Тут яны адразу даведаліся пра смерць нашага пасланца Пятрэнкі і пра цяжкае становішча на Чырвоным Возеры. Звязаліся з Коржам і разам з ім кінуліся да нас на выручку.
Нас ужо не было на возеры. Меркуль ведаў некаторых нашых сувязных у гэтых месцах. Знайшлі Наталлю ў Рагу, пачалі распытваць у яе пра нас, аднак яна амаль нічога не магла сказаць. У часе прарыву ў нас не было магчымасці перадаць ёй што-небудзь. Наталля паведаміла толькі аб тым, што адной ноччу ў эсэсаўцаў была вялікая трывога: яны доўга стралялі, групамі кідаліся на грэблю, некаторыя там і паляглі, але чамусьці забітых сваіх тут не пахавалі, а некуды вывезлі.
У другой палове кастрычніка мы дабраліся да невялічкай любанскай вёскі Барыкоў. Упарадкавалі раненых, Аляксея Георгіевіча паклалі на кватэры нашай сувязной Насці Ярмак, прыставілі да яго мясцовага фельчара, а потым выклікалі з Забалацця ўрача Крука, сапраўднага партызанскага доктара з першых дзён вайны.
Неўзабаве сюды з'явіліся Варвашэня і Бельскі, а пад вечар надышлі Луфераў, Ляшчэня, Гарбачоў. Апошні трошкі пакульгваў, але, убачыўшы нас, пастараўся зрабіць выгляд, што гэта дробязь, проста мазоль разбалеўся на пальцы. Варвашэня глянуў на яго падагнутую нагу і неяк залішне паспешліва апусціў вочы.
Выставіўшы вартавых, мы зайшлі да Бондара. Гаспадыня накрыла белым абрусам стол, прынесла булку хлеба, паставіла міску салёных агуркоў. Мы перакусвалі, дзяліліся думкамі, навінамі. Бельскі пацікавіўся Ляўшэвічам.
— Ці хутка ён вярнуўся?— спытаў, акінуўшы нас павесялелым позіркам.— Што перадаў ад мяне?
— Яго зусім у нас не было.
— Няўжо не было?— Іосіф Аляксандравіч аж змяніўся з твару.— Што ж магло здарыцца? Я сустракаў яго ля аднаго хутара. Ен нават хацеў крыху правесці мяне, але ў гэтым не было патрэбы.
Выпадак з Ляўшэвічам у нейкай меры азадачыў нас. Здраднік гэта, правакатар ці проста баязлівец? Мне хацелася верыць, што хутчэй за ўсё — апошняе. Спалохаўся чалавек блакады і рашыў перачакаць дзе-небудзь у кустах самую крытычную часіну. Калі ж гэта здраднік, то справа магла павярнуцца вельмі дрэнна. Ляўшэвіч ведаў многіх нашых сувязных, ведаў некаторыя яўкі і доўгатэрміновыя паролі. Пасля кароткага абмену думкамі я перадаў загад Меркулю: высветліць, дзе знаходзіцца Ляўшэвіч са сваёй групай, на ўсякі выпадак змяніць усе вядомыя Ляўшэвічу яўкі, вывесці ў атрады пэўную групу сувязных, у прыватнасці Наталлю. Калі ж пацвердзіцца, што Ляўшэвіч здраднік,— знішчыць яго.
— А дзе ж цяпер наш Брагін?— шавяльнуўшыся за перагародкай, раптам пацікавіўся Бондар. I ў той жа момант я адчуў, што гэта было і маё пытанне. Як толькі прыйшоў Луфераў са сваімі сябрамі, мяне адразу ўстрывожыла адсутнасць Аляксея Фёдаравіча Брагіна. «Можа, чалавек з Асіповіч яшчэ не вярнуўся»,— падумалася мне.
Цяпер жа, калі Аляксей Георгіевіч успомніў пра гэта, я таксама паглядзеў на Луферава. Ён неяк тужліва апусціў вочы, потым наўкос глянуў на Гарбачова і ўставіўся на свае рукі. Яны, здавалася, уздрыгвалі ад узбуджанага дыхання. Усіх нас адразу ахапіла нейкае пачуццё трывогі: няўжо яшчэ што-небудзь здарылася? А Луфераў усё маўчаў: здавалася, што ў гэты момант твар яго яшчэ больш схуднеў: неяк залішне выдаваўся над губамі нос, чырванавата-жоўтым, не зусім здаровым колерам адсвечвалі скулы на шчоках. Гарбачоў прытуліўся ў цёмным кутку, прыкрыў шынялём калена правай нагі. Аднак яму цяжка было схаваць тое, што нага яго ўсё ж такі не згінаецца. «Можа, звіхнуў дзе,— падумаў я,— а можа, і раніла». I толькі я хацеў спытаць, як Гарбачоў загаварыў. Загаварыў не аб сабе, а аб Брагіне.
Праз некалькі дзён, пасля таго як Брагін вярнуўся з Асіповіч, яны ўдвух пайшлі ў саўгас імя 10-годдзя БССР. Там была даволі моцная патрыятычная група. Любанскі падпольны райком партыі ўскладаў на яе пэўныя надзеі. Меркавалася расшырыць, яшчэ больш актывізаваць яе і ў бліжэйшы час арганізаваць у саўгасе партызанскі атрад. Брагін ужо бываў тут і многіх саўгасных рабочых — членаў групы — добра ведаў.
Не дайшоўшы кіламетраў пяць да саўгаса, яны прыпыніліся ў зарасніках, недалёка ад пасёлка Чырвоная Палянка. Трэба было разведаць, што робіцца ў саўгасе, устанавіць сувязь са сваімі людзьмі. Накіраваліся потым у Чырвоную Палянку — аддзяленне саўгаса,— каб выклікаць адтуль свайго чалавека. Час набліжаўся к вечару. Прайшлі яны некалькі крокаў па дарозе, нідзе нікога не было. Пайшлі далей. 3-за павароткі выйшлі насустрач два чалавекі. Абодва ў звычайнай цывільнай вопратцы, без зброі, мусіць, саўгасныя рабочыя. Адзін нават паказаўся Брагіну знаёмым. Ён прысутнічаў на сходзе мясцовай патрыятычнай групы. А можа не той? Наблізіліся, паглядзеў Брагін уважліва: той, можна б нават прозвішча яго ўспомніць. «Што ж, няхай ідуць, мала каму куды трэба!»
Брагін і Гарбачоў хацелі прайсці міма, каб не падаць нават выгляду, што адзін з сустрэчных знаёмы. Аднак той наўмысля спыніўся, падкрэслена ветлівым жэстам зняў шапку і прывітаўся з Брагіным:
— Дзень добры, таварыш.
Брагін здзіўлена глянуў на яго, а той, крыва ўсміхнуўшыся, пачаў назойліва распытваць:
— Куды ж вы гэта, да нас? Мо ў саўгасную сталоўку, дык, скажу вам, што яе ўжо няма, закрыць давялося, гітлераўцы ўсе прадукты расцягнулі.
I, не чакаючы адказу, чалавек гаварыў далей:
— А мы ж гэта вось за праваднікоў ідзём, дарогу нашым паказваем.— Ён махнуў рукою ў процілеглы бок дарогі. Там сапраўды чуўся лёгкі цокат калёс і пахрапванне коней.
Брагін памкнуўся ісці, аднак другі з сустрэчных стаў яму на дарозе. Гарбачоў заўважыў, як чалавек з саўгаса кіўнуў свайму спадарожніку: «Так, так»,— і паказаў вачыма на Брагіна. Гарбачоў стрэліў у правакатара, але ў той жа момант гестапавец раніў Брагіна і кінуўся наўцёкі. Гарбачоў стрэліў яшчэ некалькі разоў і, падхапіўшы Брагіна, хацеў адбегчыся з ім крыху ўбок, каб там залегчы. У гэты час наляцелі коннікі. Гарбачоў шпурнуў у іх гранату. Банда адхлынула, а потым спешылася і распачала страляніну. Гарбачова раніла ў нагу. Эсэсаўцы рынуліся на партызан і зноў адхлынулі: Гарбачоў адбіваўся, не зважаючы на рану. Тады фашысты абышлі іх і пасля жорсткай сутычкі захапілі ў палон.
Гарбачоў, выкарыстаўшы момант, збіў з ног двух эсэсаўцаў і рвануўся ў зараснікі. За ім амаль што не гналіся, сярод гушчару эсэсаўцы адчувалі сябе не надта смела. Знясіленага Брагіна звязалі, паклалі на тачанку і павезлі.
Праз нейкі час Гарбачоў, кульгаючы, дабраўся да Чырвонай Палянкі. Там у яго быў сувязны, рабочы саўгаса Іван Мікітавіч Антаненя. Выклікаўшы яго, Гарбачоў перш за ўсё пачаў распытваць:
— Што за пачвара стаяла ў саўгасе, адкуль яна вынырнула? Што рабілі эсэсаўцы з насельніцтвам?
Антаненя адчуваў, што здарылася нешта нядобрае, і не ведаў, што адказаць. Да апошняга моманту ён быў упэўнены, што ў саўгас заязджала група чырвонаармейцаў, бо ўсе эсэсаўцы былі пераапрануты ў форму чырвонаармейцаў. Трэба сказаць, што сюды многія нашы заязджалі. Пакуль вяліся прадукты, дык у саўгасе працавала сталоўка і вельмі часта групы і ваенных і цывільных нашых людзей харчаваліся тут. Гэтыя ваенныя ў чырвонаармейскай форме таксама спыніліся ў саўгасе. Заказалі ў сталоўцы абед, падсілкаваліся, потым рашылі заначаваць, а там яшчэ на дзень засталіся.
Дачка Антанені перавязала Гарбачову рану і сабралася ўжо бегчы ў саўгас, каб праведаць пра ўсё падрабязна, але ў гэты час у Чырвоную Палянку прыбег загадчык сталоўкі Пятро Ягоравіч Смірноў. Ён быў без верхняй вопраткі, нават без шапкі, адна палавіна галавы была падстрыжана, а з другой звісалі доўгія пасмы злямчаных валасоў.
Апошняе так кідалася ў вочы, што Гарбачоў не стрымаўся, каб не спытаць:
— Што з табою, чалавеча, хіба з цырульні выскачыў?
— Не з цырульні, а з сваёй хаты,— уздрыгваючы ад хвалявання, адказаў Смірноў.— Падстрыгаў мяне кладаўшчык, ды вось давялося ў акно шмыгануць.
I раптам са злосцю і крыўдай ён закрычаў:
— Разява, вы ведаеце, якая разява? Сляпак!
— Хто?
— Ды я ж сам! Гэта ж падумайце: карміў у сталоўцы брыдоту праклятую і не ведаў, што гэта фашысты. Думаў, калі наша форма, дык і ўсё... А яны кладоўку маю абрабавалі і самога ледзь не застрэлілі. Добра, што дачка мая ў час дазналася пра іх маскіроўку, а то б...
—Хопіць! — рэзка абарваў яго Гарбачоў.— Ныццём справе не дапаможаш. Іван Мікітавіч, дай яму світку, дай яму якую-небудзь шапку да часу і сам хутка апранайся...
I тонам загаду Гарбачоў прадаўжаў:
— Пойдзеш, Смірноў, у саўгас і скажаш там... Ну каму ты там скажаш?.. Фёдару Саўчыку, напрыклад, можна сказаць?
— Можна, можна,— пацвердзіў Пятро Ягоравіч.
—Ну вось, скажаш Саўчыку, потым скажаш яшчэ Леаніду Смірнову, Ігнату Понку, Шыманаву Аляксандру, калі ён дома... Няхай хутка збіраюцца. Зброя там знойдзецца?
— Думаю, што знойдзецца.
— А ў цябе?
— I ў мяне таксама сёе-тое знойдзецца,— павесялеўшы, сказаў Смірноў.— Так, мяркую, што сякі-такі ўзводзік пяхоты мог бы надзяліць.
— Ого! — здзівіўся Гарбачоў.— Што ж ты, скнарлівая твая душа, раней пра гэта не сказаў. Ну добра. Збяры вось гэтую групу, узброй, і праз гадзіну каб усе былі тут. Зразумела?
— Зразумела, таварыш Гарбачоў.
— Бяжы! А вы, Іван Мікітавіч, паедзеце ўслед за эсэсаўцамі і праведаеце, дзе яны спыніліся. Далёка яны не павінны ад'ехаць, бо ўжо не рана. Вазьміце дачку з сабою, так менш будзе падазронасці.
Перад самым змярканнем Антаненя вярнуўся і паведаміў, што карнікі спыніліся за дзевяць кіламетраў, у вёсцы Турок. Група саўгасных рабочых на чале са Смірновым сабралася ўжо тут. У кожнага была вінтоўка і не менш як па сотні патронаў.
«Вось як хутка могуць расці ў нас атрады,— з прыемнасцю падумаў Гарбачоў.— Кожны сумленны чалавек — воін». Ен расказаў рабочым пра выпадак на дарозе, аб тым, што ў лапы фашыстаў трапіў сакратар падпольнага абкома партыі таварыш Брагін. Вырашылі прабрацца ў вёску ноччу, без шуму зняць пасты і напасці на варожы атрад. Антаненя браўся правесці групу такімі сцежкамі, што ніхто не мог яе заўважыць.
Аднак выратаваць Брагіна не ўдалося: увечары эсэсаўцы выехалі з вёскі. Хоць рэдка было, каб немцы адважваліся здымацца са стойбішча насупраць ночы, але ж гэтым разам, ліха на іх, зняліся. Відаць, яўнае адчуванне небяспекі пагнала іх.
Брагіна знайшлі нежывога. Мясцовыя жыхары расказвалі потым пра гераічную смерць сакратара абкома. Некалькі гадзін яго бязлітасна катавалі, дапытвалі. Такое выпрабаванне могуць вытрымаць толькі людзі, што называюцца бальшавікамі, якія ўсё жыццё аддаюць справе народа. Допыт вёў начальнік фашысцкай групы. На ўсе пытанні Брагін нічога не адказваў. Нягледзячы на цяжкія раны ад бясконцых катаванняў, ён яшчэ трымаўся на нагах. I калі ў часе допыту гестапавец на момант адвярнуўся, Брагін схапіў крэсла і на ўсю сілу ўдарыў ім фашыста па галаве, а сам выламаў акно і выскачыў на двор. I ўжо калі ўцякаў, быў забіты.
Карнікі пакінулі труп на вуліцы і загадалі насельніцтву не дакранацца да яго, бо інакш будуць усе расстраляны, а вёска спалена.
Гэтая жудасная вестка балюча ўразіла нас, скаланула да глыбіні душы. Цяжкія дні перажываў падпольны абком. Яшчэ сілы нашы невялікія, па сутнасці, мы яшчэ толькі пачынаем работу, а тут адразу два такія сур'ёзныя ўдары: цяжкае раненне Бондара і смерць Брагіна. А трэба ўстаяць, няспынна ісці наперад. Ніякія няўдачы, ніякія перашкоды і самыя нечаканыя цяжкасці не павінны пахіснуць нас!
Калі Гарбачоў скончыў расказ, у хаце запанавала цяжкая, жалобная цішыня. Хацелася б нешта сказаць, ды не знаходзілася слоў. Я ўстаў, а за мною і ўсе. Ушанавалі слаўную памяць стойкага барацьбіта, сумленнага патрыёта нашай Радзімы. Мы пакляліся адпомсціць ворагу за нашага баявога таварыша і друга, яшчэ больш узмацніць барацьбу з ворагам.
За перагародкай застагнаў Бондар. «Не трэба было нам гаварыць пры хворым пра такую жахлівую падзею» — так падумаў, мусіць, кожны з нас.
Праз хвіліну мы перайшлі ў суседнюю хату. Я загадаў выклікаць камандзіраў бліжэйшых атрадаў, кіраўнікоў падпольных груп, камуністаў. Адвячоркам у нас адбылося пазачарговае пасяджэнне бюро абкома. I тут зноў мы ўспомнілі пра ўказанні партыі аб тым, «што вораг каварны, хітры, вопытны ў ашуканстве... Трэба ўлічваць усё гэта і не паддавацца на правакацыі».
Партыйныя арганізацыі вобласці, партызанскія атрады, падпольныя группы і ўсе патрыёты павінны былі зрабіць належны вывад з трагічнай смерці таварыша Брагіна. Было відавочным, што вораг будзе ісці на ўсё новыя і новыя правакацыі, хітрыкі і ашуканствы. Вайна з ворагам у адкрытую — найбольш лёгкая вайна. I перамога для нас тут больш пэўная. Горш небяспечна, калі сустракаешся з каварствам ворага, з яго езуіцкімі хітрыкамі і правакацыямі. Да гэтага мы павінны быць гатовы. Неабходна было мабілізаваць увагу ўсіх камуністаў, партызан і насельніцтва на павышэнне пільнасці і асцярожнасці.
Варвашэня доўга стрымліваўся, відаць, што абдумваў нешта, узважваў, а потым выступіў і пачаў жорстка крытыкаваць Гарбачова.
— Ты вось часам бравіруеш сваёй смеласцю,— сказаў ён яму.— Смеласць — справа добрая, але трэба праяўляць яе ўмеючы. Хто вас прымушаў ісці адкрытаю дарогаю! Ты чалавек мясцовы, павінен ведаць кожную сцежку. I з Чырвонага Возера пайшоў тады адзін сярод белага дня, і вельмі часта ходзіш адзін амаль без усякіх перасцярог. Каму патрэбна гэтая твая залішняя рызыка? Ты павінен берагчы сябе для той вялікай справы, якую даручыла нам партыя.
Гарбачоў маўчаў, апусціўшы галаву, рыжая бародка нерухома ўпіралася ў каўнер гімнасцёркі. Папрок Варвашэні быў хоць, можа, і залішне жорсткі, аднак справядлівы і шчыры. Варвашэня глыбока паважаў Гарбачова, як і ўсе мы. Любілі мы Гарбачова за яго просты і непасрэдны характар, чысціню натуры, за яго актыўнасць і нястомнасць у рабоце. Аднак ён заслугоўваў, каб мы яго тут з усёй суровасцю крытыкавалі.
Бюро рашыла выпусціць спецыяльныя лістоўкі, у якіх выкрываліся каварныя правакацыі ворага. У атрады, вёскі і падпольныя групы былі накіраваны нашы ўпаўнаважаныя. Ім быдо даручана дапамагчы людзям навучыцца распазнаваць воўчыя клыкі, выкрываць хітрыкі гестапа і не паддавацца на яго правакацыі.

XII

Праз некаторы час амаль усе разышліся: работы было многа, а ноч для партызан больш каштоўная, чым дзень. Са мной у хаце застаўся толькі Раман Навумавіч. Мы ўкруцілі агонь і прыляглі на лаўках: я з аднаго боку стала, а ён з другога. Бралася ўжо за поўнач: прыржавелыя скрыпучыя ходзікі на сцяне паказвалі палову першай.
Цела ныла ад стомленасці, аднак сон не браў: думак было вельмі многа. Неяк прыкра пашумлівала ў галаве: ці то ад таго, што пасля многіх трывожных дзён, пасля бяссонных начэй чалавек апынуўся ў ціхай, утульнай хаце, ці ад наплыву розных думак. Смерць Брагіна не выходзіла з галавы. Калі і надалей наш падпольны абком, наш партыйны актыў будзе несці такія страты, нам цяжка будзе справіцца з велізарнымі задачамі, ускладзенымі на нас партыяй. Я памятаў, як нас папярэджвалі ў ЦК КП(б)Б пры нашым ад'ездзе ў тыл ворага. На нас усклалі адказную задачу — узняць беларускі народ на барацьбу супраць фашысцкай погані, праводзіць гэтую барацьбу з вялікай сілай і ўдзень і ўночы. Зрабіць падпольныя партыйныя органы баявымі штабамі па кіраўніцтву партызанскім рухам. Мы павінны памятаць заўсёды, што вораг будзе старацца пранікнуць у нашы арганізацыі, будзе ўчыняць тэрор і дыверсіі, будзе ў першую чаргу наносіць удары па кіруючаму ядру...
Цяпер мне стала яшчэ больш ясна, наколькі правільна папярэджвалі нас. Трэба з кожным днём павышаць пільнасць, удасканальваць метады і прыёмы барацьбы. Галоўнае — трэба цясней звязвацца з народам, з нашымі савецкімі патрыётамі. Усюды ў нас павінны быць свае вушы і вочы, мы павінны своечасова ведаць пра ўсе намеры ворага, пра ўсе яго планы, ды і не толькі ведаць, але і паралізаваць яго планы і намеры..
Нехаця я прыслухоўваўся да кожнага шоргату, да ўсялякага, нават слабага гуку. Аляксея Георгіевіча тут не было, аднак мне здавалася, што ён ляжыць недзе побач і мне чуваць яго частае гарачае дыханне.
Ля майго акна чуўся на вуліцы прыглушаны, амаль зусім пераведзены на шэпт, гаманок Якава Бердніковіча. Ён расказваў свайму напарніку, другому вартавому, пра чырвонаазерскія дні:
— ...I вось, чуеш ты, як сціснулі нас там, дык ні ўзад ні ўперад. Немчуры налезла ўсюды, а па ўсіх меліярацыйных канавах жыткавіцкія і капаткевіцкія паліцэйскія. Дайшло да таго, што есці не было чаго. Мне дадому — рукой падаць, а прабрацца нельга. Зменішся, бывала, на досвецці — кішкі марш іграюць, а ў лагеры хоць шаром пакаці: пуста, нічагенечка няма. 3 горам, з рызыкай дасталі крыху бульбы і варылі нешта рэдкае: не то булён, не то няўдалую розварку. Хлопцы жартам празвалі гэтае нашае варыва «асінавым пюрэ».
— А як жа вы вылезлі адтуль? — пытаўся другі вартавы.
I зноў Бердніковіч гудзеў каля шыбы, як чмель, расказваючы вельмі падрабязна і нават значна перабольшваючы.
— Вылезлі, брат, толькі двух чалавек раніла... Чоўнікі дапамаглі... Па канаўцы, па канаўцы, аж паўз самае варожае логава. Выскачылі на грэбельку, а фашысты «хальт!». Тут мы як хальтнулі, дык дзесяткаў тры паганцаў адразу і палажылі. Потым Мачульскі ўзяў некалькі чалавек, забег збоку ды яшчэ, ды яшчэ... Гітлераўцы вызверыліся на яго, а мы гэтым часам абышлі вёску і апынуліся кіламетры за два каля невялічкага лесу. Мачульскі разам з хлопцамі доўга не адступаў і вёў перастрэлку. Ен там, мабыць, яшчэ штук трыццаць адправіў на той свет. Ты ведаеш, што гэта за баявы чалавек!..
Раман Навумавіч нецярпліва заварочаўся на лаўцы.
— Чаму ты не спіш? — спытаў я.— Трывожышся чаго?
— Ды не,— адказаў Мачульскі,— вось хлусіць жа чалавек пра мяне, проста слухаць не магу. Пастукай яму ў акно, няхай змоўкне. Там усяго было каля трыццаці гітлераўцаў.
— Няхай гаворыць,— ціха, каб не разбудзіць нікога ў хаце, сказаў я.— Яму хочацца, каб так было, гэта яго душэўныя імкненні. Няхай чалавек гаворыць.
Але Бердніковіч, мусіць, сам здагадаўся, што яго гамонка пад акном можа перашкаджаць людзям, і адышоў. Мачульскі заціх, аднак па яго дыханні я разумеў, што ён не спіць. Хутка ён зноў заварушыўся і падсунуўся бліжэй да мяне.
— Не спіцца нешта,— паскардзіўся Раман Навумавіч,— нават дрымота не бярэ, усё роўна як хвароба якая напала.
Ён пацягнуўся, потым прыўзняўся і прадаўжаў:
— Успамінаю ўсё пра тое, што бачыў у Бабруйску і Мінску, і вось не магу заснуць. Пакуль выходзілі з акружэння, галава адным была занята, а цяпер паўстае ўсё ў памяці, трывожыць, хвалюе, і ўсё як след хочацца абдумаць, даць пэўную ацэнку.
— А ты кажы, што ў цябе на душы,— прапанаваў я,— тады і абдумаем разам, абмяркуем.
— Каб не бачыў сваімі вачыма,— не паверыў бы,— ціхім, але выразным шэптам пачаў Мачульскі.— Я ўжо гаварыў мімаходам, што ў Мінску, у Бабруйску і на вузлавых станцыях немцы адкрылі бюро прапускоў на Маскву. У Гомелі спраўлялі раскошны баль у гонар таго, што нібыта ўзялі Маскву. Як гэта зразумець, што падумаць? Прапаганда гэта фашысцкая, фальшывая. Я іначай і не думаю. На вялікі жаль, некаторыя ў гарадах могуць паверыць гэтаму, а ў вёсцы і пагатоў. Ці можам мы сёння давесці людзям фактамі, што гэта хлусня? Можам і павінны. Добра, што мы паслалі сувязных у ЦК, але ж хто ведае, ці ўдасца людзям дайсці? Вось ужо колькі часу хлопцы ў дарозе. Я думаю, Васіль Іванавіч, што нашу сувязь з Масквой, з фронтам трэба як мага хутчэй умацоўваць і ўдасканальваць. Любымі сродкамі, ва ўсіх напрамках! Хоць бы радыёпрыёмнікаў больш дастаць. Даць іх у кожны атрад, у кожную групу. Пашукаем — знойдзем. У атрадах будуць рэгулярна слухаць перадачы Інфармбюро і весткі з франтоў, пашыраць усё гэта сярод народа. А там аб шыфрах і рацыях трэба будзе падумаць.
Мачульскі спусціў з лаўкі ногі, сеў ля мяне і, абапёршыся адным локцем на стол, задумаўся. Чутно было, як ён цяжка, прастуджана дыхаў, паціраў пальцамі даўно не голеную шчаку.
Павярнуўшыся да Мачульскага, я сказаў:
—Гарадамі нам трэба заняцца па-сапраўднаму. Цяжка гэта, аднак неабходна. Трэба накіраваць у гарады самыя вопытныя партыйныя кадры. Што там робіцца ў Мінску?
Раман Навумавіч зноў загаварыў:
— Вось слухай, раскажу, што сам бачыў і што перадавалі мне мінчане, з якімі мне давялося сустрэцца. Захапіўшы Мінск, акупанты пачалі не толькі грабіць яго, але і знішчаць людзей, знішчаць бязлітасна. Фашысты адкрылі лагеры смерці на Шырокай вуліцы, у Драздах пад Мінскам, і ў Трасцянцы. Сюды зганяліся спачатку мужчыны. Дзесяткі тысяч мужчын было сагнана толькі ў Дразды. Тут былі і мінчане і людзі з розных месц Беларусі. Іх прымушалі суткамі ляжаць ніцма на зямлі і не варушыцца: хто варушыўся, у таго стралялі. Людзей марылі голадам і смагай. У суткі выдаваўся адзін гнілы селядзец на трох чалавек, а вады прывозілі толькі адну бочку ў суткі на тысячу чалавек. Хто заставаўся жывы — мучылі, катавалі, зневажалі. Часта людзей жывых кідалі ў ямы і спальвалі тэрмітам.
Вялікую тэрыторыю вакол Юбілейнай плошчы і яўрэйскіх могілак гітлераўцы абгарадзілі пад гета. I няма цяпер у Мінску Юбілейнай плошчы, а ёсць «Шклафанплаф», як яе назвалі немцы, «плошча рабоў». Тут кожны дзень гінуць сотні яўрэяў ад фашысцкіх катаванняў. Яўрэйскія могілкі ўсеяны трупамі. Усе, хто яшчэ застаўся ў гета, носяць на вопратцы жоўтыя лапікі.
У нашым Доме ўрада цяпер штаб гітлераўскай авіячасці, у гаражы Саўнаркома — гарматная і ружэйная майстэрні. Усе ўцалелыя дамы заняты штабамі, эсэсаўцамі, часцямі СД. Відаць па ўсім, што акупанты хочуць ператварыць Мінск у ваенна-адміністрацыйны і палітычны апорны пункт цэнтральнай групоўкі войск. Тут размяшчаюцца армейскія рэзервы, сюды адводзяцца разбітыя на фронце часці для папаўнення і перафарміравання. Тут жа знаходзіцца кіраўніцтва чыгункамі, многа розных устаноў, шпіталяў. Найбольш буйныя будынкі заняў так званы генеральны камісарыят. Гітлераўцы стварылі яго для кіраўніцтва акупіраванай тэрыторыяй Беларусі. У яго падпарадкаванні дзесяткі розных фашысцкіх ведамстваў і ўстаноў, у тым ліку велізарны апарат гестапа, СД і палявой паліцыі. У мінскіх друкарнях выпускаюцца фашысцкія газеты, лістоўкі, плакаты на нямецкай і беларускай мовах.
На кожным кроку мінчаніна чакае смерць. Аднойчы мне трапілася ў рукі фашысцкая «Мінская газета» за 27 ліпеня гэтага года. У ёй я прачытаў аб'яву.
Мачульскі дастаў з кішэні запісную кніжку, чыркнуў запалку і прачытаў:
«Па прычыне сістэматычных актаў сабатажу з боку грамадзянскага насельніцтва супраць нямецкіх воінскіх часцей (пашкоджанне кабелей сувязі) расстраляна 100 мужчын.
За кожны акт сабатажу ў далейшым, калі вінаваты акажацца не выяўленым, будзе расстраляна 50 мужчын.
Абавязак кожнага паведамляць правінаватых». У Заслаўі знаёмыя камуністы паказвалі мне загад Гітлера ад 17 чэрвеня 1941 года. У ім ясна сказана, што кожны нямецкі салдат мае права рабаваць і знішчаць савецкіх людзей.
Не пераскаж ані і сотай долі таго, што вымушаны пераносіць цяпер мінчане. Здавалася б, што пры такіх умовах ужо не дыхае ніхто, людзі прыбітыя, прыціснутыя да зямлі, а на самай справе жывуць усё ж такі мінчане, жывуць і дзейнічаюць, змагаюцца. Яны вядуць барацьбу супраць фашыстаў на кожным кроку. Пры кожным мала-мальскі зручным выпадку людзям хочацца зрабіць што-небудзь карыснае для нашай арміі, для Радзімы.. Вось што на маіх вачах было. Вядуць эсэсаўцы прыгарадам калону нашых ваеннапалонных. Сёй-той з гараджан выйшаў на вуліцу. Адзін чырвонаармеец паслізнуўся каля варот, упаў і падняцца не можа ад зморанасці. А стаяла адна жанчына побач. У момант яна апынулася каля чырвонаармейца, схапіла яго за рукі ды ў калітку. Потым сама выйшла ды зноў стаіць, сабою калітку засланяе. Каб заўважыў канвойны, застрэліў бы і палоннага і яе, але жанчына ў тую хвіліну, напэўна, не думала аб смерці...
Мачульскі з хвіліну памаўчаў, скруціў папяросу, потым, глыбока зацягнуўшыся, гаварыў далей:
— Быў я ў адной інфекцыйнай бальніцы, таксама ў прыгарадзе. У такіх закавулках цяпер лягчэй прытуліцца. Расказвалі мне там пра адну медсястру Ларысу Мікалаеўну Казлову. Праведала яна, што ў бальніцы многа нашых людзей, і прыйшла на работу. Ёй хацелася ратаваць іх. Аднак у першыя ж дні яна зразумела, што тут не ратуюць хворых, а наўмысля прыспяшаюць смерць. Ларыса Мікалаеўна, рызыкуючы жыццём, пачала па-сапраўднаму лячыць нашых хворых. У яе знайшліся памочнікі, арганізавалася падпольная група. Савецкія медыкі лячылі нашых ваеннапалонных, перапраўлялі іх у партызанскія атрады.
Многа дапамагала Ларыса Мікалаеўна і тым нашым ваеннапалонным, якія пад выглядам цывільных лячыліся ў другіх бальніцах горада. Яна часта наведвала гэтыя бальніцы і, нягледзячы на тое, што сама з дзецьмі жыла ўпрогаладзь, прыносіла слабым хворым прадукты харчавання. Тым, хто ачуньваў і станавіўся на ногі, дапамагала нелегальна здабыць дакументы, вопратку і давала парады, як зручней уцячы з горада і дабрацца да бліжэйшага партызанскага атрада. Людзі, такім чынам, выбывалі з бальніцы, койкі аслабаняліся, і, каб гітлераўская адміністрацыя не заўважала гэтага, Ларыса Мікалаеўна клала на вольныя койкі хворых сялян.
Казлову арыштавалі. Пяцёра сутак без перапынку яе катавалі ў гестапа, каб вызнаць групу. Вырывалі валасы на галаве, патрушчылі пальцы на руках. Нічога не сказала жанчына, загінула мужнай смерцю. Гэтая падпольная група і цяпер там дзейнічае, нягледзячы на нечуваныя зверствы акупантаў.
Расказвалі мне пра падпольную групу ў друкарні імя Сталіна. Гэта адна з самых моцных груп. Вынікі яе работы відаць добра. У горадзе і за горадам з'яўляюцца друкаваныя лістоўкі. Цікава расказвалі, як нашы друкары, мабілізаваныя немцамі для работы ў фашысцкіх друкарнях, выпускаюць падпольныя лістоўкі і іншыя дакументы. Асобнай падпольнай друкарні ў Мінску пакуль што няма, а ўсё робіцца там жа на месцы, у цяперашніх фашысцкіх друкарнях. Наборшчыку даецца кавалачак тэксту, і ён яго хавае да зручнага выпадку. Выбраўшы хвіліну, ён набірае тэкст, звязвае і зноў хавае. Другі наборшчык набірае другі кавалачак тэксту, трэці — трэці і гэтак далей. Потым гэтыя кавалачкі складваюцца і друкуюцца ўжо ў другой друкарні.
Нядаўна на біржы працы з'явілася аб'ява, што ў нямецкую гарматную і ружэйную майстэрню патрабуюцца чорнарабочыя. Падпольныя групы выкарысталі гэта: у майстэрню былі накіраваны людзі, але ў большасці такія, што ўмелі не толькі рамантаваць, але і выносіць зброю з майстэрні. Набыць зброю — важная цяпер задача.
Узбройваюцца баявыя групы на чыгуначнай станцыі, на заводах імя Варашылава і імя Мяснікова. Многа зброі ў разабраным выглядзе выносіцца з былога гаража Саўнаркома.
Усё сказанае ў гэтую ноч Мачульскім мела надзвычай важнае значэнне, але я ведаў, што ён не сказаў і сотай долі таго, што адбывалася цяпер у нашых буйных гарадах, і асабліва ў Мінску. Праз сваіх сувязных мы ведалі, што тысячы патрыётаў у нашай сталіцы ўступілі ў рашучую і самаахвярную барацьбу з акупантамі. Былі ў нас весткі аб падпольшчыках з заводаў імя Мяснікова, імя Варашылава, імя Кірава і іншых. Тут падпольныя групы пачалі дзейнічаць з першых месяцаў вайны. Найбольш падрабязна нам паведамлялі аб падпольнай групе камуніста Трусава Кірыла Іванавіча, які працаваў на заводзе імя Мяснікова.
Вельмі характэрная біяграфія ў гэтага чалавека. Дзіцячыя гады яго прайшлі ў сям'і барысаўскага саматужніка ў голадзе і нястачы. Бацька быў забіты на імперыялістычнай вайне. Шаснаццацігадовым юнаком Трусаў пайшоў добраахвотнікам на франты грамадзянскай вайны і ўдзельнічаў у баях на працягу некалькіх год. Затым быў ваеннаслужачым і працаваў у горадзе Чэрвені на агітмашыне. У 1923 годзе ўступіў у партыю.
Вайна застала яго ў Мінску, дзе ён працаваў брыгадзірам на аўтарамзаводзе. Усе жудасныя дні варожых бамбардзіровак горада ён правёў на заводзе: дапамагаў дэманціраваць станкі, выратоўваць іншае каштоўнае абсталяванне. Прыйшоў дадому толькі на трэці дзень вайны. Жонка яго, Аляксандра Уладзіміраўна, была дома. Да вайны яна працавала ў дзіцячым садзе, але не змагла своечасова эвакуіравацца, бо ў тую хвіліну, калі выязджаў дзетсад, знікла ў парахавым дыме адно з яе дзяцей. Хлопчыка потым знайшлі, ён застаўся жывым, але выехаць з горада ўжо не было ніякай магчымасці.
Мінск запрудзілі фашысты. Хоць і глухой была Правадная вуліца, дзе жыла сям'я Трусавых, аднак і туды ледзь не кожную гадзіну заглядвалі гестапаўцы, вышуквалі камуністаў. Нейкі час Кірыл Іванавіч хаваўся, а потым, каб менш было ў немцаў падазронасці, пайшоў працаваць на вагонарамонтны завод імя Мяснікова. Неўзабаве тут ён пазнаёміўся з рабочымі завода, сапраўднымі патрыётамі, якім ён мог даверыцца. Пачалі сумесна думаць аб тым, каб, нягледзячы на вельмі складаныя ўмовы, пачаць падпольную работу, змагацца з ворагам.
Прыйшоў аднаго разу Кірыл Іванавіч да сябе на кватэру і міжвольна засмуціўся. На падлозе ля стала сядзела за сваімі забавамі чацвёра яго малых дзяцей. Жонка пынілася каля печы, але пыненка тая была да таго кволая і неахвотная, што, здавалася, з рук усё пападае. «Што будзе з дзеткамі? — мільганула балючая думка.— Ці хопіць сілы, вытрымкі, умення засланіць іх ад усялякіх пакут, прынесеных ворагам, ці ўдасца перажыць разам з імі ўсе тыя выпрабаванні, якія, вядома, сустрэнуцца ў цяперашнім жыцці?»
Аляксандра Уладзіміраўна заўважыла гэтую засмучанасць мужа і прыпыніла сваю хатнюю работу. Ей падумалася, што, можа, нездаровы гаспадар ці на заводзе што-небудзь не ладзіцца. Пачала яна пытацца пра гэта, а чалавек маўчыць, нібы не ведае, што адказаць. Маўчаў Кірыл Іванавіч доўга, а потым узяў на рукі свайго самага меншага, двухгадовага сынка, прытуліў яго да грудзей і ледзь не заплакаў.
— Цяжкі час выпаў, дзеткі, на вашу долю,— ціха прамовіў ён.— На вашу і на нашу.
Жонка яшчэ болын насцярожылася, а большыя дзеці спынілі свае бестурботныя забавы і пачалі здзіўлена глядзець на бацьку.
Калі праз некаторы час дзеці выбеглі ў другі пакой, Кірыл Іванавіч пад вялікім сакрэтам сказаў жонцы, што ён рашыў уключыцца ў актыўную барацьбу з фашысцкімі захопнікамі.
— А яны? — няўпэўнена паказала Аляксандра Уладзіміраўна на другі пакой.
— Што ж ты зробіш?— развёў рукамі гаспадар.— Вядома, лягчэй цяпер тым, у каго няма дзяцей, але ж і нам, многасямейным, нельга сядзець склаўшы рукі. Не такі цяпер час.
I ён расказаў аб тым, што бачыў сёння ў горадзе.
Гналі немцы палонных чырвонаармейцаў па Савецкай вуліцы. Спераду пусцілі грузавік з мяшком цвілых сухароў. Чырвонаармейцы былі да таго змучаныя голадам, смагай і рознымі пакутамі, што ледзь-ледзь перастаўлялі ногі, некаторыя ўжо нават страцілі здольнасць валодаць сабою, усведамляць тую чорную небяспеку, што навісла над імі. А гітлераўцы едуць спераду на грузавіку і са сваёй бязлітаснай метадычнасцю кідаюць праз кожную хвіліну на брук па некалькі сухароў. Некаторыя з чырвонаармейцаў ад страшэннай згаладаласці спрабуюць падняць гэтыя сухары, выбіваюцца з калоны, адстаюць, а канваіры тут жа косяць іх з аўтаматаў. Пакуль прайшлі да бетоннага моста, калона зменшылася больш як на палавіну. Па ўсёй вуліцы ўсцяж ляжалі забітыя палоннікі.
Сэрца сціскалася ў Аляксандры Уладзіміраўны, калі яна слухала аб гэтых нечуваных зверствах. Не такія, дык іншыя чуткі пра катаў-фашыстаў даходзілі на Правадную вуліцу амаль кожны дзень. Ды не толькі чуць можна было пра розныя здзекі і зверствы акупантаў, гэта можна было бачыць нават праз сваё акно.
Вось едзе аднаго разу гестапавец па вуліцы на веласіпедзе. Пад'язджае да двара, што насупраць кватэры Трусавых, а там ля брамкі гуляла дзяўчынка гадоў трох-чатырох. У руках дзяўчынкі была пустая пляшка з пяском. Дзяўчынка ўгледзела немца, спужалася і выпусціла з рук пляшку, а пасудзіна, як на тое ліха, пакацілася на брук. Гестапавец рэзка падаўся ўбок і злез з веласіпеда. Абышоў вялікім кругам пляшку і падаўся да брамкі. Тут ён таўхануў нагою ні ў чым не вінаватую дзяўчынку і ўвайшоў у двор. Гаспадыня, маці дзяўчынкі, несла ў гэты час ваду з калодзежа. Гестапавец з крыкам наляцеў на жанчыну, збіў яе з ног і пачаў мясіць абцасамі ў той лужыне, што ўтварылася ад разлітай вады. Фашысцкаму кату здалося, што дзяўчынка наўмысля падкінула пад калёсы веласіпеда пляшку са ўзрыўчаткай.
Аляксандра Уладзіміраўна расказала пра гэта мужу ды заадно ўспомніла яшчэ некалькі выпадкаў фашысцкіх зверстваў і гераічных паводзін нашых савецкіх людзей ва ўмовах падполля.
— Вось бачыш,— сказаў жонцы Кірыл Іванавіч,— людзі ахвяруюць усім, час цяпер такі. Гэтыя людзі, пра якіх ты гаворыш, пакуль што, вядома, не перамаглі немцаў. Але яны паказалі, што ворага не трэба баяцца, не трэба падаць перад ім на калені. Калі ў нас многа будзе такіх людзей, то мы штодзённа будзем шкодзіць акупантам і дапаможам нашай арміі. А яны ёсць у нас, гэтыя людзі, я ў гэтым упэўнен. Многа ў нас такіх людзей, вось нават у самім Мінску. Трэба толькі нам як мага хутчэй знайсці адзін аднаго, хутчэй арганізавацца. Мы з табою ніколі нідзе не былі апошнія, дык і цяпер не будзем. Сядзець і чакаць, пакуль хто пачне першы,— не ў нашай натуры. Шкада дзетак, але ж нічога не зробіш.
— Я ўсё разумею,— ціха сказала Аляксандра Уладзіміраўна.
3 гэтага часу Кірыл Іванавіч уключыўся ў падпольную барацьбу. Яго група хутка расла. Побач з пажылымі кадравымі рабочымі актыўна працавалі ў групе камсамольцы. Падполыпчыкі амаль штодзённа прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, размнажалі іх і распаўсюджвалі сярод рабочых, збіралі і хавалі ў надзейных месцах зброю і боепрыпасы. Работа вялася так, што члены падпольнай групы мелі сувязь з усімі цэхамі завода. Некаторыя з падпольшчыкаў і самі працавалі ў найбольш важных цэхах. Пры такой расстаноўцы сіл зручней было шкодзіць акупантам. У калёсным цэху, напрыклад, выпускалася нямала такіх калёсных пар, якія доўга служыць не маглі. Аднаго разу рабочым гэтага цэха было даручана замяніць калёсныя пары ў многіх вагонах нямецкага эшалона. Падпольшчыкі тут прыклалі свае намаганні, і замена калёсных пар была праведзена так, што праз некалькі кіламетраў адзін вагон сышоў з рэек і здарылася крушэнне. Папсавалася тады многа вайсковай тэхнікі і загінула сотні са дзве фашысцкіх салдат.
У рамонтным цэху пры рамонце вагонаў рабочыя-падпольшчыкі засыпалі ў буксы пясок. Было многа выпадкаў, што ў выніку гэтага буксы на вялікай хуткасці загараліся. Трэба было неадкладна мяняць буксы, а гэта на нейкі час затрымлівала эшалон.
Падпольная група павялічвалася з кожным днём усё больш і больш. Паступова пачала наладжвацца сувязь з падпольшчыкамі іншых заводаў і нават прыгарадных раёнаў. Але тут, мабыць, выйшла нейкая памылка па канспірацыі ці які правакатар падказаў,— групу напаткала вялікае няшчасце. Чатырнаццатага кастрычніка сорак першага года Трусава гестапаўцы арыштавалі.
Шэсць дзён дапытвалі і катавалі фашысты Кірыла Іванавіча. Шэсць дзён вытрымліваў гэты мужны чалавек страшэнныя здзекі, пабоі, запалохванні. Яго марылі голадам, смагай, заганялі ў пазногці іголкі, пагражалі знішчыць усю сям'ю, калі ён не выдасць падпольшчыкаў. Аднак не сказаў Кірыл Іванавіч фашыстам ні слова. Наадварот, ён яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпольшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці.
Сям'і Трусава таксама давялося вытрымаць страшэнныя выпрабаванні. Не было таго дня, каб на кватэру не наляталі гестапаўцы і не рабілі допытаў з запалохваннямі і пабоямі. Не знайшоўшы, урэшце, нічога дома, фашысты арыштавалі Аляксандру Уладзіміраўну і пасадзілі ў турму. Дзеці засталіся адны. Тры дні дапытвалі фашысты Аляксандру Уладзіміраўну, якіх толькі правакацый ні выдумлялі, аднак не вызналі ад жанчыны нічога. Многа ведала Аляксандра Уладзіміраўна — на кватэры Трусавых часта бывалі падпольшчыкі, іх ведала гаспадыня, але нікога не выдала. Мужна, цярпліва яна пераносіла ўсе здзекі і катаванні, але не пахіснулася ні на момант.
Прыйшла Аляксандра Уладзіміраўна дадому знясіленая, змардаваная. Дзеці кінуліся ёй насустрач. Туляцца, цалуюць ад радасці, што маці вярнулася, а ў саміх вочы пазападалі ад голаду, ад бяссонных, трывожных начэй.
— А дзе-ж тата? — ціхенька, каб не пачулі малыя, спытала старэйшая дачка Аня. Яна ўжо некалькі разоў крадком ад меншых бегала да турэмных варот, падоўгу стаяла там, спадзеючыся хоць што-небудзь убачыць, хоць што-небудзь пачуць пра бацькоў. Вярталася дзяўчынка дадому сумная, засмучоная, але малым гаварыла, што бачыла татку і мамку, што яны хутка прыйдуць дадому.
Не даведалася яна нічога і цяпер пра лёс бацькі. Аляксандра Уладзіміраўна толькі апусціла галаву, пачуўшы Анін шэпт, закрылася рукамі і не стрымалася, каб не заплакаць. Меншыя дзеці таксама заплакалі.
—Прыйдзе татка,—ледзь не шэптам сказала Аляксандра Уладзіміраўна.— Не плачце, дзеткі.— У голасе яе ўжо не было ніякай упэўненасці.
Назаўтра зранку паднялася з пасцелі, паспрабавала пайсці ўсё ж такі да турмы, знайсці нейкі спосаб даведацца, дзе Кірыл Іванавіч, што цяпер з ім, ці жывы ён? Ступіла крокаў два па хаце і адчула, што не дойдзе да парога. Страшэнна балела галава, нылі рукі і ногі, перад вачыма плылі жоўтыя кругі.
—Аня! — ціха пазвала яна дачку і пры яе дапамозе дабралася да ложка.— Схадзі ты, дзетка, у горад, пад гестапа падыдзі, пад турму. Можа, даведаешся што, пачуеш.
Дзяўчынка пайшла, а маці стала чакаць яе з хвілі-ны на хвіліну. Дзеці інстынктам адчулі гэта і самі пачалі чакаць нечага вельмі шчаслівага і радаснага.
Вярнулася Аня дадому ўжо калі добра сцямнела. Пасінелая ўся, азызлая ад слёз. Нейкі час не магла вымавіць ні слова ад спалоху, ад страшэннай роспачы, а потым, калі меншыя ўлягліся спаць, пра ўсё расказала мацеры.
Прыйшла яна да турмы, пастаяла з гадзіну ля варот. Прыйшлі потым і яшчэ людзі, стаялі нейкі час разам, а потым нехта сказаў, што ўчора ў многіх месцах горада акупанты павесілі савецкіх патрыётаў. Некаторыя з тых, што стаялі каля турмы, пайшлі шукаць, ці няма там сваіх. Пайшла з імі і Аня. Да самага вечара яна блукала па гораду. Абышла ўсе плошчы, скверы, паркі. Сэрца сціскалася, падкошваліся ногі, калі яна падыходзіла да вісельняў, а калі сярод павешаных дзяўчынка не знаходзіла бацькі, то ішла шукаць далей.
Ужо амаль перад самым змярканнем дзяўчынка прыйшла на былую Ляхаўку. На варотах дражджавога завода таксама ўбачыла павешаных. Памкнулася падысці бліжэй, але каля варотаў стаяў немец. Пачала ўглядацца: адзін з павешаных быў яшчэ зусім малады і ростам меншы за бацьку, другая была дзяўчына з абматанымі марляй нагамі, а трэці...
Аня з крыкам кінулася да вісельні, павалілася каля ног вартавога... Трэці быў Кірыл Іванавіч, бацька дзяўчынкі.
Вартавы, немаладых год немец, адступіў крок назад, з асцярогай паглядзеў вакол сябе, потым узяў дзяўчынку за руку і адвёў на другі бок вуліцы. Тут, на парозе зачыненай крамы, Аня стаяла да самага цямна і плакала. Увечары пад'ехала грузавая машына, нейкія людзі, што сядзелі ў машыне, пазнімалі павешаных, і машына рушыла далей. Дзяўчынка пабегла за машынай. Ёй хацелася хоць ужо даведацца, дзе пахаваюць бацьку, хоць ужо аб гэтым сказаць матулі. Але хутка адстала, хіба паспееш за машынай...
Так загінуў Кірыл Іванавіч, адзін з першых арганізатараў Мінскага падполля. Справа ж, пачатая ім, не загінула. Падпольная арганізацыя на заводзе імя Мяснікова працавала вельмі актыўна, яна павялічвалася і мацнела.
Калі ў сельскай мясцовасці мы паспелі ўжо шмат чаго зрабіць, дык на гарады пакуль што менш звярталі ўвагі і не ўлічылі таго, што ў гарадах барацьба больш складаная. 3 Барысавам, Крупкамі, Лагойскам і Заслаўлем у нас мелася сувязь праз Хадаркевіча і Яраша, а пасля праз Смірнова і Фёдарава. Праз Шашуру, Альхаўца, Храпко і Паланейчыка сувязь была наладжана з Бабруйскам, Асіповічамі, Старымі Дарогамі. 3 Пухавічамі, Чэрвенем і часткова з Мінскам увесь час падтрымлівалася сувязь праз таварыша Пакроўскага.
Аднак гэтага было далёка недастаткова. Дзесяткі падпольных партыйных арганізацый і груп патрабавалі цяпер больш аператыўнага штодзённага кіраўніцтва. Вядома, што нават адна падпольная група ў такім буйным месцы канцэнтрацыі гітлераўцаў, як Мінск, можа шмат чаго зрабіць, ды і своечасовая інфармацыя, кожная вестка з Мінска будзе мець вялікую каштоўнасць. Калі гэта будзе, скажам, ваенны план, дык план, напэўна, буйных маштабаў, калі дырэктыва, дык, напэўна, ад самой стаўкі. У Мінску размешчана гітлераўская прамысловасць, установы, чыгуначны вузел. Дыверсія ў Мінску — нож у сэрца ворагу. Нарэшце, стварэнне Мінскага падполля магло б шмат у чым дапамагчы масаваму разгортванню партызанскага руху ў прыгарадных раёнах. Мінскім абласным камітэтам партыі пакінуты ў прыгарадных раёнах надзейныя людзі. Правераныя камуністы працавалі ў Рудзенску, Заслаўлі, Лагойску, Пухавічах, Чэрвені, Дзяржынску, Смалявічах. Пры пэўнай сувязі з мінскімі камуністамі ім лягчэй будзе стаць на ногі, разгарнуць партызанскі рух у большых маштабах. 3 Мінска пойдзе ў навакольныя лясы і зброя, і медыкаменты, і шрыфты, друкарскія машыны, папера і ўсё неабходнае. А галоўнае ў тым, што пойдуць адсюль людзі, загартаваныя бальшавікі, стойкія патрыёты.
Я на хвіліну ўявіў сабе лагер і гета, колькі там савецкіх людзей за калючым дротам. Гарачыя сэрцы патрыётаў завуць іх на шлях барацьбы. Тысячы людзей пойдуць у партызанскія атрады, калі ім дапамагчы, працягнуць праз агарожу брацкую руку. I гэтую задачу неабходна рашыць адначасова з мноствам другіх, вельмі важных задач.
Вялікі ўклад у справу барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў унеслі падпольшчыкі горада Мінска.
Выконваючы ўказанні партыі аб разгортванні барацьбы ў тыле ворага, камуністы, камсамольцы і многія беспартыйныя арганізоўвалі ў акупіраваным горадзе падпольныя групы. У жніўні — лістападзе 1941 года такія групы былі арганізаваны на некаторых прадпрыемствах, уцалелых ад разбурэння, і на чыгуначным вузле. Найбольш актыўнымі арганізатарамі падпольных груп у Мінску былі камуністы: Нікіфараў Вячаслаў Кандратавіч («Вацік»), Жудро Васіль Сцяпанавіч, Шугаеў Аляксандр Мікалаевіч, Герасіменка Назар Яўстратавіч, Зайцаў Сцяпан Іванавіч. На вялікі жаль, усе яны гераічна загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Значную работу ў падполлі правялі камуністы: Осіпава Марыя Барысаўна, Мазанік Алена, Мацюшка Варвара Феафілаўна, Каліноўскі Арсеній Вікенцьевіч, Кузняцоў Фёдар Спірыдонавіч, Езубчык Ганна Андрэеўна, Савіцкая Ядвіга Міхайлаўна; беспартыйныя: Сайчык Васіль Іванавіч, Дзяменцьеў Аляксандр Мікалаевіч і многія іншыя.
Буйныя дыверсіі былі праведзены падпольнай групай чыгуначнікаў, якую ўзначальваў камуніст Кузняцоў Фёдар Спірыдонавіч. У 1941 годзе групай было выведзена са строю 10 паравозаў, больш 80 вагонаў. У паравозным дэпо выводзілася са строю станочнае абсталяванне.
Дыверсіі па вываду са строю абсталявання праводзіліся падпольнымі групамі на заводзе імя Варашылава, лямпавай фабрыцы і іншых прадпрыемствах горада.
Вялікую ўвагу мінскія падпольшчыкі аддавалі масава-палітычнай рабоце. Арганізоўвалі нелегальнае праслухоўванне маскоўскіх радыёперадач, друкавалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва. Значная работа праводзілася па ўстанаўленню сувязей з партызанскімі атрадамі і групамі, па забеспячэнню іх зброяй і медыкаментамі, па падбору і накіраванню ў партызаны лепшых нашых людзей.
Першая інфармацыя аб падпольнай дзейнасці ў Мінску ў ліпені і верасні 1941 года была атрымана абкомам ад членаў партыі Гальчэні Герасіма, а потым ад Кацнельсона Рамана, якія ў тыя часы пабывалі ў горадзе. Гэтая інфармацыя пераканала, што нам неабходна ўзмацніць сувязі з гарадскімі падпольнымі групамі. 3 членаў абкома была створана група для сталай дапамогі мінскім падпольшчыкам. Яе ўзначаліў сакратар абкома партыі Варвашэня Іван Дзянісавіч. У састаў групы ўвайшлі: Ляшчэня Савелій, Кацнельсон Раман, Сакевіч Аляксандр. 3 восені 1941 і ў пачатку 1942 года сувязі абкома з падпольнымі групамі ў Мінску, Барысаве, Слуцку, а таксама вобласці значна пашырыліся пры дапамозе асабістых кантактаў членаў абкома партыі і сакратароў абкома з імі. Да канца 1941 года наладзілася сувязь і ўзаемадзеянне з партыйнымі арганізацыямі і атрадамі Акцябрскага, Капаткевіцкага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Парыцкага раёнаў, Палескай вобласці, а таксама Ленінскага і Ганцавіцкага раёнаў, Пінскай вобласці.
Актыўныя дзеянні партызан і падпольшчыкаў ужо восенню 1941 года выклікалі трывогу сярод ваеннага камандавання гітлераўскіх гарнізонаў і акупацыйных улад. Акупанты пачалі ствараць супраць партызан цэлую сетку карных атрадаў, насаджваць у раённых цэнтрах і вёсках паліцэйскія гарнізоны, якія пачалі прымяняць, зыходзячы з «плана Барбароса», актыўныя і каварныя дзеянні супраць партызан. У сувязі з гэтым значна ўскладніліся метады барацьбы з ворагам у фашысцкім тыле.
ЦК КП(б)Б і Мінскім падпольным абкомам партыі было прынята спецыяльнае рашэнне па ўзмацненню барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у горадзе Мінску. Для масава-палітычнай работы сярод насельніцтва горада, арганізацыі дыверсіі, мабілізацыі працоўных горада на барацьбу супраць гітлераўскіх акупантаў, падпольным абкомам былі накіраваны разам з сакратарамі гаркома Ляшчэнем Савеліем, Машковым Георгіем і Паромчыкам Іванам група камуністаў і камсамольцаў у колькасці 25 чалавек. У тым ліку сакратар Мінскага райкома Альхімовіч Мікалай і работнік абкома тав. Сабадаж. Адначасова з гэтым Цэнтральным Камітэтам КП Беларусі і Мінскім падпольным абкомам партыі было прынята рашэнне аб арганізацыі выпуска газеты «Мінскі бальшавік». Рэдактарам газеты быў зацверджаны Сакевіч Аляксандр. Аператыўнымі работнікамі рэдакцыі былі накіраваны Ізюмскі Міхаіл і Асадчы Аляксандр.
Галоўнай задачай у гэты перыяд работы падпольнага гаркома партыі было ўстанаўленне сувязей з насельніцтвам горада, з брыгадамі і атрадамі Мінскай зоны і арганізацыя ў горадзе шырокай сеткі падпольных груп.
Мачульскі праз некаторы час заснуў, зморанасць узяла сваё, а я яшчэ доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Усё новыя і новыя планы вырысоўваліся перада мною, з нейкай асаблівай яскравасцю і дасканаласцю паўставалі задачы бліжэйшых дзён.

XIII

Меркуль доўга шукаў Ляўшэвіча і яго групу, аднак нікога не знайшоў. Зніклі людзі, а ў чым справа, усё яшчэ нельга было зразумець. У палон яны не маглі трапіць, бо ў той дзень, калі яны пайшлі з Чырвонага Возера, не адзначалася нідзе ніякай сутычкі. Усюды ў нас ёсць свае людзі, і яны данеслі б нам, каб такое здарылася. Наўрад ці засталося б у сакрэце і тое, калі б хто-небудзь з іх стаў здраднікам. Наадварот, гэта хутка разнеслася б па вёсках — нікога на свеце так не ганьбяць людзі, як здрадніка Радзімы. Да таго ж, падумаць пра гэта цяжка: мы ўсё ж такі ведалі Ляўшэвіча, ды не першы дзень.
Такім чынам, заставалася меркаваць толькі адно: мабыць, зашыліся людзі недзе каля дому ў цёмны куток ды сядзяць сабе, чакаюць, пакуль мінуцца гэтыя цяжкія дні. Баязлівасць, мабыць, узяла верх над усім.
Набеглі ўсякія іншыя справы, гэты выпадак паступова адыходзіў на другараднае месца. Мы ўжо нават пачалі забывацца пра яго, а ён раптам зноў вынырнуў: жыткавіцкія паліцэйскія арыштавалі некалькі нашых сувязных. Гэта быў вельмі трывожны факт. Апрача Ляўшэвіча, ніхто з тамашніх жыхароў не ведаў пра нашых сувязных у вёсках Осава і Чырвонае Возера. Тут ужо гадаць не было чаго.
На бюро абкома мы ўсебакова абмеркавалі выпадак з Ляўшэвічам. Трэба было праяўляць яшчэ большую асцярожнасць у падборы нашых кадраў. Усякая памылка тут магла прынесці шмат бяды. За апошнія часы на Любаншчыне, у Старых Дарогах, Грэску, Капылі, Слуцку, Чырвонай Слабадзе, Глуску і ў Акцябрскім раёне арганізавана па некалькі новых партызанскіх груп, а некаторыя партызанскія групы выраслі ўжо ў атрады. Кіраўнікоў жа гэтых баявых адзінак мы ведалі не ўсіх. У Забалацці вылучылася ў самастойную і пачала дзейнічаць група Пакуша і Русакова, гэтыя людзі былі нам добра вядомыя; у Капыльскім раёне мы ведалі Жыжыка і ў Грэскім — Зайца. А вось у вёсцы Горнае, Любанскага раёна, з'явілася група Розава, ў вёсцы Жывунь — група Патрына, у Слаўкавічах — Сталярова; пра гэтых людзей мы мала што ведалі, некаторых з іх нават яшчэ не бачылі.
Партызанскі рух у тыле нямецкіх захопнікаў быў слаўнай і высакароднай справай, аднак у асобных выпадках ён мог не прынесці належнай карысці, калі б не асвятліць яго духам савецкага патрыятызму, вернасці Радзіме, вялікай партыі Леніна. 3 першых дзён падполля мы разумелі, што могуць знайсціся такія людзі, якія не супраць будуць пагрэць рукі на партызанскай справе, выкарыстаць атрад у сваіх эгаістычных мэтах. А маглі быць і проста правакатары; такіх мы таксама сустракалі на сваім шляху.
Цяпер дзе-нідзе хадзілі чуткі пра нейкага Балахонава, які знаходзіўся пераважна на Глушчыне. Гаварылі пра яго з нянавісцю і страхам. Гэты чалавек падабраў групу людзей разгульных, несумленных. Уявілі яны сабе, што ім усё на свеце дазволена, і пачалі гойсаць па раёне. Прыедуць у адну вёску, забяруць лепшыя прадукты, вопратку, а ў другой вёсцы праменьваюць усё гэта на гарэлку. Трапіцца пад рукі конь, карова — таксама не мінаюць.
А між тым знешне яны ўсімі сіламі стараліся быць падобнымі да народных мсціўцаў. Балахонаў стараўся нават выглядаць як Чапаеў: адгадаваў вусы, пашыў чапаеўскую шапку, вопратку; трымаў пры сабе маладога хлопца ў якасці ардынарца і зваў яго Пецем, хоць сапраўднае яго імя было зусім іншае. I вось гэты «Чапаеў» не ваяваў з акупантамі, а разгульваў па вёсках, свавольнічаў.
Праўда, нам удалося тут хутка разабрацца: і сам Балахонаў і яго паплечнікі былі накіраваны гестапаўцамі з мэтай кампраметацыі партызан і самога партызанскага руху, каб выклікаць нездавальненне сярод насельніцтва.
3 групай Патрына мы неўзабаве пазнаёміліся. Па першым выкліку камандзір з'явіўся ў Любанскі райком партыі. 3 ім пагутарылі Луфераў, Гарбачоў, Ляшчэня, а потым усе разам яны прыйшлі ў падпольны абком. Патрын падрабязна расказаў аб сабе, паведаміў пра свае планы і меркаванні. Ён адразу спадабаўся нам сваёй шчырасцю, сур'ёзным поглядам на справу, правільным разуменнем указанняў партыі, умельствам трымаць сябе проста і незалежна. Гэта — былы настаўнік, чалавек сціплай прафесіі. Перад самай вайной працаваў загадчыкам раённага аддзела народнай асветы. У армію прызваны з запасу, пад Баранавічамі быў цяжка паранены і трапіў у акружэнне.
Крыху ачуняўшы, ён пайшоў на ўсход і, дабраўшыся да Любанскага раёна, стварыў партызанскую групу. У ёй было чалавек пяць чырвонаармейцаў, а ў большасці — мясцовыя людзі. Група расла з кожным днём. Выкладаючы свае планы на будучае, Патрын настойліва прасіў прыслаць яму камісара. Урэшце ён і сам згаджаўся застацца камісарам атрада, калі б райком дапамог падабраць камандзіра. Гэтая просьба павялічвала нашу павагу да Патрына. Прыемна было тое, што чалавек добра разумеў вялікае значэнне палітыка-выхаваўчай работы ў атрадзе і сярод насельніцтва. На вялікі жаль, у першы перыяд партызанскага руху некаторыя з нашых камандзіраў недаацэньвалі ролі камісараў у партызанскіх атрадах.
Камандзір другой групы — Розаў быў зусім іншы чалавек. Нашу прапанову з'явіцца ў абком ён не прыняў і нават не палічыў патрэбным адказаць на яе. Паспрабаваў Гарбачоў зладзіцца з ім, аднак ніякага поспеху не меў. Розаў заявіў, што ні райкомам, ні абкомам ён не падпарадкуецца на акупіраванай тэрыторыі і наогул не хоча знацца ні з якім начальствам.
Прыкладна такіх жа поглядаў прытрымліваўся і Сталяроў, толькі ён менш азадачваў нас. Мы ўжо ведалі, што гэта былы повар, чалавек палітычна мала падрыхтаваны. Па сваёй нявопытнасці і некаторай адсталасці ён мог проста памыляцца. Праўда, вельмі дрэнна ўплываў на Сталярова адзін вырадак, сын кулака, які прабраўся ў яго атрад пад выглядам чырвонаармейца. Ён падбухторваў Сталярова на розныя дрэнныя справы, хоць сам Сталяроў кепскага намеру да партызанскага руху не меў. Што ж датычыцца Розава, дык гэта вайсковы тэхнік, даволі адукаваны чалавек, і такія яго погляды, зразумела, вельмі здзіўлялі нас. Тут, магчыма, меліся і нейкія пабочныя матывы — чалавек больш трох месяцаў быў падпарадкаваны сам сабе, лічыўся «вольнай птушкай» і жыў на прымацкім хлебе.
Мы вырашылі заняцца гэтымі групамі. Да Сталярова быў пасланы Бельскі, а я накіраваўся ў групу Розава. Знайсці яе было няцяжка. Усе людзі размяшчаліся ў вёсцы, ніякага лагера, ні базы ў іх нідзе не было. Кожны меў асобную кватэру, цеплую і ўтульную: гаспадыні кармілі іх, абмывалі і абшывалі. Розаў, на правах камандзіра, заняў самы лепшы домік і жыў на шырокую нагу. Мясцовыя людзі па сваёй дабраце самі недаядалі, а партызан і раненых савецкіх воінаў не пакідалі без увагі. 3 апошняга яны выдзялялі ім хто што мог. Да таго ж трэба сказаць, што гэтыя хлопцы і самі не давалі сябе ў крыуду. Калі не хапала самагонкі ці чаго-небудзь з прысмакаў у сваёй вёсцы, яны ішлі ў суседнюю і там здабывалі ўсё патрэбнае. Гэтым, уласна кажучы, і абмяжоўвалася іх дзейнасць. Сям-там пужанулі паліцэйскіх, сарвалі каменданцкі загад, вывесілі гатовую лістоўку вось і ўвесь іх баявы рахунак.
Знешне Розаў выглядаў вельмі станоўчым, сціплым чалавекам. Малады адкрыты твар, высокі лоб, добрыя мяккія вочы. Пры сустрэчы з такім чалавекам хочацца гаварыць з ім ласкава, па-таварыску, бо ўжо загадзя адчуваеш, што цяжкасцей ва ўзаемаразуменні не будзе. Розаў устаў насустрач, з павагай прывітаўся, запрасіў прысесці.
— Мікалай Мікалаевіч,— прадставіўся ен, заўважыўшы, што я гляджу на яго нібы з чаканнем. Ні прозвішча, ні вайсковага звання не назваў. Мусіць, таму і групу іменавалі ўсюды: «атрад Мікалая Мікалаевіча».
Аднак чым больш мы гаварылі, тым усе больш акрэслена выяўлялася ў Розава дзіўная ўпартасць і залішняя самаўпэўненасць. У прынцыпе ён нібыта прызнаваў неабходнасць партызанскай барацьбы, аднак практычна не згаджаўся ні на што. Калі я прапанаваў яму выйсці з «прымакоў» і перасяліцца ў лес, ён аж пачырванеў ад хвалявання і, ледзь стрымліваючы сябе, папрасіў больш не напамінаць яму пра гэта. На яго думку, такое мерапрыемства зусім не выклікалася патрэбай: можна ваяваць і седзячы дома, абы толькі было жаданне.
Па сутнасці ж, выходзіла, што Розаў наогул пакуль што не думаў пра актыўную партызанскую барацьбу. Ен цвёрда верыў, што Чырвоная Армія вернецца хутка, з ворагам яна справіцца сама, без пабочнай дапамогі, а ім, былым вайскавікам, трэба толькі зберагчы сябе, каб пры першай магчымасці зноў стаць у баявыя рады. Больш ад іх нічога не патрабуецца.
Я настойваў на тым, каб група неадкладна перайшла ў лес і прыняла належную канспірацыю, каб яна ў бліжэйшы час перарасла ў моцны партызанскі атрад за лік мясцовага насельніцтва. I тут Розаў яшчэ болыы запярэчыў. Расці за кошт мясцовых людзей ён лічыў амаль што авантурай, зусім пустой справай.
—Што я з імі буду рабіць? — абураўся ён.— Загінеш з імі ў лесе. Ператварыцца ў інтэнданта, здабываць для іх харчы, карміць?! Няхай самі перабіваюцца, як хто можа. А ваяваць усё роўна яны не будуць. Іншы баіцца ноччу на вуліцу выйсці, а мы яго ў лес пацягнем, у партызаны. Не, пазбаўце мяне, калі ласка, ад такіх эксперыментаў, гэта не па маёй частцы.
— Якраз па вашай,— заўважыў я.— Гэта абавязак кожнага патрыёта. I перш чым узводзіць паклёпы на людзей, трэба спачатку прыглядзецца да іх і зразумець. Тутэйшыя партызаны яшчэ ў грамадзянскую вайну паказалі сябе героямі. Вось побач з вамі Акцябрскі раён, у мінулым Рудабельскі. Гэты раён таму і названы Акцябрскім, што тут у цяжкія для Савецкай улады дні, у грамадзянскую вайну, быў шырока разгорнуты партызанскі рух, сотні партызан загінулі смерцю герояў, і аб іх партызанскіх дзеяннях ведае ўся Беларусь. А вазьміце Тураўскі раён, Старобінскі... Успомніце неўміручую славу дукорскіх партызан! Наш праслаўлены герой грамадзянскай вайны дзед Талаш дзейнічаў недалёка адсюль, у Петрыкаўскім раёне. Вы можаце з ім сустрэцца. Гэтымі днямі я атрымаў данясенне, што і цяпер дзед Талаш не сядзіць без справы. 3 першых дзён вайны ён уключыўся ў барацьбу, хоць гітлераўцы не раз праз лістоўкі і іншымі спосабамі пагражалі яму смерцю. Ён цяпер збірае зброю, боепрыпасы, дае парады маладзейшаму пакаленню партызан і падпольшчыкаў. I гэта нягледзячы на тое, што чалавеку больш за дзевяноста год. Ці вам невядома, што беларускія партызаны ўжо ў гэтай вайне праявілі сябе і ўрад адзначыў іх геройства высокімі ўзнагародамі.
Калі праз некалькі дзён я зноў наведаў вёску Горнае, групы Мікалая Мікалаевіча там ужо не было. Але ж знайсці яе было няцяжка: першы сустрэчны хлапчук паказаў мне месца новай дыслакацыі групы. Яно было ў невялікім ляску, амаль побач з вёскай, і, як мне здалося, служыла больш для адводу вачэй, чым для справы.
— Заданне ваша выканаў,— далажыў мне Розаў,— перайшлі на лагернае становішча, рыхтуемся да зімы.
— Добра, пацікавімся.
Зямлянка была прасторная, нядрэнна абсталяваная, толькі жыллём нешта там не пахла. Па ўсім відаць было, што партызаны пабудаваць зямлянку — пабудавалі, а начаваць хадзілі, як і раней, у вёску.
— А дзе ж ваша кухня,— спытаў я,— запас прадуктаў?
Розаў пачырванеў.
— Яшчэ там, у вёсцы,— разгублена адказаў ён.
— Падрыхтуйце групу да баявой аперацыі,— загадаў я.
Набліжаўся дзень дваццаць чацвёртай гадавіны Кастрычніка. Мы ўжо некалькі дзён распрацоўвалі план буйных аперацый у гонар слаўнай гадавіны. Гэта было аднадушнае жаданне партызан, воля ўсяго насельніцтва. Меркавалася разграміць нямецкія гарнізоны ў Любані, Капаткевічах, Жыткавічах, Пагосце, Чырвонай Слабадзе, у Капылі, арганізаваць буйныя дыверсіі ў гарадах. За Любанню ўжо даўно сачыў Яўстрат Гарбачоў. Там у яго былі свае вочы і вушы. Сувязныя і падпольныя групы паведамлялі аб усім, што рабілася ў гарнізоне. Загальскі калгаснік Віктар Раменьчык ужо каля месяца хадзіў у паліцэйскай форме, нёс ахоўную службу, ездзіў на засады. У гарнізоне яго лічылі вельмі адданым і актыўным наліцэйскім, і толькі нам было вядома пра сапраўдную службу гэтага чалавека. Раменьчык даставіў нам планы размяшчэння гарнізона, усіх умацаванняў і агявых точак. Ён рэгулярна паведамляў аб усіх намерах любанскай камендатуры і гарнізона, старанна рыхтаваўся да таго дня, калі партызаны зробяць налёт. Яму хацелася асабіста ўдзельнічаць у гэтым налёце.
Паралельна з Гарбачовым вёў разведку на Любань Патрын. Дзве партызанкі яго атрада некалькі дзён жылі нелегальна ў гарадскім пасёлку і здабылі там вельмі каштоўныя звесткі. Потым усе разведданыя былі ў штабе абагулены і сістэматызаваны.
Звесткі пра капаткевіцкі, жыткавіцкі і іншыя гарнізоны прынеслі нам разведчыкі, якіх мы паслалі яшчэ з Чырвонага Возера. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова.
Мікалай Мікалаевіч моўчкі выслухаў мой загад, казырнуў у знак згоды, а потым асцярожна, як робяць спрактыкаваныя штабісты, пачаў пярэчыць:
—У мяне ж зброі няма,— збянтэжана даводзіў ён,— ні боепрыпасаў, ні прадуктаў.
— Усё ў вас павінна быць,— паўтарыў я.— За тры месяцы седні ў вёсцы можна было падумаць пра гэта.
—А на якую аперацыю? — ужо больш зацікаўленым голасам спытаў Розаў.
— Даведаецеся за некалькі гадзін да пачатку.
— Ёсць. Калі і куды прыбыць?
Я вызначыў тэрмін і месца яўкі. Праз дзень пайшоў туды Раман Навумавіч. Вярнуўшыся, ён паведаміў, што Розаў выканаў загад, толькі з узбраеннем у яго кепскавата: зусім няма аўтаматычнай зброі і вельмі мала патронаў. Прасіў даць яму яшчэ два дні, і ён дастане станковы кулямёт і некалькі ручных. Я дазволіў: дзень нашых баявых аперацый быў яшчэ не зусім блізка.
Групу Сталярова Іосіф Аляксандравіч ледзьве знайшоў. Той не сядзеў на адным месцы, як Розаў, а гойсаў па многіх вёсках і ўсюды п'янстваваў, разгульваў. Іншы раз ён на нейкі час выходзіў нават у лес, аднак толькі для цікавасці: пабыўшы там дні два, ён зноў вяртаўся ў вёску.
Аперацыя была прызначана на чатыры гадзіны раніцы сёмага лістапада. Для большай канспірацыі і аператыўнасці ў кіраўніцтве абком са сваёй групай перабраўся на востраў Зыслаў, дзе ў той час знаходзілася асноўная база атрада Далідовіча. Мы звязаліся з Коржам, Меркулем, Жукоўскім, Жыжыкам, Зайцам, Пакроўскім, Петрушэнем, Храпко, Паўлоўскім і з групай жыткавіцкіх камуністаў. Паўлоўскі з Маханько павінны былі дзейнічаць не ў сваім раёне, а ў Капаткевіцкім: трэба было нанесці ўдар там, дзе яго не чакаюць.
Бадай, не было ніводнага раёна ў Мінскай вобласці, а ў раёнах — ніводнай групы ці атрада партызан, якія б да гэтага вялікага свята не рыхтавалі ўдараў па ворагу.
На Любань жа павінны былі ісці атрады Далідовіча, Патрына і Розава. Гарнізон быў там вялікі і добра ўмацаваны.
Неўзабаве перад аперацыяй Мачульскі і Варвашэня прынеслі на востраў новы радыёпрыёмнік з усім неабходным абсталяваннем. Апарат заўсёды нам няцяжка было дастаць, а вось з батарэямі часамі даводзілася вельмі туга. Часта людзі хадзілі па іх вельмі далёка. Тут многа дапамог нам адзін мясцовы чалавек, стары камуніст Герасім Маркавіч Гальчэня. Вайна захапіла Гальчэню ў Беластоцкай вобласці, дзе ён тады працаваў. Пры дапамозе ўсякіх хітрыкаў у ліпені яму ўдалося дабрацца да Гомеля. Там ён зайшоў у ЦК партыі Беларусі. Нейкі час Гальчэня знаходзіўся ў рэзерве, а потым яго накіравалі ў Любанскі раён. 3 ім былі яшчэ два камуністы — Філіпушка і Касцюкавец — таксама мясцовыя людзі. 3 месяц яны прабіраліся сюды, потым яшчэ і ў раёне прайшло тыдні два, пакуль ім удалося непасрэдна звязацца з абкомам.
Калі Гальчэня трапіў да нас, то адразу было відаць, што гэта чалавек вялікага вопыту, смелы, ініцыятыўны і добрасумленны. Такія людзі асабліва патрэбны былі нам, тым больш што Герасім Маркавіч ведаў не толькі свой раён, а і мазырскія аколіцы, быў добра знаёмы з людзьмі і валодаў рэдкімі здольнасцямі следапыта: лёгка арыентаваўся ў любым месцы, у любы час сутак мог хадзіць, як кажуць, з завязанымі вачыма і правесці людзей праз любое балота ці лес.
Калі трэба было здабыць што-небудзь вельмі патрэбнае для штаба, Герасім Маркавіч заўсёды амаль беспамылкова гаварыў, дзе гэта можна дастаць і ў каго. Зайшла гутарка пра новы радыёпрыёмнік, і ён сказаў, што апарат можна ўзяць у жонкі мясцовага ляснічага Веры Сушчэні, а батарэі знойдуцца толькі ў аднаго вельмі дальняга чалавека, яго добрага знаёмага, ды яшчэ ў некаторых яго родзічаў.
Знайшліся спецыялісты па ўстаноўцы антэн і радыёпрыёмніка. Знайшлося некалькі скарапісчыкаў, у тым ліку Сакевіч, Філіпушка і Касцюкавец. Быў намер хоць збольшага запісаць тое, што ўдасца пачуць з Масквы. Іван Дзянісавіч сам адрэгуляваў радыёпрыёмнік. 3 пяці гадзін вечара шостага лістапада ён пачаў шукаць Маскву.
Дзверы штабной зямлянкі адчынены насцеж. Цьмянае, трапяткое святло лямпы, якая стаіць на стале каля радыёпрыёмніка, ледзь прабіваецца на двор і жаўтлявым туманам падае на ўсхваляваныя і напружаныя ад чакання твары людзей. I ў зямлянцы і на дварэ многа партызан і вяскоўцаў. Надыходзіла вялікае свята, і кожнаму хацелася адчуць яго сваім сэрцам, душою. Дваццаць тры гады людзі святкавалі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта ўжо стала традыцыяй, духоўнай патрэбай савецкага чалавека.
Цяпер прыйшло ў хату вялікае свята, а навокал фашысты. Вядома, што людзей пацягнула туды, дзе можна вальней даць ход сваім думкам, дзе можна хоць на хвіліну дыхнуць святочным настроем і, галоўнае, дзе, напэўна, будуць добрыя весткі, што абагрэюць душу.
Жыла ў людзей непахісная ўпэўненасць у тым, што дзень 24-й гадавіны Кастрычніка павінен прынесці нешта радаснае, абавязкова радаснае. Не хацелася думаць пра журботнае, хоць лёс любімай сталіцы параджаў трывогу і на вёскі чарнакрыжыя сцярвятнікі скідалі лістоўкі аб тым, што нібыта гітлераўцы ўжо ўзялі Маскву. Кожны дзень у атрадах слухалі зводкі Савецкага інфармбюро, кожны дзень партызанскія агітатары разыходзіліся па вёсках са свежымі весткамі з франтоў. Але не заўсёды гэтыя весткі былі такія, якіх хацелася: людзі чакалі рашучага павароту, чакалі буйных перамог.
У лагер прыйшлі ўсе, каму можна было сюды прыйсці: вольныя ад службы партызаны, найбольш надзейныя і правераныя сувязныя, вясковыя камуністы — кіраўнікі падпольных груп, камсамольцы. Тут можна было ўбачыць многіх з тых, хто прысутнічаў на першым раённым падпольным сходзе на лясной палянцы. Вось на парозе зямлянкі, прыхіліўшыся шырокімі плячыма да вушака, сядзіць Рыгор Іванавіч Плышэўскі — старшыня загальскага калгаса, той самы, што прыходзіў на партсход з самаробным кулямётам. Яго група ўжо вырасла ў самастойны атрад і правяла некалькі даволі значных аперацый. Побач, на пеньчуку, прымасціўся Сцяпан Карнееў, былы старшыня Загальскага сельсавета, а цяпер камандзір роты ў атрадзе Далідовіча.
Прыйшла сёння і Феня Конанава — настаўніца, сакратар камсамольскай падпольнай арганізацыі ў вёсцы Ніжын. Захутаная ў вялікую цёплую хустку, пры хісткім святле лямпы яна выглядала зусім ужо сталай, нават пажылой жанчынай. 3 часу партыйнага сходу яна прыкметна змянілася ў твары, карыя, з чарнявым водбліскам, вочы спакойна і ўважліва сачылі за ўсім навакольным. На працягу апошніх месяцаў Феня многа зрабіла ў сваёй і суседніх вёсках. Пры дапамозе Любанскага падпольнага райкома камсамола, сакратаром якога быў прызначаны Адам Майстрэнка, яна арганізавала ў Ніжыне моцную камсамольскую групу і знайшла для яе нямала карыснай работы. Камсамольцы збіралі для партызан зброю і боепрыпасы, праводзілі дыверсійную работу на дарогах, распаўсюджвалі лістоўкі. Акрамя гэтага, у хаце Конанавых была адна з галоўных канспіратыўных явак.
Цяжкім і рызыкоўным было жыццё гэтай сціплай дяяўчыны. Выконваючы свой патрыятычны абавязак, яна ахвяравала ўсім. Часта Феня разам са сваёй сястрой, камсамолкай Марыяй, дастаўляла нам надзвычай каштоўныя звесткі са Слуцка, Асіповіч, Бабруйска. Якое б цяжкае заданне ні было, Конанава ахвотна бралася за яго і дакладна выконвала.
Іван Дзянісавіч Варвашэня з навушнікамі ўсё шарыць і шарыць у эфіры.
Тыя з прысутных, што сядзяць бліжэй, няспынна сочаць за рухам яго рук, раз-пораз заглядваюць у твар, нібы жадаючы даведацца, чуе ён што-небудзь ці не. Хто сядзіць далей, сочыць за вачыма бліжэйшых і, такім чынам, здагадваецца пра поспехі ці няўдачы Івана Дзянісавіча.
Чакаюць людзі ўжо каля дзвюх гадзін. Тут многа партызан, якім хутка трэба будзе ісці ў бой. Пачуць бы ім хоць што-небудзь пра Маскву, пра савецкі тыл, тады лягчэй было б ваяваць, зброя мацней трымалася б у руках.
Раман Навумавіч падсеў бліжэй да мяне і шэпча, нібы прадаўжае нашу нядаўнюю размову.
— Пасля бою зноў падамся на Бабруйск, на Мінск...
— Пойдзеш, калі пашлём,— шэптам адказваю яму.
— Абавязкова трэба туды паслаць,— пераконвае Мачульскі.— Не мяне, дык другога. 3 усімі нашымі гарадамі трэба звязацца, стварыць там моцнае партыйнае падполле.
—Цяпер ужо, Раман Навумавіч, трэба не толькі ствараць падполле, а ўмела ім кіраваць, каб яно было дзейсным, узнімала людзей на барацьбу. Вось што зараз патрэбна...
Я змоўк і крануў Мачульскага за локаць, бо раптам заўважыў, як задуменна-спакойны твар Івана Дзянісавіча засвяціўся радасцю. У гэты момант чырвонае вочка прыёмніка пачало гаснуць — батарэя разраджалася. Усе трывожна азірнуліся, пачалі клікаць Гальчэню. На шчасце, у яго запаслівым мяшку знайшоўся яшчэ адзін зарад. Некалькі пар рук ліхаманкава ўзяліся за ўладкаванне апарата. Не прайшло, мусіць, і трох хвілін, як Варвашэня зноў схапіўся за навушнікі.
— Што ты быў пачуў тады? — запытаўся ў яго Мачульскі.
—Мне здалося...— Іван Дзянісавіч замяўся і хацеў ужо надзець навушнікі, не дагаварыўшы.
—Што, што? — пачулася з усіх бакоў.— Кажы, што здалося, што пачулася?
Варвашэня ўсміхнуўся і, нібы просячы прабачэння за сваю няўпэўненасць, сказаў:
— Мне здалося, што я пачуў голас Масквы, толькі не магу яшчэ сказаць цвёрда... Можа, гэта проста ў маіх вушах так прагучала.
I ён зноў паглыбіўся ў эфір. Яго пошукі цяпер былі яшчэ больш упэўненыя, гэта заўважалася па рухах пальцаў, па выразу твару. Мабыць, у душы Іван Дзянісавіч верыў, што той голас, які на момант дайшоў сюды, на далёкі партызанскі востраў, быў голасам Масквы.
Праз нейкі час скрозь шум і трэск зноў у навушніках пачуўся той жа голас. Варвашэня на гэты раз не падаў выгляду, пакуль канчаткова не ўпэўніўся, хто гэта гаворыць, а потым падняў руку і сказаў ура-чыста і ўсхвалявана:
— Сталін, таварышы!
Ён крутнуў рэгулятар гучнасці, і з радыёпрыёмніка пачуўся знаёмы голас Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
«Цяпер гэты шаленскі план трэба лічыць канчаткова праваліўшымся».
У прыёмніку зашумелі воплескі.
— Які гэта план? Што было сказана перад гэтым? — запыталася адразу некалькі чалавек. Яны спадзяваліся, што Іван Дзянісавіч чуў пачатак прамовы.
— Гэта аб плане «маланкавай вайны»,— сказаў Варвашэня.— Ціха, таварышы!
«Чым растлумачыць,— роўна і спакойна гучаў у зямлянцы голас,— што «маланкавая вайна», якая ўдалася ў Заходняй Еўропе, не ўдалася і правалілася на Усходзе?
На што разлічвалі нямецка-фашысцкія стратэгі, сцвярджаючы, што яны ў два месяцы пакончаць з Савецкім Саюзам і дойдуць за гэты кароткі тэрмін да Урала?
Яны разлічвалі перш за ўсё на тое...» — I далей пералічваліся ўс'е вар'яцкія меркаванні нямецка-фашысцкіх ваяк.
—Мусіць, урачыстае пасяджэнне ў Маскве! — узбуджана прашаптаў Мачульскі.
Калі ёсць голас Масквы ў эфіры, значыць, Масква жыве; прывітанне табе, родная сталіца! Голасам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага дарагая Масква вітала людзей у глыбокім тыле ворага, на глухім палескім астраўку.
«Няўдачы Чырвонай Арміі,— гаварыў далей Сталін,— не толькі не аслабілі, а, наадварот, яшчэ болып умацавалі як саюз рабочых і сялян, так і дружбу народаў СССР».
Зноў зашугалі ў прыёмніку воплескі, некаторыя з прысутных памкнуліся падхапіць іх, але на тых адразу заківалі, зашыкалі. Словы добра чуліся ў зямлянцы, іх можна было яшчэ разбіраць ля адчыненых дзвярэй, а далей яны станавіліся невыразнымі, зліваліся. Самы дальні з тых, што слухалі, спытаў у суседа, сусед перадаў "пытанне далей, і яно дайшло аж да Рыгора Плышэўскага, які сядзеў на парозе зямлянкі. Той адказаў раз, другі, а потым, прыладзіўшыся, пачаў ціхенька паўтараць паасобныя сказы.
А праз некалькі хвілін Плышэўскі, нічога не сказаўшы, раптам засмяяўся. Гледзячы на яго, засмяяліся і іншыя, не ведаючы яшчэ над чым. I толькі праз хвіліну Рыгор Іванавіч, ледзь стрымліваючы смех, паўтарыў:
— Гітлер падобен на Напалеона не больш, як кацянё на льва.
I пакаціўся смех бурнай хваляй. Тут ужо нішто не магло дапамагчы. Можна ўтрымаць людзей ад апладысментаў, ад ускрыкаў захаплення, калі гэта патрабуюць абставіны. Але калі партызан пачаў смяяцца, то лепш яму не перашкаджаць, пакуль не насмяецца ўволю,— усё роўна не перапыніш. За апошнія паўгода людзі мала смяяліся, мала весяліліся і смяюцца цяпер ад таго, што і на самай справе смешна, і нават ад радасці і ўсхваляванасці.
3 вуснаў у вусны шапатком перадаваліся словы з эфіру і так, нібы па жывому тэлеграфу, ішлі па ўсяму востраву.
«Існуе толькі адзін сродак, неабходны для таго, каб звесці да нуля перавагу немцаў у танках і гэтым самым карэнным чынам палепшыць становішча нашай арміі. Ён, гэты сродак, заключаецца не толькі ў тым, каб павялічыць у некалькі разоў вытворчасць танкаў у нашай краіне, але таксама і ў тым, каб рэзка павялічыць вытворчасць супрацьтанкавых самалётаў, супрацьтанкавых стрэльбаў і гармат, супрацьтанкавых гранат і мінамётаў, будаваць больш супрацьтанкавых равоў і ўсякага роду іншых супрацьтанкавых перашкод.
У гэтым цяпер задача».
—У гэтым задача! — пачулася сярод партызан. Пазней гэты сказ маланкай разляцеўся па атрадах і моцна прыжыўся ў партызанскім лексіконе.
Надыходзіў час выступаць на баявыя аперацыі. 3 зямлянкі выйшлі камандзіры атрадаў і груп. У памяці кожнага гучалі нядаўна пачутыя словы. Яны выклікалі бадзёрасць і нястрымнае жаданне аддаць усе сілы на барацьбу з ворагам. Ля радыёпрыёмніка засталіся Сакевіч, Касцюкавец, Філіпушка і яшчэ некалькі партызан з алоўкамі і паперай. Яны звяралі свае запісы. Варвашэня адвёў убок кіраўнікоў падпольных груп, Феню Конанаву і сувязных. Па даручэнню абкома ён паведаміў ім, што заўтра к поўдню будзе выпушчана спецыяльная лістоўка з дакладам I.В.Сталіна. Для гэтага пакідаецца група людзей. Іх работа будзе лічыцца баявым заданнем. Што не ўдалося запісаць цяпер, запішуць па перадатчыку ТАСС. Неабходна заўтра выслаць сваіх людзей на явачныя пункты, каб у час забраць лістоўкі і распаўсюдзіць сярод насельніцтва.

XIV

План любанскай аперацыі ў нас быў такі. Дзве баявыя групы са станковымі кулямётамі павінны быць пасланы наперад, каб перарэзаць дарогі з Любані на Урэчча з паўночнага боку і на Пагост, Слуцк — з заходняга боку. Было вядома, што ў любанскай камендатуры ёсць радыё і тэлефонная сувязь з суседнімі гарнізонамі. Амаль у любы час гітлераўцы маглі кінуць падмацаванні. Мы зрабілі ўсё для таго, каб у патрэбны час перарэзаць тэлефонны провад, а канцы іх падключыць да сваіх апаратаў. Калі будуць званіць у Любань з суседніх гарнізонаў і пытаць, што там за стральба, наш тэлефаніст па-нямецку павінен адказаць, што камендант заняты, а партызаны страляюць недзе ў лесе.
Асобна былі створаны ўдарныя групы гранатамётчыкаў і аўтаматчыкаў пад агульным камандаваннем Бельскага і Варвашэні. Групы павінны былі нячутна падпаўзці к вялізнаму глінабітнаму будынку, дзе размяшчалася камендатура, зняць вартавых і роўна а чацвёртай гадзіне раніцы атакаваць эсэсаўцаў. Камандзірам групы аўтаматчыкаў быў прызначаны Змітро Гуляеў, камісар атрада Далідовіча. Яму быў прыданы атрад Патрына. Астатнія партызанскія сілы былі падзелены на дзве часткі. Адна павінна была наступаць з паўночнага боку мястэчка, а другая — з паўднёвага. Падрыхтоўка да аперацыі праводзілася ў поўнай тайне. Ішлі мы ў такі час сутак, калі вораг не надта чакаў якога-небудзь удару. Складанасць гэтай аперацыі заключалася яшчэ і ў тым, што на паўднёвы ўсход ад райцэнтра Любань працякае рака Арэса, а на захадзе было балота.
А другой гадзіне ночы 7 лістапада байцы Гуляева і атрад Патрына падышлі да таго месца Арэсы, дзе яна працякае найбліжэй да Любані. Тут быў мост, і, на жаль, ён служыў адзінай пераправай цераз раку. Гітлераўцы выкарысталі гэта — паставілі тут моцную ахову і, такім чынам, нібы засланілі сябе ад небяспек з лясістых месц раёна.
Гэтая заслона ўскладніла наша становішча. Мы ведалі пра нямецкую ахову моста. Меркавалася зняць яе без шуму, аднак, калі вартавы ўсё ж паспее падняць трывогу, тады наша аперацыя прыме зусім іншы характар. Таму трэба было ўсё прадбачыць.
Я выклікаў да сябе камандзіраў перадавых падраздзяленняў.
— Што мяркуеце рабіць? — спытаў у Гуляева.
— Самну,— ціха сказаў ён,— ніхто і піснуць не паспее.
У яго голасе чуліся рашучасць і ўпэўненасць, аднак нельга было пакладацца толькі на гэта. Каля мяне стаяў Гарбачоў, ён тут жа атрымаў заданне: у райцэнтр пад выглядам сялян любымі метадамі заслаць пяцёх партызан, якія ў вызначаны час падышлі б да моста з гарадка і па сігналу рынуліся на ахову. Затым я загадаў вылучыць дзве групы: адну ад Гуляева, другую ад Патрына. Яны павінны былі падысці да моста не па дарозе, а ўздоўж ракі: адна з правага боку, другая з левага. Задача: знішчыць ахову, чаго б гэта ні каштавала. Калі ж не ўдасца зняць яе паціху, знішчыць з шумам, аднак раптоўна і ў тую ж хвіліну рынуцца ўсёй сілай у райцэнтр, каб не даць гітлераўцам прыняць баявы парадак і заняць збудаваныя імі ўмацаванні.
Пайшлі на мост чатырнаццаць смельчакоў: сем з аднаго боку, сем з другога, а пяць партызан павінны былі накінуцца на ахову з боку горада. Выбраўшы зручны момант, яны так лоўка схапілі нямецкіх патрулёў, што тыя і сапраўды піснуць не паспелі. Тры кулямётчыкі спалі каля агнявога пункта, але ім не давялося нават прачнуцца... Было яшчэ некалькі паліцэйскіх у каравульным памяшканні. Яны таксама былі знішчаны.
Дарога была ачышчана, атрад і групы рушылі па вызначаных маршрутах на свае пазіцыі.
Выйшлі амаль дакладна па плану каля будынкаў, дзе размясціліся эсэсаўцы. Партызан аклікнуў толькі адзін вартавы, а астатнія, пачуўшы небяспеку, збеглі. Кароткай чаргой з аўтамата Гуляеў скасіў гітлераўца. Страляць дачасна забаранялася, гэта магло ўспалашыць гарнізон, аднак іншага выйсця не было. Пакуль фашысты ўзварушыліся, групы Гуляева паспелі дасягнуць глінабітнага будынка. Загрымела «кішанёвая артылерыя». Чуўся звон шкла, дзікія крыкі і стогны гітлераўцаў. 3 вышак застрачылі два станковыя кулямёты. Флангавыя групы Патрына адкрылі агонь па вышках і па вокнах будынка. Акупанты спрабавалі выскакваць праз вокны, але тут жа падалі ад куль. Застракаталі нямецкія кулямёты і з іншых агнявых пунктаў, аднак з перапалоху яны білі неўпапад. У цемені, добра ведаючы кожны закавулак у гарадскім пасёлку, нашы атрады абышлі іх.
Акрамя эсэсаўцаў у Любані была камендатура, гестапа, атрад паліцыі. Яны былі атакаваны баявымі групамі Далідовіча і Розава. Акупанты спрабавалі супраціўляцца: на вуліцах паднялася бязладная страляніна, аднак налёт быў такі раптоўны, што ўся фашысцкая зграя, апанаваная страшэннай панікай, не здолела заняць абароны.
Бой цягнуўся каля дзвюх гадзін, ён прайшоў нават з большым поспехам, чым мы чакалі. Варожы гарнізон быў разгромлены поўнасцю. Больш паўсотні фашыстаў было забіта, шмат паранена, частка паліцаяў разбеглася. Нашы атрады захапілі багата зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і вопраткі. Значная частка прадуктаў і вопраткі была раздадзена мясцоваму насельніцтву.
Раніцай, калі асноўныя групы ўжо адышлі ад Любані і часова прыпыніліся ў вёсцы Рэдкавічы, мы атрымалі данясенні камандзіраў засад на дарогах. Яны паведамлялі, што варожых падмацаванняў не відаць. Гэта крыху здзівіла нас: няўжо наш удар быў такі раптоўны, што гітлераўцы нават не паспелі ўзняць трывогі? Я аддаў загад зняць заставы. У гэты час наш тэлефаніст далажыў, што званілі з суседніх гарнізонаў, але ён адказаў на трывожныя запытанні па-нямецку: «Нічога страшнага ў Любані не адбываецца, проста так палохаем стральбой партызан». Фашысты і супакоіліся.
Ужо добра развіднела, настала зябкаватая, аднак здаровая і даволі яшчэ светлая раніца позняй восені. Сонца паднялося і зайграла ў вокнах трапяткімі, рознакаляровымі вясёлкамі. I па меры таго як яно падымалася, усё свяжэла і свяжэла на вуліцы: молада жаўцелі яшчэ не паспеўшыя пачарнець за вайну новыя платы, лёгкі іней раставаў на стрэхах, мільгаючы і пабліскваючы вадзянымі кропелькамі, сям-там з утульнага кутка, дзе-небудзь з-пад гнілога шула, выглядаў пучок яшчэ зялёнай травы і, прыцягнуўшы на сябе сонечны праменьчык, здавалася, выхваляўся перад усімі сваёй трываласцю. Настала якраз тая хвалюючая гадзіна, калі савецкі чалавек некалі выносіў з хаты чырвоны сцяг, вывешваў яго над брамаю і, поўны бадзёрасці і ўрачыстасці, накіроўваўся на дэманстрацыю.
Сонца свяціла ласкава, па-святочнаму, нас так і цягнула адкласці на нейкі час усе справы і арганізаваць у гэтай вёсцы дэманстрацыю, правесці свята па ўсіх правілах, як у добрыя мінулыя часы. Аднак затрымлівацца надоўга мы тут не маглі. Ясна было кожнаму, што фашысты хутка ўзварушацца, кінуць войскі на Любань, тады нам цяжэй будзе адысці на свае базы. Вось ужо і дзевяць гадзін раніцы.
На вуліцу выйшлі дзяўчаты. Яны апрануты па-святочнаму. Традыцыя святкавання кастрычніцкай даты ўжо так увайшла ў свядомасць людзей, што стала духоўнай патрэбай. Напярэдадні акупанты абвясцілі, што ўсе савецкія святы адмяняюцца, што за святкаванне гадавіны Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі людзі будуць цяжка пакараны, аднак жа вось дзяўчаты выйшлі. Паступова на вуліцы пачало з'яўляцца ўсё больш і больш людзей. Спачатку нясмела, з асцярогай, а потым на ўвесь голас яны пачалі загаварваць з нашымі партызанамі. Даведаўшыся, што гэта мы сёння ноччу страсянулі любанскі гарнізон, сяляне мнагазначна, з адабрэннем у вачах, усміхаліся, падміргвалі адзін аднаму. Слова за слова,— даведаліся сяляне, што ўчора ўвечары мы слухалі Маскву. Ну, тут і пайшло! Абступілі нас з усіх бакоў, просяць затрымацца хоць на адну хвіліну, хоць двума словамі паведаміць, што там чутно ў Маскве, у Крамлі
Так сам сабою ўзнік у Рэдкавічах святочны мітынг. Рызыкуючы трапіць у небяспечнае становішча, мы ўсё ж крыху затрымаліся ў вёсцы. Я павіншаваў сялян са святам дваццаць чацвёртай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і перадаў змест прамовы Сталіна на ўрачыстым пасяджэнні ў Маскве.
Здавалася, што ні ў адно свята людзі не перажывалі такой вялікай усеабдымнай радасці. I мы радаваліся разам з імі. Радаваліся ад таго, што Радзіма наша выстаяла перад варожым націскам і што далей, то ўсё больш набірае сілы наша Чырвоная Армія. Нарэшце радасць прыходзіла і ад таго, што наш вялікі партызанскі бой прайшоў з поспехам.
Сонца было ўжо над стрэхамі, калі мы пакідалі вёску. Па вуліцы ішлі строем, усе сяляне праводзілі нас. I вось перад намі і ўслед за намі, дзе па вуглах хат, дзе на варотах, пачалі з'яўляцца чырвоныя сцягі. Рэдкавічы віталі дваццаць чацвёртую гадавіну Кастрычніка. У партызан цвярдзеў крок, бо чырвоныя сцягі віталі і нашу перамогу, заклікалі нас наперад.
Па дарозе ў лагер нас дагналі партызаны адной з нашых застаў. На павозцы ля станковага кулямёта ў іх ляжаў нейкі чалавек, вымазаны ў гразь так, што нават цяжка было разгледзець яго вопратку, твар, нельга было вызначыць узрост.
— Хто такі? — спытаў я ў камандзіра заставы.
— Паліцэйскі,— упэўнена адказаў той,— схапілі каля мястэчка, бег некуды.
— А чаму на павозцы, хіба ісці не можа?
— Ды так што не можа, таварыш камандзір. Заморак нейкі, мусіць, хваравіты: а тут яшчэ хлопцы далі яму прыпаркі, ён і самлеў.
—Шчасце яго,— умяшаўся ў гаворку Якаў Бердніковіч,— што хутка абвяў, а то б мы яму, гаду, са злосці пячонкі адбілі б. Яшчэ прыкідваецца сваім, смярдзюга, дурняў знайшоў. Вось ачухаецца, дык мы яму яшчэ...
—Ніякіх самасудаў! — рэзка абарваў я Бердніковіча і паклікаў Гарбачова. Цяжкая здагадка мільганула ў мяне: магчыма, гэта сапраўды наш чалавек, той самы падполыпчык, якога Гарбачоў прыладзіў у любанскім гарнізоне.
На вялікае здзіўленне ўсіх, і асабліва Бердніковіча, які вельмі быў старанным у правучванні «паліцэйскага», выявілася, што гэта і ёсць Раменьчык, наш партызан-разведчык. Ен ледзь не загінуў у часе налёту. Сапраўды складанае становішча было ў чалавека. Па службе разведчыка яму трэба было заставацца ў гарнізоне да апошняй хвіліны і чакаць нашых. Раменьчык пайшоў на самаахвярнасць і сумленна выканаў свой патрыятычны абавязак. Ён пастараўся зрабіць так, каб з дзвюх гадзін ночы самому стаяць вартавым. Пры з'яўленні партызан ён кінуў пост і, выкарыстаўшы паніку і перапалох сярод гітлераўцаў, сапсаваў у камендатуры рацыю, тэлефонныя апараты, каб слуцкі, пагосцкі і старобінскі гарнізоны не здолелі прыслаць падмацавання.
Потым, каб не трапіць пад гарачую руку партызан, Раменьчык прытуліўся ў надзейным месцы, перачакаў самы гарачы час і падаўся ў той бок, куды адышлі партызаны. Тут яго і схапіла наша застава. Вядома, што калі чалавек быў у паліцэйскай форме, то размова з ім доўга не цягнулася.
У лагеры нас чакала вельмі радасная навіна. Работнік абкома Сакевіч, які разам з невялікай групай партызан застаўся на месцы для выпуску лістовак, паведаміў, што ў Маскве, на Краснай плошчы, толькі што адбыўся ваенны парад, на якім з прамовай выступіў I.В.Сталін. Тэкст прамовы ўдалося запісаць поўнасцю.
«...Таварышы чырвонаармейцы і чырвонафлотцы, камандзіры і палітработнікі, партызаны і партызанкі! — гаварыў Вярхоўны Галоўнакамандуючы.— На вас глядзіць увесь свет як на сілу, здольную знішчыць грабежніцкія полчышчы нямецкіх захопнікаў. На вас глядзяць заняволеныя народы Еўропы, падпаўшыя пад ярмо нямецкіх захопнікаў, як на сваіх вызваліцеляў. Вялікая вызваленчая місія выпала на вашу долю. Будзьце ж дастойнымі гэтай місіі! Вайна, якую вы ведзяце, ёсць вайна вызваленчая, вайна справядлівая. Няхай натхняе вас у гэтай вайне мужны вобраз нашых вялікіх продкаў — Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, Кузьмы Мініна, Дзмітрыя Пажарскага, Аляксандра Суворава, Міхаіла Кутузава! Няхай асяніць вас пераможны сцяг вялікага Леніна!
За поўны разгром нямецкіх захопнікаў!»
У хуткім часе пачалі прыбываць данясенні з другіх раёнаў. Першым з'явіўся пасланец ад Меркуля і Коржа. Яго даклад выклікаў ва ўсіх нас небывалае ажыўленне. Справа ў тым, што атрад Коржа разам з групай партызан Меркуля, пры актыўнай дапамозе калгаснікаў, адным заходам знішчыў тры паліцэйскія гарнізоны ў вёсках Заброддзе, Чырвонае Возера і Осава. Прычым знішчыў іх, мала прымяняючы зброю.
Да аперацыі Корж падрыхтаваўся добра. Дасканала вывучыўшы абстаноўку, Васіль Захаравіч вырашыў не траціць вельмі на паліцэйскіх патронаў, а захапіць іх усіх без шуму. Аб сваіх меркаваннях ён расказаў членам бюро Старобінскага райкома партыі. План быў ухвалены. Раённы камітэт вылучыў у дапамогу Коржу групу байцоў Меркуля. Пагаварылі з партызанамі, іх таксама захапіў смелы і арыгінальны план чарговай аперацыі.
Пачалі дзейнічаць. Васіль Захаравіч Корж узяўся быць за перакладчыка, а камсамолец партызан Нордман, які нядрэнна валодаў нямецкай мовай, апрануўся ў форму нямецкага афіцэра і стаў «камендантам». Астатніх партызан таксама пераапранулі ў нямецкую вопратку. У баявую групу падбіраліся людзі смелыя, рашучыя, з вялікай вытрымкай і моцнай воляй.
Досвіткам падышлі да вёскі Заброддзе. Паставілі вакол кулямёты, потым падзяліліся на групы па два, па тры чалавекі і пайшлі. Корж ішоў з «камендантам». Паліцэйскія тут былі не на казарменным становішчы, таму даводзілася заходзіць «у госці» амаль да кожнага. Корж адразу накіраваўся да двара старасты. Апынуўшыся каля яго хаты, Васіль Захаравіч моцна пастукаў у акно.
— Хто там? — адазваўся хрыпаты мужчынскі голас.
— Камендант Шульц,— грозна прамовіў Нордман.
А «перакладчык» у сваю чаргу растлумачыў:
— Пан камендант хоча пагаварыць з вамі.
Тым часам «камендант» пачаў выкрыкваць нямецкія словы, стараючыся падбіраць найбольш злосныя і зняважлівыя. Прайшло некалькі хвілін, і ў вокнах з'явілася святло, потым загрымела запора, дзверы адчыніліся. Корж, у суправаджэнні двух пераапранутых партызан, увайшоў у хату. Стараста, пажылы, злыселы мужчына, лісліва пакланіўся, нешта залепятаў, а калі выпраміўся, дык раптам збялеў, рот яго пакарэжыўся. Мабыць, аднаго з партызан ён пазнаў. Нервовым узмахам рукі ён збіў лямпу, кінуўся ў сенцы і схапіў сякеру. Страляць пабаяўся, бо ў хаце былі яго жонка і дзеці. Коржу таксама нельга было страляць: у цемені можна было трапіць у сваіх. Завязалася кароткая, але вельмі адчайная і рашучая барацьба. Варта было зрабіць які-небудзь промах, і ўся аперацыя магла б праваліцца. Калі толькі стараста вырвецца жывым, ён зараз жа падыме трывогу.
У такіх выпадках рашучасць і імклівасць — галоўнае. Злавіўшы ліхтарыкам стараставу лысіну, Корж нацэліў на яго пісталет і загадаў кінуць сякеру. Яркае святло асляпіла здрадніку вочы. Не паспеў ён адумацца, як адзін з партызан забег збоку і стукнуў яго аўтаматам па галаве. Сякера выпала з рук. Старасту звязалі і вывалаклі на вуліцу.
Прыкладна такім жа чынам, дзе лягчэй, дзе цяжэй, партызаны расправіліся з астатнімі паліцэйскімі вёскі Заброддзе. Мясцовыя калгаснікі дапамагалі партызанам лавіць і знішчаць ворагаў. Тых, хто застаўся жывы, забралі з сабою, надзейна павязаўшы ім рукі.
Рушылі далей. На дварэ ўжо добра развіднела, але партызаны ішлі строем, зусім не маскіруючыся. Неўзабаве паказалася вёска Чырвонае Возера. Не даходзячы да яе, можа, з паўкіламетра, Корж загадаў пакласці ўсіх паліцэйскіх, якіх вёў з сабою, ніцма на зямлю, тут жа каля павозак пакінуў ахову з кулямётамі, а сам з Нордманам і групай партызан пайшоў у вёску. Сустрэўшы на вуліцы аднаго паліцэйскага, «перакладчык» загадаў яму правесці «пана каменданта» да старасты. Той рад быў дагадзіць начальству.
— Даўно служыш? — спытаў у яго Корж.
— Даўно,— угодліва адказаў паліцай,— з першых дзён вызвалення.
— Ого!— «Перакладчык» зрабіў здзіўлены выгляд.— Значыць, ветэран?
— Што?
— Ветэран, кажу, стары служака. Тутэйшы ці прыезджы?
— Тутэйшы, але даўно не быў тут.
— А дзе ж ты быў?
— У савецкай турме.
— Так, так, — заківаў галавою «перакладчык». А «камендант» ухвальна сказаў:
— Гут, гут.
—Нагараваўся ты, відаць,— прадаўжаў «перакладчык».— Ды нізавошта, відаць?
—За дробязь адну,— падахвочаны «немцамі», выкладваў паліцай,— стрэліў быў у аднаго актывіста калектывізацыі, ды не пацэліў добра, а толькі параніў...
—Нагараваўся, нагараваўся,— спачуваў «перакладчык».— Ну, нічога, цяпер ты ў нас патрэбны чалавек. Паслужыш яшчэ крыху, павысім, узнагароду дадзім...
—Павесім...— з націскам сказаў «камендант» і лагодна заківаў галавой. Твар яго выяўляў задаволенне ад таго, што і ён здолеў нешта зразумець па-руску і нават прыняць удзел у размове: — Па-авес-сім...
Паліцэйскі палахліва глянуў на яго.
— Не бойся! — супакоіў яго «перакладчык».— Пан Шульц яшчэ толькі вучыцца гаварыць па-руску.
Падышоўшы да двара старасты, Корж пакінуў партызан на дварэ, а сам з «камендантам» увайшоў у хату.
—Добры дзень, пан! — сказаў «перакладчык» у той час, як «пан камендант» таксама прывітаўся па-нямецку.— Як здароўе, пан?
Стараста, нізка пакланіўшыся, памкнуўся ўжо адказваць, але «камендант» нешта выкрыкнуў па-нямецку.
—Вінаваты! — казырнуўшы, адказаў «перакладчык» і, рэзка павярнуўшыся да старасты, прамовіў:
— Пан камендант не хоча ведаць пра ваша здароўе, а загадвае зараз жа сабраць увесь гарнізон у школу. У яго будзе вельмі важнае паведамленне. Усе павінны прыйсці са зброяй.
Стараста яшчэ раз угодліва пакланіўся:
— Слухаю!
«Камендант» і «перакладчык» пайшлі ў школу. Хутка туды пачалі збірацца паліцэйскія, і калі ўсе былі ў зборы, «камендант» даў знак «перакладчыку» пачынаць. «Перакладчык» устаў, акінуў усіх непрыязным позіркам і пачаў з самых рэзкіх слоў:
—Гультаі вы, абібокі, а не памочнікі нямецкага камандавання! Пан камендант зусім не задаволены вамі. Чаму вы не нападаеце на партызан у лесе, а седзіцё па сваіх хатах? Што гэта вам, паліцэйскі гарнізон ці бязладнае зборышча? Нават службы аховы няма, ні пароля, нічога. Чаму гэта і сюды некаторыя прыйшлі без вінтовак?
У заключэнне «перакладчык» ад імя «каменданта» загадаў паліцэйскім зараз жа ісці да павозак, што стаяць за вёскай, і атрымаць там аўтаматы.
— Пойдзеце на буйную аперацыю,— растлумачыў «перакладчык».
Паліцэйскія пад камандай старасты накіраваліся ва ўказанае месца, а там іх сустрэў Меркуль, які са сваёй групай, узброенай кулямётамі, увесь час пільна сачыў за ўсім, што рабілася ў вёсцы.
— Скласці вінтоўкі! — скамандаваў ён. Некаторыя з паліцаяў пазналі Меркуля і кінуліся наўцёкі, але зараз жа былі скошаны аўтаматнай чаргой. Астатнія паспешна выканалі каманду.
—Кладзіцеся на зямлю! — загадаў Меркуль. Паліцаі паляглі ўніз тварамі.
Пачуўшы страляніну, узварушыўся суседні, осаўскі гарнізон. Паліцаям захацелася даведацца, што робіцца ў Чырвоным Возеры. Падышоўшы да вёскі і ўбачыўшы на ўскраіне групу людзей, осаўскія паліцэйскія рассыпаліся ў ланцуг і заляглі, пачалі прыглядацца. Здалёк ім цяжка было разабраць, што за людзі каля вёскі Чырвонае Возера.
Корж таксама заўважыў няпрошаных гасцей. Ён загадаў Меркулю ўзяць іх на прыцэл, а сам з «камендантам» і з невялікай групай партызан пад камандай Шатнага пайшоў насустрач паліцэйскім. Корж ужо добра ўвайшоў у ролю «перакладчыка». Тут ён гучна лаяўся, энергічна размахваў пісталетам і крычаў:
— Пан камендант загадвае вам неадкладна выступіць для сумесных дзеянняў супраць партызан! Зараз жа падыдзіце!.
Праз некалькі хвілін паліцэйскія вырашылі накіраваць да Коржа свайго парламенцёра. Спярша паказаўся белы шматок на штыку, потым паліцай устаў і дробным няўпэўненым крокам стаў набліжацца.
«Камендант» выкрыкнуў нешта незразумелае, а «перакладчык» спытаў:
— Паліцэйскія вы ці чорт вашу маці ведае хто?
— Паліцэйскія, пан, паліцэйскія,— залапатаў парламенцёр.
—Пан камендант не верыць, што вы паліцэйскія,— грозным тонам прадаўжаў «перакладчык».— Якога тады чорта вы туляецеся ў час аперацыі супраць партызан? Калі вы сапраўды паліцэйскія, дык пан камендант загадвае вам падысці да яго без зброі.
Паліцэйскі кінуў вінтоўку і ледзь не бежкам паспяшаўся да «каменданта». У гэты момант Корж зірнуў на Шатнага і вельмі здзівіўся. За некалькі крокаў ад яго стаяў ужо нібыта і не Шатны, бясстрашны партызан, а нікчэмны, гарбаты паліцэйскі: падбароддзе ў яго было падвязана нейкай зношанай чорнай хусткай, шапка насунута на вушы, шыя ўцягнута ў каўнер. У чым справа? Але не час цяпер цікавіцца. Корж звярнуўся да парламенцёра:
— Хто ў вас старшы?
— Я,—далажыў паліцэйскі.
— Прозвішча?
— Ляўшэвіч, пан.
«Перакладчык» аж здрыгануўся, аднак выгляду не падаў. Гэтае прозвішча вельмі ж запомнілася яму.
— Кліч сюды ўсіх! — загадаў ён.
— Гэта нашы! — гукнуў Ляўшэвіч сваім.— Гэта нашы, ідзіце сюды смела!
Чатырнаццаць паліцэйскіх падняліся са сваіх месц і накіраваліся да Меркуля. Калі яны непрыкметна былі ўзяты пад канвой, Корж ціха спытаў у Шатнага:
— Чаго ты так абматаўся?
— Каб не пазналі пакуль што,— шапнуў Шатны.— Гэты Ляўшэвіч мяне ведае.
Аднак ні здрадніку Ляўшэвічу, ні яго падначаленым і ў галаве не было прыглядацца да прыезджых «паліцэйскіх». Калі ёсць сапраўдны нямецкі камендант і сапраўдны перакладчык, дык чаго там прыглядацца да паліцэйскіх. Ясна, што і паліцэйскія з акупантамі будуць.
Калі ж яны падышлі да павозак і апынуліся пад рулямі кулямётаў, Шатны зняў павязку і ступіў да Ляўшэвіча.
— Партызаны! — не сваім голасам закрычаў Ляўшэвіч, але тут жа быў збіты з ног трапным ударам Меркуля.
— Кідай зброю! — скамандаваў Меркуль астатнім. Паколькі паліцэйскія былі жорсткія і бязлітасныя да мясцовага насельніцтва, настолькі ж баязлівымі аказаліся тут.
Усе адразу пакідалі зброю, а Ляўшэвіч раптам паспрабаваў даводзіць, што ён не вінаваты, што яго сілаю прымусілі пайсці ў паліцыю.
— Вырадак ты агідны! — сказаў яму Меркуль.— Ты думаў, што мы так і не дабяромся да цябе!
I тут жа перад усімі партызанамі ён далажыў Коржу, хто такі Ляўшэвіч.
Васіль Захаравіч спакойна выслухаў Меркуля, прайшоўся сюды-туды па абмёрзлай мураве, падумаў, потым коратка загадаў:
— Расстраляць здрадніка Радзімы!
Следам за гэтым ён загадаў расстраляць таго чырвонаазерскага паліцая, які выхваляўся сваімі «заслугамі», праводзячы «каменданта» і «перакладчыка» да старасты. 3 астатнімі зрабілі згодна прысуду мясцовых людзей: хто пайшоў у паліцаі добраахвотна і паспеў ужо нарабіць шмат шкоды,— расстралялі, а тых, хто трапіў у гэтую бандыцкую шайку пад прымусам, не праяўляў актыўнасці на службе ў фашыстаў і нават не меў зброі, пусцілі дадому.
Вестка аб гэтай аперацыі маланкай абляцела раёны. Па ўсіх вёсках пачалі гаварыць, што Корж з Меркулем неўзабаве ліквідуюць усю старобінскую і жыткавіцкую паліцыю.
Ад Паўлоўскага і Маханька прыйшлі паведамленні пра налёт на капаткевіцкі гарнізон. Камандзіры перадавалі, што аперацыя прайшла паспяхова: забіта звыш двух дзесяткаў гітлераўцаў і паліцаяў, узяты трафеі. 3 боку партызан ахвяр не было. У дадатак да аперацыі Коржа Меркуль паведаміў, што яго група зрабіла яшчэ ўдалы налёт на пагосцкі гарнізон у Старобінскім раёне.
Жыткавіцкая група не здолела паварушыць местачковага гарнізона, аднак яна зрабіла не менш важную справу: групе ўдалося ўзарваць жыткавіцкую міжраённую нафтабазу, дзе за апошнія часы акупанты назапасілі сотні тон гаручага.
Жукоўскі ўдарыў па чырвонаслабодскаму гарнізону, Жыжык — па капыльскаму. Партызаны Пакроўскага разграмілі нямецка-паліцэйскі гарнізон у мястэчку Смілавічы і спалілі склад з валёнкамі, падрыхтаванымі для гітлераўскай арміі.
У гэтыя ж дні стала вядома, што баявыя падпольныя групы ў Мінску зрабілі рад буйных дыверсій на чыгуначным вузле. Была выведзена са строю помпа на станцыі Мінск-Таварная. У выніку вузел застаўся без вады.
Дзесяць дзён немцы вымушаны былі ганяць паравозы на мост, дзе ім падавалі ваду з рэчкі. Праз недахоп вады шмат паравозаў выйшла са строю.
I ў многіх іншых месцах у гэтыя дні нямецкія захопнікі добра адчулі на сваёй скуры смелыя і магутныя ўдары народных мсціўцаў.
Так партызаны Міншчыны адзначылі дваццаць чацвёртую гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Праз некаторы час па ўсіх атрадах, па ўсёй Беларусі разнеслася радасная, хвалюючая душу вестка: нямецкія полчышчы былі разгромлены пад Масквой і адагнаны ад роднай сталіцы.

 

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."