Людзі асобага складу (В.І.Казлоў) працяг
Людзі асобага складу (В.І.Казлоў) працяг - XIX (подзвіг Гарбачова, партызанскі рэйд)
Индекс материала
Людзі асобага складу (В.І.Казлоў) працяг
XV (блакада партызанскай зоны, атрад Сталярова)
XVI (Феня Конанава, стварэнне злучэння атрадаў)
XVII (Ніжынская падпольная арганізацыя)
XVIII (Феня Конанава)
XIX (подзвіг Гарбачова, партызанскі рэйд)
XX (подзвіг Фені Конанавай)
XXI (наладжванне першай радыёсувязі з Масквой)
XXII (партызанскі друк, будаўніцтва аэрадрома на в.Зыслаў)
XXIII (першы самалёт, адлет у Маскву)
XXIV ( у Маскве, вяртанне)
XXV (на Любаншчыне, новыя задачы)
Все страницы

XIX

На працягу снежня і амаль што ўсёй першай паловы студзеня мы рыхтаваліся да вялікага партызанскага рэйду. Гэта быў вельмі складаны і цяжкі перыяд барацьбы нашых атрадаў з фашысцкімі захопнікамі. Па раёнах Мінскай і іншых сумежных абласцей Беларусі бесперапынна праводзілі свае аперацыі буйныя падраздзяленні эсэсаўцаў. Гітлераўцы паставілі сабе за мэту, чаго б гэта ні каштавала, расправіцца з беларускімі партызанамі. Нашым атрадам прыходзілася штодзённа весці жорсткія баі, манеўраваць, вельмі часта мяняць месца дыслакацыі. Асабліва цяжка стала ў Старобінскім, Чырвонаслабодскім, Грэскім, Капыльскім, Слуцкім, Рудзенскім, Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах. Атрадам Коржа, Меркуля, Бандараўца і некаторым іншым давялося часова перабрацца на Любаншчыну, Глушчыну і ў раён Старых Дарог. Базы гэтых атрадаў, падрыхтаваныя на зіму, былі пакінуты пад наглядам сувязных, якія заставаліся на месцы і пражывалі ў вёсках.
Партызанскія атрады Мінскай і Палескай абласцей стрымлівалі шалёны націск нямецка-фашысцкіх войск і настойліва, упарта рыхтаваліся да вялікага рэйду па праследаванню гітлераўцаў і разгрому іх гарнізонаў. Нам неабходна было значна папоўніцца людзьмі, зброяй, арганізаваць добры санны транспарт, каб надаць атрадам належную манеўровасць ва ўмовах зімы. Стаянне на адным месцы ў такі адказны час з параўнальна невялікімі сіламі было для нас небяспечным і рызыкоўным. А рашучае і імклівае наступленне павінна было прынесці поспех. Гітлераўцы ж страшэнна баяліся нашай зімы. Спадзеючыся закончыць вайну да маразоў, гітлераўскае камандаванне не забяспечыла цёплым абмундзіраваннем нават франтавыя часці, а тылавікам дык зусім нічога не выдавалася з цёплай вопраткі і абутку. Нямецкае камандаванне мела на ўвазе, што тылавікі самі забяспечаць сябе за кошт нарабаванага ў нашага насельніцтва дабра. Дзе-нідзе фашыстам удавалася ўварвацца ў вёску, абрабаваць, забраць у людзей вопратку, абутак, каб хоць як-небудзь выратавацца ад вялікіх маразоў. Але насельніцтва Міншчыны хавала вопратку, а партызаны прымалі ўсе захады для таго, каб не пускаць эсэсаўскія атрады ў вёскі. Ісці ж у лес акупанты не вельмі хацелі, баяліся партызан. Такім чынам, ім прыходзілася амаль увесь час тарчаць на вятрах і маразах. Ад абмарожванняў і прастуды выбывалі са строю і гінулі сотні гітлераўцаў. Нашы сувязныя даносілі, што Слуцкая мэблевая фабрыка не спраўлялася выконваць заказы на дамавіны для замёрзлых гітлераўцаў.
Санны транспарт у партызанскіх атрадах павінен быў яшчэ больш павялічыць нашу перавагу над ворагам. Зіма была снежная і лютая. Што далей, дык акупантам ўсё цяжэй і цяжэй станавілася ездзіць па Міншчыне і Палессю на машынах, а мы, партызаны, на санях маглі прабрацца ў любое месца, рушыць у любым напрамку для нечаканага нападу на ворага або заходу яму ў тыл.
3 нашымі савецкімі людзьмі няцяжка вырашыць любую, самую складаную задачу. Для таго каб пасадзшь на сані толькі тыя атрады, якія павінны былі ісці ў рэйд, нам неабходна было набыць сама мала шэсцьсот параконных саней. Акрамя гэтага, мы вырашылі сфарміраваць адзін конны атрад і тут зноў жа патрэбны былі коні, сёдлы, аброці. Насельніцтва актыўна пайшло нам насустрач, усё дало нам, даставіла з ахвотай, з радасцю. Партыйныя органы Мінскай вобласці яшчэ ў пачатку вайны дапамаглі калгасам правільна вырашыць справу аховы грамадскай маёмасці. Яшчэ да прыходу ворага калгаснікі схавалі швентар, вупраж, фураж. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы, а зімой вывелі коней у лес і арганізавалі там пракормачныя пункты. Цяпер, калі Мінскі падпольны абласны камітэт звярнуўся да народа, усё гэта было перадана партызанскім атрадам. Што б партызанам ні спатрэбілася, насельніцтва заўсёды ішло ім насустрач. Хто каня даваў, а хто і сам з канём ішоў у партызаны. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся сумесна з калгасным актывам, людзі жылі адзіным жаданнем — як мага хутчэй знішчыць акупантаў. Вось чаму мы з першых дзён нашай барацьбы адчувалі пад сабою цвёрдую глебу, смела браліся за даволі складаныя, шырокія па маштабах і нават іншы раз рызыкоўныя задачы.
У рэйд павінны былі ісці найбольш моцныя атрады. Мінскі падпольны абком узначаліў гэтае вялікае, па сутнасці, рашаючае ў нашым жыцці наступленне. Частку атрадаў мэтазгодна было пакінуць на месцы, каб не агаляць зусім раёны. Пры нашай дапамозе яны маглі дзейнічаць і развівацца. На Любаншчыне заставаліся Патрын, Сталяроў; у Акцябры — Паўлоўскі; на Глушчыне — Храпко, Якавенка Уладзімір Кірылавіч; у Капаткевічах — Міхайлоўскі; у Капыльскім раёне — Жыжык; у Грэскім — Заяц; Філіпскіх — у Пухавіцкім раёне; Альхавец і Шашура — у Асіповіцкім; Пакроўскі — у Рудзенскім. Гэтых атрадаў мы не ўцягвалі ў рэйд, але на іх ускладалася задача дапамагаць нам, калі мы будзем праходзіць праз іх тэрыторыю. Яны павінны былі скоўваць сілы ворага, увесь час трывожыць яго, не даваць гітлераўцам спакою.
Перад самым выхадам у рэйд загінуў наш баявы таварыш, член бюро падпольнага абкома Яўстрат Гарбачоў. Загінуў гэты чалавек так жа мужна, як і заўсёды ваяваў, загінуў смерцю героя, не выпускаючы з рук зброі. Ішоў Гарбачоў з атрада Сталярова ў штаб і каля хутара Падклетнае натрапіў на конны атрад эсэсаўцаў. Эсэсаўцы, відаць, здагадаліся, што наткнуліся на аднаго з партызанскіх кіраўнікоў, і надумаліся ўзяць яго жывога.
Мясціна якраз была адкрытая: да лесу не дабяжыш і да хутара далёка. Убаку стаяла вёска Азломль, але і тая не блізка. Гарбачоў рашыў прыняць бой у чыстым полі. Акапаўшыся ў глыбокім снезе, ён прымусіў спешыцца і залегчы ўвесь нямецкі атрад.
Гарбачоў у часе бою праяўляў сілу і вытрымку невымерную. Колькі разоў раней даводзілася яму сутыкацца з фашыстамі, і заўсёды ён перамагаў! Фашысты адзін за адным падалі вакол Гарбачова, а ён заставаўся непашкоджаным, выратоўваўся.
— Партызан павінен быць непрыступным агнявым пунктам! —заўсёды гаварыў ён, і сам быў найлепшым прыкладам гэтага. Цікава было паглядзець, як Гарбачоў узбройваўся. Ідучы на заданне, ён браў два пісталеты з запасам абоймаў, аўтамат з запасам дыскаў, штук пяць гранат, кінжал. Усё гэта ў патрэбную хвіліну ён пускаў у ход.
I гэтым разам Яўстрат Дзянісавіч, залёгшы, адкрыў шквальны агонь па фашыстах, спадзеючыся на тое, што боепрыпасаў у яго хопіць надоўга. Важна было ашаламіць гітлераўцаў, прыціснуць іх да зямлі, а самому паспрабаваць адпаўзці к лесу.
Але эсэсаўцы ўпарта імкнуліся зайсці ў тыл Гарбачову, адрэзаць яму дарогу ў лес. Праз нейкі час ім удалося дасягнуць гэтага.
Акружыўшы Гарбачова, эсэсаўцы пачалі набліжацца, і тут ужо Яўстрат Дзянісавіч, мусіць, убачыў, што выйсці адсюль амаль немагчыма. У самы рашучы момант ён шпурнуў у найболын густую групу гітлераўцаў, якая была непадалёку ад яго, некалькі гранат, потым падняўся ва ўвесь рост і кінуўся на прарыў, каб выбегчы к лесу. I тут яго цяжка паранілі. Урыўшыся ў снег, ён зноў стаў мужна адбівацца, але хутка пачалі здаваць сілы, канчаліся боепрыпасы. Яўстрат Дзянісавіч вырашыў прыкінуцца забітым і падпусціць гітлераўцаў як можна бліжэй да сябе. Амаль цэлую гадзіну эсэсаўцы не падыходзілі да параненага Гарбачова, баяліся.
I калі яны нарэшце падышлі на пяць-шэсць крокаў, Яўстрат Дзянісавіч шпурнуў у іх дзве гранаты, а апошняй узарваўся сам. Як потым мы даведаліся з допыту паліцая, які тады суправаджаў гэтых эсэсаўцаў, а пазней быў злоўлены партызанамі, узрывам апошніх гранат было забіта і паранена адзінаццаць гітлераўцаў.
Заехаўшы ў вёску Азломль, эсэсаўцы загадалі калгаснікам звезці трупы сваіх забітых у вясковую школу, падрыхтаваць усё для пахавання іх, а цела Гарбачова не кратаць з месца і ні ў якім разе не хаваць. Самі рушылі далей, абвясціўшы, што пахаванне забітых адбудзецца заўтра раніцой. Фашысты баяліся заставацца нанач у прылеснай весцы, толькі аддалі загад, а самі падаліся бліжэй да гарнізона.
Вярнуўшыся раніцою ў вёску, эсэсаўцы абурыліся, закіпелі лютай злосцю: ні адзін забіты немец не быў падабраны з поля, а Гарбачова калгаснікі пахавалі. Тады эсэсаўцы выгналі ўсіх жыхароў на вуліцу, пачаліся допыты, катаванні. Калгаснікі апраўдваліся: «Як толькі вы пайшлі адсюль, дык не больш як праз гадзіну наехала да нас столькі партызан, што ўсю вёску занялі, яшчэ і навокал было іх шмат... Яны ўзялі ды і пахавалі партызана... Вунь яны толькі што паехалі адсюль, можа, яшчэ і кіламетр не ад\'ехалі». А потым адзін пажылы калгаснік, па прозвішчу Шчарбачэня, не стрымаўся і так адказаў фашыстам на допыце:
— Мы вашых фашысцкіх законаў не ведаем і ведаць не хочам. Вашы трупы могуць валяцца, як вам хочацца, могуць ляжаць сотнямі пад адным крыжам, а мы з нашымі людзьмі робім па-нашаму, па-руску. Памёр чалавек чэсна, праведна, ён павінен быць і пахаваны як трэба!..
Светлае імя Гарбачова памятна і дорага ўсяму беларускаму народу. Ніколі мы не забудзем гэтага сапраўды цудоўнага чалавека — мужнага камуніста, партызана, партыйнага работніка, чэкіста. Некалькі партызанскіх атрадаў потым было названа імем Гарбачова. Ва ўсіх атрадах і групах, ва ўсіх неселеных пунктах партызанскай зоны былі праведзены мітынгі, прысвечаныя светлай памяці Гарбачова. На гэтых мітынгах партызаны пакляліся сурова адпомсціць гітлераўскім людаедам.
Першай нашай аперацыяй у рэйдзе быў разгром нямецка-паліцэйскага гарнізона на станцыі Пасталы, Жыткавіцкага раёна. Фашысты ўмацаваліся ў Пасталах, у саўгасе «Сосны» і яшчэ ў многіх неселеных пунктах. У іх быў разлік на тое, каб перасекчы партызанскія зоны, не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна. У Пасталах да таго ж знаходзіліся яшчэ ахоўныя войскі, бо на дрэваапрацоўчым заводзе акупанты выраблялі чыгуначныя шпалы, дубовыя брусы для дзотаў і іншыя матэрыялы.
Выехалі мы дакладна ў вызначаны час. Кожны атрад выйшаў з пэўнага месца. Мы не маглі збіраць усе атрады ў адным пункце, гэта было небяспечна, ды і не выклікалася неабходнасцю. Частка атрадаў мела сваім зыходным пунктам лясы недалёка ад вёскі Углы, некаторыя стаялі каля саўгаса «Жалы», каля вёсак Жывунь, Старасек. Усе ўзялі напрамак на вёску Убібачкі. Прыехалі мы сюды гадзіне а дванаццатай ночы. Занялі рад і суседніх вёсак, выставілі заслоны. 3 такой сілай можна было ўступаць у бой з любым праціўнікам. У той час у нас былі ўжо станковыя і ручныя кулямёты, нават мінамёты. Апрача вінтовак многія партызаны мелі аўтаматы, пісталеты. Гранаты былі амаль у кожнага партызана. I вось яшчэ выдатная, універсальная і даступная для ўсіх зброя — бутэлька з гаручым. Мы карысталіся гэтай зброяй даўно, з тых дзён, калі Бумажкоў з Паўлоўскім ужылі яе ў сваім баі з калонай нямецкіх танкаў.
На прыпынку ў вёсцы Убібачкі я са штабам зайшоў у адну прасторную хату пасярод вёскі. Са мной, былі Мачульскі, Бондар, Бельскі, Варвашэня, Ляшчэня. У рэйд паех\'алі амаль усе члены абкома, таму што перад намі стаялі шырокія і вельмі адказныя задачы. Акрамя баявых аперацый у нас было нямала іншых важных спраў па стварэнню партыйнага падполля і арганізацыі партызанскага руху ў тых абласцях і раёнах Беларусі, дзе падпольных абкомаў і райкомаў яшчэ не было. Памочнік начальніка штаба выклікаў да нас камандзіраў і камісараў атрадаў. Зайшлі Меркуль з Коржам, Далідовіч, Гуляеў, Бандаравец, Шырын, Розаў, Плышэўскі, Пакуш, Жулега. Чыстая палавіна хаты, якую гасцінна адвяла для нас старэнькая, але яшчэ рухавая гаспадыня, амаль уся напоўнілася людзьмі. Прыемна і радасна было глядзець на іх. Усе бадзёрыя, падцягнутыя, валявыя. Амаль кожны меў ужо добрую верхнюю вопратку: бекешу на мяху або кажух, цёплы шынель. На плячах парыпвалі вайсковыя рамяні, на поясе віселі пісталеты і гранаты. Камандзір як камандзір. Яму даручан лёс многіх людзей, ён нясе вялікую адказнасць, яго слухаюць, бяруць з яго прыклад. Таму і знешне ён павінен выглядаць як мае быць. Мы спецыяльна займаліся гэтай справай, рыхтуючыся ў рэйд. Партызаны ў нас таксама былі апрануты цёпла і добра.
Гаспадыня абвяла нас дапытлівым позіркам, нічога не сказаўшы, паспешліва зняла з крука драўлянае вядро і выбегла з хаты. Праз хвіліну яна вярнулася, зноў павесіла вядро (ужо з вадою) на той жа самы крук у мыцельніку, абцерла фартухом азяблыя рукі, падышла бліжэй.
— Я вось гляджу, гляджу,— ласкава схіліўшы на бок галаву, загаварыла яна,— гляджу ды вачам сваім не веру. I ў хаце і на вуліцы паўнютка людзей... Гаворка наша, дух, чую, наш... I вопратка на ўсіх, і гэтак жа коні, сані, амуніцыя — усё наша... Няўжо гэта вы прыйшлі ўжо, саколікі мае, вярнуліся да нас?
— Не, бабуля,— адказваю я гаспадыні,— мы тут і былі, мы партызаны.
—Партызаны? — са шчырай радасцю перапытала бабулька.— Партызаны... Вось якія вы!.. I многа ж як, ой, многа... На фашыста ідзяце?
— Так, на фашыста.
— Ведаю, хлопчыкі, ведаю... Гэта вы яго знянацку, праўда? Спіць, ліха на яго, сны бачыць, а вы яго па патыліцы, а калі каторы не спіць, дык таго па бельмах, каб яны яму павылазілі...
— Так, бабуля, прыблізна так.
— То можа вам зварыць чаго цёпленькага?
— Дзякуем, нам ужо трэба ехаць.
— То можа я хоць вады вам хуценька нагрэю,— прасілася старая,— ды запару ліпавым цветам, малінкі сушанай усыплю. Напіцеся на дарогу,— бог дасць, ні кашлю, ні прастуды ніякай не будзе.
Хоць і шкада было крыўдзіць бабулю, але мы вымушаны былі адмовіцца ад гэтага. Трэба было спяшацца. Неабходна было раздзяліць атрады на дзве калоны і пусціць іх паралельна па двух маршрутах. Адна калона павінна была прайсці з поўдня ад саўгаса «Сосны», каля вёскі Кузьмічы, а другая — значна лявей, у напрамку вёскі Гарадзячыцы, з заходам на Ветчын. Маршрут штабной групы і коннага атрада ляжаў паміж калон. Да світання мы павінны былі выйсці к вызначаным пунктам паблізу пасталоўскага гарнізона.
Я ўказаў камандзірам іх маршруты, паўторна растлумачыў абавязкі кожнага атрада ў аперацыі. Усяго адразу не прадбачыш, аднак, добра ведаючы мясцовасць і сілы праціўніка, можна паставіць задачу ў асноўным правільна.
Бабулька ўсё нечага мітусілася там у сябе ў мыцельніку, усё нешта рыхтавала, і, калі мы выйшлі з чыстай палавіны хаты і пачалі развітвацца, яна кінулася не пускаць нас.
— Пабудзьце яшчэ трошачкі, — прасіла яна, — хоць адну хвіліначку, я тут агурочкаў салёных дастала ды капусты квашанай... Дальбог жа, вось і чарачка знайшлася, як на тое шчасце зберагла... Хоць па кроплі вазьміце на дарогу.
Корж шырока ўсміхнуўся, пагладзіў далонню вусы:
— Эх, і здагадлівая ж ты, бабуля! Не выпадае адмаўляцца, ідучы на мароз.
— От жа і я кажу,— падхапіла старая,— хоць па кроплі, хоць па расінцы... Не гневайцеся толькі, што ў мяне кілішак адзін: немцы, трасца на іх, малака шукалі, дык перабілі ўсю пасуду... Дайце хіба я ўжо вам сама паднясу.
Корж зноў лагодна засмяяўся, і бабулька паднесла яму першаму. Васіль Захаравіч узяў кубак, пакланіўся гаспадыні і адным глытком выпіў, чмокнуў ад задаволення. Потым узяў з міскі круглы, нібы мочаны яблык, агурок. Бабулька паднесла Меркулю, а затым кожнаму па чарзе.
— На здароўе вам, дзеткі,— расчулена гаварыла яна нам пры развітанні,— на добрае здароўе, шчаслівейка, дзякуй, што зайшлі. Выбачайце, калі што не так. Можа, назад калі будзеце ехаць, дык не мінайце маёй хаты.
Мароз быў моцны і калючы. Здаецца, і вецер не дзьмуў, а прабірала хутка. Коні памерзлі на прывале і нястрымна рваліся ў дарогу. Мы далі ім волю, бо дарога была не блізкая. Чым раней будзем на месцы, тым лепш,— яшчэ да світання трэба было ўдарыць па ворагу. На ўезджанай дарозе палазы скрыпелі, але мала было такіх дарог, не вельмі хто цяпер ездзіў. Амаль усюды снег ляжаў глыбокі і мяккі— сані ішлі ціха і плаўна.
3 пасталоўскім гарнізонам мы справіліся параўнальна хутка. Кулямётныя гнёзны на падыходах да чыгуначнай станцыі і вартавыя былі знішчаны без адзінага стрэлу. Фашысты не чакалі нападу ў такі ранні час: перадзолкавы, градусаў трыццаць мароз прыціснуў іх, дык распаўзліся, звяругі, па цёплых кутках. Нашы байцы пры дапамозе мясцовых людзей накрылі іх вельмі проста.
Супраціўленые было аказана галоўным чынам з двух месц: з чыгуначнай станцыі і з завода. Станцыю мы ўзялі на світанні, а завод пратрымаўся яшчэ гадзіны тры. Там засела, па сутнасці, большая палавіна гарнізона. 3 каменданцкай управы быў пракапаны падземны ход у корпус завода, і гітлераўцы перабраліся туды. 3 усіх бакоў тут стаялі кулямёты.
Як толькі фашысты адчулі, што гарнізон акружаны і ратунку няма, яны прымусілі машыніста паставіць рухавік на пары і даваць трывожныя гудкі, каб выклікаць на дапамогу суседнія гарнізоны. Сірэна пачала раўці на ўсё наваколле. Толькі гэты спосаб трывогі гітлераўцам і заставаўся, бо тэлефонную і тэлеграфную сувязь мы даўно пашкодзілі.
Але фашыстам не дапамагла гэтая хітрыка: нашы снайперы хутка збілі сірэну, і завод заглух.
Праз некаторы час мы падалі гітлераўцам сігнал здавацца, аднак яны не адказалі нам і яшчэ больш узмацнілі агонь. Тады я загадаў выбіць ворага з завода. Партызаны падпаўзлі да самых сцен будынка і пачалі кідаць гранаты ў вокны і амбразуры. Непадалёку быў склад з гаручым. Каб захаваць завод цэлым і ў той жа час паралізаваць гітлераўцаў, групы байцоў, хаваючыся за будынкі, падпаўзлі бліжэй к складу і закідалі яго бутэлькамі з бензінам. 3 вялікім выбухам шуганула полымя. Страляніна з завода крыху прыціхла, а потым зноў узнялася шквалам. Што ж такое? Аказваецца, гэта гітлераўцы пачалі біць па сваіх. Як потым вьісветлілася, калі пажар пагражаў усяму гарнізону, паміж салдатамі ўзнік разлад: адны стаялі за тое, каб здацца ў палон партызанам, другія выступалі супраць. I пайшла паміж імі калатня.
Да васьмі гадзін раніцы ўся аперацыя была скончана. Нашы партызаны патушылі пажар, выратавалі завод і ўсе іншыя будынкі. У гэтым баі было знішчана больш сотні гітлераўцаў, частка акупантаў і паліцаяў здалася ў палон. Мы ўзялі тут не малую колькасць узбраення, шмат вінтовак, боепрыпасаў і сотні тон нарабаванага хлеба. Усё збожжа раздалі навакольнаму насельніцтву.
Пасля невялікага адпачынку левая калона нашага злучэння ўзяла напрамак на Ленінскі раён, Пінскай вобласці, а правая — на вёскі Старобінскага раёна: Скаўшын, Сухую Мілю, Мілкавічы. Мы з штабной групай і конніцай рушылі ў напрамку вёсак Махнавічы і Доўгае. У Доўгім быў вялікі нямецка-паліцэйскі гарнізон. Стаяла задача — ізаляваць яго ад суседніх гарнізонаў і знішчыць.
Ноччу прыехалі ў вёску Махнавічы, Старобінскага раёна. Тут ужо былі два ўдарныя атрады; Гуляева і Розава. Асноўная сіла левай калоны, якую ўзначальваў Мачульскі, прыпынілася ў Мілевічах, Пінскай вобласці, асобныя групы ў Ананчыцах і Морачы. Неўзабаве прыбыў пасыльны ад Рамана Навумавіча. Ён паведаміў, што ў Мілевічах затрымана група нейкіх вайскавікоў. Усе людзі нетутэйшыя, нікому не вядомыя. Адзін з іх выклікае асаблівую падазронаець, бо трымаецца вельмі ўжо незалежна і нават сцвярджае, што ён наш, савецкі генерал. Ён цяпер і за старшага ў групе.
Я загадаў неадкладна перадаць Мачульскаму, каб ён высветліў, што гэта за людзі, а іх камандзіра накіраваў у штаб злучэння.
Праз нейкі час невядомы нам генерал з\'явіўся. Гэта быў вельмі рухавы чалавек, невысокага росту, хударлявы, з даволі шырокімі вусамі, закручанымі на канцах. На ім была звычайная скураная куртка на мяху, шапка-вушанка, паношаныя армейскія боты. 3 ім прыйшоў яшчэ адзін чалавек у шынялі.
Пачалі размову. Аказалася, што гэта сапраўды наш савецкі генерал, былы камандзір шостай кавалерыйскай дывізіі. Яго часць стаяла пад Беластокам. У першыя дні вайны яна прыняла на сябе страшэнны ўдар ворага. Пасля доўгіх суровых баёў Міхаіл Пятровіч Канстанцінаў (так звалі генерала) быў цяжка паранены і з групай байцоў трапіў у акружэнне. 3 Канстанцінавым застаўся яго ад\'ютант. Гэта ён цяпер і прыйшоў сюды.
Падлячыўшыся, Канстанцінаў са сваімі людзьмі перабраўся ў Мінскую вобласць, спачатку дзейнічаў у вераб\'ёўскіх лясах самастойна, а потым увайшоў у групу Уладзіміра Зайца, сакратара Грэскага падпольнага райкома партыі. Але генералу, мусіць, не спадабалася быць у падначаленні раённага партыйнага работніка. Хутка ён павялічыў сваю групу з ачуняўшых пасля ранення байцоў і адышоў ад Зайца. Падаўся спачатку на Капыльшчыну і ў заходнія вобласці Беларусі, потым павярнуў на Старобін, Жыткавічы, Леніна. Вось тут нашы атрады і спаткалі яго.
Даведаўшыся, што мы ўжо ў сіле і ваюем па-сапраўднаму, Канстанцінаў адразу выказаў жаданне ісці з намі. Яму спадабалася, што ў нас усюды належны парадак, дысцыпліна, усё робіцца дакладна па плану, пад адзіным кіраўніцтвам. Нам жа таксама было зручна мець у сябе такога вопытнага камандзіра.
— Давайце будзем ваяваць разам,— сказаў я Канстанцінаву.
На гэта ён адказаў проста і шчыра:
— Я чалавек вайсковы, генерал, маё месца ў арміі, але паколькі так здарылася са мной, апынуўся ў варожым тыле, буду старацца быць карысным Радзіме і тут. Сваю воінскую прысягу я не парушу!
I сапраўды, генерал Канстанцінаў, як мы потым пераканаліся, заўсёды цвёрда памятаў пра свой воінскі і партыйны абавязак, самааддана змагаўся з лютым ворагам, старанна памагаў Мінскаму злучэнню сваім вопытам і ўменнем кадравага вайсковага спецыяліста.
Праз некаторы час у штаб злучэння даставілі двух паліцаяў з доўгаўскага гарнізона, затрыманых у вёспы Махнавічы. На допыце яны падрабязна расказалі, як размешчан іх гарнізон, дзе начуюць гітлераўцы, паліцаі, у якім месцы стаяць кулямёты. Назвалі і пароль на сённяшнюю ноч.
Я паабяцаў паліцаям, што ім будзе захавана жыццё, калі яны правядуць нашых партызан у гарнізон.
Змітро Гуляеў папрасіў, каб туды дазволілі паехаць яму. 3 пачатку рэйду ён камандаваў у нас асобным атрадам, а камісарам у Далідовіча застаўся Аляксандр Баравік. Гуляеў браўся справіцца з доўгаўскім гарнізонам сваімі сіламі, тым больш што з ім ішлі людзі з атрада Меркуля. Яны добра ведалі вёску Доўгае, кожную хату ў ёй.
I сапраўды не было патрэбы пасылаць туды некалькі атрадаў, калі гарнізон фактычна быў ужо ізаляваны. У дапамогу Гуляеву мы далі яшчэ Пакуша. Гэты чалавек быў прагны да ўзбраення, боепрыпасаў і іншай вайсковай маёмасці. Даведаўшыся, што Гуляеў ідзе на Доўгае і што там можна будзе разжыцца сім-тым карысным для атрада, ён пачаў прасіцца каб і яго паслалі на гэтую аперацыю. I мы сказалі Пакушу:
— Ідзі, што возьмеш з трафеяў, тое ўсё вашаму атраду. —I ён з вялікай ахвотай пайшоў.
Перад выступленнем Гуляеў сабраў партызан, пастроіў іх і ўрачыста паведаміў, што абком і штаб злучэння даручылі атрадам вельмі адказную задачу. Ён загадаў паставіць на сані два станковыя кулямёты і прыкрыць іх сенам. На пярэднія сані, побач з сабою, пасадзіў аднаго паліцая і даў яму вінтоўку без затвора. На другіх санях сядзеў Пакуш, і з ім таксама паліцай. Было ўмоўлена, што пры сустрэчы з вартавымі, паліцаі назавуць пароль і скажуць, што вязуць у гарнізон прадукты.
Атрады ехалі крыху паводдаль.
Паліцаі ўсю дарогу раілі не спяшацца вельмі, каб прыехаць у вёску пазней. Яны запэўнялі камандзіраў, што перад світаннем можна будзе захапіць гарнізон без адзінага стрэлу, бо ў такі час звычайна ўсе спяць. Пад\'ехаўшы да вёскі, Гуляеў загадаў атрадам быць напагатове і чакаць сігналу, а сам з Пакушам і групай байцоў, схаваных у сене, паехаў проста да казармы. Палонныя паліцаі рады былі дагадзіць: яны не толькі правялі Гуляева і Пакуша паўз вартавога, а нават паказалі ім дзверы ў казарму. Гуляеў паглядзеў на бакі. Усё ішло як належыць, можна было браць усіх соннымі. Ён аступіў некалькі крокаў убок і даў сігнал — белую ракету. У момант былі захоплены камендатура і казарма. Налёт быў такі раптоўны і імклівы, што фашысты нават вінтовак не паспелі ўхапіць. Яны так і засталіся ў пірамідзе, вычышчаныя, змазаныя. Пакуш пасмейваўся, задаволена паціраў рукі: «От знаходка дык знаходка, усім цяпер вінтовак хопіць, яшчэ і ў запасе застанецца». Ён тут жа выстраіў сваіх людзей, даў па вінтоўцы тым, у каго былі толькі пісталеты і гранаты. А астатнія вінтоўкі абгарнуў звычайнай сялянскай пасцілкай і паклаў на сані: «Няхай будуць у рэзерве».
Антон Пятровіч так захапіўся трафеямі, што хацеў забраць не толькі ўвесь запас боепрыпасаў, а нават і піраміду, дзе стаялі вінтоўкі. Па яго знаку хлопцы ўжо былі вывалаклі яе на двор, але тут умяшаўся Гуляеў і адгаварыў Пакуша:
—Ты ж не ў мірны час жывеш,— сказаў ён,— і не ў летні лагер збіраешся. Калі спатрэбіцца такая рэч, дык сам зробіш.
У Старобінскім і Ленінскім раёнах мы прастаялі некалькі сутак. Частка партызан у вольныя гадзіны абагравалася, адпачывала. Многія, пераважна камуністы, камсамольцы і беспартыйны актыў, выехалі ў бліжэйшыя вёскі з дакладамі аб становішчы на франтах і задачах партызан і насельніцтва ў барацьбе з акупантамі.
Так мы рабілі заўсёды. Прыпыніўшыся ў тым ці іншым пункце, перш-наперш стараліся сабраць мясцовае насельніцтва, паведаміць пра апошнія весткі з фронту, наладзіць масавае слуханне радыёперадач з Масквы. Гэта заўсёды так натхняла і так падбадзёрвала прысутных, што людзі не ведалі, як аддзякаваць нам, як выказаць сваю бязмежную радасць.
Помню, прыйшлі мы аднойчы ў вёску Абідземля, Старобінскага раёна. Акупантаў у гэты час там не было, а паліцаі, як гэта амаль заўсёды бывала, пахаваліся пры нашым з\'яўленні. Калгаснікі сустрэлі нас са шчырай радасцю, з сардэчным хваляваннем. Усе, ад старога да малога, высыпалі на вуліцу. Сярод прыбыўшых партызан была частка старобінцаў. Жыхары вёскі іх пазналі. Пачаліся радасныя, шчырыя абдымкі, вітанні. Розным запытанням і пажаданням не было канца: «Што новага на франтах, як наша Масква? Ці можна паслаць пісьмо ў Маскву?»
Мы стараліся падрабязна адказваць кожнаму, але, зразумеўшы, што гэта амаль немагчыма, што такім чынам не задаволіш патрабаванні людзей, папрасілі калгаснікаў сабрацца ўсім разам куды-небудзь у адно месца і там паслухаць даклад.
У вёсцы быў даволі прасторны клуб. За некалькі хвілін людзей сабралася столькі, што памяшканне не магло ўсіх змясціць. Калгаснікі запоўнілі ўсе куткі клуба, стаялі ў дзвярах, нават пад вокнамі.
3 дакладам выступіў Іван Дзянісавіч Варвашэня. Ён падрабязна расказаў пра становішча на франтах, пра гераічную барацьбу войск Чырвонай Арміі, пра метады барацьбы народных мсціўцаў у тыле ворага. Пытанняў было столькі, што аднаму Варвашэню цяжка было на ўсё адказаць. Прыйшлося нам дапамагаць Івану Дзянісавічу.
Калгаснікі былі надзвычай здаволены тым, што партызаны пра ўсё ведаюць. Гэта яшчэ вышэй узняло наш аўтарытэт, але людзям хацелася пачуць, як гэта партызаны пра ўсё даведваюцца, адкуль у іх такія свежыя і хвалюючыя весткі? Давялося сказаць, што ў нас ёсць радыёпрыёмнікі. Ну тут і пайшло!.. Пасыпаліся просьбы, пажаданні... Некаторыя пачалі нават намагаць на тое, каб зараз жа тут было ўстаноўлена радыё, каб партызаны ўключылі Маскву або хоць які-небудзь горад ля Масквы. Радыёпрыёмнік быў у нас з сабою, Сакевіч хутка ўстанавіў яго. I калі ў памяшканні пачуліся знаёмыя і блізкія людзям словы з роднай сталіцы, усе стаілі дыханне, і ў многіх заблішчалі на вачах слёзы.
У той дзень мы позна развіталіся з абідземлянскімі калгаснікамі. Праслухаўшы зводку, людзі прасілі не выключаць радыёпрыёмніка, каб слухаць яшчэ і яшчэ. Увесь час акупацыі людзі насілі ў сваіх сэрцах цяжкую трывогу за лёс Масквы, Ленінграда. Цяпер выпала шчасце сваімі вушамі паслухаць голас любімай сталіцы, дык хіба можна абмяжоўвацца адной зводкай? Радыёслухачоў цікавіла вельмі многае...
Калі мы закрылі сход і збіраліся ісці на месца стаянкі, да нас адзін за адным пачалі падыходзіць пажылыя мужчыны, моладзь, жанчыны. Яны распытвалі ў нас, як можна далучыцца да партызан, прасілі залічыць іх у атрады. Найбольш надзейным калгаснікам мы далі адрасы нашых сувязных.
Такія сходы ў часе рэйду праводзіліся ў многіх вёсках.
У час гэтага ж перапынку сакратар Старобінскага падпольнага райкома партыі Меркуль склікаў пасяджэнне бюро. Тут былі абмеркаваны чарговыя задачы па разгортванню партызанскага руху і палітыка-выхаваўчай работы сярод насельніцтва. Быў таксама складзены план работы райкома на першы квартал новага года, Бельскі, Варвашэня, Бондар, Ляшчэня, Сакевіч пабывалі ў Ленінскім і Ганцавіцкім раёнах. Яны звязаліся там з мясцовымі камуністамі, камсамольцамі і беспартыйным актывам, дапамаглі ім стварыць дзейснае партыйнае падполле. Вялікую дапамогу аказаў ім Васіль Захаравіч Корж, які асабіста ведаў тут многіх партыйных і савецкіх работнікаў, падтрымліваў кантакт з імі з першых дзён вайны.
Раніцай наступнага дня наша левая калона пайшла на Ганцавіцкі раён, Пінскай вобласці, мы — на Чырвоную Слабаду, а правая калона рушыла паміж Чырвонай Слабадой і Слуцкам. Была страшэнная завіруха, дарогі замяло. Людзі сталі абмярзаць, хоць ва ўсіх вопратка і абутак былі даволі добрыя. Каб не прычыніць шкоды людзям і не вывесці са строю транспарт, я загадаў зрабіць невялікі прывал. Месца для штабной групы было вельмі нязручнае — за тры-чатыры кіламетры ад нас знаходзіўся вялікі гітлераўскі гарнізон, але другога выйсця не было. Прастаялі тут больш шасці гадзін. Коні адпачылі, людзі абагрэліся, завіруха сціхла.
Позняй ноччу мы выехалі ў Вялічкавічы. Тут у нас таксама быў намечаны прывал. Левая калона размясцілася ў раёне Ганцавіч, а правая — непадалёку ад саўгаса «Плянты», Старобінскага раёна.
У многіх з гэтых вёсак, праз якія мы праязджалі, былі нямецка-паліцэйскія пункты, аднак яны ні разу не адважыліся перашкодзіць нам чым-небудзь. Нямецка-паліцэйскія гарнізоны баяліся нас як агню, разбягаліся і хаваліся хто дзе мог. Праўда, было нямала і правакацый і розных хітрыкаў ворага. Быў такі выпадак. Прыехаўшы ў вёску Вялічкавічы, мы выбралі адну хату з дзвюма палавінамі, думалі, што яна для штаба будзе добрая. Звычайна ўсюды нас вельмі любоўна сустракала насельніцтва. I на гэты раз усе ў вёсцы спаткалі нас добра, толькі вось нешта гаспадар той хаты, якую мы аблюбавалі пад штаб, чамусьці вельмі доўга не падае голасу. Ужо каля паўгадзіны ходзім па дварэ, а нікога не чуваць і не відаць. Пачалі стукаць у акно, у дзверы — ніхто не адчыняе і агню не запальвае. Гэта нас насцеражыла. Потым чуем, што ў хаце нехта стогне. Я зараз жа паслаў Бондара высветліць у суседа, ці ёсць у гэтай хаце хворыя? Суседзі сказалі, што ў гэтым доме ніхто да ўчарашняга дня не хварэў. Тады мы яшчэ мацней пачалі стукаць. Нарэшце нам адчынілі. Калі мы ўвайшлі ў хату, дык у першай палавіне нікога не знайшлі, а ў другой на адным з ложкаў ляжала і моцна стагнала жанчына, двое дзяцей-падлеткаў сядзела на печы. Спачатку мы падумалі, што зрабілі не зусім добра,— не трэба было трывожыць хворую. Аднак гэта былі проста варожыя хітрыкі. Праз нейкі час жанчына супакоілася. Мы яе спыталі:
— А дзе твой гаспадар?
Яна застагнала яшчэ мацней і адказала:
— Паехаў у Старобін па доктара, хутка павінен вярнуцца.
Мы, перамёрзшы і стаміўшыся ад вялікага пераезду, неўзабаве задрамалі, а потым і паснулі. У гэты час, як потым стала вядома, з-пад ложка вылез муж гэтай «хворай» і, падняўшы дошкі столі ў другой палавіне хаты, вылез на вышкі. Ні мы, ні нашы вартавыя, што стаялі на дварэ, нічога не чулі. Потым ён прабраўся з вышак на сенавал і зарыўся там у сена. Удзень мы даведаліся, што гаспадар хаты — здраднік Радзімы, ён расстраляў некалькі мясцовых актывістаў і выдаў гестапаўцам некалькі чырвонаармейцаў, якія праходзілі праз вёску ў першыя дні вайны. Цяпер ён служыў тайным агентам у фашыстаў і адначасова — загадчыкам нарыхтоўчага пункта сена для вайсковых часцей гітлераўцаў. Мы пачалі дапытвацца ў людзей, дзе яго можна знайсці. Нам падказалі, што ўвечары бачылі яго дома, а ўдзень ён прымаў сена для фашысцкіх войск і аднаго калгасніка з вёскі Капацэвічы збіў кіем за тое, што той прывёз сена нібыта невысокай якасці. Калі ён у час прыезду партызан у вёску не паспеў уцячы, дык яго трэба шукаць тут. А ў нас была такая практыка: пад\'ехаўшы да вёскі, мы акружалі яе і нікога не выпускалі і не ўпускалі. Цяпер мы праверылі ўсё і ўпэўніліся, што ні адзін чалавек з вёскі не выйшаў. Пачалі шукаць здрадніка — не знайшлі, бо ніхто не бачыў, дзе ён схаваўся. А потым, калі мы аб\'явілі насельніцтву, каб разбіралі сена, дык самі ж калгаснікі знайшлі там гэтую пачвару і прывялі да нас. Тады яго жонка прызналася, што яна зусім не была хворая, а прыкідвалася для таго, каб выратаваць здрадніка. Але хітрыкі гэтыя не ўдаліся, не ўдаваліся яны ворагу і пазней. Сумленныя людзі, сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы заўсёды дапамагалі нам, заўсёды пільна сачылі за ўсякімі вылазкамі і прошукамі ворага.
Па ўсіх раёнах і абласцях разышліся чуткі, што велізарнае злучэнне Чырвонай Арміі перайшло лінію фронту, прасоўваецца па тылах ворага і бязлітасна знішчае фашыстаў і іх прыслужнікаў. Людзі ахвотна сёе-тое дадавалі да гэтых чутак, і выходзіла, што ў нас нібы ўжо ёсць свая лёгкая і цяжкая артылерыя, нават свае танкі. У час, калі мы ажыццяўлялі свой рэйд, савецкія самалёты вельмі часта і па многу праляталі над гэтымі раёнамі, накіроўваючыся на захад. Таму былі выпадкі, калі месцамі людзі гаварылі, што нават і ў партызан ёсць свае самалёты. Пазней расказвалі нам, што калі ў вёску Доўгае прыехалі гітлераўцы і спрабавалі даведацца пра велічыню і сілу той арміі, якая тут праходзіла, дык калгаснікі нагаварылі ім такога, ад чаго ў захопнікаў аж валасы дыбам сталі.
— Незлічоная сіла іх тут,— сцвярджаў адзін стары, у мінулым калгасны вартаўнік.— От як ішлі, дык, мабыць, вёрст на пяць дарога была занята. Пярэднія ўжо тут, а заднія далёка-далёка, недзе аж за самымі Махнавічамі. Я ў той дзень якраз з лесу ішоў. Як саступіў ім з дарогі, дык, мусіць, гадзіны дзве стаяў у снезе. Добра, што тут непадалёку стаяла хата нашага лесніка Рыгора, дык я пайшоў да яго і там сядзеў з гадзіну, а яны ўсё ехалі ды ехалі. Ды гэта яны яшчэ не ўсе. Там недзе ў бок Пінска, ходзяць чуткі, яшчэ больш пайшло. Кажуць, ідуць на Баранавічы, і быццам бы маюць мэту — вызваліць Мінск.
— А якая ў іх зброя? — пытаўся немец-перакладчык.
— Усякая там, усякая,— ківаючы галавой, гаварыў стары.— I нейкія вельмі ж доўгія стрэльбы, і карацейшыя са скавародамі, і кулямёты, і гарматы ззаду везлі.
На самай жа справе ў Доўгім можа і сотні нашых партызан не было. I ўзбраенне яны мелі зусім звычайнае, як і ўсе атрады. Крыху пазней мы ўзброіліся і гарматамі і супрацьтанкавымі стрэльбамі, а ў першыя дні партызанскага рэйду ў нас іх яшчэ не было.
Наш прывал у Вялічкавічах крыху зацягнуўся. Дарога была да таго цяжкая, што коні зусім стаміліся. I яшчэ адна акалічнасць затрымала нас. На чарзе ў нас былі гестапаўцы, якія размясціліся ў Чырвонай Слабадзе. Чырвонаслабодскія партызаны чакалі нас, толькі яны не маглі дакладна ведаць, калі мы прыйдзем. Да сённяшняга дня цяжка было сказаць пра гэта. Цяпер нам заставаўся толькі адзін пераход, і можна было ўжо звязацца з чырвонаслабодцамі непасрэдна. Мы накіравалі да іх спецыяльную групу з задачай падрыхтавацца да сумесных з намі аперацый. Пабываць у Чырвонай Слабадзе было вельмі неабходна. Не так даўно ў цяжкіх баях з акупантамі загінуў кіраўнік чырвонаслабодскіх партызан, сакратар падпольнага райкома партыі Максім Іванавіч Жукоўскі.
Выбыла са строю і частка байцоў. Вельмі важна было падтрымаць чырвонаслабодскіх партызан у найбольш цяжкі і складаны перыяд іх дзейнасці, дапамагчы ім выстаяць, пераадолець цяжкасці, узмацніць сілы і з яшчэ большай актыўнасцю весці барацьбу супраць акупантаў.
На другі дзень гітлераўцы праведалі, што нашы пярэднія атрады стаяць у Капацэвічах і Вялічкавічах, і, абышоўшы нас з поўдня, пачалі абстрэльваць вёску Вялічкавічы з гарматы і мінамётаў. Адна крайняя хата, якая знаходзілася воддаль вёскі, загарэлася, але пажару мы не дапусцілі. На жаль, у нас яшчэ не было чым адказваць на артылерыйскі агонь, а з кулямётаў не дастанеш, далёка. А ўсё ж такі неяк трэба было пужануць акупантаў.
I тут я ўспомніў пра групу генерала Канстанцінава. Зручны выпадак для дасканалай праверкі новых людзей. Выклікаўшы Міхаіла Пятровіча да сябе, я загадаў яму з групай зайсці гітлераўцам з тылу і выбіць іх з суседняга саўгаса, дзе яны заселі. Ён папрасіў дазволу ўзяць у дадатак некалькі верхавых коней, паспешна казырнуў і выбег з хаты. Сам Канстанцінаў найлепшы кавалерыст, таму ён і папрасіў коннікаў. Відаць было, што тут ён майстар сваёй справы.
Не прайшло і трох гадзін, як гітлераўцы змоўклі. Генерал Канстанцінаў бліскуча выканаў сваю задачу. Добрая палова гітлераўцаў была перабіта. Заход у тыл быў неспадзяваны для фашыстаў. Многія з іх, уцякаючы, пакідалі ўзбраенне, і Канстанцінаў вярнуўся з багатымі трафеямі. Мы папоўніліся цяжкім узбраеннем: некалькімі мінамётамі і гарматай.
I яшчэ не раз генерал Канстанцінаў праяўляў сябе ў смелых вынаходлівых налётах, не раз выконваў самыя адказныя і складаныя задачы. Мы ўпэўніліся, што гэта сапраўды вопытны і адважны камандзір, добрасумленны чалавек. Спачатку я прызначыў яго намеснікам начальніка штаба злучэння, а крыху пазней мы ўвялі яго ў састаў падпольнага абкома КП(б)Б.
Назаўтра ноччу мы падышлі да Чырвонай Слабады. Тутэйшыя партызаны былі ўжо напагатове. Чырвонаслабодскі гарнізон разбегся, як толькі мы наблізіліся да яго. Супраціўленне было зусім нязначнае. I гітлераўцы і паліцаі ўцяклі ў такой паніцы, што пакінулі амаль усю сваю вайсковую маёмасць. Нашы атрады падабралі ўсё, і пасля таго як чырвонаслабодцам была аказана належная дапамога ўзбраеннем, боепрыпасамі і ўсім неабходным, я аддаў загад рушыць далей. Нарэшце надышоў час па-сапраўднаму заняцца старобінскім гарнізонам. Меркуль біў яго не раз, але гарнізон папаўняўся, умацоўваўся, немцы не выпускалі раённы цэнтр са сваіх рук. Цяпер, ізаляваўшы гэты гарнізон ад суседніх, можна было поўнасцю знішчыць яго. Мы прыпыніліся ў раёне вёскі Крывічы, каб удакладніць план аперацыі, расставіць адпаведна сілы. Раптам атрымліваем данясенне ад перадавых дазорных груп, што акупанты ноччу збеглі са Старобіна і падаліся на Слуцк яшчэ тады, калі партызаны былі за некалькі кіламетраў ад Старобіна. Шкада, што мы пазнавата даведаліся пра гэта, можна было б пераняць іх на дарозе.
Рашылі павярнуць на Капыль. Тут важна было сустрэцца з сакратаром Капыльскага падпольнага райкома партыі таварышам Жыжыкам і яго людзьмі, устанавіць больш шчыльную і непасрэдную сувязь з капыльскімі партызанамі.
Аб іх справах абком добра ведаў. У капыльскіх лясах не адзін раз бываў Іван Дзянісавіч Варвашэня, часта наведвалася сюды Аляксандра Ігнацьеўна Сцяпанава. Як член Мінскага падпольнага абкома, яна займалася не толькі Слуцкім раёнам, куды была накіравана, а і суседнімі. Жыжык пры сталай дапамозе Варвашэні і Сцяпанавай стварыў у раёне шырокае партыйнае падполле, арганізаваў людзей на бязлітасную барацьбу з ворагам. У яго было ўжо некалькі партызанскіх атрадаў. Вызначаўся тут атрад Івана Мікалаевіча Тараховіча, па клічцы Дунаева. Пра гэтага чалавека ішла ўжо слава сярод насельніцтва і партызан Случчыны. Гэта вельмі адважны і энергічны камандзір, баявыя справы якога папулярызаваліся ў партызанскіх атрадах злучэння. Мяне асабіста вельмі цікавіў Дунаеў, бо Іван Дзянісавіч Варвашэня ў сваіх дакладных запісках заўсёды хваліў яго.
Жыжык спаткаў нас у старыцкім лесе. Мы ўбачылі тонкага, нізкага росту, хударлявага чалавека гадоў пад сорак, з дабрадушным тварам і светлымі валасамі. Гэта быў на першы погляд непрыкметны чалавек. Між тым Жыжык валодаў цвёрдай воляй, быў надзвычай смелы і вынослівы, умеў жыць з людзьмі і карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод партызан і насельніцтва.
Пад магутным, звешаным да зямлі голлем стагодняга дуба тулілася зямлянка штаба атрада. Зусім маленькая наверсе, яна аказалася даволі прасторнай усярэдзіне: мы ўсім нашым штабам досыць зручна размясціліся ў ёй. 3 маленькіх круглых акон светлымі конусамі падала на падлогу святло. Гаспадар зямлянкі ўсеўся якраз пад гэтым конусам, ссунуў з ілба вушанку, і яго бялявыя валасы заблішчалі неяк пераліўчата і мігатліва. Ён пачаў расказваць нам пра свае справы, пра сваіх людзей і што далей, то ўсё больш і больш захапляўся гаворкай, уваходзіў у густ, і калі справа ішла аб людзях, дык гаварыў пра іх так шчыра і з такой павагай, што, яшчэ не бачачы таго ці другога чалавека, хацелася стаць яго прыяцелем.
— Вось да нас нядаўна прыйшоў яшчэ адзін,— штурхнуўшы шапку вышэй на цемя, гаварыў ён.— Баец Чырвонай Арміі, з трыма ранамі. Ачуняў тут у вёсцы, стаў на ногі... Нашы хлопцы даўно ведалі пра яго, чакалі... I вось акрыяў хлопец, паехалі нашы да яго. Прыехалі і кажуць: «Збірайся, пойдзеш з намі!» А самі ў паліцэйскай форме, некаторыя ў нямецкай. Забралі хлопца, вывелі за вёску і за горла: «Будзеш служыць нам, гэта значыць фашыстам,— усё тваё, а не будзеш, капай сабе яму.
— Не буду я вам служыць! — цвёрда адказаў баец. Пайшлі далей. Завялі чалавека ў лес, яшчэ раз прыгразілі: «Будзеш ці не?»
— Вырадкі! — крыкнуў баец.— Не на такога натрапілі. Рабіце, што хочаце, не буду служыць фашыстам!
Тады адзін з «паліцаяў» не вытрымаў, засмяяўся: «Малайчына, Ражкоў, так і трэба. Цяпер пойдзем да нас, у атрадзе такіх любяць».
Дасталося потым хлопцам ад мяне за такую прадзелку.
Ваяка смелы і чалавек найлепшы гэты Ражкоў. Ужо не раз паказваў сябе ў баях. А на тых хлопцаў і цяпер крыўдзіцца, не можа дараваць ім, што выбралі такі зняважлівы для яго метад праверкі.
Жыжык павярнуўся да дзвярэй, нібы жадаючы некага сустрэць, акінуў позіркам зямлянку і, мусіць, успомніўшы, што перад ім нетутэйшыя людзі, яшчэ больш ажывіўся, пачаў расказваць пра сваіх камандзіраў.
— Ужо ёсць з кім ваяваць,— не без гонару прадаўжаў ён.— Выйшаў з групай Яроменка, так жа сама Ізюмскі, Межнавец, Шастапалаў. 3 першага дня акупацыі яны кіравалі ў нас падполлем у сельсаветах, а цяпер камандуюць атрадамі. Дунаеў ужо даўно ў лесе, зараз павінен з\'явіцца сюды.
Іван Мікалаевіч Дунаеў прыйшоў да нас каля поўначы.
— 3 атрадам? — спытаў Жыжык.
— 3 атрадам.
Мы ўжо канчалі распрацоўку плана аперацыі па разгрому капыльскіх гарнізонаў. Найбольш моцныя меркавалася знішчыць аб\'яднанымі сіламі, а з астатнімі капыльцы і самі справяцца. Дунаеў запярэчыў, а потым пачаў нават спрачацца, горача і заўзята. Ён настойваў на тым, каб прайсці рэйдам па ўсяму Капыльскаму раёну і сцерці з зямлі ўсе фашысцкія гарнізоны і паліцэйскія пункты ў вёсках. Шчыра кажучы, мне спадабалася гэтая настойлівасць. Малады хлопец з мяккім юнацкім тварам. Яму б, здавалася, толькі сядзець ціха ды слухаць, што гавораць старэйшыя, а ён гатовы хоць усю ноч спрачацца, каб толькі дамагчыся свайго.
У Капыльскім раёне мы доўга не затрымліваліся. Жыжыку даволі цяжка было справіцца з нямецкімі гарнізонамі ў Капылі і на станцыі Цімкавічы. Тут мы дапамаглі яму, а астатнія паліцэйскія пункты і дробныя гарнізоны самі разбегліся, пачуўшы аб нашым наступленні.
Праз некалькі дзён пайшлі ў Баранавіцкую вобласць. Пайшоў з намі і Дунаеў.
Перад партызанамі была пастаўлена задача — быць не толькі воінамі, а і нястомнымі прапагандыстамі і агітатарамі. Я не памятаю выпадку, каб усюды, і асабліва ў заходніх абласцях Беларусі, спыняючыся ў вёсцы, мы не правялі сходу сялян і не расказалі ім пра становішча на фронце, аб тым, як Чырвоная Армія знішчае і гоніць фашыстаў. А калі разбівалі нямецка-паліцэйскі пункт ці гарнізон, запрашалі жыхароў на тое месца, дзе раскашаліся здраднікі, і паказвалі ўсім, колькі гэтыя вырадкі нарабавалі ў людзей усякага дабра, чым займаліся гэтыя ахоўнікі фашысцкага «новага парадку».
На працягу ўсяго рэйду мы вазілі з сабою партатыўную паходную друкарню. Было таксама ў нас некалькі пішучых машынак. На кожным прывале мы пускалі ў ход усе нашы друкарскія сродкі — выпускалі лістоўкі, адозвы абкома да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро і розныя іншыя матэрыялы. Усё надрукаванае намі дзесяткамі соцень экземпляраў разыходзілася па вёсках і гарадах, заклікала, уздымала людзей на барацьбу. Нашы лістоўкі былі амаль у кожнай вёсцы тых раёнаў, дзе мы праходзілі. Адна з такіх лістовак, выпушчаных падпольным абкомам у гэты перыяд, заклікала:
«Пад сцягам вялікага Леніна наперад, да поўнага знішчэння фашызму!
Дарагія таварышы!
Чырвоная Армія, ведучы наступальныя баі з праціўнікам, усё далей і далей ідзе наперад. Фашысты адступаюць на захад, несучы вялікія страты ў жывой сіле і ваеннай тэхніцы.
Толькі адна часць (Заходні фронт) пад камандаваннем генерала Яроменкі вызваліла шэсць буйных гарадоў, больш 2 500 населеных пунктаў і прайшла наперад на 260 кіламетраў.
У цяперашні час войскі таварыша Яроменкі вядуць баі за гарады В. і С.
За 12 дзён сакавіка нашы войскі вызвалілі 385 населеных пунктаў, гітлераўцамі пакінута на полі бою 49 900 трупаў. Захоплена ў палон 6 263 салдаты і афіцэры. Нямецкія войскі за гэты час страцілі 863 самалёты і 220 гармат, 1 512 кулямётаў, 14 600 вінтовак, 216 танкаў, 5 105 аўтамашын і многа ваеннай маёмасці.
На Заходнім фронце за перыяд з 23 сакавіка па 4 красавіка часцямі Чырвонай Арміі знішчана да 40 000 салдат і афіцэраў; вызвалены 161 населены пункт і захоплены вялікія трафеі.
Праціўнік нясе вялікія страты і ў авіяцыі. Толькі за 4 і 5 красавіка ў паветраных баях і на аэрадромах знішчаны 221 варожы самалёт.
Фашысцкія войскі, адступаючы пад націскам Чыр вонай Арміі на захад, яшчэ больш жорстка распраўляюцца з мірным насельніцтвам. У раёнах Беларусі гітлераўскія каты расстрэльваюць мірнае насельніцтва, спальваюць сёлы і вёскі, кідаюць у агонь жанчын, дзяцей і грабяць асабістую маёмасць працоўных.
Усюды чутны плач, стогны і крыкі жанчын, старых і дзяцей, якіх катуюць фашысцкія забойцы.
Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супраць нямецкага фашызму.
Таварышы! Набліжаецца час вызвалення беларускай зямлі ад фашысцкай нечысці. Набліжаецца час, калі беларускі народ зноў зажыве шчасліва і радасна.
Адпомсцім жа гітлераўскім бандытам за пралітую кроў нашых бацькоў, матак, братоў і сясцёр. Не выпусцім ніводнага жывога фашыста з нашай зямлі, залітай крывёю нашага народа!
Няхай беларуская зямля стане магілай для нямецкіх захопнікаў! Усе, як адзін, на барацьбу з ворагам! Арганізоўвайцеся ў партызанскія атрады!
Знішчайце масты, чыгуначнае палатно, шляхі адыходу праціўніка. Не давайце коней, павозак, мяса і хлеба фашыстам. Няхай гэтая брудная, вашывая погань, якая прыйшла на нашу зямлю ў якасці акупантаў, здыхае з голаду.
Усімі спосабамі дапамагайце Чырвонай Арміі і партызанам граміць ворага.
Наша справа справядлівая, мы пераможам.
Мінскі абласны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі».
3 боку лістоўкі стаяла: «Прачытай і перадай другому».
У Баранавіцкай вобласці мы знішчылі каля дзесятка нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. Прайшлі праз Нясвіж, Гарадзею, блізка каля Стаўбцоў. Адтуль праз Дзяржынскі і Уздзенскі раёны ўзялі напрамак на Грэск. Тут сумесна з атрадамі Уладзіміра Зайца захапілі былы ваенны гарадок Канюхі з усім нямецкім узбраеннем і маёмасцю, узялі ў палон некалькі дзесяткаў гітлераўцаў і паліцаяў. 3 Канюхоў мы фактычна кантралявалі амаль увесь раён, потым перадалі гэтыя функцыі атрадам Зайца, а самі пайшлі далей. Аўтарытэт Грэскага партызанскага атрада настолькі ўзняўся, што насельніцтва, і асабліва моладзь, пачалі ўступаць у партызанскія атрады цэлымі групамі. Праз некаторы час на Грэшчыне былі арганізаваны дзве партызанскія брыгады.
Недалёка ад Слуцка мы спыніліся, неабходна было вырашыць адну даволі складаную задачу. Некаторыя нашы камандзіры, і асабліва Дунаеў, намагалі на тое, каб ісці на вялікі слуцкі гарнізон, заціснуць яго з чатырох бакоў і знішчыць. «Што мы ходзім усё па дробных гарнізонах? — гаварылі яны.— Сіла ў нас ёсць, трэба браць вялікія гарады».
Я не мог у той час падтрымаць такіх прапаноў, бо гэта было нам яшчэ не пад сілу. У Слуцку знаходзілася многа фашысцкіх рэгулярных войск, тэхнікі — чаго лезці на ражон, калі няма ў гэтым крайняй патрэбы? Абы толькі траціць сілы, губіць сваіх людзей?
Не ў гэтым наша тактыка. На ворага трэба нападаць нечакана, раптоўна, наносіць яму знішчальныя ўдары і адыходзіць у невядомым для яго напрамку. Вось такая была цяпер наша задача. У горад Слуцк мэтазгодна было паслаць дзве-тры групы партызан з пэўным заданнем: пры дапамозе слуцкіх падполыпчыкаў вызваліць з лагера нашых ваеннапалонных, захапіць банк, потым спаліць масты цераз Случ, папсаваць чыгуначную лінію. I гэтым мы больш нашкодзім ворагу, чым атакай у лоб.
Штаб злучэння згадзіўся са мной. У якасці першай меры мы вырашылі паслаць у Слуцк групу смелых і добра знаёмых з горадам байцоў на чале з вопытным, адважным камандзірам. Тут мелася на ўвазе апрача вызвалення нашых ваеннапалонных яшчэ адна справа. У часе рэйду мы пачалі збор сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі. Насельніцтва з вялікім энтузіязмам прыносіла нам свае зберажэнні. Прыносілі хто што мог: грошы, аблігацыі, каштоўныя рэчы. Такім чынам, у нас ужо сабралася некалькі соцень тысяч рублёў, шмат каштоўнасцей, а тут падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. 3 данясенняў нашых сувязных і слуцкіх падпольных груп, у прыватнасці групы Аляксандра Фаміна і Пятра Маглыша, мы добра ведалі пра ўсё, што робіцца ў горадзе. Ведалі таксама і аб тым, што ў Слуцкім банку гітлераўцы хаваюць многа народных сродкаў і розных залатых рэчаў, нарабаваных у насельніцтва. Аб гэтым даносілі нашы людзі, якія працавалі ў банку. Чаму б не захапіць гэтага банка і не забраць сродкі ў фонд абароны? Гэтая ідэя спадабалася ўсім. Я выклікаў Дунаева і сказаў:
— Вось табе задача. Падбяры людзей, вазьмі пабольш случакоў, складзі план аперацыі.
Часу для складання плана і падрыхтоўкі атрада дадзена было менш сутак. Дунаеў справіўся з першай задачай, план распрацаваў, і абком зацвердзіў яго з невялікімі папраўкамі.
Праз нейкі час Іван Мікалаевіч з найлепшым поспехам выканаў заданне і поўнасцю апраўдаў давер\'е абкома. Ноччу, у страшэнную завіруху, ён з групай партызан пры дапамозе мясцовых людзей прабраўся ў горад, акружыў лагер ваеннапалонных, паздымаў вартавых, выпусціў усіх нашых байцоў, потым падышоў к будынку раённага банка. Тут яго чакалі слуцкія падпольшчыкі на чале з Пятром Маглышам. Без шуму былі зняты вартавыя. Адкрыць сейфы дапамаглі работнікі банка, з якімі ўжо некалькі месяцаў таму назад у нас была ўстаноўлена сувязь.
Выйшлі партызаны з горада без страт. Толькі адзін баец быў лёгка паранены ў нагу, але, на хаду перавязаўшы рану, сам дайшоў да месца.
Золата і серабра ў банку аказалася нямала. Тут былі залатыя і сярэбраныя рэчы бытавога ўжытку. Адразу відаць было, што ўсё гэта нарабавана ў нашых людзей, захоплена ў нашых гаспадарчых і фінансавых установах.
Пазней, калі мы пасылалі сабраныя насельніцтвам і партызанамі сродкі ў савецкі тыл для перадачы іх у фонд абароны, дык прыклалі і гэтыя каштоўнасці. Я пісаў тады ў Цэнтральны Камітэт партыі:
«3 першых дзён Айчыннай вайны працоўныя Мінскай вобласці вядуць непрымірымую барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі, якія вераломна напалі на нашу Радзіму.
Нямецкія захопнікі разлічвалі бязлітасным тэрорам запалохаць беларускі народ, прыдушыць яго волю да барацьбы. Але беларускі народ ніколі не скарыцца перад захопнікамі. 3 усё больш нарастаючай сілай вядуць мінскія партызаны бязлітасную вайну супраць нямецкіх прыгнятальнікаў. Мноства партызанскіх атрадаў, сотні груп і дзесяткі тысяч адзіночак народных мсціўцаў удзень і ўночы вядуць барацьбу за вызваленне сваёй Радзімы.
У аколіцах Мінска, у Антонаўскім і Камароўскім лясах, на дарогах на захад і ўсход, ва ўсіх раёнах вобласці ўсё часцей і часцей чуюцца выбухі і стрэлы. Гэта дзейнічаюць адважныя беларускія партызаны.
Працоўныя горада Мінска і Мінскай вобласці, партызаны і партызанкі, следуючы высакароднаму пачыну патрыётаў нашай Радзімы, поўныя пякучай нянавісці да ворага і жадаючы як мага хутчэй прагнаць нямецкіх захопнікаў з роднай зямлі, сабралі на будаўніцтва самалётаў грошай і аблігацый на суму 3 075 827 рублёў. Апрача таго сабралі залатых манет царскан чаканкі 2 810 рублёў, золата бытавога - адзін кілаграм, серабра - 10 кілаграмаў. Сабраныя грошы і каштоўнасці дастаўлены цераз лінію фронту у савецкі тыл і здадзены ў Дзяржаўны банк. У зборы сродкаў прынялі актыўны ўдзел рабочыя, работніцы, калгаснікі, калгасніцы і інтэлігенцыя часова акупіраванайя Мінскай вобласці. Збор сродкаў прадаўдаецца.
Просім вас даць распараджэнне аб пабудове на сабраныя намі сродкі самалётаў для Чырвонай Арміі і прысвоіць ім назвы: «Партызан Мінска», «Партьізан Слуцка», «Партызан Барысава».
Партызаны і партызанкі горада Мінска і Мінскай вобласці запэўняюць ЦК ВКП(б), што і надалей яшчэ бязлітаснен і ў большых памерах будуць знішчаць ненавісных гітлераўскіх акупантаў да поўнага іх знішчэння і аказваць усялякую дапамогу нашай доблеснан Чырвонай Арміі.
Сакратар Мінскага абкома КП(6) Беларусі В. К а з л о ў».
I неўзабаве намі была прынята наступная тэлеграма з Масквы, ад таварыша Сталіна:
«Сакратару Мінскага абкома КП(6) Беларусі таварышу Казлову.
Перадайце працоўным горада Мінска і Мінскай вобласці, партызанам і партызанкам, якія сабралі 3 075 827 рублеу грашыма і аблігацыямі, 2 810 рублёў залатымі манетамі, залатыя і сярэбраныя рэчы на будауніцтва самалётаў «Партызан Мінска», «Партызан Слуцка», «Партызан Барысава»,- наша брацкае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі».
Гэтая тэлеграма была невыказна вялікім шчасцем для кожнага мінчаніна, рабочага, служачага, калгасніка, для кожнага партызана і партызанкі. Мы выпусцілі лістоўкі з гэтай тэлеграмай вялікім тыражом. Яны разышліся не толькі па Мінскай вобласці, а і па ўсіх сумежных: Палескай, Пінскай, Баранавіцкай, Маладзечанскай, Магілёўскай. Збор сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі разгарнуўся потым па ўсёй Беларусі, і дзесяткі мільёнаў рублёў унеслі працоўныя рэспублікі на абарону сваёй Радзімы.
У раёне Слуцка мы прабылі з тыдзень. Разбілі некалькі варожых гарнізонаў, разбурылі амаль усе масты цераз Случ, спалілі нафтабазу. Але на наш след напалі буйныя падраздзяленні эсэсаўцаў і пачалі навязваць нам баі. Уступаць з імі ў баі не было сэнсу, тым больш што мясцовасць вакол Слуцка не спрыяла нам. Эсэсаўцы мелі цяжкае ўзбраенне — артылерыю, мінамёты і нават танкі. Нам давялося адысці ў напрамку Старых Дарог. Важным пунктам у нашым, раней намечаным, маршруце былі Асіповічы. Тут вялікі чыгуначны вузел. Мы так меркавалі: не ўдасца разбіць у Асіповічах гарнізон акупантаў і паралізаваць чыгуначны вузел, знішчым тады меншыя станцыі вакол Асіповіч, бо паралізаваць нямецкія камунікацыі ў гэтых месцах так ці інакш вельмі неабходна. Гэта былі артэрыі нямецкага цэнтральнага фронту.
На Асіповічы мы на гэты раз не пайшлі, таму што данясенні нашай разведкі паказвалі, што акупанты рыхтавалі тут нам пастку, падцягнулі вялікія сілы войск. Больш мэтазгодна было ісці скрытымі месцамі, абыходзячы Бабруйск, у напрамку станцыі Цялуша, а затым павярнуць на Парычы, Шацілкі. Давялося пакуль што абмежавацца паасобнымі дыверсіямі і невялікімі аперацыямі. Усё ў свой час. У Асіповіцкім раёне ў нас былі сілы, і шырокія планы выспявалі ў штабе на бліжэйшыя месяцы. Гэты важнейшы чыгуначны вузел, як бліжэйшы к нашаму злучэнню, увесь час не выпадаў з-пад увагі. Тут дзейнічалі даволі моцныя партызанскія атрады пад камандаваннем вельмі здольнага чалавека — выдатнага арганізатара капітана Шашуры і Паланейчыка Міхаіла Сідаравіча, таксама здольнага партызанскага камандзіра. Атрады былі нашага злучэння, але базіраваліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, недалёка ад чыгуначнага вузла. Мы ўсяляк дапамагалі гэтым атрадам. Справа барацьбы патрабавала ўсё нарастаючых удараў па акупантах. На гэты атрад ускладаліся вельмі адказныя задачы.
Пайшлі лясамі, населенымі пунктамі паўз Бабруйск. Непадалёку ад станцыі Цялуша мы ўбачылі такое зверства ворага, ад якога аж кроў у сэрцы закіпела. Да аднаго мосціка на шасейнай дарозе Бабруйск — Жлобін, непадалёку ад станцыі Цялуша, гітлераўцы сагналі чалавек сорак жанчын. Стаяць жанчыны каля мосціка, а салдат з перакладчыкам крокаў за сто ад іх. Абодва з дубінкамі. Жанчыны стаяць тварам да мосціка, палахліва аглядваюцца на гітлераўцаў і жудасна крычаць і плачуць. Мы спачатку думалі, што гэтых людзей выганяюць на катаргу.
— Марш! — крычыць перакладчык і пагражае дубінкай. Жанчыны стаяць.
Тады гітлеравец павольна апускае руку на кабуру, вымае пісталет, гэтак жа павольна настаўляе яго на людзей і раз-пораз страляе. Кулі свішчуць над самымі галовамі. Жанчыны з крыкам падаюць на шасэ.
— Устаць! — крычыць перакладчык. — Марш! Жанчыны з асцярогай ступаюць некалькі крокаў наперад, прыпыняюцца, мацаюць снег нагамі і ідуць далей.
— Назад! — крычыць перакладчык, як толькі жанчыны мінаюць мост.— Назад!
Тыя, што ішлі заднімі, паварочваюцца і ідуць пярэднімі. Праходзяць мост, ступаюць некалькі крокаў па шасэ, тады гітлеравец зноў гоніць іх на мост. I гэтак некалькі разоў. Потым пагналі ўсіх на чыгуначнае палатно.
— Што гэта? — спачатку не маглі мы здагадацца. Потым стала ясна. Нядаўна мясцовыя партызаны падарвалі мінамі некалькі нямецкіх грузавікоў, дык гэта эсэсаўцы выбралі такі метад размініроўкі.
Ну, мы ім тут наддалі страху — гэтым крыважэрам і людаедам. Калі гітлераўцы ляглі касцьмі, мы адпусцілі жанчын дадому. Потым, ужо ноччу, раптоўным налётам занялі станцыю, знішчылі ахову і некалькі соцень метраў палатна. Гэта была цудоўная ноч. Да нас адразу ж далучыліся чыгуначныя рабочыя і служачыя. Яны прыйшлі з ключамі, ламамі, лапатамі. Не прайшло і гадзіны, як сюды сталі прыбываць людзі з бліжэйшых вёсак. I ўсе ўзяліся за работу. Тут і я ўспомніў сваю старую спецыяльнасць чыгуначніка. Ужо многа год яна не служыла мне, а вось цяпер якраз спатрэбілася.
Колькі імклівасці было ў людзей, колькі нястрымнай сілы! Яны з лютасцю разварочвалі рэйкі, нібы гэта былі жывыя жылы самой фашысцкай пачвары. Цяжка нават прадбачыць, што б засталося ад усяго станцыйнага абсталявання, ад стрэлак, помпы і ўсяго іншага, калі б была мажлівасць папрацаваць гэтым людзям хоць бы да світання.
Яшчэ, мусіць, зусім нядаўна гэтыя ж людзі пракладвалі тут дарогу на карысць Радзімы. Цяпер для карысці ж Радзімы яны разбураюць яе. Разбураюць без жалю, без разважанняў. Людзі ўпэўнены, што яны пабудуюць новую дарогу пасля перамогі. I ўжо такую дарогу, якая не будзе ведаць вайны, якая будзе служыць толькі справе міру.
Недалёка ад станцыі была раней вялікая машынна-трактарная майстэрня. Акупанты пераабсталявалі яе і цяпер рамантавалі тут свае танкі. Майстэрня ахоўвалася гестапаўцамі. Нашы атрады акружылі гэтую майстэрню, знішчылі ўсіх гітлераўцаў, якія там былі, спалілі ўсе танкі, адрамантаваныя і неадрамантаваныя, паламалі абсталяванне.
Закончылі мы свой рэйд у красавіку сорак другога года. Прайшлі яшчэ цераз Парычы, Шацілкі, Азарыцкі раён, пабывалі ў Капаткевічах, Петрыкаве і ранняй вясною вярнуліся на свае базы — у Любанскі, Старадарожскі, Слуцкі, Старобінскі і Глускі раёны.
* * *
Першы рэйд па абласцях Беларусі прынёс нам вельмі вялікую карысць. Ён сцэментаваў нашу сувязь з масамі, павялічыў наш уплыў на людзей, амаль падвоіў колькасць нашых байцоў. Мы самі пабывалі ў тых раёнах, з якімі раней падтрымлівалі сувязь толькі праз сувязных ці прадстаўнікоў райкомаў і падпольных партарганізацый, устанавілі непасрэдны кантакт з падпольнымі райкомамі, партарганізацыямі і групамі, у многіх месцах стварылі гэтыя групы.
У выніку рэйду мы фактычна сталі гаспадарамі ў многіх раёнах Мінскай і сумежных абласцей, бо амаль усе вёскі гэтых раёнаў былі ачышчаны ад гітлераўцаў і паліцэйскай погані.
Нашы атрады сталі больш моцнымі і баяздольнымі. У нас павялічылася колькасць цяжкага ўзбраення: гармат, мінамётаў. У паходах і баях загартоўваўся наш баявы калектыў, ён набыў пэўны вопыт, практыку, яшчэ больш памацнеў духам. Многія каман-дзіры і камісары атрадаў праявілі сябе ў гэтым паходзе як людзі, якім смела можна даверыць лёс баявых атрадаў, заваявалі любоў партызан і насельніцтва. Нават Мікалай Мікалаевіч Розаў, які ў пачатку рэйду ўсё яшчэ не мог пазбавіцца сваіх празмерна вольніцкіх замашак і аднаго разу хацеў вярнуцца зноў на Любаншчыну, пад уплывам камуністаў і ўсяго калектыву партызан зразумеў вялікую патрыятычную місію нашага баявога паходу і стаў дзейнічаць як сапраўдны патрыёт, смелы і баявы камандзір.
Партызанскі рух на Міншчыне пасля рэйду набыў сапраўды масавы, усенародны характар. Атрады нашы раслі, усё часцей і часцей паяўляліся новыя. Яшчэ задоўга да нашага звароту на свае базы ў Глускім раёне акрамя Храпко пачаў дзейнічаць атрад Віктара Лівенцава, які прыйшоў з Бабруйска. У Старых Дарогах актыўна змагаўся з ворагам атрад Петрушэні. У Акцябрскім раёне паспяхова разгортваў сваю дзейнасць Макар Бумажкоў, брат Ціхана Бумажкова. Акцябрскі раён стаў суцэльна партызанскім. У раёне Пухавіч ужо даволі актыўна дзейнічалі атрады Філіпскіх, Ціхамірава, у Бягомльскім раёне — Манковіча, Мармулёва.
У Чэрвеньскім раёне к канцу нашага рэйду разгарнуў сваю работу падпольны райком партыі на чале з сакратаром райкома Краўчанкам Кузьмой Кузьмічом. Даволі моцнай і шматлікай была ўжо тут і раённая камсамольская арганізацыя, якую ўзначальваў тады сакратар райкома камсамола Пілатовіч Станіслаў Антонавіч.
К гэтаму часу ў раёне разгарнулі баявую дзейнасць некалькі партызанскіх атрадаў. Сярод іх: «Чырвоны сцяг» — камандзір Кузняцоў Іван Захараніч, «Бальшавік» — камандзір Дзербан Мікалай Лявонцьевіч, імя газеты«Правда» — камандзір Іваненка Пётр Іванавіч і іншыя. Амаль усе гэтыя атрады перараслі потым у партызанскія брыгады.
Партызанскі атрад Пакроўскага за кароткі час вырас амаль у два разы. На ўзбраенні атрада было апрача вінтовак пяць станкавых кулямётаў, семдзесят ручных, шмат аўтаматаў, два батальённыя мінамёты. Партызанскія дыверсійныя групы падрывалі эшалоны з танкамі і жывой сілай ворага, знішчалі гітлераўскія абозы, якія прасоўваліся да лініі фронту. Сотні фашыстаў знайшлі сабе смерць і ў часе налётаў на лясныя базы народных мсціўцаў.
Што дзень, то ўсё страшней рабілася гітлераўскім гарнізонам у Рудзенску і Пухавічах, у Чэрвені і Уздзе. Большая частка тэрыторыі гэтых раёнаў ужо знаходзілася пад кантролем партызан. Грабежніцкія экспедыцыі акупантаў у аддаленыя ад гарнізонаў сельсаветы заканчваліся поўным разгромам эсэсаўскага канвою.
Гітлераўскае камандаванне, устрывожанае масавым разгортваннем партызанскага руху ў Рудзенскім і Пухавіцкім раёнах, накіравала супраць атрада «Беларусь» вялікае падраздзяленне рэгулярных войск. Атрад у гэты час базіраваўся ў лесе, непадалёку ад вёскі Клінок, Чэрвеньскага раёна. Заняўшы навакольныя вёскі — Турэц, Клінок, Іванічы, Волму, Рудню, Хочын, Турын і Лужыцу,— эсэсаўцы шчыльна замкнулі партызан у блакаднае кола. Аднак, нягледзячы на вялікую перавагу сваіх сіл, гітлераўцы адразу ў лес пабаяліся сунуцца і спярша пачалі артылерыйскую падрыхтоўку. Варожая батарэя была ўстаноўлена на ўзгорку, каля могілак вёскі Клінок. Больш як паўдня снарады са злосным шоргатам праляталі над галовамі партызан, якія занялі лінію абароны на ўскраіне лесу, і рваліся ў гушчары, там, дзе, па меркаваннях гітлераўцаў, павінна была знаходзіцца асноўная сіла атрада. Пасля паўдня, палічыўшы, што ад партызан мала што засталося, эсэсаўцы чорным валам пайшлі ў атаку.
— Падпускайце як мага бліжэй! — загадаў Мікалай Пракоф\'евіч.— I добра цэліцца ў гадаў!
Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна палячы па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Некаторыя байцы ўжо нецярпліва і трывожна паглядаюць у бок камандзіра.
— Пачынаць агонь толькі па сігналу! — ужо і сам хвалюючыся, яшчэ раз папярэджвае Мікалай Пракоф\'евіч.
Пяцьсот метраў... трыста... дзвесце. Злосная арда, яшчэ не пачуўшы ніводнага стрэлу з лесу, абнаглела і прэцца на ўвесь рост. Доўгія мышынага колеру шынялі злавесна набліжаюцца да першай партызанскай лініі абароны. Сто метраў...
— Агонь!.— сам страляючы першым у доўгую варожую постаць, крычыць Пакроўскі.
Прыцэльны агонь з блізкай дыстанцыі ў першую ж хвіліну ашаломіў эсэсаўцаў. Потым, дзіка зароўшы, яны рынуліся назад, усцілаючы ўзлессе і паляну трупамі.
Партызаны чакалі, што гітлераўцы зноў пачнуць артылерыйскую страляніну. Але варожая батарэя маўчала ўвесь дзень і ўсю ноч. Фашысцкае камандаванне, відаць, выпрацоўвала нейкі новы план. Партызаны таксама падрыхтаваліся да розных нечаканасцей. Калі настала раніца другога дня, у паветры з\'явіліся бамбардзіроўшчыкі. Пачуўшы яшчэ здалёку захлёбістае выццё юнкерсаў, Мікалай Пракоф\'евіч загадаў падпаліць загадзя складзеныя лаўжы, Чарнакрыжыя сцярвятнікі імчалі проста на лясныя дымы. Прарэзліва загулі бомбы, і вышэй стогадовых сосен і елак пачалі ўзлятаць вогненныя слупы. Ад ранку і да вечара гітлераўцы абвальвалі на дымы кастроў цяжкія фугасныя бомбы. На захадзе сонца, калі сціхла агіднае выццё самалётаў, партызаны, якія да гэтага часу знаходзіліся ў бяспечным месцы, прыйшлі зірнуць туды, дзе раніцою расклалі падманныя кастры. Сотні векавых дрэў былі вывернуты з карэннем, зямля навокал чарнела ад вялізных варонак...
Раніцою трэцяга дня блакады гітлераўцы зноў найшлі ў атаку. Пасля страшэннай бамбёжкі яны, відаць, палічылі, што ў лесе ўжо мала хто застаўся. Партызаны зноў падпусцілі ворага на блізкую адлегласць і пачалі расстрэльваць эсэсаўцаў, як і ў першы дзень.
Тры разы ў гэты дзень кідаліся азвярэлыя фашысты на партызанскую лінію абароны і тры разы адкочваліся, пакідаючы на полі бою сотні забітых і параненых. Кіруючы боем, Мікалай Пракоф\'евіч адначасова сачыў за тым, што рабілася навокал. Разведка даносіла, што з боку Пухавіч і Мінска падыходзяць свежыя варожыя падмацаванні. Каб захаваць атрад для далейшай барацьбы з ворагам, трэба было выходзіць з акружэння.
Калі настала ноч, атрад, намацаўшы слабае месца ў абароне гітлераўцаў, рушыў на прарыў. Жалезная лавіна народных мсціўцаў нечаканым імклівым ударам змяла эсэсаўскія ланцугі, і, пакуль да ворага падышлі падмацаванні, партызаны былі ўжо далёка ад месца блакады.
Трыста восем варожых салдат і афіцэраў ляглі касцьмі ў Кліноцкім баі. Каб утаіць ад мясцовага насельніцтва і партызан свае цяжкія страты, акупанты пахавалі трупы не ў адным месцы, а развезлі на машынах у некалькіх кірунках. Але ўжо на другі дзень камандаванне атрада «Беларусь» дакладна ведала пра колькасць забітых эсэсаўцаў.
Злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці ўяўляла грозную сілу, з якой акупанты вымушаны былі лічыцца. Ужо ў красавіку сорак другога года фашысты адклікалі з фронту даволі моцныя рэгулярныя часці для таго, каб задушыць партызанскі рух на Міншчыне і ў палескіх раёнах. На нас была кінута дывізія эсэсаўцаў. Ёй былі прыдадзены спецыяльныя танкавыя і артылерыйскія падраздзяленні.
Паводле данясенняў разведкі, было ясна, што праціўнік збіраецца нанесці галоўны ўдар па раёнах паўднёвага ўсходу, дзе ў той час знаходзіліся асноўныя сілы мінскіх партызан. Я аддаў загад камандзірам атрадаў выслаць моцныя ўдарныя групы насустрач гітлераўцам. Гэтыя групы павінны былі выйсці ў розных напрамках з мэтай дэмаралізацыі фашысцкіх войск, раз\'яднання іх радоў. Акрамя гэтага, былі замініраваны ўсе падыходы да нашых асноўных пазіцый.
I калі нашы ўдарныя групы пачалі з паяўленнем праціўніка дзейнічаць у яго тылах і захопліваць яго абозы з боепрыпасамі, дык ён часта вымушаны быў паварочваць назад, не выканаўшы сваіх зверскіх планаў.
Партызанскія атрады хутка былі прыведзены ў баявую гатоўнасць, занялі абарону згодна з дакладна распрацаваным планам. Раніцай 14 красавіка над старадарожскімі і любанскімі лясамі з\'явіліся два варожыя разведчыя самалёты. Паляталі з паўгадзіны і зніклі. Усім было зразумела: хутка пачнецца штурм. Не прайшло і гадзіны, як больш дзесятка бамбардзіроўшчыкаў наляцела на нашы базавыя вёскі і лес, дзе размяшчаліся партызаны. Лес аж закалаціўся ад узрываў. 3 правага фланга ў любанскім лесе акапаліся атрады Далідовіча і Гуляева, у цэнтры стаяў Розаў. Атрады Патрына, Сталярова, Меркуля, Пакуша і Плышэўскага былі ў рэзерве. Нашы абарончыя пазіцыі былі выбраны ўмела, добра замаскіраваны, так што амаль усе бомбы рваліся воддаль ад іх. Следам за авіяцыяй праціўнік адкрыў агонь з гармат і мінамётаў. Ён біў па Загаллі, па астравах сярод балота і па бліжэйшым ад Загалля лесе. Потым з трох напрамкаў: з поўдня, з захаду і з поўначы пайшлі на нас танкі, а з імі тры батальёны адборнай пяхоты.
Усім атрадам было загадана не страляць і нічым не выяўляць сябе. У бой уступілі толькі нашы ўдарныя групы. Яны заходзілі праціўніку з фланга або з тылу, наносілі раптоўны ўдар і імкліва адыходзілі на новыя пазіцыі. Гэта ўносіла паніку ў варожыя рады, адрывала пяхоту ад танкаў. А без танка гітлеравец не ваяка.
Многія з нашых атрадаў яшчэ не мелі неабходнага вопыту барацьбы з танкамі, аднак гэта пе пахіснула нашай абароны. Па-першае, з хвіліны на хвіліну мы чакалі, што танкі пачнуць узрывацца на нашых мінах, бо абысці іх нельга — усюды балота, а па-другое, у засадах у нас былі замаскіраваны групы, узброеныя звязкамі гранат і бутэлькамі з гаручым.
Так яно і выйшла: толькі прыбег пасыльны ад Далідовіча з просьбай дазволіць яму выслаць дадатковую групу знішчальнікаў танкаў, як на левым флангу варожай зграі грымнула адразу некалькі выбухаў. Нібы рэха, такія выбухі паўтарыліся на правым флангу і ў цэнтры.
Розаў гатоў быў аж крычаць ад радасці, гэта яго мінёры зрабілі такую загароду фашысцкім танкам.
Эсэсаўскае камандаванне, бачачы, што з іхняй браніраванай тэхнікай тут не пралезці, прыпыніла танкавую атаку і ўзмацніла агонь артылерыі. Пяхоце было загадана наступаць без танкаў: мусіць, была надзея на тое, што партызанская абарона аслаблена, а можа, і зусім знішчана. Рынуліся гітлераўцы ў атаку амаль што на поўны рост. Артылерыя перанесла свой агонь далей. Вось ужо зусім блізка варожыя падраздзяленні, вось ужо яны відаць партызанам з укрыццяў.
—Не страляць! — перадаецца каманда па лініі абароны.
Вось гітлераўцы ўжо за якіх трыста метраў на асобных участках.
— Не страляць! — перадаецца каманда.
I толькі тады, калі акупанты падышлі зусім блізка, метраў на сто пяцьдзесят — дзвесце, партызаны адкрылі шквальны агонь. Далідовіч так ударыў па левым флангу, што добры трацяк эсэсаўскага батальёна быў знішчаны. Уцалелая частка батальёна рушыла назад, пачала адпаўзаць, але тут яе сустрэла з засады ўдарная група, якая зайшла наступаўшым гітлераўцам у тыл.
Розаў, ударыўшы праціўніку, як кажуць, проста ў лоб, не вытрымаў, падняў атрад у контратаку. Яго падтрымалі другія атрады. Многа акупантаў было загнана ў балота і там знішчана, астатнія адкаціліся.
Эсэсаўцы зноў пусцілі авіяцыю, пачаўся шалёны артылерыйскі абстрэл. Сабраўшы новыя сілы, праціўнік пайшоў у атаку, але быў адбіты. Зноў пайшоў і зноў быў адбіты. I так да вечара: дзевяць разоў эсэсаўцы атакавалі наша злучэнне і ўсе дзевяць атак захлынуліся. Пад вечар мы ўвялі ў бой свае рэзервы, пусцілі ў ход артылерыю і перайшлі ў контрнаступленне па ўсёй лініі. Сем дзён ішоў цяжкі, кровапралітны бой. I перамога была наша.
Варожая дывізія была спачатку адціснута ў Акцябрскі раён, а потым замкнута паміж вёскамі Барбарова — Каткі — Харомцы — Ямінск — Прусы і разбіта.
У часы баёў вельмі многія партызаны паказалі цуды гераізму і адвагі.
Вось як апісвае подзвіг партызанкі Рымы Шаршнёвай Кірыл Трафімавіч Мазураў у пісьме да яе маці.
«Паважаная Лідзія Васільеўна!
Ваша дачка Рыма была ў тыле ворага ў маёй групе, і таму я хачу напісаць Вам некалькі слоў аб яе жыцці і рабоце ў партызанскім краі.
Вам, пэўна, невядома, што Рыма вучылася ў Маскве ў спецыяльнай школе і летам 1942 года была залічана ў атрад маскоўскіх камсамольцаў імя Гастэлы, які быў накіраваны праз лінію фронту ў тыл ворага, у штаб Мінскага партызанскага злучэння. Рыма была зацверджана сувязной ЦК камсамола Беларусі і павінна была ў тыле ворага ажыццяўляць сувязь паміж падпольнымі групамі і ЦК ЛКСМБ.
Разам з атрадам імя Гастэлы Рыма прайшла вялікі шлях ад Віцебска да Бабруйска. Шлях быў вельмі цяжкі, атрад амаль усю дарогу, звыш тысячы кіламетраў, ішоў пешшу, кожны баец нёс на сабе вялікі груз: зброю, боепрыпасы, выбуховыя матэрыялы. Нягледзячы на гэта, усе прыйшлі на месца прызначэння бадзёрымі і зусім здаровымі, у тым ліку і Рыма.
Прыйшоўшы на месца, гастэлаўцы паступілі ў маё распараджэнне і некаторы час адпачывалі. У другой палавіне кастрычніка 1942 года Рыма захварэла, і я ўладкаваў яе ў наш партызанскі паходны шпіталь. Праляжала яна там каля двух тыдняў, потым я вырашыў накіраваць яе з матэрыяламі самалётам у Маскву. Рыма катэгарычна адмовілася ляцець у Маскву па той прычыне, што яшчэ нічога не зрабіла. Я з ёй згадзіўся. Паступова яна папраўлялася, а калі выздаравела зусім, то папрасіла, каб ёй далі работу. Я вызначыў ёй участак работы, пазнаёміў з камандаваннем брыгады. Там яе вельмі добра прынялі, і за некалькі дзён партызаны палюбілі яе як родную.
Яна вельмі актыўна і добра выконвала заданні па арганізацыі падпольных маладзёжных груп, бясстрашна прабіралася ў населеныя пункты, як кажуць, пад носам у немцаў распаўсюджвала савецкія газеты, лістоўкі, праводзіла сходы моладзі і сялян, гутарыла з імі, чытала газеты. Моладзь хавала яе, дапамагала прабірацца незаўважанай. Наша група партызан заўсёды ахоўвала яе.
У пачатку лістапада 1942 года Рыма і яе спадарожнікі-партызаны, выконваючы заданне, трапілі на засаду немцаў. Становішча было цяжкім, маленькая група з боем прабілася і адышла без страт. Рыма змагалася бясстрашна, сапраўды гераічна.
Калі мне аб гэтым паведамілі, я выклікаў яе да сябе, злёгку паўшчуваў за лішнюю неасцярожнасць, а камандзіру партызанскай брыгады загадаў не адпускаць Рыму без суправаджэння партызан, а на баявыя аперацыі не браць зусім. Камбрыг тав. Розаў выконваў гэтыя ўказанні.
25 лістапада 1942 года брыгада тав. Розава, у якой знаходзілася і Рыма, разам з іншымі партызанскімі атрадамі выйшла на разгром буйнога нямецкага гарнізона. Рыма прасіла камбрыга ўзяць яе на гэтую аперацыю, але ён не згадзіўся і загадаў ёй аставацца на базе. Калі брыгада пайшла, Рыма самавольна рушыла за брыгадай і далучылася да яе ўжо тады, калі адпраўляць яе назад нельга было.
Бой быў цяжкі, але партызаны штурмам узялі населены пункт. У цэнтры астаўся адзін вялікі дзот, з якога вораг вёў моцны агонь. Група партызан на чале з камандзірам роты з брыгады тав. Розава кінулася на дзот. Яны не дабеглі, камандзір зваліўся каля самай амбразуры, дзота цяжка паранены. Некалькі партызан спрабавалі адцягнуць камандзіра ад амбразуры, але не змаглі. Рыма ў гэты час знаходзілася за ўкрыццём і ўсё бачыла. Нікога не папярэдзіўшы, яна кінулася да дзота і каля амбразуры сама была цяжка паранена.
Прэз некалькі мінут дзот быў узяты. Там было знішчана каля 20 фашыстаў. Рыме аказалі першую дапамогу і адвезлі на базу. Яна страціла многа крыві і была вельмі слабай. Трэба было зрабіць пераліванне крыві, донараў было многа, але апаратуры — ніякай. Ва ўсе канцы вобласці паслалі ганцоў, каб дастаць апаратуру, але спазніліся на некалькі гадзін. 6 снежня ў 18 гадзін 30 мінут вечара Рыма памерла. У перыяд ад ранення і да смерці яна амаль не прыходзіла ў прытомнасць.
Пахавалі яе 7 снежня 1942 года ў вёсцы Жывунь, Любанскага раёна, Мінскай вобласці. Хавалі з належным ушанаваннем. На жалобным мітынгу прысутнічалі ўсе атрады партызанскага гарнізона. 3 усіх страт таго бою смерць Рымы была самай цяжкай для нас усіх.
За гераізм Рыма ўзнагароджана пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга.
Лідзія Васільеўна! Вы можаце па праву ганарыцца Вашай дачкою. Ваша гора вялікае, але хай будзе Вам суцяшэннем тое, што Ваша дачка гераічна змагалася за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх нягоднікаў і загінула смерцю храбрых у жорсткім баі з ворагам.
Сакратар ЦК ЛКСМБ К. Мазураў».
Партызанскі рух нарастаў з нябачнай хуткасцю і паступова перарастаў ва ўсенародную вайну беларускага народа супраць ненавісных акупантаў. Гэта патрабавала ад падпольнага абкома яшчэ большай аператыўнасці ў кіраўніцтве, патрабавала выкарыстання ўсіх сродкаў прапаганды і агітацыі, усіх нашых магчымасцей на згуртаванне мас, на актывізацыю барацьбы. Рабоце нашага падпольнага друку — выпуску газет, лістовак, рабоце нашага радыё надавалася цяпер яшчэ большая ўвага. Маштабы значна пашыраліся, удасканальваліся. Усё новыя і новыя раёны мы бралі пад свой кантроль і ўплыў, усё новыя і новыя атрады ўліваліся ў наша злучэнне.
Спецыяльныя абкомаўскія групы на чале з членамі абкома былі накіраваны ў Мінск, Бабруйск, Барысаў, Слуцк, Бягомль, Лагойск, Заслаўе на дапамогу мясцовым партыйным арганізацыям.
Мы надавалі вялікае значэнне разгортванню партызанскага руху ў Барысаўска-Бягомльскай зоне.
Стратэгічнае значэнне Барысаўскага і прылягаючых да яго Бягомльскага, Плешчаніцкага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў надзвычай вялікае. Тут праходзіць магістраль Масква — Мінск, шасейныя дарогі Плешчаніцы — Лагойск — Мінск, Бягомль — Барысаў, Барысаў — Плешчаніцы і дзесяткі грунтавых дарог. У Барысаве сканцэнтраваны прамысловыя прадпрыемствы: запалкавая фабрыка, шклозавод, мэблевая фабрыка, скураны завод і іншыя прадпрыемствы. Па рацэ Бярэзіне ў Барысаў сплаўляліся лес для прадпрыемстваў горада і дровы. Раён, які прылягае да горада, пераважна сельскагаспадарчы, багаты лясамі і сельскагаспадарчай сыравінай.
У канцы чэрвеня 1941 года нямецкія акупанты ўварваліся на тэрыторыю гэтага раёна. Сваё ўступленне ў Барысаў, Бягомль, Плешчаніцы фашысты «адзначылі» масавымі забойствамі мірнага насельніцтва. У Барысаве ў першыя ж месяцы гаспадарання немцаў было забіта і люта закатавана больш 15 тысяч жыхароў, у мястэчку Зембін забіта больш тысячы яўрэяў, у Мсціжы — больш 300.
Калі нямецкія акупанты ўварваліся на тэрыторыю Барысаўшчыны, то адразу для навядзення так званага «новага парадку» стварылі органы мясцовай улады, разбіўшы раёны на валасныя ўправы. На правабярэжнай частцы Бярэзіны ў раёне возера Палік акупанты арганізавалі воласці: у мястэчку Зембін, Карсакавічах, Іканах, Ганцавічах, Мсціжы. Тут жа былі арганізаваны гарнізоны з немцаў і паліцаяў. Валасныя ўправы павінны былі па загаду немцаў выкачваць з насельніцтва падаткі і арганізоўваць барацьбу супраць партызан, якія пачалі дзейнічаць на Барысаўшчыне з першых месяцаў вайны.
Першымі партызанамі на Барысаўшчыне былі мясцовыя актывісты, камандзіры і чырвонаармейцы, якія апынуліся ў акружэнні. У вёсцы Кайтанава амаль усю зіму 1941 года насельніцтва хавала ад немцаў групу акружэнцаў пад камандаваннем тав. Балана (у будучым камандзір партызанскай брыгады «Разгром»). Многія жыхары вёсак Бараўляны, Сялец, Мсціж і іншых сабралі шмат зброі, боепрыпасаў і перадалі ўсё гэта партызанам. Дзяўчаты з вёскі Мрай сабралі каля разбітай друкарні шрыфт для друкавання партызанскіх газет і лістовак.
17 сакавіка 1942 года з Масквы да лініі фронту выехала група «Дзядзі Колі». Яна складалася з 21 чалавека мінскіх чыгуначнікаў. Камандзір групы «Дзядзі Колі» — Лапацін Пётр Рыгоравіч — і ўсе яго байцы да гэтага чатыры месяцы партызанілі ў Бранскіх лясах. Сем чалавек за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў тыле ворага, ужо былі ўзнагароджаны.
Перайшоўшы лінію фронту, група папоўнілася трыма чырвонаармейцамі, якія вырваліся з нямецкага палону. На сваім шляху група правяла некалькі баёў з паліцэйскімі і 12 мая 1942 года прыбыла ў раён возера Палік, у прызначанае ім месца.
Да дня прыходу групы «Дзядзі Колі» ў раёне возера ўжо дзейнічала некалькі партызанскіх груп і атрадаў. У красавіку 1942. года таварышы Верхаводка Спірыдон Віктаравіч, які працаваў да вайны памочнікам аператыўнага ўпаўнаважанага 4-й стралковай дывізіі, і Капыткоў Даніла Флоравіч, да вайны супрацоўнік рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», арганізавалі ў Бараўлянах з мясцовых жыхароў даволі актыўную партызанскую групу. Спачатку ў ёй было толькі 10 чалавек. Адбор людзей праводзіў Капыткоў, які жыў тады ў Бараўлянах.
Да мая гэтая група перарасла ў атрад, які ўжо налічваў 23 партызаны, узброеныя трыма ручнымі кулямётамі, адным аўтаматам і 19 вінтоўкамі. Атраду прысвоілі імя Сталіна. Пятага мая атрад напаў на Карсакавіцкую воласць і разграміў там паліцэйскі гарнізон. У схватцы было забіта 6 паліцэйскіх і захоплена 11 вінтовак. Пасля гэтага немцы так і не змаглі аднавіць воласць у Карсакавічах.
Акупанты хацелі выкарыстаць лясныя багацці вядомага ў Беларусі Бярэзінскага запаведніка і арганізаваць сплаў лесу і дроў у Барысаў для электрастанцыі і іншых прадпрыемстваў. Партызанская разведка данесла, што нямецкі газаход падцягнуў па рацэ ў раен запаведніка дзве баржы для загрузкі. Пакінуўшы баржы каля берага, газаход адплыў у Барысаў.
Камандзір атрада Верхаводка і камісар Капыткоў рашылі зрабіць на рацэ засаду, у якую пайшоў увесь атрад. Загружаныя дрывамі баржы партызаны спусцілі ўніз па цячэнню да зручнага месца для засады. Там, дзе рака робіць выгіб, наладзілі з дроў брустверы і цярпліва чакалі газаход.
Толькі на трэці дзень раніцай пачуўся шум матора газахода. Ён цягнуў за сабой яшчэ адну баржу. Падпусціўшы газаход бліжэй, амаль ушчыльную, камандзір атрада крыкнуў:
— Паліцэйскія ёсць?
— Паліцэйскія на баржы,— адказаў матарыст газахода.
Паліцэйскія сядзелі на баржы, барты якой былі абкладзены цэглай. Іх было 9 чалавек. Узбраеннем у іх быў кулямёт, гранатамёт і 7 вінтовак.
Пачуўшы гаворку, паліцаі адкрылі агонь. Трапным выстралам адзін з партызан вывеў са строю кулямёт паліцэйскіх.
Бачачы бязвыхаднасць свайго становішча, паліцаі ў паніцы кінуліся на дно баржы і адкрылі бязладную страляніну. Партызаны падзяліліся на дзве групы. Першая група заставалася ў засадзе і трымала паліцэйскіх на прыцэле, а другая група з гранатамі ў руках пайшла па вадзе да баржы.
Пасля таго як адзін з партызан кінуў у баржу гранату, паліцэйскія пакідалі зброю і сталі скакаць у ваду. Васемнаццацігадовы партызан Леанід Галуза, сын партызана грамадзянскай вайны, трапнымі выстраламі забіў 4 паліцэйскіх. Неўзабаве ўсе 9 паліцэйскіх знайшлі сабе магілу ў Бярэзіне. Партызаны страт не мелі. Яны захапілі газаход, 3 баржы, ручны кулямёт, гранатамёт, 7 вінтовак і 200 патронаў. Каманда газахода ў поўным саставе — Плат, Берасцень і Вяршок — далучылася да партызан.
Заклапочаны доўгай адсутнасцю газахода, нямецкі афіцэр — шэф воднага транспарту — вылецеў на самалёце, каб адшукаць катэр. Самалёт кружыў над Бярэзінай. Партызаны меткім агнём цяжка паранілі шэфа, які неўзабаве памёр у Барысаве.
Так закончылася спроба немцаў авалодаць Бярэзінай. Партызаны ўвесь час заставаліся сапраўднымі гаспадарамі ракі.
Услед за атрадам імя Сталіна ў раёне вёскі Замошша, Бягомльскага раёна, быў арганізаваны з мясцовага насельніцтва і былых ваеннапалонных атрад імя Чапаева. Арганізатарам атрада быў настаўнік, кандыдат партыі Жукоўскі Якаў Якаўлевіч. Ён праводзіў сярод насельніцтва агітацыйную работу, падбіраў надзейных людзей для атрада. Збіраліся яны патаемна, у адной зямлянцы вёскі Замошша. Гэта былі Жукоўскі Я. Я.— настаўнік, Абрагімовіч I.— камуніст, былы дырэктар МТС, Кавалеўскі П.— камсамолец з вёскі Замошша, Блінаў А. М.— камсамолец, які ўцёк з палону, Марціновіч П.— настаўнік, камсамолец. На сваіх тайных сходках яны абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй атрада. 22 красавіка 1942 года на сходзе было вырашана арганізаваць атрад і пайсці ў лес. Атрад ужо меў на ўзбраенні ручны кулямёт, два аўтаматы, вінтоўку і 13 гранат. Раніцай 23 красавіка сорак другога года атрад перайшоў у гнюцкія лясы. Большая частка насельніцтва вёскі Замошша ведала аб арганізацыі атрада і ўсяляк дапамагала партызанам у збіранні зброі і прадуктаў харчавання.
29 красавіка да групы Жукоўскага далучылася яшчэ адна група партызан, якую арганізаваў з ліку жыхароў вёскі Ліпкі, Каменскага сельсавета, Плешчаніцкага раёна, былы камсамольскі работнік тав. Бадзюля. У маі 1942 года ў Жукоўскага было ўжо 22 партызаны, узброеныя 3 аўтаматамі, 2 ручнымі кулямётамі, 6 вінтоўкамі і 17 гранатамі.
Першамайскае свята партызаны вырашылі адзначыць пачаткам баявых дзеянняў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў — разграміць Ганцавіцкую воласць. Прадумаўшы дэталёва план аперацыі, атрад у поўным складзе пад кіраўніцтвам Жукоўскага і Бадзюлі 2 мая знянацку ўварваўся ў вёску Ганцавічы і, разагнаўшы паліцэйскую ахову, разграміў воласць. Пры гэтым быў захоплены здраднік — бургамістр Коўшык і пасля допыту расстраляны.
У гэтую ж ноч атрадам быў спалены мост цераз раку Цна і спынен рух па шасэ Зембін — Плешчаніцы. Пасля гэтай аперацыі баявая работа атрада яшчэ больш ажывілася. Праз дзень была разгромлена Іканская воласць. Як і Ганцавіцкая, яна не была потым адноўлена.
Амаль адначасова з арганізацыяй атрада імя Чапаева ў Смалявіцкім раёне былым армейскім палітруком Ягоравым Яўгенам Дзмітравічам разам з камсамольцамі Уцехіным Дзмітрыем Дзмітрыевічам і Полагавым Пятром быў арганізаваны атрад «Камунар». Папоўніўшыся за лік мясцовага насельніцтва, атрад к канцу мая ўжо налічваў да 20 чалавек. Спачатку сюды ўлілася група партызан з вёскі Мікалаевічы, Смалявіцкага раёна. Большасць з іх былі камсамольцы. Да таго як прыйсці ў атрад, гэтыя хлопцы самі дасталі сабе зброю і яшчэ на месцы ў сваёй вёсцы праводзілі агітацыйную работу сярод моладзі, заклікалі да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Атрад пачаў свае баявыя дзеянні з разгрому Емяльянаўскай воласці і трох нямецкіх малочных пунктаў.
Такім чынам, група «Дзядзі Колі», якая прыйшла з-за лініі фронту, не была тут адзінокай. Апрача пералічаных груп да яе далучылася група партызан лейтэнанта Бальшакова ў саставе 18 чалавек.
У ліпені 1942 года атрад «Дзядзі Колі» разграміў Жажэлкаўскую воласць, Смалявіцкага раёна. У баях былі забіты 4 паліцэйскія і захоплены ўсе дакументы воласці. Гэтым жа атрадам быў таксама разгромлены нямецкі гарнізон на торфазаводзе «Белае балота». Там было забіта 10 немцаў, спалены нямецкія казармы, аўтамашына, прадуктовы магазін і захоплена 6 вінтовак.
Атрад «Камунар» у пачатку жніўня разграміў гарнізон у былым саўгасе «Косіна». Было знішчана каля 20 немцаў, бургамістр і кіраўнік створанага акупантамі маёнтка.
У жніўні падрыўнікі атрада таварышы Акунёў, Часнакоў, Рашчынскі ў раёне Гарадзішча і Загор\'я спусцілі пад адхон 2 нямецкія эшалоны. Было знішчана 7 вагонаў з боепрыпасамі і 2 паравозы.
Партызаны атрада імя Сталіна дасталі з возера Палік супрацьтанкавую гармату. Яна была выкарыстана пры разгроме Бродайскай воласці, пры разбурэнні лесапільнага завода і маслапункта ў вёсцы Кішчына Слабада.
У канцы ліпеня ў раён Паліка прыйшоў з-за лініі фронту атрад «Бура», які ўзначальвалі камандзір Лаварчук Барыс і камісар Мурашка Павел. Гэты атрад налічваў 54 чалавекі, меў на сваім узбраенні ручны кулямёт, 6 аўтаматаў, 47 вінтовак.
У сувязі з ускладненнем становішча, узмацненнем карных мерапрыемстваў немцаў супраць партызан паўстала пытанне аб арганізацыі партызанскай брыгады. 12 жніўня 1942 года з атрадаў «Дзядзі Колі», «Камунар», імя Сталіна, імя Чапаева, «Бура», якія базіраваліся на правым беразе Бярэзіны каля возера Палік, на арганізацыйным савеце камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабоў з удзелам членаў Мінскага падпольнага абкома партыі было вырашана арганізаваць партызанскую брыгаду «Дзядзі Колі». Камандзірам брыгады быў прызначаны Лапацін Пётр Рыгоравіч.
Да арганізацыі брыгады ў атрадах налічвалася 250 чалавек, з іх узброеных — 230. На ўзбраенні было 18 аўтаматаў, 10 кулямётаў, 202 вінтоўкі, асабістага ўзбраення — 20, адна 45-мм. гармата. Атрады працягвалі хутка папаўняцца за лік мясцовага насельніцтва і ўцёкшых з нямецкага палону камандзіраў і чырвонаармейцаў. У снежні 1942 года брыгада правяла вельмі важную баявую аперацыю — налёт на зембінскі гарнізон. У гэтым налёце прымалі ўдзел усе атрады. Колькасны састаў брыгады да зембінскай аперацыі дасягнуў ужо 500 чалавек. Палавіна з іх знаходзілася на баявых заданнях у заходніх абласцях Беларусі і ў Смалявіцкім раёне.
7 снежня 1942 года ў 6 гадзін 50 мінут атрады сканцэнтраваліся на сваіх зыходных пазіцыях, а ў вызначаны час пайшлі ў наступленне. Праз 20 мінут першая ўдарная група на чале з камандзірам атрада імя Сталіна Верхаводкам без выстралу заняла Азёрную вуліцу. Немцы, якія стаялі на варце, прынялі іх за сваіх і пачалі клікаць да сябе. У адказ партызаны адкрылі агонь. У гэты час цэнтральная ўдарная група пад кіраўніцтвам камандзіра атрада імя Чапаева Жукоўскага ўварвалася на базарную плошчу і абстраляла паліцэйскі пост. У Зембіне ўзнялася трывога. Цэнтральная група заняла памяшканне воласці і ўзяла ў палон 5 паліцэйскіх. Потым завязаўся бой. Партызаны першай ударнай групы падкацілі гармату і адкрылі агонь па школе, адкуль немцы па ходах злучэння выбягалі на свае агнявыя пазіцыі, пабудаваныя вакол школы. Немцы занялі тут кругавую абарону і сталі ўпарта абараняцца.
Пасля трохгадзіннага бою ў першай ударнай групе засталося вельмі мала патронаў. Тады была вылучана група па ачыстцы ад немцаў занятай партызанамі вуліцы. Астатнія блакіравалі школу.
Другая ўдарная група, як толькі захапіла памяшканне воласці, павяла наступленне на левы фланг асноўных сіл немцаў. Астатнія партызаны праводзілі ачыстку дамоў вакол базарнай плошчы. Паліцэйскія, засеўшы ў дамах, адстрэльваліся з вокнаў і гарышчаў.
Трэцяя ўдарная група ўварвалася на Барысаўскую вуліцу і заняла яе паўночны бок і гараж. Завязаліся ўпартыя жорсткія вулічныя баі. Немцы з умацаванняў і каменных дамоў вялі ўраганны агонь з кулямётаў і мінамётаў. Камандзір узвода атрада «Бура» тав. Курмаз кінуўся за сваім узводам у атаку на групу немцаў, але быў забіты флангавым кулямётным агнём ворага.
У 11 гадзін завязаўся бой каля гайненскіх мастоў паміж падыходзячым падмацаваннем ворага, меўшым на сваім узбраенні 2 танкі і 3 батальённыя мінамёты, і партызанскім прыкрыццём з атрада «Камунар».
Праз 40 мінут бою прыкрыццё не ў сілах было стрымаць у многа разоў мацнейшага ворага і дало сігнал дзвюма чырвонымі ракетамі. Штаб брыгады аддаў загад на адыход. Увесь Зембін знаходзіўся ў дыме і агні. Гарэлі склады, гараж, магазін, памяшканне воласці і іншыя будынкі.
Нямецкія танкі, падышоўшы да Зембіна, а потым і машыны адкрылі па палаючаму мястэчку агонь. У адказ ім застракаталі кулямёты уцалелых немцаў і паліцэйскіх. Ад дыму не бачачы адзін аднаго, немцы завязалі паміж сабой шалёную перастрэлку.
У выніку гэтай партызанскай аперацыі было забіта 95 гітлераўцаў, у тым ліку намеснік начальніка зембінскай паліцыі, узята ў палон 5 паліцэйскіх. Спалены гараж, дзе згарэла 7 аўтамашын, 3 матацыклы, склад з бензінам, магазін з рознымі таварамі, склад з соллю, склад са збожжам, склад з рознай маёмасцю, млын, два памяшканні воласці з дакументамі, 10 паліцэйскіх дамоў і дом бургамістра. Узяты трафеі: 2 ручныя кулямёты, 2 аўтаматы, 8 вінтовак, 5 тысяч вінтовачных патронаў, 20 пудоў солі.
Увесь наступны перыяд да ліпеня 1943 года брыгада разгортвала дыверсійную работу ў гарадах і населеных пунктах, на чыгунцы, невялікімі партызанскімі групамі разбурала камунікацыі ворага. За 5 першых месяцаў 1943 года на чыгунцы падрыўнікамі брыгады было праведзена 26 дыверсій, спушчана пад адхон 19 воінскіх эшалонаў ворага. Дзесяткі вагонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага былі знішчаны. За гэты час было спалена 7 умацаваных пунктаў немцаў, знішчана на магістралях і іншых дарогах 32 грузавыя і 14 легкавых машын з рознымі грузамі. Разбураны адзін чыгуначны мост і 9 мастоў на шасейных дарогах.
У пачатку мая 1943 года ў раёне в. Скупліна, Барысаўскага раёна, партызанамі брыгады «Дзядзі Колі» быў падбіты нямецкі самалёт, які зваліўся ў лясным масіве Скупліна — Завіднае. Два лётчыкі апусціліся на парашутах. Адзін з іх быў забіты партызанамі атрада імя Чапаева, другому ўдалося збегчы і данесці ў бліжэйшы нямецкі гарнізон аб тым, што здарылася. I вось 12 мая атрад фашыстаў у колькасці 120 чалавек выступіў на пошукі самалёта.
Даведаўшыся аб руху немцаў у партызанскі раён, штаб брыгады аддаў загад атрадам імя Сталіна і імя Чапаева зрабіць засаду на ўчастку ўскраіны лесу Скупліна, могілак вёсак Карсакавічы і Казімірова. Атрад імя Сталіна размясціў першы ўзвод пад камандаваннем тав. Абрасімава на ўскраіне лесу заходней Скупліна, другі ўзвод у калгасе Казімірова і трэці ўзвод з дзвюма 45-мм. гарматамі — у в. Карсакавічы.
13 мая ў б гадзін раніцы немцы ланцугом акружылі вёску Скупліна, нарабавалі там курэй, яек і іншых прадуктаў і рушылі калонай у бок в. Замошша. Атрад імя Чапаева ў гэты час падцягваў усе свае асноўныя сілы на ўскраіну скуплінскага лесу.
Першы ўзвод атрада імя Сталіна пад камандаваннем Абрасімава, знаходзячыся ў засадзе, падпусціў немцаў на блізкую адлегласць і адкрыў з кулямётаў і 20 вінтовак залпавы флангавы агонь па калоне ворага. Фашысты ў разгубленасці збянтэжыліся і кінуліся да другога боку ўскраіны лесу. Але тут іх сустрэў кулямётны агонь чапаеўцаў. Фашысты залеглі і пачалі адстрэльвацца, а частка іх стала адыходзіць да в. Скупліна. К гэтаму часу падышоў другі ўзвод атрада імя Сталіна пад камандаваннем тав. Карагодзіна і адкрыў па ворагу кулямётны агонь. Адначасова з Карсакавіч на паўночны бок в. Скупліна была падцягнута гармата, і адтуль быў адкрыт агонь прамой наводкай па вышыні, на якой залёг вораг.
На пакінутай ворагам вышыні ляжалі забітыя і раненыя немцы. У гэтым баі было забіта 20 фашыстаў і ранена 32. Узяты трафеі: 3 вінтоўкі, некалькі пісталетаў, каля трох тысяч патронаў.
Бачачы ў партызанах свайго смяротнага ворага і імкнучыся спыніць далейшы рост партызанскага руху ў Беларусі, а існуючыя партызанскія брыгады і атрады разграміць і знішчыць, вясной 1943 года акупанты пачалі рыхтаваць вялікія карныя экспедыцыі. 3 франтоў былі адкліканы рэзервовыя часці.
Перакінуўшы сюды дзесяткі тысяч сваіх салдат і афіцэраў, сканцэнтраваўшы шмат тэхнікі, немцы сталі цясніць партызан з заходніх абласцей Беларусі і іншых раёнаў у раён возера Палік з мэтай далейшай блакіроўкі і знішчэння. Толькі супраць брыгады «Дзядзі Колі», якая налічвала да мая 1943 года 568 чалавек, вораг сканцэнтраваў больш трох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, падтрыманых 16 гарматамі, 10 танкамі і 6 цяжкімі бамбардзіроўшчыкамі. У партызанскай брыгадзе было 20 ручных кулямётаў, 42 аўтаматы, 272 вінтоўкі.
30 мая і 1 чэрвеня атрады правялі цяжкія абарончыя баі на подступах да баз, а 2 і 3 чэрвеня — на саміх базах. Расстраляўшы амаль усе боепрыпасы, атрады вымушаны былі перайсці на левы бераг ракі Бярэзіны.
У гэтых баях ворагу былі нанесены вельмі вялікія страты: забіта 250 акупантаў, ранена 150, падбіты 2 танкі і адзін самалёт. У баях найбольш вызначыліся атрады імя Сталіна, імя Дзяржынскага, імя Чапаева. Асабліва гераічна змагаўся камісар атрада імя Сталіна тав. Ражноў Г., умела правёўшы баі на базах, у выніку якіх ворагу былі нанесены цяжкія страты. Смерцю храбрых загінуў у баі каля ракі Цна 16-гадовы партызан Міхаіл Усоскі. Некалькі гітлераўцаў хацелі яго акружыць. Юны патрыёт прыняў рукапашны бой і, забіўшы шэсць акупантаў, загінуў смерцю храбрых.
22 чэрвеня блакада скончылася. Немцы з самалётаў раскідалі лістоўкі, у якіх паведамлялася «аб поўным разгроме партызан». Між тым партызаны, выйшаўшы з блакады з невялікімі стратамі, збіраліся ў вёсках і лясах, рыхтуючы новыя ўдары па акупантах.
Брыгада «Дзядзі Колі» за месяц баёў страціла 12 чалавек. Праўда, асабовы састаў быў вельмі знясілены амаль бесперапыннымі баямі і доўгім знаходжаннем у балотах. Але ў хуткім часе брыгада памацнела, папоўнілася новымі сіламі, боепрыпасамі і набыла мінулую баяздольнасць.

Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY