Людзі асобага складу (В.І.Казлоў) працяг
Индекс материала
Людзі асобага складу (В.І.Казлоў) працяг
XV (блакада партызанскай зоны, атрад Сталярова)
XVI (Феня Конанава, стварэнне злучэння атрадаў)
XVII (Ніжынская падпольная арганізацыя)
XVIII (Феня Конанава)
XIX (подзвіг Гарбачова, партызанскі рэйд)
XX (подзвіг Фені Конанавай)
XXI (наладжванне першай радыёсувязі з Масквой)
XXII (партызанскі друк, будаўніцтва аэрадрома на в.Зыслаў)
XXIII (першы самалёт, адлет у Маскву)
XXIV ( у Маскве, вяртанне)
XXV (на Любаншчыне, новыя задачы)
Все страницы

XV

Вялікая перамога нашых гераічных войск на подступах да Масквы прынесла нам, як і ўсяму савецкаму народу, радасць і шчасце, акрыліла партызан, павысіла баявы дух і яшчэ больш умацавала веру ў канчатковую перамогу над гітлераўскай Германіяй. Помню, якое бурнае ажыўленне, якая ўсхваляванасць былі ў нас у штабе пасля прыёму па радыё паведамлення Савецкага інфармбюро ад 11 снежня 1941 года. Звычайна да таго часу, пакуль не будзе прынята зводка, ніхто з нас не ішоў на адпачынак, а калі хто і адпачываў пасля цяжкай зморанасці, дык неўзабаве падымаўся і чакаў свежых вестак з фронту. Як пачуем, бывала, што нашы войскі перамагаюць, дык на душы робіцца цёпла, радасна, здаецца, вось устаў бы і ў гэтую ж хвіліну пайшоў на новую аперацыю, хоць толькі што вярнуўся з поля бою.
Зводкі прымаў работнік штаба Аляксандр Сакевіч. Ён быў адказным за распаўсюджванне іх, за выпуск лістовак і іншай падпольнай літаратуры. I як толькі Сакевіч у пэўны час пераступаў парог штабной зямлянкі, мы па выразу на яго твары ўжо здагадваліся, якія весткі ён прынёс. Калі на нашых франтах былі поспехі, вочы ў Сакевіча радасна блішчалі, на вуснах свяцілася шырокая ўсмешка. Калі ж весткі былі няўцешныя, Сакевіч заходзіў у зямлянку пануры, часцей за ўсё не гаварыў ні слова і, нібы адчуваючы сябе вінаватым, не глядзеў нікому ў вочы.
Цікава, што і ў партызан выпрацаваліся нейкія своеасаблівыя адносіны да Сакевіча. Калі ён прыносіў добрыя навіны, усе ласкава, бадзёра ўсміхаліся яму, частавалі тытунём, а калі дрэнныя — непрыязна адварочваліся, таілі крыўду, нібы Сакевіч і сапраўды быў вінаваты ў тым, што зводку перадалі нярадасную.
I вось ноччу з адзінаццатага на дванаццатае снежпя 1941 года сабраліся мы ў штабной зямлянцы і сталі чакаць Сакевіча.
Нарэшце ён з\'явіўся. I не проста ўвайшоў, а ўварваўся як бура. Мы толькі павярнуліся да яго і зразумелі, што адбылося штосьці важнае, штосьц вялікае.
— Чытай, хутчэй чытай!
Сакевіч абвёў усіх урачыстым позіркам і, дастаўшы з-за пазухі сшытак, пачаў:
«У апошнюю гадзіну. Правал нямецкага плана акружэння і ўзяцця Масквы. Паражэнне нямецкіх войск на подступах да Масквы».
Ён з прыціскам вымаўляе кожнае слова, нібы стараючыся надаць яму яшчэ большае значэнне, чым яно мае.
«...6 снежня 1941 года,— чытае ён далей,— войскі нашага Заходняга фронту, знясіліўшы праціўніка ў папярэдніх баях, перайшлі ў контрнаступленне супраць яго ўдарных флангавых груповак. У выніку пачатага наступлення абедзве гэтыя групоўкі разбіты і паспешліва адыходзяць, кідаючы тэхніку, узбраенне і несучы велізарныя страты».
«...Пасля пераходу ў наступленне, з 6 па 10 снежня, часцямі нашых войск занята і вызвалена ад немцаў звыш 400 населеных пунктаў».
Затым, пералічыўшы трафеі, Сакевіч перадыхнуў, зноў абвёў усіх нас урачыстым позіркам і прачытаў заключную частку паведамлення.
«...Германскае інфармацыйнае бюро пісала ў пачатку снежня:
«...Германскія колы заяўляюць, што германскае наступленне на сталіцу бальшавікоў прасунулася так далёка, што ўжо можна разглядзець унутраную частку горада Масквы праз добры бінокль».
Сакевіч спыніўся і, усміхнуўшыся, дадаў:
— Не бачыць ім Масквы, як сваіх вушэй. I далей прадаўжаў:
«Цяпер ужо несумненна, што гэты выхвальны план акружэння і ўзяцця Масквы праваліўся з трэскам. Немцы тут яўным чынам пацярпелі паражэнне.
Немцы скардзяцца на зіму і сцвярджаюць, што зіма перашкодзіла ім ажыццявіць план заняцця Масквы. Але ж, па-першае, сапраўднай зімы яшчэ няма ў нас пад Масквою, таму што маразы дасягаюць у нас не больш 3 — 5 градусаў. Па-другое, скаргі на зіму азначаюць, што немцы не паклапаціліся забяспечыць сваю армію цёплым абмундзіраваннем, хоць яны на ўвесь свет пракрычалі, што даўно ўжо гатовы да зімняй кампаніі. А не забяспечылі яны сваёй арміі зімнім абмундзіраваннем таму, што спадзяваліся скончыць вайну да наступлення зімы. Спадзяванні немцаў, як відаць, не апраўдаліся. Тут быў дапушчаны немцамі сур\'ёзны і бясспрэчны пралік. Але пралік у нямецкіх планах ніяк ужо нельга растлумачыць зімнімі ўмовамі кампаніі. Не зіма тут вінавата, а арганічны дэфект работы германскага камандавання ў галіне планавання вайны.»
Прачытаўшы зводку, Сакевіч паклаў яе на стол. Амаль кожны з нас яшчэ сам прачытаў паведамленне, а потым мы разгарнулі карту. Вызваленыя нашымі войскамі гарады мы любоўна абвялі на карце чырвоным алоўкам. Усхвалявана, з вялікай радасцю думалі мы пра шчасце тых нашых савецкіх людзей, якія цяпер святкуюць сваё вызваленне ад акупантаў.
Мы разам з гэтымі людзьмі, мы змагаемся адзіным фронтам! Гэта надавала нам яшчэ больш рашучасці і гартавала волю да перамогі.
Невымернай была наша радасць ад усведамлення таго, што роднай і любімай сталіцы больш не пагражае небяспека акружэння, што ўшчэнт разляцеліся ўсе правакацыйныя выдумкі фашысцкай прапаганды аб узяцці Масквы. Цяпер у нас, у глыбокім тыле ворага, яшчэ больш пашырыцца бязлітасная барацьба з акупантамі, увесь беларускі народ возьмецца за зброю.
Да раніцы была выпушчана спецыяльная лістоўка і разаслана ва ўсе раёны Мінскай, Палескай і частткова Магілёўскай абласцей.
Акрамя штаба ў кожным атрадзе нашага злучэння было прынята гэтае гістарычнае паведамленне Саўінфармбюро. Яго размнажалі і распаўсюджвалі атрады, падпольныя групы. Праз дзень-два ўсё насельніцтва ведала аб вялікай перамозе нашых войск пад Масквой. Тысячы мужчын і жанчын з вёсак і гарадоў прыйшлі пасля гэтага ў партызанскія атрады. Цэлыя абозы са збожжам і харчаваннем амаль бесперапынна прыбывалі на нашы базы.
* * *
Неабходнасць непасрэднай сувязі з Масквой наспявала з кожным днём усё больш і больш. Мы штодня слухалі нашу сталіцу, прымалі весткі з франтоў. Маскву мы чулі,— гэта была вялікая натхняючая справа, але ж Масква яшчэ не ўсё чула пра нас. Сувязь з ЦК КП(6)Б і з Беларускім штабам партызанскага руху ў нас была не сістэматычная. Яна парушылася з таго дня, калі мы выехалі з Мазыра. А так хацелася, каб пра партызанскія справы ведалі ў Маскве, у нашых братніх рэспубліках. Нам вельмі патрэбна была дапамога роднай сталіцы і шчырая падтрымка братніх народаў.
Мы слухаем Маскву, сочым за гераічнымі справамі нашых воінаў, уральскіх рабочых, новасібірскіх, тамбоўскіх калгаснікаў, за самаадданай працай грузінскіх і ўзбекскіх працоўных. Іх подзвігі натхняюць нас на яшчэ больш шырокае разгортванне партызанскага руху, на яшчэ болып моцныя ўдары па ворагу. Няхай бы і пра нас паслухалі на Вялікай зямлі. I нам вельмі хацелася падаць свой голас, зрабіць сваю справаздачу перад нашымі франтамі, перад савецкім народам.
Што трэба для гэтага? Вядома, у першую чаргу добрая, сістэматычная радыёсувязь. Аднак гэтага ў нас пакуль што не было. Мы маглі зрабіць цяпер толькі адно: паслаць у савецкі тыл яшчэ адну групу нашых вопытных партызан. Праўда, гэта было не зусім надзейнае мерапрыемства, але трэба рабіць тое, што можна. Наша трывога ішла ад таго, што першая група, пасланая намі ў ЦК, пакуль што не вярнулася, аднак траціць надзеі на тое, што яна яшчэ вернецца, было рана. Важна тое, што мы яшчэ ў верасні ўпэўніліся, што нашы пасланцы дасягнулі мэты. Аднаго разу Сакевіч, прыняўшы чарговую зводку Саўінфармбюро, у незвычайным узбуджэнні прыбег да нас:
— Таварышы! — узрадавана загаварыў ён.— Пра нашых партызан гавораць, вось слова ў слова запісана. Наш Пятровіч выканаў заданне!
I ён прачытаў паведамленне Саўінфармбюро ад 21 верасня 1941 г.
«У Савецкае інфармбюро,— гаварылася ў паведамленні,— паступіла пісьмо Сцяпана Мікалаевіча Пятровіча — байца партызанскага атрада, які дзейнічае ў Беларусі. У першую чаргу,— піша т. Пятровіч,— наш атрад знішчыў дзевяць мастоў цераз раку Случ. Немцам не ўдалося аднавіць ні аднаго з іх. Фашысты некалькі разоў будавалі адзін буйны мост, але мы зноў яго разбуралі. Нядаўна нашы партызаны ў вёсцы акружылі хату, у якой абедаў фашысцкі обер-лейтэнант, які вельмі здзекаваўся з сялян гэтай вёскі, схапілі яго і расстралялі. Дакументы, зброю і аўтамашыну мы даставілі ў атрад. Праз некалькі дзён пасля гэтага 11 нямецкіх аўтамашын, адзін бранявік і 3 матацыклы прыехалі ў наш раён. Немцы намерваліся адшукаць і ліквідаваць партызанскі атрад. Каля вёскі Л. мы з засады адкрылі агонь па фашыстах. Бой цягнуўся з гадзіну. 27 нямецкіх салдат мы знішчылі, 16 цяжка паранілі, астатнія ўцяклі. Неўзабаве пасля гэтага бою я заклаў на дарозе вялікую міну. Раніцай паказаліся аўтамашыны нямецкага карнага атрада. Галаўная трохтонная машына наскочыла на міну і ўзляцела ў паветра. 3 25 нямецкіх салдат ні адзін не ўцалеў. У другім месцы мы працягнулі цераз лясную дарогу дрот на вышыні ў паўтара метра ад зямлі і моцна прывязалі яго да дрэў. На досвітку праз лес праходзілі тры нямецкія аўтамашыны. Першая з іх на поўным хаду наскочыла на провад, якім быў забіты шафёр і некалькі салдат, што сядзелі ў кузаве. Другая машына наляцела на першую, а ў кузаў трэцяй машыны мы кінулі дзве гранаты.
У адным з мястэчкаў немцы прызначылі старастам свайго шпіёна Фядота Пратасеню. Тры нашыя партызаны пераапрануліся ў форму нямецкіх афіцэраў, селі на нямецкую легкавую машыну і паехалі ў мястэчка. Пераапранутыя партызаны выклікалі старасту і патрабавалі ўказаць мясцовых актыўных савецкіх работнікаў. Пратасеня неадкладна ўручыў спіс сельскага актыву. Партызаны знішчылі здрадніка.
У вёсках немцы вывесілі загады, у якіх абяцалі па 5 тысяч марак за кожнага партызана — жывога ці мёртвага. Пад пагрозай расстрэлу немцы забараняюць сялянам хадзіць у лес па грыбы і ягады. Але загады, пагрозы і зверствы не дапамагаюць. Беларускі народ падтрымлівае партызан, і мы грамілі, грамім і будзем граміць фашысцкую нечысць...»
Мы былі вельмі задаволены тым, што Масква ўжо ведала пра некаторыя нашы справы, і цяпер вырашылі падрыхтаваць для адпраўкі ў Штаб партызанскага руху да таварышаў Варашылава і Панамарэнкі яшчэ трох сувязных. Ад бюро абкома было разаслана спецыяльнае пісьмо атрадам і групам, сакратарам падпольных райкомаў партыі. У пісьме ўказвалася, што абком рыхтуе шырокую справаздачу аб сваёй дзейнасці за ўвесь перыяд падполля. Справаздача будзе паслана ў Цэнтральны Камітэт ВКП(б) і ў ЦК КП(6)Б. Камандзірам і камісарам атрадаў, сакратарам райкомаў, кіраўнікам падпольных груп рэкамендавалася прыслаць у абком КП(б)Б падрабязныя справаздачы і выказаць свае меркаванні і прапановы на будучае.
У кожным атрадзе па-рознаму рэагавалі на пісьмо абкома. Амаль ва ўсіх атрадах адразу зразумелі галоўнае. Там на бюро падпольных райкомаў, на партыйных і агульных сходах партызаны шырока абмеркавалі пісьмо, падвялі вынікі баявых спраў за паўгода і вызначылі далейшыя шляхі. Даць справаздачу Маскве было вялікім шчасцем, і людзі гаварылі, вядома, пра тое, што сапраўды зрабілі і маглі зрабіць.
А вось Сталяроў, атрымаўшы абкомаўскае пісьмо, доўга хаваўся, не паказваў яго партызанам. Нічога не напісаць пра сваю работу ён не мог: у Маскву ж гэта ўсё пойдзе, а напісаць пра баявыя справы ў яго не было чаго. I ўсё ж такі перад Масквой не мог маўчаць і ён. Радзіма патрабавала адказу на звычайнае, простае пытанне, як камандзір партызанскага атрада Сталяроў выконвае свой патрыятычны доўг — як змагаецца з ворагам? Паспрабуй не адкажы.
I Сталяроў хутка прыслаў нам сваю так званую справаздачу. У раздзеле «Што зроблена» — не было амаль нічога. Відаць, чалавек не хацеў хлусіць, затое ў планах на будучае ён размахнуўся, спісаў бадай цэлы сшытак. Тут прадугледжвалася і пашырэнне атрада, і найлепшае ўзбраенне яго, вызначаліся самыя смелыя аперацыі і дыверсіі. Гэта былі каштоўныя абяцанні, заставалася іх толькі выконваць.
Пашун і Ермаковіч прыслалі нешта супрацьлеглае таму, што мы атрымалі ад Сталярова. Яны падрабязна апісалі мінулае і амаль зусім не знайшлі слоў для вызначэння будучага. «Будзем змагацца»,— гаварылася ў іх справаздачы, але ніводнага слова пра планы на зімовы перыяд не было. I калі пазней мы разглядалі ў абкоме гэтую справаздачу, дык некаторыя таварышы гаварылі, што Пашун і Ермаковіч, як відаць, не збіраюцца зімой ваяваць з акупантамі.
Розаў, Жукоўскі, Далідовіч, Жыжык, Храпко, Пакроўскі, Хадаркевіч, Петрушэня, Патрын, Корж, Меркуль, Паўлоўскі і іншыя коратка напісалі аб тым, што зрабілі, і яшчэ больш сціпла, але канкрэтна паведамілі пра свае далейшыя планы. Ва ўсіх галоўным было — падрыхтоўка да зімняга перыяду, далейшая актыўная барацьба з ворагам. Мы звялі ўсе гэтыя справаздачы ў адну і накіравалі праз сувязных у Маскву. 3 гэтымі ж сувязнымі паслалі і пісьмо, у якім настойліва прасілі прыслаць нам радыстаў з апаратам і шыфрам.
Што ні дзень, то ўсё мацнейшыя находзілі халады. Жыць станавілася цяжэй. Прамокшы ў балоце, ужо не пагрэешся на сонцы, не пераначуеш, як улетку, пад любым кустом. Мы разумелі, што настае вельмі напружаны і адказны перыяд нашай падпольнай і партызанскай дзейнасці. Яшчэ не так даўно многія партызаны не верылі, што ім давядзецца зімаваць у лесе.
Цяпер жа было ясна, што ваяваць давядзецца і зімой. Асноўныя кадры нашых партызан добра разумелі гэта, аднак дзе-нідзе часам узнікалі небяспечныя для падполля размовы. Знайшліся і такія людзі, якія выступалі за тое, каб зусім згарнуць партызанскі рух на зіму, распусціць людзей па вёсках, а потым вясною, калі пацяплее, зноў усіх сабраць. Гэтая думка чамусьці спадабалася і Далідовічу, хоць ён, нібыта, і пачаў рыхтавацца да зімы.
Сёй-той намякаў і на іншае. Аднаго разу Луфераў перадаў нам, што Ермаковіч на апошнім пасяджэнні бюро райкома хоць даволі туманна, няўпэўнена, але ўсё ж адкрыта выказаўся за тое, каб даць указанне ўсім атрадам у бліжэйшы час па магчымасці пераходзіць лінію фронту і дабірацца да рэгулярных часцей Чырвонай Арміі: пераходзіць, а тут усё пакінуць. Яго маўкліва, толькі ледзь прыкметным кіўком галавы, падтрымаў Пашун. Чуў я такія закіды і ад некаторых іншых. Ясна было, што гэтыя людзі пабойваліся зімовых халадоў, страчвалі веру ў поспех партызанскага руху. А тут яшчэ ў нейкай меры падзейнічала на малавераў і нямецкая лістоўка, якая была скінута ў зоне нашых атрадаў пасля свята. У гэтым правакацыйным фашысцкім лістку быў зварот да ўсяго насельніцтва акупіраваных абласцей. Там даваліся парады савецкім грамадзянам не асуджаць сябе на пагібель, не чапаць немцаў. Раілася не арганізоўвацца ў буйныя партызанскія атрады, бо такім атрадам цяжка будзе хавацца, і яны загінуць. «Стварайце маленькія групы,— гаварылася ў лістоўцы,— і падавайцеся ў савецкі тыл».
У гэтай нямецкай фальшыўцы, разлічанай на аслабленне партызанскай барацьбы і ашуканства насельніцтва, заглаўнымі літарамі падаваўся заклік: «Смерць нямецкім акупантам».
Мы зразумелі, што гэта фашысцкая правакацыя, і выкрылі яе сутнасць перад народам.
Да ўсяго гэтага гітлераўцы, у адказ на нашы аперацыі, арганізавалі шырокую разбойніцкую экспедыцыю. Яны запоўнілі амаль усе вёскі партызанскіх раёнаў, кожны дзень рабілі спробы наступаць на нашы атрады, блакіраваць іх. Для таго каб вытрымаць гэты шалёны націск ворага, патрэбны моцная згуртаванасць сіл, жалезная дысцыпліна. Усе члены абкома выйшлі на самыя адказныя і небяспечныя ўчасткі, райкомы ўзялі на сябе непасрэднае кіраўніцтва партызанскімі групамі і атрадамі. Нам даводзілася па некалькі разоў на дзень весці бой з узброенымі да зубоў эсэсаўцамі і, вядома, несці цяжкія страты ў жывой сіле. Іншы раз трэба было па цэлых днях не выпускаць з рук зброі, манеўраваць, пераходзіць з аднаго месца на другое, падоўгу ляжаць у балоце.
Жорсткія баі ішлі амаль ва ўсіх раёнах вобласці. Гітлераўцы неслі велізарныя страты, аднак наступалі бесперапынна. Па ўсім было відаць, што яны рыхтуюць новае наступленне на фронце і таму імкнуцца забяспечыць свой тыл.
У Грэскім раёне партызаны пад камандаваннем сакратара падпольнага райкома партыі Уладзіміра Іванавіча Зайца ўступілі ў бой з вялікім атрадам фашыстаў, які наступаў у напрамку варонечскіх балотаў. У выніку было забіта звыш 30 фашысцкіх салдат і афіцэраў, захоплены 3 кулямёты, 1 мінамёт, 14 аўтаматаў і многа вінтовак.
Супраць атрадаў, якімі камандавалі сакратар Барысаўскага падпольнага райкома партыі Іван Яраш і член бюро райкома Антон Хадаркевіч, гітлераўцы кінулі цэлы полк эсэсаўцаў. Цяжкі бой цягнуўся некалькі сутак, і ўсё ж такі партызаны перамаглі. Страціўшы ў гэтым баі больш двухсот салдат і афіцэраў забітымі і параненымі, фашысты адышлі.
Але і барысаўскія партызаны панеслі тады цяжкую страту: у няроўным баі з узброенымі да зубоў эсэсаўцамі смерцю героя загінуў Іван Афанасьевіч Яраш. Камісар атрада Антон Герасімавіч Хадаркевіч быў цяжка паранены.
У гэты час, як на бяду, я цяжка занямог. Прастудзіўся, мусіць, у балоце. Здарылася гэта на востраве Зыслаў. Усе члены абкома былі ў атрадах, пры мне заставалася некалькі чалавек з штабной групы і непадалёку — атрад Далідовіча. 3 самага рання эсэсаўскія атрады вялі жорсткія атакі ў напрамку вострава. Нашы атрады гераічна абараняліся, але ж сілы ворага былі ў шмат разоў болыныя. Партызанам давялося адыходзіць, на востраў усё часцей і часцей пачалі падаць міны, кулі пасвіствалі над галавою. Я аддаў загад байцам, чаго б там ні каштавала, выратаваць перш-наперш друкарню, запас паперы і ўсе дакументы падпольнага абкома. Людзі працавалі не шкадуючы сіл, рызыкуючы жыццём. Праз некаторы час прыбег да мяне адзін з гэтых байцоў і далажыў, што заданне выканана.
— Васіль Іванавіч,— ціха сказаў ён,— давайце я вам крыху дапамагу, ды будзем адыходзіць адсюль, а то...
— А то што? — спытаў я.
— Немцы зусім блізка,— сказаў ён, і голас яго трывожна задрыжаў.— Калі мы зараз жа не адыдзем, нас могуць акружыць.
— А дзе ж Далідовіч? Хлопец маўчаў.
— Дзе ж Далідовіч? — зноў спытаў я.
Тады прыглушаным ад трывогі голасам ён сказаў:
— Далідовіч адышоў у другое месца. Цяпер яго атрад каля вострава Добры.
Гэтае паведамленне глыбока ўразіла мяне. Далідовіч не меў права адступаць.
Я загадаў сваім байцам заняць абарону на тым месцы адкуль зняўся Далідовіч, праз сілу ўстаў і пайшоў з імі сам. Эсэсаўцы прасоўваліся грэбляю, а часткова і балотам, бо марозік ужо крыху падмацаваў яго. Заўважыўшы, што абарона знята, гітлераўцы пасмялелі і ўжо ішлі ў напрамку вострава на ўвесь рост. Мы сустрэлі іх кулямётным агнём. Эсэсаўцы заляглі, але з другога варожага ланцуга пачалі біць па нас з мінамётаў. Я загадаў трымацца да апошняга і адначасова паслаў катэгарычны загад Далідовічу прыкрыць наш левы фланг.
На шчасце, у гэтую крытычную хвіліну прыбег на востраў Раман Мачульскі. 3 ім Гальчэня, Філіпушка, Касцюкавец і яшчэ некалькі партызан з атрада Патрына. Мы пратрымаліся на востраве дацямна, а потым адышлі.
Эсэсаўская экспедыцыя нічога не дала гітлераўцам. Ніводнага атрада яны не знішчылі, ніводнага партызана не злавілі. Народныя мсціўцы мужна вытрымалі цяжкія выпрабаванні і выйшлі з бою пераможцамі.
А як жа там Бондар? Хвароба мяне зваліла, некалькі дзён я ляжаў з вялікай тэмпературай і нічога не чуў пра яго. У час блакады Аляксей Георгіевіч знаходзіўся, бадай-што, у больш складаных умовах, чым усе мы. Трымаць яго пры сабе мы не маглі, бо ў нас тады яшчэ не было ні належнага медперсаналу, ні патрэбных медыкаментаў; цяжка было стварыць спрыяльныя ўмовы для лячэння. Да таго ж — надышлі халады, у нашых зямлянках, якія выкопваліся часцей за ўсё на балотных грудках, было сыравата і няўтульна. Давялося, такім чынам, пакінуць Аляксея Георгіевіча ў вёсцы Барыкове, у той хаце, дзе мы яго паклалі, як толькі прывезлі з Чырвонага Возера. Трактарыстка Насця Ярмак хавала яго, даглядала, гэтай жанчыне мы верылі. Зрэдку наязджаў забалацкі ўрач Крук, які ўзначальваў адну раённую бальніцу ў нашай зоне і лячыў людзей. За гэтыя месяцы ён вылечыў нямала раненых чырвонаармейцаў, якія цяпер знаходзіліся ў нашых атрадах.
Перад блакадай я даручыў Раману Навумавічу забраць Бондара з вёскі, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Калі Мачульскі з двума партызанамі прыйшоў у Барыкоў, там ужо было поўна гітлераўцаў. Мусіць, толькі адна Насціна хата і засталася не занятай гітлераўцамі, бо там было трое малых дзяцей. Па вуліцы снавалі патрулі, на выездах і на скрыжаваннях дарогі стаялі кулямёты. Нельга было і думаць забіраць Аляксея з месца, гэта магло б скончыцца вельмі кепска. Самім ледзь удалося прабрацца, а як пралезеш з раненым чалавекам? Ды яшчэ Насця ўсхвалявалася. Даведаўшыся, што Раман Навумавіч хоча забраць з яе хаты раненага партызанскага камандзіра, яна рашуча запратэставала, накінулася на Мачульскага са словамі горкай крыўды і шчырага жалю.
— Значыць, мне не давяраеце? — ледзь не плачучы гаварыла яна.— Значыць, у мяне яму кепска, не даглядаю, не дбаю пра яго? Павязеце ў лес, каб там хворы чалавек мёрз, галадаў, рану сваю загнойваў...
Насця прысягнула, што хутчэй яна сама загіне, чым дапусціць тое, каб не апраўдаць давер\'я абкома і ўсіх партызан.
Так Аляксей Георгіевіч і застаўся на сваім старым месцы. Калі я быў у цяжкім стане, Раман Навумавіч і іншыя мае таварышы стараліся абыходзіць гэтае пытанне, каб не ўскладняць маёй хваробы. Цяпер жа мне патрэбна была праўда і дакладнасць. Я паслаў у Барыкоў Гальчэню з заданнем праведаць Аляксея Георгіевіча і ў той жа дзень вярнуцца назад.
Герасім Маркавіч пераабуўся ў лапці (на заданні ён заўсёды хадзіў у лапцях), паклаў пісталет у кішэню, за пояс засунуў сякеру і пайшоў. Адвячоркам ён вярнуўся, і яго расказ пра Бондара ўсхваляваў нас. Аляксею Георгіевічу сапраўды давялося перажыць нямала. Эсэсаўцы, мусіць, чулі, што ў Барыкове раней стаяў партызанскі атрад, таму яны, на другі ж дзень свайго прыходу, зрабілі ў вёсцы павальны вобыск: ператрэслі ўсе закавулкі, паўзрывалі ў хатах падлогу, перапаролі штыкамі сена і салому ў гумнах. Бондар як ляжаў у бакоўцы за печчу, так і заставаўся там. Куды было дзявацца? Нага страшэнна распухла, тэмпература ўвесь час амаль не спадала,— варухнуцца нельга. Каб і хацела Насця перанесці яго куды-небудзь, дык адна не здолела б, а паклікаць каго ў такі час было рызыкоўна: прабыванне партызана ў Насцінай хаце трымалася ў глыбокай тайне. Таму Насця і вырашыла не пераносіць Бондара нікуды. Што будзе, тое і будзе. Якраз можа здарыцца, што фашысцкія злыдні палезуць на вышкі, уздзяруць падлогу, усюды абнюхаюць, а ў сябе пад носам не паглядзяць. А перад самым вобыскам яна пайшла яшчэ на такую хітрыку: размяла па хаце кучу смецця, размазала гліну, выліла на падлогу паўцэбра вады, раскідала ўсюды дровы, качэргі, розныя рэчы і сама выйшла, пакінуўшы дома адных дзяцей. Старэйшай дачцэ Вольцы загадала, каб тая не пужалася немцаў, як увойдуць у хату, і сказала ім, што мамы ў хаце няма, пайшла ў павець па дровы.
Хвіліны чакання гэтага вобыску былі самымі цяжкімі як для Бондара, так і для Насці і яе дзяцей.
Аляксей Георгіевіч знаходзіўся ў складаным становішчы: ні схавацца, ні сур\'ёзна супраціўляцца чалавек не мог. Хвіліны цягнуліся як гадзіны: хутчэй бы скончылася гэтае пакутліва-напружанае чаканне — ці так, ці гэтак. Знойдуць, тады ўсе патроны для іх, толькі адзін для сябе. Не знойдуць, абыдзецца ціха, будзем памаленьку ачуньваць. Яму яшчэ ніколі так не хацелася жыць, як у гэтыя хвіліны.
На дварэ пачуліся крокі, чужая гаворка, і нехта з размаху выцяў нагою ў дзверы сянец. I вось у хату ўвайшлі эсэсаўцы. Аляксей Георгіевіч расказваў нам потым, што ў гэты час ён адчуваў сябе зусім спакойна, яго нервы ўжо былі падрыхтаваны да ўсяго...
Убачыўшы страшэннае смецце ў хаце, карнікі супыніліся на парозе. Меншыя дзеці кінуліся хавацца на печ. А старэйшая Волька намагалася пераадолець страх: ёй жа мама загадала не баяцца немцаў. Дзяўчынка не палезла на печ, а засталася сядзець на лаўцы.
—Хто ест дома? — крыкнуў адзін з эсэсаўцаў. Дзяўчынка здрыганулася, аднак не ўстала з месца. Яна выставіла наперад сваю кволую руку і, скрывіўшыся, доўга трымала яе перад сабою. Дзяўчынка паказвала немцам на дзверы. Паказвала, а сказаць у першую хвіліну нічога не магла. Толькі праз нейкі час, калі адзін з эсэсаўцаў памкнуўся ўжо вяртацца назад, Волька крыкнула нейкім роспачным голасам:
—Мама на дварэ, пайшла па дровы. Старэйшы групы ступіў крок да сярэдзіны хаты, дзеці на печы заплакалі. Але гітлеравец адчуў, што абцас яго бота ўгруз у размяклую гліну і спыніўся. Зняўшы з крука ручнік, ён выцер ім абцас і адступіўся да парога. Крыкнуўшы нешта, махнуў рукою. Гітлераўцы пайшлі ў хлеў, абшукалі ўсе куткі ў клеці, у сенцах, злазілі ў пограб, а ў хату больш не варочаліся.
На гэты раз усё абышлося добра, Насціна вынаходлівасць апраўдала сябе. Вярнуўшыся ў хату, жанчына месца не знаходзіла ад радасці: абдымала дзяцей, цалавала Вольку за тое, што тая зрабіла ўсё як трэба.
Да самага вечара гаспадыня не прыбірала кватэры, усё чакала, што гітлераўцы яшчэ наведаюцца. Але ў той дзень эсэсаўцы больш не заходзілі, хоць увесь час снавалі па вуліцы. Затое ў наступныя дні яны наведваліся ў Насціну хату вельмі часта. I кожны раз гаспадыня знаходзіла метад адвесці варожыя вочы ад бакоўкі за печчу: то задобрывала акупантаў усім, што толькі мела, то прыкідвалася глуханямой, то клала ўсіх дзяцей на ложак і казала эсэсаўцам, што ў хаце сыпны тыф.
Так Аляксей Георгіевіч быў выратаваны.
Калі нашы партызаны прыехалі па яго, Насця зноў да слёз пакрыўдзілася.
— Няхай яшчэ крыху пабудзе,— шчыра прасіла яна,— хоць да таго часу, калі на ногі стане... А як стане, сам пойдзе, куды яму трэба будзе. Правяду і надзейную сцежку ў лес пакажу.
На гэты раз мы не маглі задаволіць Насцінай просьбы. Гестапаўцы маглі б дазнацца пра кватэру Бондара.
Нельга было надалей рызыкаваць жыццём члена бюро абкома, а таксама Насціным жыццём з яе малымі дзецьмі.
Насця згадзілася з гэтым, аднак пачала прасіць аб другім. Хацелася ёй ведаць, дзе будзе знаходзіцца Бондар, ці можна будзе прыходзіць да яго, каб дапамагаць Аляксею Георгіевічу па-ранейшаму. Гэта было пачуццё сястры, якая клапоціцца аб жыцці любімага брата.
Партызаны запэўнялі яе, што цяпер гэта немагчыма, што Аляксей Георгіевіч і так будзе ў найлепшым доглядзе, аднак Насця не супакойвалася і дамагалася свайго.
Крыху пазней мне давялося пабываць у Барыкове. Даведаўшыся, што прыехалі з падпольнага абкома, Насця адразу прыбегла да мяне.
— Як Аляксей Георгіевіч? — было першым яе пытаннем.
Я сказаў, што Бондар адчувае сябе нядрэнна, ачуньвае, што хутка пачне хадзіць. Ён перадаваў прывітанне і падзяку за клопаты і шчырую ўвагу да яго.
Ад сябе і ад усіх партызан я таксама падзякаваў Насці за выратаванне Аляксея Георгіевіча.
Жанчына са шчырай усхваляванасцю прыняла ўсё гэта, а потым пачала скардзіцца мне. Чаму партызаны адгарадзіліся ад яе, чаму не хочуць пусціць яе ў лагер праведаць, як там адчувае сябе Бондар, ці не патрэбна яшчэ камунебудзь дапамога?
— Я лячыла партызана,— з крыўдай гаварыла Насця,— даглядала яго, жыцця свайго не шкадавала, а цяпер я нібы чужая ў вас, не давяраеце мне.
Давялося дазволіць Насці наведаць наш лагер. Яна стала потым адной з самых актыўных нашых разведчыц і сапраўды прынесла вельмі многа карысці партызанскім атрадам.
Гітлераўцы абрабавалі ўсю вёску Барыкоў, некалькі хат спалілі. У саўгасе «Жалы» расстралялі сем рабочых. У Старобіне загналі вялікую групу людзей у скатабойню і запалілі будынак. Нечы злы язык данёс, што рэдкаўчане адзначалі свята Вялікага Кастрычніка, што на многіх хатах былі вывешаны чырвоныя сцягі. Гітлераўцы запалілі вёску. У Забалацці фашысты ўчынілі лютае катаванне насельніцтва. Старога Апанаса Марозава яны збілі да страты прытомнасці, падазраючы, што перад самым прыездам эсэсаўцаў ён спаліў свіран са збожжам, што схаваў ключы ад калгасных скляпоў. Некалькі чалавек закатавалі да смерці.
Так гітлераўцы распраўляліся за няўдачы сваёй разбойніцкай экспедыцыі. Праз некалькі дзён у фашысцкіх газетах з\'явілася чарговая брахня, што нібыта ўсе партызаны Міншчыны і ў палескіх раёнах знішчаны, што ўсе дарогі і вялізныя тэрыторыі вакол гарнізонаў поўнасцю ачышчаны.
* * *
Вярталіся людзі з бою. Некаторыя атрады ўсталёўваліся на новых месцах, бо старыя былі ўжо вядомыя для акупантаў. Тыя, пра каго гітлераўцы яшчэ пе пранюхалі ці збаяліся сунуць туды нос, маглі заставацца і на ранейшых базах.
Паступова збіраліся і нашы абкомаўцы. Прыйшлі Варвашэня, Бельскі. За гэтыя дні яны да таго змяніліся з выгляду, што здалёк іх цяжка было б пазнаць. Твары схуднелі, абраслі, вопратка знасілася і паліняла, хоць зусім не бачыла сонца: паліняла ад балотнай і лясной вады і снегу. Раман Навумавіч быў тут і раней, але як толькі мне стала крыху лепш, ён пайшоў на адну даволі важную аперацыю. Ужо даўно непакоіў яго фашысцкі гарнізон у вёсцы Крываносы, Старадарожскага раёна, у той вёсцы, дзе ён нарадзіўся. Гэтая вёска мела вялікае значэнне, бо праз яе праходзіў партызанскі шлях на Старыя Дарогі, якія знаходзяцца, як вядома, на шашы Брэст — Масква і чыгуначнай лініі Асіповічы — Баранавічы. Раман Навумавіч заглядваў у Крываносы разы два, меў падрабязныя весткі пра гарнізон і ўсё збіраўся пайсці разагнаць яго.
Я ведаў пра гэтыя намеры Рамана Навумавіча і не меў нічога супраць такой аперацыі. Але раней неяк усё не выпадала, знаходзіліся больш важныя справы. А дні тры таму назад якраз было зручна ўдарыць па акупантах у такім месцы, дзе, паводле афіцыйных зводак нямецкага камандавання, усё было нібыта спакойна.
Цяпер Раман Навумавіч вярнуўся, і вось мы сядзім у зямлянцы каля пячуркі і слухаем яго расказ пра аперацыю. У другой зямлянцы адпачываюць нашы байцы, у прыватнасці і тыя, што хадзілі разам з Мачульскім. Бердніковіч і Раменьчык нясуць вахту. Яны цяпер амаль заўсёды разам, вельмі пасябравалі. Бердніковіч так прывязаўся да свайго «хрышчэніка», што гатоў проста на руках яго насіць. Мусіць, гэтым ён хоча загладзіць сваю віну перад ім за любанскія «прыгоды».
Мачульскі пайшоў у Крываносы з невялікай групай партызан. Добра ведаючы вёску, ён без асаблівых цяжкасцей абмінуў пасты, зайшоў на вуліцу. Хацелася б знайсці бацьку, але дзе яго шукаць? Стары ўжо даўно не жыве ў сваёй хаце, бо яго ўвесь час высочваюць гестапаўцы,— дачуліся нягоднікі, што сын у партызанах.
Сустрэўся сусед, прыяцель бацькі Рамана Мачульскага, надзейны чалавек. Ён расказаў, дзе хто з паліцаяў начуе, дзе стаіць кулямёт, параіў, з каторага боку трэба зайсці і дзе пакінуць засаду. Потым падняў мясцовых людзей. Цікава, што ён беспамылкова, як паляўнічы па звярынай сцежцы, вызначыў месца, куды фашысты будуць уцякаць, калі іх пагоняць з вёскі, і гэта, у значнай меры, вырашыла поспех аперацыі.
Партызаны ўдарылі з засады, а калі фашысцкая погань рынулася назад, па іх ударылі з другога боку. Мачульскі спачатку нават не мог зразумець, што тут атрымалася. Страляніна паднялася на ўсё сяло. «Бі іх, гадаў! — чуліся ўсюды крыкі.— Знішчай, сабакам сабачая смерць!»
Высветлілася ўсё пасля аперацыі. Сабраў Мачульскі сваіх партызан і раптам бачыць, што іх пабольшала разоў у пяць. Выстраіліся людзі ў два рады: хто стаіць з вінтоўкай, хто з паляўнічай стрэльбай, а хто проста з добрай дубінай. Сярод іх і бацька Мачульскага. Падышоў стары да сына, абняў яго за плечы, ад імя вяскоўцаў і мясцовай патрыятычнай групы падзякаваў за тое, што ў добры час прыйшоў сюды, дапамог расправіцца з варожым гарнізонам.
3 той ночы многія крываносаўцы, у тым ліку і стары Навум Мачульскі, сталі сапраўднымі партызанамі.
Аляксей Георгіевіч адчуваў сябе значна лепш. Ён ахвотна ўключаўся ў гаворку, нават жартаваў, смяяўся. I неяк прыемна і радасна было ад таго, што падпольны абком — вось ён, перад вачыма. Ён жыве, дзейнічае і будзе дзейнічаць, нягледзячы ні на якія цяжкасці і выпрабаванні.
Суровыя, напружаныя, часта нават небяспечныя для жыцця дні не пахіснулі нікога ні ў абкоме, ні ў райкомах. Наадварот, яны загартавалі нашы сілы, сцэментавалі волю і ўзбагацілі вопыт.
З\'явіліся нарэшце любанцы: Луфераў, Гарбачоў і Ляшчэня. Усе дні блакады я не бачыў іх. Яны і самі, напэўна, толькі што спаткаліся, бо ўвесь гэты час былі ў розных атрадах. Гарбачоў нядаўна вярнуўся з атрада Патрына. Шынель яго быў увесь у гразі, у некалькіх месцах прабіты кулямі.
—Паказваў некаторым, як трэба падпаўзаць,—растлумачыў ён, заўважыўшы, што ўсе мы звярнулі ўвагу на яго шынель.— Заляжа іншы, урыецца і ляжыць, як той мядзведзь, чакае, пакуль акупант навернецца на яго. А ты не чакай, а сам знайдзі ворага, захапі яго знянацку і аглушы! Вось наша тактыка. Аглушы, а сам ходу і сляды замяці. Мы павінны браць ворага не толькі сілай, а і вынаходлівасцю, розумам.
Затым Гарбачоў пачаў прасіцца на новую апера-цыю. Гэты чалавек не ведаў стомы ў сваіх пошуках, адвазе, заўсёды імкнуўся зрабіць што-небудзь незвычайнае, заўсёды бурліла ў ім невычарпальная энергія. На заданні ён хадзіў пераважна адзін, хоць гэта было і рызыкоўна. Колькі разоў у абкоме прабіралі яго за гэта. Сёння ён прапанаваў правесці даволі складаную аперацыю ў Любані і зноў ні слова аб тым, што аднаму гэта не пад сілу.
— Трэба ўзяць там жывога эсэсаўца,— гаварыў ён.— Няхай, свалата, раскажа, што там яшчэ збіраюцца яны рабіць. Тады нам лягчэй будзе вызначыць свае планы.
— Для такой аперацыі трэба чалавек шэсць,— заўважыў Мачульскі.
—Можна і аднаму,— упэўнена сцвярджаў Гарбачоў, — а калі спатрэбіцца дапамога, дык яна знойдзецца там, на месцы. У кожнай вёсцы ў нас ёсць свае людзі.
У той жа дзень, узяўшы з сабою двух партызан, ён пайшоў: абком ухваліў яго ініцыятыву.
—Цяжкавата з такімі натурамі,— раптам паскардзіўся Луфераў, апусціўшы шчаціністы падбародак на далонь рукі.— Задумае што-небудзь — кол на галаве чашы,— не перайначыш.
— Добрую ініцыятыву трэба падтрымаць,— заўважыў Бельскі.— Калі ён дастане «языка», разумееш, гэта будзе карысна для нас.
Луфераў падняў галаву, нездаволена бліснуў вачыма і зноў уткнуўся ў далонь.
—Лёгка сказаць,— заўважыў ён.— Я крыху здагадваюся, што гэта будзе за аперацыя. Там дзвесце чалавек эсэсаўцаў ужо больш за тыдзень стаяць. Што можна зрабіць утрох? Урэшце я не толькі пра яго. Есць у нас яшчэ такія гарачыя галовы.
— Хто? — спытаў Бельскі.
— Ды вось хоць тыя ж Ермаковіч і Пашун. Гэта зацікавіла нас.
— Аднойчы амаль усю ноч прасядзеў з імі,— прадаўжаў Луфераў.— Угаворваў, пераконваў людзей, нават страшыць спрабаваў, нічога не дапамагло. Убілася людзям у галаву думка, што ім трэба ісці за лінію фронту, і нічым яе не выб\'еш. «Там нашае месца,— кажуць,— а не тут».— «Чаму не тут?» — пытаю. «Таму,— кажуць,—што мы людзі вайсковыя. Нам трэба ваяваць супраць захопнікаў у радах Чырвонай Арміі. Там і гарматы, там і самалёты... А тут прыціснуць фашысты яшчэ раз, і загінеш ні за што». Вось і гавары з людзьмі... Баюся, што сёння яны ўжо далёка ад нас.
— Героі! — разважна кінуў Мачульскі.
Папрок адносіўся да Луферава. Той адчуў гэта і пачырванеў: ніхто так не захапляўся дзейнасцю гэтых двух камандзіраў, як сам Луфераў. Ен шчыра паважаў іх, давяраў ва ўсім, а тыя не палічыліся ні з чым і падвялі яго і нас.
Зразумела, што гэта была вельмі непрыемная з\'ява. Ніхто з нас не чакаў такога ўчынку ад Пашуна і Ермаковіча, хоць мы добра ведалі пра іх хістанне і няўпэўненасць у вялікай важнасці партызанскай барацьбы.
— Адны пайшлі ці з групамі? — спытаў Бельскі.
— Вядома, з групамі,— адказаў Луфераў.— Толькі я думаю, што не ўсе байцы з імі. Большасць засталася.
—Зараз жа правер, Андрэй Сцяпанавіч,— загадаў я Луфераву.—Ды пацікаўся яшчэ некаторымі атрадамі. Паглядзі, што там робіцца ў Розава, у Сталярова.
—Наконт апошніх я магу сказаць,— прапанаваў Бельскі.— Нядаўна быў у тым баку. Пасля любанскай аперацыі Розаў святкаваў тры дні запар, а Сталяроў адседжваецца па-ранейшаму. Тры марадзёры з яго групы нядаўна абрабавалі сялян вёскі Ляскавічы.
Прыйшоў Далідовіч. Ён усё яшчэ не мог проста глядзець мне ў вочы,— не лёгка было чалавеку перажыць сваю віну. Мачульскі, Варвашэня і іншыя члены бюро мелі з ім гутарку яшчэ тады, калі я быў хворы, і вельмі суровую. Яны патрабавалі ўжыць супраць Далідовіча самыя крайнія меры: выклікаць на бюро, падрабязна разабраць яго ўчынкі і, калі высветліцца, што камандзір меў злачынныя намеры, сурова пакараць яго.
Я не падтрымліваў такіх прапаноў, бо ў душы быў упэўнены, што Далідовіч не вораг, ён наш, савецкі чалавек, камуніст. Іншы раз могуць быць памылкі і зрывы ў кожнага. Можа, разгубіўся чалавек у цяжкі момант і не падумаў, не прааналізаваў абстаноўкі, перш чым аддаць загад аб адступленні атрада.
Калі мы ўсё ж пачалі гаворку, я так і сказаў Далідовічу:
—Учынак твой няправільны, не партыйны, аднак ніякіх жорсткіх мер ужываць мы пакуль што не будзем, дарэмна ты чакаеш іх ад нас. Мы давяраем табе па-ранейшаму, а ты павінен апраўдаць гэтае давер\'е.
Луфераў накіраваўся шукаць групы Ермаковіча і Пашуна, а мы, карыстаючыся выпадкам, што ўсе члены бюро на месцы, абмеркавалі некаторыя неадкладныя пытанні далейшай работы. Трэба было гэтымі днямі абавязкова склікаць нараду камандзіраў і камісараў і яшчэ раз пагаварыць з імі наконт падрыхтоўкі да зімы.
«Дзікія» атрады, накшталт групы Балахонава і часткова Сталярова, вельмі шкодзілі нам — неабходна было зараз жа заняцца імі. Нам трэба было памнажаць і памнажаць нашы сілы, арганізоўваць і загартоўваць людзей.
Няцяжка было прадбачыць, што ў гэтую зіму нас чакаюць вялікія і суровыя выпрабаванні.
* * *
У тую ж ноч усе члены бюро, акрамя хворага Бондара, разышліся па атрадах. Я накіраваўся да Сталярова. Хацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтым чалавекам, даведацца пра яго сапраўдныя намеры і планы. Нарэшце час было вызначыць асноўнае: варта са Сталяровым важдацца ці не? Калі гэта чалавек з пэўным характарам і здольнасцямі, чаму б не паспрабаваць зрабіць з яго добрага партызанскага камандзіра, а калі ён наўмысля злоўжывае сваім становішчам, дык ізаляваць і абясшкодзіць, а для групы падабраць новага камандзіра.
Знайшоў я Сталярова ў адным невялікім пасёлку недалёка ад вёскі Слаўкавічы. Са мною было сем партызан. Спыніліся мы на вуліцы,— ніхто нідзе не затрымаў нас, не спытаў пароля, дакументаў. Потым бачым—выкочваюць хлопцы на вуліцу станковы кулямёт, а ля крайніх хат пасёлка выстаўляюць заслоны з ручнымі кулямётамі.
— Дзе камандзір? — пытаю ў аднаго сустрэчнага партызана.
— А вам што трэба? — непрыязна адзываецца ён.
— Ды вось хацеў бы пагаварыць з ім.
— А вы хто такі?
— Прадстаўнік Савецкай улады.
— Ведаем мы такіх прадстаўнікоў. Здзівіў! У нас таксама ёсць прадстаўнік.
— Ну добра,— кажу я,— цяпер будзе два.
— Не ведаю, дзе камандзір! — рэзка кінуў партызан, махнуў рукою і пайшоў.
Ідзём далей, сустракаем яшчэ аднаго ўзброенага чалавека. Крочыць, пахістваючыся, вінтоўку трымае руляй уніз.
— Дзень добры,— кажу яму.— Што, партызан?
— А хіба не бачыш? — бармоча хлопец сабе пад нос і ідзе далей.
— Пачакай крыху,— звяртаюся да яго,— нам трэба з табой пагаварыць.
— А што мне з вамі гаварыць, —адказвае і нават не глядзіць у наш бок.
— Вось чалавек,— папракаю я,— з ім хочуць параіцца, а ён уцякае.
— Я не ўцякаю,— нездаволена адказвае ён і прыцішае крок.
— Дзе камандзір? — зноў пытаюся я. Хлопец раптам падымае галаву, усміхаецца:
— Камандзір? П\'яны ляжыць наш камандзір, дзе ён яшчэ можа быць.
— Пойдзем пакажаш яго кватэру.
— Не пайду, нізавошта не пайду,—запратэставаў хлопец.— Лепш не паказвацца яму на вочы, калі ён п\'яны, можа застрэліць пад гарачую руку.
Так у той дзень і не ўдалося мне сустрэцца са Сталяровым.
Мы размясціліся ў адной прасторнай хаце, завялі гаворку з мясцовымі людзьмі. Зрэдку заходзілі партызаны, то адзін, то другі. Сяляне сустракалі іх непрыязна, пры іх з\'яўленні пераводзілі гаворку на звычайныя хатнія тэмы.
Назаўтра гадзін у дзесяць з\'явіўся камандзір. Твар заспаны, ускамлычаныя валасы тырчаць з-пад шапкі. Спыняецца ля парога, неахайна прыкладвае руку к чубу і, не пазіраючы на мяне, дакладвае:
— Камандзір партызанскага атрада Жора.
— Добра, — кажу, — таварыш Жора, сядайце. А мне сказалі, што вас няма дома, што вы некуды паехалі.
— Не,— гаворыць ён,— нікуды я не ездзіў, я быў хворы.
— Сядайце,— зноў запрашаю я,— давайце пагаворым, як вы тут жывяце, ваюеце, як дапамагаюць вам мясцовыя людзі.
Сталяроў прысеў на лаўку, апусціў уніз чуб, з хвіліну памаўчаў, потым, уздыхнуўшы, заявіў:
— Галава ў мяне баліць сёння, проста аж круціцца ўсё перад вачыма, язык не варочаецца. Дазвольце мне прыйсці пазней.
— Добра, прыходзьце пазней.
Праз некалькі хвілін пасля таго, як Сталяроў выйшаў, заходзіць у хату іхні пасланец і прыносіць нам кілаграмы два мяса і бутэльку гарэлкі.
— Камандзір,— кажа,— прыслаў.
Я аддаў гарэлку назад, а мяса прыняў і папрасіў гаспадыню зварыць нам што-небудзь.
У поўдзень зноў прыйшоў Жора. Мы якраз збіраліся абедаць.
— Сядайце,— кажу яму,— давайце разам паабедаем.
— Дзякуй,— адказвае,— я хацеў запрасіць вас да сябе.
— Не,— кажу,— паабедаем тут.
Сеў. Жуе не хочучы, не ўсмак: відаць, што без гарэлкі яму нязвычна абедаць.
—Добра б было пазнаёміцца з вашымі партызанамі,— кажу я,— пагутарыць з імі. Можа, вы збераце іх сюды.
— А вы хто будзеце? — пытае ў мяне Сталяроў.— У твар вас не ведаю, а раніцай, прызнацца, не адважыўся пацікавіцца, калі заходзіў сюды.
— Камандзір звычайна робіць так,— адказваю.— Калі ў яго лагеры з\'яўляюцца чужыя людзі, зараз жа высвятляе, хто яны, правярае дакументы. А так і вораг да вас можа прабрацца.
—Я адчуваю, што вы не чужы,— злёгку пачырванеўшы, гаворыць Сталяроў,— ды не ведаю, хто вы.
— Калі не чужы, значыць, свой,— жартую я, а потым паказваю дакументы.
Паглядзеў ён дакументы, устаў, выпрастаўся.
— Ясна, будзем збіраць партызан. Хомка! — крыкнуў ён партызану, які ў гэты час ішоў па вуліцы.— Пакліч сюды Васю.
Вася прыйшоў не хутка, але ўсё-такі прыйшоў.
— Мой намеснік,— адрэкамендаваў мне яго Сталяроў.
Намеснік нават не глянуў у наш бок, не прывітаўся, падобна было на тое, што ён яшчэ не адаспаўся пасля бурнай п\'янкі і ў душы праклінае ўсіх на свеце за тое, што яго разбудзілі. Знешні выгляд яго быў самы разбэшчаны: потныя лямцаватыя валасы раскіданы, кашуля без пояса, боты на нагах неаднолькавыя,— мусіць, адзін свой, а другі чужы.
— Збяры зараз жа людзей! — загадаў Сталяроў.
— А як я збяру?— адразу агрызнуўся намеснік.— Дзе я табе іх вазьму?
— Як гэта дзе? — крыкнуў Сталяроў.— Сам павінен ведаць дзе!
— То ж і ёсць, што павінен, а вось і сам ты не ведаеш. Іх, нашых, тут амаль што і няма нікога. Два пайшлі ў Слаўкавічы, а рэшта чорт іх ведае, дзе яны. Што я буду бегаць па іх?
— Распусціў людзей, морда кудлатая,— затрос кулакамі Сталяроў.— Ты ў мяне адкажаш за гэта, я табе павыдзіраю гэтыя лямцы з галавы.
На гэта намеснік меланхалічна адказаў:
— Паспрабуй, рукі, мусіць, кароткія. Сам распусціў людзей, а мне адказвай.
— Што ж рабіць? — крыху супакоіўшыся, звярнуўся да мяне Сталяроў.— Можа заўтра дазволіце сабраць? Я сам займуся гэтым.
— Што ж, няхай так,— згадзіўся я,— толькі сход партызан мы правядзём абавязкова.
Назаўтра зранку людзі паступова пачалі запаўняць нашу кватэру. Заходзяць, не вітаючыся, некаторыя без шапак, хоць на дварэ было ўжо холадна: відаць, з суседніх хат прыйшлі. Бачу — адзін палез на печ, рассеўся там, падкурчыўшы ногі і ўцягнуўшы шыю ў плечы. Калі сунуўся туды яшчэ адзін, першы адштурхнуў яго нагой.
Я зрабіў выгляд, што нічога не заўважаю. Паступова спрабую завязаць з людзьмі гутарку, прыцягнуць іх увагу. Пачынаю гаварыць ім пра даклад старшыні Дзяржаўнага Камітэта абароны, расказваю, як увесь савецкі народ узняўся на барацьбу з ворагам, як жывуць і дзейнічаюць суседнія партызанскія атрады, як усе людзі паважаюць іх і штодзённа дапамагаюць. Слухаюць уважліва, гаварыць не перашкаджаюць, толькі ўсё раз-пораз скоса паглядаюць на свайго камандзіра. А той сядзіць, апусціўшы галаву і прыплюснуўшы вочы. Нельга разабраць: задумаўся ён ці проста дрэмле.
— Мы прыехалі,— кажу я,— сюды для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з вамі самімі ды з вашай работай. Як вы жывяце, ваюеце, як адносіцеся да мясцовага насельніцтва. Хацелася б паслухаць вашага камандзіра.
У кутку ля печы пырснуў смех. Сталяроў падняў галаву, крыўдліва глянуў у той бок.
— Давайце, таварыш Сталяроў,— падахвочваў я яго,— расказвайце, і мне будзе прыемна паслухаць і тваім партызанам.
Сталяроў выступіў, сказаў некалькі слоў:
— Што, хіба я вас дрэнна вучу, хіба я вінаваты, што вы робіце дрэнна...
I сеў. Бачу, больш яму няма пра што гаварыць.
У сваім выступленні я не крытыкую камандзіра, а нават падтрымліваю яго, кажу, што аднаму цяжка ўсё дагледзець, што ў камандзіра павінны быць добрыя, надзейныя памочнікі, у першую чаргу моцны чалавек — камісар. У кутках зноў узнік смех. Заўважаю, што і Сталяроў пасміхаецца, хоць і не падымае вачэй.
— Гаварылі ўжо нам пра гэта.
— Хто гаварыў?
— А быў тут адзін.
— Ну і што ж вы яму сказалі?
— Тое самае, што і цяпер скажам: ніякіх чужых камісараў не прымем, а свайго можам выбраць, калі гэта трэба. У нас нават ужо ёсць выбраны. Вось ён, устань, Валодзя.
3 лаўкі падняўся даўгавязы хлопец з забінтаванай шыяй. Смех пакаціўся па ўсёй хаце.
— «Мякіннік»,— крыкнуў нехта скрозь рогат.
— Які я камісар? — спрабаваў апраўдацца хлопец.— Я зусім не ведаю, што рабіць.
— Што скажу, тое і будзеш рабіць! — крыкнуў на яго Сталяроў.— Сказана камісар, значыць камісар, чаго тут яшчэ выкручвацца!
Па хаце зноў пракаціўся рогат.
— Няхай і ён прамову скажа,— параіў нехта хрыпаватым голасам.— Няхай раскажа, як у Слаўкавічах яму, п\'янаму, дзяўчаты мякіны ў штаны насыпалі.
— У вас будзе сапраўдны камісар,— рашуча заявіў я,— вопытны партыйны работнік.
— Не прызнаю я такіх камісараў,— ужо даволі рэзка запярэчыў Сталяроў,— не падпушчу іх да сябе.
— Камісар у вас будзе! — цвёрда сказаў я.
— Калі так намагаеце, дык будзем галасаваць,— кінуўся на хітрасць Сталяроў.
— Ніякіх галасаванняў! — загадаў я.— Абком назначыў вам камісара, а вы абавязаны прыняць яго.
Я дастаў з кішэні сшыткавыя лісткі з абавязацельствамі атрадаў, прысланымі ў абком для перадачы ў Маскву, і паклаў на стол перад Сталяровым разам з яго дакладной.
— А чаму вы тут не напісалі, што адмаўляецеся ад камісара? — спытаў я.— Чаму не напісалі, што не хочаце як след ваяваць, а туляецеся па вёсках, не здолелі нават наладзіць дысцыпліны і парадку ў атрадзе. Няхай бы ведалі ў Маскве, што баец Чырвонай Арміі Сталяроў, па сутнасці, парушае воінскую прысягу. Замест таго каб сумленна абараняць сваю Радзіму, ён разгульвае па палескіх вёсках, п\'янствуе, патурае марадзёрам. Чаму вы не напісалі пра гэта?
Сталяроў глянуў на лісткі, мусіць, сумленне ў ім загаварыла, і ён нарэшце зразумеў, што далей упарціцца нельга.
Пазней мы ўлілі ў гэты атрад групу мясцовых камуністаў і перадавых калгаснікаў. Атрад з новым камісарам хутка рос і мяняў сваё аблічча.

XVI

Праз некалькі дзён з'явіўся Яўстрат Гарбачоў, а з ім прыйшло чалавек сем падпольшчыкаў, якія да гэтага часу заставаліся на канспіратыўных кватэрах у раёне Любані. Прыйшлі таксама хлопцы з Ніжына, члены падпольнай камсамольскай арганізацыі. Усё гэта былі людзі з нашых рэзерваў. Падпольшчыкі дапамаглі Гарбачову ажыццявіць падрыхтаваную ім аперацыю, а цяпер наведаліся ў лагер.
—Добрая цаца,— гаварыў Гарбачоў, паказваючы на толькі што прыведзенага эсэсаўскага афіцэра,— панок у мундзіры, сын буйнога фабрыканта.
Потым, спыніўшы позірк на лакіраваных ботах палоннага, ён раптам знізіў голас:
— Вось толькі шкада, што Фені Конанавай ды яшчэ адной любанскай падпольшчыцы нельга будзе цяпер працаваць у сваіх зонах, а людзі патрэбныя нам.
—Чаму нельга?— здзіўлена спытаў Варвашэня.— Толькі цяжэй ім будзе, але цяжкасцей сапраўдныя падпольшчыкі не баяцца.
— Эсэсаўцы на іх след натрапілі,— з ноткай трывогі ў голасе сказаў Гарбачоў.— Трэба неадкладна дапамагчы дзяўчатам.
Затым ён коратка расказаў, як яму ўдалося захапіць гэтага фашыста. Калі ў Любань прыбыла асобая эсэсаўская рота, Гарбачоў адразу ж устанавіў нагляд за ёй. Пры дапамозе нашых сувязных ён ведаў усё, што там рабілася. I вось аднойчы ён атрымаў данясенне ад мясцовай дзяўчыны, медыцынскага работніка. Звалі дзяўчыну Любай. Яна ўжо даўно была звязана з партызанскім атрадам Далідовіча, і Гарбачоў ведаў яе. Дзяўчына паведаміла, што да яе на кватэру пачаў заходзіць адзін обер-лейтэнант, нейкі Рудольф, намеснік камандзіра роты. Гэта навяло Гарбачова на адну думку. Выклікаўшы Любу ва ўмоўленае месца, ён пагаварыў з ёй і ўпэўніўся, што дзяўчына здолее выканаць даручэнне. Але адной ёй цяжка будзе справіцца з той задачай, якую Гарбачоў збіраўся цяпер паставіць. Тады ён накіраваўся ў раён Ніжына. Там Гарбачоў выклікаў на адну з канспіратыўных кватэр Феню Конанаву і сказаў ёй:
— Ёсць адно заданне, з якім можаш справіцца толькі ты.
— Давайце,— ціха сказала Феня.
— Заданне вельмі важнае,— падкрэсліў Гарбачоў,— але рызыкоўнае.
— Калі для Радзімы трэба ісці на рызыку,— заўважыла Феня,— дык мы пойдзем, як хадзілі ўжо не раз.
— Слухай, — тлумачыў Гарбачоў. — У Любані стаіць асобая рота эсэсаўцаў. Гэта толькі адно падраздзяленне буйной гітлераўскай часці, прысланай на Міншчыну для здзекаў з нашых людзей, для падаўлення партызанскага руху. Абкомам пастаўлена задача выведаць планы гэтых людаедаў, каб своечасова прыняць належныя захады. Трэба дастаць «языка», і прытым — з афіцэраў.
— Што ад мяне будзе залежаць,— запэўніла Феня,— я ўсё зраблю. Выкладайце свой план.
Дзяўчына была ўпэўнена, што калі Гарбачоў прыйшоў сюды, то ў яго ўжо ўсё прадумана, усё ўзважана. I ў гэтым яна не памылілася.
— План мой такі,— пачаў тлумачыць Гарбачоў.— Пойдзеш ты ў Любань і там на нейкі час застанешся.
— У каго? — спакойна спытала Феня.
— Ёсць там адна наша дзяўчына, Люба, медыцынскі работнік. Нядаўна я з ёй бачыўся, яна будзе чакаць цябе. Вось табе пароль і адрас.
— Добра,— згадзілася Феня.
— Будзеш жыць у Любы ў гасцях як стрыечная сястра. Ад цябе мы будзем чакаць, па-першае, самых падрабязных данясенняў аб любанскім гарнізоне, а па-другое — ты разам з Любай дапаможаш нам захапіць нямецкага афіцэра. Там адзін обер заходзіць на кватэру Любы. Трэба будзе выкарыстаць гэта.
Назаўтра Феня накіравалася ў Любань. Яе прыход быў адразу ж заўважан гітлераўцамі. Гаспадыню кватэры, Любу, назаўтра выклікалі ў гестапа і папярэдзілі, што калі яе госця акажацца чалавекам падазроным, то гаспадыня будзе павешана. Люба спакойна запэўніла гестапаўцаў, што Феня яе стрыечная сястра і дачка аднаго буйнога ніжынскага кулака, які нядаўна вярнуўся з ссылкі, што яна вельмі надзейны для немцаў чалавек.
Так Конанава і засталася жыць у Любані. Праз некаторы час яна яшчэ раз сустрэлася з Гарбачовым, і ўдваіх яны ўдакладнілі план аперацыі. Феня павінна была ўгаварыць Любу запрасіць гестапаўца да сябе ў госці, пазнаёміць з ёй, Феняй. Аб дні і часе «частавання» обера Феня павінна была паведаміць Гарбачову праз сувязнога. У вызначаны час Гарбачоў з групай падпольшчыкаў павінен быў прабрацца ў Любань, размясціцца на вышках дома, дзе жыла Люба, і чакаць сігналу Фені.
Так усё было і зроблена. Пры першым жа зручным выпадку Люба запрасіла да сябе на кватэру эсэсаўца. Ён ахвотна з\'явіўся да «паненкі», прынёс нават свайго віна. На ўсякі выпадак ён прывёў з сабой двух салдат, якіх пакінуў каля дома, дзе жылі дзяўчаты. Феня прыгатавала закуску. Обер піў з асцярогай, але гэта не мела асаблівага значэння. Гарбачову важна было дачакацца таго часу, калі ўсё сціхне на вуліцы. Праўда, нялёгка было чакаць, у хлопцаў ледзь хапала вытрымкі, але ж калі трэба, то трэба. Дзяўчатам яшчэ цяжэй было, яны ігралі вельмі складаную ролю. У такіх абставінах не дзіва і сарвацца, не вытрымаць, але Гарбачоў цвёрда спадзяваўся на Феню. Хопіць у яе і волі, і вытрымкі, і ўмення зрабіць усё.
Час набліжаўся да поўначы. Гарбачоў знакам даў каманду хлопцам падрыхтавацца, сам спусціўся ўніз, у цёмны калідор, прытуліўся ў кутку. 3 пустой талеркай у руках выйшла ў калідор Феня. Гарбачоў асцярожна ўзяў яе за руку.
— Як толькі вярнуся назад,— ціха шапнула Феня,— падам сігнал.
Потым яна прыадчыніла дзверы на двор, заўважыла двух салдат і глуха, але сурова сказала ім па-нямецку:
— Адыдзіце ад акон, пан афіцэр загадаў. Ідзіце на вуліцу!
Два вартавыя, што ўвесь час тарчалі па падвоканню, выйшлі за калітку. Феня асцярожна падышла да каліткі і нячутна апусціла жалезную засаўку.
— Роўна праз дзве хвіліны,— шапнула яна Гарбачову, ідучы назад у пакой,— я кіну на падлогу талерку.
У цемры Феня заўважыла, што Гарбачоў у калідоры ўжо не адзін, што ўжо ўсе хлопцы стаяць тут.
Калі Феня ўвайшла ў пакой, эсэсавец стаяў перад Любай з чаркай у руках і з яхіднай усмешкай гаварыў нешта брыдкае:
— Вып\'ем за адважных, сапраўдных воінаў! — думаючы пра Гарбачова і яго таварышаў, сказала Люба і падняла чарку.
Немец выпіў. Феня паднесла яму закуску і раптам, нібы выпадкова, выпусціла з рук талерку. Люба кінулася збіраць фарфоравыя чарапкі, эсэсавец таксама нагнуўся. У гэты момант Феня наставіла на яго пісталет...
— Рукі ўгору!
Хлопцы віхрам ускочылі ў хату. Пакуль эсэсавец сцяміў, што здарылася, дужыя і спрытныя рукі партызан заткнулі яму рот, завярнулі назад локці і скруцілі вяроўкай.
Феня глянула ў акно: на дварэ не было нікога. Тады яна схапіла з ложка раней прыгатаваную пасцілку і накінула яе на фрыца.
— Так зручней будзе,— сказала яна Гарбачову,— калі ўбачаць вартавыя, то падумаюць, што баба пайшла. Мы з Любай самі выведзем яго за агарод.
Дзяўчаты хутка апрануліся і павялі звязанага обера, а партызаны пайшлі следам. Фені і Любе Гарбачоў загадаў зараз жа схавацца, а сам з падпольшчыкамі павёў фашыста.
Да бліжэйшых хмызнякоў было кіламетры два, але хлопцы час ад часу прыспешвалі эсэсаўца, і ён ішоў даволі хутка. Выйшаўшы за гарадскі пасёлак, хлопцы знялі з обера пасцілку, надзелі на яго шынель, шапку, нават пальчаткі аддалі, каб эсэсавец меў поўную форму. Вялі наўмысля на відавоку праз вёскі, праз партызанскія лагеры. Гарбачову хацелася, каб усе людзі бачылі, што партызаны злавілі жывога фашыста. Ганарысты обер цяпер у іх руках, ён глядзіць у зямлю і, мусіць, увесь час думае пра смерць.
Калі ішлі праз вёску Пласткі, на вуліцу высыпалі ўсе, хто ў тую часіну быў дома. Людзі крочылі следам за канваірамі, распытвалі ў партызан, як ім удалося ўпаляваць обера. Тут, як і ў іншых вёсках раёна, Гарбачова ведалі многія. Адзін старэнькі дзядуля спяшаўся подбегам і ўсё стараўся зайсці немцу спераду, каб аглядзець яго з усіх бакоў. Семяніў гэтак, разглядваў, а потым выбраў момант, злаўчыўся і трэснуў обера па пераносіцы. Стары як мог помсціў акупантам-людаедам, бо яны закатавалі яго сына. Канваіры нават не заўважылі, як спрытна стары гэта зрабіў. Спусціўшы з гітлераўца кроў, ён з агідай памахаў рукою ў паветры, нібы жадаючы атрэсці з пальцаў нешта брыдкае. Затым падышоў да студні, прабіў у вадапойным карыце тонкую скарынку лёду і апусціў пальцы ў ваду.
—Што вы робіце! — закрычалі на яго жанчыны.— Коні не будуць піць!
Дзетвара дружным эскортам суправаджала канваіраў яшчэ з кіламетр за вёску.
I вось обер стаіць перад намі. Твар выхалены, а нос падбіты, пасінелы, як у задзірыстага пеўня грэбень. Хто мог сказаць, што Гарбачоў зрабіў не карысную справу.
На нараду ў абком прыбылі ўсе камандзіры і камісары атрадаў, сакратары райкомаў партыі, кіраўнікі падпольных груп. Акупант са зброяй у руках для іх не навінка, а палонны фашыст ды яшчэ ў афіцэрскай форме — усё ж такі прыцягваў увагу, тым больш што тут жа можна дапытаць яго. Гэта было не лішнім перад пачаткам нарады, на якой павінны вырашацца важныя тактычныя і палітычныя задачы партызанскага руху. Мы ўсё ж яшчэ недастаткова ведалі замыслы ворага гэтай зоны.
Зайшлі ў штабную зямлянку, канваіры ўвялі туды эсэсаўца, развязалі яго. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне.
— 3 якой часці? — спытаў я.
Эсэсавец павольна падняў вочы на мяне, апусціў, потым зноў падняў і перавёў позірк на Гарбачова.
— Вады! — выразна прамовіў ён і паказаў пальцам на рот.
Гальчэня паднёс яму берастовы кубак з жаўтаватай вадой. Обер, мусіць, палічыў гэта за астуджаны чай, глынуў, потым зморшчыўся, пакруціў носам і плюнуў сабе пад ногі. Аддаўшы назад кубак, ён спытаў:
— Вы эст партызаны ці камуністы?
Герасім Маркавіч, які стаяў побач, адказаў, што мы і камуністы і партызаны.
3 допыту і з дакументаў гітлераўца мы даведаліся пра вельмі важныя факты. Разгром нямецкіх войск пад Масквой і тыя велізарныя страты, якія панеслі і нясуць захопнікі пад ударамі Чырвонай Арміі, выклікалі ў фашыстаў вялікую трывогу. Карычневая чума, мусіць, упершыню адчула сур\'ёзную небяспеку і рыхтавалася ў сувязі з гэтым да самых страшных злачынстваў.
Эсэсавец гаварыў пра гэта скрозь зубы, злосна і спадылба кідаў на нас калючыя позіркі. Яму, мабыць, хацелася вызначыць, якое ўражанне робяць на нас яго словы. Ен гаварыў з пэўным разлікам на тое, каб збянтэжыць нас, аглушыць нечаканасцю. Адчуваючы, што гэта астатнія гадзіны яго жыцця, ён усімі сіламі стараўся паказаць, нібыта і мы не жыхары на гэтым свеце. У гэтым ён знаходзіў выйсце для свае людаедскай злосці, нейкі своеасаблівы сэнс апошняй сваёй хвіліны.
— Мы не будзем адступаць пад Мас-сквой,— па-змяінаму сіпеў ён,— мы будзем толькі выраўніваць фронт. А калі адс-ступім, то пасля нас зас-станецца толькі шварц зямля і-і гэта... шварц попел.— А потым, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Пусьтыня.
— Захлынешся, бандыт,— з агідай кінуў Гальчэня,— здохнеш раней часу. Тое, пра што тут брэшаш, не будзе ніколі!
У палявой сумцы эсэсаўца былі знойдзены копіі загадаў камандавання цэнтральнай групоўкі войск .СС. Там указвалася, што ў сувязі з пагоршаннем спраў на фронце трэба больш энергічна і больш жорстка брацца за «навядзенне парадку» на акупіраванай тэрыторыі. Эсэсаўскай дывізіі і атрадам СС, якія размяшчаліся на тэрыторыі Слуцкага, Старобінскага, Капыльскага, Грэскага, Любанскага, Глускага і Акцябрскага раёнаў, загадвалася неадкладна знішчыць партызан усіх да аднаго, ачысціць тэрыторыю і камунікацыі, стварыць спрыяльныя ўмовы для манеўравання і ўсякіх перагруповак нямецкіх войск.
Спецыяльнай інструкцыяй вызначаліся формы і метады дыверсійнай і шпіёнскай работы. Намячалася стварэнне правакацыйных партыйных органаў у гарадах і раённых цэнтрах, арганізацыя правакацыйных партызанскіх атрадаў і груп, адкрыццё дыверсійных школ у многіх гарадах Беларусі, у прыватнасці ў Слуцку, Бабруйску і Барысаве.
Шляхам засылкі ў атрады ўсялякага роду шпіёнаў і дыверсантаў фашысты разлічвалі аслабіць партызанскі рух, дэзарганізаваць яго, сыграць на некаторых слабых баках партызанскага жыцця таго часу. Асобна была распрацавана інструкцыя аб вывядзенні са строю камандна-палітычнага складу, работнікаў партыйнага падполля. Тут вораг пускаў у ход усё: і сотні відаў атруты, і тыфозную вош, і заражэнне венерычнымі хваробамі.
Матэрыялы допыту былі нам вельмі дарэчы. Цяжка было прадбачыць усё тое, што пачулі мы ад палоннага эсэсаўца, пра што даведаліся з дакументаў. Гэтым яшчэ больш падкрэслівалася своечасовасць нашай нарады і важнасць тых пытанняў нашай барацьбы, якія мы збіраліся тут абмеркаваць.
На нарадзе неабходна было распрацаваць канкрэтны план сумесных дзеянняў нашых атрадаў і груп на зіму 1941/42 года. Мы добра разумелі, што калі цяпер не згуртаваць атрады, не накіраваць іх правільна, то некаторыя з іх зімою могуць аслабіць сваю дзейнасць. Нам жа трэба было расці і расці, памнажаць і памнажаць свае сілы.
Было ясна, што перад намі ўзніклі дадатковыя і складаныя задачы: ахова нашага насельніцтва, нашых гарадоў і вёсак, нашых матэрыяльных багаццяў. Усяго гэтага не зробіш з малымі, не акрэпшымі яшчэ і не аб\'яднанымі пад адзіным кіраўніцтвам сіламі.
Нянавісць і гнеў супраць крывавых захопнікаў мацнелі і ўсё шырэй і шырэй ахоплівалі масы беларускага народа. Гэта абавязвала Мінскі падпольны абком падумаць аб тым, каб арганізоўваць кіраўніцтва партызанскімі атрадамі і групамі ў бліжэйшых раёнах Палескай, Баранавіцкай, Маладзечанскай і Магілёўскай абласцей.
Гэта дыктавалася пэўнымі ўмовамі. Атрадаў было ўжо нямала, і раслі яны і ўмацоўваліся — што дзень, то ўсё больш і больш. Атрады Коржа і Меркуля ўжо налічвалі па некалькі сот чалавек кожны. Па сутнасці, там былі ўжо чатыры атрады, бо Мікіта Бандаравец і Фёдар Шырын часта атрымлівалі вельмі адказныя заданні і праводзілі складаныя аперацыі. Яны дзейнічалі самастойна і адважна. А калі праводзілася буйная аперацыя, старобінцы выступалі разам, і агульнае камандаванне ў такіх выпадках браў на сябе Васіль Захаравіч Корж. Больш чым па сотні партызан мелі атрады Паўлоўскага, Храпко, Пакроўскага, Зайца, Жукоўскага, Далідовіча, Хадаркевіча, Філіпскіх; значна выраслі за апошнія часы атрады Патрына, Розава, Сталярова, Шашуры і іншых.
Зусім нядаўна пачаў самастойна дзейнічаць даволі моцны атрад Антона Пятровіча Пакуша і Анатолія Якаўлевіча Жулегі. Гэта — тыя самыя людзі, з якімі мы сустракаліся ў ліпені ў вёсцы Забалацце, Акцябрскага раёна. Тады ў іх была невялічкая група і ўзначальваў яе старшыня сельсавета Русакоў. Цяпер Русакоў таксама быў у атрадзе, але не камандаваў. Пажылы, слабаваты здароўем Русакоў мог прынесці карысць на месцы, калі група была яшчэ на становішчы скрытых рэзерваў, а калі давялося дзейнічаць у адкрытую, партызаны аддалі перавагу старшыні калгаса Пакушу. У гэтым чалавеку выключна ўдала спалучалася рэдкая душэўная дабрата з рашучасцю і цвёрдасцю характару. Ён быў ініцыятыўны, смелы, любіў ва ўсім суровы парадак, але часам глядзеў на свой атрад, як на калгас у падполлі. У яго сапраўды былі толькі мясцовыя людзі. Не было вайны — яны працавалі на полі, напаў жа на Радзіму вораг — змянілі плуг на зброю і пайшлі ваяваць.
На вайне па-ваеннаму, але паколькі ў атрадзе тыя ж самыя калгаснікі, той жа самы старшыня калгаса, то па традыцыі яны іншы раз і ваенныя пытанні вырашалі па-калгаснаму. Збяруцца на сход і рашаюць, як што лепш зрабіць. Яны і Пакуша выбралі камандзірам на сваім агульным сходзе і ў пратаколе запісалі — прасіць Мінскі абком зацвердзіць камандзіра атрада. Тут Антону Пятровічу была аказана перавага і за тое, што ён камандзір запасу: добра ведае зброю, разбіраецца ў тактыцы і сам — адважны.
У суседнім, Капаткевіцкім, раёне пачаў актыўна дзейнічаць атрад Міхайлоўскага і Жыгара. Старшыня Капаткевіцкага райвыканкома Міхайлоўскі і дырэктар МТС Жыгар з першых дзён вайны засталіся ў тыле ворага, але доўгі час ім не ўдавалася арганізаваць у раёне моцнага партызанскага атрада. Яны вымушаны былі задавальняцца маленькай групай і туляліся з ёй недзе ў лясных нетрах. Мабыць, па гэтай прычыне мы ў першыя дні падполля і не маглі ўстанавіць з імі належнай сувязі. Але пасля таго як па заданню абкома атрады Далідовіча і Паўлоўскага разграмілі капаткевіцкі гарнізон і мы сустрэліся з Міхайлоўскім і Жыгарам, яны цвёрда сталі на ногі і ўзначалілі партыйнае падполле і партызанскі рух у сваім раёне. У гэтым вялікую дапамогу аказалі ім Савелій Ляшчэня і група камуністаў з атрада Далідовіча, якіх накіраваў абком са спецыяльным заданнем у Капаткевіцкі раён.
Ужо даўно было вядома пра гераічную барацьбу дукорскіх, рудзенскіх, пухавіцкіх, барысаўскіх партызан. 3 сакратаром Рудзенскага райкома партыі Мікалаем Пракоф\'евічам Пакроўскім, як і з многімі іншымі, мы трымалі сталую сувязь з першых дзён вайны. Прадстаўнікі абкома бывалі ў яго не раз.
Прыходзілі добрыя весткі і з Асіповіцкага раёна. Там дзейнічалі атрады Шашуры і Альхаўца — былога загадчыка райземаддзела. Пад Мінскам мацнеў атрад «Штурм». Ён складаўся галоўным чынам з навакольнага сельскага насельніцтва і мінчан. У Пухавічах актыўна дзейнічаў на камунікацыях атрад Яўгенія Філіпскіх.
Усё гэта ставіла на парадак дня пытанні каардынацыі баявых дзеянняў і сістэматычнага кіраўніцтва партызанскім рухам у гэтых і іншых суседніх раёнах. Тут важна было ўмела спалучыць партыйную работу ў падполлі з аператыўным кіраўніцтвам баявымі дзеяннямі партызан.
Нарада пачалася ўжо на змярканні: хоць і не бескарысна, але занадта доўга правазіліся мы з эсэсаўцам, ды ў дадатак чакалі некаторых камандзіраў. Цяпер сабраліся амаль усе з тых, каго выклікалі.
Мы яшчэ раз удумліва прачыталі даклад Старшыні Дзяржаўнага Камітэта абароны на ўрачыстым пасяджэнні Маскоўскага Савета дэпутатаў працоўных і прамову на парадзе войск Чырвонай Арміі 7 лістапада 1941 года.
Вывад для нас быў зразумелым: трэба было ўсё шырэй і шырэй разгортваць партызанскі рух, усё мацней і мацней біць ворага. Беручы гэта за аснову ўсяго, па даручэнню абкома я прапанаваў наступны план дзеянняў на бліжэйшыя месяцы: усе атрады павінны набыць транспарт з разліку прыкладна адны сані і двое коней на трох-чатырох чалавек; аб\'яднаць ат-рады пад адзіным кіраўніцтвам і правесці вялікі рэйд па раёнах Мінскай, Палескай, Пінскай і часткова Баранавіцкай, Маладзечанскай і Магілёўскай абласцей.
Рэйд павінен вызначацца дзвюма мэтамі: па-першае, разгром нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў у вёсках і раённых цэнтрах, знішчэнне мастоў, складаў, нафтабаз, па-другое — правядзенне шырокай палітыка-масавай работы сярод насельніцтва і ўцягненне яго ва ўсенародную барацьбу з ворагам.
Гэтая прапанова супала з жаданнем усіх камандзіраў і камісараў. Яна была прынята. Гэта было адзіна правільным рашэннем. Хто мог сумнявацца ў тым, што насельніцтва ўсюды будзе рада нам, падтрымае, дапаможа нам і забяспечыць усім чым трэба. У сваю чаргу, мы дапаможам насельніцтву. У гарнізонах звычайна было нямала ўсякіх складаў са збожжам, прадуктамі, вопраткай. Усё гэта можна будзе раздаць людзям. Гэта яшчэ больш узніме аўтарытэт партызан і ўзмоцніць нашу сувязь з масамі.
Нельга было не ўлічваць і таго, што мы яшчэ былі беднаваты на ўзбраенне. Яшчэ нямала было партызан, якія не мелі агнястрэльнай зброі. Рэйд па варожых гарнізонах вырашаў і гэтую задачу.
Такім чынам выходзіла: заставацца на зіму ў лесе на адным месцы,— значыць, рызыкаваць атрадамі; ісці ж у рэйд, інакш кажучы, ісці смела і рашуча ў наступленне на ворага,— значыць, расці, мацнець, загартоўвацца ў баях, пашыраць сувязі з насельніцтвам, выхоўваць у людзях упэўненасць у вялікую жыццёвую сілу Савецкай улады, у перамогу Чырвонай Арміі.
Ідэя стварэння адзінага аператыўнага кіраўніцтва атрадамі таксама не сустрэла пярэчанняў. Галоўны штаб быў створаны з сямі чалавек. У яго ўвайшлі: Мачульскі, Бондар, Бельскі, Варвашэня, Гарбачоў, Кожар і я. Пазней мы размеркавалі абавязкі паміж сабой так, што кожны член бюро меў сваю галіну дзейнасці. На мяне як на першага сакратара абкома былі ўскладзены абавязкі камандуючага партызанскімі атрадамі Мінскай і Палескай абласцей, Раман Навумавіч і Корж былі маімі намеснікамі па кіраўніцтву баявымі аперацыямі, Аляксей Георгіевіч—па разведцы і контрразведцы, Іосіф Аляксандравіч і Іван Дзянісавіч займаліся работай падпольных партыйных арганізацый, выпускам лістовак і газет, масава-растлумачальнай работай сярод насельніцтва.
Такім чынам, дваццаць пятага лістапада сорак першага года ў нас афіцыйна было створана злучэнне партызанскіх атрадаў. Але ж гэта зусім не азначала, што надалей атрады пазбаўляліся самастойнасці і не мелі права праяўляць уласнай ініцыятывы. Наадварот, гэта яшчэ больш расшырала іх ініцыятыву. Тут усё залежала ад умоў і абставін. Калі трэба было, дык атрады маглі дзейнічаць зусім адасоблена, у адзіночку, нават раздзяліўшыся на групы. А пры неабходнасці масіраванага ўдару яны павінны былі выконваць агульны план штаба.

XVII

Камандзіры разышліся, у лагеры зноў стала ціха. Эсэсаўца адвялі ў адзін з атрадаў. Яго трэба было б неадкладна даставіць у Беларускі штаб партызанскага руху або ў штаб фронту, аднак такой магчымасці мы пакуль што не мелі. Нам заставалася толькі адно — пастарацца як мага хутчэй пераправіць за лінію фронту дакументы, адабраныя ў фашысцкага афіцэра.
Бывае, што апошнія дні восені раптам захочуць паказаць сваю лагоду: напоўняцца даволі светлымі праменнямі сонца, заблішчаць павуцінкамі інею. Тады і верыць не хочацца, што на парозе ўжо зіма, што з часу на час трэба чакаць вялікіх маразоў, снягоў і завірух.
Сёння прыкладна такі ж самы дзень, і таму амаль ніхто не сядзіць у зямлянцы. Нават Аляксей Георгіевіч выйшаў з зямлянкі на падмерзлую мураву і прымасціўся каля аганька. За апошні час ён прыкметна паправіўся, нага падгаілася: пры дапамозе кастыля ўжо можна было хадзіць.
Два маленькія аганькі гараць на пляцоўцы нашага лагера. Так больш спадручна і практычна. Калі ў прахладку гарыць, патрэсквае сучкамі аганёк, кожнаму хочацца падысці да яго, пагрэць рукі. А месца на ўсіх не хопіць каля маленькага аганька. Раскладваць жа вялікага нельга: далёка будзе відзён дым. Таму і гараць два маленькія аганькі, каля кожнага з іх сядзіць па тры-чатыры чалавекі, вольных ад службы.
Гарбачоў размаўляе з ніжынскімі камсамольцамі. Яны яшчэ пакуль што тут, але ноччу зноў павінны ісці на канспіратыўныя кватэры, там яны больш патрэбны. Побач з Гарбачовым сядзіць Адам Майстрэнка, сакратар Любанскага райкома камсамола. Тут ідзе гаворка пра камсамольскае падполле, і ў прыватнасці пра Феню Конанаву, кіраўніка Ніжынскай камсамольскай падпольнай арганізацыі. Нельга Конанавай больш заставацца ў сваёй зоне. Пасля здарэння з эсэсаўскім афіцэрам у Любані акупанты пачалі ганяцца за ёй, спецыяльныя разведатрады гойсалі па ўсіх навакольных вёсках, асабліва лютавалі яны ў Ніжыне.
Да агню падышлі Бельскі, Варвашэня. Яны таксама загаварылі аб становішчы Фені Конанавай і аб камсамольскім падполлі наогул. Гэта пытанне вельмі хвалявала нас. 3 камсамольскім падпольным кіраўніцтвам у вобласці пакуль што не надта ладзілася. Праўда, у нас быў ужо абком камсамола, у большсці раёнаў былі створаны райкомы камсамола, аднак працавалі яны яшчэ слабавата. У першыя месяцы вайны ўзначальваў камсамольскую работу ў падполлі былы сакратар Мінскага абкома камсамола Мальчэўскі. Падполле, як вядома, патрабавала вялікай волі ад кіраўніка. Мальчэўскі ж паказаў сябе чалавекам хісткім, маланадзейным. Праз некаторы час ён кінуў абком, адседжваўся ў сваёй радні, а потым самавольна пачаў прабірацца ў савецкі тыл.
Мы звярнуліся ў ЦК КП(б)Б да таварыша Панамарэнкі і ў ЦК камсамола Беларусі да таварыша Зімяніна з просьбай прыслаць на Міншчыну моцных, правераных камсамольскіх работнікаў. Неўзабаве былі прысланы да нас таварышы Канаплін, Дзенісевіч і Сцепанцоў. Міхаіл Васільевіч Зімянін сам прыбыў у штаб Мінскага партызанскага злучэння і адсюль кіраваў работай па ўцягненню моладзі Беларусі ў актыўную барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў. Камсамольская работа пачала хутка ажываць і ўзмацняцца.
Слуцкая, Капыльская, Старадарожская, Любанская, Грэская і Старобінская камсамольскія арганізацыі былі самыя моцныя. 3 вясковых — самай буйной і актыўнай лічылася Ніжынская камсамольская арганізацыя. У гэтым была вялікая заслуга маладой настаўніцы камсамолкі Фені Конанавай. I калі цяпер перакінуць Феню Конанаву на другі ўчастак, паўставала пытанне — ці не паслабне работа ў Ніжыне.
Гэтая справа вельмі непакоіла Івана Дзянісавіча, які сам некалькі разоў быў у Ніжынскай арганізацыі, ведаў там амаль усіх камсамольцаў, сістэматычна дапамагаў ім у рабоце. Бюро абкома дэталёва абмеркавала далейшы лёс Ніжынскай камсамольскай арганізацыі і бліжэйшыя задачы іншых падпольных маладзёжных груп. Мы прыйшлі к такому вываду, што Конанаву неабходна забраць з Ніжына і накіраваць яе на працу ў Любанскі райком камсамола. У яе ўжо ёсць пэўны вопыт, практыка, няхай звязваецца з вясковай моладдзю і з моладдзю райцэнтра, камсамольцамі, дапамагае ім уключыцца ў падпольную барацьбу. У Ніжыне можна будзе знайсці ёй замену.
Родзічаў Фені і блізкіх, якім мог пагражаць арышт, а таксама яе новую сяброўку «падпольную сястру» Любу мы вырашылі забраць у атрады або перасяліць у іншыя, больш аддаленыя вёскі раёна, дзе іх ніхто не ведаў. Зрабіць гэта, побач з іншымі мерапрыемствамі, было даручана Адаму Майстрэнку.
Ля другога агеньчыка сядзелі Бердніковіч, Гальчэня і старшыня калгаса Андрэй Труцікаў. 3 пабочных людзей толькі ён адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Гальчэня паказаў яму гэтую сцежку, бо Труцікаў быў добрым нашым памочнікам па ўсіх падпольных і інтэнданцкіх справах. Ён вывеў з акружэння многа нашых байцоў, стварыў некалькі баз узбраення, калі фронт праходзіў ужо каля Гомеля. Ён здолеў зберагчы амаль усё калгаснае дабро. Калі набліжаліся да раёна акупанты, Труцікаў са сваімі калгаснікамі разбурыў усе навакольныя масты, заваліў дарогі лесам, засыпаў у некалькіх месцах меліярацыйную канаву і забалоціў грэблю. Такім чынам, акупанты ў летні час не вельмі траплялі ў вёску, а калі іншы раз і траплялі, дык нідзе нічога не маглі знайсці, бо ўсё было добра схавана.
У Азярным былі вялікія запасы хлеба, гародніны, жывёлы. Нездарма партызаны называлі гэтую вёску цэнтральнай партызанскай базай. Стары Андрэй заўсёды дапамагаў партызанам, калі ў тых ці іншых атрадах выходзілі прадукты.
Вельмі каштоўным было тое, што гаспадарлівы і руплівы Труцікаў здолеў арганізаваць нам памол зярна. У першыя месяцы партызанскай дзейнасці гэта мела вялікае значэнне. Збожжа ў нас было: пры разгроме гарнізонаў мы забіралі нямецкія запасы, збожжа нам маглі даць і калгасы, а вось мукі мы пакуль што ўдосталь не мелі. Амаль усе млыны ў часе вайны стаялі, ды наўрад ці хто ўзяўся б прывезці ў млын адразу некалькі мяшкоў збожжа: гэта выклікала б падазронасць з боку акупантаў. Таму Труцікаў малоў пакрысе, нібы асабіста для самога сябе. Пасля ён знайшоў яшчэ адзін спосаб: пусціў у ход усе жорны, якія былі ў вёсцы, зрабіў яшчэ з наўдзесятка новых. Калгаснікі круцілі гэтыя жорны, і мука памаленьку сыпалася і сыпалася. Зразумела, што гэта не вырашала нашай мучной праблемы поўнасцю, але ўсё ж дапамога была значная, тым больш што і многія іншыя калгасы ўзялі з Азярнога прыклад.
Пазней Труцікаў удасканаліў сваю мукамольную механіку. Стаяў недалёка ад вёскі стары, амаль зусім ужо збуцвелы вятрак. Калгас не выкарыстоўваў яго, бо рамонт каштаваў бы вельмі дорага. I вось заглянуў аднаго разу сюды Труцікаў. Абышоў ветрачок кругом, пастукаў пальцамі па аголеных страпілах, агледзеў стаян і вырашыў: «Учора гэта была куча дроў, а сёння гэты млынок можа спатрэбіцца... Хто будзе ведаць, што тут партызаны мелюць сабе муку?» I ўзяліся калгаснікі за працу. Умацавалі стаян, усцяглі на гару новыя камяні, крыллі абліцавалі, змазалі ўсё ўсюды, і пачаў млынок круціцца. Здаецца, і ветру няма, а ён сабе круціцца і круціцца. Прывозяць азяранцы сюды збожжа, прасушанае ў печах, каб камяні не заклейваліся і мука была лягчэйшая. На ўсякі выпадак мяшкі падпісаны,— калі да праверкі, дык на — выкусі,— кожны мае права змалоць сабе на каржы.
Калі няма блізка немцаў, вятрак круціцца, працуе, а як толькі наязджаюць гітлераўцы, збожжа хаваецца ў патайнік, латы з крылляў здымаюцца, разбіраюцца шасцерні, і зноў млын стаіць непатрэбіцай, ніхто з пабочных нават не падумае, што тут важны спажывецкі пункт партызан.
Герасім Гальчэня, раз-пораз падкідваючы ў агонь маленькія сучкі, скардзіўся Труцікаву на залішнюю пранырлівасць некаторых тутэйшых людзей.
—Ты павер, Андрэй,— пагладжваючы доўгую пасівелую бараду, гаварыў ён,— калі я выбіраў гэтае месца для штабнога лагера, то прыкідваў з усіх бакоў, і ўсё, здаецца, было добра. 3 канём сюды не пад\'едзеш і пешшу не дабярэшся не ведаючы. Зімой, скажам, што тут можа прыглянуцца каму? Дроў тут няма, лыкаў цяпер не надзярэш, нічога такога патрэбнага для чалавека няма. I ўсё ж такі, заўважаю я, што нехта тут быў. Крыху падмерзла — ужо і прыйшоў.
— А па чым ты заўважаеш? — спытаў Труцікаў.— Можа, табе проста здалося?
— Не, чуеш, не здалося,— даводзіў Гальчэня.— Я тут па духу чужога чалавека пачую. А гэта зусім жа на відавоку, тут і гадаць няма чаго. Учора, крокаў за сотню ад штабнога лагера, нехта ссек дзве арэшыны... От на яго ліха, я і забыўся пра гэты арэшнік! 3 нашых, ведаю, ніхто не ссек: у нас толькі адна сякера, і яна заўсёды пры мне. Ссек нехта з вяскоўцаў, мусіць на абручы. Хто тут у нас паблізу бандарыць, не ўспомніш? Ты ж сам некалі бандарыў, на ўвесь раён славіўся. Зусім я не глянуў на гэтыя арэшыны, калі аблюбаваў месца для лагера. От, каб яны не даждалі!..
Андрэй Труцікаў стараўся пералічыць усіх мясцовых бондараў. Павярнуўшы галаву ў бок бліжэйшай вёскі Пласткі і прыпадняўшы ўгару шырокую, каротка падстрыжаную бараду, ён загінаў адзін за адным пальцы, пачынаючы чамусьці з вялікага: «Іван раз, Іван два, Нічыпар, Міканор, Пятро...»
Потым павярнуўся ў бок Азярнога і назваў яшчэ некалькі імён і мянушак: «Зелянуха, Ахрэм, Чыгір, Кастын, Піліпаўка...»
— Хто ж з іх мог тут лазіць? — настойліва спытаў у Гальчэні, нібы той абавязкова павінен быў ведаць пра гэта. — Слядоў тут не пакінута?
— Ды якія ж сляды,— узрушана адказваў Герасім Маркавіч,— сняжок быў пацярушыў ды растаў за гэтыя дні. Каб былі сляды, то нікуды ён ад мяне не дзеўся б, знайшоў бы я яго хоць пад зямлёю. Тут галоўнае — дазнацца, хто гэта і ці бачыў ён лагер?
Труцікаў на момант апусціў галаву, упёрся барадою ў рыжаваты каўнер дубленага чорнага кажуха.
— Не турбуйся, Маркавіч!— раптам адказаў ён.— Не думай нічога ліхога, я ўсё ўладжу.
— Праўда? — Гальчэня дабрадушна ўсміхнуўся.
— Кажу, уладжу, значыць, уладжу. Я сам спытаю, хто прыходзіў, мне скажуць... Тады гляну ў вочы таму чалавеку і пазнаю, што ў яго на душы...
— А калі чалавек бачыў лагер? — непакоіўся Гальчэня.— Што тады?
— Тады скажу яму, каб трымаў язык за зубамі, і будзе трымаць.
— Не, тады скажы, каб ён накалоў сабе язык,— прапанаваў Гальчэня.— Няхай іголкаю наколе язык.
Труцікаў усміхнуўся, шырокая барада яго зварухнулася:
— Добра, так і скажу.
* * *
На змярканні Адам Майстрэнка, а з ім і ніжынскія камсамольцы развіталіся з намі і пайшлі ў напрамку Барыкова, каб адтуль прабрацца ў Ніжын. У густым зарасніку паміж Ніжынам і Барыковам іх павінна была сустрэць Маруся Конанава, сястра Фені і жонка Адама Майстрэнкі.
Пад вечар узяў марозік, астаткі пажоўклага лісця падалі на зямлю, ледзь не пазваньваючы, а пад нагамі шуршаў лісцяны пакроў, шуршаў і парыпваў, Усё роўна як снег пры моцным марозе. Лесам цяжка было ісці. Камсамольцы падзяліліся на дзве групы і рушылі дарогаю: адна група наперадзе, другая крышку ззаду.
Да ўмоўленага месца прыйшлі позна, аднак, Маруся чакала хлопцаў і сустрэла іх. Выгляд яе быў усхваляваны, твар прыкметна пахудзеў, выцягнуўся, нават пры месячным святле можна было заўважыць сіняватасць пад вачыма. Відаць, яна многа плакала ў гэтыя дні і пакутавала.
Яна расказала, што нядаўна эсэсаўцы ператрэслі ўвесь Ніжын, арыштавалі многа людзей, у тым ліку некалькі дзяўчат, пераважна сябровак Фені і Марусі. Ні самой Фені, ні бацькоў не знайшлі, толькі сядзібу абрабавалі і хату спалілі.
Пра хату Маруся амаль што і не ўспамінала, не шкада было ёй ні хаты, ні дамашняга дабра,— няхай падавяцца ім гэтыя бандыты,— яна хвалявалася і перажывала за сваіх дзяўчат, што трапілі ў лапы фашыстаў. Сярод іх былі камсамолкі, а некаторыя яшчэ не лічыліся ў камсамоле, але ўдзельнічалі ў рабоце падпольнай арганізацыі. За камсамолак Маруся была больш спакойна, гэтыя вытрымаюць, не здадуцца, а вось як павядуць сябе астатнія дзяўчаты? Вельмі ж маладыя ёсць сярод іх, толькі што сямігодку скончылі, а некаторыя нават з шостага класа. Пачнуць гестапаўцы катаваць іх, магчыма, не вытрымае каторая, пахіснецца... А тады — смерць не толькі ёй, а і ўсім астатнім, пагібель усёй арганізацыі.
— Хто арыштаваны? — спытаў Майстрэнка. Маруся пералічыла ўсіх дзяўчат, і калі называла апошнюю, голас яе ўпаў, задрыжаў:
— Можа, і Фені трэба было быць там, з імі, або мне?..— нечакана заявіла яна.— Можа, ім лягчэй было б... Адна з нас панесла б кару, а арганізацыя працавала б, як і раней.
—Няправільна!— рэзка перапыніў яе Майстрэнка.— Ведалі б дзяўчаты, што ты так гаворыш, пакрыўдзіліся б на цябе. Мала верыш ты ім, а значыць,— мала ведаеш іх. Я ўпэўнены, што ні адна з іх не пахіснецца.
— Хіба толькі Ліда,— разважна сказаў адзін з хлопцаў.— Такая яна яшчэ слабенькая, несамастойная... Нядаўна брошку згубіла, дык ледзь не гадзіну плакала.
— Яна там не заплача,— упэўнена заўважыў другі хлопец,— ты яшчэ не ведаеш яе.
Убачыўшы, што адна з арыштаваных сябровак і сапраўды ў нейкай меры бярэцца пад сумненне, Маруся таксама пачала заступацца за яе. Яна, напэўна, заступілася б за кожную, дарма што ў душы насіла трывогу.
— Не ведаеш ты Ліды,— абурылася Маруся,— не ведаеш! А калі так, то і не гавары. Вось на, глядзі.
I Маруся працягнула руку к таму хлопцу, які лічыў Ліду вельмі слабенькай і несамастойнай.
Паміж пальцаў у яе быў заціснуты невялікі кавалачак паперы.
— Чытай! — шэптам загадала Маруся,— чытай, што тут напісана. Лідзін брат мне прынёс, Адамка.
Хлопец накінуў на галаву світку, уключыў ліхтарык і пачаў чытаць:
«Дарагія мае дзевачкі і ўсе, хто застаўся! — пісала дзяўчына.— Не думайце нічога дрэннага пра нас і не бойцеся. Мы не падвядзём! Клянёмся!»
— Бачыў? — са стрыманай урачыстасцю спытала Маруся.— Не ведаеш, дык і не гавары,— зноў паўтарыла яна.— Уступалі нашы дзяўчаты ў арганізацыю, клятву давалі...
— Куды іх пагналі? — спытаў Майстрэнка.— Далёка?
— Можа ў Кузьмічы пакуль што, а можа, і ў Пасталы,— адказала Маруся,— там жа ў іх аддзяленне гестапа.
—Трэба паслаць ім пісьмо,— крышку падумаўшы, сказаў Майстрэнка,— цёплае пісьмо, сардэчнае... Трэба, каб яны ведалі, што мы атрымалі іх запіску, што мы верым ім і спадзяёмся на іх. Тады ім лягчэй будзе...
— Праўда,— сказала Маруся.— Адамка занясе.
— Не Адамка, а ты,— запярэчыў Майстрэнка.— Там жа трэба яшчэ здолець перадаць.
— Адамка здолее,— сказала Маруся.— Яму лягчэй гэта зрабіць, чым каму іншаму. Калі трэба было, дык яшчэ і не такія заданні мы яму давалі. Прабярэцца ўсюды, усё выглядзіць, выведае.
— Давайце зараз жа напішам,— прапанаваў Майстрэнка.— А ты,— звярнуўся ён да Марусі,— забяспечыш перадачу.
Хлопцы прытуліліся пад кустом, накінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць, а Маруся тым часам пайшла бліжэй да дарогі. Ішла і думала пра малога Адамку. Вось напішуць ліст дзяўчатам, згорнуць яго ў трубачку і аддадуць ёй. А яна сёння ж умоўным знакам пастукае хлопчыку ў акно, узбудзіць яго і ціха скажа:
—Новае заданне табе ад камсамола. Хлопчык адразу ж прагоніць свой сон, выпрастаецца, прыме сур\'ёзны выгляд і адкажа па-вайсковаму:
— Слухаю!
Маруся аддасць яму маленькі лісток, а ён пакладзе яго ў патайную распорачку ў шапцы і моўчкі вернецца ў хату. Назаўтра яшчэ на світанні ён устане, апранецца ў доўгую дзіравую світку і пад выглядам бяздомніка-сіраціны пойдзе ў Кузьмічы або ў Пасталы.
Колькі разоў гэты хлопчык ужо рабіў так! Як любіць яго ўся падпольная арганізацыя!..
Так разважаючы, выйшла Маруся на дарогу. Глянула ў адзін бок, глянула ў другі, прайшлася трошкі ў бок вёскі Ніжын і хацела ўжо варочацца назад, як нейкая чорная постаць з вінтоўкай у руках перагарадзіла ёй дарогу.
— Ты куды? — спытаў хрыплы, прыглушаны бас.
— Дадому, у Ніжын,— стараючыся быць спакойнай, адказала Маруся.
— Адкуль? — з рота паліцая рэзка дыхнула самагонным перагарам.
— 3 Барыкова іду,— сказала Маруся. Падышоў яшчэ адзін паліцай, наблізіўся ўшчыльную і зарагатаў проста ў твар:
— Старыя знаёмыя, дзякуй богу!
— Я вас не ведаю,— цвёрда сказала Маруся, хоць у гэтым паліцаі сапраўды пазнала аднаго кузьмічоўскага п\'яніцу і прайдзісвета, якога ў вёсцы ніхто за чалавека не лічыў. На твары яго быў доўгі сінявата-чырвоны шрам, таму ўсюды і звалі гэтага даўгавязага, ламаватага абібока «шрамаватым». Зразумела Маруся цяпер, што трапіла на засаду.
—Сорам не прызнаваць знаёмых,— разваліста круціў галавою паліцай.— Ты, Конанава, не выкручвайся, а гавары праўду, то лепш будзе. Да мужанька хадзіла? Ведаю, ведаю твайго мужанька... Каб дзе нарваўся ён на мяне, усёй абоймы не пашкадаваў бы, далібог, праўда.
I, павярнуўшыся да другога паліцая, дадаў:
— Старыя рахункі з яе каханым, разумееш?
— Гэта ж, мусіць, сястра Конанавай,— шапнуў першы паліцай.
— Якой Конанавай? — абыякава спытаў «шрамаваты».
— Ну той, мусіць, што шукаюць цяпер, Фені Конанавай.
«Шрамаваты» рэзка махнуў рукой, і ад гэтага так павяло яго ўбок, што, ступіўшы некалькі крокаў ад дарогі, ён ледзь не паваліўся на куст.
— Ціха ты! — падхапіў яго першы паліцай, які таксама не надта цвёрда стаяў на нагах.
— Яны шукаюць сваё,— ганарыста сказаў «шрамаваты»,— а мы сваё. Ты ведаеш, хто такі яе мужанёк? Наўрад ці ведаеш. Гэта ж над усім камсамолам ён тут нейкі начальнік. Зразумеў? А галоўнае — мой даўнішні вораг. Зразумеў?
Першы паліцай змоўк, відаць, «шрамаваты» быў тут за старшага і яго слухалі.
— Значыць, да мужанька хадзіла? — крукам звесіўшы галаву над Марусяй, пытаў «шрамаваты».— Есці яму насіла!.. А як жа: насі, насі, а то здохне ў лесе з голаду.
—Мой муж эвакуіраваны,— рашуча заявіла Маруся,— і няма чаго дарэмна малоць языком.
— Эвакуіраваны? — Паліцай скрывіў шырокі, яхідны рот.— Хлусіш ты, маладзіца, ён тут. Можа, вунь у тых кустах дзе-небудзь сядзіць, бо ты, відаць, не здалёк ідзеш.
— Я ў Барыкове была.
— Пра гэта мы спытаем у барыкоўцаў,— запэўніў «шрамаваты»,— толькі наўрад ці ты там была. Хто там у цябе?
— Цётка.
— Хлусіш! — зноў заўважыў «шрамаваты».— Ніякай цёткі там у цябе няма. У Кузьмічах твая цётка, але ж ты да нас не ходзіш... А цётка сумуе перад смерцю...
Апошняе слова разанула слых. «Чаму перад смерцю?» — падумала Маруся. А потым адкінула цяжкую думку: мала што можа сказаць п\'яны паліцай.
—У Барыкове ў мяне другая цётка,— паведаміла Маруся,— бацькава сястра.
—Спытаем, — сказаў паліцай, — цяпер дык мы ўжо ўсё праведаем, можаш нам паверыць: нават самага далёкага родзіча не прамінём.
Падышоў яшчэ адзін паліцай і, адазваўшы «шрамаватага» крыху ўбок, далажыў, што не так даўно ў дальніх кустах бліснуў аганёк. Спачатку адзін раз, потым другі, што сачыў ён за гэтым месцам каля паўгадзіны, але нічога пакуль што не заўважаецца.
— Дзе? — спытаў «шрамаваты» і неяк адразу пацверазеў.
— Вунь там,— паказаў рукою паліцай, і Маруся адразу здагадалася, пра што ён далажыў свайму старшаму. У сэрцы ў яе зашчымела: мусіць, святло ліхтарыка на момант выбівалася з-пад накрыўкі, і дазорны паліцай гэта заўважыў. Што ж цяпер рабіць, як выратаваць хлопцаў? Да гэтай хвіліны Маруся крыху баялася за сябе, а цяпер усе думкі яе перанесліся туды, да свайго мужа, да сваіх хлопцаў, якія ў гэты час, мабыць, яшчэ пішуць ліст арыштаваным падпольшчыкам. Ці пачулі яны гамонку, ці здагадаліся пра небяспеку? Можа, захапіліся складаннем пісьма, прыкрыўшыся плашч-палаткай, і не ўлавілі галасоў, тым больш што адлегласць тут значная і паліцаі размаўлялі паціху. Маруря наўмысля стала павышаць голас, каб там хлопцы пачулі і падрыхтаваліся. Падышоў «шрамаваты» і прыставіў да яе твару кулак: «Ціха». Тузануўшы за руку Марусю, ён грозна спытаў:
— Колькі там іх? Кажы праўду.
— Дваццаць чалавек,— гучна сказала Маруся.
— Не крычы!
— Праўда, дваццаць! — яшчэ гучней пацвердзіла Конанава.
— Не крычы,— ускіпеў «шрамаваты» і з размаху стукнуў прыкладам жанчыне ў грудзі. Маруся ўпала. Паліцай кіўнуў аднаму са сваіх, той шпарка пабег па дарозе ў напрамку Ніжына, адкуль неўзабаве прымчаліся яшчэ тры паліцаі. «Шрамаваты» нешта загадаў свайму «войску», потым адазваў аднаго паліцая, і паказаўшы на Марусю, скрывіў рот злоснай усмешкай і зноў нешта сказаў.
Паліцай падышоў да Марусі. Трымаючыся за верставы слуп, жанчына спрабавала ўстаць, ды ногі яе падкошваліся, мучыў цяжкі крывяны кашаль, шумела ў галаве.
— От мы табе дапаможам, кабетачка, — здзекліва прамовіў паліцай і працягнуў рукі да жанчыны. Маруся адштурхнула яго і, сабраўшы ўсе сілы, устала сама.
— От і добра! — працягваў паліцай, нібы яго зусім не пакрыўдзілі. — Паднялася сама — слупок дапамог... А цяпер, каб ты зноў не павалілася, мы прывяжам цябе да гэтага слупка... Вось так... I рукі прывяжам, і ногі, і шыю... Пад ногі вось гэты камень падкладзём... Будзеш стаяць вышэй за ўсіх... Твой каханы стрэліць, дык куля проста ў цябе і трапіць... Бач, як хітра прыдумана, ты не глядзі, што наш «шрамаваты» такі недарэчны... А для таго каб куля не прабіла цябе, ты загадаеш свайму каханаму не страляць... Няхай лепш жывым здаецца нам, таму што лепш жывым у пекле, чым мёртваму ў раі.
— Ада-ам! — крыкнула Маруся з усёй сілы. Начное рэха падхапіла яе голас і панесла далёка-далёка. — Ада-ам! — паўтарыла жанчына. — Паліцыя!..
Але хлопцаў ужо не трэба было клікаць. Убачыўшы, што Марусі доўга няма каля іх, яны пачалі прыслухоўвацца і пачулі яе голас раней. Адзін з ніжынцаў прабраўся к дарозе і ўсё разведаў. Цяпер ужо Майстрэнка з камсамольцамі быў каля самай дарогі. Не паспелі паліцаі разгарнуцца, як хлопцы ўдарылі па іх з аўтаматаў. Паліцай, што стаяў каля Марусі, адразу паваліўся на зямлю і хутка шмыгануў у гусцеж. Адтуль стрэліў некалькі разоў, але ў цемры ў Марусю не пацэліў. Майстрэнка пусціў па ім чаргу, і паліцай змоўк.
«Шрамаваты» як быў ззаду ўсіх, так першы і пусціўся наўцёкі, але партызанская куля падбіла яго. Кінуўшы вінтоўку, ён усё ж такі схаваўся недзе ў кустах. Шукаць яго потым не сталі. Астатнія паліцаі, прыпаўшы да зямлі, рассыпаліся, як напалоханыя зайцы, і толькі адбегшыся больш чым на кіламетр, пачалі без ладу страляць.
Так у гэтую ноч і не давялося камсамольцам дабрацца да Ніжына. Маруся ледзь-ледзь стаяла на нагах, ёй патрэбен быў хоць кароткі адпачынак. Да таго ж было ясна, што ў гэтую ноч не будзе спакойна ні ў Ніжыне, ні ў Кузьмічах. 3 вялікімі цяжкасцямі дайшлі падпольшчыкі да Барыкова. Там знайшлі Насцю Ярмак, яшчэ некаторых надзейных людзей. Трактарыстка Насця неяк адразу ажывілася, стала энергічная, дзелавая, калі толькі ўбачыла, што партызаны зноў просяць у яе дапамогі. Яна адразу ж забрала да сябе Марусю і ўладкавала яе ў той самай бакоўцы, дзе некалі ляжаў Аляксей Георгіевіч Бондар. Дзесятак спосабаў дапамогі прыдумала жанчына: кампрэс паклала, паранай мятай напаіла, спіну нацерла... Тут прабыла Маруся некалькі дзён, а потым назаўсёды прыйшла ў партызанскі атрад.
Ніжынскія камсамольцы неўзабаве ўзнавілі сувязь са сваімі аднасяльчанамі, перадалі запіску арыштаваным дзяўчатам, а самі перайшлі на лагернае становішча, сталі партызаніць.
«Не трацьце веры, дарагія! — гаварылася ў запісцы.— 3 вамі мы ўсе, усе нашы партызаны і партызанкі, усе сумленныя людзі. Трымайцеся, хутка мы прыйдзем да вас на дапамогу!»

XVIII



Феня Конанава не вярнулася ў сваю вёску пасля апошняй аперацыі Гарбачова. Нават калі выехалі эсэсаўцы і ўсё ў Ніжыне крыху аціхла, усё роўна жыць дома было небяспечна, 6о шпіёны гестапа ўвесь час сачылі б за ёй. Бацькі Конанавай перайшлі ў партызанскую зону.
Феня пачала працаваць у Любанскім райкоме камсамола пад кіраўніцтвам Адама Майстрэнкі. Любанскі райком камсамола, як і райком партыі, базіраваўся пры атрадзе Далідовіча, але ж, паколькі камсамольскія арганізацыі былі і пры другіх атрадах і ў вёсках, Фені прыходзілася бываць усюды. Хадзіла яна часцей адна, іншы раз са сваёю сястрой Марусяю. У вёскі прабіраліся рознымі сцежкамі-дарожкамі, толькі ім адным вядомымі.
Горш за ўсё было прабірацца ў Ніжын, аднак Феня бывала і там, бывала заўсёды ў дакладна вызначаны час. Колькі разоў здаралася — збяруцца падпольшчыкі ў заканспіраваным месцы, на дварэ цемень, непагода, злосная мяцеліца заносіць дарогі, а камсамольцы ўпэўнена паглядваюць на гадзіннік: вось яшчэ мінута, яшчэ дзве, і павінна з\'явіцца Конанава.
Калі яна і затрымлівалася крыху, камсамольцы ўсё роўна не трацілі ўпэўненасці. Яны цвёрда верылі, што калі Конанава сказала, то яна абавязкова прыйдзе, ніякія цяжкасці ёй не перашкодзяць. I Феня прыходзіла. Тады ў камсамольцаў адразу падымаўся баявы дух, самае складанае заданне здавалася няцяжкім. Кожнаму хацелася дзейнічаць так, як Феня, ва ўсім браць з яе прыклад.
Аднаго разу Конанава атрымала вельмі адказнае заданне: ёй трэба было прабрацца ў Кузьмічы і Пасталы, здабыць там планы нямецка-паліцэйскіх умацаванняў, пастарацца зрабіць так, каб у гарнізоне былі свае людзі і каб яны аб усім інфармавалі партызанскае злучэнне. Майстрэнка ўжо даўно выношваў план разгрому кузьмічоўскага гарнізона. Гэтая ідэя вельмі ж прыйшлася па душы і Розаву. Удвух яны ўжо некалькі разоў уваходзілі з такім хадайніцтвам у штаб злучэння. Настойвалі, каб ударыць адразу, доўга не раздумваючы, хоць і самі адчувалі, што гэта занадта рызыкоўна. Штаб не мог даць згоды на скараспелыя аперацыі. Нам добра было вядома, што такія гарнізоны, як у Кузьмічах, Любанскага раёна, Пасталах, Жыткавіцкага раёна, Ламавічах, Акцябрскага раёна, у Пагосце, Старобінскага, і Урэччы, Слуцкага раёна, добра ўмацаваны. Яны размешчаны на вузлах дарог і прызначаны галоўным чынам для таго, каб перашкаджаць пашырэнню партызанскага руху на другія раёны, каб стварыць нейкую граніцу паміж раёнамі. У Кузьмічах і Пасталах было некалькі дотаў з падземнымі ходамі паміж імі, на ўсіх перакрыжаваннях узнімаліся дзоты. Кулямётаў і боепрыпасаў тут хапала. Вядома, што для таго, каб аперацыя па разгрому гэтых гарнізонаў была паспяховая, трэба было як след падрыхтавацца да яе. Феня Конанава павінна была дапамагчы ў гэтай справе. У яе былі надзейныя людзі ў Кузьмічах і Пасталах, але ж прабрацца туды вельмі цяжка. I днём і ноччу па вуліцах хадзілі патрулі, асобныя дзоты былі вынесены далёка за аколіцы, і тут гітлераўцы затрымлівалі ўсіх, хто ішоў або ехаў у вёску і з вёскі. Доўга думала Феня, як лепш выканаць заданне, і ўсё неяк не выспяваў у яе надзейны план, не вызначаліся пэўныя дарожкі. Пайшла яна да Марусі. Сустрэліся дзве ў маладым хвойніку, прыселі на двух сумежных пеньчуках. Пайшла ў іх гаворка шчырая, нібы хатняя, толькі тэма яе была зусім не хатняя.
— Што ты мне параіш? — спытала Феня.— Ты ж у мяне старэйшая, лепш усё ведаеш.
— Пра што ты? — трошкі здзівілася Маруся.
— Пра адно заданне. Трэба схадзіць у Кузьмічы і Пасталы ды сёе-тое зрабіць там. Людзі, ты ж ведаеш, там ёсць, толькі сувязь з імі ў нас цяпер парвалася. Не магу прыдумаць, як мне дабрацца да іх праз гэтыя пасты і дзоты, як сустрэцца?.. Дзесятак варыянтаў перабрала, усё неяк ненадзейна выходзіць, усё неяк не так, як хацелася б.
— Ну скажы мне пра свае варыянты,— папрасіла Маруся.
Феня гаварыла, а Маруся ўважліва слухала, ацэньвала ў думках кожны варыянт. Некаторыя з іх былі яўна не пад сілу аднаму чалавеку, хоць з гэтым Феня ніяк не магла згадзіцца. Не зважала яна на цяжкасці, не зважала нават і на рызыку: знайшліся б у яе сілы пераадолець любыя цяжкасці, а рызыкаваць сваім жыццём для гэтай дзяўчыны не было навіной. Горш было тое, што ўсе варыянты не абяцалі поспеху. Гэта цяпер і непакоіла Феню.
—Цяжка ўсё неяк,— заўважыла Маруся, калі Феня змоўкла.— Смеласці ў цябе, Феня, і здагадлівасці на пяцёх хапіла б, але ты занадта не рызыкуй сабою. Тут сапраўды трэба добра ўсё абдумаць. Магчыма, што-небудзь лепшае знойдзецца.
— Для гэтага і прыйшла да цябе,— падкрэсліла Феня.
— А што, калі б выкарыстаць яшчэ адзін варыянт?
— Які? — узрадавалася Феня.
— Самы просты, памойму.
— Бывае, што самы просты — самы лепшы,— заўважыла Феня.— Ты гавары смела, якраз, можа, на маё шчасце, падасі добрую думку.
— Ты Адамку, Лідзінага браціка, ведаеш? — спытала Маруся.
Феня адразу аб усім здагадалася.
— Ведаю, ведаю! — узрушана загаварыла яна.— Правільна, Маруся, гэта і прасцей і лепш за ўсё.
— А ў Ніжын у цябе ёсць дарожка?
—Есць, туды я хаджу,— сказала Феня.— Сапраўды, Адамка, прабраўшыся ў Кузьмічы, можа выклікаць нашага чалавека. У пэўным месцы мы з ім сустрэнемся, а там дагаворымся пра далейшае... Правільна! Сёння ж, як толькі сцямнее, пайду ў Ніжын.
—Хіба і я пайду з табою? — нясмела сказала Маруся.— У апошнія дні ты ўсё ходзіш і ходзіш... I ўсё больш адна... Баюся я за цябе, Фенечка...
— Ты думаеш, што я на «шрамаватага» нарвуся? — паўжартам спытала Феня.— Не бойся, гэты «бобік» спруцянеў ужо.
Маруся здзіўлена падняла вочы. Знішчэнне аднаго паліцая, вядома, не магло здзівіць яе, але, паколькі гэты паліцай даўся ёй у знакі, жанчына зацікавілася.
— А я не чула,— сказала яна.
—Учора нам перадалі,— прадаўжала Феня,— што тады Адам падстрэліў яго, ды і добра— тры вялікія раны было нанесена, дык гнісці пачаў, ліха на яго. Як кавыляў на гэтых сваіх гойдалах, служыў фашыстам, дык добры быў ім, а як падбілі злыдня, усё роўна як таго кручанага сабаку, яны і выкінулі яго. Ну а людзі таксама не прынялі вылюдка.
—Я дапамагла б табе гэтае заданне выканаць,— ціха, з цёплай шчырасцю ў голасе сказала Маруся.— Калі я з табою, тады лягчэй у мяне на душы. А то дачуюся, што ты пайшла адна, месца не знаходжу ад трывогі, сэрца непакоіцца па табе.
— Нічога, Манечка,— заспакойвала яе Феня.— Я ж спраўлялася раней, дык, напэўна, і цяпер спраўлюся. А табе цяжка, бо ты яшчэ добра не ачуняла пасля таго выпадку каля Ніжына.
—Я хутчэй ачуняю, калі буду хадзіць на заданні,— запэўняла Маруся.— Хіба я паранена ў баях ці кантужаная?.. Нічога яшчэ не зрабіла, а ўжо сяджу нароўні са старымі. Адам не пускае, ты не пускаеш, а камандзіры дык нават і гаварыць не даюцца.
Сёстры сядзяць ужо каля гадзіны. Час пакуль што дазваляе: Фені ісці на заданне толькі ўвечары, а разыходзіцца не хочацца. Мала калі бываюць такія любыя сэрцу хвіліны. Нейкі час яны маўчаць. Зямля ўжо крыху падмерзла, але снегу яшчэ няма. Надвор\'е і так ціхае, а ў густым сасняку дык і зусім не холадна, нават ногі ў ботах не мерзнуць. Побач чутно прыглушанае адлегласцю жыццё лагера атрада Далідовіча: кароткія загады камандзіраў, паспешныя даклады аб выкананні задання, розныя турботы гаспадарчага ўзвода.
— А камісар зноў пайшоў на аперацыю,— гаворыць Маруся нібы толькі для таго, каб парушыць цішыню.
— Які камісар? — пытае Феня.
— Наш, Гуляеў,— удакладняе Маруся.— Мінулай ноччу толькі вярнуўся, а вось нядаўна зноў пайшоў. От неўгамонны, баявы чалавек. Як удумаешся, дык, здаецца, жыцця не шкада за такога. Паранілі яго фашысты на фронце, трапіў у акружэнне. Другі ўжо і прымяк бы там. А ён, глядзі, уцёк і адразу ў партызаны. Кажуць, яшчэ з адкрытымі ранамі сюды прыйшоў. А цяпер вось дзе ён толькі не пабываў, у якой аперацыі не ўдзельнічаў? Сёння і мой Адам пайшоў з ім.
— Ен жа быў з Розавым,— заўважыла Феня.
—Быў, а цяпер больш ходзіць з Гуляевым,— прадаўжала Маруся.— Мабыць, спадабаўся яму гэты мужны чалавек.
Маруся глыбока ўздыхнула, падняла На сястру задуменны, крыху жаллівы позірк і спытала:
— А пра твайго нічога не чутно? Феня сумелася, такога пытання не чакала.
— А што ж цяпер можна пачуць? — раптам пачырванеўшы, спытала яна.— Ды не быў ён яшчэ маім. Так толькі, сябравалі.
— Каб не вайна, то быў бы,— упэўнена сказала Маруся.— Ты ўжо, Фенечка, не сумуй.
— А можа, і не быў бы,— усміхнулася Феня.
— От якая ты,— лёгка папракнула Маруся.— Я ж ведаю, хто ён для цябе, а ты ўсё не прызнаешся, усё нібы саромеешся...
— Я часта думаю пра яго,— сказала нарэшце Феня.— Асабліва, калі іду куды адна або еду... Хаця б адно ведаць: ці жывы? А то ніякай весткі з самага пачатку вайны. Свет вялік. Ні часці яго не недаю, нічога... Спрабавала ў людзей распытваць, пісьмы ў Маскву пісала, нічога не выйшла. Адным цяпер жыву: спадзяюся, што хутка ў нас будзе добрая сувязь з Масквой, тады ліст у Цэнтральны штаб партызанскага руху пашлю. А цяпер, як слухаю зводку, дык усё нечага чакаю, усё мне здаецца, што назавуць па радыё тое, знаёмае мне імя, якое мне даражэй за ўсё.
— Знаёмае,— зноў дабрадушна папракнула сястру Маруся.— Не тое гэта слова.
— Мілае,— папраўляецца Феня, і вочы яе раптоўна наліваюцца слязьмі, яна сарамліва глядзіць у твар сястры.
Маруся маўчыць. Ёй крыху непрыемна, што яна кранула ў сястры тую ранку, якая баліць, бадай-што, горш за ўсе іншыя. Ёй хочацца чым-небудзь дапамагчы Фені. Яна бярэ сястру за руку і яшчэ нейкую хвіліну маўчыць, а потым пачынае выказваць тое, што ў самой на душы. Лепшага спачування і не трэба чалавеку.
—А думаеш, мне лёгка,— гаворыць Маруся,— хоць мой Адам і пры мне. Кожны дзень ён куды-небудзь ідзе, кожны дзень. Каб сама магла хадзіць з ім, можа крыху лягчэй было б. А то прыкалечылі, цяжка мне цяпер... А душа баліць і баліць... Кожны раз праводжу яго і кожны раз думаю: не выжыву, калі ён не вернецца, месца на зямлі не знайду... А вернецца — не веру, што ён тут, усё мне здаецца, што ён недзе на заданні, што ён недзе пад кулямі ды пад мінамі... Каб ужо не бачыла чалавека ды нічога не ведала пра яго, то, можа, нават лягчэй было б...
Развіталіся сёстры шчыра, і Феня пайшла рыхтавацца ў дарогу. Да Ніжына яна дабралася параўнальна лёгка. Тут не толькі ўсе вядомыя сцежкі былі шмат разоў пераходжаны, перагледжаны, а былі і патаемныя абыходы, пра якія ведалі толькі Феня ды некалькі чалавек з падпольнай арганізацыі. Камсамольцы па чарзе дзяжурылі на гэтых сцежках. Тут усюды былі расстаўлены ўмоўныя знакі. Калі, напрыклад, ля мосціка прытаілася паліцэйская засада, то на падыходзе да яго ва ўмоўленым месцы стаяла маленькая тычка з сухім веццем наверсе, калі ж дарога была адкрытая, тычка стаяла без вецця. I так па ўсёй дарозе. Маленькая, амаль непрыкметная работа, а да чаго ж вялікую карысць прыносіла яна! Выконвалі яе ў большасці ніжынскія хлапчукі, былыя школьнікі, такія, як Адамка. Даручаць ім дарослыя, яны і пайшлі. Усюды пралезуць, усё зробяць, а наткнуцца на паліцаяў, здолеюць апраўдацца, вывернуцца.
Адамка многа дапамог Фені і ў апошнім заданні. Ён схадзіў у Кузьмічы і Пасталы, занёс запіскі нашым людзям. Адтудь яны выйшлі на сустрэчу з Феняй. У Кузьмічах неўзабаве была створана баявая падпольная група, а ў Пасталах — дзве. Падпольшчыкі дастаўлялі ў штаб весткі аб кузьмічоўскім і пасталоўскім гарнізонах, здабывалі планы ўмацаванняў, адным словам, актыўна дапамагалі нам рыхтаваць разгром гэтых варожых гнёздаў.
Праз некаторы час абком камсамола накіраваў Конанаву ў Грэскі, Старадарожскі і Слуцкі раёны ў якасці свайго інструктара. Камсамольская работа ў Любанскім і Старобінскім раёнах была пастаўлена нядрэнна, а ў астатніх раёнах, па сутнасці, яшчэ толькі арганізоўвалася шырокае камсамольскае падполле. Трэба было перадаць вопыт, дапамагчы маладым арганізацыям і ўстанавіць сувязь паміж раённымі арганізацыямі камсамола. Прабыла там Конанава больш двух тыдняў, а вярнуўшыся, зноў узялася за свае ранейшыя абавязкі. I, вядома, у першы ж дзень пацягнула яе ў Ніжын: туды, дзе самыя блізкія і дарагія сэрцу людзі, дзе яшчэ нядаўна былі яе хата, яе школа, яе любімае месца на рацэ Арэсе, куды яна часта хадзіла з падружкамі, ірвала на лузе кветкі. Xацелася хутчэй пабачыцца са сваімі, даведацца пра арыштаваных дзяўчат. Параілася з Майстрэнкам, атрымала заданне і пайшла.
3 загальскіх лясоў яна выйшла на змярканні, а пакуль «сваімі сцежкамі» наблізілася да Ніжына, дык ужо добра сцямнела. Ніжынскія камсамольцы яшчэ не ведалі, што Феня вярнулася ў раён, і таму не чакалі яе. Мусіць, нікога не чакалі ў сённяшні вечар, бо ніякіх знакаў на дарозе не было. Конанава заўважыла гэта, пастаяла крыху, падумала і пайшла далей. Яна была ўпэўнена, што ўжо куды-куды, а ў Ніжын яна прабярэцца, няхай хоць якія там перашкоды. Колькі разоў сюды прыходзіла, колькі разоў адсюль хадзіла! Кожны кусцік тут знаёмы, кожнае дрэўца, слупок, лагчынка на дарозе. Праўда, сняжком зямлю прысыпала, многае змянілася тут з часоў апошняга наведвання, аднак добра знаёмыя мясціны і пад снегам відаць.
Вечар быў ціхі, злёгку марозны. Снег не рыпеў пад нагамі і не быў слізкі, як у адлігу. Ісці можна было самым шпаркім крокам, і Феня імчалася ледзь не подбегам. Вось узгорачак, а там кусцікі. За кусцікамі — прагалак. Гэта самы небяспечны прагалак. Небяспечны таму, што за ім блізка ніжынскія могілкі. Калі перабягаеш прагалак, дык заўсёды здаецца, што з могілак нехта сочыць за табою. I абысці гэты прагалак нельга, няма тут другога, больш зручнага падыходу да вёскі. Калі ўжо ўскочыў на могілкі, то лічы, што дома, бо адсюль рукой падаць да явачных кватэр.
Раней, чакаючы Феню, ніжынскія камсамольцы дзяжурылі на могілках і раз-пораз падавалі адтуль умоўныя сігналы. Калі ж не дзяжурылі, то прагалак даводзілася перапаўзаць: у цёмную ноч чалавек на зямлі непрыкметны. А цяпер снег на зямлі. Выходзячы з лагера, Конанава неяк і не падумала, што на гэтым прагалку снег. Каб успомніла, то ўзяла б маскіровачны халат. А так выйдзеш на прагалак і відзён за кіламетр. Феня спынілася ў кусціках. Страшнавата выходзіць на адкрытае месца. У яе з\'явілася адчуванне, якое бывае ў байца, што першы раз ідзе ў атаку. Пакуль былі кусцікі, дрэўцы, хоць яны не засланялі ад варожай кулі, а ўсё ж ішлося неяк лягчэй: нага ступала цвёрда, вока бачыла далёка. Як толькі кончыліся кусцікі, пацягнула да зямлі, пачынала ўяўляцца, што ўсе кулі паляцяць сюды.
Прытуліўшыся за апошнім кустом, дзяўчына стала ўглядацца і прыслухоўвацца. Нічога не відно было на могілках, нікога не чутно. Кволы ветрык налятаў зрэдку на хвойнік, што там рос, і глуха пашумліваў у верхавінах. Ды хто там можа быць у такую пару? Феня выйшла з-за куста і шпаркім крокам накіравалася да могілак. На ўсякі выпадак выняла з патайной кішэні пісталет і схавала яго ў рукаве кажушка. Выйшла на дарогу, і раптам смешна стала з самой сябе: колькі ўсюды хадзіла, ніколі нічога не баялася, а тут, каля дому, раптам быў апанаваў нейкі страх. Можа, гэта таму, што некалі ў дзіцячыя гады вельмі ж яна баялася гэтых могілак. Дзяўчына ўсё прыбаўляла крок, а пад канец не вытрымала — пабегла і ўжо не спынялася аж да самага сасняку. Бегла не праз страх, а з жадання хутчэй прыйсці на месца, пастукаць у акно сваім людзям, пакуль яшчэ не паляглі спаць. Яшчэ трошачкі, яшчэ некалькі крокаў... Феня пераскочыла цераз канаўку, якой былі абведзены могілкі, і прыпала грудзьмі да сасны. Унутры ўсё калацілася ад хвалявання. Так некалі прытульвалася яна да сваёй маці, калі на сэрцы ў яе было вельмі цяжка, калі к горлу падступалі слёзы. Маці абдымала яе за плечы, цалавала мяккія, цёмна-русыя валасы, і любое гора раптам уяўлялася меншым. Як бы хацелася і цяпер прытуліцца да сваёй матулі, пагаварыць з ёй, распытаць пра яе жыццё. Але ж цяпер нават невядома, дзе яна. Бацька падаўся ў лес пасля таго, як гітлераўцы спалілі хату, а маці пайшла недзе ў Глускі раён, да сваякоў.
А ўсё ж такі палягчэла на душы, бо яна адчувала, што ўжо дома, тут амаль у кожнай хаце — прытулак і радасць сустрэчы з блізкімі людзьмі. Глянула ў бок загуменняў: вунь там павінна быць самая блізкая хата. Простая сцежачка да яе, ,якіх-небудзь пяць-шэсць хвілін хады. Толькі агарожа на дарозе ды некалькі плоскіх драўляных помнікаў. Феня памкнулася ісці, але ёй раптам здалося, што за адным з гэтых помнікаў нешта варухнулася... Здалося ці не? Дзяўчына прысела на карэнні хвоі, пачала ўглядацца ў цемру на нрысыпанай снегам зямлі. Сапраўды, нешта ёсць там, толькі яшчэ нельга добра разабраць, чалавек ці сабака. «Хутчэй за ўсё — сабака,— падумала Феня,— бо якому гэта чалавеку прыйдзе ў галаву туляцца ноччу на могілках». Адвяла позірк на другія помнікі і з трывогай у сэрцы заўважыла, што і за імі нехта ёсць. Потым убачыла постаць за дрэвам. Усё, цяпер няма чаго сумнявацца: людзі на могілках, і хутчэй за ўсё вельмі нядобрыя людзі. Наўрад ці гэта свае камсамольцы.
Постаць аддзялілася ад сасновага ствала і рушыла ў напрамку таго дрэва, дзе была Феня. Падняліся тыя, што сядзелі за помнікамі, і пайшлі за першым. Конанава інстынктыўна палічыла постаці: адна, дзве, тры... Шэсць чалавек з пярэднім. Не, гэта не нашы. Нашы выслалі б аднаго, двух. Тут нешта нядобрае.
Пярэдняя постаць ступіла крокаў дзесяць, потым зноў зайшла за ствол дрэва.
— Хто там? — пачулася адтуль.— Вылазь!
Голас быў незнаёмы. «Не бачыць, ліха на яго»,— падумала Феня.
Дзяўчына, не спускаючы вачэй з пярэдняй постаці, абдумвала, што трэба рабіць. Калі небяспека навісла над галавою, адышоў некуды ўбок той страх, які яшчэ нядаўна злёгку адчуваўся. Рашучасць, смеласць, упартае жаданне змагацца да апошняга дыхання напоўнілі душу дзяўчыны. Яна разумела, што лёгка тут не абыдзецца, што яна, відаць, натрапіла на паліцэйскую засаду і тыя са скуры палезуць, каб толькі захапіць яе жывую. Але ж і ім будзе горача — такое рашэнне выспела адразу і было цвёрдае і непахіснае. Феня дастала пісталет і лягла на зямлю. Постаць за дрэвам махнула рукой, і тыя, што былі ззаду, подбегам, прыгнуўшыся, рушылі наперад: тры з правага боку ад пярэдняга і два з левага. Беглі яны прыгнуўшыся, раз-пораз прыпадаючы к дрэвам. Яны беглі, а пярэдні стаяў на месцы. «Значыць, гэта старшы»,— падумала Феня.— Каб яго прыкончыць, астатнія не праяўлялі б асаблівай актыўнасці. Яна старанна ўзяла на прыцэл тую сасну, за якой стаяў паліцай, і, выбраўшы момант, калі той высунуўся, стрэліла.
Паліцай бразнуўся на зямлю ля сасны і потым закрычаў дзікім голасам:
— Лажыся-а!
Усе пападалі яшчэ да яго каманды. 3 правага і з левага бакоў ад Фені прагучалі вінтовачныя стрэлы. Кулі празвінелі над яе галавою. «Мусіць, бачаць», — падумала Феня і рыўком ускочыла ў канаўку, адпаўзла крыху ўбок. Можна было б паспрабаваць паўзці далей, але...
— Жывым яго, жывым! — крыкнуў старшы паліцай, а сам не кранаўся з месца, усё паварушваўся за сасновым ствалом і, відаць, баяўся высунуць адтуль галаву.
Феня ўмасцілася ў канаўцы ля кусціка, адграбла ад сябе тонкі пласт снегу. Паміж галінак кусціка ёй відаць былі ворагі. Хоць не было ў дзяўчыны дасканалай ваеннай практыкі, аднак яна адчувала, што дастаць яе куляй цяпер ужо немагчыма, а іх можна было б усіх перабіць, шкада толькі, што патронаў мала. Таму яна вырашыла пачакаць, пакуль паліцаі падпаўзуць зусім блізка, выпусціць па іх палову абоймы і паспрабаваць перабегчы ў кусцікі. Гэта быў як быццам адзіны ратунак.
— Жывым яго-о! — крычаў з-за хвоі старшы паліцай.— Кажу, жывым!
А паліцаі баяліся ісці ў абход і бесперапынна стралялі. Кулі ляцелі куды папала.
Высунуўся нарэшце і старшы іх, нязграбна, на карачках папоўз у напрамку канаўкі. Феня стрэліла і хутка адпаўзла ўлева. Паліцай залёг. У гэты момант дзяўчына заўважыла, што тры постаці, якія паўзлі з левага боку, аказаліся зусім недалёка ад яе.
— Аго-онь! — закрычаў старшы.
Кулі ляцелі ў тое месца, адкуль толькі што бліснуў пісталетны стрэл. Старшы прыйшоў у ярасць, падняўся за хвояй і кінуў гранату. Яна ўзарвалася за некалькі метраў ад таго месца, дзе толькі што ляжала Конанава.
Зірнула Феня яшчэ раз налева: тры паліцаі вось за дзесяць крокаў ад яе. Яны паляць без разбору ў адну кропку, а паўзці не хочуць — боязна рызыкаваць сваім жыватом. Трэба непрыкметна падпаўзці яшчэ трошкі бліжэй, перабіць тых, што былі злева, і па канаўцы, якая агінае могілкі, прабрацца да загуменняў, а там можна будзе і схавацца.
Дзяўчына прытаіла дух: і паўзці не трэба, вось яны самі сунуцца па воўчы — галаву прыгінаюць, а спіны тарчаць на метр ад зямлі. Раптам двое прыпадымаюцца і бягуць да канавы. Разлік ясны, Феня адразу зразумела яго: хочуць пераскочыць канаву і зайсці ззаду. Яшчэ момант — Конанава страляе амаль што ва ўпор. Адзін раз, другі... Страляе і, сагнуўшыся, бяжыць канаваю да загуменняў. Бяжыць не аглядаючыся, не адчуваючы зямлі пад сабою. У вушах усё яшчэ чуюцца сухія гукі ўласных стрэлаў... «Здаецца, правільна,— мільгае думка,— здаецца, не на вецер...» Больш нічога пакуль што не чутно. Нават страляніна справа сціхла. Мабыць, збянтэжыліся, не ведаюць, што рабіць... Бегчы і бегчы...
Дзяўчына спатыкаецца на нейкі корч і падае. «Мусіць, ранілі», — мільганула думка... Хвіліну ляжыць і не можа зразумець, ад чаго ўпала... Ззаду пачуліся глухія стогны... «Значыць, правільна»,— радуецца ў душы Феня і, усхапіўшыся, бяжыць далей. «Застагнаў, значыць, стрэліла не на вецер»...
Вось нечы агарод, высокі пляцень да самага гумна... Чый жа гэта? Фені хочацца вызначыць, чый гэта пляцень, але на могілках зноў пачалі страляць. Дзяўчына выскачыла з канаўкі, пабегла ўздоўж плятня...
А паліцаі яшчэ з паўгадзіны абстрэльвалі канаву. Стралялі ўжо без прыцэлу, страціўшы надзею на поспех. Расстраляўшы ўсе патроны, пачалі шпурляць у канаву гранаты. Неўзабаве падаспела яшчэ некалькі паліцаяў і група эсэсаўцаў з Барыкова. Гітлераўцы вырашылі, што тут цэлы атрад партызан наступае на Ніжын, і паспяшаліся на дапамогу мясцовым паліцаям. Даведаўшыся, што страляніна паднята праз аднаго чалавека, эсэсаўскі начальнік раззлаваўся, патрос пісталетам перад носам старшага паліцая і загадаў акружыць могілкі, абшукаць усё.
I толькі тады, калі была абшукана ўся канава, былі абгледжаны ўсе кусты, агарожы, помнікі, паліцаі падышлі да сваіх параненых. Адзін з іх, падстрэлены ў жывот, ужо быў мёртвы, а другі, прыладкаваўшыся на ляжачым помніку, перавязваў сабе нагу вышэй калена, стагнаў і несусветна лаяўся.
— Чаму таго не перавязаў? — грозна спытаў у яго старшы.
— Я сам увесь крывёю сцёк,— агрызнуўся паліцай.— Што ж я мог зрабіць?
— Пакажы! — старшы ўключыў ліхтарык, пасвяціў на рану.— Глупства, камар укусіў... У мяне вось у руцэ большая дзірка і то не выйшаў са строю.
— Ты пад карчом ляжаў...
— Маўчаць!
Эсэсавец заходзіўся дзікім рогатам, размахваў пісталетам і разпораз тыцкаў ім у жывот старшага паліцая:
— Ваякі, апора нямецкага камандавання... Адзін партызанскі разведчык усіх перабіў...
— Я хацеў узяць яго жывога,— апраўдваўся паліцай.
— Дык вось бяры нежывых,— яхідна адказаў эсэсавец.
Неўзабаве быў падняты на ногі ўвесь гарнізон вёскі Кузьмічы і суседнія паліцэйскія ўчасткі. Ніжын акружылі з усіх бакоў, пачалася трасяніна, пошукі знікшага партызанскага разведчыка.
Паліцаі ўзялі ў Ніжыне фурманку, узвалілі на драбіны труп свайго забітага ваякі, побач з ім пасадзілі параненага і павезлі ў Кузьмічы. Калі фурманка выязджала з могілак, эсэсавец абыякава глянуў услед, плюнуў і ледзь прыкметным кіўком галавы паклікаў да сябе аднаго з паліцаяў.
— А чаму б яго тут не закапаць? — спытаў ён.
— Там у яго родзічы,— угодліва адказаў паліцай,— і свае могілкі каля вёскі.
Эсэсавец скрывіў губы.
— Залішні яму гонар,— сказаў смеючыся,— вазіць з адных могілак на другія.— Потым ён са злосцю спытаў:—Які д\'ябал выдумаў рабіць тут засаду?
— Пан Дубік параіў,— адрапартаваў паліцай.
— Напляваць! — крыкнуў эсэсавец. — Хто такі Дубік?
— Наш бургамістр,— растлумачыў паліцай.— Той, што ў Кузьмічах.
— А нашто была гэтая засада?
—Ужо некалькі дзён тут сочым,— паніжаным голасам тлумачыў паліцай.— У гэтай вёсцы буйная падпольная арганізацыя... Нядаўна яны аднаго вашага...— паліцай запнуўся.— Аднаго нашага обер-лейтэнанта жывым у палон захапілі.
— Гэта яны? — эсэсавец рэзка павярнуўся да паліцая.
— Яны, пане афіцэр. I нашага яшчэ аднаго нядаўна ранілі, памёр.
Гэтага эсэсавец не слухаў.
— Цесная сувязь з атрадамі, — тлумачыў паліцай.— Пану Дубіку ўдалося дазнацца, што на гэтых могілках арганізуюцца тайныя сустрэчы партызан з мясцовымі падпольшчыкамі.
Эсэсавец кінуў на паліцэйскага зняважлівы позірк, махнуў рукой і пайшоў да сваёй каманды.
У тую ноч не знайшлі Фені Конанавай. Ды каб і знайшлі, то наўрад ці паверылі б, што гэта яна ўвечары была на могілках. Кузьміцкая паліцыя больш за ўсё схільна была думаць, што гэта быў Гарбачоў. Таго ведалі па ўсіх гарнізонах, ганяліся за ім і баяліся яго.
Раніцою эсэсаўцы сагналі ў адно месца ўсіх ніжынцаў. Доўга трымалі на шырокай плошчы каля Арэсы. Многія з ніжынцаў былі лёгка апрануты, дрыжалі ад холаду. Немцы спадзяваліся на тое, што, калі людзям стане неўмагату дрыжаць на марозе, яны выдадуць партызана. Аднак ніхто не сказаў ні слова, хоць амаль усе ў вёсцы ведалі, што іх Феня, іх маладая настаўніца-камсамолка, учора ўвечары наведалася ў вёску. Яны далі ёй такі прытулак, што ніякі ні паліцай, ні эсэсавец не здагадаўся б зазірнуць туды.
Як ні цяжка было, а ўсё ж Феня выканала ўсе даручэнні райкома. Перад досвіткам наступнага дня, калі многіх вартавых змарыў сон, камсамольцы правялі яе з вёскі. Правялі зноў жа праз могілкі, якраз праз тое месца, дзе ноччу яна трымала няроўны бой.
* * *
Праз некалькі дзён Конанава зноў з\'явілася каля Ніжына і ўжо не адна. 3 ёю была добра ўзброеная група партызан на чале з Розавым. Тут жа былі Патрын, Смірноў і Адам Майстрэнка. Адклаўшы да часу намер поўнага разгрому кузьмічоўскага гарнізона, яны рашылі вызваліць ніжынскіх дзяўчат.
Палавіна Кузьмічоўскай школы была цяпер ператворана ў турму. Вокны ў гэтай палавіне былі забіты дошкамі і пераплецены калючым дротам. Людзі са страхам і трывогай праходзілі цяпер паўз гэтую школу, бо амаль кожны дзень даносіліся адтуль пакутлівыя крыкі і стогны вязняў фашысцкай камендатуры.
За праваднікоў пайшлі ніжынскія камсамольцы. Яшчэ не так даўно яны хадзілі ў гэтую школу на сумесныя вучнёўскія вечары, слухалі тут лектараў, іншы раз канцэрты.
Наблізіцца да школы трэба было ціха і непрыкметна. Стаяла задача без адзінага стрэлу зняць вартавых, зайсці ў школу, вывесці адтуль арыштаваных. Папярэдняй разведкай было ўстаноўлена, што ў гэтую ноч каля школы будуць дзяжурыць мясцовыя паліцаі. Пры такіх умовах лягчэй дасягнуць мэты, бо паліцаі не так старанна ахоўваюць даручаны ім аб\'ект, як немцы. Да таго ж, невядома яшчэ, якія паліцаі трапяцца.
Асцярожна, ледзь не на кожным кроку прыслухоўваючыся і разглядаючы наваколле, партызаны позняй ноччу пачалі набліжацца да школы. Патрулёў не чутно было. Магчыма, яны ў гэты час знаходзіліся на другім канцы вёскі. Паліцэйскі пост з кулямётам група пры дапамозе мясцовых камсамольцаў ужо даўно абышла. У цемры школа ледзь толькі вызначалася. Яна была падобна ў гэтую ноч на нейкую змрочную адрыну. На фоне белага падмурка відно было, як вартавы зморана перастаўляе ногі: ступіць крок, потым прыпыніцца, крыху пастаіць, тады зноў ступіць.
Розаў і Майстрэнка паўзуць пярэднімі, услед за імі паўзуць яшчэ два спрактыкаваныя партызаны. Калі першую двойку напаткае няўдача, то другая двойка адразу ж прыспее на выручку.
Вартавы прыпыніўся каля ўваходу ў школу, паставіў адну нагу на прыступак і нахіліў галаву над руляй вінтоўкі. Каб яшчэ хвіліна, ён, мабыць, сеў бы на прыступак, але ў гэты момант Розаў маланкай падляцеў да яго і схапіў ззаду за рукі. Майстрэнка выхапіў у паліцая вінтоўку і прыставіў да яго падбародка рулю пісталета.
— Ціха! — пагрозлівым шэптам загадаў ён. Паліцай згодліва заківаў галавой і апусціўся на калені.
— Ты адзін тут?
Паліцай цяпер ужо закруціў галавой, а рота не раскрываў, відаць баяўся прамовіць слова.
— Дзе ён? — спытаў Розаў, спрытна звязаўшы паліцаю рукі.
— Там,— ціха сказаў паліцай і паказаў вострым носам за вугал. Затым узняў галаву, пакаянна залыпаў вачыма і прашаптаў: — Ён спіць. Мы тут па чар-е хадзілі. Калі хочаце, то я сам забяру ў яго вінтоўку, я вам усё зраблю.
Перадаўшы звязанага партызанам, Розаў з Майстрэнкам рушылі паўз сцяну да вугла, але не прайшлі яны і некалькі крокаў, як Майстрэнка пачуў, што нехта яго заве. Ен прыпыніўся.
— Таварыш Майстрэнка! — шаптаў звязаны паліцай.— Там у яго яшчэ граната ў кішэні, глядзіце, асцярожна.
— Я табе дам, «таварыш»,— больш кулаком, чым голасам, прыгразіў Майстрэнка і пайшоў далей.
— Я адразу пазнаў яго,— нібы з радасцю, нібы са страхам шаптаў паліцай.—Мы з ім вельмі добрыя знаёмыя былі…
— Ц-ціха! — сыкнуў на яго адзін з партызан і паднёс да паліцэйскага носа шэрую ад гразі анучу.
Другі ахоўнік быў абяззброены амаль што сонным. Прачнуўшыся, ён пачаў заўзята абараняцца. Давялося злёгку «пагладзіць» яго па галаве і заткнуць рот.
Першы паліцай паказаў, дзе схаваны ключы ад школы, а потым правёў партызан у той клас, у якім знаходзіліся ніжынскія падпольшчыцы. Дзяўчаты спалі на падлозе, прытуліўшыся адна да аднае. Цяжкі і трывожны быў гэта сон, але страшэнная зморанасць брала сваё.
Ніхто з іх нават не павярнуўся, калі Майстрэнка і Феня зайшлі ў клас. Майстрэнка ўключыў электрычны ліхтарык, які толькі што адабраў у другога паліцая, а Феня апусцілася перад дзяўчатамі на калені і стала асцярожна, каб знянацку, часам, не спалохаць, будзіць іх.
Цяжка было пазнаць гэтых пакутніц. Твар Ліды быў пасінелы, нібы нежывы, пад вачыма крывавыя падцёкі, вопратка падрана. Другія дзяўчаты таксама былі вельмі знясіленыя. Калі Феня асцярожна кранула Ліду, тая спалохана ўсхапілася, са страхам падалася ў кут.
— Лідачка, гэта я,— ціха прашаптала Феня.— Не бойся, тут усе нашы. Хуценька будзі дзяўчат ды пойдзем.
Аперацыя гэтая прайшла паспяхова. Вызвалілі не толькі ніжынскіх дзяўчат, а ўсіх, хто ў гэты час знаходзіўся пад арыштам. Першы паліцай дапамагаў партызанам, а другі так і застаўся ляжаць пад падрубаю са звязанымі рукамі і нагамі ды з заткнутым анучаю ротам.
Назаўтра раніцою ў лагеры Конанава ласкава абнімала Лідачку і другіх сваіх сябровак.
— Ну як вы там, мае любыя? — пытала яна.
— Не хвалюйся, Фенечка, — адказала за ўсіх Ліда.— Як фашысцкія каты ні здзекаваліся, ніводнага славечка мы не сказалі. Добра, што вы паспелі, а то сёння фашысты збіраліся ўжо гнаць нас некуды далей.

XIX

На працягу снежня і амаль што ўсёй першай паловы студзеня мы рыхтаваліся да вялікага партызанскага рэйду. Гэта быў вельмі складаны і цяжкі перыяд барацьбы нашых атрадаў з фашысцкімі захопнікамі. Па раёнах Мінскай і іншых сумежных абласцей Беларусі бесперапынна праводзілі свае аперацыі буйныя падраздзяленні эсэсаўцаў. Гітлераўцы паставілі сабе за мэту, чаго б гэта ні каштавала, расправіцца з беларускімі партызанамі. Нашым атрадам прыходзілася штодзённа весці жорсткія баі, манеўраваць, вельмі часта мяняць месца дыслакацыі. Асабліва цяжка стала ў Старобінскім, Чырвонаслабодскім, Грэскім, Капыльскім, Слуцкім, Рудзенскім, Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах. Атрадам Коржа, Меркуля, Бандараўца і некаторым іншым давялося часова перабрацца на Любаншчыну, Глушчыну і ў раён Старых Дарог. Базы гэтых атрадаў, падрыхтаваныя на зіму, былі пакінуты пад наглядам сувязных, якія заставаліся на месцы і пражывалі ў вёсках.
Партызанскія атрады Мінскай і Палескай абласцей стрымлівалі шалёны націск нямецка-фашысцкіх войск і настойліва, упарта рыхтаваліся да вялікага рэйду па праследаванню гітлераўцаў і разгрому іх гарнізонаў. Нам неабходна было значна папоўніцца людзьмі, зброяй, арганізаваць добры санны транспарт, каб надаць атрадам належную манеўровасць ва ўмовах зімы. Стаянне на адным месцы ў такі адказны час з параўнальна невялікімі сіламі было для нас небяспечным і рызыкоўным. А рашучае і імклівае наступленне павінна было прынесці поспех. Гітлераўцы ж страшэнна баяліся нашай зімы. Спадзеючыся закончыць вайну да маразоў, гітлераўскае камандаванне не забяспечыла цёплым абмундзіраваннем нават франтавыя часці, а тылавікам дык зусім нічога не выдавалася з цёплай вопраткі і абутку. Нямецкае камандаванне мела на ўвазе, што тылавікі самі забяспечаць сябе за кошт нарабаванага ў нашага насельніцтва дабра. Дзе-нідзе фашыстам удавалася ўварвацца ў вёску, абрабаваць, забраць у людзей вопратку, абутак, каб хоць як-небудзь выратавацца ад вялікіх маразоў. Але насельніцтва Міншчыны хавала вопратку, а партызаны прымалі ўсе захады для таго, каб не пускаць эсэсаўскія атрады ў вёскі. Ісці ж у лес акупанты не вельмі хацелі, баяліся партызан. Такім чынам, ім прыходзілася амаль увесь час тарчаць на вятрах і маразах. Ад абмарожванняў і прастуды выбывалі са строю і гінулі сотні гітлераўцаў. Нашы сувязныя даносілі, што Слуцкая мэблевая фабрыка не спраўлялася выконваць заказы на дамавіны для замёрзлых гітлераўцаў.
Санны транспарт у партызанскіх атрадах павінен быў яшчэ больш павялічыць нашу перавагу над ворагам. Зіма была снежная і лютая. Што далей, дык акупантам ўсё цяжэй і цяжэй станавілася ездзіць па Міншчыне і Палессю на машынах, а мы, партызаны, на санях маглі прабрацца ў любое месца, рушыць у любым напрамку для нечаканага нападу на ворага або заходу яму ў тыл.
3 нашымі савецкімі людзьмі няцяжка вырашыць любую, самую складаную задачу. Для таго каб пасадзшь на сані толькі тыя атрады, якія павінны былі ісці ў рэйд, нам неабходна было набыць сама мала шэсцьсот параконных саней. Акрамя гэтага, мы вырашылі сфарміраваць адзін конны атрад і тут зноў жа патрэбны былі коні, сёдлы, аброці. Насельніцтва актыўна пайшло нам насустрач, усё дало нам, даставіла з ахвотай, з радасцю. Партыйныя органы Мінскай вобласці яшчэ ў пачатку вайны дапамаглі калгасам правільна вырашыць справу аховы грамадскай маёмасці. Яшчэ да прыходу ворага калгаснікі схавалі швентар, вупраж, фураж. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы, а зімой вывелі коней у лес і арганізавалі там пракормачныя пункты. Цяпер, калі Мінскі падпольны абласны камітэт звярнуўся да народа, усё гэта было перадана партызанскім атрадам. Што б партызанам ні спатрэбілася, насельніцтва заўсёды ішло ім насустрач. Хто каня даваў, а хто і сам з канём ішоў у партызаны. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся сумесна з калгасным актывам, людзі жылі адзіным жаданнем — як мага хутчэй знішчыць акупантаў. Вось чаму мы з першых дзён нашай барацьбы адчувалі пад сабою цвёрдую глебу, смела браліся за даволі складаныя, шырокія па маштабах і нават іншы раз рызыкоўныя задачы.
У рэйд павінны былі ісці найбольш моцныя атрады. Мінскі падпольны абком узначаліў гэтае вялікае, па сутнасці, рашаючае ў нашым жыцці наступленне. Частку атрадаў мэтазгодна было пакінуць на месцы, каб не агаляць зусім раёны. Пры нашай дапамозе яны маглі дзейнічаць і развівацца. На Любаншчыне заставаліся Патрын, Сталяроў; у Акцябры — Паўлоўскі; на Глушчыне — Храпко, Якавенка Уладзімір Кірылавіч; у Капаткевічах — Міхайлоўскі; у Капыльскім раёне — Жыжык; у Грэскім — Заяц; Філіпскіх — у Пухавіцкім раёне; Альхавец і Шашура — у Асіповіцкім; Пакроўскі — у Рудзенскім. Гэтых атрадаў мы не ўцягвалі ў рэйд, але на іх ускладалася задача дапамагаць нам, калі мы будзем праходзіць праз іх тэрыторыю. Яны павінны былі скоўваць сілы ворага, увесь час трывожыць яго, не даваць гітлераўцам спакою.
Перад самым выхадам у рэйд загінуў наш баявы таварыш, член бюро падпольнага абкома Яўстрат Гарбачоў. Загінуў гэты чалавек так жа мужна, як і заўсёды ваяваў, загінуў смерцю героя, не выпускаючы з рук зброі. Ішоў Гарбачоў з атрада Сталярова ў штаб і каля хутара Падклетнае натрапіў на конны атрад эсэсаўцаў. Эсэсаўцы, відаць, здагадаліся, што наткнуліся на аднаго з партызанскіх кіраўнікоў, і надумаліся ўзяць яго жывога.
Мясціна якраз была адкрытая: да лесу не дабяжыш і да хутара далёка. Убаку стаяла вёска Азломль, але і тая не блізка. Гарбачоў рашыў прыняць бой у чыстым полі. Акапаўшыся ў глыбокім снезе, ён прымусіў спешыцца і залегчы ўвесь нямецкі атрад.
Гарбачоў у часе бою праяўляў сілу і вытрымку невымерную. Колькі разоў раней даводзілася яму сутыкацца з фашыстамі, і заўсёды ён перамагаў! Фашысты адзін за адным падалі вакол Гарбачова, а ён заставаўся непашкоджаным, выратоўваўся.
— Партызан павінен быць непрыступным агнявым пунктам! —заўсёды гаварыў ён, і сам быў найлепшым прыкладам гэтага. Цікава было паглядзець, як Гарбачоў узбройваўся. Ідучы на заданне, ён браў два пісталеты з запасам абоймаў, аўтамат з запасам дыскаў, штук пяць гранат, кінжал. Усё гэта ў патрэбную хвіліну ён пускаў у ход.
I гэтым разам Яўстрат Дзянісавіч, залёгшы, адкрыў шквальны агонь па фашыстах, спадзеючыся на тое, што боепрыпасаў у яго хопіць надоўга. Важна было ашаламіць гітлераўцаў, прыціснуць іх да зямлі, а самому паспрабаваць адпаўзці к лесу.
Але эсэсаўцы ўпарта імкнуліся зайсці ў тыл Гарбачову, адрэзаць яму дарогу ў лес. Праз нейкі час ім удалося дасягнуць гэтага.
Акружыўшы Гарбачова, эсэсаўцы пачалі набліжацца, і тут ужо Яўстрат Дзянісавіч, мусіць, убачыў, што выйсці адсюль амаль немагчыма. У самы рашучы момант ён шпурнуў у найболын густую групу гітлераўцаў, якая была непадалёку ад яго, некалькі гранат, потым падняўся ва ўвесь рост і кінуўся на прарыў, каб выбегчы к лесу. I тут яго цяжка паранілі. Урыўшыся ў снег, ён зноў стаў мужна адбівацца, але хутка пачалі здаваць сілы, канчаліся боепрыпасы. Яўстрат Дзянісавіч вырашыў прыкінуцца забітым і падпусціць гітлераўцаў як можна бліжэй да сябе. Амаль цэлую гадзіну эсэсаўцы не падыходзілі да параненага Гарбачова, баяліся.
I калі яны нарэшце падышлі на пяць-шэсць крокаў, Яўстрат Дзянісавіч шпурнуў у іх дзве гранаты, а апошняй узарваўся сам. Як потым мы даведаліся з допыту паліцая, які тады суправаджаў гэтых эсэсаўцаў, а пазней быў злоўлены партызанамі, узрывам апошніх гранат было забіта і паранена адзінаццаць гітлераўцаў.
Заехаўшы ў вёску Азломль, эсэсаўцы загадалі калгаснікам звезці трупы сваіх забітых у вясковую школу, падрыхтаваць усё для пахавання іх, а цела Гарбачова не кратаць з месца і ні ў якім разе не хаваць. Самі рушылі далей, абвясціўшы, што пахаванне забітых адбудзецца заўтра раніцой. Фашысты баяліся заставацца нанач у прылеснай весцы, толькі аддалі загад, а самі падаліся бліжэй да гарнізона.
Вярнуўшыся раніцою ў вёску, эсэсаўцы абурыліся, закіпелі лютай злосцю: ні адзін забіты немец не быў падабраны з поля, а Гарбачова калгаснікі пахавалі. Тады эсэсаўцы выгналі ўсіх жыхароў на вуліцу, пачаліся допыты, катаванні. Калгаснікі апраўдваліся: «Як толькі вы пайшлі адсюль, дык не больш як праз гадзіну наехала да нас столькі партызан, што ўсю вёску занялі, яшчэ і навокал было іх шмат... Яны ўзялі ды і пахавалі партызана... Вунь яны толькі што паехалі адсюль, можа, яшчэ і кіламетр не ад\'ехалі». А потым адзін пажылы калгаснік, па прозвішчу Шчарбачэня, не стрымаўся і так адказаў фашыстам на допыце:
— Мы вашых фашысцкіх законаў не ведаем і ведаць не хочам. Вашы трупы могуць валяцца, як вам хочацца, могуць ляжаць сотнямі пад адным крыжам, а мы з нашымі людзьмі робім па-нашаму, па-руску. Памёр чалавек чэсна, праведна, ён павінен быць і пахаваны як трэба!..
Светлае імя Гарбачова памятна і дорага ўсяму беларускаму народу. Ніколі мы не забудзем гэтага сапраўды цудоўнага чалавека — мужнага камуніста, партызана, партыйнага работніка, чэкіста. Некалькі партызанскіх атрадаў потым было названа імем Гарбачова. Ва ўсіх атрадах і групах, ва ўсіх неселеных пунктах партызанскай зоны былі праведзены мітынгі, прысвечаныя светлай памяці Гарбачова. На гэтых мітынгах партызаны пакляліся сурова адпомсціць гітлераўскім людаедам.
Першай нашай аперацыяй у рэйдзе быў разгром нямецка-паліцэйскага гарнізона на станцыі Пасталы, Жыткавіцкага раёна. Фашысты ўмацаваліся ў Пасталах, у саўгасе «Сосны» і яшчэ ў многіх неселеных пунктах. У іх быў разлік на тое, каб перасекчы партызанскія зоны, не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна. У Пасталах да таго ж знаходзіліся яшчэ ахоўныя войскі, бо на дрэваапрацоўчым заводзе акупанты выраблялі чыгуначныя шпалы, дубовыя брусы для дзотаў і іншыя матэрыялы.
Выехалі мы дакладна ў вызначаны час. Кожны атрад выйшаў з пэўнага месца. Мы не маглі збіраць усе атрады ў адным пункце, гэта было небяспечна, ды і не выклікалася неабходнасцю. Частка атрадаў мела сваім зыходным пунктам лясы недалёка ад вёскі Углы, некаторыя стаялі каля саўгаса «Жалы», каля вёсак Жывунь, Старасек. Усе ўзялі напрамак на вёску Убібачкі. Прыехалі мы сюды гадзіне а дванаццатай ночы. Занялі рад і суседніх вёсак, выставілі заслоны. 3 такой сілай можна было ўступаць у бой з любым праціўнікам. У той час у нас былі ўжо станковыя і ручныя кулямёты, нават мінамёты. Апрача вінтовак многія партызаны мелі аўтаматы, пісталеты. Гранаты былі амаль у кожнага партызана. I вось яшчэ выдатная, універсальная і даступная для ўсіх зброя — бутэлька з гаручым. Мы карысталіся гэтай зброяй даўно, з тых дзён, калі Бумажкоў з Паўлоўскім ужылі яе ў сваім баі з калонай нямецкіх танкаў.
На прыпынку ў вёсцы Убібачкі я са штабам зайшоў у адну прасторную хату пасярод вёскі. Са мной, былі Мачульскі, Бондар, Бельскі, Варвашэня, Ляшчэня. У рэйд паех\'алі амаль усе члены абкома, таму што перад намі стаялі шырокія і вельмі адказныя задачы. Акрамя баявых аперацый у нас было нямала іншых важных спраў па стварэнню партыйнага падполля і арганізацыі партызанскага руху ў тых абласцях і раёнах Беларусі, дзе падпольных абкомаў і райкомаў яшчэ не было. Памочнік начальніка штаба выклікаў да нас камандзіраў і камісараў атрадаў. Зайшлі Меркуль з Коржам, Далідовіч, Гуляеў, Бандаравец, Шырын, Розаў, Плышэўскі, Пакуш, Жулега. Чыстая палавіна хаты, якую гасцінна адвяла для нас старэнькая, але яшчэ рухавая гаспадыня, амаль уся напоўнілася людзьмі. Прыемна і радасна было глядзець на іх. Усе бадзёрыя, падцягнутыя, валявыя. Амаль кожны меў ужо добрую верхнюю вопратку: бекешу на мяху або кажух, цёплы шынель. На плячах парыпвалі вайсковыя рамяні, на поясе віселі пісталеты і гранаты. Камандзір як камандзір. Яму даручан лёс многіх людзей, ён нясе вялікую адказнасць, яго слухаюць, бяруць з яго прыклад. Таму і знешне ён павінен выглядаць як мае быць. Мы спецыяльна займаліся гэтай справай, рыхтуючыся ў рэйд. Партызаны ў нас таксама былі апрануты цёпла і добра.
Гаспадыня абвяла нас дапытлівым позіркам, нічога не сказаўшы, паспешліва зняла з крука драўлянае вядро і выбегла з хаты. Праз хвіліну яна вярнулася, зноў павесіла вядро (ужо з вадою) на той жа самы крук у мыцельніку, абцерла фартухом азяблыя рукі, падышла бліжэй.
— Я вось гляджу, гляджу,— ласкава схіліўшы на бок галаву, загаварыла яна,— гляджу ды вачам сваім не веру. I ў хаце і на вуліцы паўнютка людзей... Гаворка наша, дух, чую, наш... I вопратка на ўсіх, і гэтак жа коні, сані, амуніцыя — усё наша... Няўжо гэта вы прыйшлі ўжо, саколікі мае, вярнуліся да нас?
— Не, бабуля,— адказваю я гаспадыні,— мы тут і былі, мы партызаны.
—Партызаны? — са шчырай радасцю перапытала бабулька.— Партызаны... Вось якія вы!.. I многа ж як, ой, многа... На фашыста ідзяце?
— Так, на фашыста.
— Ведаю, хлопчыкі, ведаю... Гэта вы яго знянацку, праўда? Спіць, ліха на яго, сны бачыць, а вы яго па патыліцы, а калі каторы не спіць, дык таго па бельмах, каб яны яму павылазілі...
— Так, бабуля, прыблізна так.
— То можа вам зварыць чаго цёпленькага?
— Дзякуем, нам ужо трэба ехаць.
— То можа я хоць вады вам хуценька нагрэю,— прасілася старая,— ды запару ліпавым цветам, малінкі сушанай усыплю. Напіцеся на дарогу,— бог дасць, ні кашлю, ні прастуды ніякай не будзе.
Хоць і шкада было крыўдзіць бабулю, але мы вымушаны былі адмовіцца ад гэтага. Трэба было спяшацца. Неабходна было раздзяліць атрады на дзве калоны і пусціць іх паралельна па двух маршрутах. Адна калона павінна была прайсці з поўдня ад саўгаса «Сосны», каля вёскі Кузьмічы, а другая — значна лявей, у напрамку вёскі Гарадзячыцы, з заходам на Ветчын. Маршрут штабной групы і коннага атрада ляжаў паміж калон. Да світання мы павінны былі выйсці к вызначаным пунктам паблізу пасталоўскага гарнізона.
Я ўказаў камандзірам іх маршруты, паўторна растлумачыў абавязкі кожнага атрада ў аперацыі. Усяго адразу не прадбачыш, аднак, добра ведаючы мясцовасць і сілы праціўніка, можна паставіць задачу ў асноўным правільна.
Бабулька ўсё нечага мітусілася там у сябе ў мыцельніку, усё нешта рыхтавала, і, калі мы выйшлі з чыстай палавіны хаты і пачалі развітвацца, яна кінулася не пускаць нас.
— Пабудзьце яшчэ трошачкі, — прасіла яна, — хоць адну хвіліначку, я тут агурочкаў салёных дастала ды капусты квашанай... Дальбог жа, вось і чарачка знайшлася, як на тое шчасце зберагла... Хоць па кроплі вазьміце на дарогу.
Корж шырока ўсміхнуўся, пагладзіў далонню вусы:
— Эх, і здагадлівая ж ты, бабуля! Не выпадае адмаўляцца, ідучы на мароз.
— От жа і я кажу,— падхапіла старая,— хоць па кроплі, хоць па расінцы... Не гневайцеся толькі, што ў мяне кілішак адзін: немцы, трасца на іх, малака шукалі, дык перабілі ўсю пасуду... Дайце хіба я ўжо вам сама паднясу.
Корж зноў лагодна засмяяўся, і бабулька паднесла яму першаму. Васіль Захаравіч узяў кубак, пакланіўся гаспадыні і адным глытком выпіў, чмокнуў ад задаволення. Потым узяў з міскі круглы, нібы мочаны яблык, агурок. Бабулька паднесла Меркулю, а затым кожнаму па чарзе.
— На здароўе вам, дзеткі,— расчулена гаварыла яна нам пры развітанні,— на добрае здароўе, шчаслівейка, дзякуй, што зайшлі. Выбачайце, калі што не так. Можа, назад калі будзеце ехаць, дык не мінайце маёй хаты.
Мароз быў моцны і калючы. Здаецца, і вецер не дзьмуў, а прабірала хутка. Коні памерзлі на прывале і нястрымна рваліся ў дарогу. Мы далі ім волю, бо дарога была не блізкая. Чым раней будзем на месцы, тым лепш,— яшчэ да світання трэба было ўдарыць па ворагу. На ўезджанай дарозе палазы скрыпелі, але мала было такіх дарог, не вельмі хто цяпер ездзіў. Амаль усюды снег ляжаў глыбокі і мяккі— сані ішлі ціха і плаўна.
3 пасталоўскім гарнізонам мы справіліся параўнальна хутка. Кулямётныя гнёзны на падыходах да чыгуначнай станцыі і вартавыя былі знішчаны без адзінага стрэлу. Фашысты не чакалі нападу ў такі ранні час: перадзолкавы, градусаў трыццаць мароз прыціснуў іх, дык распаўзліся, звяругі, па цёплых кутках. Нашы байцы пры дапамозе мясцовых людзей накрылі іх вельмі проста.
Супраціўленые было аказана галоўным чынам з двух месц: з чыгуначнай станцыі і з завода. Станцыю мы ўзялі на світанні, а завод пратрымаўся яшчэ гадзіны тры. Там засела, па сутнасці, большая палавіна гарнізона. 3 каменданцкай управы быў пракапаны падземны ход у корпус завода, і гітлераўцы перабраліся туды. 3 усіх бакоў тут стаялі кулямёты.
Як толькі фашысты адчулі, што гарнізон акружаны і ратунку няма, яны прымусілі машыніста паставіць рухавік на пары і даваць трывожныя гудкі, каб выклікаць на дапамогу суседнія гарнізоны. Сірэна пачала раўці на ўсё наваколле. Толькі гэты спосаб трывогі гітлераўцам і заставаўся, бо тэлефонную і тэлеграфную сувязь мы даўно пашкодзілі.
Але фашыстам не дапамагла гэтая хітрыка: нашы снайперы хутка збілі сірэну, і завод заглух.
Праз некаторы час мы падалі гітлераўцам сігнал здавацца, аднак яны не адказалі нам і яшчэ больш узмацнілі агонь. Тады я загадаў выбіць ворага з завода. Партызаны падпаўзлі да самых сцен будынка і пачалі кідаць гранаты ў вокны і амбразуры. Непадалёку быў склад з гаручым. Каб захаваць завод цэлым і ў той жа час паралізаваць гітлераўцаў, групы байцоў, хаваючыся за будынкі, падпаўзлі бліжэй к складу і закідалі яго бутэлькамі з бензінам. 3 вялікім выбухам шуганула полымя. Страляніна з завода крыху прыціхла, а потым зноў узнялася шквалам. Што ж такое? Аказваецца, гэта гітлераўцы пачалі біць па сваіх. Як потым вьісветлілася, калі пажар пагражаў усяму гарнізону, паміж салдатамі ўзнік разлад: адны стаялі за тое, каб здацца ў палон партызанам, другія выступалі супраць. I пайшла паміж імі калатня.
Да васьмі гадзін раніцы ўся аперацыя была скончана. Нашы партызаны патушылі пажар, выратавалі завод і ўсе іншыя будынкі. У гэтым баі было знішчана больш сотні гітлераўцаў, частка акупантаў і паліцаяў здалася ў палон. Мы ўзялі тут не малую колькасць узбраення, шмат вінтовак, боепрыпасаў і сотні тон нарабаванага хлеба. Усё збожжа раздалі навакольнаму насельніцтву.
Пасля невялікага адпачынку левая калона нашага злучэння ўзяла напрамак на Ленінскі раён, Пінскай вобласці, а правая — на вёскі Старобінскага раёна: Скаўшын, Сухую Мілю, Мілкавічы. Мы з штабной групай і конніцай рушылі ў напрамку вёсак Махнавічы і Доўгае. У Доўгім быў вялікі нямецка-паліцэйскі гарнізон. Стаяла задача — ізаляваць яго ад суседніх гарнізонаў і знішчыць.
Ноччу прыехалі ў вёску Махнавічы, Старобінскага раёна. Тут ужо былі два ўдарныя атрады; Гуляева і Розава. Асноўная сіла левай калоны, якую ўзначальваў Мачульскі, прыпынілася ў Мілевічах, Пінскай вобласці, асобныя групы ў Ананчыцах і Морачы. Неўзабаве прыбыў пасыльны ад Рамана Навумавіча. Ён паведаміў, што ў Мілевічах затрымана група нейкіх вайскавікоў. Усе людзі нетутэйшыя, нікому не вядомыя. Адзін з іх выклікае асаблівую падазронаець, бо трымаецца вельмі ўжо незалежна і нават сцвярджае, што ён наш, савецкі генерал. Ён цяпер і за старшага ў групе.
Я загадаў неадкладна перадаць Мачульскаму, каб ён высветліў, што гэта за людзі, а іх камандзіра накіраваў у штаб злучэння.
Праз нейкі час невядомы нам генерал з\'явіўся. Гэта быў вельмі рухавы чалавек, невысокага росту, хударлявы, з даволі шырокімі вусамі, закручанымі на канцах. На ім была звычайная скураная куртка на мяху, шапка-вушанка, паношаныя армейскія боты. 3 ім прыйшоў яшчэ адзін чалавек у шынялі.
Пачалі размову. Аказалася, што гэта сапраўды наш савецкі генерал, былы камандзір шостай кавалерыйскай дывізіі. Яго часць стаяла пад Беластокам. У першыя дні вайны яна прыняла на сябе страшэнны ўдар ворага. Пасля доўгіх суровых баёў Міхаіл Пятровіч Канстанцінаў (так звалі генерала) быў цяжка паранены і з групай байцоў трапіў у акружэнне. 3 Канстанцінавым застаўся яго ад\'ютант. Гэта ён цяпер і прыйшоў сюды.
Падлячыўшыся, Канстанцінаў са сваімі людзьмі перабраўся ў Мінскую вобласць, спачатку дзейнічаў у вераб\'ёўскіх лясах самастойна, а потым увайшоў у групу Уладзіміра Зайца, сакратара Грэскага падпольнага райкома партыі. Але генералу, мусіць, не спадабалася быць у падначаленні раённага партыйнага работніка. Хутка ён павялічыў сваю групу з ачуняўшых пасля ранення байцоў і адышоў ад Зайца. Падаўся спачатку на Капыльшчыну і ў заходнія вобласці Беларусі, потым павярнуў на Старобін, Жыткавічы, Леніна. Вось тут нашы атрады і спаткалі яго.
Даведаўшыся, што мы ўжо ў сіле і ваюем па-сапраўднаму, Канстанцінаў адразу выказаў жаданне ісці з намі. Яму спадабалася, што ў нас усюды належны парадак, дысцыпліна, усё робіцца дакладна па плану, пад адзіным кіраўніцтвам. Нам жа таксама было зручна мець у сябе такога вопытнага камандзіра.
— Давайце будзем ваяваць разам,— сказаў я Канстанцінаву.
На гэта ён адказаў проста і шчыра:
— Я чалавек вайсковы, генерал, маё месца ў арміі, але паколькі так здарылася са мной, апынуўся ў варожым тыле, буду старацца быць карысным Радзіме і тут. Сваю воінскую прысягу я не парушу!
I сапраўды, генерал Канстанцінаў, як мы потым пераканаліся, заўсёды цвёрда памятаў пра свой воінскі і партыйны абавязак, самааддана змагаўся з лютым ворагам, старанна памагаў Мінскаму злучэнню сваім вопытам і ўменнем кадравага вайсковага спецыяліста.
Праз некаторы час у штаб злучэння даставілі двух паліцаяў з доўгаўскага гарнізона, затрыманых у вёспы Махнавічы. На допыце яны падрабязна расказалі, як размешчан іх гарнізон, дзе начуюць гітлераўцы, паліцаі, у якім месцы стаяць кулямёты. Назвалі і пароль на сённяшнюю ноч.
Я паабяцаў паліцаям, што ім будзе захавана жыццё, калі яны правядуць нашых партызан у гарнізон.
Змітро Гуляеў папрасіў, каб туды дазволілі паехаць яму. 3 пачатку рэйду ён камандаваў у нас асобным атрадам, а камісарам у Далідовіча застаўся Аляксандр Баравік. Гуляеў браўся справіцца з доўгаўскім гарнізонам сваімі сіламі, тым больш што з ім ішлі людзі з атрада Меркуля. Яны добра ведалі вёску Доўгае, кожную хату ў ёй.
I сапраўды не было патрэбы пасылаць туды некалькі атрадаў, калі гарнізон фактычна быў ужо ізаляваны. У дапамогу Гуляеву мы далі яшчэ Пакуша. Гэты чалавек быў прагны да ўзбраення, боепрыпасаў і іншай вайсковай маёмасці. Даведаўшыся, што Гуляеў ідзе на Доўгае і што там можна будзе разжыцца сім-тым карысным для атрада, ён пачаў прасіцца каб і яго паслалі на гэтую аперацыю. I мы сказалі Пакушу:
— Ідзі, што возьмеш з трафеяў, тое ўсё вашаму атраду. —I ён з вялікай ахвотай пайшоў.
Перад выступленнем Гуляеў сабраў партызан, пастроіў іх і ўрачыста паведаміў, што абком і штаб злучэння даручылі атрадам вельмі адказную задачу. Ён загадаў паставіць на сані два станковыя кулямёты і прыкрыць іх сенам. На пярэднія сані, побач з сабою, пасадзіў аднаго паліцая і даў яму вінтоўку без затвора. На другіх санях сядзеў Пакуш, і з ім таксама паліцай. Было ўмоўлена, што пры сустрэчы з вартавымі, паліцаі назавуць пароль і скажуць, што вязуць у гарнізон прадукты.
Атрады ехалі крыху паводдаль.
Паліцаі ўсю дарогу раілі не спяшацца вельмі, каб прыехаць у вёску пазней. Яны запэўнялі камандзіраў, што перад світаннем можна будзе захапіць гарнізон без адзінага стрэлу, бо ў такі час звычайна ўсе спяць. Пад\'ехаўшы да вёскі, Гуляеў загадаў атрадам быць напагатове і чакаць сігналу, а сам з Пакушам і групай байцоў, схаваных у сене, паехаў проста да казармы. Палонныя паліцаі рады былі дагадзіць: яны не толькі правялі Гуляева і Пакуша паўз вартавога, а нават паказалі ім дзверы ў казарму. Гуляеў паглядзеў на бакі. Усё ішло як належыць, можна было браць усіх соннымі. Ён аступіў некалькі крокаў убок і даў сігнал — белую ракету. У момант былі захоплены камендатура і казарма. Налёт быў такі раптоўны і імклівы, што фашысты нават вінтовак не паспелі ўхапіць. Яны так і засталіся ў пірамідзе, вычышчаныя, змазаныя. Пакуш пасмейваўся, задаволена паціраў рукі: «От знаходка дык знаходка, усім цяпер вінтовак хопіць, яшчэ і ў запасе застанецца». Ён тут жа выстраіў сваіх людзей, даў па вінтоўцы тым, у каго былі толькі пісталеты і гранаты. А астатнія вінтоўкі абгарнуў звычайнай сялянскай пасцілкай і паклаў на сані: «Няхай будуць у рэзерве».
Антон Пятровіч так захапіўся трафеямі, што хацеў забраць не толькі ўвесь запас боепрыпасаў, а нават і піраміду, дзе стаялі вінтоўкі. Па яго знаку хлопцы ўжо былі вывалаклі яе на двор, але тут умяшаўся Гуляеў і адгаварыў Пакуша:
—Ты ж не ў мірны час жывеш,— сказаў ён,— і не ў летні лагер збіраешся. Калі спатрэбіцца такая рэч, дык сам зробіш.
У Старобінскім і Ленінскім раёнах мы прастаялі некалькі сутак. Частка партызан у вольныя гадзіны абагравалася, адпачывала. Многія, пераважна камуністы, камсамольцы і беспартыйны актыў, выехалі ў бліжэйшыя вёскі з дакладамі аб становішчы на франтах і задачах партызан і насельніцтва ў барацьбе з акупантамі.
Так мы рабілі заўсёды. Прыпыніўшыся ў тым ці іншым пункце, перш-наперш стараліся сабраць мясцовае насельніцтва, паведаміць пра апошнія весткі з фронту, наладзіць масавае слуханне радыёперадач з Масквы. Гэта заўсёды так натхняла і так падбадзёрвала прысутных, што людзі не ведалі, як аддзякаваць нам, як выказаць сваю бязмежную радасць.
Помню, прыйшлі мы аднойчы ў вёску Абідземля, Старобінскага раёна. Акупантаў у гэты час там не было, а паліцаі, як гэта амаль заўсёды бывала, пахаваліся пры нашым з\'яўленні. Калгаснікі сустрэлі нас са шчырай радасцю, з сардэчным хваляваннем. Усе, ад старога да малога, высыпалі на вуліцу. Сярод прыбыўшых партызан была частка старобінцаў. Жыхары вёскі іх пазналі. Пачаліся радасныя, шчырыя абдымкі, вітанні. Розным запытанням і пажаданням не было канца: «Што новага на франтах, як наша Масква? Ці можна паслаць пісьмо ў Маскву?»
Мы стараліся падрабязна адказваць кожнаму, але, зразумеўшы, што гэта амаль немагчыма, што такім чынам не задаволіш патрабаванні людзей, папрасілі калгаснікаў сабрацца ўсім разам куды-небудзь у адно месца і там паслухаць даклад.
У вёсцы быў даволі прасторны клуб. За некалькі хвілін людзей сабралася столькі, што памяшканне не магло ўсіх змясціць. Калгаснікі запоўнілі ўсе куткі клуба, стаялі ў дзвярах, нават пад вокнамі.
3 дакладам выступіў Іван Дзянісавіч Варвашэня. Ён падрабязна расказаў пра становішча на франтах, пра гераічную барацьбу войск Чырвонай Арміі, пра метады барацьбы народных мсціўцаў у тыле ворага. Пытанняў было столькі, што аднаму Варвашэню цяжка было на ўсё адказаць. Прыйшлося нам дапамагаць Івану Дзянісавічу.
Калгаснікі былі надзвычай здаволены тым, што партызаны пра ўсё ведаюць. Гэта яшчэ вышэй узняло наш аўтарытэт, але людзям хацелася пачуць, як гэта партызаны пра ўсё даведваюцца, адкуль у іх такія свежыя і хвалюючыя весткі? Давялося сказаць, што ў нас ёсць радыёпрыёмнікі. Ну тут і пайшло!.. Пасыпаліся просьбы, пажаданні... Некаторыя пачалі нават намагаць на тое, каб зараз жа тут было ўстаноўлена радыё, каб партызаны ўключылі Маскву або хоць які-небудзь горад ля Масквы. Радыёпрыёмнік быў у нас з сабою, Сакевіч хутка ўстанавіў яго. I калі ў памяшканні пачуліся знаёмыя і блізкія людзям словы з роднай сталіцы, усе стаілі дыханне, і ў многіх заблішчалі на вачах слёзы.
У той дзень мы позна развіталіся з абідземлянскімі калгаснікамі. Праслухаўшы зводку, людзі прасілі не выключаць радыёпрыёмніка, каб слухаць яшчэ і яшчэ. Увесь час акупацыі людзі насілі ў сваіх сэрцах цяжкую трывогу за лёс Масквы, Ленінграда. Цяпер выпала шчасце сваімі вушамі паслухаць голас любімай сталіцы, дык хіба можна абмяжоўвацца адной зводкай? Радыёслухачоў цікавіла вельмі многае...
Калі мы закрылі сход і збіраліся ісці на месца стаянкі, да нас адзін за адным пачалі падыходзіць пажылыя мужчыны, моладзь, жанчыны. Яны распытвалі ў нас, як можна далучыцца да партызан, прасілі залічыць іх у атрады. Найбольш надзейным калгаснікам мы далі адрасы нашых сувязных.
Такія сходы ў часе рэйду праводзіліся ў многіх вёсках.
У час гэтага ж перапынку сакратар Старобінскага падпольнага райкома партыі Меркуль склікаў пасяджэнне бюро. Тут былі абмеркаваны чарговыя задачы па разгортванню партызанскага руху і палітыка-выхаваўчай работы сярод насельніцтва. Быў таксама складзены план работы райкома на першы квартал новага года, Бельскі, Варвашэня, Бондар, Ляшчэня, Сакевіч пабывалі ў Ленінскім і Ганцавіцкім раёнах. Яны звязаліся там з мясцовымі камуністамі, камсамольцамі і беспартыйным актывам, дапамаглі ім стварыць дзейснае партыйнае падполле. Вялікую дапамогу аказаў ім Васіль Захаравіч Корж, які асабіста ведаў тут многіх партыйных і савецкіх работнікаў, падтрымліваў кантакт з імі з першых дзён вайны.
Раніцай наступнага дня наша левая калона пайшла на Ганцавіцкі раён, Пінскай вобласці, мы — на Чырвоную Слабаду, а правая калона рушыла паміж Чырвонай Слабадой і Слуцкам. Была страшэнная завіруха, дарогі замяло. Людзі сталі абмярзаць, хоць ва ўсіх вопратка і абутак былі даволі добрыя. Каб не прычыніць шкоды людзям і не вывесці са строю транспарт, я загадаў зрабіць невялікі прывал. Месца для штабной групы было вельмі нязручнае — за тры-чатыры кіламетры ад нас знаходзіўся вялікі гітлераўскі гарнізон, але другога выйсця не было. Прастаялі тут больш шасці гадзін. Коні адпачылі, людзі абагрэліся, завіруха сціхла.
Позняй ноччу мы выехалі ў Вялічкавічы. Тут у нас таксама быў намечаны прывал. Левая калона размясцілася ў раёне Ганцавіч, а правая — непадалёку ад саўгаса «Плянты», Старобінскага раёна.
У многіх з гэтых вёсак, праз якія мы праязджалі, былі нямецка-паліцэйскія пункты, аднак яны ні разу не адважыліся перашкодзіць нам чым-небудзь. Нямецка-паліцэйскія гарнізоны баяліся нас як агню, разбягаліся і хаваліся хто дзе мог. Праўда, было нямала і правакацый і розных хітрыкаў ворага. Быў такі выпадак. Прыехаўшы ў вёску Вялічкавічы, мы выбралі адну хату з дзвюма палавінамі, думалі, што яна для штаба будзе добрая. Звычайна ўсюды нас вельмі любоўна сустракала насельніцтва. I на гэты раз усе ў вёсцы спаткалі нас добра, толькі вось нешта гаспадар той хаты, якую мы аблюбавалі пад штаб, чамусьці вельмі доўга не падае голасу. Ужо каля паўгадзіны ходзім па дварэ, а нікога не чуваць і не відаць. Пачалі стукаць у акно, у дзверы — ніхто не адчыняе і агню не запальвае. Гэта нас насцеражыла. Потым чуем, што ў хаце нехта стогне. Я зараз жа паслаў Бондара высветліць у суседа, ці ёсць у гэтай хаце хворыя? Суседзі сказалі, што ў гэтым доме ніхто да ўчарашняга дня не хварэў. Тады мы яшчэ мацней пачалі стукаць. Нарэшце нам адчынілі. Калі мы ўвайшлі ў хату, дык у першай палавіне нікога не знайшлі, а ў другой на адным з ложкаў ляжала і моцна стагнала жанчына, двое дзяцей-падлеткаў сядзела на печы. Спачатку мы падумалі, што зрабілі не зусім добра,— не трэба было трывожыць хворую. Аднак гэта былі проста варожыя хітрыкі. Праз нейкі час жанчына супакоілася. Мы яе спыталі:
— А дзе твой гаспадар?
Яна застагнала яшчэ мацней і адказала:
— Паехаў у Старобін па доктара, хутка павінен вярнуцца.
Мы, перамёрзшы і стаміўшыся ад вялікага пераезду, неўзабаве задрамалі, а потым і паснулі. У гэты час, як потым стала вядома, з-пад ложка вылез муж гэтай «хворай» і, падняўшы дошкі столі ў другой палавіне хаты, вылез на вышкі. Ні мы, ні нашы вартавыя, што стаялі на дварэ, нічога не чулі. Потым ён прабраўся з вышак на сенавал і зарыўся там у сена. Удзень мы даведаліся, што гаспадар хаты — здраднік Радзімы, ён расстраляў некалькі мясцовых актывістаў і выдаў гестапаўцам некалькі чырвонаармейцаў, якія праходзілі праз вёску ў першыя дні вайны. Цяпер ён служыў тайным агентам у фашыстаў і адначасова — загадчыкам нарыхтоўчага пункта сена для вайсковых часцей гітлераўцаў. Мы пачалі дапытвацца ў людзей, дзе яго можна знайсці. Нам падказалі, што ўвечары бачылі яго дома, а ўдзень ён прымаў сена для фашысцкіх войск і аднаго калгасніка з вёскі Капацэвічы збіў кіем за тое, што той прывёз сена нібыта невысокай якасці. Калі ён у час прыезду партызан у вёску не паспеў уцячы, дык яго трэба шукаць тут. А ў нас была такая практыка: пад\'ехаўшы да вёскі, мы акружалі яе і нікога не выпускалі і не ўпускалі. Цяпер мы праверылі ўсё і ўпэўніліся, што ні адзін чалавек з вёскі не выйшаў. Пачалі шукаць здрадніка — не знайшлі, бо ніхто не бачыў, дзе ён схаваўся. А потым, калі мы аб\'явілі насельніцтву, каб разбіралі сена, дык самі ж калгаснікі знайшлі там гэтую пачвару і прывялі да нас. Тады яго жонка прызналася, што яна зусім не была хворая, а прыкідвалася для таго, каб выратаваць здрадніка. Але хітрыкі гэтыя не ўдаліся, не ўдаваліся яны ворагу і пазней. Сумленныя людзі, сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы заўсёды дапамагалі нам, заўсёды пільна сачылі за ўсякімі вылазкамі і прошукамі ворага.
Па ўсіх раёнах і абласцях разышліся чуткі, што велізарнае злучэнне Чырвонай Арміі перайшло лінію фронту, прасоўваецца па тылах ворага і бязлітасна знішчае фашыстаў і іх прыслужнікаў. Людзі ахвотна сёе-тое дадавалі да гэтых чутак, і выходзіла, што ў нас нібы ўжо ёсць свая лёгкая і цяжкая артылерыя, нават свае танкі. У час, калі мы ажыццяўлялі свой рэйд, савецкія самалёты вельмі часта і па многу праляталі над гэтымі раёнамі, накіроўваючыся на захад. Таму былі выпадкі, калі месцамі людзі гаварылі, што нават і ў партызан ёсць свае самалёты. Пазней расказвалі нам, што калі ў вёску Доўгае прыехалі гітлераўцы і спрабавалі даведацца пра велічыню і сілу той арміі, якая тут праходзіла, дык калгаснікі нагаварылі ім такога, ад чаго ў захопнікаў аж валасы дыбам сталі.
— Незлічоная сіла іх тут,— сцвярджаў адзін стары, у мінулым калгасны вартаўнік.— От як ішлі, дык, мабыць, вёрст на пяць дарога была занята. Пярэднія ўжо тут, а заднія далёка-далёка, недзе аж за самымі Махнавічамі. Я ў той дзень якраз з лесу ішоў. Як саступіў ім з дарогі, дык, мусіць, гадзіны дзве стаяў у снезе. Добра, што тут непадалёку стаяла хата нашага лесніка Рыгора, дык я пайшоў да яго і там сядзеў з гадзіну, а яны ўсё ехалі ды ехалі. Ды гэта яны яшчэ не ўсе. Там недзе ў бок Пінска, ходзяць чуткі, яшчэ больш пайшло. Кажуць, ідуць на Баранавічы, і быццам бы маюць мэту — вызваліць Мінск.
— А якая ў іх зброя? — пытаўся немец-перакладчык.
— Усякая там, усякая,— ківаючы галавой, гаварыў стары.— I нейкія вельмі ж доўгія стрэльбы, і карацейшыя са скавародамі, і кулямёты, і гарматы ззаду везлі.
На самай жа справе ў Доўгім можа і сотні нашых партызан не было. I ўзбраенне яны мелі зусім звычайнае, як і ўсе атрады. Крыху пазней мы ўзброіліся і гарматамі і супрацьтанкавымі стрэльбамі, а ў першыя дні партызанскага рэйду ў нас іх яшчэ не было.
Наш прывал у Вялічкавічах крыху зацягнуўся. Дарога была да таго цяжкая, што коні зусім стаміліся. I яшчэ адна акалічнасць затрымала нас. На чарзе ў нас былі гестапаўцы, якія размясціліся ў Чырвонай Слабадзе. Чырвонаслабодскія партызаны чакалі нас, толькі яны не маглі дакладна ведаць, калі мы прыйдзем. Да сённяшняга дня цяжка было сказаць пра гэта. Цяпер нам заставаўся толькі адзін пераход, і можна было ўжо звязацца з чырвонаслабодцамі непасрэдна. Мы накіравалі да іх спецыяльную групу з задачай падрыхтавацца да сумесных з намі аперацый. Пабываць у Чырвонай Слабадзе было вельмі неабходна. Не так даўно ў цяжкіх баях з акупантамі загінуў кіраўнік чырвонаслабодскіх партызан, сакратар падпольнага райкома партыі Максім Іванавіч Жукоўскі.
Выбыла са строю і частка байцоў. Вельмі важна было падтрымаць чырвонаслабодскіх партызан у найбольш цяжкі і складаны перыяд іх дзейнасці, дапамагчы ім выстаяць, пераадолець цяжкасці, узмацніць сілы і з яшчэ большай актыўнасцю весці барацьбу супраць акупантаў.
На другі дзень гітлераўцы праведалі, што нашы пярэднія атрады стаяць у Капацэвічах і Вялічкавічах, і, абышоўшы нас з поўдня, пачалі абстрэльваць вёску Вялічкавічы з гарматы і мінамётаў. Адна крайняя хата, якая знаходзілася воддаль вёскі, загарэлася, але пажару мы не дапусцілі. На жаль, у нас яшчэ не было чым адказваць на артылерыйскі агонь, а з кулямётаў не дастанеш, далёка. А ўсё ж такі неяк трэба было пужануць акупантаў.
I тут я ўспомніў пра групу генерала Канстанцінава. Зручны выпадак для дасканалай праверкі новых людзей. Выклікаўшы Міхаіла Пятровіча да сябе, я загадаў яму з групай зайсці гітлераўцам з тылу і выбіць іх з суседняга саўгаса, дзе яны заселі. Ён папрасіў дазволу ўзяць у дадатак некалькі верхавых коней, паспешна казырнуў і выбег з хаты. Сам Канстанцінаў найлепшы кавалерыст, таму ён і папрасіў коннікаў. Відаць было, што тут ён майстар сваёй справы.
Не прайшло і трох гадзін, як гітлераўцы змоўклі. Генерал Канстанцінаў бліскуча выканаў сваю задачу. Добрая палова гітлераўцаў была перабіта. Заход у тыл быў неспадзяваны для фашыстаў. Многія з іх, уцякаючы, пакідалі ўзбраенне, і Канстанцінаў вярнуўся з багатымі трафеямі. Мы папоўніліся цяжкім узбраеннем: некалькімі мінамётамі і гарматай.
I яшчэ не раз генерал Канстанцінаў праяўляў сябе ў смелых вынаходлівых налётах, не раз выконваў самыя адказныя і складаныя задачы. Мы ўпэўніліся, што гэта сапраўды вопытны і адважны камандзір, добрасумленны чалавек. Спачатку я прызначыў яго намеснікам начальніка штаба злучэння, а крыху пазней мы ўвялі яго ў састаў падпольнага абкома КП(б)Б.
Назаўтра ноччу мы падышлі да Чырвонай Слабады. Тутэйшыя партызаны былі ўжо напагатове. Чырвонаслабодскі гарнізон разбегся, як толькі мы наблізіліся да яго. Супраціўленне было зусім нязначнае. I гітлераўцы і паліцаі ўцяклі ў такой паніцы, што пакінулі амаль усю сваю вайсковую маёмасць. Нашы атрады падабралі ўсё, і пасля таго як чырвонаслабодцам была аказана належная дапамога ўзбраеннем, боепрыпасамі і ўсім неабходным, я аддаў загад рушыць далей. Нарэшце надышоў час па-сапраўднаму заняцца старобінскім гарнізонам. Меркуль біў яго не раз, але гарнізон папаўняўся, умацоўваўся, немцы не выпускалі раённы цэнтр са сваіх рук. Цяпер, ізаляваўшы гэты гарнізон ад суседніх, можна было поўнасцю знішчыць яго. Мы прыпыніліся ў раёне вёскі Крывічы, каб удакладніць план аперацыі, расставіць адпаведна сілы. Раптам атрымліваем данясенне ад перадавых дазорных груп, што акупанты ноччу збеглі са Старобіна і падаліся на Слуцк яшчэ тады, калі партызаны былі за некалькі кіламетраў ад Старобіна. Шкада, што мы пазнавата даведаліся пра гэта, можна было б пераняць іх на дарозе.
Рашылі павярнуць на Капыль. Тут важна было сустрэцца з сакратаром Капыльскага падпольнага райкома партыі таварышам Жыжыкам і яго людзьмі, устанавіць больш шчыльную і непасрэдную сувязь з капыльскімі партызанамі.
Аб іх справах абком добра ведаў. У капыльскіх лясах не адзін раз бываў Іван Дзянісавіч Варвашэня, часта наведвалася сюды Аляксандра Ігнацьеўна Сцяпанава. Як член Мінскага падпольнага абкома, яна займалася не толькі Слуцкім раёнам, куды была накіравана, а і суседнімі. Жыжык пры сталай дапамозе Варвашэні і Сцяпанавай стварыў у раёне шырокае партыйнае падполле, арганізаваў людзей на бязлітасную барацьбу з ворагам. У яго было ўжо некалькі партызанскіх атрадаў. Вызначаўся тут атрад Івана Мікалаевіча Тараховіча, па клічцы Дунаева. Пра гэтага чалавека ішла ўжо слава сярод насельніцтва і партызан Случчыны. Гэта вельмі адважны і энергічны камандзір, баявыя справы якога папулярызаваліся ў партызанскіх атрадах злучэння. Мяне асабіста вельмі цікавіў Дунаеў, бо Іван Дзянісавіч Варвашэня ў сваіх дакладных запісках заўсёды хваліў яго.
Жыжык спаткаў нас у старыцкім лесе. Мы ўбачылі тонкага, нізкага росту, хударлявага чалавека гадоў пад сорак, з дабрадушным тварам і светлымі валасамі. Гэта быў на першы погляд непрыкметны чалавек. Між тым Жыжык валодаў цвёрдай воляй, быў надзвычай смелы і вынослівы, умеў жыць з людзьмі і карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод партызан і насельніцтва.
Пад магутным, звешаным да зямлі голлем стагодняга дуба тулілася зямлянка штаба атрада. Зусім маленькая наверсе, яна аказалася даволі прасторнай усярэдзіне: мы ўсім нашым штабам досыць зручна размясціліся ў ёй. 3 маленькіх круглых акон светлымі конусамі падала на падлогу святло. Гаспадар зямлянкі ўсеўся якраз пад гэтым конусам, ссунуў з ілба вушанку, і яго бялявыя валасы заблішчалі неяк пераліўчата і мігатліва. Ён пачаў расказваць нам пра свае справы, пра сваіх людзей і што далей, то ўсё больш і больш захапляўся гаворкай, уваходзіў у густ, і калі справа ішла аб людзях, дык гаварыў пра іх так шчыра і з такой павагай, што, яшчэ не бачачы таго ці другога чалавека, хацелася стаць яго прыяцелем.
— Вось да нас нядаўна прыйшоў яшчэ адзін,— штурхнуўшы шапку вышэй на цемя, гаварыў ён.— Баец Чырвонай Арміі, з трыма ранамі. Ачуняў тут у вёсцы, стаў на ногі... Нашы хлопцы даўно ведалі пра яго, чакалі... I вось акрыяў хлопец, паехалі нашы да яго. Прыехалі і кажуць: «Збірайся, пойдзеш з намі!» А самі ў паліцэйскай форме, некаторыя ў нямецкай. Забралі хлопца, вывелі за вёску і за горла: «Будзеш служыць нам, гэта значыць фашыстам,— усё тваё, а не будзеш, капай сабе яму.
— Не буду я вам служыць! — цвёрда адказаў баец. Пайшлі далей. Завялі чалавека ў лес, яшчэ раз прыгразілі: «Будзеш ці не?»
— Вырадкі! — крыкнуў баец.— Не на такога натрапілі. Рабіце, што хочаце, не буду служыць фашыстам!
Тады адзін з «паліцаяў» не вытрымаў, засмяяўся: «Малайчына, Ражкоў, так і трэба. Цяпер пойдзем да нас, у атрадзе такіх любяць».
Дасталося потым хлопцам ад мяне за такую прадзелку.
Ваяка смелы і чалавек найлепшы гэты Ражкоў. Ужо не раз паказваў сябе ў баях. А на тых хлопцаў і цяпер крыўдзіцца, не можа дараваць ім, што выбралі такі зняважлівы для яго метад праверкі.
Жыжык павярнуўся да дзвярэй, нібы жадаючы некага сустрэць, акінуў позіркам зямлянку і, мусіць, успомніўшы, што перад ім нетутэйшыя людзі, яшчэ больш ажывіўся, пачаў расказваць пра сваіх камандзіраў.
— Ужо ёсць з кім ваяваць,— не без гонару прадаўжаў ён.— Выйшаў з групай Яроменка, так жа сама Ізюмскі, Межнавец, Шастапалаў. 3 першага дня акупацыі яны кіравалі ў нас падполлем у сельсаветах, а цяпер камандуюць атрадамі. Дунаеў ужо даўно ў лесе, зараз павінен з\'явіцца сюды.
Іван Мікалаевіч Дунаеў прыйшоў да нас каля поўначы.
— 3 атрадам? — спытаў Жыжык.
— 3 атрадам.
Мы ўжо канчалі распрацоўку плана аперацыі па разгрому капыльскіх гарнізонаў. Найбольш моцныя меркавалася знішчыць аб\'яднанымі сіламі, а з астатнімі капыльцы і самі справяцца. Дунаеў запярэчыў, а потым пачаў нават спрачацца, горача і заўзята. Ён настойваў на тым, каб прайсці рэйдам па ўсяму Капыльскаму раёну і сцерці з зямлі ўсе фашысцкія гарнізоны і паліцэйскія пункты ў вёсках. Шчыра кажучы, мне спадабалася гэтая настойлівасць. Малады хлопец з мяккім юнацкім тварам. Яму б, здавалася, толькі сядзець ціха ды слухаць, што гавораць старэйшыя, а ён гатовы хоць усю ноч спрачацца, каб толькі дамагчыся свайго.
У Капыльскім раёне мы доўга не затрымліваліся. Жыжыку даволі цяжка было справіцца з нямецкімі гарнізонамі ў Капылі і на станцыі Цімкавічы. Тут мы дапамаглі яму, а астатнія паліцэйскія пункты і дробныя гарнізоны самі разбегліся, пачуўшы аб нашым наступленні.
Праз некалькі дзён пайшлі ў Баранавіцкую вобласць. Пайшоў з намі і Дунаеў.
Перад партызанамі была пастаўлена задача — быць не толькі воінамі, а і нястомнымі прапагандыстамі і агітатарамі. Я не памятаю выпадку, каб усюды, і асабліва ў заходніх абласцях Беларусі, спыняючыся ў вёсцы, мы не правялі сходу сялян і не расказалі ім пра становішча на фронце, аб тым, як Чырвоная Армія знішчае і гоніць фашыстаў. А калі разбівалі нямецка-паліцэйскі пункт ці гарнізон, запрашалі жыхароў на тое месца, дзе раскашаліся здраднікі, і паказвалі ўсім, колькі гэтыя вырадкі нарабавалі ў людзей усякага дабра, чым займаліся гэтыя ахоўнікі фашысцкага «новага парадку».
На працягу ўсяго рэйду мы вазілі з сабою партатыўную паходную друкарню. Было таксама ў нас некалькі пішучых машынак. На кожным прывале мы пускалі ў ход усе нашы друкарскія сродкі — выпускалі лістоўкі, адозвы абкома да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро і розныя іншыя матэрыялы. Усё надрукаванае намі дзесяткамі соцень экземпляраў разыходзілася па вёсках і гарадах, заклікала, уздымала людзей на барацьбу. Нашы лістоўкі былі амаль у кожнай вёсцы тых раёнаў, дзе мы праходзілі. Адна з такіх лістовак, выпушчаных падпольным абкомам у гэты перыяд, заклікала:
«Пад сцягам вялікага Леніна наперад, да поўнага знішчэння фашызму!
Дарагія таварышы!
Чырвоная Армія, ведучы наступальныя баі з праціўнікам, усё далей і далей ідзе наперад. Фашысты адступаюць на захад, несучы вялікія страты ў жывой сіле і ваеннай тэхніцы.
Толькі адна часць (Заходні фронт) пад камандаваннем генерала Яроменкі вызваліла шэсць буйных гарадоў, больш 2 500 населеных пунктаў і прайшла наперад на 260 кіламетраў.
У цяперашні час войскі таварыша Яроменкі вядуць баі за гарады В. і С.
За 12 дзён сакавіка нашы войскі вызвалілі 385 населеных пунктаў, гітлераўцамі пакінута на полі бою 49 900 трупаў. Захоплена ў палон 6 263 салдаты і афіцэры. Нямецкія войскі за гэты час страцілі 863 самалёты і 220 гармат, 1 512 кулямётаў, 14 600 вінтовак, 216 танкаў, 5 105 аўтамашын і многа ваеннай маёмасці.
На Заходнім фронце за перыяд з 23 сакавіка па 4 красавіка часцямі Чырвонай Арміі знішчана да 40 000 салдат і афіцэраў; вызвалены 161 населены пункт і захоплены вялікія трафеі.
Праціўнік нясе вялікія страты і ў авіяцыі. Толькі за 4 і 5 красавіка ў паветраных баях і на аэрадромах знішчаны 221 варожы самалёт.
Фашысцкія войскі, адступаючы пад націскам Чыр вонай Арміі на захад, яшчэ больш жорстка распраўляюцца з мірным насельніцтвам. У раёнах Беларусі гітлераўскія каты расстрэльваюць мірнае насельніцтва, спальваюць сёлы і вёскі, кідаюць у агонь жанчын, дзяцей і грабяць асабістую маёмасць працоўных.
Усюды чутны плач, стогны і крыкі жанчын, старых і дзяцей, якіх катуюць фашысцкія забойцы.
Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супраць нямецкага фашызму.
Таварышы! Набліжаецца час вызвалення беларускай зямлі ад фашысцкай нечысці. Набліжаецца час, калі беларускі народ зноў зажыве шчасліва і радасна.
Адпомсцім жа гітлераўскім бандытам за пралітую кроў нашых бацькоў, матак, братоў і сясцёр. Не выпусцім ніводнага жывога фашыста з нашай зямлі, залітай крывёю нашага народа!
Няхай беларуская зямля стане магілай для нямецкіх захопнікаў! Усе, як адзін, на барацьбу з ворагам! Арганізоўвайцеся ў партызанскія атрады!
Знішчайце масты, чыгуначнае палатно, шляхі адыходу праціўніка. Не давайце коней, павозак, мяса і хлеба фашыстам. Няхай гэтая брудная, вашывая погань, якая прыйшла на нашу зямлю ў якасці акупантаў, здыхае з голаду.
Усімі спосабамі дапамагайце Чырвонай Арміі і партызанам граміць ворага.
Наша справа справядлівая, мы пераможам.
Мінскі абласны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі».
3 боку лістоўкі стаяла: «Прачытай і перадай другому».
У Баранавіцкай вобласці мы знішчылі каля дзесятка нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. Прайшлі праз Нясвіж, Гарадзею, блізка каля Стаўбцоў. Адтуль праз Дзяржынскі і Уздзенскі раёны ўзялі напрамак на Грэск. Тут сумесна з атрадамі Уладзіміра Зайца захапілі былы ваенны гарадок Канюхі з усім нямецкім узбраеннем і маёмасцю, узялі ў палон некалькі дзесяткаў гітлераўцаў і паліцаяў. 3 Канюхоў мы фактычна кантралявалі амаль увесь раён, потым перадалі гэтыя функцыі атрадам Зайца, а самі пайшлі далей. Аўтарытэт Грэскага партызанскага атрада настолькі ўзняўся, што насельніцтва, і асабліва моладзь, пачалі ўступаць у партызанскія атрады цэлымі групамі. Праз некаторы час на Грэшчыне былі арганізаваны дзве партызанскія брыгады.
Недалёка ад Слуцка мы спыніліся, неабходна было вырашыць адну даволі складаную задачу. Некаторыя нашы камандзіры, і асабліва Дунаеў, намагалі на тое, каб ісці на вялікі слуцкі гарнізон, заціснуць яго з чатырох бакоў і знішчыць. «Што мы ходзім усё па дробных гарнізонах? — гаварылі яны.— Сіла ў нас ёсць, трэба браць вялікія гарады».
Я не мог у той час падтрымаць такіх прапаноў, бо гэта было нам яшчэ не пад сілу. У Слуцку знаходзілася многа фашысцкіх рэгулярных войск, тэхнікі — чаго лезці на ражон, калі няма ў гэтым крайняй патрэбы? Абы толькі траціць сілы, губіць сваіх людзей?
Не ў гэтым наша тактыка. На ворага трэба нападаць нечакана, раптоўна, наносіць яму знішчальныя ўдары і адыходзіць у невядомым для яго напрамку. Вось такая была цяпер наша задача. У горад Слуцк мэтазгодна было паслаць дзве-тры групы партызан з пэўным заданнем: пры дапамозе слуцкіх падполыпчыкаў вызваліць з лагера нашых ваеннапалонных, захапіць банк, потым спаліць масты цераз Случ, папсаваць чыгуначную лінію. I гэтым мы больш нашкодзім ворагу, чым атакай у лоб.
Штаб злучэння згадзіўся са мной. У якасці першай меры мы вырашылі паслаць у Слуцк групу смелых і добра знаёмых з горадам байцоў на чале з вопытным, адважным камандзірам. Тут мелася на ўвазе апрача вызвалення нашых ваеннапалонных яшчэ адна справа. У часе рэйду мы пачалі збор сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі. Насельніцтва з вялікім энтузіязмам прыносіла нам свае зберажэнні. Прыносілі хто што мог: грошы, аблігацыі, каштоўныя рэчы. Такім чынам, у нас ужо сабралася некалькі соцень тысяч рублёў, шмат каштоўнасцей, а тут падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. 3 данясенняў нашых сувязных і слуцкіх падпольных груп, у прыватнасці групы Аляксандра Фаміна і Пятра Маглыша, мы добра ведалі пра ўсё, што робіцца ў горадзе. Ведалі таксама і аб тым, што ў Слуцкім банку гітлераўцы хаваюць многа народных сродкаў і розных залатых рэчаў, нарабаваных у насельніцтва. Аб гэтым даносілі нашы людзі, якія працавалі ў банку. Чаму б не захапіць гэтага банка і не забраць сродкі ў фонд абароны? Гэтая ідэя спадабалася ўсім. Я выклікаў Дунаева і сказаў:
— Вось табе задача. Падбяры людзей, вазьмі пабольш случакоў, складзі план аперацыі.
Часу для складання плана і падрыхтоўкі атрада дадзена было менш сутак. Дунаеў справіўся з першай задачай, план распрацаваў, і абком зацвердзіў яго з невялікімі папраўкамі.
Праз нейкі час Іван Мікалаевіч з найлепшым поспехам выканаў заданне і поўнасцю апраўдаў давер\'е абкома. Ноччу, у страшэнную завіруху, ён з групай партызан пры дапамозе мясцовых людзей прабраўся ў горад, акружыў лагер ваеннапалонных, паздымаў вартавых, выпусціў усіх нашых байцоў, потым падышоў к будынку раённага банка. Тут яго чакалі слуцкія падпольшчыкі на чале з Пятром Маглышам. Без шуму былі зняты вартавыя. Адкрыць сейфы дапамаглі работнікі банка, з якімі ўжо некалькі месяцаў таму назад у нас была ўстаноўлена сувязь.
Выйшлі партызаны з горада без страт. Толькі адзін баец быў лёгка паранены ў нагу, але, на хаду перавязаўшы рану, сам дайшоў да месца.
Золата і серабра ў банку аказалася нямала. Тут былі залатыя і сярэбраныя рэчы бытавога ўжытку. Адразу відаць было, што ўсё гэта нарабавана ў нашых людзей, захоплена ў нашых гаспадарчых і фінансавых установах.
Пазней, калі мы пасылалі сабраныя насельніцтвам і партызанамі сродкі ў савецкі тыл для перадачы іх у фонд абароны, дык прыклалі і гэтыя каштоўнасці. Я пісаў тады ў Цэнтральны Камітэт партыі:
«3 першых дзён Айчыннай вайны працоўныя Мінскай вобласці вядуць непрымірымую барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі, якія вераломна напалі на нашу Радзіму.
Нямецкія захопнікі разлічвалі бязлітасным тэрорам запалохаць беларускі народ, прыдушыць яго волю да барацьбы. Але беларускі народ ніколі не скарыцца перад захопнікамі. 3 усё больш нарастаючай сілай вядуць мінскія партызаны бязлітасную вайну супраць нямецкіх прыгнятальнікаў. Мноства партызанскіх атрадаў, сотні груп і дзесяткі тысяч адзіночак народных мсціўцаў удзень і ўночы вядуць барацьбу за вызваленне сваёй Радзімы.
У аколіцах Мінска, у Антонаўскім і Камароўскім лясах, на дарогах на захад і ўсход, ва ўсіх раёнах вобласці ўсё часцей і часцей чуюцца выбухі і стрэлы. Гэта дзейнічаюць адважныя беларускія партызаны.
Працоўныя горада Мінска і Мінскай вобласці, партызаны і партызанкі, следуючы высакароднаму пачыну патрыётаў нашай Радзімы, поўныя пякучай нянавісці да ворага і жадаючы як мага хутчэй прагнаць нямецкіх захопнікаў з роднай зямлі, сабралі на будаўніцтва самалётаў грошай і аблігацый на суму 3 075 827 рублёў. Апрача таго сабралі залатых манет царскан чаканкі 2 810 рублёў, золата бытавога - адзін кілаграм, серабра - 10 кілаграмаў. Сабраныя грошы і каштоўнасці дастаўлены цераз лінію фронту у савецкі тыл і здадзены ў Дзяржаўны банк. У зборы сродкаў прынялі актыўны ўдзел рабочыя, работніцы, калгаснікі, калгасніцы і інтэлігенцыя часова акупіраванайя Мінскай вобласці. Збор сродкаў прадаўдаецца.
Просім вас даць распараджэнне аб пабудове на сабраныя намі сродкі самалётаў для Чырвонай Арміі і прысвоіць ім назвы: «Партызан Мінска», «Партьізан Слуцка», «Партызан Барысава».
Партызаны і партызанкі горада Мінска і Мінскай вобласці запэўняюць ЦК ВКП(б), што і надалей яшчэ бязлітаснен і ў большых памерах будуць знішчаць ненавісных гітлераўскіх акупантаў да поўнага іх знішчэння і аказваць усялякую дапамогу нашай доблеснан Чырвонай Арміі.
Сакратар Мінскага абкома КП(6) Беларусі В. К а з л о ў».
I неўзабаве намі была прынята наступная тэлеграма з Масквы, ад таварыша Сталіна:
«Сакратару Мінскага абкома КП(6) Беларусі таварышу Казлову.
Перадайце працоўным горада Мінска і Мінскай вобласці, партызанам і партызанкам, якія сабралі 3 075 827 рублеу грашыма і аблігацыямі, 2 810 рублёў залатымі манетамі, залатыя і сярэбраныя рэчы на будауніцтва самалётаў «Партызан Мінска», «Партызан Слуцка», «Партызан Барысава»,- наша брацкае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі».
Гэтая тэлеграма была невыказна вялікім шчасцем для кожнага мінчаніна, рабочага, служачага, калгасніка, для кожнага партызана і партызанкі. Мы выпусцілі лістоўкі з гэтай тэлеграмай вялікім тыражом. Яны разышліся не толькі па Мінскай вобласці, а і па ўсіх сумежных: Палескай, Пінскай, Баранавіцкай, Маладзечанскай, Магілёўскай. Збор сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі разгарнуўся потым па ўсёй Беларусі, і дзесяткі мільёнаў рублёў унеслі працоўныя рэспублікі на абарону сваёй Радзімы.
У раёне Слуцка мы прабылі з тыдзень. Разбілі некалькі варожых гарнізонаў, разбурылі амаль усе масты цераз Случ, спалілі нафтабазу. Але на наш след напалі буйныя падраздзяленні эсэсаўцаў і пачалі навязваць нам баі. Уступаць з імі ў баі не было сэнсу, тым больш што мясцовасць вакол Слуцка не спрыяла нам. Эсэсаўцы мелі цяжкае ўзбраенне — артылерыю, мінамёты і нават танкі. Нам давялося адысці ў напрамку Старых Дарог. Важным пунктам у нашым, раней намечаным, маршруце былі Асіповічы. Тут вялікі чыгуначны вузел. Мы так меркавалі: не ўдасца разбіць у Асіповічах гарнізон акупантаў і паралізаваць чыгуначны вузел, знішчым тады меншыя станцыі вакол Асіповіч, бо паралізаваць нямецкія камунікацыі ў гэтых месцах так ці інакш вельмі неабходна. Гэта былі артэрыі нямецкага цэнтральнага фронту.
На Асіповічы мы на гэты раз не пайшлі, таму што данясенні нашай разведкі паказвалі, што акупанты рыхтавалі тут нам пастку, падцягнулі вялікія сілы войск. Больш мэтазгодна было ісці скрытымі месцамі, абыходзячы Бабруйск, у напрамку станцыі Цялуша, а затым павярнуць на Парычы, Шацілкі. Давялося пакуль што абмежавацца паасобнымі дыверсіямі і невялікімі аперацыямі. Усё ў свой час. У Асіповіцкім раёне ў нас былі сілы, і шырокія планы выспявалі ў штабе на бліжэйшыя месяцы. Гэты важнейшы чыгуначны вузел, як бліжэйшы к нашаму злучэнню, увесь час не выпадаў з-пад увагі. Тут дзейнічалі даволі моцныя партызанскія атрады пад камандаваннем вельмі здольнага чалавека — выдатнага арганізатара капітана Шашуры і Паланейчыка Міхаіла Сідаравіча, таксама здольнага партызанскага камандзіра. Атрады былі нашага злучэння, але базіраваліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, недалёка ад чыгуначнага вузла. Мы ўсяляк дапамагалі гэтым атрадам. Справа барацьбы патрабавала ўсё нарастаючых удараў па акупантах. На гэты атрад ускладаліся вельмі адказныя задачы.
Пайшлі лясамі, населенымі пунктамі паўз Бабруйск. Непадалёку ад станцыі Цялуша мы ўбачылі такое зверства ворага, ад якога аж кроў у сэрцы закіпела. Да аднаго мосціка на шасейнай дарозе Бабруйск — Жлобін, непадалёку ад станцыі Цялуша, гітлераўцы сагналі чалавек сорак жанчын. Стаяць жанчыны каля мосціка, а салдат з перакладчыкам крокаў за сто ад іх. Абодва з дубінкамі. Жанчыны стаяць тварам да мосціка, палахліва аглядваюцца на гітлераўцаў і жудасна крычаць і плачуць. Мы спачатку думалі, што гэтых людзей выганяюць на катаргу.
— Марш! — крычыць перакладчык і пагражае дубінкай. Жанчыны стаяць.
Тады гітлеравец павольна апускае руку на кабуру, вымае пісталет, гэтак жа павольна настаўляе яго на людзей і раз-пораз страляе. Кулі свішчуць над самымі галовамі. Жанчыны з крыкам падаюць на шасэ.
— Устаць! — крычыць перакладчык. — Марш! Жанчыны з асцярогай ступаюць некалькі крокаў наперад, прыпыняюцца, мацаюць снег нагамі і ідуць далей.
— Назад! — крычыць перакладчык, як толькі жанчыны мінаюць мост.— Назад!
Тыя, што ішлі заднімі, паварочваюцца і ідуць пярэднімі. Праходзяць мост, ступаюць некалькі крокаў па шасэ, тады гітлеравец зноў гоніць іх на мост. I гэтак некалькі разоў. Потым пагналі ўсіх на чыгуначнае палатно.
— Што гэта? — спачатку не маглі мы здагадацца. Потым стала ясна. Нядаўна мясцовыя партызаны падарвалі мінамі некалькі нямецкіх грузавікоў, дык гэта эсэсаўцы выбралі такі метад размініроўкі.
Ну, мы ім тут наддалі страху — гэтым крыважэрам і людаедам. Калі гітлераўцы ляглі касцьмі, мы адпусцілі жанчын дадому. Потым, ужо ноччу, раптоўным налётам занялі станцыю, знішчылі ахову і некалькі соцень метраў палатна. Гэта была цудоўная ноч. Да нас адразу ж далучыліся чыгуначныя рабочыя і служачыя. Яны прыйшлі з ключамі, ламамі, лапатамі. Не прайшло і гадзіны, як сюды сталі прыбываць людзі з бліжэйшых вёсак. I ўсе ўзяліся за работу. Тут і я ўспомніў сваю старую спецыяльнасць чыгуначніка. Ужо многа год яна не служыла мне, а вось цяпер якраз спатрэбілася.
Колькі імклівасці было ў людзей, колькі нястрымнай сілы! Яны з лютасцю разварочвалі рэйкі, нібы гэта былі жывыя жылы самой фашысцкай пачвары. Цяжка нават прадбачыць, што б засталося ад усяго станцыйнага абсталявання, ад стрэлак, помпы і ўсяго іншага, калі б была мажлівасць папрацаваць гэтым людзям хоць бы да світання.
Яшчэ, мусіць, зусім нядаўна гэтыя ж людзі пракладвалі тут дарогу на карысць Радзімы. Цяпер для карысці ж Радзімы яны разбураюць яе. Разбураюць без жалю, без разважанняў. Людзі ўпэўнены, што яны пабудуюць новую дарогу пасля перамогі. I ўжо такую дарогу, якая не будзе ведаць вайны, якая будзе служыць толькі справе міру.
Недалёка ад станцыі была раней вялікая машынна-трактарная майстэрня. Акупанты пераабсталявалі яе і цяпер рамантавалі тут свае танкі. Майстэрня ахоўвалася гестапаўцамі. Нашы атрады акружылі гэтую майстэрню, знішчылі ўсіх гітлераўцаў, якія там былі, спалілі ўсе танкі, адрамантаваныя і неадрамантаваныя, паламалі абсталяванне.
Закончылі мы свой рэйд у красавіку сорак другога года. Прайшлі яшчэ цераз Парычы, Шацілкі, Азарыцкі раён, пабывалі ў Капаткевічах, Петрыкаве і ранняй вясною вярнуліся на свае базы — у Любанскі, Старадарожскі, Слуцкі, Старобінскі і Глускі раёны.
* * *
Першы рэйд па абласцях Беларусі прынёс нам вельмі вялікую карысць. Ён сцэментаваў нашу сувязь з масамі, павялічыў наш уплыў на людзей, амаль падвоіў колькасць нашых байцоў. Мы самі пабывалі ў тых раёнах, з якімі раней падтрымлівалі сувязь толькі праз сувязных ці прадстаўнікоў райкомаў і падпольных партарганізацый, устанавілі непасрэдны кантакт з падпольнымі райкомамі, партарганізацыямі і групамі, у многіх месцах стварылі гэтыя групы.
У выніку рэйду мы фактычна сталі гаспадарамі ў многіх раёнах Мінскай і сумежных абласцей, бо амаль усе вёскі гэтых раёнаў былі ачышчаны ад гітлераўцаў і паліцэйскай погані.
Нашы атрады сталі больш моцнымі і баяздольнымі. У нас павялічылася колькасць цяжкага ўзбраення: гармат, мінамётаў. У паходах і баях загартоўваўся наш баявы калектыў, ён набыў пэўны вопыт, практыку, яшчэ больш памацнеў духам. Многія каман-дзіры і камісары атрадаў праявілі сябе ў гэтым паходзе як людзі, якім смела можна даверыць лёс баявых атрадаў, заваявалі любоў партызан і насельніцтва. Нават Мікалай Мікалаевіч Розаў, які ў пачатку рэйду ўсё яшчэ не мог пазбавіцца сваіх празмерна вольніцкіх замашак і аднаго разу хацеў вярнуцца зноў на Любаншчыну, пад уплывам камуністаў і ўсяго калектыву партызан зразумеў вялікую патрыятычную місію нашага баявога паходу і стаў дзейнічаць як сапраўдны патрыёт, смелы і баявы камандзір.
Партызанскі рух на Міншчыне пасля рэйду набыў сапраўды масавы, усенародны характар. Атрады нашы раслі, усё часцей і часцей паяўляліся новыя. Яшчэ задоўга да нашага звароту на свае базы ў Глускім раёне акрамя Храпко пачаў дзейнічаць атрад Віктара Лівенцава, які прыйшоў з Бабруйска. У Старых Дарогах актыўна змагаўся з ворагам атрад Петрушэні. У Акцябрскім раёне паспяхова разгортваў сваю дзейнасць Макар Бумажкоў, брат Ціхана Бумажкова. Акцябрскі раён стаў суцэльна партызанскім. У раёне Пухавіч ужо даволі актыўна дзейнічалі атрады Філіпскіх, Ціхамірава, у Бягомльскім раёне — Манковіча, Мармулёва.
У Чэрвеньскім раёне к канцу нашага рэйду разгарнуў сваю работу падпольны райком партыі на чале з сакратаром райкома Краўчанкам Кузьмой Кузьмічом. Даволі моцнай і шматлікай была ўжо тут і раённая камсамольская арганізацыя, якую ўзначальваў тады сакратар райкома камсамола Пілатовіч Станіслаў Антонавіч.
К гэтаму часу ў раёне разгарнулі баявую дзейнасць некалькі партызанскіх атрадаў. Сярод іх: «Чырвоны сцяг» — камандзір Кузняцоў Іван Захараніч, «Бальшавік» — камандзір Дзербан Мікалай Лявонцьевіч, імя газеты«Правда» — камандзір Іваненка Пётр Іванавіч і іншыя. Амаль усе гэтыя атрады перараслі потым у партызанскія брыгады.
Партызанскі атрад Пакроўскага за кароткі час вырас амаль у два разы. На ўзбраенні атрада было апрача вінтовак пяць станкавых кулямётаў, семдзесят ручных, шмат аўтаматаў, два батальённыя мінамёты. Партызанскія дыверсійныя групы падрывалі эшалоны з танкамі і жывой сілай ворага, знішчалі гітлераўскія абозы, якія прасоўваліся да лініі фронту. Сотні фашыстаў знайшлі сабе смерць і ў часе налётаў на лясныя базы народных мсціўцаў.
Што дзень, то ўсё страшней рабілася гітлераўскім гарнізонам у Рудзенску і Пухавічах, у Чэрвені і Уздзе. Большая частка тэрыторыі гэтых раёнаў ужо знаходзілася пад кантролем партызан. Грабежніцкія экспедыцыі акупантаў у аддаленыя ад гарнізонаў сельсаветы заканчваліся поўным разгромам эсэсаўскага канвою.
Гітлераўскае камандаванне, устрывожанае масавым разгортваннем партызанскага руху ў Рудзенскім і Пухавіцкім раёнах, накіравала супраць атрада «Беларусь» вялікае падраздзяленне рэгулярных войск. Атрад у гэты час базіраваўся ў лесе, непадалёку ад вёскі Клінок, Чэрвеньскага раёна. Заняўшы навакольныя вёскі — Турэц, Клінок, Іванічы, Волму, Рудню, Хочын, Турын і Лужыцу,— эсэсаўцы шчыльна замкнулі партызан у блакаднае кола. Аднак, нягледзячы на вялікую перавагу сваіх сіл, гітлераўцы адразу ў лес пабаяліся сунуцца і спярша пачалі артылерыйскую падрыхтоўку. Варожая батарэя была ўстаноўлена на ўзгорку, каля могілак вёскі Клінок. Больш як паўдня снарады са злосным шоргатам праляталі над галовамі партызан, якія занялі лінію абароны на ўскраіне лесу, і рваліся ў гушчары, там, дзе, па меркаваннях гітлераўцаў, павінна была знаходзіцца асноўная сіла атрада. Пасля паўдня, палічыўшы, што ад партызан мала што засталося, эсэсаўцы чорным валам пайшлі ў атаку.
— Падпускайце як мага бліжэй! — загадаў Мікалай Пракоф\'евіч.— I добра цэліцца ў гадаў!
Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна палячы па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Некаторыя байцы ўжо нецярпліва і трывожна паглядаюць у бок камандзіра.
— Пачынаць агонь толькі па сігналу! — ужо і сам хвалюючыся, яшчэ раз папярэджвае Мікалай Пракоф\'евіч.
Пяцьсот метраў... трыста... дзвесце. Злосная арда, яшчэ не пачуўшы ніводнага стрэлу з лесу, абнаглела і прэцца на ўвесь рост. Доўгія мышынага колеру шынялі злавесна набліжаюцца да першай партызанскай лініі абароны. Сто метраў...
— Агонь!.— сам страляючы першым у доўгую варожую постаць, крычыць Пакроўскі.
Прыцэльны агонь з блізкай дыстанцыі ў першую ж хвіліну ашаломіў эсэсаўцаў. Потым, дзіка зароўшы, яны рынуліся назад, усцілаючы ўзлессе і паляну трупамі.
Партызаны чакалі, што гітлераўцы зноў пачнуць артылерыйскую страляніну. Але варожая батарэя маўчала ўвесь дзень і ўсю ноч. Фашысцкае камандаванне, відаць, выпрацоўвала нейкі новы план. Партызаны таксама падрыхтаваліся да розных нечаканасцей. Калі настала раніца другога дня, у паветры з\'явіліся бамбардзіроўшчыкі. Пачуўшы яшчэ здалёку захлёбістае выццё юнкерсаў, Мікалай Пракоф\'евіч загадаў падпаліць загадзя складзеныя лаўжы, Чарнакрыжыя сцярвятнікі імчалі проста на лясныя дымы. Прарэзліва загулі бомбы, і вышэй стогадовых сосен і елак пачалі ўзлятаць вогненныя слупы. Ад ранку і да вечара гітлераўцы абвальвалі на дымы кастроў цяжкія фугасныя бомбы. На захадзе сонца, калі сціхла агіднае выццё самалётаў, партызаны, якія да гэтага часу знаходзіліся ў бяспечным месцы, прыйшлі зірнуць туды, дзе раніцою расклалі падманныя кастры. Сотні векавых дрэў былі вывернуты з карэннем, зямля навокал чарнела ад вялізных варонак...
Раніцою трэцяга дня блакады гітлераўцы зноў найшлі ў атаку. Пасля страшэннай бамбёжкі яны, відаць, палічылі, што ў лесе ўжо мала хто застаўся. Партызаны зноў падпусцілі ворага на блізкую адлегласць і пачалі расстрэльваць эсэсаўцаў, як і ў першы дзень.
Тры разы ў гэты дзень кідаліся азвярэлыя фашысты на партызанскую лінію абароны і тры разы адкочваліся, пакідаючы на полі бою сотні забітых і параненых. Кіруючы боем, Мікалай Пракоф\'евіч адначасова сачыў за тым, што рабілася навокал. Разведка даносіла, што з боку Пухавіч і Мінска падыходзяць свежыя варожыя падмацаванні. Каб захаваць атрад для далейшай барацьбы з ворагам, трэба было выходзіць з акружэння.
Калі настала ноч, атрад, намацаўшы слабае месца ў абароне гітлераўцаў, рушыў на прарыў. Жалезная лавіна народных мсціўцаў нечаканым імклівым ударам змяла эсэсаўскія ланцугі, і, пакуль да ворага падышлі падмацаванні, партызаны былі ўжо далёка ад месца блакады.
Трыста восем варожых салдат і афіцэраў ляглі касцьмі ў Кліноцкім баі. Каб утаіць ад мясцовага насельніцтва і партызан свае цяжкія страты, акупанты пахавалі трупы не ў адным месцы, а развезлі на машынах у некалькіх кірунках. Але ўжо на другі дзень камандаванне атрада «Беларусь» дакладна ведала пра колькасць забітых эсэсаўцаў.
Злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці ўяўляла грозную сілу, з якой акупанты вымушаны былі лічыцца. Ужо ў красавіку сорак другога года фашысты адклікалі з фронту даволі моцныя рэгулярныя часці для таго, каб задушыць партызанскі рух на Міншчыне і ў палескіх раёнах. На нас была кінута дывізія эсэсаўцаў. Ёй былі прыдадзены спецыяльныя танкавыя і артылерыйскія падраздзяленні.
Паводле данясенняў разведкі, было ясна, што праціўнік збіраецца нанесці галоўны ўдар па раёнах паўднёвага ўсходу, дзе ў той час знаходзіліся асноўныя сілы мінскіх партызан. Я аддаў загад камандзірам атрадаў выслаць моцныя ўдарныя групы насустрач гітлераўцам. Гэтыя групы павінны былі выйсці ў розных напрамках з мэтай дэмаралізацыі фашысцкіх войск, раз\'яднання іх радоў. Акрамя гэтага, былі замініраваны ўсе падыходы да нашых асноўных пазіцый.
I калі нашы ўдарныя групы пачалі з паяўленнем праціўніка дзейнічаць у яго тылах і захопліваць яго абозы з боепрыпасамі, дык ён часта вымушаны быў паварочваць назад, не выканаўшы сваіх зверскіх планаў.
Партызанскія атрады хутка былі прыведзены ў баявую гатоўнасць, занялі абарону згодна з дакладна распрацаваным планам. Раніцай 14 красавіка над старадарожскімі і любанскімі лясамі з\'явіліся два варожыя разведчыя самалёты. Паляталі з паўгадзіны і зніклі. Усім было зразумела: хутка пачнецца штурм. Не прайшло і гадзіны, як больш дзесятка бамбардзіроўшчыкаў наляцела на нашы базавыя вёскі і лес, дзе размяшчаліся партызаны. Лес аж закалаціўся ад узрываў. 3 правага фланга ў любанскім лесе акапаліся атрады Далідовіча і Гуляева, у цэнтры стаяў Розаў. Атрады Патрына, Сталярова, Меркуля, Пакуша і Плышэўскага былі ў рэзерве. Нашы абарончыя пазіцыі былі выбраны ўмела, добра замаскіраваны, так што амаль усе бомбы рваліся воддаль ад іх. Следам за авіяцыяй праціўнік адкрыў агонь з гармат і мінамётаў. Ён біў па Загаллі, па астравах сярод балота і па бліжэйшым ад Загалля лесе. Потым з трох напрамкаў: з поўдня, з захаду і з поўначы пайшлі на нас танкі, а з імі тры батальёны адборнай пяхоты.
Усім атрадам было загадана не страляць і нічым не выяўляць сябе. У бой уступілі толькі нашы ўдарныя групы. Яны заходзілі праціўніку з фланга або з тылу, наносілі раптоўны ўдар і імкліва адыходзілі на новыя пазіцыі. Гэта ўносіла паніку ў варожыя рады, адрывала пяхоту ад танкаў. А без танка гітлеравец не ваяка.
Многія з нашых атрадаў яшчэ не мелі неабходнага вопыту барацьбы з танкамі, аднак гэта пе пахіснула нашай абароны. Па-першае, з хвіліны на хвіліну мы чакалі, што танкі пачнуць узрывацца на нашых мінах, бо абысці іх нельга — усюды балота, а па-другое, у засадах у нас былі замаскіраваны групы, узброеныя звязкамі гранат і бутэлькамі з гаручым.
Так яно і выйшла: толькі прыбег пасыльны ад Далідовіча з просьбай дазволіць яму выслаць дадатковую групу знішчальнікаў танкаў, як на левым флангу варожай зграі грымнула адразу некалькі выбухаў. Нібы рэха, такія выбухі паўтарыліся на правым флангу і ў цэнтры.
Розаў гатоў быў аж крычаць ад радасці, гэта яго мінёры зрабілі такую загароду фашысцкім танкам.
Эсэсаўскае камандаванне, бачачы, што з іхняй браніраванай тэхнікай тут не пралезці, прыпыніла танкавую атаку і ўзмацніла агонь артылерыі. Пяхоце было загадана наступаць без танкаў: мусіць, была надзея на тое, што партызанская абарона аслаблена, а можа, і зусім знішчана. Рынуліся гітлераўцы ў атаку амаль што на поўны рост. Артылерыя перанесла свой агонь далей. Вось ужо зусім блізка варожыя падраздзяленні, вось ужо яны відаць партызанам з укрыццяў.
—Не страляць! — перадаецца каманда па лініі абароны.
Вось гітлераўцы ўжо за якіх трыста метраў на асобных участках.
— Не страляць! — перадаецца каманда.
I толькі тады, калі акупанты падышлі зусім блізка, метраў на сто пяцьдзесят — дзвесце, партызаны адкрылі шквальны агонь. Далідовіч так ударыў па левым флангу, што добры трацяк эсэсаўскага батальёна быў знішчаны. Уцалелая частка батальёна рушыла назад, пачала адпаўзаць, але тут яе сустрэла з засады ўдарная група, якая зайшла наступаўшым гітлераўцам у тыл.
Розаў, ударыўшы праціўніку, як кажуць, проста ў лоб, не вытрымаў, падняў атрад у контратаку. Яго падтрымалі другія атрады. Многа акупантаў было загнана ў балота і там знішчана, астатнія адкаціліся.
Эсэсаўцы зноў пусцілі авіяцыю, пачаўся шалёны артылерыйскі абстрэл. Сабраўшы новыя сілы, праціўнік пайшоў у атаку, але быў адбіты. Зноў пайшоў і зноў быў адбіты. I так да вечара: дзевяць разоў эсэсаўцы атакавалі наша злучэнне і ўсе дзевяць атак захлынуліся. Пад вечар мы ўвялі ў бой свае рэзервы, пусцілі ў ход артылерыю і перайшлі ў контрнаступленне па ўсёй лініі. Сем дзён ішоў цяжкі, кровапралітны бой. I перамога была наша.
Варожая дывізія была спачатку адціснута ў Акцябрскі раён, а потым замкнута паміж вёскамі Барбарова — Каткі — Харомцы — Ямінск — Прусы і разбіта.
У часы баёў вельмі многія партызаны паказалі цуды гераізму і адвагі.
Вось як апісвае подзвіг партызанкі Рымы Шаршнёвай Кірыл Трафімавіч Мазураў у пісьме да яе маці.
«Паважаная Лідзія Васільеўна!
Ваша дачка Рыма была ў тыле ворага ў маёй групе, і таму я хачу напісаць Вам некалькі слоў аб яе жыцці і рабоце ў партызанскім краі.
Вам, пэўна, невядома, што Рыма вучылася ў Маскве ў спецыяльнай школе і летам 1942 года была залічана ў атрад маскоўскіх камсамольцаў імя Гастэлы, які быў накіраваны праз лінію фронту ў тыл ворага, у штаб Мінскага партызанскага злучэння. Рыма была зацверджана сувязной ЦК камсамола Беларусі і павінна была ў тыле ворага ажыццяўляць сувязь паміж падпольнымі групамі і ЦК ЛКСМБ.
Разам з атрадам імя Гастэлы Рыма прайшла вялікі шлях ад Віцебска да Бабруйска. Шлях быў вельмі цяжкі, атрад амаль усю дарогу, звыш тысячы кіламетраў, ішоў пешшу, кожны баец нёс на сабе вялікі груз: зброю, боепрыпасы, выбуховыя матэрыялы. Нягледзячы на гэта, усе прыйшлі на месца прызначэння бадзёрымі і зусім здаровымі, у тым ліку і Рыма.
Прыйшоўшы на месца, гастэлаўцы паступілі ў маё распараджэнне і некаторы час адпачывалі. У другой палавіне кастрычніка 1942 года Рыма захварэла, і я ўладкаваў яе ў наш партызанскі паходны шпіталь. Праляжала яна там каля двух тыдняў, потым я вырашыў накіраваць яе з матэрыяламі самалётам у Маскву. Рыма катэгарычна адмовілася ляцець у Маскву па той прычыне, што яшчэ нічога не зрабіла. Я з ёй згадзіўся. Паступова яна папраўлялася, а калі выздаравела зусім, то папрасіла, каб ёй далі работу. Я вызначыў ёй участак работы, пазнаёміў з камандаваннем брыгады. Там яе вельмі добра прынялі, і за некалькі дзён партызаны палюбілі яе як родную.
Яна вельмі актыўна і добра выконвала заданні па арганізацыі падпольных маладзёжных груп, бясстрашна прабіралася ў населеныя пункты, як кажуць, пад носам у немцаў распаўсюджвала савецкія газеты, лістоўкі, праводзіла сходы моладзі і сялян, гутарыла з імі, чытала газеты. Моладзь хавала яе, дапамагала прабірацца незаўважанай. Наша група партызан заўсёды ахоўвала яе.
У пачатку лістапада 1942 года Рыма і яе спадарожнікі-партызаны, выконваючы заданне, трапілі на засаду немцаў. Становішча было цяжкім, маленькая група з боем прабілася і адышла без страт. Рыма змагалася бясстрашна, сапраўды гераічна.
Калі мне аб гэтым паведамілі, я выклікаў яе да сябе, злёгку паўшчуваў за лішнюю неасцярожнасць, а камандзіру партызанскай брыгады загадаў не адпускаць Рыму без суправаджэння партызан, а на баявыя аперацыі не браць зусім. Камбрыг тав. Розаў выконваў гэтыя ўказанні.
25 лістапада 1942 года брыгада тав. Розава, у якой знаходзілася і Рыма, разам з іншымі партызанскімі атрадамі выйшла на разгром буйнога нямецкага гарнізона. Рыма прасіла камбрыга ўзяць яе на гэтую аперацыю, але ён не згадзіўся і загадаў ёй аставацца на базе. Калі брыгада пайшла, Рыма самавольна рушыла за брыгадай і далучылася да яе ўжо тады, калі адпраўляць яе назад нельга было.
Бой быў цяжкі, але партызаны штурмам узялі населены пункт. У цэнтры астаўся адзін вялікі дзот, з якога вораг вёў моцны агонь. Група партызан на чале з камандзірам роты з брыгады тав. Розава кінулася на дзот. Яны не дабеглі, камандзір зваліўся каля самай амбразуры, дзота цяжка паранены. Некалькі партызан спрабавалі адцягнуць камандзіра ад амбразуры, але не змаглі. Рыма ў гэты час знаходзілася за ўкрыццём і ўсё бачыла. Нікога не папярэдзіўшы, яна кінулася да дзота і каля амбразуры сама была цяжка паранена.
Прэз некалькі мінут дзот быў узяты. Там было знішчана каля 20 фашыстаў. Рыме аказалі першую дапамогу і адвезлі на базу. Яна страціла многа крыві і была вельмі слабай. Трэба было зрабіць пераліванне крыві, донараў было многа, але апаратуры — ніякай. Ва ўсе канцы вобласці паслалі ганцоў, каб дастаць апаратуру, але спазніліся на некалькі гадзін. 6 снежня ў 18 гадзін 30 мінут вечара Рыма памерла. У перыяд ад ранення і да смерці яна амаль не прыходзіла ў прытомнасць.
Пахавалі яе 7 снежня 1942 года ў вёсцы Жывунь, Любанскага раёна, Мінскай вобласці. Хавалі з належным ушанаваннем. На жалобным мітынгу прысутнічалі ўсе атрады партызанскага гарнізона. 3 усіх страт таго бою смерць Рымы была самай цяжкай для нас усіх.
За гераізм Рыма ўзнагароджана пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга.
Лідзія Васільеўна! Вы можаце па праву ганарыцца Вашай дачкою. Ваша гора вялікае, але хай будзе Вам суцяшэннем тое, што Ваша дачка гераічна змагалася за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх нягоднікаў і загінула смерцю храбрых у жорсткім баі з ворагам.
Сакратар ЦК ЛКСМБ К. Мазураў».
Партызанскі рух нарастаў з нябачнай хуткасцю і паступова перарастаў ва ўсенародную вайну беларускага народа супраць ненавісных акупантаў. Гэта патрабавала ад падпольнага абкома яшчэ большай аператыўнасці ў кіраўніцтве, патрабавала выкарыстання ўсіх сродкаў прапаганды і агітацыі, усіх нашых магчымасцей на згуртаванне мас, на актывізацыю барацьбы. Рабоце нашага падпольнага друку — выпуску газет, лістовак, рабоце нашага радыё надавалася цяпер яшчэ большая ўвага. Маштабы значна пашыраліся, удасканальваліся. Усё новыя і новыя раёны мы бралі пад свой кантроль і ўплыў, усё новыя і новыя атрады ўліваліся ў наша злучэнне.
Спецыяльныя абкомаўскія групы на чале з членамі абкома былі накіраваны ў Мінск, Бабруйск, Барысаў, Слуцк, Бягомль, Лагойск, Заслаўе на дапамогу мясцовым партыйным арганізацыям.
Мы надавалі вялікае значэнне разгортванню партызанскага руху ў Барысаўска-Бягомльскай зоне.
Стратэгічнае значэнне Барысаўскага і прылягаючых да яго Бягомльскага, Плешчаніцкага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў надзвычай вялікае. Тут праходзіць магістраль Масква — Мінск, шасейныя дарогі Плешчаніцы — Лагойск — Мінск, Бягомль — Барысаў, Барысаў — Плешчаніцы і дзесяткі грунтавых дарог. У Барысаве сканцэнтраваны прамысловыя прадпрыемствы: запалкавая фабрыка, шклозавод, мэблевая фабрыка, скураны завод і іншыя прадпрыемствы. Па рацэ Бярэзіне ў Барысаў сплаўляліся лес для прадпрыемстваў горада і дровы. Раён, які прылягае да горада, пераважна сельскагаспадарчы, багаты лясамі і сельскагаспадарчай сыравінай.
У канцы чэрвеня 1941 года нямецкія акупанты ўварваліся на тэрыторыю гэтага раёна. Сваё ўступленне ў Барысаў, Бягомль, Плешчаніцы фашысты «адзначылі» масавымі забойствамі мірнага насельніцтва. У Барысаве ў першыя ж месяцы гаспадарання немцаў было забіта і люта закатавана больш 15 тысяч жыхароў, у мястэчку Зембін забіта больш тысячы яўрэяў, у Мсціжы — больш 300.
Калі нямецкія акупанты ўварваліся на тэрыторыю Барысаўшчыны, то адразу для навядзення так званага «новага парадку» стварылі органы мясцовай улады, разбіўшы раёны на валасныя ўправы. На правабярэжнай частцы Бярэзіны ў раёне возера Палік акупанты арганізавалі воласці: у мястэчку Зембін, Карсакавічах, Іканах, Ганцавічах, Мсціжы. Тут жа былі арганізаваны гарнізоны з немцаў і паліцаяў. Валасныя ўправы павінны былі па загаду немцаў выкачваць з насельніцтва падаткі і арганізоўваць барацьбу супраць партызан, якія пачалі дзейнічаць на Барысаўшчыне з першых месяцаў вайны.
Першымі партызанамі на Барысаўшчыне былі мясцовыя актывісты, камандзіры і чырвонаармейцы, якія апынуліся ў акружэнні. У вёсцы Кайтанава амаль усю зіму 1941 года насельніцтва хавала ад немцаў групу акружэнцаў пад камандаваннем тав. Балана (у будучым камандзір партызанскай брыгады «Разгром»). Многія жыхары вёсак Бараўляны, Сялец, Мсціж і іншых сабралі шмат зброі, боепрыпасаў і перадалі ўсё гэта партызанам. Дзяўчаты з вёскі Мрай сабралі каля разбітай друкарні шрыфт для друкавання партызанскіх газет і лістовак.
17 сакавіка 1942 года з Масквы да лініі фронту выехала група «Дзядзі Колі». Яна складалася з 21 чалавека мінскіх чыгуначнікаў. Камандзір групы «Дзядзі Колі» — Лапацін Пётр Рыгоравіч — і ўсе яго байцы да гэтага чатыры месяцы партызанілі ў Бранскіх лясах. Сем чалавек за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў тыле ворага, ужо былі ўзнагароджаны.
Перайшоўшы лінію фронту, група папоўнілася трыма чырвонаармейцамі, якія вырваліся з нямецкага палону. На сваім шляху група правяла некалькі баёў з паліцэйскімі і 12 мая 1942 года прыбыла ў раён возера Палік, у прызначанае ім месца.
Да дня прыходу групы «Дзядзі Колі» ў раёне возера ўжо дзейнічала некалькі партызанскіх груп і атрадаў. У красавіку 1942. года таварышы Верхаводка Спірыдон Віктаравіч, які працаваў да вайны памочнікам аператыўнага ўпаўнаважанага 4-й стралковай дывізіі, і Капыткоў Даніла Флоравіч, да вайны супрацоўнік рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», арганізавалі ў Бараўлянах з мясцовых жыхароў даволі актыўную партызанскую групу. Спачатку ў ёй было толькі 10 чалавек. Адбор людзей праводзіў Капыткоў, які жыў тады ў Бараўлянах.
Да мая гэтая група перарасла ў атрад, які ўжо налічваў 23 партызаны, узброеныя трыма ручнымі кулямётамі, адным аўтаматам і 19 вінтоўкамі. Атраду прысвоілі імя Сталіна. Пятага мая атрад напаў на Карсакавіцкую воласць і разграміў там паліцэйскі гарнізон. У схватцы было забіта 6 паліцэйскіх і захоплена 11 вінтовак. Пасля гэтага немцы так і не змаглі аднавіць воласць у Карсакавічах.
Акупанты хацелі выкарыстаць лясныя багацці вядомага ў Беларусі Бярэзінскага запаведніка і арганізаваць сплаў лесу і дроў у Барысаў для электрастанцыі і іншых прадпрыемстваў. Партызанская разведка данесла, што нямецкі газаход падцягнуў па рацэ ў раен запаведніка дзве баржы для загрузкі. Пакінуўшы баржы каля берага, газаход адплыў у Барысаў.
Камандзір атрада Верхаводка і камісар Капыткоў рашылі зрабіць на рацэ засаду, у якую пайшоў увесь атрад. Загружаныя дрывамі баржы партызаны спусцілі ўніз па цячэнню да зручнага месца для засады. Там, дзе рака робіць выгіб, наладзілі з дроў брустверы і цярпліва чакалі газаход.
Толькі на трэці дзень раніцай пачуўся шум матора газахода. Ён цягнуў за сабой яшчэ адну баржу. Падпусціўшы газаход бліжэй, амаль ушчыльную, камандзір атрада крыкнуў:
— Паліцэйскія ёсць?
— Паліцэйскія на баржы,— адказаў матарыст газахода.
Паліцэйскія сядзелі на баржы, барты якой былі абкладзены цэглай. Іх было 9 чалавек. Узбраеннем у іх быў кулямёт, гранатамёт і 7 вінтовак.
Пачуўшы гаворку, паліцаі адкрылі агонь. Трапным выстралам адзін з партызан вывеў са строю кулямёт паліцэйскіх.
Бачачы бязвыхаднасць свайго становішча, паліцаі ў паніцы кінуліся на дно баржы і адкрылі бязладную страляніну. Партызаны падзяліліся на дзве групы. Першая група заставалася ў засадзе і трымала паліцэйскіх на прыцэле, а другая група з гранатамі ў руках пайшла па вадзе да баржы.
Пасля таго як адзін з партызан кінуў у баржу гранату, паліцэйскія пакідалі зброю і сталі скакаць у ваду. Васемнаццацігадовы партызан Леанід Галуза, сын партызана грамадзянскай вайны, трапнымі выстраламі забіў 4 паліцэйскіх. Неўзабаве ўсе 9 паліцэйскіх знайшлі сабе магілу ў Бярэзіне. Партызаны страт не мелі. Яны захапілі газаход, 3 баржы, ручны кулямёт, гранатамёт, 7 вінтовак і 200 патронаў. Каманда газахода ў поўным саставе — Плат, Берасцень і Вяршок — далучылася да партызан.
Заклапочаны доўгай адсутнасцю газахода, нямецкі афіцэр — шэф воднага транспарту — вылецеў на самалёце, каб адшукаць катэр. Самалёт кружыў над Бярэзінай. Партызаны меткім агнём цяжка паранілі шэфа, які неўзабаве памёр у Барысаве.
Так закончылася спроба немцаў авалодаць Бярэзінай. Партызаны ўвесь час заставаліся сапраўднымі гаспадарамі ракі.
Услед за атрадам імя Сталіна ў раёне вёскі Замошша, Бягомльскага раёна, быў арганізаваны з мясцовага насельніцтва і былых ваеннапалонных атрад імя Чапаева. Арганізатарам атрада быў настаўнік, кандыдат партыі Жукоўскі Якаў Якаўлевіч. Ён праводзіў сярод насельніцтва агітацыйную работу, падбіраў надзейных людзей для атрада. Збіраліся яны патаемна, у адной зямлянцы вёскі Замошша. Гэта былі Жукоўскі Я. Я.— настаўнік, Абрагімовіч I.— камуніст, былы дырэктар МТС, Кавалеўскі П.— камсамолец з вёскі Замошша, Блінаў А. М.— камсамолец, які ўцёк з палону, Марціновіч П.— настаўнік, камсамолец. На сваіх тайных сходках яны абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй атрада. 22 красавіка 1942 года на сходзе было вырашана арганізаваць атрад і пайсці ў лес. Атрад ужо меў на ўзбраенні ручны кулямёт, два аўтаматы, вінтоўку і 13 гранат. Раніцай 23 красавіка сорак другога года атрад перайшоў у гнюцкія лясы. Большая частка насельніцтва вёскі Замошша ведала аб арганізацыі атрада і ўсяляк дапамагала партызанам у збіранні зброі і прадуктаў харчавання.
29 красавіка да групы Жукоўскага далучылася яшчэ адна група партызан, якую арганізаваў з ліку жыхароў вёскі Ліпкі, Каменскага сельсавета, Плешчаніцкага раёна, былы камсамольскі работнік тав. Бадзюля. У маі 1942 года ў Жукоўскага было ўжо 22 партызаны, узброеныя 3 аўтаматамі, 2 ручнымі кулямётамі, 6 вінтоўкамі і 17 гранатамі.
Першамайскае свята партызаны вырашылі адзначыць пачаткам баявых дзеянняў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў — разграміць Ганцавіцкую воласць. Прадумаўшы дэталёва план аперацыі, атрад у поўным складзе пад кіраўніцтвам Жукоўскага і Бадзюлі 2 мая знянацку ўварваўся ў вёску Ганцавічы і, разагнаўшы паліцэйскую ахову, разграміў воласць. Пры гэтым быў захоплены здраднік — бургамістр Коўшык і пасля допыту расстраляны.
У гэтую ж ноч атрадам быў спалены мост цераз раку Цна і спынен рух па шасэ Зембін — Плешчаніцы. Пасля гэтай аперацыі баявая работа атрада яшчэ больш ажывілася. Праз дзень была разгромлена Іканская воласць. Як і Ганцавіцкая, яна не была потым адноўлена.
Амаль адначасова з арганізацыяй атрада імя Чапаева ў Смалявіцкім раёне былым армейскім палітруком Ягоравым Яўгенам Дзмітравічам разам з камсамольцамі Уцехіным Дзмітрыем Дзмітрыевічам і Полагавым Пятром быў арганізаваны атрад «Камунар». Папоўніўшыся за лік мясцовага насельніцтва, атрад к канцу мая ўжо налічваў да 20 чалавек. Спачатку сюды ўлілася група партызан з вёскі Мікалаевічы, Смалявіцкага раёна. Большасць з іх былі камсамольцы. Да таго як прыйсці ў атрад, гэтыя хлопцы самі дасталі сабе зброю і яшчэ на месцы ў сваёй вёсцы праводзілі агітацыйную работу сярод моладзі, заклікалі да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Атрад пачаў свае баявыя дзеянні з разгрому Емяльянаўскай воласці і трох нямецкіх малочных пунктаў.
Такім чынам, група «Дзядзі Колі», якая прыйшла з-за лініі фронту, не была тут адзінокай. Апрача пералічаных груп да яе далучылася група партызан лейтэнанта Бальшакова ў саставе 18 чалавек.
У ліпені 1942 года атрад «Дзядзі Колі» разграміў Жажэлкаўскую воласць, Смалявіцкага раёна. У баях былі забіты 4 паліцэйскія і захоплены ўсе дакументы воласці. Гэтым жа атрадам быў таксама разгромлены нямецкі гарнізон на торфазаводзе «Белае балота». Там было забіта 10 немцаў, спалены нямецкія казармы, аўтамашына, прадуктовы магазін і захоплена 6 вінтовак.
Атрад «Камунар» у пачатку жніўня разграміў гарнізон у былым саўгасе «Косіна». Было знішчана каля 20 немцаў, бургамістр і кіраўнік створанага акупантамі маёнтка.
У жніўні падрыўнікі атрада таварышы Акунёў, Часнакоў, Рашчынскі ў раёне Гарадзішча і Загор\'я спусцілі пад адхон 2 нямецкія эшалоны. Было знішчана 7 вагонаў з боепрыпасамі і 2 паравозы.
Партызаны атрада імя Сталіна дасталі з возера Палік супрацьтанкавую гармату. Яна была выкарыстана пры разгроме Бродайскай воласці, пры разбурэнні лесапільнага завода і маслапункта ў вёсцы Кішчына Слабада.
У канцы ліпеня ў раён Паліка прыйшоў з-за лініі фронту атрад «Бура», які ўзначальвалі камандзір Лаварчук Барыс і камісар Мурашка Павел. Гэты атрад налічваў 54 чалавекі, меў на сваім узбраенні ручны кулямёт, 6 аўтаматаў, 47 вінтовак.
У сувязі з ускладненнем становішча, узмацненнем карных мерапрыемстваў немцаў супраць партызан паўстала пытанне аб арганізацыі партызанскай брыгады. 12 жніўня 1942 года з атрадаў «Дзядзі Колі», «Камунар», імя Сталіна, імя Чапаева, «Бура», якія базіраваліся на правым беразе Бярэзіны каля возера Палік, на арганізацыйным савеце камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабоў з удзелам членаў Мінскага падпольнага абкома партыі было вырашана арганізаваць партызанскую брыгаду «Дзядзі Колі». Камандзірам брыгады быў прызначаны Лапацін Пётр Рыгоравіч.
Да арганізацыі брыгады ў атрадах налічвалася 250 чалавек, з іх узброеных — 230. На ўзбраенні было 18 аўтаматаў, 10 кулямётаў, 202 вінтоўкі, асабістага ўзбраення — 20, адна 45-мм. гармата. Атрады працягвалі хутка папаўняцца за лік мясцовага насельніцтва і ўцёкшых з нямецкага палону камандзіраў і чырвонаармейцаў. У снежні 1942 года брыгада правяла вельмі важную баявую аперацыю — налёт на зембінскі гарнізон. У гэтым налёце прымалі ўдзел усе атрады. Колькасны састаў брыгады да зембінскай аперацыі дасягнуў ужо 500 чалавек. Палавіна з іх знаходзілася на баявых заданнях у заходніх абласцях Беларусі і ў Смалявіцкім раёне.
7 снежня 1942 года ў 6 гадзін 50 мінут атрады сканцэнтраваліся на сваіх зыходных пазіцыях, а ў вызначаны час пайшлі ў наступленне. Праз 20 мінут першая ўдарная група на чале з камандзірам атрада імя Сталіна Верхаводкам без выстралу заняла Азёрную вуліцу. Немцы, якія стаялі на варце, прынялі іх за сваіх і пачалі клікаць да сябе. У адказ партызаны адкрылі агонь. У гэты час цэнтральная ўдарная група пад кіраўніцтвам камандзіра атрада імя Чапаева Жукоўскага ўварвалася на базарную плошчу і абстраляла паліцэйскі пост. У Зембіне ўзнялася трывога. Цэнтральная група заняла памяшканне воласці і ўзяла ў палон 5 паліцэйскіх. Потым завязаўся бой. Партызаны першай ударнай групы падкацілі гармату і адкрылі агонь па школе, адкуль немцы па ходах злучэння выбягалі на свае агнявыя пазіцыі, пабудаваныя вакол школы. Немцы занялі тут кругавую абарону і сталі ўпарта абараняцца.
Пасля трохгадзіннага бою ў першай ударнай групе засталося вельмі мала патронаў. Тады была вылучана група па ачыстцы ад немцаў занятай партызанамі вуліцы. Астатнія блакіравалі школу.
Другая ўдарная група, як толькі захапіла памяшканне воласці, павяла наступленне на левы фланг асноўных сіл немцаў. Астатнія партызаны праводзілі ачыстку дамоў вакол базарнай плошчы. Паліцэйскія, засеўшы ў дамах, адстрэльваліся з вокнаў і гарышчаў.
Трэцяя ўдарная група ўварвалася на Барысаўскую вуліцу і заняла яе паўночны бок і гараж. Завязаліся ўпартыя жорсткія вулічныя баі. Немцы з умацаванняў і каменных дамоў вялі ўраганны агонь з кулямётаў і мінамётаў. Камандзір узвода атрада «Бура» тав. Курмаз кінуўся за сваім узводам у атаку на групу немцаў, але быў забіты флангавым кулямётным агнём ворага.
У 11 гадзін завязаўся бой каля гайненскіх мастоў паміж падыходзячым падмацаваннем ворага, меўшым на сваім узбраенні 2 танкі і 3 батальённыя мінамёты, і партызанскім прыкрыццём з атрада «Камунар».
Праз 40 мінут бою прыкрыццё не ў сілах было стрымаць у многа разоў мацнейшага ворага і дало сігнал дзвюма чырвонымі ракетамі. Штаб брыгады аддаў загад на адыход. Увесь Зембін знаходзіўся ў дыме і агні. Гарэлі склады, гараж, магазін, памяшканне воласці і іншыя будынкі.
Нямецкія танкі, падышоўшы да Зембіна, а потым і машыны адкрылі па палаючаму мястэчку агонь. У адказ ім застракаталі кулямёты уцалелых немцаў і паліцэйскіх. Ад дыму не бачачы адзін аднаго, немцы завязалі паміж сабой шалёную перастрэлку.
У выніку гэтай партызанскай аперацыі было забіта 95 гітлераўцаў, у тым ліку намеснік начальніка зембінскай паліцыі, узята ў палон 5 паліцэйскіх. Спалены гараж, дзе згарэла 7 аўтамашын, 3 матацыклы, склад з бензінам, магазін з рознымі таварамі, склад з соллю, склад са збожжам, склад з рознай маёмасцю, млын, два памяшканні воласці з дакументамі, 10 паліцэйскіх дамоў і дом бургамістра. Узяты трафеі: 2 ручныя кулямёты, 2 аўтаматы, 8 вінтовак, 5 тысяч вінтовачных патронаў, 20 пудоў солі.
Увесь наступны перыяд да ліпеня 1943 года брыгада разгортвала дыверсійную работу ў гарадах і населеных пунктах, на чыгунцы, невялікімі партызанскімі групамі разбурала камунікацыі ворага. За 5 першых месяцаў 1943 года на чыгунцы падрыўнікамі брыгады было праведзена 26 дыверсій, спушчана пад адхон 19 воінскіх эшалонаў ворага. Дзесяткі вагонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага былі знішчаны. За гэты час было спалена 7 умацаваных пунктаў немцаў, знішчана на магістралях і іншых дарогах 32 грузавыя і 14 легкавых машын з рознымі грузамі. Разбураны адзін чыгуначны мост і 9 мастоў на шасейных дарогах.
У пачатку мая 1943 года ў раёне в. Скупліна, Барысаўскага раёна, партызанамі брыгады «Дзядзі Колі» быў падбіты нямецкі самалёт, які зваліўся ў лясным масіве Скупліна — Завіднае. Два лётчыкі апусціліся на парашутах. Адзін з іх быў забіты партызанамі атрада імя Чапаева, другому ўдалося збегчы і данесці ў бліжэйшы нямецкі гарнізон аб тым, што здарылася. I вось 12 мая атрад фашыстаў у колькасці 120 чалавек выступіў на пошукі самалёта.
Даведаўшыся аб руху немцаў у партызанскі раён, штаб брыгады аддаў загад атрадам імя Сталіна і імя Чапаева зрабіць засаду на ўчастку ўскраіны лесу Скупліна, могілак вёсак Карсакавічы і Казімірова. Атрад імя Сталіна размясціў першы ўзвод пад камандаваннем тав. Абрасімава на ўскраіне лесу заходней Скупліна, другі ўзвод у калгасе Казімірова і трэці ўзвод з дзвюма 45-мм. гарматамі — у в. Карсакавічы.
13 мая ў б гадзін раніцы немцы ланцугом акружылі вёску Скупліна, нарабавалі там курэй, яек і іншых прадуктаў і рушылі калонай у бок в. Замошша. Атрад імя Чапаева ў гэты час падцягваў усе свае асноўныя сілы на ўскраіну скуплінскага лесу.
Першы ўзвод атрада імя Сталіна пад камандаваннем Абрасімава, знаходзячыся ў засадзе, падпусціў немцаў на блізкую адлегласць і адкрыў з кулямётаў і 20 вінтовак залпавы флангавы агонь па калоне ворага. Фашысты ў разгубленасці збянтэжыліся і кінуліся да другога боку ўскраіны лесу. Але тут іх сустрэў кулямётны агонь чапаеўцаў. Фашысты залеглі і пачалі адстрэльвацца, а частка іх стала адыходзіць да в. Скупліна. К гэтаму часу падышоў другі ўзвод атрада імя Сталіна пад камандаваннем тав. Карагодзіна і адкрыў па ворагу кулямётны агонь. Адначасова з Карсакавіч на паўночны бок в. Скупліна была падцягнута гармата, і адтуль быў адкрыт агонь прамой наводкай па вышыні, на якой залёг вораг.
На пакінутай ворагам вышыні ляжалі забітыя і раненыя немцы. У гэтым баі было забіта 20 фашыстаў і ранена 32. Узяты трафеі: 3 вінтоўкі, некалькі пісталетаў, каля трох тысяч патронаў.
Бачачы ў партызанах свайго смяротнага ворага і імкнучыся спыніць далейшы рост партызанскага руху ў Беларусі, а існуючыя партызанскія брыгады і атрады разграміць і знішчыць, вясной 1943 года акупанты пачалі рыхтаваць вялікія карныя экспедыцыі. 3 франтоў былі адкліканы рэзервовыя часці.
Перакінуўшы сюды дзесяткі тысяч сваіх салдат і афіцэраў, сканцэнтраваўшы шмат тэхнікі, немцы сталі цясніць партызан з заходніх абласцей Беларусі і іншых раёнаў у раён возера Палік з мэтай далейшай блакіроўкі і знішчэння. Толькі супраць брыгады «Дзядзі Колі», якая налічвала да мая 1943 года 568 чалавек, вораг сканцэнтраваў больш трох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, падтрыманых 16 гарматамі, 10 танкамі і 6 цяжкімі бамбардзіроўшчыкамі. У партызанскай брыгадзе было 20 ручных кулямётаў, 42 аўтаматы, 272 вінтоўкі.
30 мая і 1 чэрвеня атрады правялі цяжкія абарончыя баі на подступах да баз, а 2 і 3 чэрвеня — на саміх базах. Расстраляўшы амаль усе боепрыпасы, атрады вымушаны былі перайсці на левы бераг ракі Бярэзіны.
У гэтых баях ворагу былі нанесены вельмі вялікія страты: забіта 250 акупантаў, ранена 150, падбіты 2 танкі і адзін самалёт. У баях найбольш вызначыліся атрады імя Сталіна, імя Дзяржынскага, імя Чапаева. Асабліва гераічна змагаўся камісар атрада імя Сталіна тав. Ражноў Г., умела правёўшы баі на базах, у выніку якіх ворагу былі нанесены цяжкія страты. Смерцю храбрых загінуў у баі каля ракі Цна 16-гадовы партызан Міхаіл Усоскі. Некалькі гітлераўцаў хацелі яго акружыць. Юны патрыёт прыняў рукапашны бой і, забіўшы шэсць акупантаў, загінуў смерцю храбрых.
22 чэрвеня блакада скончылася. Немцы з самалётаў раскідалі лістоўкі, у якіх паведамлялася «аб поўным разгроме партызан». Між тым партызаны, выйшаўшы з блакады з невялікімі стратамі, збіраліся ў вёсках і лясах, рыхтуючы новыя ўдары па акупантах.
Брыгада «Дзядзі Колі» за месяц баёў страціла 12 чалавек. Праўда, асабовы састаў быў вельмі знясілены амаль бесперапыннымі баямі і доўгім знаходжаннем у балотах. Але ў хуткім часе брыгада памацнела, папоўнілася новымі сіламі, боепрыпасамі і набыла мінулую баяздольнасць.

XX

Як толькі мы вярнуліся з рэйду, захацелася перш-наперш даведацца і дэталёва разабрацца, як тут жывуць і працуюць партыйныя і камсамольскія падпольныя арганізацыі і ўсе тыя партызанскія атрады і групы, што заставаліся на месцы. Хоць данясенняў і дакладных мы шмат атрымлівалі ад іх і ў часе рэйду, але гэтага было недастаткова. Цікава было спаткацца з імі, з іх камандзірамі і палітработнікамі, падпольнымі партыйнымі і камсамолькімі кіраўнікамі, пагаварыць, абмеркаваць разам планы на будучае. Мы сустрэліся з Луферавым, Патрыным, Храпко, Сталяровым, Паўлоўскім, Міхайлоўскім, Жыгарам і Бумажковым. У атрадах Патрына і Сталярова ўсё было ў належным парадку, толькі росту партызан з мясцовага насельніцтва за апошні час амаль не заўважалася. Гэта нас насцярожвала і непакоіла: відаць, з палітычнай работай сярод насельніцтва тут было не ўсё добра. А атрад Храпко крыху папоўніўся за лік насельніцтва Глускага раёна, аднак жа рабілася гэта з нейкай аглядкай: людзі ідуць, просяцца ў партызанскі атрад, а тут ім кажуць прыносіць зброю — вінтоўкі альбо аўтаматы,— хоць гэтая зброя не ў садзе расла, а здабывалася ў зацятай барацьбе з ворагам. Нягледзячы на ўказанні ЦК КП(б)Б, асобныя камандзіры і палітработнікі партызанскіх атрадаў не зусім правільна разумелі неабходнасць усенароднага партызанскага руху. Абласны камітэт партыі вымушаны быў яшчэ раз дадаткова разгледзець пытанне разгортвання ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць ворага.
На другі дзень пасля нашага звароту ў штаб прыйшоў сакратар Любанскага падпольнага райкома камсамола Адам Майстрэнка. Я ўважліва слўхаў яго даклад аб рабоце камсамольскага падполля і з трывогай чакаў, што скажа Майстрэнка пра Феню Конанаву, ці пацвердзіць ён тыя весткі, якія былі атрыманы штабам яшчэ ў часе рэйду. Майстрэнка расказаў пра актыўную работу камсамольскай арганізацыі атрада Храпко, назваў прозвішчы асобных камсамольцаў, у прыватнасці Мікалая Татура, які вызначыўся ў многіх баях і найлепш праявіў сябе як камсамольскі арганізатар. Падрабязна расказваў ён мне пра дзейнасць камсамольцаў-падпольшчыкаў у Баянічах, Рэдкавічах, Жывуні, Загаллі, Азярным, а пра Ніжын чамусьці змаўчаў, у той час калі заўсёды раней ён абавязкова пачынаў з галоўнай Ніжынскай камсамольскай арганізацыі. Я не напамінаў яму пра гэта, пакуль ён не скончыў свайго даклада, а потым спытаў:
— А як жа твае ніжынцы? Як Феня? Майстрэнка апусціў вочы, твар яго пацямнеў.
— Не збераглі мы Фені,— нарэшце сказаў ён глухім голасам.
Відаць, яму нялёгка было гаварыць. Майстрэнка разумеў, што з гэтага яму трэба было і пачынаць свой даклад, але вымавіць такія словы было вельмі цяжка, неяк не паварочваўся язык, пачынала перасыхаць у горле. Гэта была найвялікшая страта для камсамольцаў Мінскага падполля. Вораг нанёс нам вялікі ўдар.
— Ніжынская камсамольская арганізацыя,— працягваў Майстрэнка,— і да гэтага часу ў глыбокім смутку, хоць працы там не аслабляюць. Падпольшчыкаў там ужо больш стала, а Фені не збераглі. Так, не збераглі. Мне аж гаварыць цяжка...
Праз некалькі хвілін ён расказаў усё падрабязна.
Больш месяца таму назад Феня была накіравана райкомам на заданне і, вяртаючыся ў лагер, натрапіла на буйную засаду эсэсаўцаў. Час быў перадвячэрні, яшчэ відно было на дварэ, дзяўчыну схапілі. Па прыметах пазналі, што гэта Конанава, і павялі ў Ніжын. Соснаўскі камендант і кузьмічоўская паліцыя разлічвалі на пэўны рэванш за свае ранейшыя няўдачы ў Ніжыне і навакольных вёсках, за штодзённыя папрокі свайго начальніка, які знаходзіўся ў Бабруйску. Плюгавы бургамістр Дубік ужо смакаваў сваю будучую славу, уяўляў сябе з нямецкім крыжам на грудзях і старанна абдумваў, які б гэта не чуваны яшчэ нідзе допыт учыніць ніжынскай настаўніцы., Паколькі ў Кузьмічах і навакольных вёсках тады ўжо не было гестапаўцаў, Дубік адчуваў сябе тут паўнапраўным гаспадаром і не ведаў, як нацешыцца сваёй здрадніцкай місіяй. У гэтага вырадка з\'явіліся намеры правесці допыт Конанавай у яе ж роднай вёсцы, на вачах у людзей. Яму вельмі хацелася вызначыцца перад акупантамі сваёй паганай вынаходлівасцю і халуйскай адданасцю. Дубік разлічваў на тое, што праз Конанаву яму ўдасца раскрыць усю ніжынскую падпольную арганізацыю і тады можна будзе напісаць рапарт нават у Бабруйск — самому акруговаму фюрэру. Няхай і там ведаюць, хто такі Дубік, кузьмічоўскі бургамістр!
Да Ніжына Конанаву вялі тры эсэсаўцы і дзевяць узброеных паліцаяў. Але і пры такіх суадносінах сіл гітлераўцы, ужо не раз правучаныя, не давяралі сабе. Таму яны звязалі дзяўчыне рукі і ўсё яшчэ баяліся, што Конанава можа як-небудзь перахітрыць іх і ўцячы. За апошнія месяцы чуткі пра адважную і валявую камсамолку пашырыліся на ўсю Міншчыну і Палессе.
— Ну, цяпер усё! — ашчэрыўшы зубы, гаварыў Дубік.— Наглумілася з нашых паноў, дапякла многім... Цяпер усё скажаш. Прыціснем, дык роднага бацьку выкажаш...
— Шалёны ты сабака, здраднік Радзімы, —крыкнула ў адказ Феня.— I адкуль ты ўзяўся, падлюга такі, агіднік? Як цябе зямля носіць, пачвару?..
Дубік старанна пераймаў усе прыёмы гестапаўцаў. Тыя некалі зганялі ніжынцаў на плошчу, таму і ён вырашыў скарыстаць такі метад допыту. Калі людзей прыгналі, ён самаўпэўнена абвясціў:
—Зараз тут будуць названы прозвішчы ўсіх тых, хто звязан з партызанамі. Калі самі не гаворыце, скажуць іншыя.
3 натоўпу сялян пачуліся абураныя галасы: «Здраднік ты, брыдота агідная, прэч ад нас!»
Загадаўшы вывесці на плошчу Феню, Дубік сам развязаў ёй рукі, зняў з галавы хустку.
—Паказвай, хто тут бандыт! — крыкнуў ён.— Усіх выкажаш, жывой застанешся!
— Вось ён,— спакойна сказала Феня і паказала на Дубіка.
— Ну, ты не ўпірайся,— закрычаў Дубік і з усёй сілы тузануў дзяўчыну за касу.
— Адыдзі, падлюга! — параіў Дубіку нехта з натоўпу.
— Яна не будзе калаціцца за вас, як вы некаторыя за яе, — ашчэрыўся бургамістр. —Тут у вас не адзін дзесятак гэтакіх, — ён паказаў на дзяўчыну, —і уся вёска на падазрэнні ў прадстаўнікоў нямёцкай улады на месцах. — Ен паказаў на сябе. — Не давяраеце гэтай партызанцы — дык дапамажыце нам самі. Нямецкая ўлада на месцах, — ён зноў паказаў на сябе,— улічыць вашы заслугі.
У гэты момант над галавой звераватага бургамістра прашумеў камень і ўрэзаўся ў пераносіцу паліцая, які стаяў з вінтоўкай каля Фені. Паліцай схапіуся рукамі за твар, завойкаў. Дубік разгубіўся... Феня шпарка падняла з зямлі той жа камень і стукнула ім бургамістра па мордзе... «Улада на месцах» павалілася.
Паліцаі збілі Феню з ног. Паляцелі яшчэ каменні, гітлераўцы і паліцаі пачалі страляць, людзі разбегліся.
Напалоханыя акупанты і іх прыслужнікі больш не зганялі ніжынцаў. Дубік з разбітым тварам паспяшаўся пад ахову кузьмічоўскага гарнізона, а астатнія «ахоўнікі парадку» павялі ўслед за ім зноў звязаную Феню. Яна трымалася горда, як і належыць мужным савецкім людзям. Сваімі паводзінамі Феня Конанава заклікала землякоў да жорсткай барацьбы з фашыстамі.
Дні праз два Дубік зноў наведаўся ў Ніжын. Твар у бургамістра быў абвязаны, апухлы. 3 ім конны атрад паліцаяў, чалавек дваццаць. Прыехалі паказваць сваю сілу і помсціць за нядаўнюю ганьбу. Тупая, перанятая ў фашысцкіх акупантаў, злосць Дубіка штурхала яго на самыя крывавыя учынкі і звярынае самадурства. Нічога не дабіўшыся ад Фені ў Кузьмічах, ён зноў прывёз яе ў Ніжын. Дзяўчына сядзела на возе змучаная, ледзь жывая.
— Цяпер-то ты будзеш гаварыць! — сіпеў разюшаны паліцай.
Ен загадаў выгнаць да Арэсы амаль усіх ніжынскіх дзяўчат і прыгразіў Фені, што калі яна не выкажа падпольшчыкаў, дык кожная дзесятая з яе сябровак будзе расстраляна.
Конанава была ўжо вельмі слабая, скатаваная, аднак пагрозы Дубіка яна пачула і зразумела, што надышоў надзвычай цяжкі і складаны момант. Трэба зараз жа нешта прыдумаць, нешта вырашыць. Дзяўчаты, сяброўкі дарагія! Яны павінны жыць!.. Усе яны павінны жыць і прадаўжаць барацьбу з нямецкімі фашыстамі. Яе сяброўкі павінны дажыць да перамогі і ўбачыць яснае сонца міру над зямлёй...
Феня непрыкметна зірнула на дзяўчат. Яна ўсё яшчэ сядзела на возе. Паліцаі ведалі, што стаяць яна ўжо не можа, і не ссаджвалі яе. Дзяўчаты стаялі пакуль што шчыльнай купкай, туліліся адна да адной і ўпэўнена, з гарачай спагадай глядзелі на Феню.
«Родныя вы мае,— свяцілася ў вачах Фені,— бачу, што верыце мне і цяпер, верыце, шкадуеце і спадзеяцеся... Спадзявайцеся, дзяўчаткі, не падвяду! За Радзіму, за нашу партыю не пашкадую сваіх сіл і жыцця!»
Феня рабіла выгляд, што не чула пагроз фашысцкага прыслужніка. Дубік падышоў да воза, штурхануў дзяўчыну ў галаву і паўтарыў тое, што нядаўна сказаў. Феня на момант падняла на яго запухлыя ад катаванняў вочы і зноў бездапаможна апусціла галаву. Гэта было апошняе, што было яшчэ ў яе сілах. Яна, відаць, вырашыла не рэагаваць ні на якія пагрозы і катаванні, не стагнаць, не гаварыць ні слова. Фашысцкія вырадкі павінны верыць, што яна не можа гаварыць ад страты сілы, ад таго, што паліцаі «перастараліся» ў часе допыту.
— Прызнавайся! — крычаў Дубік і ўсё штурхаў дзяўчыну ў галаву.— Прызнавайся!
Феня маўчала і ні разу не падняла вачэй.
— Бачыце, дурніцы,— павярнуўся паліцай да дзяўчат,— ёй не дорага ваша жыццё, яна нават і слухаць не хоча. Адну каторую пакрывае, а вас на смерць вядзе.
— Губіцелі! — крыкнула адна з дзяўчат.— Людаеды, вы яе замучылі, закатавалі, цяпер нежывую гаварыць прымушаеце!..
Да дзяўчыны падышоў здаравенны, калматы паліцай, замахнуўся кулачышчам, потым перадумаў і ўдарыў яе прыкладам.
Дубік размахваў рукамі, разяўляў свой пакарэжаны ад пухліны рот.
— У нас і мёртвыя загавораць, мы ёй развяжам язык! Здыміце яе з воза, пастаўце вось перад імі!
Паліцаі падхапілі Феню пад рукі, паднялі і паставілі на мёрзлую зямлю. Дзяўчаты загаласілі, падаліся наперад: Феня была босая, ногі пасінелыя і апухлыя ад пабояў.
Хістаючыся, намагаючы апошнія свае сілы, Феня пастаяла з паўхвіліны і не стрывала, павалілася. Паліцаі паднялі яе.
— Развязаць яе?— спытаў адзін з іх Дубіка.
— Не, не! — замахаў рукамі бургамістр.— Вырывайце ёй валасы пасмамі... Трымайце і вырывайце!..
Дзяўчаты рынуліся да Фені, збілі з ног аднаго паліцая, але другія конныя галаварэзы загарадзілі ім дарогу.
Феня мужна пераносіла катаванні. Ёй павырывалі валасы, павыкручвалі рукі. I ўжо апошнім дыханнем яна прамовіла: «Бывайце, дзевачкі! Няхай жыве наша Савецкая Радзіма!»
Калі яна страціла прытомнасць, Дубік загадаў кінуць яе ў ледзяную ваду Арэсы...
Так загінула Феня Конанава, палымяная патрыётка, мужная воляй і духам камсамолка. Як яе ні катавалі, яна не сказала ніводнага слова, якое б скарыстаў вораг, не праявіла слабасці, не парушыла прысягі, якую дала пры ўступленні ў падпольную арганізацыю.
Гэтае паведамленне Майстрэнкі ўразіла ўсіх нас да глыбіні душы. Мы бачылі нямала зверстваў гітлераўскіх людаедаў і іх памагатых, але такога яшчэ не сустракалі. Захапляла нас незвычайная мужнасць камсамолкі, яе непахісная воля перамагчы ворага. Мы рэкамендавалі падпольнаму абкому камсамола ўсюды абмеркаваць ніжынскія падзеі і дамагчыся таго, каб на ўдар ворага было адказана яшчэ больш моцным ударам. Удары Ленінскага камсамола павінны быць такія, каб смерць Фені была сто разоў адпомшчана.
* * *
Праз некалькі дзён пасля гераічнай смерці Фені Конанавай кузьмічоўскі гарнізон быў разгромлены. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі атрадаў Патрына і Сталярова ўночы нечакана наляцеў на фашысцка-паліцэйскае логава. Здраднікі Радзімы, подлыя паліцаі і іх гаспадары-фашысты былі знішчаны.
На кузьмічоўскай вуліцы, на высокай калючай грушы-дзічцы быў павешаны партызанамі здраднік Радзімы, заўзяты фашыст бургамістр Дубік.

XXI

Служба сувязі ў народнай гаспадарцы і ва ўсім жыцці краіны ў мірны час мае вельмі важнае значэнне. Аднак не менш вялікую ролю адыгрывае яна і ў ваенны час, спрыяючы поспеху аперацый як паасобных часцей, так і ўсёй арміі пры разгроме праціўніка. На першы погляд можа ўзнікнуць пытанне: а што ж рабіць службе сувязі ў партызанскай дзейнасці? Але той, хто недаацэньвае роліслужбы сувязі ў партызанскім руху, вельмі памыляецца. Ва ўсе перыяды народнай барацьбы супраць чужаземных захопнікаў служба сувязі існавала і дзейнічала ў належным маштабе. Тэхніка яе была розная, і карысталіся ёю ў залежнасці ад таго, наколькі яе ставала. Многае падказвала тут і народная мудрасць.
Яшчэ перад адыходам у падполле гаварылі нам у ЦК КП(б)Б, што ад добра наладжанай сувязі будзе залежаць многае і што за арганізацыю гэтай справы трэба брацца неадкладна, з першых дзён барацьбы з ворагам.
Мы загадзя ўстанавілі па некалькі пунктаў сувязі ў кожным раёне вобласці і пастараліся, каб яны ахоплівалі кожны завод, фабрыку, а ў сельскай мясцовасці — кожную вёску.
Да мая сорак другога года мы карысталіся пераважна сувяззю праз нашых давераных людзей. Сувязь гэтая была самым дасканалым чынам заканспіравана. На гэтую справу вызначаліся людзі надзейныя, стойкія, палітычна падрыхтаваныя. Як і ва ўсёй нашай рабоце, тут нам вельмі многа дапамог багаты вопыт канспірацыі і наладжвання падпольнай сувязі бальшавіцкай партыі ў дарэвалюцыйны перыяд.
Усякія метады мы выкарыстоўвалі для ажыццяўлення добрай партызанскай сувязі. Былі ў нас свае явачныя пункты і кватэры, былі свае «паштовыя скрынкі» ў дуплах старых дрэў, свае «паштовыя работнікі». Ва ўсіх відах сувязі бралася стаўка не толькі на адну сувязную лінію. У нас дзейнічалі дзве ці нават тры паралельныя лініі. Калі здараўся правал або якая іншая няўдача на адной лініі, дык выручала другая.
Галоўным сродкам сувязі з савецкім тылам у першыя месяцы партызанскай барацьбы былі зноў жа людзі, нашы баявыя, загартаваныя падпольшчыкі. Мы даручылі ім перадачу выключна важных данясенняў і былі заўсёды ўпэўнены, што гэтыя данясенні не трапяць у рукі ворага. Правал такой групы прынёс бы, вядома, цяжкую страту, аднак гэта не было б правалам усёй арганізацыі. Трэба сказаць, што за ўвесь перыяд падполля ў нас не было такога правалу.
Мы пасылалі групы цераз лінію фронту ў Маскву — у ЦК КП(б)Б і Штаб партызанскага руху. Першую групу, як вядома, узначальваў наш баявы партызан Сцяпан Пятровіч.
Такія віды сувязі добра паслужылі нам, яны адыгралі вельмі важную ролю ў першыя месяцы партыйнага падполля і арганізацыі партызанскага руху на Беларусі. Аднак што дзень далей, то ўсё больш і больш пашыраўся партызанскі рух, узмацнялася ўсенародная барацьба з ворагам. Змяняліся ўмовы, узнікалі новыя і вельмі складаныя задачы. Нам стала цесна ў рамках нашай першапачатковай нелегальнай сувязі, яна ўжо адставала ад нашых патрабаванняў, тармазіла рух наперад. Наспявала неабходнасць шырокага выкарыстання тэхнічнай сувязі. 3 першых месяцаў сорак другога года мы старанна дамагаліся гэтага і ў пачатку мая атрымамалі рацыю. Беларускі штаб партызанскага руху рабіў усё неабходнае для таго, каб у кожнай вобласці, у кожным партызанскім злучэнні і нават у брыгадах, а пазней і ў атрадах, якія стаялі ў вельмі важных пунктах і вялі барацьбу з чужаземнымі захопнікамі на важных стратэгічных лініях, былі свае рацыі. Гэта дапамагала трымаць непасрэдную сувязь з нашымі франтамі і асобнымі арміямі, каардынаваць дзеянні, рэгулярна звязвацца з Масквой, Цэнтральным штабам партызанскага руху і ЦК КП(б)Б. Пазней стала вядома, што Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, атрымаўшы нашы данясенні, некалькі разоў спрабаваў устанавіць з намі непасрэдную сувязь, але пасланыя сюды групы па некаторых абставінах не даходзілі да нас і заставаліся працаваць па сувязі ў партызанскіх атрадах другіх абласцей рэспублікі.
Нарэшце адна група дасягнула мэты. Спусцілася яна на парашутах у раёне вёсак Убібачкі, Кузьмічы, Любанскага раёна. Дні два людзі блукалі па лесе, але паколькі гэта была партызанская зона, дык неўзабаве яны наткнуліся на нашы заставы.
Мы ў гэты час, выконваючы план адной аперацыі, ішлі ў напрамку Старыя Дарогі — Асіповічы. Атрады спыніліся на прывал у раёне вёскі Азярное, а штаб размясціўся каля вёскі Барыкоў. Раптам з\'яўляюцца тры коннікі і дакладваюць, што каля Убібачак затрыманы два невядомыя чалавекі з пакетам на маё імя. Трымаюцца гэтыя людзі неяк падазрона, апрануты ў нямецкую форму, з нямецкімі пісталетамі, ды між іншым прагаварыліся, што недзе ў лесе іх чакае яшчэ адзін чалавек. Калі затрыманыя пераканаліся, што перад імі партызаны, яны загаварылі смялей, хоць сакрэту, што ў іх ёсць рацыя, не выдалі: відаць, чакалі таго моманту, пакуль не будзе ўручаны пакет таму, каму ён адрасаваны.
Каб хутчэй высветліць, хто гэтыя людзі, я вырашыў паехаць туды сам. Узяў з сабой групу коннікаў, сеў у тачанку і зараз жа выехаў. Дарога была не блізкая, каля сарака кіламетраў трэба было праехаць, а калі з аб\'ездамі, то і больш. Прыбыў на месца ўжо раніцою.
Прывялі да мяне затрыманых — аказваецца, людзі знаёмыя. Адзін некалі ў трыццаць пятым ці трыццаць шостым годзе працаваў старшынёй Уздзенскага райвыканкома, прозвішча яго Жарыкаў, а другі — былы дырэктар сярэдняй школы Старобінскага раёна Скалабан. Відаць, ЦК КП(б)Б наўмысля паслаў такіх людзей, якія добра ведалі мяне.
Як пазней яны расказвалі, дык гэта так і было. Калі паўстала пытанне аб непасрэднай тэхнічнай сувязі з Мінскім падпольным абкомам і партызанскім злучэннем, а першыя сувязныя не дасягнулі сваёй мэты, таварыш Панамарэнка загадаў падабраць дэсантную групу з такіх людзей, якія б асабіста ведалі мяне, добра арыентаваліся ў мясцовасці і маглі б карыстацца давер\'ем насельніцтва. Гэта справа была даручана таварышу Аўхімовічу, які быў тады сакратаром ЦК КП(б)Б па кадрах. Пазней ён сам наведаў Мінскі, Палескі, Пінскі і Гомельскі падпольныя абкомы КП(б)Б, аказаў вялікую дапамогу ў падборы кіруючых партыйных кадраў і сваёй дзейнасцю дапамагаў разгортванню ўсенароднай партызанскай вайны.
Займаючыся гэтым пытаннем, таварыш Аўхімовіч успомніў пра Скалабана, які ў той час быў у Маскве. Да Айчыннай вайны Аўхімовіч прыязджаў у Старобінскі раён, там на партыйнай канферэнцыі ён чуў ад мяне і іншых раённых работнікаў добрыя словы пра Скалабана, які якраз быў дэлегатам канферэнцыі. Выклікаў цяпер яго ў ЦК, пазнаёміўся бліжэй. Скалабан даў згоду ляцець на Міншчыну. Сталі сумесна думаць пра другога чалавека, і Скалабан рэкамендаваў Сцяпана Жарыкава, з якім ён пазнаёміўся ў Маскве. I калі Скалабан пачаў потым гаварыць, што ў Мінскім падпольным абкоме працуе Казлоў, Жарыкаў сказаў, што ён мяне добра ведае, хацеў бы дабрацца да мяне і разам ваяваць супраць ворага.
Такім чынам, выходзіла, што да нас прыбылі свае людзі. Аднак у той суровы час ва ўсякай справе патрабавалася асцярожнасць, іншы раз нельга было давярацца нават і відавочным фактам. Да вайны я ведаў гэтых людзей, а як яны павялі сябе ў час вайны, было невядома.
Таму мне прыйшлося крыху пакрыўдзіць прыбыўшых у першую ж хвіліну нашага спаткання. Яны ў радасці кінуліся абдымацца са мной, а я прывітаўся стрымана і нават халаднавата. Ніяк не мог пераадолець свайго пачуцця насцярожанасці.
Было ў іх пісьмо мне ад сакратара Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б таварыша Панамарэнкі. Мы ўважліва прачыталі пісьмо. Хацелася б парадавацца з такога поваду і парадаваць іншых, але ж, на вялікі жаль, і тут мы не маглі поўнасцю пакласціся на бясспрэчнасць факта. Хто ведае, Панамарэнка пісаў гэтае пісьмо ці не? Мы ўжо неаднойчы атрымлівалі пісьмы, дзе стаяў подпіс Панамарэнкі. 3 пісьмамі, якія былі адрасаваны ўсім партызанам Беларусі з просьбай аказваць усялякую дапамогу такому-та работніку разведаддзела Чырвонай Арміі і падпісанымі нібыта начальнікам аддзела генштаба Чырвонай Арміі Кузняцовым, да нас спрабавалі прабрацца гітлераўскія шпіёны. Гестапа прыдумвала розныя правакацыі, але яму нічога не ўдавалася. Усе правакацыйныя пісьмы, сфабрыкаваныя гестапаўцамі, былі намі выкрыты разам з іх уладальнікамі.
Неўзабаве прывялі трэцяга чалавека. Гэта быў яшчэ зусім малады хлапец, з адкрытым, крыху наіўным тварам, з вясёлымі праніклівымі вачыма. Звалі яго Валодзем, прозвішча — Феўралёў. Ён быў родам са станцыі Цымлянская, Растоўскай вобласці, і трапіў у групу пасля сканчэння курсаў радыстаў у Маскве.
Дапусцілі людзей да работы, толькі на ўсякі выпадак Бондар устанавіў за імі нагляд. Час пакажа. Вудуць добра, сумленна працаваць, значыць, людзі нашы, уся тады ім павага і давер\'е, а пачнуць хітракаць, няхай наракаюць на сябе.
Я паслаў радыёграмы ў Маскву, у Цэнтральны Камітэт КП(б)Б і Штаб партызанскага руху. Радысты перадалі. Не звяраўся, як яны яе перадалі, але перадалі. Назаўтра атрымліваю адказ: «Рады, што звязаліся, віншуем, жадаем поспехаў...» і далей у такім стылі.
Што ж, думаю, першай магла быць і такая радыёграма, няма нічога дзіўнага. Перадаём яшчэ раз і просім канкрэтных указанняў у рабоце. Неўзабаве прыходзіць адказ і, на жаль, зноў такога ж зместу, толькі крышачку зменены: «Віншуем, моцна паціскаем руку, жадаем поспехаў...»
Тут ужо мы насцеражыліся: не можа быць, каб з Масквы пасылалі дзве, па сутнасці, аднолькавыя радыёграмы. Апрача таго, там добра ведаюць, што не віншаванні і пажаданні нам патрэбны, а дзейсная дапамога ў рабоце. Відаць, тут папахвае правакацыяй.
Мы вырашылі паслаць у ЦК яшчэ адну радыёграму. Напісалі канкрэтна, паставілі некалькі спецыфічных пытанняў. Атрымліваем зноў тое ж самае, што і раней, толькі з нязначнымі зменамі: тыя ж прывітанні, віншаванні, пажаданні і яшчэ некалькі, відаць, выдуманых шыфравальшчыкам слоў.
Што рабіць? Ёсць рацыя, а сувязі з Масквой, з Цэнтральным Камітэтам КП(б)Б як не было, так, па сутнасці, і няма. Зняць радыста, паставіць, скажам, свайго, дык жа ён кода і шыфра не ведае. А Жарыкаў спецыяльна рыхтаваўся для работы шыфравальшчыкам.
Выклікаю яго ў штаб.
— Скажы,— гавару,— Сцяпан Сяргеевіч, правільна ты расшыфроўваеш радыёграмы?
— А чаму вы мяне пытаеце? — адказвае. — Безумоўна, правільна.
— Чаму ж усе тры радыёграмы аднолькавыя?
— Не ведаю,— адказвае,— яны не зусім аднолькавыя. Мусіць, там так пісалі, я за гэта не адказваю.
Тут у мяне ўжо не хапіла цярплівасці.
— Будзеш гаварыць праўду ці не? — крыкнуў я.— Кажы, хто вас сюды паслаў?
Ён, бачу, крыху захваляваўся, а ўсё ж клянецца, што прыбыў з Масквы, з Беларускага штаба партызанскага руху. Запэўняе, што расшыфроўка дакладная.
Доўга я з ім гутарыў, нічога не даведаўся, пусціў. Пад вечар сабралася закрытае бюро абкома. Дакладваю бюро, што атрыманыя з Масквы радыёграмы выклікаюць сур\'ёзнае падазрэнне, што яны падобны адна на адну і не даюць ніякага кірунку ў рабоце. Нельга верыць, што гэта сапраўдныя радыёграмы. Нас могуць павіншаваць, пажадаць поспехаў адзін раз, але ж не можа таго быць, каб гэта паўтаралася тры разы засаб. Не такі цяпер час, каб займацца лішнімі пяшчотамі. Фашысты рвуцца на поўдзень, а мы салодзенькія радыёграмы атрымліваем.
Доўга мы думалі, як быць. Зрыў непасрэднай сувязі з Масквой глыбока хваляваў усіх членаў бюро. Трэба было зараз жа шукаць нейкага выйсця.
Бельскі прапанаваў выклікаць на бюро Жарыкава і выслухаць яго тлумачэнні. Я, вядома, не пярэчыў яшчэ раз паслухаць Жарыкава на бюро, але сказаў Бельскаму, што шыфравальшчык гаворыць не зусім шчыра. Жарыкаў прыйшоў хмурны, з разгубленым выглядам. Задаём пытанне — адмоўчваецца альбо круціць галавой, калі жорстка гаворым пра яго віну. Нічога благога не прызнае за сабою, нават бясспрэчныя факты адвяргае.
Тады я ўношу прапанову — адхіліць Жарыкава ад работы шыфравальшчыка і даручыць таварышу Бондару правесці расследаванне. I калі хоць што-небудзь з нашых падазрэнняў пацвердзіцца, прымяніць закон ваеннага часу. Бюро абкома прыняло такую прапанову.
Толькі цяпер зразумеў Жарыкаў, што далей хлусіць нельга. Ад роспачы і глыбокага хвалявання ён ледзь не заплакаў, а потым прызнаўся, што проста забыў шыфр: маскоўскія радыёграмы засталіся проста нерасшыфраванымі.
— Хіба мая галава — энцыклапедыя? — апраўдваўся Жарыкаў.— Я не магу доўга трымаць у памяці такіх складаных рэчаў. Калі вывучаў, здавалася, добра ведаў, а пакуль прыляцеў на месца, усё забыў, усё вылецела з галавы.
— Значыць, гэтыя радыёграмы, якія чытаў нам, ты проста выдумаў? — запытаўся я.
— Так,— адказвае,— выдумаў. Я спадзяваўся, што ўсё будзе добра.
— А Скалабан ведаў пра гэта?
— Не, не ведаў.
Я загадаў ізаляваць Жарыкава, бо ў мяне і ў астатніх членаў бюро абкома, па віне самога ж Жарыкава, з\'явілася падазрэнне, што ён здраднік.
Выходзячы са штаба, Жарыкаў нарэшце сказаў, што ў радыста Феўралёва ёсць запасы, аварыйны шыфр. Толькі гэты шыфр не зусім складаны, акупанты могуць разабрацца ў ім.
Давялося пайсці на рызыку. Я выклікаў радыста Валодзю Феўралёва і загадаў яму перадаць наступную радыёграму ў ЦК КП(б)Б: «Нармальнай сувязі ўстанавіць не магу. Жарыкаў забыў шыфр. Атрыманыя ад вас радыёграмы не расшыфраваны. Прашу тэрмінова камандзіраваць новага шыфравальшчыка».
Але радыст адмовіўся перадаваць радыёграму запасным шыфрам.
— Гэта шыфр аварыйны,— заявіў ён,— ім дазволена карыстацца толькі ў самых крайніх выпадках: у выпадках аварыі.
— Дык у нас жа якраз і аварыя,— кажу яму,— у нас правальваецца сувязь з Масквой, з Цэнтральным Камітэтам партыі.
— Чаму правальваецца? — пытае.— А Жарыкаў нашто?
— Жарыкаў забыў шыфр,— тлумачу я радысту,—ён цяпер арыштаваны за ашуканства і правал работы.
— Не можа гэтага быць,— не згаджаецца Феўралёў.— Мне загадана падначальвацца толькі Жарыкаву, і я гэтага буду трымацца. Няхай Жарыкаў напіша мне, што здарылася.
Давялося прынесці радысту запіску ад Жарыкава. Пазнаўшы яго почырк і канчаткова пераканаўшыся, што становішча з радыёсувяззю сапраўды пагражаючае, Феўралёў перадаў радыёграму сваім шыфрам.
У той жа дзень прыйшоў адказ ад ЦК КП(б)Б: «Радыёграму атрымалі. Прымаем захады. 29 будзе самалёт. Чакайце. Укажыце месца і ўстанавіце наземныя сігналы».
Мы ўказалі месца, і 29 мая 1942 года роўна ў дванаццаць гадзін ночы да нас прыбыў самалёт і спусціў на парашутах другога радыста і шыфравальшчыка.
3 гэтага часу ў нас устанаўліваецца рэгулярная радыёсувязь з ЦК КП(б)Б. Крыху пазней нам прыслалі яшчэ некалькі рацый і радыёвузел. Мы наладзілі радыёсувязь з сумежнымі абласцямі, раёнамі, з найбольш буйнымі брыгадамі і атрадамі. Кожны дзень ЦК атрымліваў ад нас весткі пра нашы партызанскія справы, пра нямецкія ўзброеныя сілы і кірункі іх руху, пра гітлераўскія гарнізоны і ўмацаванні на тэрыторыі Беларусі.
Таварыш Скалабан найлепш паказаў сябе на рабоце, працаваў камісарам аднаго атрада, многа разоў удзельнічаў у цяжкіх баях. Гэта быў чалавек сумленны і здольны. Мы прадставілі яго да ўрадавай узнагароды, і потым па даручэнню Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР я ўручыў яму ордэн Чырвонага Сцяга.
Што ж датычыць Жарыкава, дык ён на першых кроках не зразумеў, не ўзважыў усёй сур\'ёзнасці і адказнасці партызанскай барацьбы. На партызанскую дзейнасць ён глядзеў як на лёгкую рамантыку. Пэўны час ён нават не верыў, што партызаны могуць займацца чым-небудзь сур\'ёзным. Яму здавалася, што ўсе гэтыя рацыі, шыфры — проста нікчэмнае фантазёрства. Каму ў партызанах спатрэбіцца той шыфр? Навошта ён? Якая там можа быць сувязь? Жывуць людзі ў лесе, ратуюцца ад гітлераўцаў і не ў галаве ім гэтыя шыфры. Цікавіла толькі адно: паклапаціцца, каб не трапіць гітлераўцам у лапы.
У адносінах шыфра ён хутка ўбачыў, што памыліўся. Прыйшлося змяніць яму свае погляды і на многія іншыя справы. Мы паслалі яго радавым байцом у атрад Далідовіча. Ваяваў Жарыкаў нядрэнна, заслужыў давер\'е ў людзей і праз нейкі час быў назначаны камандзірам узвода ў адным з атрадаў у Ганцавіцкім раёне. За баявыя справы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалем «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені. 3 работай ён спраўляўся — усё ж такі чалавек з адукацыяй, з пэўным вопытам.
Загінуў Сцяпан Жарыкаў праз сваю залішнюю бестурботнасць, неасцярогу. Ішоў з Ганцавіч да нас, каб атрымаць зброю і боепрыпасы для атрада. Каля Капыля зайшоў да знаёмага калгасніка, з гадзіну адпачыў там, пачаставаўся і пайшоў далей. Замест таго каб ісці непрыкметна, рушыў адкрытымі шляхамі. Так ён натрапіў на гестапаўцаў.
Потым я цяжка перажываў праз яго і, шчыра скажу, вельмі шкадаваў, што загінуў чалавек так недарэчна. Я лічыў, што не толькі ён у гэтым вінаваты, а часткова і мы. Мусіць, не знайшлі падыходу к чалавеку, не дапамаглі яму па-сапраўднаму пераламаць сябе. Што ж зробіш? Нямала даводзілася перажываць і пакутаваць і праз некаторыя свае памылкі і праз памылкі сваіх таварышаў.
Другі радыст, што прыляцеў да нас з Масквы, прывёз мне пісьмо ад Панамарэнкі. Пісьмо было даволі загадкавае; спачатку я нават не мог зразумець, для чаго яно. Там пісалася наступнае: «Паведаміце мне, калі вы ў апошні раз былі ў Маскве, у ЦК ВКП(6); з кім мелі гутарку, які дакумент афармлялі?»
Нейкі час я не адказваў, усё думаў: навошта гэта, чаму мне задаюць такія пытанні? Потым зразумеў, што гэта робіцца для праверкі. Апошні раз у Маскве я быў у 1940 годзе, сустракаўся з сакратаром ЦК ВКП(б) таварышам Андрэевым А. А. і пісаў адзін вельмі важны дакумент. Аб гэтым ведаў у ЦК КП(б)Б толькі Панцеляймон Кандратавіч. Вось такім чынам і правяралася, той гэта Казлоў дасылае ў Маскву радыёграмы аб партызанскай дзейнасці ці які-небудзь другі, магчыма, падстаўлены ворагам. Усяго можна было чакаць у тыя часы.
Я паслаў у ЦК КП(б)Б падрабязныя весткі: і калі быў у Маскве, і з кім сустракаўся, аб чым ішла гаворка пры сустрэчы і які дакумент тады я пісаў.
Пасля гэтага сумненні, відаць, зніклі. Панцеляймон Кандратавіч потым расказваў мне, што пасля атрымання радыёграмы ён канчаткова ўпэўніўся, што гэта той самы Казлоў, які па ўказанню ЦК астаўся на Міншчыне для стварэння партыйнага падполля і арганізацыі партызанскай барацьбы. Ён так і далажыў Андрэю Андрэевічу:
— Гэта наш Казлоў.
Праз некалькі дзён прыйшла вельмі важная шыфроўка. Перадаюць шчырую падзяку ўсяму складу абкома і ўсім партызанам злучэння, затым паведамляецца, што Цэнтральны Камітэт увайшоў з хадайніцтвам ва Урад Саюза ССР аб узнагароджанні беларускіх партызан, якія мужна змагаюцца і вызначыліся ў баях з нямецкімі фашыстамі, ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза.
У гэтай жа тэлеграме было сказана, што Цэнтральны Камітэт ВКП(б) увесь час сочыць за барацьбой беларускіх партызан, усё ведае пра іх дзейнасць і, мусіць, неўзабаве будуць выкліканы ў ЦК кіраўнікі партызанскага руху, якія знаходзяцца на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі.

XXII

У адным з маляўнічых куткоў Любаншчыны, недалёка ад вёскі Старасек, знаходзіцца малапрыкметны сярод лясоў і зараснікаў астравок Зыслаў. Рака Арэса з шырокімі дрыгвяністымі берагамі агібае яго з усходу. Вакол вострава — балота, таму нават у самае засушлівае лета дабрацца туды нялёгка. Месца гэтае прыгожае і багатае разналессем. Расце на востраве стромкі хвойнік, раскошны алешнік, сустракаюцца бярозы і дубы. Вясковыя хлапчукі і дзяўчаты, правальваючыся па пояс у дрыгве, іншы раз дабіраліся сюды па суніцы і маліны, а пазней — па арэхі. Птаства тут вялося ўсялякае: што ні дрэва, то гняздо. I не дзіва, што часамі хлапчукі прыносілі дадому рознакаляровыя яйкі і хваліліся аднагодкам сваімі дзіўнымі здабыткамі.
Бадай-што, ні на адной карце не абазначаўся гэты астравок, а калі і абазначаўся дзе, дык маленькай, малапрыкметнай кропкай. Нейкі час нашы атрады не звярталі на яго асаблівай увагі, але потым Далідовіч размясціў там некаторыя свае запасныя базы. Пасля гэтага пачалі наведвацца сюды і другія камандзіры партызанскіх атрадаў. Сур\'ёзна зацікавіліся мы гэтым астраўком толькі тады, калі паўстала пытанне будаўніцтва вялікага партызанскага аэрадрома. Справа гэтая вельмі ж наспела ўлетку сорак другога года,— заставацца без свайго аэрадрома больш нельга было, ды і аэрадром патрэбен быў такі, які б выконваў задачы не толькі абласнога, але і рэспубліканскага значэння. У нас ужо добра наладзілася радыё і жывая сувязь з Вялікай зямлёй, часта прыляталі ў партызанскі край самалёты, але прызямліцца ім не было дзе. Лётчыкі скідвалі нам грузы, але не ўсё прысланае такім чынам мы маглі атрымаць. Былі выпадкі, калі пакункі са зброяй і боепрыпасамі траплялі ў балота або ў такі гушчар, што знайсці іх было нялёгка, а некаторыя і зусім не знаходзілі.
Аэрадром дапамог бы нам больш наблізіцца да Вялікай зямлі, да роднай Масквы. Мінскім партызанам, ды і ўсяму беларускаму народу добра было вядома, што Цэнтральны Камітэт партыі і Савецкі ўрад сочаць за іх барацьбой, цікавяцца іх жыццём і дзейнасцю. Гэта надавала людзям сілы і адвагі, загартоўвала іх у цяжкім і гераічным змаганні.
Савецкі чалавек выхаваны так, што яму цяжка жыць і працаваць, не адчуваючы локця братніх народаў, не маючы штодзённай жывой сувязі са сваім урадам, са сваёй партыяй. Цэнтральны Камітэт нашай партыі штодзённа цікавіўся разгортваннем партызанскага руху на Беларусі. Вестка аб тым, што ў ЦК рыхтуецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускага народа, невымерна ўзрадавала нас і яшчэ болын актывізавала партызанскія атрады ў барацьбе з акупантамі. Паслаць свайго прадстаўніка ў Маскву — было вялікім шчасцем і гонарам для кожнага партызана і партызанкі. Тым больш што нам ужо было пра што расказаць. К жніўню 1942 года толькі ў адным нашым злучэнні было ўжо каля дзесяці тысяч чалавек — шэсцьдзесят сем партызанскіх атрадаў і груп. Мы мелі вялікую колькасць вінтовак і аўтаматаў, ручных і станковых кулямётаў і каля двух дзесяткаў гармат. У нас былі ўжо такія сілы, што мы маглі аперыраваць па ўсіх раёнах Міншчыны і Палесся, трымалі сувязь і аказвалі дапамогу партызанам другіх абласцей, асабліва заходніх абласцей Беларусі, устанавілі кантакт з бранскімі, украінскімі і нават польскімі партызанамі, якім аказвалі брацкую дапамогу па ўзмацненню барацьбы з ненавіснымі акупантамі. Адчувальная была наша дапамога ўкраінскім партызанам, у прыватнасці брыгадзе Каўпака, якая на працягу амаль трох месяцаў знаходзілася на тэрыторыі Беларусі.
Вялікую і надзвычай дзейсную дапамогу аказвалі беларускім партызанам масквічы і насельніцтва другіх абласцей РСФСР. У наша злучэнне прыбыў з Падмаскоўя конны атрад пад камандай Флегантава. Гэтыя людзі, перабраўшыся цераз лінію фронту, правялі нечуваныя па свайму характару, сапраўды гераічныя рэйды па тылах ворага.
Камандзіра атрада Аляксея Кандзідзьевіча Флегантава Вялікая Айчынная вайна заспела на пасадзе кіраўніка спраў Гідраметслужбы пры Саўнаркоме СССР. Кіпучая натура, бязмежная любоў і адданасць партыі і Радзіме клікалі яго ў бой, на франты Вялікай Айчыннай вайны.
— Я не магу больш заставацца ў Маскве ў цішыні службовага кабінета,— гаварыў ён сакратару партыйнай арганізацыі Гідраметслужбы.
—Ты зможаш прынесці фронту карысць і тут, на адказнай грамадзянскай рабоце,— адказвалі яму ў партарганізацыі.
— I ўсё ж прашу накіраваць мяне на фронт,— настойваў Флегантаў. А калі нельга на фронт, то накіруйце ў тыл ворага, у партызанскія атрады. У гэтай справе ў мяне ўжо ёсць вопыт з часоў грамадзянскай вайны.
Праз некаторы час партыйная арганізацыя разам з ваенкаматам накіравала таварыша Флегантава ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху.
Нарадзіўся Аляксей Кандзідзьевіч у 1887 годзе ў беднай рабочай сям\'і ў горадзе Ольга, Чыцінскай вобласці. У раннім дзяцінстве асірацеў. Далейшае яго жыццё і выхаванне праходзіла ў сястры. Вельмі рана прыйшлося яму спазнаць паднявольную працу. Прыходзілася наймацца чорнарабочым у горадзе Чыце, а таксама на залатыя прыіскі ў Забайкаллі.
Але цяжкае жыццё не зламала падлетка, ён рос мужным і моцным, гартавалася яго воля і ўсё больш расла ў душы нянавісць да царскага самадзяржаўя, расла і мацнела самасвядомасць. 17-гадовым юнаком Аляксей апынуўся ў самай гушчы бурлівых падзей першай рускай рэвалюцыі 1905 года. У Хабараўску ён прымае актыўны ўдзел у вельмі смелай аперацыі пры вызваленні з турмы групы палітычных зняволеных. А калі пачалася першая сусветная вайна, Флегантава мабілізавалі ў царскую армію, дзе ён служыў спачатку радавым салдатам, а праз некаторы час быў накіраваны ў школу юнкераў. I тут Флегантаў ужо ў новых умовах працягвае рэвалюцыйную работу сярод сваіх таварышаў, салдат, растлумачваючы ім палітычную сутнасць і класавы характар імперыялістычнай вайны. Яго ўплыў і аўтарытэт усё больш і больш павялічваліся. У бурлівыя лютаўскія дні 1917 года салдаты выбралі яго старшынёй палкавога камітэта 28-га стралковага палка. 3 далёкага Петраграда, з берагоў Нявы, данесліся на Далёкі Усход залпы гармат «Аўроры». Праз некаторы час і тут узялі ўладу ў свае рукі рабочыя і сяляне. 3 першых жа дзён Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі працоўныя Хабараўска аказалі вялікае давер\'е Аляксею Кандзідзьевічу, выбраўшы яго членам, а затым і старшынёй Хабараўскага гарадскога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Пачалася грамадзянская вайна. Вогненным кальцом інтэрвентаў была акружана маладая Савецкая рэспубліка. Асабліва цяжка і доўга ішла жорсткая барацьба на франтах Далёкага Усходу, і ўвесь гэты час Флегантаў быў у першых радах салдат рэвалюцыі, на перадавых пазіцыях гэтай жорсткай барацьбы. У самыя цяжкія гады грамадзянскай\'вай-ны ён на ўсё жыццё звязаў свой лёс з Камуністычнай партыяй, уступіўшы ў яе рады ў 1919 годзе. На фронце з асаблівай сілай праявіўся талент Аляксея Флегантава як арганізатара, кіраўніка парты-занскага руху, вельмі здольнага военачальніка. Аляксей Кандзідзьевіч паказаў цудоўную мужнасць і гераізм у бязлітаснай барацьбе супраць ворагаў працоўных — калчакаўцаў, сямёнаўцаў і банд замежных інтэрвентаў. Спачатку ён узначальваў не-вялікі партызанскі атрад, а затым камандаваў дывізіяй. 3 1921 года да поўнага вызвалення савецкага Далёкага Усходу стаяў на чале ўсіх партызанскіх сіл Прымор\'я.
Савецкі ўрад высока ацаніў Флегантава ў барацьбе супраць белагвардзейскіх інтэрвентаў, узнагародзіўшы яго ордэнам Чырвонага Сцяга.
У мірны час Аляксея Кандзідзьевіча накіравалі туды, дзе асабліва было ў той час цяжка, дзе патрабаваліся добрыя арганізатары, актыўныя партыйныя работнікі. Спачатку на Далёкім Усходзе, потым на Украіне, пазней — у Маскве Флегантаў займае адказныя дзяржаўныя і гаспадарчыя пасады. I ўсюды ён паказвае сябе як верны ленінец, бязмежна адданы партыі і свайму народу.
Канец ліпеня 1941 года. Аляксей Кандзідзьевіч Флегантаў, як стары камуніст, баявы важак далёкаўсходніх партызан, па заданню партыі працуе на апаленай вайною і параненай зямлі Смаленшчыны. Прымяняючы свой баявы і жыццёвы вопыт, накоплены ў гады грамадзянскай вайны, ён дапамагае партыйным арганізацыям Смаленшчыны ў згуртаванні і ўзбраенні партызанскіх атрадаў. 3 уласцівай камуністу энергіяй і вялікім уменнем ён кіруе барацьбой смаленскіх народных мсціўцаў, а потым камандуе адным з самых вялікіх партызанскіх атрадаў.
Няспыннае напружанне ў рабоце, бяссонныя ночы і да таго ж старыя раны далі сябе адчуць. У пачатку кастрычніка 1941 года камандаванне адклікала Флегантава ў Маскву на лячэнне. У гэты час, як вядома, цёмныя зграі фашызму пагражальнай лавінай усё далей імкнуліся на ўсход. Усё бліжэй і бліжэй вораг падыходзіў да меж Маскоўскай вобласці. Стваралася непасрэдная пагроза сэрцу нашай Радзімы — Маскве. I хаця вельмі дрэнна адчуваў сябе ў гэты час партызанскі важак Флегантаў, усё ж ён не мог заставацца ў Маскве, нават адмаўляўся ад далейшага лячэння. Па яго настойліваму патрабаванню Штаб партызанскага руху накіроўвае Флегантава ў лясы Падмаскоўя, дзе ў той час фарміраваліся партызанскія атрады, арганізоўваліся харчовыя базы, накопліваліся запасы зброі і абсталёўваліся партызанскія стаянкі. Флегантаў працуе ў гэты час інструктарам партызанскага руху ў Падмаскоўі. Дні і ночы раз\'язджае ён па раёнах вобласці, арганізоўвае партызанскія атрады, вучыць маладых партызан баявым справам, інструктуе іх, перадае свой багаты вопыт. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле выдаецца «Спутнік партызана», які стаў потым настольным даведнікам і вельмі патрэбным дапаможнікам для народных мсціўцаў. Многія партызанскія атрады Падмаскоўя сваімі баявымі поспехамі ў значнай меры абавязаны штодзённай дапамозе Флёгантава.
А калі ў снежні 1941 і пачатку 1942 года слаўныя палкі Чырвонай Арміі пачалі граміць фашысцкіх акупантаў пад Масквой, Флегантаў быў ужо самым цяснейшым чынам звязаны з многімі партызанскімі атрадамі Падмаскоўя, каардынаваў іх дзеянні ў дапамогу нашым рэгулярным часцям.
Вайна ўсё далей і далей адыходзіла на захад. Былі вызвалены ад фашыстаў многія вобласці, але вораг яшчэ не быў поўнасцю прагнаны з нашай зямлі. У гэты час Аляксей Канедзеевіч, вельмі моцна пасябраваўшы з маскоўскімі партызанамі, пачаў распрацоўваць ідэю стварэння спецыяльнай кавалерыйскай часці, якая б змагла быць накіравана ў тыл ворага для баявых дзеянняў. Ён пачаў вербаваць добраахвотнікаў. У сваю кавалерыйскую групу Флегантаў падбіраў найбольш смелых, адважных людзей. Некаторы час ён сам займаўся і абучэннем байцоў-кавалерыстаў.
I вось наступіў доўгачаканы дзень — 3 жніўня 1942 года. Добраахвотнікі-кавалерысты на чале з Флегантавым пагрузіліся ў салдацкія цяплушкі і накіраваліся спачатку на Калінінскі фронт. Там яны працягвалі сваё баявое абучэнне. Вучылі кавалерыстаў і партызан, якія прыбылі з Беларусі праз так званыя «Віцебскія вароты».
Коннаму партызанскаму атраду далі назву «Баявы». Атрад меў некалькі эскадронаў і ўзводаў. Пасля падрыхтоўкі быў накіраваны ў тыл ворага на тэрыторыю Беларусі. Пераходы рабілі галоўным чынам ноччу. Незаўважанымі перайшлі лінію фронту і праз некаторы час апынуліся на тэрыторыі Віцебшчыны.
Цэнтральны штаб партызанскага руху паставіў перад конным атрадам вельмі адказную задачу: сваімі дзеяннямі, баявым прыкладам, умелай пастаноўкай партыйна-палітычнай работы сярод мясцовага насельніцтва ўсяляк садзейнічаць разгортванню партызанскага руху ў Беларусі. Гэтую задачу атрад стараўся ўвесь час паспяхова выканаць. Ужо рухаючыся да месца прызначэння, ён правёў некалькі баявых аперацый у тыле ворага.
10 верасня 1942 года атрад дасягнуў Лепельскага раёна. Партызанская разведка данесла, што мястэчка Камень занята штабам гітлераўскай дывізіі на чале з генералам. Фашысты збіраюцца пераязджаць у пасёлак Бароўка.
Флегантаў прыняў вельмі смелае рашэнне — разграміць штаб фашысцкай дывізіі. Ажыццяўленне гэтай аперацыі было даручана ўзводу Жохава I. В. Раніцай 12 верасня група партызан, узброеных аўтаматамі, кулямётамі, ПТР і мінамі, прыбыла ў назначанае месца, замініравала шасэ і замаскіравалася ў 50 метрах ад дарогі. Налёт быў разлічаны на раптоўнасць. Гэта атраду ўдалося. У выніку аперацыі было знішчана 12 аўтамашын з жывой сілай і боепрыпасамі, 80 салдат, 3 афіцэры і генерал. Былі таксама ўзяты цэнныя дакументы з штаба дывізіі.
Праз некаторы час атрад уступіў на тэрыторыю Чэрвеньскага раёна, і 17 кастрычніка 1942 года кавалерысты прыбылі ў вёску Зенаполле.
У сямі кіламетрах ад вёскі, на лясным участку Рассохі, партызаны аблюбавалі месца для свайго лагера. Пачалося будаўніцтва гаспадарчых памяшканняў, шпіталя, абсталяванне стойлаў для коней. А потым пайшло звычайнае партызанскае жыццё ў лесе. Невялікія групы амаль кожны дзень выходзілі адсюль на баявыя заданні.
Выконваючы адказную задачу штаба Мінскага партызанскага злучэння, конны атрад на чале з Флегантавым увесь час праводзіў вялікую арганізацыйную работу па ўмацаванню партызанскіх падраздзяленняў. Праз некаторы час у адной брыгадзе пад камандаваннем Флегантава былі аб\'яднаны конны атрад, а таксама атрады Ціхамірава, Лівенцава, Філіпскіх і Кузняцова. Такая арганізацыйная структура адыграла вялікую ролю. 3 часам брыгада вырасла ў грозную, добраўзброеную і арганізаваную сілу. Партызанская брыгада мела даволі рэгулярную радыёсувязь з Вялікай зямлёй. Гэта дало магчымасць Цэнтральнаму штабу партызанскага руху сістэматычна забяспечваць брыгаду неабходным узбраеннем, боепрыпасамі, выбуховымі матэрыяламі. 3 кожным днём усё больш пашыралася кола баявой дзейнасці брыгады. Усё часцей праводзіліся буйныя баявыя аперацыі.
У канцы лістапада 1942 года кавалерысты пад камандаваннем Бабкова разам з атрадам Ціхамірава знішчылі фашысцкі эшалон у раёне станцыі Талька, Пухавіцкага раёна. Аперацыя была дэталёва прадумана і распрацавана. Месца для арганізацыі знішчэння эшалона было выбрана на перагоне станцыі Верайцы — Талька. Лясны масіў у гэтым раёне і скрытыя падыходы да чыгункі садзейнічалі поспеху партызан. Падрыўнікі Агапонаў і Кузняцоў пад прыкрыццём сваіх таварышаў хутка і ўмела замініравалі чыгунку. Партызаны пад камандаваннем Ціхамірава, Саланчука і Бычкова замаскіраваліся ў канавах. Наступіла трывожная, насцярожваючая цішыня. I вось праз некаторы час гэтую цішыню парушыў перастук поезда, які марудна падыходзіў да замініраванага ўчастка дарогі. Раздаўся аглушальны выбух. Уцалелыя гітлераўцы пачалі актыўна адстрэльвацца. Стала зразумела, што гэта быў эшалон з жывой сілай ворага. Партызаны адкрылі прыцэльны агонь і пачалі атаку на фашыстаў. Асобныя смельчакі амаль ушчыльную падыходзілі да вагонаў і ва ўпор расстрэльвалі ачумелых ад спалоху гітлераўцаў. У гэты час другая група партызан закідвала вагоны гранатамі.
Расправіўшыся з жывой сілай ворага, народныя мсціўцы спалілі ўвесь эшалон. Была знішчана значная частка гітлераўскага папаўнення, якая накіроўвалася на фронт.
Прыход кавалерыйскага падраздзялення з-за лініі фронту ў беларускія лясы меў вялікае маральнае значэнне і адыграў пэўную ролю ва ўзмацненні партызанскай барацьбы.
Партызанская брыгада пад камандаваннем Флегантава вырастала хутка і колькасна. У яе рады цэлымі групамі прыходзілі людзі не толькі з навакольных вёсак, але нават і з аддаленых раёнаў. Мясцовае насельніцтва забяспечвала партызан усім неабходным. Людзі прыносілі ў лес знойдзеныя імі зброю, боепрыпасы, дапамагалі ў забеспячэнні выбуховымі матэрыяламі.
Шырокае разгортванне партызанскага руху на Чэрвенынчыне выклікала сур\'ёзную трывогу сярод акупантаў. У лютым і сакавіку 1943 года гітлераўцы кінулі на барацьбу з партызанамі вялікую карную сілу. I тут камандаванне партызанскай брыгады прыняло рашэнне: часова перадыслакавацца ў іншае, больш бяспечнае месца, за межы Чэрвеньскага раёна. Гэта перамяшчэнне праходзіла з 11 па 13 сакавіка 1943 года і ўвесь час з вельмі ўпартымі баямі.
Ноччу на 13 сакавіка частка брыгады ва ўмовах цяжкіх баёў вымушана была спыніцца каля вёскі Ігнатаўка, Асіповіцкага раёна. Раніцай карнікі вялікай сілай акружылі гэту вёску. Камандзір брыгады аддаў загад заняць кругавую абарону і ўступіць у бой з наступаючым ворагам. Пасля моцнай і даволі працяглай, перастрэлкі партызаны кінуліся ў атаку. Карнікі вымушаны былі адступіць і на некаторы час прыціхлі. Адчувалася, што фашысты збіраюцца перагрупаваць свае сілы. Партызаны стараліся выкарыстаць гэты вельмі кароткі час для таго, каб вывесці хаця б свой абоз і раненых. Флегантаў аддаў загад тылавым службам як мага хутчэй адыходзіць у глыбіню лесу, а сам з невялікай групай партызан застаўся на самай адказнай пазіцыі, каб прыкрыць адыход абоза з партызанскай маёмасцю, і галоўным чынам павозкі з раненымі партызанамі.
У гэты час карнікі паўтарылі сваё наступленне з яшчэ большай сілай. Яны падцягнулі сюды нават артылерыю і танкі. Пачалася вельмі ўпартая, метадычная «апрацоўка» лесу. Так працягвалася даволі доўга, а потым гітлераўцы зноў пайшлі ў атаку. Аляксей Флегантаў увесь час асабіста вёў агонь па ворагу, усімі сваімі сіламі і баявым прыкладам натхняў байцоў на самыя рашучыя подзвігі. Гераічная барацьба партызан працягвалася доўга. Што ні рабілі фашысты, якія сілы ні прымянялі, але не змаглі зламаць супраціўленне і вялікую мужнасць групы партызан пад камандаваннем слаўнага камбрыга Флегантава.
Праз некаторы час у жорсткай барацьбе камбрыг быў цяжка паранены. Як ні намагаліся партызаны, але выратаваць яго не ўдалося. На баявым пасту, у гераічнай, самаахвярнай барацьбе з гітлераўскай навалай, адстойваючы беларускую зямлю, загінуў верны сын рускага народа, легендарны камбрыг камуніст Аляксей Кандзідзьевіч Флегантаў.
На магіле свайго баявога камбрыга партызаны далі клятву бязлітасна помсціць ненавіснаму ворагу і любой цаной заваяваць светлую, патрэбную людзям перамогу, у якую так непахісна верыў камбрыг. Праз некаторы час партызаны назвалі імем Аляксея Флегантава сваю брыгаду.
Па загаду Беларускага штаба партызанскага руху ў кастрычніку 1943 года партызанская брыгада імя Аляксея Флегантава выйшла ў другі вялікі рэйд па беларускай зямлі — з лясоў Чэрвеньшчыны да Заходняга Буга, у лясы Маларыцкага раёна, Брэсцкай вобласці. Як і тут, на Міншчыне, так і там, у лясах Брэстчыны, мужныя народныя мсціўцы брыгады імя Флегантава бязлітасна грамілі фашысцкіх акупантаў ужо да поўнага выгнання іх з межаў нашай рэспублікі.
* * *
У цяжкія і суровыя дні, калі на часова акупіраванай тэрыторыі Беларускай рэспублікі гаспадарылі чорныя сілы гітлераўскіх людаедаў, ператвараючы ў руіны нашы гарады, вёскі і сёлы, знішчаючы дзесяткі тысяч савецкіх людзей, сотні юнакоў і дзяўчат, камсамольцаў і несаюзнай моладзі гор. Масквы, Маскоўскай вобласці і многіх іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі звярнуліся з заявамі ў партыйныя, савецкія і ваенныя арганізацыі з просьбай накіраваць іх на акупіраваную тэрыторыю Беларусі для барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Гэты рух узначаліў ЦК ВЛКСМ, Маскоўскі камітэт і мясцовыя камітэты ВЛКСМ.
У чэрвені 1942 года ЦК Кампартыі Беларусі, ЦК ВЛКСМ і Маскоўскі камітэт ВЛКСМ стварылі маладзёжны камсамольскі атрад маскоўскіх аўта-матчыкаў, прысвоіўшы яму імя Героя Савецкага Саюза капітана Гастэлы — вернага сына беларускага народа, гераічна загінуўшага ў першыя дні вайны ў смяротнай схватцы з фашысцкімі сцярвятнікамі.
У атрад уступілі камсамольцы пераважна ва ўзросце 18—20 гадоў. Камісарам атрада быў назначаны Панцялеенка Мікалай — удзельнік фінскай вайны, чалавек, які прайшоў вялікую баявую школу; начальнікам штаба — камсамолец-франтавік Сіманаў Мікалай, які ўдзельнічаў у многіх баях з фашысцкімі акупантамі пры абароне Севастопаля і пасля шпіталя, будучы нестраявым, звярнуўся з просьбай накіраваць яго ў тыл ворага працягваць барацьбу з фашысцкімі акупантамі. Атрад у ліпені 1942 года пачаў свой шлях у тыл фашысцкіх акупантаў.
У саставе атрада былі дзве дыверсійна-падрыўныя групы, накіраваныя са спецыяльным заданнем ЦК у тыл ворага. Камандзірамі гэтых груп былі камуністы Жукоўскі Аляксандр, Пушчын Казімір.
Цэнтральным Камітэтам Кампартыі Беларусі і Цэнтральным штабам партызанскага руху перад атрадам была пастаўлена задача: зрабіць рэйд па тылах ворага з паўночных раёнаў Беларускай рэспублікі ў паўднёвыя раёны, арганізоўваючы на сваім шляху дыверсійна-падрыўную работу.
У жніўні 1942 года атрад прыняў партызанскую прысягу і пачаў пераходзіць лінію фронту. Сэрцам атрада з\'явіліся камуністы, якіх налічвалася 7 чалавек, і 40 чалавек камсамольцаў. Гэта была вялікая арганізуючая сіла, якая ўзначальвала барацьбу атрада з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У выключна цяжкіх умовах на працягу 43 дзён атрад прайшоў па тылах ворага каля 1 500 кіламетраў.
Лінію фронту атрад прайшоў праз «Віцебскія вароты». Першыя дні марш праходзіў амаль бесперапынна. Гэтага патрабавалі абставіны і выкананне пастаўленай задачы — зрабіць рэйд за самы кароткі тэрмін. У асобныя дні атрад рабіў па 50 кіламетраў у суткі.
Камсамольцы Рыма Шаршнёва, Вася Шутаў, Георгій Шчарбатаў, Міша Чукін, Віктар Мінкоў, Саша Ільічоў, Лёша Нікалаеў, Лёва Луневіч, Віктар Якаўлеў, Юрый Лісоўскі, Вася Камароў, Ніна Макарава, Галя Кірава, Пеця Коўзун, Юра Растаргуеў і шмат іншых сваёй храбрасцю і адвагай служылі прыкладам у барацьбе з фашысцкімі акупантамі. Па-таварыску і з вялікай любоўю сустракалі гастэлаўцаў мясцовыя партызаны і насельніцтва. Вестка аб руху маскоўскіх аўтаматчыкаў хутка пачала аблятаць населеныя пункты. Распаўсюджваліся чуткі, што рухаецца дэсант у саставе 6 000 чалавек. Гастэлаўцы па шляху свайго руху праводзілі вялікую масава-палітычную работу. Аб рэйдзе атрада стала вядома і нямецкай агентуры, і фашысцкім наймітам-паліцэйскім. Гэта ўскладніла далейшае прасоўванне атрада, але не збавіла тэмпу руху.
У жніўні 1942 года атрад падышоў ноччу да ракі Обаль, Сіроцінскага раёна, Віцебскай вобласці. На месцы, выбраным для фарсіравання ракі, аказаўся паром, які выкарысталі для пераправы. Як толькі паром з групай людзей і баявой маёмасцю дайшоў да сярэдзіны ракі, ён раптоўна пачаў тануць і пайшоў на дно. У гэты момант надзвычайную адвагу ў выратаванні людзей і баявой маёмасці пад кіраўніцтвам камісара атрада Панцялеенкі праявілі аўтаматчыкі камсамольцы Глазуноў, Чыстоў, Бадаеў і іншыя. Тут атрад затрымаўся на цэлыя суткі. Як высветлілася пазней, паром быў прабіты і вельмі старанна замаскіраваны мясцовымі паліцэйскімі. На Другія суткі, ноччу, атрад фарсіраваў раку Обаль уброд і ўплаў.
Гастэлаўцам трэба было яшчэ пераправіцца праз чыгунку Полацк — Віцебск. Тут участак адкрыты, ні кусціка, ні дрэўца, а таму і вельмі небяспечны. Аднак, як сцвярджалі праваднікі, не так ужо старанна ахоўваецца. Атрад дзейнічаў ноччу. Наперадзе ішла ўзмоцненая разведка. Яна ў самым пачатку пераходу натрапіла на густа расстаўленыя агнявыя кропкі ворага. Успыхнуў шквальны перакрыжаваны агонь. Вяртацца назад было небяспечна. На кароткай нарадзе камуністаў і камандзіраў было прынята рашэнне — прарвацца, знішчыўшы агнявыя точкі праціўніка, дзейнічаць групамі пад камандай камуністаў і камсамольцаў.
У кароткім, але вельмі жорсткім баі заданне было паспяхова выканана, пераход праз чыгунку забяспечан.
Гастэлаўцы амаль поўнасцю знішчылі ўмацаваную точку праціўніка. Уцалелыя фашысты ў паніцы адступілі. У гэтым рашучым баі вызначыліся байцы атрада Васіль Распопаў, Георгій Шчарбатаў, Васіль Шутаў.
На шляху гастэлаўцаў была вёска Мясаедава. У ёй размяшчаўся паліцэйскі гарнізон. Даведаўшыся аб руху партызан, гарнізон без бою разбегся. Насельніцтва вельмі добра сустрэла партызан і аказала ім дапамогу прадуктамі. Добра сустрэла атрад і насельніцтва вёскі ІІІашы. У час адпачынку 72-гадовы калгаснік Фядура Мікалай Савельевіч арганізаваў лазню для партызан і харчаванне.
У канцы месяца атрад фарсіраваў Заходнюю Дзвіну. Тут наогул адсутнічалі сродкі пераправы. Пасля старанных пошукаў былі знойдзены дзве лодкі. Гастэлаўцы вырашылі фарсіраваць раку на гэтых лодках. Атрымаўшы неабходныя разведданыя аб праціўніку, было прынята рашэнне: раку фарсіраваць днём і як мага хутчэй, аператыўней, пакуль вораг не заўважыў атрада. Велізарную дапамогу ў пераправе праз раку аказалі кіраўнікі мясцовых партызан таварышы Несцераў і Баранаў Павел Іванавіч. Адшукалі іх пры дапамозе дзяўчыны-партызанкі Іры Храбценка, якую выпадкова сустрэлі ў час разведкі. Яна не выдала сябе да таго часу, пакуль не прывяла атрад у лес да партызан.
Асабліва цяжкім было фарсіраванне ракі Бярэзіны. Каб дабрацца да берага, неабходна было прайсці з вельмі цяжкім грузам узрыўчаткі і боепрыпасаў па балоцё каля двух кіламетраў, а затым па канаве праз Бярэзінскі запаведнік. Тут некаторыя байцы вельмі стамляліся, іх неабходна было вызваляць ад грузаў і размяркоўваць яго сярод больш моцных таварышаў. На пераадоленне гэтага ўчастка атраду спатрэбілася каля сутак, аднак задача фарсіравання ракі была выканана паспяхова.
На шляху атрада аказаліся яшчэ дзве ракі ў Барысаўскім раёне — Гайна і Цна. Іх прыйшлося фарсіраваць ноччу і таксама з вялікімі цяжкасцямі.
У верасні 1942 года атрад дасягнуў Асіповіцкага раёна. Каля вёсак Ловічы і Зборск фарсіравалі раку Свіслач — ноччу, на адкрытым месцы. Сродкаў для пераправы таксама не было. Плот з тонкіх бярвенняў, звязаных рамянямі, аказаўся непрыгодным для пераправы. Прынялі рашэнне шукаць сродкі для пераправы на тым баку. 3 гэтай мэтай партызан Нікалаеў Аляксей Ягоравіч пераплыў на другі бераг і знайшоў дом лесніка. Ляснік прозвішча свайго не сказаў, але даў для пераправы лодку на двух чалавек. Гастэлаўцам прыйшлося зрабіць звыш 30 рэйсаў для таго, каб пераправіць людзей і баявую маёмасць.
Ноччу падышлі да чыгуначнай магістралі Асіповічы —Бабруйск. Дарога тут узмоцнена ахоўвалася, праз кожныя сто метраў гарэлі кастры, немцы бесперапынна патрулявалі. Каля вогнішчаў стаялі людзі з мясцовага насельніцтва, прыцягнутыя акупантамі да аховы чыгункі. Цягнікі праходзілі вельмі часта. Разведка атрада захапіла аднаго патрульнага з грамадзянскіх асоб, які паказаў найбольш зручнае месца для пераходу чыгункі — бетонную вадасцёкавую трубу, якая праходзіла пад чыгуначным палатном. Да гэтага месца прыйшлося паўзці па-пластунску, ланцужком. Потым усе прапаўзлі праз трубу без перашкод. Пасля гэтага партызаны доўга смяяліся: не прайшлі па зямлі, дык прайшлі пад зямлёю.
За час пераходу гастэлаўцам неаднаразова прыходзілася ўступаць у бой з фашыстамі. Каля дзесятка мясцовых гарнізонаў і нямала варожых застаў было знішчана.
У канцы верасня атрад дасягнуў Акцябрскага раёна, Палескай вобласці, дзе дзейнічала ў той час група партызан на чале з Героем Савецкага Саюза Паўлоўскім. У першай палавіне кастрычніка гастэлаўцы размясціліся лагерам у 4 кіламетрах ад вёскі Альбінск і паступілі ў распараджэнне камандавання партызанскім злучэннем Мінскай і Палескай абласцей. Адразу ж уключыліся ў баявую работу.
Штаб злучэння даручыў гастэлаўцам зрабіць налёт на фышысцкі эшалон на ўчастку Жыткавічы—Капцэвічы. Падрыўную групу ў саставе Васіля Шутава, Галіны Кіравай, Рыгора Такуева і Льва Гінзбурга ўзначаліў Казімір Пушчын. Аперацыя праводзілася днём. 3 абодвух бакоў чыгуначнага палатна гастэлаўцы выставілі наглядальнікаў. Па сваёй нявопытнасці яны не адразу заўважылі набліжэнне нямецкага патруля. У самы разгар работы падрыўнікоў нямецкія ахоўнікі ўзнялі трывогу. 3 варожага эшалона, які ў той час падышоў, высыпалі гітлераўцы. Завязаўся цяжкі, няроўны бой. Гастэлаўцы прыкрылі падрыўнікоў агнём, ім удалося адпаўзці ў кювет, а далей нельга было крануцца ні кроку — такі моцны быў агонь ворага.
Толькі стойкасць і сапраўдны гераізм партызан выратавалі становішча. Моцным і дружным агнём гастэлаўцы прымусілі гітлераўцаў адхлынуць і залегчы. Падрыўнікі, выкарыстаўшы гэты момант, выскачылі з кювета, адпаўзлі ў бліжэйшы хмызняк і сталі абараняцца разам са сваімі таварышамі.
Хутка атрад адступіў, але гітлераўцы панеслі вялікія страты. У выніку нападу на значны час быў затрыманы эшалон і парушаны графік руху.
Наступная аперацыя на ўчастку чыгуначнай лініі Капцэвічы —Старушкі прайшла з большым поспехам. Тут быў падарваны эшалон з буйным атрадам войск СС на чале з генералам і афіцэрамі. Добра маскіруючыся, гастэлаўцы-падрыўнікі падпаўзлі да лініі і падклалі пад рэйкі 12 кілаграмаў толу. Выбухам быў пашкоджаны паравоз, а большасць вагонаў разбіта. Ад трох класных вагонаў, у якіх знаходзіўся нямецкі камандны састаў, засталіся толькі абломкі. Больш 150 акупантаў было знішчана моцным выбухам і агнём гастэлаўцаў.
У гэтай аперацыі асабліва вызначыліся падрыўнікі Галіна Кірава, Ніна Макарава, Васіль Шутаў, Барыс Міндлін, Аляксандр Цвірко і партызанка Рыма Шаршнёва. Гераічнай смерцю загінуў у гэтым баі аўтаматчык Аляксандр Ільічоў.
Гастэлаўцы пад камандай Казіміра Пушчына адыгралі велізарную ролю ў «рэйкавай вайне». За час баявых дзеянняў у тыле ворага гэтым атрадам, а потым брыгадай імя Брагіна, у састаў якой уваходзілі гастэлаўцы, было разгромлена 6 буйных гарнізонаў, падарвана 39 ваенных эшалонаў, знішчана каля 4 тысяч гітлераўцаў.
Маскоўскія камсамольцы ўвесь час сачылі за сваімі пасланцамі, трымалі з імі сувязь і пасля разгрому немцаў пад Сталінградам прыслалі сваім сябрам наступнае пісьмо:
«Партызанам-масквічам атрада імя Гастэлы ад камсамольцаў і моладзі Масквы і Маскоўскай вобласці.
Дарагія сябры!
Мы шлём вам гэтае пісьмо і свае скромныя падарункі ў тыя дні, калі ўся краіна, увесь наш народ рыхтуецца дастойна сустрэць слаўную гадавіну гераічнай Чырвонай Арміі.
Бліскучай перамогай нашых войск закончылася бітва за Сталінград, бітва, якая не мае роўных у гісторыі войнаў.
Сталінград і подступы да яго сталі вялікім могільнікам жывой сілы і тэхнікі германскай арміі.
I няхай ведаюць нямецкія бандыты, што ім нядоўга засталося жыць на савецкай зямлі. Лёс гітлераўскіх армій пад Сталінградам — грознае папярэджанне ворагу. Няхай памятае праклятая немчура, што ўсіх іх чакае смерць або палон.
У суровых і напружаных абставінах праходзіць наша барацьба супраць фашысцкіх разбойнікаў за гонар, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Мы ўважліва сочым за вашымі баявымі справамі ў тыле ворага, ганарымся вашай стойкасцю, мужнасцю, упартасцю, уменнем бязлітасна знішчаць нямецка-фашысцкіх нягоднікаў.
Імя Сашы Ільічова, які геройскі загінуў у барацьбе з ворагамі, будзе вечна жыць у нашых сэрцах. На подзвігах Сашы і многіх іншых герояў-партызан мы будзем выхоўваць камсамольцаў і моладзь у духу самаадданай любві да сваёй Радзімы і лютай нянавісці да ворага.
Упэўнены, што выхаванцы Маскоўскай арганізацыі і надалей будуць па-геройску змагацца з азвярэлым ворагам, цалкам апраўдаюць давер\'е камсамола.
Мы запэўняем вас, што юнакі і дзяўчаты, якія працуюць у тыле, будуць яшчэ больш упарта і самааддана працаваць для хутчэйшай перамогі над ворагам, з гонарам выканаюць абавязацельствы, узятыя ў гонар 25-й гадавіны Чырвонай Арміі.
Камсамольцы і моладзь будуць працаваць так, каб наша доблесная Чырвоная Армія, Чырвоны Флот, партызаны мелі ўзбраення, боепрыпасаў, харчу столькі, колькі спатрэбіцца для поўнага разгрому і знішчэння нямецка-фашысцкіх вылюдкаў. Выконваючы заданне, забіваючы немца, знішчаючы тэхніку ворага, памятайце, што масквічы самааддана працуюць ля станкоў, у калгасах і саўгасах, куюць разам з вамі перамогу над заклятым ворагам — нямецкім фашызмам.
Натхнёныя патрыятычным пачынам тамбоўскіх калгаснікаў, камсамольцы і моладзь Маскоўскай вобласці сабралі на будаўніцтва танкавай калоны «Маскоўскі калгаснік» 25 мільёнаў рублёў. Цяпер танкі «Маскоўскі калгаснік» бязлітасна б\'юць ворага.
Таварыш Сталін ад імя ЦК ВКП(б) падзякаваў Маскоўскаму камсамолу за клопаты аб Чырвонай Арміі, і мы баявымі справамі адкажам на гэтую падзяку.
Дарагія таварышы партызаны і партызанкі! Не давайце ворагу ні хвіліны спакою, зрывайце ўсе яго планы, пускайце пад адхон нямецкія эшалоны з войскам і грузамі, біце, знішчайце, душыце гітлераўскіх сабак, змагайцеся за хутчэйшае вызваленне нашай свяшчэннай зямлі ад паганай немчуры.
Імклівей націск, народныя мсціўцы!
Наперад, да перамогі над ненавісным ворагам!
Смерць нямецкім акупантам!»
* * *
Да палавіны лета 1942 года атрадамі нашага злучэння былі знішчаны тысячы фашысцкіх салдат і афіцэраў, шмат паранена. Мы пусцілі пад адхон тры варожыя бронецягнікі, пяцьдзесят восем эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, разбурылі пятнаццаць чыгуначных мастоў, восемдзесят шасейных, разбілі сто сорак сем аўтамашын, разграмілі сто дваццаць нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў і ўчасткаў, спалілі трыццаць нафтабаз, спынілі дзейнасць дваццаці смалакурных заводаў.
У нас былі поўныя дасягненні ў партыйна-арганізатарскай і прапагандысцкай рабоце. У злучэйні і ў раёнах налічвалася семдзесят чатыры партарганізацыі, якія аб\'ядноўвалі каля дзвюх тысяч камуністаў; працавала ўжо дзевяноста шэсць камсамольскіх арганізацый. У іх налічвалася звыш трох тысяч чалавек. Шмат у якіх раёнах выходзілі друкаваныя падпольныя выданні.
Газеты, лістоўкі, «баявыя лісткі» і іншыя выданні, якія выпускаліся ў тыле ворага, давалі праўдзівую інфармацыю аб становішчы на франтах, расказвалі аб баявых подзвігах савецкіх воінаў, працоўным гераізме народа, мужнай барацьбе партызан і ўсіх савецкіх патрыётаў. А гэта мела велізарнае значэнне ў ідэйна-палітычным выхаванні працоўных, ва ўмацаванні іх маральнага духу. Падпольны друк нёс у масы заклікі партыі, якія ўказвалі верны шлях да перамогі, натхнялі партызан і ўсё насельніцтва на барацьбу з ворагам.
Складанасць нашай агітацыйна-прапагандысцкай работы сярод партызан і насельніцтва ў пачатку вайны была ў тым, што падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, прапагандысты і агітатары самі атрымлівалі вельмі скупую, прытым нерэгулярную інфармацыю аб становішчы на франтах і ў краіне. Каб папоўніць гэту хібу, быў арганізаваны сістэматычны прыём радыёперадач з Масквы. Гэтую інфармацыю мы адразу ж даводзілі да шырокіх мас насельніцтва. I рабілася гэта такім чынам. Вечарам і ноччу прымаліся зводкі Саўінфармбюро, матэрыялы з газет і іншыя важныя паведамленні. Да раніцы іх перапісвалі, потым размнажалі на пішучых машынках, а раніцай гэтыя паведамленні нарачным адпраўляліся ў бліжэйшыя гарады, вёскі і ў партызанскія атрады. Калі ж у абкоме з\'явілася свая друкарня, такія матэрыялы мы размнажалі друкарскім спосабам.
Ужо ў пачатку нашай дзейнасці мы сутыкнуліся з неабходнасцю стварыць моцную паліграфічную базу. Трэба было дастаць шрыфты, друкарскія машыны, фарбу, газетную паперу. Усё гэта прыходзілася «даставаць» у ворага.
Нам удалося амаль для кожнага падпольнага райкома партыі набыць радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, спецыяльныя друкарскія машыны і паперу. Навучыліся мы ў далейшым рабіць і свае партатыўныя друкарні, асабліва зручныя ў партызанскіх рэйдах і паходах.
Праз некаторы час у нас сталі з\'яўляцца адна за другой газеты падпольных раённых партыйных камітэтаў, партызанскіх атрадаў і злучэнняў. За параўнальна кароткі тэрмін на тэрыторыі акупіраванай, але нескаронай Беларусі было створана 12 рэспубліканскіх і абласных газет, а ўсяго 162 падпольныя газеты. Яны выходзілі на беларускай і рускай мовах. Шмат было выдадзена брашур, зборнікаў песень і вершаў, плакатаў, сатырычных малюнкаў.
Партызанскі друк узнімаў савецкіх людзей на свяшчэнную вайну з акупантамі, запальваў у іх сэрцах агонь лютай нянавісці да гітлераўцаў. I ў газетах, і ў лістоўках бесперапынна выкрываліся крывавыя злачынствы захопнікаў, расказвалася аб становішчы на франтах і ў савецкім тыле.
Журналісты і падпольшчыкі аддавалі ўсе свае сілы, усё сваё ўмельства, каб бальшавіцкае слова партызанскіх газет гучала як набат і гэты набат клікаў на бой з ворагам. Падпольны друк заклікаў савецкіх працаўнікоў не скарацца захопнікам, а ўлівацца ў партызанскія атрады, змагацца супраць фашысцкіх парадкаў, змагацца з ворагам да поўнага яго знішчэння.
Лістоўкі і газеты, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва, неаднаразова служылі своеасаблівым пропускам, з якім рабочыя і калгаснікі, мужчыны і жанчыны ўсіх узростаў ішлі ў лясы, станавіліся ў рады народных мсціўцаў, актыўных байцоў з фашысцкімі акупантамі.
У Мінскай вобласці выдаваліся пазней 34 падпольныя газеты, у тым ліку газета «Звязда» — орган ЦК КПБ і Мінскага абкома КПБ, газета «Чырвоная змена» — орган ЦК ЛКСМБ і Мінскага абкома ЛКСМБ. У Мінску выдавалася газета «Мінскі бальшавік»; у Мінскім сельскім раёне — «Шлях сацыялізма»; у Любанскім — «Кліч Радзімы»; Бягомльскім — «Савецкі патрыёт»; Барысаўскім — «Бальшавіцкая праўда», «Бальшавіцкая трыбуна», «Народны мсцівец»; Дзяржынскім — «Ленінская праўда»; Заслаўскім — «Мы адпомсцім», «Партызан-камсамолец»; Капыльскім — «Калгаснік Капыльшчыны»; Крупскім — «Партызанскі шлях»; Чырвонаслабодскім — «Чырвоная зара»; Лагойскім — «За Савецкую Беларусь», «За Савецкую Радзіму», «Катовец»; Плешчаніцкім — «Ленінец»; Пухавіцкім — «Партызан Беларусі»; Рудзенскім — «У бой за Радзіму», «Бальшавіцкі сцяг»; Слуцкім — «Патрыёт Радзімы», «Народны мсцівец»; Смалявіцкім — «Смерць фашызму»; Старобінскім — «Савецкі патрыёт»; Старадарожскім — «За Савецкую Радзіму»; Уздзенскім — «За Савецкую Радзіму»; Халопеніцкім — «Чырвоны сцяг»; Чэрвеньскім — «Чэрвеньскі партызан».
Тыраж гэтых газет 500—600 экземпляраў, фармат быў непастаянным. Друкаваліся яны толькі на палавіне звычайнай газетнай паласы, іншы раз на чвэрці, а то і на восьмай частцы. Выходзілі газеты, вядома, не кожны дзень, і ўсё ж раённы падпольны друк у тыле ворага быў сапраўднай трыбунай для народа і грознай зброяй у барацьбе з ворагам.
Многа цяжкасцей і нягод прыйшлося перажыць работнікам падпольнага друку ў тыле ворага. Неаднойчы яны траплялі ў небяспечнае становішча і рызыкавалі жыццём, але заўсёды добрасумленна, па-партыйнаму выконвалі свой абавязак журналіста. Інтарэсы Радзімы былі для іх даражэй за ўласнае жыццё.
У сувязі з гэтым прыпамінаецца такі эпізод. Аднойчы фашысцкія шпікі пранюхалі месца знаходжання рэдакцыі слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец». Праз сувязнога партызанскага атрада аб гэтым даведаўся рэдактар газеты Мікалай Дастанка.
Трэба было неадкладйа пакідаць стаянку, дзе знаходзіліся рэдакцыя і друкарня. Але яе з трох бакоў акружылі гітлераўцы. Выйсці можна было толькі праз балота. Журналістаў-падпольшчыкаў і рабочых друкарні гэта не збянтэжыла. Яны прынялі рашэнне: чаго б гэта ні каштавала — выратаваць шрыфты і друкарскі станок.
Па пояс у халоднай і гнілой вадзе прабіраліся журналісты па балоце. У адным месцы фашысты іх амаль акружылі, стварылася вельмі небяспечнае становішча. Перашкаджаў вялікі груз, з ім нельга было далёка адысці ад ворага, які праследаваў іх. Тады журналісты вырашылі пазбавіцца ад самага каштоўнага для жыцця — ад сухароў, а з друкарскай маёмасці не кінулі нічога. Сем дзён, пераадольваючы голад і холад, яны кружылі па балотах і багнах, але каштоўны груз выратавалі. Праз тыдзень «Народны мсцівец» стаў зноў рэгулярна выходзіць і рассылацца па партызанскіх атрадах.
Аб чым паведамляў партызанскі друк? Да чаго заклікаў ён партызан і савецкіх людзей?
Газета мінскіх падпольшчыкаў «Мінскі бальшавік», якую рэдагаваў Аляксандр Сакевіч, з першых дзён свайго існавання адначасова з публікацыяй матэрыялаў аб становішчы на франтах Вялікай Айчыннай вайны, аб баявых дзеяннях беларускіх партызан і мінскіх падпольшчыкаў заклікала насельніцтва горада ўсё больш узмацняць удары па тылах ворага, аказваць дзейсную дапамогу Чырвонай Арміі.
«Працоўныя Мінска! — заклікала газета.— Памножым удары па ворагу, наблізім дзень вызвалення ад нямецкіх захопнікаў!»
Такі заклік быў у юбілейным нумары «Мінскага бальшавіка», прысвечаным 25-й гадавіне БССР. У гэтым жа нумары былі змешчаны нататкі: «Патрыёты Мінска», «Баявыя справы чыгуначнікаў», «Удары па ворагу», «Смерць фашысцкім саўдзельнікам».
Цікавымі па зместу і афармленню былі падпольныя газеты «Народны мсцівец» — орган Слуцкага райкома партыі (сакратар РК КП(б)Б Іпаліт Канановіч, камандзір партызанскай брыгады імя Чкалава Мікалай Розаў); «Савецкі патрыёт» — Старобінскага РК КП(б)Б (сакратар райкома Васіль Меркуль, ён жа і камандзір партызанскага атрада); «Ленінец» — Плешчаніцкага райкома партыі (сакратар РК КП(б)Б Іван Ясіновіч, ён жа і камісар партызанскай брыгады імя Калініна), «Бальшавіцкі сцяг» — Рудзенскага РК КП(б)Б (сакратар райкома Мікалай Пакроўскі, ён жа камандзір партызанскай брыгады «Беларусь»), «Бальшавіцкая трыбуна» — Барысаўскага РК КП(б)Б (сакратар райкома Іван Смірноў, камандзір партызанскай брыгады «Дзядзі Колі» Пётр Лапацін) і іншыя.
Гэтыя газеты вызначаліся баявітасцю і злабадзённасцю тэматыкі. Яны базіраваліся ў буйных партызанскіх злучэннях, якія ўзначальвалі баявыя камандзіры і вопытныя, энергічныя партыйныя работнікі. Артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі, якія змяшчаліся ў гэтых газетах, заклікалі да барацьбы з гітлераўцамі, выхоўвалі нянавісць да ворага і ўпэўненасць у нашай перамозе.
Аб тым, у якіх умовах даводзілася выпускаць газету і якую ролю адыгрывала яна ў акупіраваных абласцях, дае ўяўленне расказ партызана Н.Вайцянкова, былога настаўніка, літсупрацоўніка газеты «Бальшавіцкая праўда», якая выходзіла ў брыгадзе «Дзядзі Колі».
«Рэдакцыя, —успамінае Н. Вайцянкоў, —размяшчалася на лясной палянцы пад паветкай, пакрытай карой елкі. Пад ёй — адна наборная каса і станок для адбіткаў. Апрача брыгаднай газеты тут друкаваліся зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, звароты да насельніцтва і орган Барысаўскага гаркома і райкома КП(б)Б «Бальшавіцкая трыбуна».
Газеты яшчэ друкаваліся, а да друкарні і рэдакцыі адзін за адным па конях пад\'язджалі сувязныя, распаўсюджвальнікі друку.
— Зводачку нам хутчэй, зводачку,—прасілі яны. I прагна, па некалькі разоў, каб добра запомніць, прачытвалі зводку, матэрыялы, змешчаныя ў газеце. Вызваліўшыся ад рэдакцыйнай работы, рэдактар, літсупрацоўнікі, наборшчыкі і друкары бралі газеты і лістоўкі, зводкі, звароты і неслі іх у вёскі, пасёлкі і гарады.
За мной была замацавана вёска Звянятка, Барысаўскага раёна. Тут я праводзіў гутаркі, расказваў аб падзеях на фронце. Помню, аднойчы прынес газету «Бальшавіцкая праўда». У ёй была змешчана зводка Саўінфармбюро аб перамозе Савецкай Арміі пад Масквой. Прачыталі людзі, і радасцю, надзеяй на хуткую перамогу загарэліся іх твары.
I вось тады я падумаў: якую велізарную ролю адыгрывае ў тыле ворага праўдзівае слова нашай невялікай падпольнай газеты!..
Цяжка пералічыць усе жанры партызанскага друку. Апрача інфармацый аб падзеях на франтах і аб жыцці Краіны Саветаў шмат месца газеты адводзілі баявым эпізодам, змяшчалі кароткія, але гнеўныя расказы сведак аб зверствах фашысцкіх акупантаў, не абыходзілі і куток гумару і сатыры. Вось, напрыклад, матэрыялы гэтага кутка газеты «Бальшавіцкая трыбуна»:
«Бабулька і ўнучак
— Унучак, дзе ты быў, калі гарэў нямецкі склад? Трэба ж было сысці з вачэй, каб не прыліплі, праклятыя.
— Не, бабулька, я тады не быў у іх на вачах, я падпальваў другі склад».
Актыўны ўдзел у партызанскіх газетах прымалі беларускія пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў, Анатоль Астрэйка і іншыя. Яны напісалі шмат баявых твораў. Моцнае слова беларускіх празаікаў, паэтаў узнімала патрыятычнае пачуццё народа, умацоўвала волю ў барацьбе з гітлераўцамі, узмацняла народную любоў да маці-Радзімы і Камуністычнай партыі.
У агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў ліпені 1941 года быў надрукаваны верш Анатоля Астрэйкі, у якім беларускі паэт, што знаходзіўся ў гады вайны ў партызанскім злучэнні Мінскай вобласці, палка заклікаў біць фашыстаў любымі сродкамі, у любых умовах, скрозь і ўсюды:
За свою Отчизну,
За родную мать.
Не щадя и жизни,
Будем воевать.
Если нет оружия,
Подымай топор,
Чтоб в кровавой луже
Захлебнулся вор.
Косы все и вилы
Остро наточи,
Пусть найдут могилу
Звери-палачи.
Подкраднсь ты тихо
По лесной глуши,
В битвах, схватках лихо
Ворога глуши.
Горе-разоренье
Нам фашизм несет,
Пусть же только тленье
Гадина пожнет.
Не давайте спуска,
Колотите сброд,
На земле пусть русской
Гибель враг найдет.
Смелых и отважных
Пуля не берет,
Смелых и отважных
Любит наш народ.
* * *
Вялікую агітацыйную і арганізатарскую ролю адыгрывалі лістоўкі і звароты, якія выдаваліся у падполлі. Яны неслі ў масы смелыя, простыя і зразумелыя словы. Невялікія па фармату, эмацыянальна насычаныя, гэтыя лісткі выкрывалі лжывую фашысцкую прапаганду, заклікалі мясцовае насельніцтва аказваць усямерную дапамогу і падтрымку партызанам, весці актыўную барацьбу ў тыле ворага, не выконваць загады і распараджэнні акупацыйных улад, ствараць невыносныя ўмовы для ворага і яго саўдзельнікаў.
У лістоўках і зваротах знаходзілі адбітак усе важнейшыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа.
У лістоўцы ад 17 кастрычніка 1941 года, звяртаючыся да грамадзян раёнаў, часова акупіраваных фашысцкімі рабаўнікамі, Мінскі падпольны абком партыі пісаў:
«Гітлераўскія бандыты распаўсюджваюць байкі аб становішчы на фронце і жыцці Савецкага Саюза. Не верце фашысцкім брахунам. Фашысты церпяць велізарныя страты. Гітлер і яго генералы разлічвалі на «маланкавае» заканчэнне вайны супраць Савецкага Саюза, але магутнае супраціуленне Чырвонай Арміі разбурыла гэтыя разлікі: фашысцкім забойцам нанесены вельмі цяжкія удары. На савецкіх палях знайшлі свае магілы лепшыя нямецкія дывізіі...».
Далей прыводзіліся лічбы страт фашысцкай арміі за першыя месяцы вайны. Лістоўка заканчвалася зваротам да насельніцтва:
«Таварышы! Арганізоўвайце партызанскія атрады, знішчайце ворага на ўсіх дарогах, падпальвайце склады і падтрымлівайце партызанскі рух.
Смерць гітлераўскім катам і іх памагатым!»
У лістоўках паведамлялася аб поспехах Савецкай Арміі, аб зверствах фашыстаў. У лістоўцы Мінскага падпольнага абкома ад 10 красавіка 1942 года гаварылася:
«...Фашысцкія войскі, адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі на захад, яшчэ больш нахабна распраўляюцца з мірным насельніцтвам. У раёнах Беларусі гітлераўскія вылюдкі расстрэльваюць мірнае насельніцтва, спальваюць сёлы і вёскі, кідаюць у агонь жанчын, дзяцей і рабуюць маёмасць працоўных.
Паўсюды чутны плач, стогны і крыкі жанчын, старых і дзяцей, якіх катуюць фашысцкія забойцы.
Хай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць народ, які ўзняўся супраць нямецкага фашызму.
Таварышы! Набліжаецца час вызвалення беларускай зямлі ад фашысцкай погані.
Набліжаецца час, калі беларускі народ зноў зажыве шчасліва і радасна.
Адпомсцім жа нямецка-фашысцкім бандытам за пралітую кроў нашых бацькоў, маці, братоў і сясцёр.
Не выпусцім ніводнага жывога фашыста з нашай зямлі, змочанай крывёю нашага народа.
Няхай беларуская зямля зробіцца могілкамі для гітлераўскіх захопнікаў!
Усе да аднаго на барацьбу з ворагам!
Арганізоўвайцеся ў партызанскія атрады!
Узрывайце масты, чыгункі... Не давайце коней, калёс, мяса і хлеба фашыстам! Хай гэта брудная, вашывая гітлераўская зграя здохне з голаду!
Усімі сродкамі дапамагайце Чырвонай Арміі і партызанам граміць ворага».
У сувязі з наступленнем Савецкай Арміі на франтах лістоўкі інфармавалі насельніцтва аб вызваленні гарадоў і населеных пунктаў, пазней — аб пачатку вызвалення беларускай зямлі, заклікалі ўзмацняць удары па тылах ворага, ахоўваць прадпрыемствы і жылы фонд. Так, у лістоўцы Мінскага падпольнага гаркома партыі гаварылася:
«...Пад сакрушальнымі ўдарамі нашых войск фашысцкія орды, адступаючы на захад, ажыццяўляюць новыя нечуваныя злачынствы над нашым народам. Яны гоняць з сабой або расстрэльваюць мірнае насельніцтва, спальваюць нашы вёскі, узрываюць уцалелыя будынкі ў гарадах.
Працоўныя Мінска! Усімі сіламі і ўсімі сродкамі ахоўвайце ўцалелыя будынкі і прадпрыемствы ад разбурэння іх гітлераўскімі варварамі. Знішчайце каманды фашысцкіх падпальшчыкаў і мінёраў...»
Калі забегчы крыху ўперад, то неабходна сказаць, што вельмі шырокі адбітак у партызанскім друку знайшла так званая «рэйкавая вайна», якая паўсюды разгарнулася на тэрыторыі Беларусі.
Па ўказанню ЦК ВКП(б) Цэнтральны штаб партызанскага руху распрацаваў план масіраваных удараў па чыгуначных магістралях ворага. Сутнасць гэтага плана зводзілася да таго, каб адначасовымі дзеяннямі партызан разбурыць і прывесці ў непрыгоднасць сотні кіламетраў чыгункі і гэтым на працяглы час паралізаваць рух варожых эшалонаў.
Да аперацыі добра падрыхтаваліся Мінскі падпольны абком, усе падпольныя арганізацыі і партызанскія атрады. Народныя мсціўцы старанна вывучалі падрыўную справу, арганізавалі дакладную разведку падыходаў да чыгуначных пуцей. Быў выдадзены шэраг лістовак, вытрымкі з якіх перадрукоўваліся ў многіх падпольных газетах.
«Праз Беларусь праходзяць асноўныя чыгуначныя і шасейныя дарогі... Па гэтых дарогах шматлікія эшалоны ворага з салдатамі, тэхнікай і ўзбраеннем ідуць да лініі фронту. Задача мінскіх партызан - наносіць рашучыя удары па камунікацыях ворага, пускаць пад адхон цягнікі, знішчаць аўтатранспарт, абозы...
Слаўныя партызаны павінны зрываць перавозкі воінскіх эшалонаў праз Беларусь, пераразаць жылы ворагу, не прапускаць да фронту ніводнага эшалона».
У лістоўцы Старадарожскага падпольнага райкома партыі пісалася: «Маладыя партызаны і партызанкі! Помніце: чыгунка - самае слабае месца, разбірайце і ўзрывайце пуці-рэйкі, масты, стрэлкі крыжавшы, сігналы, сродкі сувязі і блакіроўкі! 3 кожным днём павялічвайце лік знішчаных варожых эшалонаў!..»
Лістоўкі і газеты рэгулярна інфармавалі атрады і злучэнні аб ходзе «рэйкавай вайны», расказвалі гераізме партызан-падрыўнікоў. Ужо ў першай буйной аперацыі па разбурэнню чыгуначных камунікацый ворага, якая працягвалася з канца 1942 да сярэдзіны верасня 1943 года, удзельнічала тысячы партызан.
У падпольных газетах друкавалася многа карэспандэнцыі, заметак, інфармацый, у якіх асвятляліся баявыя дзеянні партызан на камунікацыях нямецка-фашысцкіх армій. Разам з тым усе падпольныя газеты друкавалі матэрыялы, у якіх расказвалася аб той вялікай дапамозе, якую сваімі аперацыямі у «рэйкавай вайне» і іншымі дыверсіямі на чыгуначных мапстралях і шасенных дарогах беларускія партызаны аказвалі савецкім войскам.
Метады і сродкі распаўсюджвання падпольных газет былі рознымі. Партызанскія сувязныя, якім даручалася дастаўляць, разносіць і расклейваць газеты, лістоўкі і іншую літаратуру, паказвалі ўзоры знаходлівасці, кемлівасці і гераізму.
Газеты і лістоўкі перавозілі на фурманках, у мяшках са збожжам, мукой, бульбай, у цюках сена або саломы і г. д. На фурманках звычайна ехала некалькі жанчын-сялянак, партызанскіх сувязных, якія быццам бы везлі прадукты на рынак або зварочваліся з купленымі там няхітрымі таварамі — бочкамі, вёдрамі і г. д. Гітлераўцам і ў галаву не прыходзіла, што партызанскія газеты і лістоўкі былі старанна захаваны ў пустацелых палазах звычайных саней. Газеты і лістоўкі таксама закладваліся ў пустацелыя дугі або аглоблі, у малочныя бітоны з двайным дном.
Сувязная партызанскага атрада камсамолка К.Ляшчэня дастаўляла ў сёлы і вёскі маладзёжную газету «Чырвоная змена» ў качанах капусты.
У тых месцах, куды цяжка было пранікнуць партызанскім сувязным, практыкаваўся і такі спосаб распаўсюджвання падпольнага друку: партызаны лавілі ў полі коней, якія належалі жыхарам сяла, дзе знаходзіліся гітлераўскія салдаты або размяшчаліся фашысцкія гарнізоны, у грыву каня запляталася газета або лістоўка. Так яны траплялі да гаспадара, а затым чыталіся ўсёй вёскай. У населеныя пункты, якія былі размешчаны на берагах рэк, газеты і лістоўкі накіроўваліся па вадзе ў старанна закупораных бутэльках. Партызаны ведалі, што ў вёсках спецыяльна выстаўляліся дзяжурныя, каб лавіць такія бутэлькі.
Падпольныя газеты і лістоўкі, брашуры і плакаты развозіліся і па чыгунцы. На станцыі Рудзенск, напрыклад, у паштовым аддзяленні працавала наша партызанская сувязная. Па яе ініцыятыве газета «Мінскі бальшавік» і лістоўкі ўпакоўваліся разам з пачкамі нямецкай пошты, якая, як правіла, гітлераўцамі не правяралася. У Мінску на вакзале і на іншых станцыях нашы людзі прымалі пошту, забіралі партызанскія газеты і накіроўвалі іх па назначэнню.
Вельмі часта падпольныя лістоўкі вывешвалі на вітрынах фашысцкіх аб\'яў і загадаў, на тэлеграфных слупах, на дзвярах фашысцкіх камендатур, на штакетах, сценах дамоў. Лістоўкі і газеты раскідвалі ў тэатрах і на рынках, у лагерах ваеннапалонных, расклейвалі на вагонах і аўтамашынах фашысцкай адміністрацыі, на млынах і ў іншых месцах, якія наведвала насельніцтва. У раённым цэнтры Грэску, напрыклад, лістоўкі наклейвалі на дзвярах будынка, дзе размяшчалася жандармерыя. Некалькі разоў падпольныя газеты і лістоўкі траплялі ў стол начальніка паліцыі здрадніка Душэнскага. Яны прыходзілі да яго па пошце з надпісам: «Асабіста начальніку паліцыі Грэскага раёна».
Практыкавалася арганізацыя газетных вітрын на скрыжаваннях дарог, на ўзлесках, куды фашысты баяліся паказвацца, асцерагаючыся партызанскіх засад. Але затое жыхары ў такіх месцах заўсёды маглі прачытаць чарговы нумар газеты, свежую лістоўку або новую зводку Саўінфармбюро.
Былі выпадкі, калі нашы выданні рабілі вялікі і складаны шлях, станавіліся здабыткам шырокага кола чытачоў. Газета Лагойскага падпольнага райкома КПБ «За Савецкую Беларусь», якая часта трапляла ў Мінск, аднойчы абышла ўсе цэхі тытунёвай фабрыкі. Рабочыя чыталі адзін экземпляр гэтай газеты на працягу дня, перадаючы з рук у рукі. На другі дзень гэты экземпляр, ужо даволі пацёрты і замурзаны, апынуўся на Мінскім дражджавым заводзе. I тут газету прачыталі ўсе рабочыя.
Распаўсюджванне друку даручалі толькі правераным людзям, якія валодалі мужнасцю і знаходлівасцю. Помню такі выпадак. Сувязныя партызанскага атрада, які дзейнічаў недалёка ад Мінска, М. Гурыновіч і М.Варанкоў на аўтамашыне нямецкай падсобнай гаспадаркі ў старанна замаскіраваным цюку саломы везлі ў горад чарговую партыю падпольнай «Звязды». Каля шлагбаума іх спыніў патруль. Дакументы, якія былі ў партызан, не выклікалі падазронасці. Аднак гітлераўцы і паліцэйскія чамусьці на гэты раз вырашылі ўважліва праверыць груз. I калі з саломы ўпала некалькі пачак газет, партызан Варанкоў хутка выхапіў з-за пазухі пісталет і ва ўпор выстраліў у фашыста. 3 другімі паспяхова справіўся Гурыновіч. Не разгубіўся і шафёр: ён хутка развярнуў аўтамашыну. Партызаны ўскочылі ў кузаў і зніклі.
Апрача сваіх падпольных выданняў да нас у Мінскую вобласць прысылалася шмат газет з Масквы, у тым ліку «Правда», «Известия», «Комсомольская правда», «Советская Белоруссия», а таксама лістоўкі, часопісы і іншая літаратура.
Толькі на працягу ліпеня - жніўня 1941 года у тыл ворага нашымі самалётамі было закінута каля 30 назваў розных газет і лістовак агульным тыражом каля 2 мільёнаў экземпляраў. У 1942 годзе у распараджэнне партызанскіх атрадаў было дастаўлена 32 назвы лістовак і розных газет агульным тыражом звыш 6 мільёнаў экземпляраў. Па далёка няпоўных даных, на працягу 1941-1943 гадоў Цэнтральны Камітэт КПБ распаўсюдзіў на акупіраванан тэрыторыі Беларусі 20 мільёнаў лістовак і больш 5 мільёнаў экземпляраў газет, брашур і плакатаў.
Асабліва моцна і палымяна гучаў бальшавіцкі голас цэнтральнага органа нашай партыі «Правды», якую падполыдчыкі-партызаны заўсёды з нецярплівасцю чакалі. Помню, калі ў першыя дні вайны нам удавалася звязацца па радыё з Масквой, мы радзіравалі: «Высылайце боепрыпасы і абавязкова 200— 300 экземпляраў «Правды». Трэба сказаць, што рэдакцыя «Правды» заўсёды ішла нам насустрач.
3 чэрвеня 1942 года мы пачалі атрымліваць «Правду» ўжо рэгулярна. Лётчыкаў, якія прывозілі разам з боепрыпасамі газету, або таварышаў, што дастаўлялі яе праз лінію фронту, партызаны сустракалі \"з вялікай сардэчнасцю. Безумоўна, газет было мала, а жадаючых пачытаць «Правду», «Известия», «Комсомольскую правду» — тысячы. Часта даводзілася бачыць такія экземпляры, якія прайшлі праз сотні сёл і вёсак, дзесяткі партызанскіх атрадаў.
3 рэдакцый газет «Правда» і «Известия» прыязджалі да нас у падпольны абком партыі для наладжвання падпольнага друку журналісты. Вялікую дапамогу аказалі прыбыўшыя ў абком карэспандэнт «Правды» Міхась Сівалобаў і карэспандэнт «Известий» Барыс Ямпольскі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны аўтарытэт «Правды» быў выключна вялікі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што імем газеты называліся партызанскія атрады. Адзін з іх — у Чэрвеньскім раёне — у першыя дні акупацыі налічваў усяго 14 чалавек, а затым вырас да тысячы, ператварыўся ў брыгаду, якая была гразой нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У жыцці партыйнага падполля і партызанскага руху апрача друкаваных газет — цэнтральных, падпольных абласных і раённых газет партызанскіх злучэнняў і атрадаў — значную ролю адыгрываў насценны друк. Насценныя газеты выпускалі ў партызанскіх брыгадах і атрадах, ва ўсіх вялікіх і малых баявых падраздзяленнях, у любых умовах і ў любы час — на стаянках і ў паходах, у дождж і завіруху, днём і ноччу. У іх з дня ў дзень апісвалася кіпучае жыццё падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый, баявыя справы народных мсціўцаў, партызанскія будні. Матэрыялы гэтых газет расказвалі аб лепшых байцах, выхоўвалі маладое папаўненне партызан, клікалі іх у бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на барацьбу за вызваленне роднай Беларусі.
Некаторыя з гэтых газет цяпер можна бачыць у Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Безумоўна, там прадстаўлены не ўсе насценныя газеты і «баявыя лісткі». Многія насценныя газеты не захаваліся — яны страчаны ў баях і паходах.
Насценныя газеты і «баявыя лісткі», як правіла, пісаліся ад рукі, былі самымі разнастайнымі не толькі па зместу, але і па фармату, па афармленню.
Асобныя нумары былі з газетны ліст, а «баявыя лісткі» выпускаліся часам на лістку школьнага сшытка.
Неаднолькавыя насценныя газеты і па свайму «ўзросту» — адны нарадзіліся ў першыя дні акупацыі, другія — калі стаў шырока разгортвацца масавы партызанскі рух. А некаторыя насценныя газеты з\'явіліся незадоўга да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Але, нягледзячы на гэта, усе яны былі аператыўнымі, палітычна вострымі і ў большасці з густам і любоўна аформлены.
Адначасова з насценнымі газетамі і «баявымі лісткамі» выходзілі рукапісныя часопісы. Яны выдаваліся партыйнымі і камсамольскімі арганізацыямі партызанскіх злучэнняў і атрадаў. Па сваёй тэматыцы, зместу і накіраванасці іх можна падзяліць на ваенна-палітычныя, літаратурна-мастацкія, маладзёжныя і г. д. Вакол кожнага з іх групаваліся партызанскія журналісты, літаратары, публіцысты, мастакі, якіх было шмат у атрадах і брыгадах, таму часта часопісы былі надзвычай змястоўнымі, цікавымі і багата ілюстраванымі. Характэрна, што ў кожным нумары пісалася галоўным чынам аб людзях дадзенага падраздзялення, публікаваліся нарысы, замалёўкі, апавяданні, насычаныя фактамі, эпізодамі з жыцця партызанскіх атрадаў.
Рэдакцыі падпольных газет, асабліва раённых, якія, як правіла, знаходзіліся там, дзе працавалі падпольныя райкомы партыі, былі, па сутнасці, сапраўднымі штабамі ідэалагічнай работы. Партыйныя і камсамольскія кіраўнікі, палітработнікі партызанскіх злучэнняў і падраздзяленняў, якія прыходзілі ў райкомы партыі або райкомы камсамола, абавязкова наведвалі рэдакцыі газет. Там яны атрымлівалі фактычныя матэрыялы і звесткі, забяспечваліся кнігамі, брашурамі, часопісамі, плакатамі, лозунгамі, лістоўкамі і іншымі матэрыяламі для прапагандысцкай, лекцыйнай і агітацыйнай работы. Тут жа яны часта атрымлівалі інструктаж, кіруючыя ўказанні партыйных органаў, рэкамендацыі і саветы па шмат якіх пытаннях.
Гэта таксама давала магчымасць падпольным газетам пастаянна ўмацоўваць сувязі са сваімі чытачамі. У газеты пісалі кіраўнікі партызанскіх атрадаў, партыйна-палітычныя работнікі, камуністы і камсамольцы, прыносілі карэспандэнцыі і сяляне навакольных вёсак. Рэдакцыі партызанскіх газет не мелі пастаяннага адраса, яны перасоўваліся па лясах, а часам і па балотах разам з партызанскімі атрадамі, але пісьмы карэспандэнтаў заўсёды своечасова знаходзілі рэдакцыі падпольных газет.
Са сваімі карэспандэнтамі рэдакцыі імкнуліся падтрымліваць пастаянны цесны кантакт. Рэдактары газет, ды і ўсе работнікі партыйнага падполля; добра разумелі, што без актыву газета не можа адгукацца на важнейшыя падзеі жыцця партызанскіх падраздзяленняў, не зможа быць у курсе дзейнасці падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый і, урэшце, не зможа быць жывой і аператыўнай, даваць злабадзённы і праўдзівы матэрыял. I партыйныя камітэты дапамагалі органам друку лепш працаваць са сваім актывам, стаць сапраўднымі памочнікамі падпольных партыйных арганізацый.
Усё гэта садзейнічала таму, што ў газетах — вялікіх і малых — асвятляліся самыя разнастайныя бакі падпольнай работы і партызанскага жыцця. Газеты абагульнялі галоўным чынам факты палітычнай работы і камуністычнага выхавання. Многа месца адводзілі яны баявой дзейнасці партызанскіх атрадаў і брыгад. Падпольныя газеты займаліся пытаннямі партызанскай дысцыпліны, быту, этыкі. У аснове ўсяго гэтага вялікага і шматбаковага матэрыялу, які з дня ў дзень публікаваўся ў падпольным друку, ляжала адна пранікнёная ідэя — ідэя палітычнага і баявога згуртавання вялікай арміі народных мсціўцаў і насельніцтва пад ленінскім сцягам Камуністычнай партыі для абароны сацыялістычнай Айчыны, для разгрому фашысцкіх агрэсараў і канчатковага выгнання іх за межы Савецкай Радзімы.
I ў тым, што народ у суровай барацьбе з каварным ворагам выстаяў і перамог,— вялікая заслуга нашага друку, які пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі нёс у масы магутнае слова ленінскай тіраўды.
Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі і падпольныя партыйныя органы пастаянна клапаціліся аб развіцці друку, аб рабоце кожнай газеты паасобку, як друкаванай, так і рукапіснай. Газеты паўсюдна ўзначальваліся камуністамі, якія з\'яўляліся членамі адпаведных падпольных партыйных камітэтаў. Мінскі абком і райкомы КПБ зацвярджалі планы работы сваіх газет, абмяркоўвалі тэксты лістовак, адозваў, зваротаў і ў некаторых выпадках перадавыя артыкулы.
Кіраўніцтва падпольным друкам было ўскладзена на сакратара абкома Івана Дзянісавіча Варвашэню. Штодзённа займаючыся партыйна-палітычнай работай, ён многа ўвагі аддаваў развіццю падпольнага друку, выхаванню журналістаў і партызанскіх карэспандэнтаў.
Многія абласныя кіруючыя партыйныя работнікі, сакратары падпольных райкомаў, камандзіры і камісары атрадаў і злучэнняў пастаянна падтрымлівалі сувязь з газетамі і непасрэдна кіравалі іх дзейнасцю. Яны не толькі давалі ўказанні, саветы і рэкамендацыі, але часта самі выступалі ў якасці аўтараў перадавых артыкулаў і карэспандэнцый.
Мінскі падпольны абласны камітэт партыі часта практыкаваў нарады рэдактараў і іншых работнікаў газет. На гэтых нарадах, як правіла, абмяркоўваліся асобныя нумары газет, абагульняўся вопыт работы.
Тое ж рабілі і многія падпольныя райкомы партыі. Уважліва сачыў, напрыклад, за сваёй газетай Грэскі падпольны райком партыі. Многа ўвагі аддаваў газеце Халопеніцкі райком КП(б)Б. На пасяджэннях бюро гэтых райкомаў сістэматычна слухаліся справаздачы рэдактараў, абмяркоўваліся тэксты падрыхтаваных да выпуску асобных нумароў газеты і г. д.
Шэраг падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый разам з палітработнікамі партызанскіх атрадаў і злучэнняў практыкаваў рэгулярны інструктаж рэдактараў насценных газет і «баявых лісткоў», рукапісных часопісаў. Праводзілі і іншыя мерапрыемствы, у прыватнасці агляды і выстаўкі насценных газет, перасылку насценных газет і «баявых лісткоў» (у межах аднаго злучэння) з атрада ў атрад для агляду і перадачы вопыту. Лепшыя насценгазеты і «баявыя лісткі» адзначаліся граматамі, загадамі па злучэнню і г. д. Усе гэтыя меры садзейнічалі паляпшэнню зместу і мастацкага афармлення насценных газет і рукапісных часопісаў.
Асабліва ўзмацнілася дзейнасць падпольнага друку і партыйнае кіраўніцтва ім пасля V пленума ЦК КП Беларусі. Ен абмеркаваў пытанне «Аб становішчы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі». Рашэнні гэтага пленума з\'явіліся гістарычнай падзеяй у жыцці партыйнага падполля і дзейнасці партызанскага руху ў Беларусі. Заклікаўшы падпольныя партыйныя арганізацыі ўзмацніць масава-палітычную работу, пленум патрэбаваў ад падпольных абкомаў і райкомаў КП(б)Б, ад усіх партыйных арганізацый палепшыць кіраўніцтва друкам, пастаянна клапаціцца аб тым, каб газеты настойліва прапагандавалі трываласць савецкага ладу, умацоўвалі ў насельніцтва ўпэўненасць у перамозе над ворагам. «Бальшавіцкая прапаганда,— гаворыцца ў Пастанове пленума ЦК КП(б)Б,— павінна праводзіцца ўсімі наяўнымі сродкамі друку і вусна распаўсюджвацца ўсюды сярод насельніцтва акупіраванай тэрыторыі. Гэта прыцягне новыя тысячы змагароў супраць акупантаў».
Пасля пленума пераважная большасць падпольных партыйных камітэтаў стала больш і канкрэтней займацца сваімі газетамі, указваць на тыя актуальныя тэмы, якімі неабходна было займацца. Яны клапаціліся, каб рэдакцыі газет умацоўвалі і пашыралі свае сувязі з аўтарскім актывам і чытачамі. Усё гэта разглядалася як абавязковая ўмова далейшага паляпшэння работы партызанскага друку. Партыйнае кіраўніцтва забяспечыла нашаму падпольнаму друку высокі ідэйны ўзровень, зрабіла яго вострай, гібкай і дзейснай зброяй у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.
* * *
Для таго каб мець магчымасць пабываць у Маскве, неабходна паскорыць падрыхтоўку да прыёму самалётаў. Дзе ж пасадзіш нашых крылатых гасцей, калі ўсюды тут лясы ды балоты? Праўда, пасадзіць не так ужо было і цяжка, але ж ці зможа ён потым узняцца? Помню, у пачатку жніўня сабраліся мы і пайшлі аглядаць астравок Зыслаў: Бельскі, Мачульскі, Бондар, Варвашэня, Ляшчэня, Далідовіч, лётчык Павел і Анасенка, які прыйшоў да нас пасля ранення, крыху, падлячыўшыся ў аднаго лесніка, і я. Павёў нас Герасім Гальчэня. Перад гэтым некалькі дзён ліў дождж, вада на балоце паднялася, прайсці цяжка, але ў Гальчэні ўсюды былі свае сцежкі. Выйшаўшы з вёскі Старасек, Герасім Маркавіч пашукаў крыху па зарасніках і хутка выбраў такую сцежку, што можна было ісці смела. Рушыў ён наперад, а мы за ім. Зялёны астравок цікавіў нас і тым, што ён знаходзіўся ў цэнтры нашых асноўных баз і быў амаль не прыкметным для акупантаў. Ці знойдзецца тут зручнае месца для будучага аэрадрома — гэта непакоіла нас усю дарогу. Калі знойдзецца, то зараз жа возьмемся за работу. На востраве Гальчэня таксама ішоў наперадзе, ішоў упэўнена, відаць добра ведаў, куды вядзе. Не было такога кутка на Любаншчыне, якога б Герасім Маркавіч не ведаў. Пад нагамі ў нас шастала густая трава. У некаторых месцах яна была вышэй кален і абдавала нас расой, хоць сонца было ўжо высока. У гушчары пахла здаровай вільгаццю, месцамі пралезці было цяжка: арэшнік пераплёўся з бярэзнікам, і галлё лезла ў вочы. Прайшоўшы каля двух з паловай кіламетраў, Гальчэня прыпыніўся, глянуў на сонца і падаўся ўправа. Праз некалькі хвілін ён вывеў нас на прагаліну і задаволена сказаў:
— Вось вам і аэрадром. Падцерабіць крыху, траву скасіць, і лічы што гатова.
Анасенка не стрымаўся ад смеху.
— Двухматорны сядзе, — дабрадушна пажартаваў ён, — дык усю гэтую вашу пляцоўку і накрые. А хвост вунь на тым дубе павісне.
Гальчэня недаверліва паківаў галавой, аднак, зірнуўшы на стагодні дуб, які ўзвышаўся ў кутку паляны, крыху сумеўся.
—Дуб сапраўды будзе замінаць,— згадзіўся ён,— давядзецца яго выкарчаваць, а пляцоўка тут добрая. Ты хіба не садзіўся на такіх?
— Садзіцца-то садзіўся,— растлумачыў лётчык,— толькі на іншых марках. Вось калі мяне нядаўна падбілі, я сеў проста ў кустах, ды толькі ўзняцца ўжо не змог.
— Сядзеш вось і тут,— сказаў Герасім Маркавіч,— сядзеш і ўзляціш.— Пры гэтым ён так упэўнена паказаў на пляцоўку, нібы тут ужо і сапраўды прызямліўся самалёт.
— Для таго каб узляцець на транспартным самалёце,— цярпліва растлумачыў Анасенка,— трэба сама мала пяць-шэсць такіх пляцовак скласці ў адну. Ды грунт укатаць; укамяніць.
Што пляцоўка гэта малая для цяжкіх самалётаў, ясна было і нам, але мы ўсе былі вельмі задаволены, што ўдалося знайсці на востраве хоць і такую палянку. Выходзіла, што нібы сама прырода паклапацілася аб нас. Заставалася паглядзець, ці можна расшырыць гэтую пляцоўку.
— Колькі, вы думаеце, тут метраў? — звярнуўся Анасенка да Герасіма Маркавіча, хоць той ужо, відаць, і не хацеў больш спрачацца.
Замест адказу Гальчэня падаўся да ўсходняга краю пляцоўкі і адтуль пачаў мераць яе шырокімі, паспешлівымі крокамі: «Раз, два, тры, чатыры...» Нам чутно было, як ён далічыў да сотні, потым пачаў зноў: «Раз, два, тры, чатыры». Ногі яго ціха ступалі па мяккай, перасыпанай кураслепам траве, і сляды ад лапцей увачавідкі знікалі, бо трава з-пад іх хутка падымалася.
Мы ішлі за Гальчэнем.
—Метраў чатырыста! —гучна сказаў ён, дайшоўшы да канца пляцоўкі.— Але тут можна яшчэ крыху расцерабіць.
I цяпер пачаў ужо мераць Анасенка. Ён даваў крокі прыкладна такія ж, як і Гальчэня, стараўся пераступаць цераз купіны і пеньчукі, каб не рабіць абыходаў. Хутка лётчык знік з нашага позірку, і толькі па яго ўскліках і па трэску сухіх галін мы вызначалі, дзе ён.
—Тысяча пяцьсот,—пачулі мы нарэшце канчатковую лічбу Анасенкі.— Ідзіце сюды!
Гальчэня не на жарты здзівіўся:
— Хіба цэлыя эскадрыллі тут будзем прымаць?
— Магчыма, што і так.
Прайшліся мы па адмеранай Анасенкам тэрыторыі: уздоўж каля паўтара кіламетра, ушыркі — каля аднаго. Грунт, як на шчасце, добры: сям-там балоцінка — яе няцяжка засыпаць, месцамі гурбякі — можна зрэзаць. Горш за ўсё — раскарчоўка. Акрамя невялікай прагаліны, на якой Гальчэня хацеў бы прымаць самалёты, уся плошча густа зарасла розным кустаўём і арэшнікам. Сустракаліся даволі тоўстыя сосны, сям-там бярозы. Выкарчаваць усё гэта не проста, аднак іншага выйсця не было.
— Будзе тут работкі,— уздыхнуўшы, сказаў Далідовіч.
Трывога яго была зусім зразумелая. Для таго каб абсталяваць пляцоўку хутка, трэба кінуць сюды значныя сілы, а дзе іх узяць. Акупанты наваднілі раёны эсэсаўскімі галаварэзамі і рабілі спробы стварыць у апорных месцах свае гарнізоны. Нашы атрады бесперапынна вялі баявыя дзеянні на пэўных участках, і зняць іх адтуль было нельга.
Я акінуў позіркам вялікую, пакуль што яшчэ дакладна не акрэсленую, плошчу і сказаў:
— Калі ўзяць людзей з вёсак, пагаварыць з імі і растлумачыць, што гэта справа вельмі важная, яны ўсё нам зробяць.
Зразумела, што некаторыя рэзервы маглі б знайсціся і ў самім злучэнні, але ж калі ўлічыць, што будаўніцтва аэрадрома — справа тэрміновая, дык гэтых рэзерваў было далёка недастаткова.
Падышоў Анасенка: энергічны твар, нічым непарушаная вайсковая выпраўка.
— Даводзілася вам мець справу з такім будаўніцтвам? — спытаў я.
— Даводзілася,— адказаў лётчык.
—Дадзім вам рабочых,—прапанаваў я,— цяглавую сілу, рыдлёўкі, сякеры і дадзім паўтара-два месяцы. Справіцеся?
— Не, не спраўлюся! - рашуча заявіў Анасенка.
— Што вам яшчэ патрэбна? — спытаў я.
—Людзей у нас хопіць,- адказаў лётчык.- Толькі трэба мне яшчэ некалькі соцень фурманак, бо без камення і гравію аэрадрома не пабудуеш.
—А калі мы ўсё гэта зробім: дадзім транспарт і ўсё неабходнае?
—Тады спраўлюся! — гучна сказау Анасенка. Потым мы падабралі месца для падманнага аэрадрома, і, калі ішлі назад, Далідовіч асцярожна спытаў:
— Дзе гэта мы возьмем гэтулькі людзей і фурманак? У атрадах вольных людзей не так многа, а пад вод і зусім мала. У нас у большасці коні верхавыя.
— А нашы зоны? Далідовіч задумаўся.
— Гэта праўда,— памяркоўна сказаў ён,— там людзі ёсць. Але ж будаўніцтва наша своеасаблівае, спатрэбіцца канспірацыя.
— Будзе і канспірацыя.
... Я глыбока верыў, што калгаснікі навакольных весак актыўна дапамогуць нам. Яны пойдуць нам насустрач з першага слова, як ішлі ўжо не адзін раз. I самі прыйдуць і даставяць усё, што трэба.
Мачульскі маўчаў, раздумваў, а потым пачаў уголас падлічваць, колькі чалавек можна ўзяць з вескі Старасек, колькі з Загалля, Альбшска, Калінаўкі, Ніжына, Скаўшына, Сухой Мілі, Убібачак і іншых. У яго планах ужо ўзнікалі рабочыя брыгады і знаходзіліся начальнікі гэтых брыгад. Ен пачаў пералічваць надзейных людзей з Старасека, якіх можна было б паставіць на чале брыгад. Пералічваў па прозвішчах і налічыў больш дзесяці толькі з адной вескі.
Гальчэня ўважліва слухаў, ківаў згодліва галавою, а потым раптам запярэчыў:
—Адных дзядоў бярэш, гэта няправільна.
—А хто ж там з маладзейшых? — усміхнуўшыся, спытаў Мачульскі.
— Жанок бяры, вось каго,— намагаў Герасім Маркавіч,— чым дрэнныя будуць брыгадзіры ці начальніцы?
Назаўтра Анасенка, Філіпушка і прадстаўнікі штаба злучэння пайшлі ў бліжэйшыя вёскі, і ўжо ў той жа дзень у нас пачалася работа. Да балота падышлі людзі з рыдлёўкамі і сякерамі, падехалі фурманкі. Падышлі ўсе, хто мог быць карысным: пажылыя мужчыны і дзяды, жанчыны і Нават падлеткі. Калі некаторым старым цяжка было капаць рыдлёўкай, яны падбіралі сабе лягчэйшую работу.
Меркавалася браць на работу толькі здаравейшых, аднак гэтае правіла ў некаторых вёсках давялося парушыць. Даведаўшыся, што партызанам патрэбна дапамога, на работу пачалі збірацца ўсе калгаснікі. У хатах заставаліся малыя ды зусім старыя. Паспрабуй скажы каму, што ён не падыходзіць для гэтай справы. Пакрыўдзіцца чалавек, прыме за знявагу.
У Старасеку быў такі выпадак. Фарміруючы брыгаду, Анасенка адвёў убок пажылога, слабага здароўем калгасніка Антона Сініцкага і шчыра параіў яму:
— Пабудзь дома пакуль што, няхай здаравейшыя ідуць. Калі выйдзе ў нас няўпраўка, мы накажам табе.
Сініцкі аж з твару змяніўся.
— А я што? — разгублена спытаў ён.— Мне не давяраеце?
— Давяраем, — апраўдваўся Анасенка, — толькі цяжкавата будзе вам на земляных работах. Там жа і дзень і ноч давядзецца працаваць.
—Значыцца, не годзен? — пакрыўджаным голасам прадаўжаў Сініцкі.— На разведку пасылалі за пяцьдзесят кіламетраў — быў годзен, фураж атрадам дастаўляць — годзен, а тут — убок? Ды я не горш за якога маладога яшчэ пацягну. Не возьмеце — сам прыйду!
Жанчыны, пачуўшы гэтую размову, таксама запратэставалі:
— Без яго і мы не справімся, ён тут у нас усяму сялу галава.
Падышоў Карнееў і як старшыня сельскага Савета парэкамендаваў узяць Антона Сініцкага на будаўніцтва.
— Такіх смела бяры,— сказаў ён Анасенку,— я яго даўно ведаю. Хочаш, скажу табе адзін свой сакрэт: я тут гляджу, каб у кожнай брыгадзе былі людзі стойкія, правераныя. От цяпер яны будуць капаць, церабіць, а пройдзе час — дадзім у рукі зброю і пойдуць ваяваць, біць акупантаў. У маім сельсавеце можна дзесятак атрадаў арганізаваць.
Для таго каб адразу ж узяць належны тэмп на будаўніцтве аэрадрома, трэба было даставіць туды транспарт, цяглавую сілу, шчэбень, каткі. А каб усё гэта даставіць і ў далейшым мець зносіны з востравам, патрэбна была добрая грэбля.
Насыпалася на балота зямля — яе вазілі, насілі. Спатрэбілася многа лесу — яго секлі тут жа. Грэбля была зроблена за некалькі сутак, і тады астравок упершыню з часу свайго існавання засяліўся людзьмі. Хоць усе брыгады былі з бліжэйшых вёсак і многім з рабочых можна было хадзіць адпачываць дадому, кожны хацеў лічыць сябе мабілізаваным і на ўвесь час работы ўсталёўваўся на востраве. Вакол намечанай пляцоўкі хутка выраслі часовыя буданы, прымітыўныя палаткі. Усё гэта было карысным на выпадак дажджу, бо звычайна людзі адпачывалі проста пад адкрытым небам, на сухіх лісцях, на ахапках сена або саломы.
Пэўных часоў адпачынку тут, па сутнасці, не было. Ночы стаялі ясныя, прахладныя. Пасля невялікай перадышкі брыгады выходзілі на работу ў любую пару сутак. Ноччу яны працавалі яшчэ больш напружана, бо не так было душна.
У рабоце ўсё ішло звычайным калгасным парадкам: брыгады мелі свае ўчасткі, свае вытворчыя заданні, спаборнічалі між сабою. Паглядзіш — няйначай калгас выйшаў на работу! Аднак калі прыгледзецца ўважліва, дык гэта ўжо не звычайны калгас мірных часоў. Усе тут калгаснікі, але яны ўжо не тыя, што былі раней. Чалавек працуе і з цікавасцю, з вялікай павагай паглядае на партызан, трошкі зайздросціць, што ў іх ёсць зброя, а ў яго няма. Працуе і ўвесь час прыслухоўваецца да слоў партызанскіх камандзіраў. Ен гатоў добраахвотна прыняць на сябе абавязкі воіна, адкласці ўбок сякеру і ўзяцца за вінтоўку. Таму ў брыгадах існуе вайсковая дысцыпліна, узорны парадак.
Калі аднойчы мы з Мачульскім прыйшлі на востраў, з усіх канцоў пачалі падбягаць да нас брыгадзіры, або, як называлі іх Анасенка і Філіпушка, старшыя каманд. Некаторыя з іх стараліся быць падобнымі да сапраўдных камандзіраў і дакладвалі па-вайсковаму. Яны паведамлялі, колькі ў іх людзей, адкуль, што ўжо зроблена і што яшчэ трэба зрабіць. Часамі такі рапарт залішне зацягваўся і быў падобны на звычайны даклад калгаснага брыгадзіра, аднак чалавек увесь час стаяў рукі па швах і трымаўся як мага больш брава.
Далажыўшы, ён спехам закурваў, калі дазвалялі ўмовы, і подбегам накіроўваўся зноў у сваю брыгаду. Там не камандаваў, не выхваляўся, што ён начальнік, а браўся за сякеру або рыдлёўку і працаваў нароўні з усімі.
Работа была працаёмкая, патрабавала многа часу і сілы, аднак паколькі людзі працавалі з вялікай ахвотай, з жаданнем апраўдаць давер\'е партызан, то плошча будучага аэрадрома ўвачавідкі расшыралася і прымала патрэбны выгляд.
Усе ведалі, для чаго расчышчаецца такая велізарная плошча, а гэта натхняла, надавала сілы. Брыгада старасекаўцаў палуднавала, калі мы падышлі да яе ўчастка. Сям-там гарэлі маленькія агні, людзі пяклі скараспелку, падсмажвалі на ражнах сала. Сёй-той варыў што-небудзь у чыгунку. Тут жа сядзела некалькі чалавек загальцаў, яны курылі, відаць пасля перакускі. Каля іх прылёг наўзлогі Антон Сініцкі і нешта старанна расказваў, энергічна размахваючы рукою.
— Чалавек, мусіць, усё пра сваю авечку расказвае, — пажартаваў Карнееў, падышоўшы да нас з суседняга ўчастка.
А гісторыя з яго авечкай сапраўды была шырока вядомая. — Аднойчы Антон Сініцкі завёз партызанам сваю авечку і бітон малака. Потым, калі прыехаў у вёску атрад гестапаўцаў, нейкая подлая душа падказала, што Сініцкі дапамагае партызанам. Яго схапілі, пачалі біць і дапытваць: куды завёз авечку і малако?
—Паночкі,— наўмысля дрыготкім, жаласлівым голасам узмаліўся Антон.— Гэта ж усё няпраўда, што вам нехта набрахаў. Тут не толькі што адну маю авечку, а цэлую чараду партызаны забралі. Ішлі нядаўна і забралі штук можа больш за сорак. I не адзін бітон малака выпілі, а цэлых васемнаццаць. Кожны разы два глынуў, дык і васемнаццаці бітонаў нават не хапіла...
На самай жа справе нікога з партызан у вёсцы не было, ніхто не браў авечак і не піў малака, але Сініцкаму ўдалося такім чынам апраўдацца і моцна напалохаць фашыстаў.
Цяпер, убачыўшы нас, Сініцкі паспешліва ўстаў і ступіў некалькі крокаў насустрач. Тут ён быў за старшага, таму лічыў сваім абавязкам першым прывітацца і запрасіць на полудзень. Мы прыселі на пеньчукі.
— Ну, як ідзе работа? — спытаў я.
Антон паведаміў, што не пазней як праз дзень яны закончаць раскарчоўку, а тады ўся брыгада пераключыцца на выраўноўванне плошчы.
Адзін з загальцаў сказаў, што яны сёння закончаць раскарчоўку.
Сініцкі нездаволена паглядзеў у яго бок і нібы мімаходам заўважыў:
— Ну які там у вас лес, хмызняк адзін. На гэта загалец спакойна адказаў:
— Такі ж самы, як і ў вас, побач нашы ўчасткі. Сініцкі запярэчыў:
— Параўнаў. У нас жа сосны, хоць дошкі пілуй, алешыны, бярэзнік.
— I ў нас ёсць лес,— прымірэнча сказаў загалец.—Ды чаго ты хвалюешся? Калі мы скончым раней, дык прыйдзем і вам дапаможам.
— Лепш мы вам дапаможам,— настойваў Сініцкі. Потым ён звярнуўся да мяне:
— Скажыце, а хутка сюды прыляціць самалёт з нашай роднай Масквы?
— Як толькі закончым аэрадром, дык і прыляціць.
— А можна будзе тады ў Маскву пісьмо паслаць або, скажам, у Казань, Разань?
— Думаю, што можна будзе.
— А калі б нам усім сабрацца ды вось, як некалі да вайны, напісаць пісьмо нашаму ўраду. Апісаць, як мы тут жывём, як бязлітасна б\'ём ворага. Можна было б такое паслаць?
— Можна, і абавязкова напішам.
У часе нашай гаворкі сабраліся каля нас людзі. Кожнаму хацелася пачуць што-небудзь новае пра наш савецкі тыл, пра Маскву. Сініцкі ўстаў, акінуў усіх хуткім позіркам і сказаў:
— Хадзем, жанкі, і вы, мужчыны. Сёння ноччу і нам трэба закончыць раскарчоўку.
Усе хутка сабраліся і пайшлі на работу.
Хоць працавалі на востраве пераважна калгаснікі, а партызан было зусім мала, сюды часта, на якую хвіліну, наведваліся камандзіры атрадаў, камісары, а часцей за ўсё веставыя з баявых атрадаў і груп. Коратка яны расказвалі пра абстаноўку і, калі дазваляў час, дзяліліся са знаёмымі калгаснікамі сваімі ўражаннямі аб баях, перадавалі ім найбольш важныя баявыя эпізоды. I ўсе калгаснікі жылі гэтымі навінамі, працавалі тут, а думкі іх былі там, дзе ішлі баі, дзе іх сябры, браты білі фашыстаў.
У часе будаўніцтва аэрадрома найбольш буйныя баявыя аперацыі праходзілі ў раёне вёскі Катка на Глушчыне і ў навакольных населеных пунктах Халопенічы, Слабодка, саўгас «Халопенічы». У варожым гарнізоне Катка налічвалася звыш трохсот фашыстаў. На ўзбраенні ў іх было тры 40-міліметровыя гарматы, сем мінамётаў, больш дзесятка станковых і ручных кулямётаў, аўтаматы, вінтоўкі. Вёска была абнесена акопнымі ўмацаваннямі.
Штаб злучэння вырашыў знішчыць гэты гарнізон перш за ўсё таму, што ён знаходзіўся на стыку трох раёнаў і скоўваў дзеянні партызанскіх атрадаў. На аперацыю было загадана выйсці асобным падраздзяленням атрадаў Паўлоўскага, Храпко, Гуляева, Пакуша і Макара Бумажкова. Выйшлі таксама атрады Цікунова і Патрына. Атрад Цікунова быў створаны толькі некалькі месяцаў таму назад і цяпер пачаў дзейнічаць як самастойная баявая адзінка. Усяго было паслана на Катку чалавек каля пяцісот з добрым узбраеннем. Пры падраздзяленнях было чатыры гарматы, адзін ротны мінамёт, шэсць станковых і васемнаццаць ручных кулямётаў, многа аўтаматычнай зброі. Агульнае кіраўніцтва аперацыяй было ўскладзена на намесніка начальніка штаба злучэння Канстанцінава.
Першапачатковы план аперацыі быў прыблізна такі: падраздзяленні Гуляева, Пакуша, Бумажкова і атрады Цікунова і Патрына наносяць галоўны ўдар па гарнізону з заходняга і паўночнага бакоў. Для прыкрыцця флангаў Паўлоўскі і Храпко выстаўляюць баявыя засады каля вёскі Касарычы і на дарогах, якія вядуць да гарнізона. Сігналам пачатку бою павінны быць дзве чырвоныя ракеты, пушчаныя ў бок праціўніка.
Аднак перад самым наступленнем разведка данесла, што праціўнік з абозам і асноўным узбраеннем выйшаў з вёскі Катка і прасоўваецца ў напрамку вёскі Харомцы, Акцябрскага раёна. К вечару гітлераўцы занялі Харомцы і ўстанавілі ўзмоцненыя пасты і патруляванне. Давялося спешна змяніць план аперацыі.
Камандзірам атрадаў і падраздзяленняў былі пастаўлены дадатковыя задачы: рэзервовай групе, якая знаходзілася пры штабе, нанесці ўдар па праціўніку ў вёсцы Харомцы з паўднёвага боку. Пакушу і Патрыну — раптоўна ўварвацца ў вёску з паўночнага боку, а Бумажкову адначасова ўдарыць па варожаму гарнізону ў саўгасе імя Патапенкі. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы, таму Гуляеву і Цікунову было загадана неадкладна размясціць засады ў лесе і надзейна перагарадзіць гэтую дарогу.
Наступленне пачалося раніцай дзесятага жніўня 1942 года. У выніку імклівай атакі гітлераўцы былі выбіты з вёскі, аднак ім удалося адысці ў невялікі лясок на поўнач ад Харомцаў і там замацавацца.
Тым часам падраздзяленні Паўлоўскага і Храпко, фарсіраваўшы раку Пціч, раптоўным ударам разбілі праціўніка ў саўгасе «Халопенічы», а затым павялі наступленне на вёску Катка. Тут яшчэ заставаліся ахоўныя групы варожага гарнізона. Асноўная вайсковая маёмасць гітлераўцаў таксама не была вывезена адсюль. Партызаны знішчылі астаткі варожых сіл каткаўскага гарнізона і захапілі багатыя трафеі. У ходзе далейшага наступлення быў таксама разбіты гітлераўскі гарнізон у вёсцы Слабодка па дарозе к Харомцам.
Бой з асноўнымі сіламі гітлераўцаў, якія ўмацаваліся ў лесе на поўнач ад Харомцаў, цягнуўся больш сутак. Звыш трох дзесяткаў фашыстаў было забіта, многа паранена. Астатнія ноччу рассыпаліся і па адным або невялікімі групамі ўцяклі ў Глуск, пакінуўшы на месцы баёў амаль усё ўзбраенне і рэшту боепрыпасаў. Некалькі паліцаяў здалося ў палон.
Нашы атрады страт не мелі. Толькі два партызаны былі паранены, і то не цяжка.
Нашы поспехі на полі бою падбадзёрвалі калгаснікаў — будаўнікоў аэрадрома, натхнялі іх на самаадданую працу. За два з лішкам тыдні ўся плошча будучага аэрадрома была раскарчавана. Некалькі дзён спатрэбілася для таго, каб выраўнаваць яе, засыпаць шчэбенем і ўтрамбаваць.
Да канца жніўня аэрадром быў гатовы. Заставаліся розныя другарадныя гаспадарчыя работы і абсталяванне падманнага аэрадрома на выпадак налёту варожай авіяцыі. Гэта маглі б зрабіць і самі партызаны, аднак хутка мы заўважылі, што нашы аэрадромныя будаўнікі не хочуць разыходзіцца па хатах. Аднойчы Філіпушка прыйшоў у штаб і сказаў: — Мае брыгады просяць яшчэ работы. Мы параіліся між сабою і вырашылі дазволіць будаўнікам пакуль што застацца на востраве. Адну групу паставілі на маскіроўку аэрадрома, і яна цудоўна выконвала сваю справу. Калі не прымалі самалётаў, дык увесь час аэрадром быў засаджаны хвайняком або елкамі, і з паветра ніяк нельга было пазнаць, аэрадром гэта ці сапраўдны лес. Былі збудаваны зямлянкі для абслугоўваючага персаналу, для раненых байцоў, якіх трэба было накіраваць у савецкі тыл, абсталявалі падманны аэрадром. Потым знайшлася яшчэ работа, і, такім чынам, атрымалася, што толькі невялікая частка будаўнікоў вярнулася ў вёскі і была потым нашым пэўным рэзервам. А большасць засталася ў партызанах: хто ўвайшоў у каманду абслугоўвання, хто ў гаспадарчыя ўзводы, некаторыя атрымалі зброю і сталі ў баявыя рады.
3 першых тыдняў верасня 1942 года на наш аэрадром пачалі прылятаць крылатыя госці з Масквы, а таксама з другіх месц Савецкага Саюза. Маленькая кропка на зямлі хутка стала вядомай нашым людзям за тысячы кіламетраў. Аб ёй ведалі на Украіне, у Літве, Латвіі... Аб ёй ведалі партызаны Польшчы, Чэхаславакіі.
Сотні раненых народных мсціўцаў Беларусі і Украіны былі накіраваны праз гэты аэрадром у савецкі тыл. Аэрадромам карысталася на працягу некалькіх месяцаў партызанскае злучэнне Каўпака. Аднойчы ў цяжкі для ўкраінскіх партызан час, калі нельга было сесці на свой аэрадром, да нас прчыляцелі сакратар ЦК КП(б) Украіны Каротчанка і начальнік партызанскага штаба Украіны Строкач. 3 ляснога аэрадрома былі вывезены ў савецкі тыл і размешчаны ў спецыяльных дамах тысячы дзяцей загінуўшых партызан і воінаў Чырвонай Арміі. Адсюль вылецелі ў Маскву відныя вучоныя і другія спецыялісты нашай рэспублікі, якія не паспелі эвакуіравацца ў пачатку вайны.
Адсюль таксама быў эвакуіраваны ў Маскву цяжкапаранены праслаўлены партызан Кірыл Пракофьевіч Арлоўскі, зараз Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня вядомага ўсёй краіне калгаса «Рассвет», Кіраўскага раёна.
Усе гады вайны карысталіся мы Зыслаўскім аэрадромам. Ён служыў важнейшым сродкам непасрэднай сувязі з Вялікай зямлёй для многіх партызанскіх злучэнняў Беларусі.
Гэта быў першы ў рэспубліцы партызанскі аэрадром.

XXIII

Як толькі аэрадром быў гатовы, мы сталі з гадзіны на гадзіну чакаць самалёта з Масквы. Ён мог з\'явіцца ў любы момант. Вялікая туга па роднай савецкай зямлі была настолькі моцная, што многія людзі ў нецярплівым чаканні круглымі суткамі не спалі. Хваляваліся ўсе: і тыя, што дзяжурылі на аэрадроме, і тыя, што заставаліся ў лагеры. Ды і сам я быў вельмі ўзрушаны: ужо стала дакладна вядома, што з першым жа самалётам мне трэба будзе вылятаць у Маскву,—Цэнтральны Камітэт КП(б)Б і Штаб партызанскага руху Беларусі выклікалі для справаздачы. Масква, любімая сталіца нашай Радзімы! Ва ўсе часы суровага партызанскага жыцця ты была ў нашых сыноўніх сэрцах. Кожную хвіліну, кожны міг мы думалі аб табе, вялікаснай і магутнай, непаўторна цудоўнай, па-мацярынску ласкавай да ўсіх сваіх сыноў і дачок, якія, не шкадуючы жыцця, абаранялі свяшчэнную зямлю Саветаў пад баявымі сцягамі вялікага Леніна.
Пры ўспамінах аб тых днях і сёння па-асабліваму ўсхвалявана б\'ецца маё сэрца. Помню адну ноч. Гэта была ціхая, вераснёўская ноч, якія бываюць асабліва ядраныя ў нас, у Беларусі, калі над галавой неба быццам шкляное і зоры здаюцца блізкімі да зямлі, калі цішыню парушае толькі невялічкі вецер, абмятаючы з галін першыя асеннія лісты. Я ляжаў на ўзгорку, паблізу аэрадрома, падклаўшы сваю ватовую куртку. Вочы мае блукалі па ўсходняму краю неба. Я чакаў, што вось-вось за многімі сінімі зоркамі ўспыхнуць лятучыя зоркі, якія з\'явяцца вешчунамі дарагой нашаму сэрцу Вялікай зямлі. Перад маімі вачыма ўсплывалі хвалюючыя малюнкі Масквы, той Масквы, якую я помніў яшчэ з мірных дзён: Красная плошча, знаёмы граніт Маўзалея, зубчастая сцяна і Спаская вежа над ёй, роўныя рады маладых серабрыстых елак, высокія рубінавыя зоры над палацамі Крамля. Колькі разоў я абыходзіў вакол Крамля ў мірныя часы! I цяпер на партызанскім аэрадроме мне здавалася, што я зноў іду знаёмым шляхам каля Масква-ракі, каля -Каменнага моста, паблізу Баравіцкіх варот, ля Манежа, ля Гістарычнага музея. Толькі цяпер вежы Крамля паўставалі перада мною дужымі воінамі-волатамі з нахмураным чалом, непахісныя ў баі.
Мне вельмі хацелася пабыць у Маскве. Але нават ведаючы, што мяне выклікаюць, я не мог цалкам уявіць, што буду ў роднай сталіцы раней, чым скончыцца вайна. Лёгка зразумець, як узрадаваўся я, калі атрымаў радыёграму аб вылеце ў Маскву. Адно мне не давала спакою: ці надоўга туды мяне завуць? Мне здавалася, што ў такія суровыя дні я не павінен пакідаць сваіх таварышаў па барацьбе.
Калі я так думаў, мне станавілася не па сабе. У той час у нас было даволі складанае становішча. Гітлер кінуў суцраць партызан буйныя сілы. Атрады нашага злучэння вялі жорсткія няспынныя баі і не ў адным-двух месцах, а на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай, Палескай, Баранавіцкай і Пінскай абласцей. Праўда, мы нанеслі ворагу вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, разладзілі яго планы. Аднак з дня на дзень можна было чакаць падыходу новых часцей праціўніка.
Час быў вельмі напружаны. Трэба было як мага больш актывізаваць дзейнасць падпольных партыйных арганізацый і іх работу сярод насельніцтва, узмацніць баяздольнасць партызанскіх атрадаў. Я неаднаразова задаваў сам сабе пытанне: ці можна пакідаць падпольны абком і партызанскае злучэнне ў такі адказны час? А ці добра гэта наогул, што пры такіх напружаных абставінах я пакіну сваіх баявых таварышаў і сяброў? Мне здавалася ў той час, што гэтым я нават пакрыўджу іх.
Потым я адагнаў свае сумненні і разважанні. 3 Цэнтральнага Камітэта і партызанскага штаба прыйшоў выклік, а выклік штаба — загад. Трэба збірацца. Мы ўсе — члены бюро абкома, партыйныя кіраўнікі, камандзіры атрадаў — правільна расцанілі паездку ў Маскву: гэта выключна вялікая падзея, яна акажа ўплыў не толькі на наша злучэнне, а і на развіццё ўсяго партызанскага руху ў Беларусі. Кожны з нас адчуваў, што ў сталіцы трэба грунтоўна расказаць пра дзейнасць беларускіх партызан і атрымаць там указанні аб далейшым разгортванні ўсенароднай барацьбы з ворагам.
Трэба было бачыць, з якім стараннем рыхтаваліся таварышы да маёй камандзіроўкі ў Маскву. Камандзіры атрадаў хадзілі заклапочаныя. У сваіх рапартах ім хацелася расказаць аб атрадах, партызанах-байцах, іх баявых дзеяннях так, каб кожны, хто пачытае, адчуў, што нібы і сам ён пабываў у атрадзе. Члены абкома партыі пісалі аб вопыце партыйна-палітычнай работы ў атрадах і сярод насельніцтва. Ідзеш, бывала, ноччу і бачыш: ледзь свеціцца аганёк у лясным будане. Глянеш праз акенца і проста аж здзівішся: пасля дзённых баявых спраў сядзіць пры газнічцы камандзір атрада і піша сваю справаздачу ў Маскву. Кожнаму хацелася сказаць як мага больш, але мы не мелі часу, ды і не было патрэбы вельмі расцягваць наш даклад. Члены бюро абкома некалькі начэй не спалі і прыводзілі ў парадак матэрыялы аб нашай баявой дзейнасці.
Набліжаўся час адлёту. Але хацелася, каб у партызанскім злучэнні былі яскравыя задачы на бліжэйшы час, таму незадоўга перад вылетам мы выклікалі ў штаб на гутарку камандзіраў і камісараў атрадаў, сакратароў падпольных райкомаў. Мы не думалі, што я надоўга затрымаюся ў Маскве. Аднак важна было, каб усе камандзіры і камісары атрадаў добра ведалі, чым яны будуць займацца. Мы лічылі неабходным паставіць перад злучэннем у першую чаргу дзве важныя задачы.
Адна з іх была такога парадку. У ахоўных і нават экспедыцыйных фашысцкіх войсках былі славацкія падраздзяленні. Нам удалося дасканала высветліць, што многія салдаты і нават афіцэры гэтых падраздзяленняў не хочуць ваяваць супраць нас і што фашысты прымусова мабілізавалі іх на службу. Славакі неслі ахову многіх мастоў на важнейшых чыгуначных шляхах. Наш абавязак быў узарваць гэтыя масты і паралізаваць рух ворага. Трэба было не марудзячы звязацца са славакамі, распрапагандаваць салдат і як мага больш перацягнуць іх на свой бок. Было ясна, што з дапамогаю салдат і афіцэраў, якія спачуваюць нам, лягчэй выканаць задачу дэмаралізацыі тылу ворага.
Наша разведка працавала добра. Да нас даходзілі весткі, што многія славакі самі хочуць перайсці да партызан, каб разам змагацца супраць нямецкіх фашыстаў. Людзей, якія спачувалі нам, можна было знайсці таксама і сярод прымусова мабілізаваных палякаў, сярод румынаў, французаў і нават сярод немцаў. Вось гэтую задачу мы і паставілі перад усімі партызанскімі кіраўнікамі. Сваім намеснікам — Мачульскаму, Бельскаму, Бондару і Варвашэні — я параіў весці гэтую справу асцярожна, каб унікнуць якіх-небудзь непрыемных выпадковасцей.
Другой задачай была арганізацыя ўзрываў вялікіх мастоў на варожых камунікацыях. Мы і раней надавалі гэтаму асаблівае значэнне, аднак у большасці выпадкаў нашы атрады руйнавалі масты толькі на шасейных і грунтавых дарогах. Вялікія чыгуначныя масты ў першыя часы мы не заўсёды адважваліся ўзрываць: у нас мала было падрыўных сродкаў, не хапала спецыялістаў, ды, апрача таго, гэтыя масты ахоўваліся значнымі сіламі гітлераўцаў.
Цяпер жа мы былі падрыхтаваны рашуча ўзяцца за справу і нанесці ворагу моцныя ўдары на яго камунікацыях: затрымаць, не пусціць на фронт сотні вайсковых эшалонаў з жывой сілай, узбраеннем і тэхнікай.
Мы вырашылі, што перш за ўсё трэба падарваць вялікі мост цераз раку Пціч. Гэты мост знаход\'зіўся на стратэгічна важнай чыгуначнай лініі Брэст — Лунінец — Калінкавічы — Гомель, па якой немцы перакідвалі ў раён Сталінграда свежыя падмацаванні. Ахоўваўся ён спецыяльным батальёнам гітлераўцаў. Была нямецкая ахова таксама і на бліжэйшых станцыях. Вялікія гарнізоны размяшчаліся ў Петрыкаве і Капаткевічах. Праўда, у раёне Петрыкава стаялі славацкія часці, але ўсё роўна аперацыя прадбачылася вельмі складаная і цяжкая.
Рыхтавацца да гэтай аперацыі мы вырашылі неадкладна. Яна з\'яўлялася адной з галоўных у нашым баявым плане. Кіраўніцтва аперацыяй ускладалася на Мачульскага і Бельскага.
I вось у гэтыя напружаныя дні і ночы нашай баявой падрыхтоўкі прыйшоў нарэшце доўгачаканы час адлёту. Гэта было ноччу 22 верасня. Над нашым востравам ва ўмоўлены час з\'явіўся крылаты друг. Па ўмоўных знаках, па хвалюючаму нашы сэрцы гуку матораў мы пазналі яго. Помню, ад раптоўнай радасці ў мяне быццам электрычныя іскры рассыпаліся па ўсім целе, а сэрца закалацілася так, што чутны былі яго ўдары.
Мы запалілі факелы, паказваючы госцю месца пасадкі. Самалёт пакружыўся над зараснікамі і, прыглушыўшы маторы, пайшоў на пасадку. Усе, хто быў у гэты час на аэрадроме, застылі ў хвалюючым чаканні. Кожны з нас убачыў у самалёце жывое прывітанне Радзімы. У гэты момант для нас нібы знікла ўсё: і фронт, і нямецкія гарнізоны вакол,— так выразна адчулі мы непарыўнае сваё адзінства з усім савецкім народам, з нашай вялікай, непераможнай дзяржавай.
Самалёт сеў. Я, Мачульскі, Бельскі, Бондар, Канстанцінаў, некаторыя штабныя работнікі і партызаны, дзяжурныя па аэрадрому, накіраваліся да яго. Але ніхто з самалёта не выходзіў. Лётчыкі, мабыць, не былі ўпэўнены, што трапілі да сваіх. Я назваў пароль. Адзін з пілотаў паспешна сышоў на зямлю і шпаркім крокам рушыў нам насустрач:
— Прывітанне вам, таварышы! Прывітанне з Масквы!
Мы па-брацку абняліся з ім. Лётчык моцна паціскаў усім рукі, а твар яго, адкрыты і шчыры, свяціўся радасцю.
— Капітан Груздзін.
Пра Героя Савецкага Саюза таварыша Груздзіна мы ведалі добра, —хоць сустрэліся ўпершыню. Летчык Груздзін ужо не раз прылятаў сюды і разам з грузамі часта скідваў нам прывітальныя пісьмы. Ен папрасіў зараз жа разгрузіць самалёт, бо меў намер вылятаць адсюль неадкладна.
Між тым на пляцоўцы сабралася многа людзен. Кожнаму хацелася зірнуць на пасланца Вялікай зямлі пабыць з тымі, хто адлятаў зараз у родную Маскву хто пабачыць Красную плошчу, Крэмль. Людзі паціскалі мне рукі, абдымалі. У гэтыя поціскі яны ўкладвалі ўсю цеплыню сваіх сэрцау. I я з асаблівай сілай адчуў, якая адказнасць ляжыць на мне: людзі бачылі ў маёй асобе свайго прадстаўніка, таго, хто павінен далажыць ураду, партыі, як змагаюцца з ворагам народныя мсціўцы, якая вялікая адданасць і палымяная народная любоў да нашай дарагом Радзімы. У многіх маіх таварышаў былі родныя на Вялікай зямлі: у каго жонка і дзеці, у каго бацькі, браты, сёстры. Многія з іх эвакуіраваліся ў свой час і працавалі ў розных братніх рэспубліках. Шмат было і знаёмых у розных краях і абласцях неабдымнага Савецкага Саюза. Я атрымаў да іх столькі пісем, — што кішэняў не хапала. Я ведаў, што часцінку сэрца кожнага вязу любым, дарагім людзям, і калі садзіуся ў самалёт, дык адчуваў, як сагравалі мяне гарачыя позіркі маіх таварышаў.
Такіх хвілін ніколі не забыць!
Але час прыйшоў. Мы селі. Лётчыкі доуга не маглі залезці ў самалёт. Партызаны ўсё падыходзілі і засыпалі іх рознымі пытаннямі і просьбамі. Намвялікшай просьбай было — апусціць пісьмы ў маскоўскую паштовую скрынку. Другія проста прасілі перадаць прывітанне ўсім савецкім людзям, якія разам з арміяй і партызанамі кавалі перамогу над ворагам. Кожнаму хацелася хоць крышачку наблізіцца да Вялікан зямлі, паўней і глыбей адчуць яе дарагія прасторы. А яна паўставала перад намі неабдымная, суровая у змаганні ад Мурманска да вяршынь Каўказа.
Нарэшце самалёт узняўся. Са мною паляцелі Канстанцінаў і Бондар. Аляксею Георгіевічу патрэбна было грунтоўнае лячэнне, бо яго рана часта адкрывалася. Я ляцеў, і мне не верылася, што я ужо далёка ад сваіх сяброў. Яшчэ так выразна стаялі перада мной партызанскія лагеры: буданы, аружэйныя майстэрні, героі-воіны з чырвонымі стужкамі на шапках. На памяць прыходзілі словы народнага паэта Янкі Купалы:
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны,
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
Тое пачуццё, што ты хоць часткова выканаў заданне Радзімы, напаўняла радасцю сэрца.
Хутчэй у Маскву! Але наперадзе яшчэ была цяжкая дарога. Над лініяй фронту нас моцна абстралялі, адзін з матораў быў пашкоджаны.
Вопытнаму лётчыку ўдалося праскочыць небяспечную паласу і своечасова прывесці самалёт у Маскву.
Прыляцелі на досвітку, самалёт прызямліўся на маскоўскім аэрадроме. У першы момант неяк аж не верылася, што фронт застаўся недзе далёка, што мы ўжо ў Маскве. Гэта была першая раніца за ўвесь час вайны, якую мы сустракалі не ў баявой абстаноўцы. Нас спаткалі камандзір авіяцыйнай часці Караткоў Веняямін Міхайлавіч і начальнік палітаддзела часці Карпенка Іосіф Міхайлавіч. Аблічча кожнага я і цяпер добра памятаю і не забуду іх усё жыццё: гэта былі першыя людзі, з якімі я сустрэўся на Вялікай зямлі.
Высокі, стройны, немаладых год камандзір часці радасна паціскаў нам рукі, вочы яго блішчалі ад узрушанасці і хвалявання, ён усміхаўся шчыра і ласкава. Пытанні сыпаліся бесперапынна. Баявы, вопытны камандзір глядзеў на нас як на нейкіх асаблівых, незвычайных людзей, хоць мы, вядома, нічога незвычайнага сабой не ўяўлялі. Простыя людзі, грамадзяне Савецкага Саюза, якія сумленна выконвалі свой доўг перад Радзімай, і больш нічога. Прызнаюся, што тады я схільны быў аднесці ўсё гэта на кошт асаблівасцей характару чалавека, на кошт яго крыху можа залішняй цікаўнасці.
Нашы вайсковыя сябры запрасілі нас да сябе, добра пачаставалі і размясцілі на адпачынак. Тут я амаль першы раз ад пачатку вайны смела разуўся, сцягнуў з сябе верхнюю вопратку, між іншым добра ўжо вынашаную, зняў нават зброю, з якой не разлучаўся ні днём ні ноччу. Калі я паклаў кабуру на стол, мне здавалася, што я раблю нешта недаравальна рызыкоўнае і небяспечнае, — да таго ўжо я, у мінулым цывільны чалавек, прызвычаіўся да зброі.
Крыху адпачыўшы, мы пераехалі ў гасцініцу. Назаўтра не паспелі і азірнуцца, як за дзвярамі пачулася стрыманая, аднак даволі шматгалосая гамонка. Я адчыніў дзверы і бачу: стаяць каля пакоя чалавек дзесяць. Тут і мужчыны, і жанчыны, цывільныя і ваенныя. Стаяць, перагаворваюцца паміж сабой і не асмельваюцца зайсці.
Мы запрасілі ўсіх. Сярод нашых гасцей было некалькі беларусаў, якія спадзяваліся пачуць ад нас што-небудзь пра свае родныя гарады, вёскі, прадпрыемствы, калгасы, даведацца пра сваіх блізкіх і знаёмых. Астатнія ж былі масквічы, ваеннаслужачыя, работнікі Цэнтральнага і Беларускага партызанскіх штабоў. Усім ім хацелася пазнаёміцца з намі, пагаварыць, распытаць, як мы ваюем, як у варожым тыле змагаюцца савецкія людзі.
Пачалася ў нас жывая, цёплая, сяброўская гутарка. Людзей усё прыбаўлялася. Наш невялічкі пакой не мог умясціць усіх. Адны выходзілі, другія прыходзілі. Тут я ўпэўніўся, што не праз цікаўнасць імкнуўся аб усім у нас распытаць камандзір авіяцыйнай часці, а што тут ёсць нешта іншае. Мне стала ясна, што людзі ўсёй нашай краіны сочаць за няспыннай гераічнай барацьбой беларускіх партызан. Між тым, знаходзячыся на акупіраванай ворагам тэрыторыі, мы іншы раз думалі, што пра нашы справы мала хто і ведае.
Аказваецца, ведалі вельмі многія. Праз некаторы час зайшоў першы сакратар Віцебскага абкома Стулаў I. А. Зноў пачалася шчырая размова, абмен думкамі наконт партызанскай барацьбы ў іншых абласцях нашай рэспублікі. Ён многа расказваў аб вопыце партыйна-палітычнай і камсамольскай работы на Віцебшчыне, аб баявых аперацыях, праведзеных партызанамі ў Сіроцінскім раёне пад кіраўніцтвам дырэктара пудоцкай кардоннай фабрыкі імя Вароўскага Шмырова Міная Філіпавіча («Бацькі Міная»), сакратара Расонскага падпольнага райкома камсамола Машэрава Пятра Міронавіча, сакратара Лепельскага падпольнага райкома партыі Лабанка Уладзіміра Елісеевіча.
Вялікую арганізатарскую работу правялі гэтыя нястомныя, ініцыятыўныя камуністы, сапраўдныя патрыёты Радзімы. У барацьбе з акупантамі яны паказалі нечуваны гераізм, вытрымку, уменне паспяхова выкарыстоўваць партызанскую тактыку.
Пазней усе яны былі ўдастоены ганаровага звання Героя Савецкага Саюза.
Мы размаўлялі б, бадай-што, да самага вечара, каб не прыехаў сакратар ЦК КП(б)Б таварыш Панамарэнка. Ён цёпла прывітаўся з намі, распытаў пра здароўе і папрасіў коратка праінфармаваць яго аб падзеях самых апошніх дзён.
Уважліва выслухаўшы маю інфармацыю, ён падняўся і, падаючы на развітанне руку, сказаў:
— Усе справы — на пасля. Зачыніцеся на суткі, адпачніце як мае быць, а тады пачнём работу.
Аднак нам не прыйшлося здзейсніць яго парады: госці прадаўжалі наведвацца, і амаль ніводнай гадзіны ў нас не было вольнай.
Праз два дні мы сустрэліся з таварышам Панамарэыкам у Цэнтральным штабе партызанскага руху. Гутарка цягнулася гадзіны тры.
Мы добра ведалі, што робіцца ў вёсках і гарадах не толькі Мінскай, але і другіх абласцей рэспублікі, і імкнуліся аб усім падрабязна далажыць. Я расказаў пра нашы першыя дні ў падполлі, пра нашы пошукі правільных сцежак у новай, яшчэ зусім нязведанай справе. Былі ў нас і непамерныя цяжкасці, і памылкі. Але мы ні адной гадзіны. не патрацілі на бязмэтныя вандраванні, не парушалі сувязі з народам, з партыйнымі арганізацыямі. Мы заўсёды былі з народам і ўвесь час карысталіся яго поўнай падтрымкай. Наша сіла, крыніца нашых поспехаў заключалася ў мудрым кіраўніцтве партыі.
Пад канец размовы таварыш Панамарэнка сказаў нам, што Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай партыі штодзённа цікавіцца барацьбой беларускіх партызан і што ў Крамлі будзе праведзена сустрэча кіраўнікоў партыі і ўрада з прадстаўнікамі беларускіх партызан.

XXIV

Пад вечар таго ж дня мы з генералам Канстанцінавым прыехалі на прыём да таварыша Варашылава. Цёплая і радасная была для нас гэта сустрэча. 3 глыбокай увагай і цікавасцю слухаў Клімент Яфрэмавіч наш расказ аб барацьбе беларускага народа супраць гітлераўскіх захопнікаў, аб тым, як пераадольваюць нашы людзі цяжкія выпрабаванні, аб стойкасці і непахіснасці савецкіх патрыётаў у тыле ворага.
Асабліва цікавіўся Клімент Яфрэмавіч тактыкай партызанскай барацьбы. Я далажыў, як мы ваюем цяпер і як думаем ваяваць у далейшым. Коратка расказаў аб найбольш важных і складаных аперацыях, праведзеных партызанамі ў гарадах Мінску, Барысаве, аб Старобінскай і Любанскай аперацыях, аб нашым рэйдзе, а таксама аб баявых дзеяннях у Слуцку і Чырвонай Слабадзе, якімі кіраваў першы сакратар Чырвонаслабодскага райкома партыі Максім Жукоўскі. Расказаў таксама пра гераічны бой партызан пад кі раўніцтвам сакратара Рудзенскага райкома партыі Мікалая Пакроўскага каля вёскі Клінок, пра вялікі бой у Акцябрскім раёне.
Я прывёў рад прыкладаў сапраўднага гераізму і самаахвяравання працоўных Беларусі ў барацьбе з ворагам, расказаў аб бессмяротных подзвігах Фені Конанавай, Яўстрата Гарбачова і другіх.
Задаўшы некалькі пытанняў, таварыш Варашылаў папрасіў таксама Канстанцінава падзяліцца сваімі ўражаннямі аб дзейнасці беларускіх партызан.
— Я хацеў бы сказаць толькі адно, таварыш Маршал Савецкага Саюза,— крыху хвалюючыся, пачаў Канстанцінаў. — Я больш года жыў сярод беларусаў, разам з імі ваяваў, плячо к плячу з беларускімі партызанамі не раз хадзіў у атаку супраць ворага і ад душы скажу, што вельмі палюбіў беларускі народ, гэтых мужных, свабодалюбівых людзей, і сёння мне неяк сумна ад таго, што я расстаўся з Беларуссю, хоць, можа быць, і ненадоўга. Я прасіў бы вас, таварыш маршал, паслаць мяне на Беларускі фронт. Я апраўдаю давер\'е партыі і ўрада.
Мы абодва — я і Канстанцінаў — былі ў даволі паношанай вопратцы. Заўважыўшы гэта, Клімент Яфрэмавіч пацікавіўся, як партызаны забяспечвдюць сябе абмундзіраваннем. Мы расказалі, што спачатку, калі крута было, дык партызаны майстравалі сабе абутак нават з лазы, навучыліся плесці цёплыя коўдры з сена і саломы... Цяпер жа ў нас ёсць усё неабходнае. Нашы людзі ініцыятыўныя. 3 любога становішча яны знойдуць выхад. Пачуццё салідарнасці, таварыскасці, выхаванае ў савецкіх людзей Камуністычнай партыяй, дапамагае пераадольваць любыя цяжкасці. 3 найвялікшым энтузіязмам ва ўсім дапамагае нам насельніцтва.
— Беларускія партызаны, у якіх бы цяжкіх умовах ні знаходзіліся, ні адной хвіліны не адчувалі сябе адзінокімі,— сказаў я таварышу Варашылаву.— Мы ўвесь час адчувалі цвёрдую падтрымку ўсяго савецкага народа, усёй Савецкай краіны. Зразумела, што народная дапамога намнога аблегчыла наша становішча і з вопраткай, і з прадуктамі харчавання.
Таварыш Варашылаў уважліва слухаў, робячы час ад часу паметкі на лістку паперы.
У пытаннях і заўвагах Клімента Яфрэмавіча адчувалася вялікая павага і любоў да беларускага народа, вера ў сілу яго духу, у яго патрыятызм.
Калі я прыводзіў назвы населеных пунктаў і буйных прадпрыемстваў, мне не трэба было рабіць асобных тлумачэнняў. Клімент Яфрэмавіч добра ведаў Беларусь, не раз бываў у ёй да вайны, заўсёды сачыў за яе гаспадарчым і культурным развіццём. Беларускі народ у 1937 годзе выбраў выдатнага палкаводца сваім дэпўтатам у Вярхоўны Савет СССР.
Выслухаўшы нас, Клімент Яфрэмавіч сказаў, што беларускія людзі заўсёды былі загартаваныя і гераічныя. Колькі разоў ім даводзілася пераадольваць цяжкія выпрабаванні з дапамогаю вялікага рускага народа і сумесна з ім адбіваць нашэсце ворага! I ніколі не пахіснуўся беларускі народ, заўсёды ён быў у першых радах, мужна змагаўся за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы.
У канцы гутаркі Клімент Яфрэмавіч сардэчна падзякаваў нам і сказаў:
— Партызаны — сапраўды непераадольная сіла. 3 дапамогаю партызан Чырвоная Армія і савецкі народ абавязкова выйдуць у гэтай вайне пераможцамі.
У поўдзень наступнага дня, калі я ўжо сабраўся ісці ў Штаб партызанскага руху, зазваніў тэлефон. Я зняў трубку. Ля тэлефона быў таварыш Панамарэнка. 3 гутаркі я даведаўся, што Клімент Яфрэмавіч пасля нашай сустрэчы гаварыў з членамі Палітбюро ЦК ВКП(6). Усе яны вельмі зацікавіліся нашымі справамі, падрабязна распытвалі аб беларускіх партызанах, а потым было выказана пажаданне прыняць мяне ў Крамлі.
Цяжка выказаць тое радаснае пачуццё, што авалодала тады мною. У варожым тыле, у цяжкія дні партызанскіх баёў з пераважаючымі сіламі ворага, у дні суровай падпольнай работы слова нашай партыі надавала нам сілу і ўпэўненасць у перамозе. Мудрыя, натхняючыя наказы партыі савецкаму народу, арміі, партызанам давалі нам ясную і дакладную праграму дзеяння. А колькі разоў, сабраўшыся разам, мы марылі аб тым, якім шчасцем было б пабываць у Крамлі, расказаць там аб нашым жыцці і барацьбе, аб бязмежнай любві да нашай роднай партыі, нашага ўрада.
Усе наступныя дні ў мяне быў нейкі асабліва бадзёры і радасны настрой. Многа разоў я пераглядваў свае запіскі для даклада. Стараўся ўявіць сабе, аб чым будуць гаварыць са мной члены Палітбюро. Перад вачыма паўставалі многія дні падполля. Тое, што на месцы часам і не заўважалася, цяпер ярка ўсплывала ў памяці, рабілася значным і цікавым.
Праз некалькі дзён пасля маёй размовы па тэлефоне з таварышам Панамарэнкам мяне тэрмінова выклікалі ў Цэнтральны штаб партызанскага руху. Панамарэнка ўжо чакаў мяне.
— Васіль Іванавіч,— сказаў ён,— члены Палітбюро запрашаюць вас да сябе.
Мы адразу ж накіраваліся ў Крэмль. Заходзім у прыёмную таварыша Сталіна. Панамарэнка бярэ мяне за руку і ціха пытаецца:
—Вельмі хвалюецеся? — і тут жа супакойвае: — Нічога, Васіль Іванавіч, вось убачыце членаў Палітбюро, паслухаеце іх і адразу ж адчуеце сябе як дома.
Праз некалькі хвілін, ледзь стрымліваючы хваляванне, я ўвайшоў у кабінет Генеральнага сакратара. Насустрач з-за стала падняўся таварыш Сталін. Я прывітаўся па-вайсковаму. Іосіф Вісарыёнавіч працягнуў мне руку і запрасіў сесці. Мы з таварышам Панамарэнкам селі. У кабінет увайшлі таварышы Варашылаў, Андрэеў.
Іосіф Вісарыёнавіч прадставіў мяне членам Палітбюро і папрасіў расказаць, як дзейнічаюць у тыле ворага партызаны, як жыве і змагаецца беларускі народ.
Я пачаў дакладваць. Члены Палітбюро ўважліва слухалі мяне і час ад часу задавалі пытанні. Яны цікавіліся ўсімі дэталямі партызанскага руху і жыцця народа на акупіраванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. Мне стала ясна, што ў Цэнтральным Камітэце партыі добра ведаюць аб нашых справах і што тут ставяцца толькі такія пытанні, вырашэнне якіх яшчэ больш узмоцніць партызанскую барацьбу.
3 далейшай размовы мне стала ясна і тое, што цяпер, калі Чырвоная Армія на франтах адстойвае свабоду і незалежнасць сваёй дзяржавы, партызанскі рух становіцца адным з важных фактараў перамогі над ворагам, што перш за ўсё неабходна дабіцца таго, каб партызанская барацьба разгарнулася яшчэ шырэй і стала ўсенароднай.
Гаворачы аб чарговых задачах партызанскага руху, члены Палітбюро адзначалі выключную важнасць выхавання ў народзе непахіснай веры ў перамогу. Калі ў людзей будзе глыбокая вера ў несакрушальную магутнасць нашай дзяржавы, у непахіснасць яе палітычнага ладу, яны не спыняцца ні перад якімі цяжкасцямі, яны будуць тварыць цуды. Была таксама выказана думка, што побач з баявымі справамі неабходна шырока разгарнуць і весці сярод насельніцтва няспынную палітычную работу, расказваць людзям праўду аб становішчы ў Савецкім Саюзе, аб бязлітаснай барацьбе Чырвонай Арміі і ўсяго савецкага народа супраць фашысцкіх захопнікаў, аб непазбежнай гібелі крыважэрных акупантаў, што трэба выкрываць на фактах хлуслівую фашысцкую прапаганду, выхоўваць у народзе нянавісць да нямецкіх захопнікаў.
Мы гаварылі доўга. 3 кожнага слова членаў Палітбюро я рабіў пэўныя вывады. Я зразумеў, у прыватнасці, што зусім неабавязкова ва ўмовах усенароднага партызанскага руху ўзбройваць увесь народ вінтоўкамі і пушкамі. Гэта і немагчыма. У руках партызана і запалка — зброя, бо ёю можна падпаліць склады, базы праціўніка; для партызана вілы — зброя; косы, рыдлёўкі — зброя; чыгуначныя ключы і ламы — зброя. Усе сродкі барацьбы прыгодныя. Неабходна стварыць для ворага невыносныя ўмовы на нашай зямлі. Нельга даваць яму ні грама хлеба, ні грама мяса. Трэба, каб партызаны завальвалі ўсе лясныя дарогі, перакопвалі іх, разбуралі чыгуначнае палатно. Ніводнай чыгуначнай лініі не павінна застацца непашкоджанай, таму што па чыгунках перавозяцца снарады, гарматы, танкі, гаручае, жывая сіла. Калі танкі на фронце — гэта сіла, а калі яны на чыгуначных платформах, на базах — іх лягчэй падарваць, каб не даць ворагу магчымасці скарыстаць іх на фронце. Усімі сродкамі трэба біць ворага.
У маёй памяці прамільгнулі карціны нядаўняга мінулага: Мінск, устрывожаны нападам гітлераўскай Германіі на нашу зямлю... Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, дзе сабраліся кіруючыя партыйныя і савецкія работнікі рэспублікі. Потым — мястэчка Беразіно, дзе трэцяга ліпеня 1941 года мы пачулі суровыя і праўдзівыя словы партыі: «Таварышы! Нашы сілы незлічоныя. Вораг, які зазнаўся, павінен будзе хутка пераканацца ў гэтым. Усе сілы народа — на разгром ворага! Уперад, за нашу перамогу!»
Праз сотні кіламетраў, якія аддзялялі нас ад лініі фронту, у глыбокім варожым тыле, чулі мы набатны заклік нашай слаўнай партыі і ўрада ўзнімацца на бязлітасную барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі.
Вось група партызан-камсамольцаў сабралася ў зямлянцы перад адпраўкай на адказнае і рызыкоўнае заданне. Непраглядная асенняя ноч, глухі шум дажджу. Твары ў народных мсціўцаў сур\'ёзныя, уважлівыя. Моўчкі заканчваюць яны апошнія прыгатаванні. Але вось адзін з хлопцаў упаўголаса запявае песню аб партыі. Знаёмая, родная мелодыя, знаёмыя, прачулыя словы. Адчуваеш, як узнімаецца з глыбіні душы, нарастае магутная, непераадольная сіла, сіла ўсёпаглынаючай любві да Радзімы, пачуццё вялікага братэрства ўсіх савецкіх людзей. Думкі толькі аб перамозе, аб свяшчэнным доўгу перад народам.
Выступаеш на сходзе ў напалову спаленай, разграбленай фашысцкімі акупантамі беларускай вёсцы. У кожным доме сваё гора, свая крыўда і трывога, і ва ўсіх адно агульнае гора, адна агульная трывога за лёс Радзімы. Гаворыш аб становішчы на франтах, аб поспехах партызанскага руху і не авацыі, не воплес-кі чуеш, а адчуваеш, як часта б\'юцца людскія сэрцы. Якой ласкай, любоўю загараюцца вочы пры словах аб нашай партыі, якая сіла з\'яўляецца ў людзях! Мы неслі ў народ указанні партыі, і яны былі самай ма-гутнай нашай зброяй. Мы звярталіся да народа ад яе імя, і ў гэтым быў сакрэт усіх нашых поспехаў.
Пад канец сустрэчы I. В. Сталін настойліва параіў беларускім партызанам не абмяжоўваць сваёй дзейнасці толькі сельскай мясцовасцю. Партызанскія кіраўнікі павінны больш удзяляць увагі гораду. У гарадах — буйныя нямецкія гарнізоны, ваенныя базы. У гарадах размясціліся гестапа і болыная частка нямецкага камандавання. Многія гарады ў той жа час з\'яўляюцца буйнымі чыгуначнымі вузламі, асноўнымі пунктамі дыслакацыі варожых часцей.
Партызанскія атрады, асобныя нашы арганізацыі і падрыўнікі павінны абавязкова пранікнуць ва ўсе гарады, вялікія і малыя, і шырока разгарнуць там разведвальную і дыверсійную работу. Разбураць і спальваць вузлы сувязі, электрастанцыі, катлавыя ўстаноўкі, водазабеспячэнне, склады, ёмкасці з гаручым і іншыя аб\'екты, якія маюць ваенна-эканамічнае значэнне.
Неабходна ўсімі сіламі ўмацоўваць і пашыраць у гарадах дзейнасць падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый, пашыраць агонь партызанскай барацьбы.
Тут жа, на гэтым пасяджэнні, былі сфармуляваны асноўныя пункты рашэння аб узмацненні партызанскага руху ў тыле ворага, аб ператварэнні яго ў небывалы па размаху масавы, усенародны рух.
Пасля прыёму, калі мы ўсталі і развіталіся з членамі Палітбюро, да мяне падышоў таварыш Сталін і, паціскаючы руку, сказаў, што галоўнае для нас цяпер — не траціць самай цеснай сувязі з народам, усімі сродкамі ўмацоўваць гэтую сувязь — вось у чым зарука нашых поспехаў.
Іосіф Вісарыёнавіч папрасіў перадаць беларускаму народу прывітанне і падзяку за мужную барацьбу і сказаць ад імя ЦК ВКП(б) і Савецкага ўрада, што Чырвоная Армія хутка прыйдзе ў Беларусь.
Гэтыя ўпэўненыя словы былі сказаны ў самыя цяжкія дні вайны, калі фашысты шалёна рваліся да Сталінграда і, разгортваючы наступленне на поўнач, уздоўж Волгі, ставілі сабе за мэту абысці Маскву з усходу, каб адрэзаць яе ад Волгі і Урала і пасля ўдарам з тылу авалодаць нашай любімай сталіцай. Пасля прыёму паехалі з таварышам Панамарэнкам у ЦК КП(б)Б, доўга сядзелі там, абдумвалі\'ўказанні Палітбюро.
Хутка нам прынеслі сюды рашэнне ЦК ВКП(б). Было ясна, што партызанскі рух у Беларусі павінен уступіць у новую фазу і прыняць яшчэ больш шырокі размах.
Прыехаў я ў гасцініцу ўжо далёка за поўнач. Нягледзячы на позні час, у маім пакоі было многа людзей. Партызанскія кіраўнікі Украінскай ССР, Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай і другіх абласцей, якія знаходзіліся ў той час у Маскве, чакалі мяне. Кожнаму хацелася пачуць што-небудзь аб прыёме ў Крамлі.
Я пастараўся дакладна перадаць тое, пра што гаварылі члены Палітбюро. 3 выключным энтузіязмам сустрэлі мае слухачы словы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб хуткім прыходзе Чырвонай Арміі на Беларусь.
Прагаварылі мы так амаль да самага світання, а калі ўсе выйшлі, я доўга яшчэ не мог заснуць. Першы раз у сваім жыцці быў я на такім прыёме. Мне хацелася зараз жа вылецець у тыл ворага, да сваіх сяброў, каб хутчэй расказаць працоўным Беларусі аб сустрэчы ў Крамлі, аб тых думках і пажаданнях, якія былі выказаны членамі Палітбюро.
Не дачакаўшыся поўнага світання, я пачаў нецярпліва званіць Пятру Захаравічу Калініну — начальніку Беларускага штаба партызанскага руху, каб папрасіць яго паскорыць мой ад\'езд у партызанскае злучэнне.
Але хутка вярнуцца ў Беларусь мне не давялося. Трэба было застацца на некаторы час у Маскве. Па даручэнню ЦК ВКП(б) я наведваў прадпрыемствы, установы, сустракаўся з рабочымі і служачымі. Пабываў у райкомах, выступаў перад партыйным актывам. Быў у зенітчыкаў, якія ахоўвалі Маскву. Усюды расказваў аб жыцці і гераічнай барацьбе беларускіх партызан, аб прыёме ў Палітбюро ЦК ВКП(б).
Так прайшло некалькі дзён. I вось хутка мне паведамілі, што таварыш Андрэеў просіць мяне зайсці да яго заўтра ў дзве гадзіны дня.
Я прыехаў у ЦК ВКП(б) дакладна ў вызначаны час. Таварыш Андрэеў адразу ж прыняў мяне. Ён распытваў, як мы праводзім арганізацыйна-масавую і палітычную работу сярод партызан і насельніцтва, як рашаем праблему ўзбраення партызан, як здабываем узрыўчатку. Андрэй Андрэевіч прасіў мяне перадаць таварышам, што ЦК ВКП(б) і Савецкі ўрад зробяць усё, каб дапамагчы беларускім партызанам. Ён выказаў думку аб тым, што карысна было б мне паехаць на ўсход краіны, пабываць у Казані, Іванаве, Каўрове і іншых прамысловых цэнтрах, выступіць там перад рабочымі і расказаць ім аб партызанскай барацьбе ў тыле варожых армій.
Я падзякаваў за давер\'е і праз дзень выехаў з Масквы.
Казанскія, іванаўскія і каўроўскія таварышы прымалі мяне цёпла, з радасцю. Ім цікава было сустрэцца з чалавекам, які прыляцеў з варожага тылу, даведацца ад яго, як жывуць і змагаюцца савецкія людзі ў акупіраваных абласцях, якія цяжкасці і выпрабаванні яны пераадольваюць. Сходы на фабрыках і заводах, дзе я выступаў, былі выключна мнагалюднымі. Слухалі мяне з неаслабнай увагай, са шчырым захапленнем. Аўдыторыя — вокам не акінуць, а цішыня заўсёды такая, што муха праляціць — пачуеш.
Я не рабіў спецыяльных дакладаў, не чытаў лекцый, а проста вёў з людзьмі цёплую, задушэўную гутарку, перадаў ім тое, што сам бачыў і перажыў. Нямала было выпадкаў, калі рабочыя тут-жа, на сходах, пісалі заявы з просьбай накіраваць іх у тыл ворага. Многія рабочыя бралі на сябе абавязацельствы працаваць на Чырвоную Армію і партызан дзень і ноч да поўнага разгрому ворага. Рабочыя аднаго завода, пры актыўным удзеле Героя Сацыялістычнай Працы Дзегцярова, зрабілі для камандзіраў і камісараў партызанскіх атрадаў нашай вобласці ў няўрочны час аўтаматы.
Мне давялося выступаць перад слаўнымі прадстаўнікамі рускага народа, гераічнага рускага рабочага класа; сярод маіх слухачоў былі таксама ўкраінцы, грузіны, татары, казахі. Трэба было бачыць твары старых і маладых рабочых, слёзы на вачах у работніц, калі я расказваў аб фашысцкіх зверствах у Беларусі, каб зразумець жывую сілу, глыбіню і веліч ленінскай дружбы народаў. 3 хваляваннем і радасцю даведаўся я аб самаадданай працы савецкіх рабочых і служачых у цяжкіх умовах ваеннага часу.
У Казані быў арганізаваны радыёмітынг. Я звярнуўся на гэтым мітынгу з заклікам да рабочых прадпрыемстваў і да ўсіх працоўных Татарскай рэспублікі актыўна падтрымаць высакародны пачын Ферапонта Галаватага па збору сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі. Дружна адгукнуліся патрыёты Татарыі на гэты мой зварот. Шмат мільёнаў рублёў унеслі яны на ўзбраенне.
Пазней, калі я быў ужо ў сваім партызанскім злучэнні, рабочыя, служачыя і калгаснікі Татарыі часта прысылалі нам пісьмы і нават пасылкі. Вось што пісаў у адным з пісем сакратар Казанскага гаркома партыі:
«Мы рады былі б, каб беларускія партызаны кожны месяц наведвалі нас. Вашы выступленні на прадпрыемствах вельмі многа дапамаглі нам. Рабочыя кожны дзень успамінаюць вас, становяцца на працоўную вахту ў гонар беларускіх партызан, усе гараць жаданнем зноў сустрэцца з вамі пасля перамогі. Жадаем вам поспехаў у вашай гераічнай барацьбе». Работніца Ольга Сідарава, мясцовая паэтэса, прысвяціла беларускім партызанам некалькі вершаў. Некаторыя вершы партызаны вывучалі на памяць, падбіралі да іх мелодыі і спявалі.
У канцы лютага 1943 года я вярнуўся ў Маскву. Далажыў у ЦК ВКП(б) аб сваіх сустрэчах з рабочымі і пачаў збірацца на Міншчыну. Намерваўся вылецець неадкладна, але некаторыя вельмі важныя мерапрыемствы зноў затрымалі мяне. У Маскве ішла падрыхтоўка да Трэцяга Усеславянскага мітынгу. Мне даручылі выступіць на гэтым мітынгу ад імя партызан Міншчыны. Мітынг быў масавы і прайшоў з вялікай актыўнасцю. Апрача мяне выступалі там многія прадстаўнікі беларускага народа, у тым ліку: народны паэт Беларусі Якуб Колас, народная артыстка СССР і БССР Ларыса Пампееўна Александроўская і іншыя.
Перад самым ад\'ездам мы зноў сустрэліся з таварышам Панамарэнкам. Начальнік Беларускага штаба партызанскага руху П.3.Калінін прынёс арыенціровачны план аперацый па разбурэнню асноўных камунікацый на тэрыторыі Беларусі, план тых грандыёзных аперацый, якія пасля сталі называцца «рэйкавай вайной» і ўвайшлі ў гісторыю пад гэтай назвай.
— Вось адно з мерапрыемстваў, якое вынікае з указанняў Палітбюро,— сказаў таварыш Панамарэнка, паказваючы на гэты план.— Абдумайце ўсё на месцы, узважце кожную дэталь. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, Штаб партызанскага руху цвёрда спадзяюцца на вас.
Праз некаторы час я нагрузіў свае самалёты (мне далі тры самалёты) і вылецеў на Міншчыну. Якраз к гэтаму часу выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні беларускіх партызан. Мне было даручана ўручыць гэтыя ўзнагароды партызанам. Апрача іншых грузаў я ўзяў з сабой і некалькі соцень ордэнаў і медаляў.

XXV

Усе самалёты прызямліліся на нашым аэрадроме. Якая радасная з\'ява! Яшчэ не так даўно светлай марай было — хаця б па радыё атрымаць вестку з Масквы. Цяпер жа звяно самалётаў адразу спусцілася на востраве. I добрыя навіны прывезены з роднай сталіцы, і неабходныя грузы дастаўлены ў партызанскі край. А колькі ўжо было тут крылатых наведвальнікаў да прылёту нашай эскадрыллі! Колькі ўжо вывезена адсюль дзяцей-сірат і раненых партызан! Колькі прывезена сюды каштоўных грузаў для нашых атрадаў! Амаль кожную ноч спускаліся на аэрадром самалёты. Спецыяльная аэрадромная каманда кругласутачна дзяжурыла тут, як на вялікім, баявым аэрадроме.
Мы прыляцелі дадому на досвітку: верхавіны дрэў ужо крыху вызначаліся на фоне чыстага неба, а ніжнія галіны і ствалы былі яшчэ ахутаны змрокам. У лесе панавала салаўная пара. Многагалосыя песні разліваліся ўсюды звонкім мілагучным рэхам. Магло нават уявіцца, што тут не ваенны партызанскі лагер, не варожы тыл, а самае звычайнае для Беларусі мірнае, прыгожае месца для адпачынку.
Але варта было паглядзець у твар хоць аднаму чалавеку, як адразу станавілася відавочным, што жыццё тут не лёгкае.
Група людзей спяшалася да самалёта. Першым падышоў да мяне Іосіф Аляксандравіч Бельскі. Ён прыкметна схуднеў, твар выцягнуўся, шчокі паўпадалі. Разам з Мачульскім Іосіф Аляксандравіч узначальваў усе гэтыя месяцы дзейнасць абкома і злучэння.
3 ім падышлі Варвашэня, Далідовіч, Баравік, Луфераў, Сяргей Жукаў, начальнік аператыўнага аддзела штаба, Казімір Пушчын, Аляксандр Жукоўскі і некалькі камандзіраў атрадаў. Вакол стаялі партызаны. У перадзолкавым тумане цяжка было ўсіх разглядзець. Я сумаваў па гэтых людзях, як па роднай сям\'і, і гатоў быў кінуцца ўсім у абдымкі, паціснуць кожнаму руку. Але ж справы не чакалі, трэба было спяшацца.
Пасля першых сяброўскіх прывітальных слоў у мяне папрасілі, каб я хаця б коратка расказаў пра Маскву, пра сустрэчу ў Крамлі. Шчыра кажучы, я лічыў, што паколькі часу ў мяне было мала ды людзі стаміліся, дык, мусіць, давядзецца пакуль што абмежавацца кароткім паведамленнем пра маю паездку ў Маскву, а потым ужо расказаць аб усім. Аднак вельмі хутка высветлілася, што кароткімі словамі не абысціся. Не задаволь партызан зараз жа, не раскажы пра ўсё, што ведаеш,— пакрыўдзяцца, падумаюць, што пагарджаю імі. Ды якое я меў права не пайсці насустрач шчыраму жаданню сваіх саратнікаў. Разам ваявалі, па сутнасці, яны паслалі мяне ў Маскву, ад іх імя размаўляў я з членамі Палітбюро. Апрача таго, было тут нямала людзей і з далёкіх раёнаў, бо наш аэрадром абслугоўваў у гэты час ужо некалькі абласцей. Усім хацелася падрабязна даведацца, што сказалі мне ў Крамлі, якія заданні ёсць ад ЦК КП(б)Б, як жывуць і працуюць масквічы.
Я сказаў, што ў ЦК ВКП(б) ведаюць аб гераічных справах беларускіх партызан і члены Палітбюро шлюць ім сваё шчырае прывітанне. Партыя і ўрад высока ацанілі слаўныя баявыя подзвігі народных мсціўцаў: многія камандзіры і партызаны, а таксама рабочыя, калгаснікі, работнікі навукі і культуры, якія актыўна дапамагалі партызанам, узнагароджаны ордэнамі і медалямі, некаторым прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Наказ партыі біць ворага яшчэ мацней, яшчэ больш актыўна дапамагаць Чырвонай Арміі. Чым мацнейшымі і больш арганізаванымі будуць удары з фронту і з тылу, тым хутчэй наша родная савецкая зямля будзе вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі я сказаў, што члены Палітбюро прасілі мяне перадаць партызанам і ўсяму беларускаму народу, што Чырвоная Армія хутка вернецца да нас, магутнае «ўра!» пакацілася па лесе. Пачуліся воклічы: «Няхай жыве Чырвоная Армія!», «Смерць нямецкім акупантам!»
Я пачаў расказваць усё падрабязна: і як мы прыляцелі, і як нас сустрэлі ў Маскве, як прымалі мяне члены Палітбюро, што гаварылі, аб чым ішла гутарка пры сустрэчы з Кліментам Яфрэмавічам. Уся размова з кіраўнікамі партыі і ўрада запомнілася мне вельмі добра, на ўсё жыццё, і я перадаў яе амаль слова ў слова.
Пакуль я гаварыў, не перапынялі, усе слухалі з вялікай, напружанай увагай, каб чаго не прапусціць, не праслухаць, а потым пасыпалася столькі ўсякіх пытанняў, што я нават не паспяваў адказваць.
Ужо добра развіднела, а наша гутарка ўсё яшчэ прадаўжалася. Радзеў і рассяваўся туман, усё больш і ясней я заўважаў на пляцоўцы знаёмых і блізкіх мне партызан. Вось крокаў за дзесяць ад мяне стаіць і радасна ўсміхаецца наш радыст Валодзя Феўралёў. Той самы Феўралёў, які спачатку трошкі спрачаўся са мной, быў нейкі недаверлівы, а потым шчыра, па-сыноўняму прывязаўся да мяне, і мы з ім сталі найлепшымі сябрамі. Я ўспомніў, што перад маім вылетам у Маскву ён перадаў мне заклеены самаробны канверцік і прасіў пераслаць гэтае пісямко па аднаму запаветнаму адрасу. Я кіўнуў яму галавой: мно прыемна было, што не забыўся выканаць яго просьбы. Побач з ім нерашуча пераступае з нагі на нагу Антон Філіпушка. Вось ён асмельваецца і таропка крочыць да мяне, відаць, таксама хоча пра нешта спытаць.
— Гэта наш цяперашні начальнік аэрадрома,— гаворыць пра яго Іосіф Аляксандравіч. — Мусіць, ужо цэлы тыдзень чалавек вачэй з неба не зводзіў, усё чакаў вашага самалёта.
Пасля сустрэчы на аэрадроме я сеў на каня і накіраваўся ў штаб злучэння, каб хутчэй увайсці ў курс справы і пачаць выконваць свае абавязкі. Са мной паехалі ўсе штабныя работнікі і чалавек дзесяць камандзіраў і камісараў атрадаў, якія ў той час былі на аэрадроме. Дарога ў штаб ляжала праз вёскі нашай зоны: Старасек, Калінаўка, Загалле, саўгасы «Сосны» і «Жалы». Да штаба было не надта далёка — гадзін на некалькі добрай язды, аднак ледзь пад вечар нам удалося прыехаць на месца. У кожнай вёсцы нам прыходзілася надоўга затрымлівацца. Варта было толькі паказацца на вуліцы, як адразу ж збіраліся каля нас людзі, галоўным чынам мужчыны, якія яшчэ заставаліся ў вёсцы, жанчыны, старыя і дзеці. Яны шчыльна акружалі нас і прасілі застацца хоць на адну хвілінку, расказаць пра Маскву. Звычайна такая «хвілінка» цягнулася дзве-тры гадзіны, але ж затое потым цэлым натоўпам людзі праводзілі нас У радасці, паціскалі рукі, на твары кожнага свяцілася шчасце і ўпэўненасць у перамозе.
Хоць гэтыя вёскі былі ў нашай зоне, аднак і сюды часам пранікалі атрутныя словы фашысцкай прапаганды. Якія толькі чуткі не хадзілі ў той час: і аб тым, што фашысты нібы ўжо Маскву акружаюць, і аб тым, што ў Ленінградзе нікога жывога не засталося. Зразумела, што сустрэцца з чалавекам, які толькі што прыляцеў з Масквы, было жыццёвай неабходнасцю кожнага патрыёта. Усё, што я расказваў, успрымалася людзьмі сардэчна, з захапленнем і глыбокай верай. Усё гэта вельмі хутка перадавалася з вуснаў у вусны, і ўжо на другі дзень разнеслася вестка па раёнах: «Чырвоная Армія хутка вернецца ў Беларусь!»
У той час я амаль кожны дзень сустракаўся з партызанамі і жыхарамі гарадоў і вёсак. Іншы раз гэтыя сустрэчы цягнуліся вельмі доўга. Людзям хацелася больш даведацца, а мне больш расказаць. Я лічыў сваім абавязкам і сваім шчасцем выступаць перад народам у якасці ўдзельніка прыёму ў Маскве, пёрадаваць людзям наказ партыі і ўрада. Сходы заўжды былі вельмі мнагалюднымі, цікавасць людзей — невымерная. Іншы раз я адчуваў, што мне нават цяжкавата задаволіць гэтую надзвычай вялікую прагу людзей больш падрабязна даведацца пра жыццё ў савецкім тыле, у Маскве, у Ленінградзе. Часамі задаваліся такія пытанні, на якія цяжка было і адказаць, або выказваліся такія просьбы, што не заўсёды можна было іх выканаць.
Такія сустрэчы многа нам дапамаглі. У нас з\'явіліся дадатковыя рэзервы, яшчэ больш умацавалася сувязь і баявое ўзаемадзеянне партызан з насельніцтвам.
Як толькі стала вядома, што я вярнуўся з Масквы, у штаб злучэння пачалі збірацца кіруючыя партыйныя работнікі, партызанскія камандзіры, кіраўнікі падпольных груп. Першым з\'явіўся сакратар ЦК ЛКСМБ Кірыл Трафімавіч Мазураў. Ён прыляцеў з Масквы ўвосень 1942 года і ўжо некалькі месяцаў плённа працаваў з Яўгенам Канапліным у тыле ворага па разгортванню камсамольскага падполля. Доўгі час быў у злучэнні і сакратар ЦК КП(б)Б Іван Пятровіч Ганенка, але я яго ўжо не застаў. Пасля майго ад\'езду ў Маскву ЦК КП(б)Б накіраваў дго для дапамогі мінскім, палескім і пінскім партызанам. Планы многіх важнейшых аперацый былі складзены пры дапамозе Івана Пятровіча.
Я расказаў Мазураву, а таксама абласным і раённым работнікам камсамола пра сустрэчу з таварышам Сталіным і з іншымі членамі Палітбюро, перадаў парады і дырэктывы Клімента Яфрэмавіча і ЦК КП(б)Б, ахарактарызаваў чарговыя задачы партызан Міншчыны і ўсёй Беларусі на бліжэйшыя месяцы.
3 камандзірамі і камісарамі брыгад я сустракаўся некалькі разоў засаб. Мне хацелася як мага глыбей увайсці ў справу, прыглядзецца да тых людзей, якіх я яшчэ мала ведаў. Пакуль я быў на Вялікай зямлі, тут у злучэнні многае змянілася і людзей прыбавілася бадай-што ўдвая. З\'явіліся новыя партызанскія атрады, групы, некаторыя атрады перараслі ў брыгады. Праўда, камандаванне злучэння не падтрымлівала прынцыпу залішняга разбухання атрадаў. Няхай будзе іх больш, ды меншыя па колькасці людзей. Гэта і манеўранасць павялічвае і баяздольнасць павышае. 3 перадавых партызан, камандзіраў узводаў, рот вылучыліся здольныя кіраўнікі атрадаў, а старое камандаванне атрадаў узначаліла брыгады. Так выйшла ў Далідовіча, Меркуля, Гуляева, Паўлоўскага, Патрына, Розава, Пакроўскага, Храпко, Пушчына, Лівенцава. У Заслаўскім раёне паспяхова дзейнічала брыгада «Штурм», у Капылі — брыгады Жыжыка і Яроменкі, у раёне Пухавіч асабліва вызначаліся падрыўнікі Філіпскіх, у Грэскім раёне — атрады Зайца, Каляды, у Чырвонаслабодскім — Ціхамірава. У Чэрвеньскім раёне значную частку тэрыторыі кантралявалі партызаны на чале з Кузняцовым і Плоткіным.
Нават атрад Сталярова ўжо вырас у брыгаду. I вырас ён якраз за кошт тых людзей, якіх Сталяроў недаацэньваў у першыя дні вайны, за кошт мясцовага насельніцтва. Праездам мне давялося пабываць у лагеры Сталярова. Нічога падобнага на тое, што я ка-ісьці бачыў там, цяпер не заўважалася. У атрадах была ўзорная дысцыпліна і парадак, людзі былі акуратна апрануты, падцягнуты, усюды адчуваўся баявы дух, дзелавітасць. I самога Сталярова цяжка было пазнаць. Гэта быў ужо далёка не той непадатлівы свавольнік, якім яго ўсе ведалі ў першы год вайны; перада мною стаяў разважлівы і спрактыкаваны камандзір. Партызаны паважалі яго.
Некалькі своеасаблівай, аднак вельмі прыемнай была мая сустрэча з Мікалаем Мікалаевічам Розавым. Ён прымчаў у штаб адразу ж пасля майго звароту, расчырванеўшыся ад хуткай язды верхам. У вачах яго было столькі радасці і сяброўскай прыязні, што на мяне павеяла прыхільным ласкавым цяплом.
Мы размаўлялі доўга. Мікалай Мікалаевіч расказваў пра сваю брыгаду, пра асобных партызан. У яго словах было шмат шчырасці і захаплення. Я быў упэўнены, што ніводнага слова няпраўды ён не скажа, адчуваў, што Розаў стаў блізкім мне чалавекам, сапраўдным баявым таварышам і сябрам.
Некалі ў нас былі не зусім прыязныя адносіны з ім. Мікалай Мікалаевіч часам стараніўся не толькі мяне, але і абкома партыі, пазбягаў сустрэч і не заўсёды ахвотна прымаў парады і ўказанні абкома. Цяпер было відавочна, што перыяд хістанняў у Розава даўно мінуўся, што чалавек правільна зразумеў сваю ролю як партызанскага кіраўніка, узмацнеў духам, разгарнуў свае здольнасці і ўжо нішто не саб\'е яго з дарогі.
—Што ў цябе было на душы,— спытаў я, калі мы пачалі ўспамінаць мінулае,— што ты падумаў пра падпольны абком пры першай нашай сустрэчы?
Розаў апусціў вочы, потым паглядзеў на мяне чыстым адкрытым позіркам, сказаў:
— Я верыў вам, але чамусьці мне здавалася, што партызанскім рухам павінны кіраваць толькі вайскавікі, а не цывільныя работнікі. Мне ўсё здавалася што мяне хочуць прыбраць, як кажуць, да рук, прыціснуць, а потым, магчыма, і выкінуць. Не лёгка мне было перамагчы сябе. Ужо ўсе факты былі супроць мяне, а я ўсё яшчэ сумняваўся. Паступова зразумеў і пераканаўся, што абком мне ліха не жадае, што людзі шчыра ідуць мне на дапамогу і радуюцца кожнаму майму поспеху. Тых сумненняў у мяне ўжо няма.
У ліку іншых быў узнагароджаны ўрадам і Мікалай Мікалаевіч. Калі назаўтра я, ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, уручыў яму ордэн Чырвонага Сцяга, ён у прысутнасці членаў бюро абкома, камандзіраў, камісараў і многіх партызан даў урачыстую прысягу, што аддасць усе свае сілы і здольнасці, а калі будзе патрэбна—і жыццё справе вялікага ўсенароднага змагання за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Неўзабаве пасля гэтага прыехаў у штаб Сталяроў. Ён з\'явіўся пасля даволі цяжкай і складанай аперацыі, якая, помніцца, не прынесла жаданых вынікаў. Камандзір брыгады быў вельмі стомлены, але няўдача, мусіць, так узрушыла яго, усхвалявала, што ён ні адной хвіліны не мог пасядзець на месцы. Доўга Сталяроў хадзіў па вытаптанай сцежцы паміж хмызняку, усё нешта абдумваў, вырашаў. Разгарнуўшы планшэтку, ён нешта старанна нанёс на карце, а потым, крыху супакоіўшыся, падышоў да мяне.
— Васіль Іванавіч,— ціха сказаў ён,— тут у мяне ўзнік адзін план, сёння ноччу я зноў іду ў бой.
Сталяроў далажыў мне пра сутнасць свайго плана па разгрому буйнога нямецкага гарнізона ў населеным пункце Белы Пераезд.
— Што ж, добра,— згадзіўся я,— але ці справішся сваімі сіламі? Можа патрэбна ў чым дапамога, кажы, абком пойдзе табе насустрач.
— Спраўлюся, — упэўнена адказаў камбрыг, — толькі вось справа адна ў мяне да вас, Васіль Іванавіч. Даўно ўжо збіраюся спытаць, ды ўсё неяк не адважваюся. Разумееце, у сорак першым годзе я хацеў уступіць у партыю, ды не ўступіў, вайна навалілася. Ужо і рэкамендацыі былі... Як вы думаеце, магу я цяпер падаць заяву аб прыёме мяне ў кандыдаты партыі ці не?
— Думаю, што можаш,— адказаў я.
Тады Сталяроў ажывіўся, удзячна паглядзеў мне ў вочы і дадаў:
— А ваша падтрымка будзе? I я ўпэўнена адказаў:
— Будзе.
Цёплыя і задушэўныя сустрэчы былі з камандзірамі і камісарамі атрадаў, якія дыслацыраваліся непадалёку ад аэрадрома. Многім з іх ва ўрачыстай, святочнай абстаноўцы я ўручыў высокія ўрадавыя ўзнагароды.
Аляксандр Іванавіч Далідовіч атрымліваў узнагароду ў сваёй брыгадзе. На лясной палянцы былі выстраены атрады. Новы начальнік штаба злучэння Грыгорый Гнусаў чытаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Калі прыйшла чарга, Далідовіч цвёрдым крокам падышоў да стала, накрытага чырвоным сукном, выцягнуўся і застыў у нерухомасці. Я працягнуў яму ордэн. Аляксандр Іванавіч узяў яго, потым у шчырым парыве ўхапіў маю руку і ўсхвалявана дзякаваў партыі і ўраду за давер\'е і высокую ацэнку яго заслуг перад Радзімай. У яго светлых, з суровінкамі, вачах свяцілася вялікая радасць, але ледзь прыкметныя адценні смутку крыху затуманьвалі яе і рабілі позірк загадкава ўзрушаным.
— Я разумею, — стараючыся быць спакойным, загаварыў Далідовіч,— я разумею, што ў мяне былі памылкі... Пры дапамозе абласнога камітэта партыі я пераадолеў іх, многа разоў думаў і перадумваў усё... Разумею, што ўзнагарода прыходзіць не за памылкі і хістанні... Што ж, скажу адзін раз, і слова маё будзе цвёрдае: больш не дапушчу падобных памылак, як савецкі грамадзянін, член вялікай партыі Леніна ніколі не саступлю з баявой партыйнай лініі! У такіх жа ўрачыстых абставінах я ўручыў ордэны і медалі партызанам іншых брыгад. Гэта яшчэ болып падняло баявы дух нашых атрадаў і намнога павялічыла іх актыўнасць. На жаль, некалькі ордэнаў і медалёў засталося ў нас няўручанымі: частка ўзнагароджаных партызан загінула ў гераічнай барацьбе з фашысцкай поганню.
Як толькі закончылася ўручэнне ордэнаў і медалёў, у штаб пачалі паступаць хадайніцтвы камандзіраў брыгад і атрадаў на новыя ўзнагароды. Многа гераічных спраў зрабілі атрады Міншчыны за апошні перыяд. Тыя нашы планы, што мы намячалі перад маім вылетам у Маскву, былі выкананы. Узяць хоць бы аперацыю па ўзрыву чыгуначнага моста цераз Пціч. Нямала старання, ініцыятывы, энергіі давялося прыкласці партызанам, каб належным чынам падрыхтаваць аперацыю.
Мост ахоўвала каля сямісот гітлераўцаў. Акрамя гэтага, вялікія гарнізоны стаялі ў Пцічы, у Калінкавічах, у Муляраўцы і Петрыкаве. У любую хвіліну гэтыя гарнізоны маглі выступіць на дапамогу ахоўным атрадам. Праз кожныя 400 — 500 метраў уздоўж па магістралі тарчалі дзоты. 3 таго часу як гітлераўскае камандаванне пачало шырокае наступленне на Сталінград, чыгунка Брэст — Лунінец — Калінкавічы — Гомель набыла надзвычай вялікае стратэгічнае значэнне. Па ёй амаль бесперапынна ішлі эшалоны на фронт, таму яна і ахоўвалася так узмоцнена.
А ўзарваць мост трэба было, чаго б гэта ні каштавала. Такое заданне ўрада, такое рашэнне нашага штаба, такое непахіснае жаданне ўсіх партызан. Забі фашыста на Беларусі, не з\'явіцца ён пад Сталінградам! Беларускія партызаны добра ведалі, якую неацанімую дапамогу акажуць яны слаўным абаронцам Сталінграда, калі надоўга спыняць рух варожых эшалонаў на адной з важнейшых магістраляў.
Перш за ўсё для аперацыі трэба было дастаць многа толу. Камандзір атрада Казімір Пушчын і інструктар па падрыўной справе пры штабе злучэння Уладзімір Шымшонак арганізавалі выплаўку толу з трафейных нямецкіх снарадаў. Аднак гэта было вельмі небяспечна, ды не хутка можна назапасіць узрыўчаткі такім спосабам. Падпольны абком і штаб злучэння рашылі папрасіць дапамогі ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Панцеляймон Кандратавіч распарадзіўся выслаць мінчанам тол, і неўзабаве каля пяцісот кілаграмаў узрыўчаткі было дастаўлена на аэрадром.
Паралельна вырашаліся і іншыя не менш важныя задачы. Абкому ясна было, што калі акупанты кінуць на абарону моста ўсе свае сілы, размешчаныя ў гэтым раёне, то партызанам цяжка будзе дасягнуць мэты, аперацыя можа сарвацца. Таму ў плане аперацыі прадугледжваліся такія меры, якія забяспечвалі поспех нашым атрадам. Перш за ўсё мелася на ўвазе зняць пагрозу акружэння нашых штурмавых груп, інакш кажучы прадухіліць удар праціўніка з Петрыкава і Муляраўкі. 3 боку Калінкавіч нічога не зробіш, адсюль будуць гітлераўцы націскаць, тут супроць іх будуць выстаўлены сілы, а вось наконт петрыкаўскага, муляраўскага і іншых сумежных з імі гарнізонаў у штабе злучэння былі зусім ясныя меркаванні.
У гэтых месцах, як вядома, стаялі славацкія часці. Яшчэ ў верасні, на нарадзе камандзіраў і камісараў атрадаў, якая адбылася перад маім вылетам у Маскву, мы вырашылі прыняць усе меры к таму, каб зблізіцца з гэтымі часцямі, паспрабаваць разгарнуць прапагандысцкую работу сярод антыфашысцкі настроеных салдат і афіцэраў. Падпольны абком партыі і штаб злучэння старанна выконвалі гэтую задачу. Са славакамі была ўстаноўлена сувязь спачатку шляхам перапіскі, а потым былі арганізаваны афіцыйныя сустрэчы прадстаўнікоў штаба злучэння са славацкімі афіцэрамі. Мачульскі, Мазураў, Скалабан і Міхайлоўскі некалькі разоў хадзілі да славакаў. Аказалася, што пераважная большасць асабовага саставу славацкіх часцей ненавідзела гітлераўцаў, прагна хацела дапамагаць партызанам усімі сродкамі і спосабамі. На першы выпадак было дагаворана, што славакі дапамогуць партызанам узарваць чыгуначны мост цераз Пціч. Акрамя перадачы нам планаў усіх умацаванняў таго раёна яны абяцалі не аказваць супраціўлення з боку Петрыкава і Муляраўкі, а калі іх прымусяць выступіць, дык не будуць страляць у партызан. Камандаванне славацкіх часцей дало слова гонару, што ў вызначаны час яны адкрыюць артылерыйскі агонь па гітлераўскаму гарнізону на станцыі Пціч, каб гэтым аблягчыць штурм партызанскіх атрадаў на левым флангу.
Маючы такую надзейную падтрымку, нашы атрады рушылі ў паход. На аперацыю выйшла каля дзесяці атрадаў — Далідовіча, Паўлоўскага, Макара Бумажкова, Балотнікава, Патрына, Жыгара, Сталярова, падрыўная група Пушчына і Шымшонка, аўтаматчыкі Аляксандра Жукоўскага. Для таго каб наблізіцца да моста, усім атрадам трэба было прайсці немалую адлегласць: большасць з іх дыслацыравалася ў Любанскім, Акцябрскім і Глускім раёнах, а пціцкі мост знаходзіўся на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна. Апрача сваіх раёнаў неабходна было прайсці праз увесь Капаткевіцкі раён і частку Петрыкаўскага, Палескай вобласці.
Першы збор быў прызначаны ў вёсцы Камаровічы, Капаткевіцкага раёна. Сюды прыехалі Мачульскі, Мазураў, Бельскі, штабныя работнікі. На кароткай нарадзе камандзіраў і камісараў Мачульскі і Мазураў яшчэ раз падрабязна растлумачылі задачу.
— Ведайце, таварышы, — сказаў у заключэнне Раман Навумавіч,— што гэта ўрадавае заданне. Мы абавязкова павінны выканаць яго.
Затым рушылі далей. Конная разведка ішла ўперадзе і па паралельных дарогах. Вялікімі калонамі ішлі байцы, паміж калонамі—падводы са станковымі кулямётамі, боепрыпасамі, узрыўчаткай. Ззаду ішло спецыяльна сфарміраванае для гэтай аперацыі артылерыйскае падраздзяленне.
Кіламетраў за пятнаццаць ад Пцічы атрад Макара Бумажкова, згодна распрацаванага плана, аддзяліўся і пайшоў у другім напрамку. На ім ляжала задача — узарваць чыгуначнае палатно на захад ад моста, каб не даць фашыстам магчымасці падкінуць падмацаванні са станцый Старушкі і Жыткавічы. Атрад Патрына застаўся ў засадзе на скрыжаванні дарог Капаткевічы—Навасёлкі. Прайшоўшы яшчэ крыху, аддзяліўся і рушыў налева атрад Паўлоўскага на чале з камісарам атрада Маханько. Яго задачай было ўзарваць чыгунку з усходняга боку моста, каб перарэзаць дарогу нямецкім падмацаванням, якія напэўна былі б кінуты з Калінкавіч і з Мышанкі. Атраду Далідовіча разам з артылерыйскім падраздзяленнем было загадана ўзяць напрамак на станцыю Пціч, каб адрэзаць ад маставых умацаванняў станцыйны гарнізон і падавіць яго. Атрад Жыгара са станковымі кулямётамі, атрад Балотнікава, група аўтаматчыкаў пад камандай Аляксандра Жукоўскага і падрыўная група Пушчына і Шымшонка пайшлі проста на мост.
Недалёка ад ракі быў устаноўлен камандны пункт. Тут жа пакуль што застаўся атрад Сталярова. Камандаванне злучэння пакінула яго ў сваім рэзерве. Хоць і доўгая асенняя ноч, але трэба было спяшацца: нямала часу прайшло, пакуль наблізіліся да моста, занялі баявыя пазіцыі. Мачульскі дастаў з палявой сумкі план аперацыі. Падышлі Бельскі, Мазураў. Пры святле ліхтарыка, накрытага плашч-палаткай, камандзіры яшчэ раз праверылі, ці ўсё ўлічана, прадумана, ці не ўпушчана якая-небудзь дэталь. Часам самае маленькае ўпушчэнне ў баі прыводзіць да пагібельных вынікаў. Як сувязь, сігналізацыя? Ці ад усіх атрадаў і падраздзяленняў ёсць сувязныя?
Таварышы потым расказвалі мне, як доўга цягнуліся гэтыя апошнія перад штурмам хвіліны. Вакол цішыня і цемень. Бялявым туманам пакрыта балота і прырэчны лазняк: убачыць што-небудзь было цяжка.
Мачульскі прыслухоўваўся і раз-пораз паглядваў на гадзіннік. Час набліжаўся, аднак ні Бумажкова, ні Маханько не чутно было. Штурм можна было пачынаць толькі тады, калі будзе ўзарвана чыгунка з захаду і з усходу ад моста. Выбухі павінны адбыцца адначасова. «А што, калі з аднаго боку ўзарвуць чыгунку,— падумаў Мачульскі,— а з другога не? Гітлераўцы ўспалошацца, цяжэй будзе тады». Ен глянуў на Бельскага, Мазурава і інстынктам адчуў, што такая ж самая трывога на душы і ў іх. Утрох яны рашылі: штурму не пачынаць, пакуль не будзе падарвана чыгунка і з другога боку.
Ужо было зусім ясна, што атрады Бумажкова і Паўлоўскага пазніліся. «Можа што здарылася з імі, можа не ўдалося ім дабрацца да чыгункі?» I калі праз хвіліну — дзве не будзе ўзрываў, прыйдзецца пасылаць коннікаў высветліць прычыну.
I толькі Раман Навумавіч устаў, каб аддаць сувязным загад, як з правага боку ад моста шуганула ўгору велізарнае полымя, а неўзабаве данёсся выбух. У гэтую ж хвіліну пачуўся выбух і з левага боку.
— Чырвоную ракету! — загадаў Мачульскі. Гэта быў сігнал штурму. Атрады рушылі да моста, а Далідовіч усёй сілаю агню ўдарыў па станцыі. Адразу ж папаўзлі к маставым фермам падрыўнікі. Наперадзе — Пушчын і Шымшонак.
— Не адставаць, хлопцы, не адставаць!.. Гітлераўцы ўспалашыліся, але ў першыя хвіліны агонь іх быў бязладны, відаць паніка ахапіла іх. Хутка, аднак, яны апомніліся. Зразумеўшы, што галоўным аб\'ектам у партызан з\'яўляецца мост, гітлераўцы сканцэнтравалі свой агонь на падыходах да моста. Паколькі кожны метр тут у іх быў прыстраляны, падрыўнікам цяжка было падпаўзці да самага моста.
Мачульскі загадаў Сталярову выйсці на дапамогу Далідовічу і што б там ні было падавіць агнявыя пункты на станцыі. Бранябойны і станковыя кулямёты Жыгара і Балотнікава ўдарылі па дзотах, аўтаматчыкі Жукоўскага падышлі ўжо к самай лініі. Яны вялі бесперапынны агонь па групах немцаў, якія высыпалі з казармы і заляглі каля дарогі.
— За работу! — падаў Мачульскі загад падрыўнікам.
Між тым артылерыйскі і кулямётны агонь адкрылі славакі, што раней стаялі ў Муляраўцы і Петрыкаве.
Раман Навумавіч у трывозе звярнуўся да Мазурава:
— Няўжо падвядуць славяне?
— Не можа гэтага быць,— цвёрда сказаў Мазураў.— Я ўпэўнены, што яны выканаюць свой абавязак.
Мачульскі паслаў сувязнога на правы фланг, каб даведацца, ці адчуваюць атрады небяспеку ад кулямётнага агню з боку Муляраўкі. Праз дзве-тры хвіліны сувязны далажыў, што кулямёты з Муляраўкі б\'юць у бок партызан, але кулі пралятаюць высока над іх галовамі.
Мазураў прасачыў за артылерыйскім агнём і пераканаўся, што ніводзін снарад і ніводная міна не ўпалі на пазіцыі партызан. Наадварот, частка з іх разрывалася справа ад станцыі Пціч, а ў апошнюю хвіліну гарматы і мінамёты пачалі біць проста па станцыі.
— Прыстраляліся! — радасна паведаміў Мазураў.— Трэба ім перадаць, каб так і білі. Белую ракету! — загадаў ён.
Агонь славакаў дапамог атрадам Далідовіча і Сталярова адразу прыглушыць пціцкі гарнізон, прымусіць яго амаль зусім змоўкнуць. Шалёна супраціўляліся ахоўныя атрады, але падрыўнікі прарваліся да моста. Пушчын, Шымшонак і Цітоў хутка і спрытна мініравалі. Яны падвязвалі толавыя зарады да таўравых бэлек, ферм, закладвалі ў іх капсулі і дэтанацыйным шнуром злучалі зарады адзін з адным. Астатнія падрыўнікі падносілі да моста ўсё новыя і новыя пакункі толу.
— Шнуроў больш давайце, шнуроў! — падганяў іх Пушчын.
Наўкола бушавала і пенілася ад куль і ўзрываў вада. Падрыўнікі былі ўсе мокрыя, залепленыя гразёю. Асколкі мін і кулі пагражаюча звінелі пад мостам, удараліся аб жалеза і бетон. «Хаця б у капсуль не пацэліла, а то ўсё тады прападзе»,— трывожыліся падрыўнікі.
I не аб сабе яны думалі ў гэтыя хвіліны. Сваё жыццё, небяспека адыходзілі ўбок, не прымаліся цяпер пад увагу. Стаяла ў свядомасці толькі адно. Яно было святым, непахісным: выканаць заданне, выканаць сумленна. Увесь мост павінен абваліцца, вось тады можна будзе ўздыхнуць радасна.
Пушчын спрытна злучае шнурамі апошнія зарады.
— Правер яшчэ раз! — крычыць ён Шымшонку.— Загадай прыбраць раненых!
Шымшонак рукамі практыка абмацаў усе зарады, капсулі, шнуры. Ужо трошкі павіднела, блізілася світанне, цяпер можна было ўбачыць тое, чаго раней не відаць было.
— Парадак! — далажыў Шымшонак. — Давай сігнал адыходу.
Дзве белыя ракеты ўзвіліся ў неба. Партызаны пачалі адыходзіць. I нібы ў чаканні нечага смяротна небяспечнага, гітлераўцы спынілі агонь. Толькі славакі па-ранейшаму глушылі пціцкі гарнізон.
Ля моста ўстанавілася напружаная, своеасаблівая цішыня. Партызаны паспешліва адыходзілі, забіралі з сабою раненых. Толькі Пушчын усё яшчэ заставаўся пад мостам. Прытуліўшыся да бэлькі, ён нецярпліва чакаў, пакуль усе адыдуць, сачыў, каб хто не застаўся з раненых ці кантужаных. I калі атрады былі ўжо на пэўнай адлегласці, камандзір падрыўнікоў пачаў запальваць шнур. Чыркнуў адной запалкай — няма агню. Чыркнуў другой, трэцяй — няма. Адсырэлі запалкі ў мокрай кішэні! Дастаў зажыгалку. Цярнуў далонню раз, другі — не гарыць... «Вось табе бяда,— з адчаем падумаў Пушчын,— дзе цяпер возьмеш агню? Усё зрабілі, а зберагчы сухімі запалкі не змаглі... Што ж цяпер рабіць?» I тут узнікла рашэнне: ударыць па капсулі і ўзляцець у паветра разам с мостам. Апошні раз цярнуў далонню па шурпатым кружочку зажыгалкі... I раптам — агонь... Якое шчасце! Пушчын падпаліў шнур і з усяе сілы кінуўся пад адхон.
Магутны, асвятляючы ўсё наваколле слуп агню ўзляцеў у неба. Выбух скалануў зямлю. Мост абваліўся ў раку грузам гнутага жалеза і крышанага бетону.
Аперацыя была выканана ў тэрмін і найлепшым чынам. Як толькі атрады адышлі ад чыгункі, Мачульскі даў радыёграму ў Маскву, у Цэнтральны штаб партызанскага руху:
«Ваша заданне выканана. Мост цераз Пціч узарваны».
Гэта аперацыя мела не толькі вялікае ваеннае значэнне. Яна садзейнічала разлажэнню славацкіх і іншых фарміраванняў і ўцягненню іх у адкрытую барацьбу з гітлераўцамі. I ў далейшым славакі, румыны, палякі вельмі многа дапамагалі Мінскаму злучэнню. Акрамя таго, што яны неаднаразова садзейнічалі нашым атрадам у правядзенні баявых аперацый, дастаўлялі важныя весткі, дапамагалі выкрываць правакатараў, шпіёнаў,— многія з іх потым назаўсёды перайшлі да партызан і са зброяй у руках змагаліся супраць гітлераўскіх захопнікаў. Так было са славакамі, якія размяшчаліся ў Слуцку, з румынамі, якія неслі ахоўную службу ў аколіцах Мінска, у прыватнасці ў зоне дзейнасці партызанскай брыгады «Штурм».
Каб дапамагчы гераічным абаронцам Сталінграда, удала быў праведзен рад іншых важных аперацый. Цуды гераізму і адвагі праяўлялі партызаны ў баявых аперацыях. Цяжка апісаць усе баі, бо нават самае кароткае ўпамінанне пра іх заняло б вельмі многа месца. Вось некаторыя з іх.
Камандаванне брыгады «Штурм», якая дзейнічала ў Заслаўскім раёне, разаслала ўсе свае атрады і падраздзяленні на розныя аперацыі пад Мінскам і ў самім Мінску. На базах атрадаў засталося ўсяго толькі чалавек пяцьдзесят байцоў, у тым ліку павары, ружэйныя майстры.
Камісар брыгады Фёдараў, сакратар партыйнай арганізацыі Адзінцоў і сакратар камсамольскай арганізацыі Міша Шайбак пакуль што знаходзіліся пры штабе брыгады. Раптам штабу данеслі, што ў зоне брыгады з\'явіліся два батальёны гітлераўцаў. Яны пачалі зганяць насельніцтва і паліць вёскі. Гітлераўцаў было звыш 600 чалавек. Узбраенне — кулямёты, гарматы, мінамёты. Пераправіўшыся цераз раку Удра, гітлераўцы павялі наступленне на вёскі Слабада, Слабодка і Доўбрава.
Камісар брыгады, параіўшыся з сакратаром партыйнай арганізацыі, прыняў смелае, даволі рызыкоўнае, аднак адзіна правільнае рашэнне. Ён падняў на ногі ўсіх, хто заставаўся на базах атрадаў, хутка сфарміраваў дзве баявыя групы і павёў іх насустрач гітлераўцам. Адну групу, на чале з Адзінцовым, ён паслаў у тыл праціўніку, а сам з другой групай засеў на ўзгорку ў кустах, недалёка ад ракі. Удар па гітлераўцах быў такі раптоўны і моцны, што варожыя падраздзяленні не вытрымалі і рынуліся назад. 3 тылу сустрэў іх Адзінцоў. Гітлераўцы, прыціснутыя да ракі, замітусіліся, у паніцы пачалі кідаць зброю. Загнаныя на балотны паўастравок, яны нейкі час шалёна супраціўляліся, але партызаны біліся адважна, з непахіснай рашучасцю перамагчы. Фёдараў, акрамя таго, што ўмела і аператыўна кіраваў боем, сам увесь час вёў агонь са станковага кулямёта. Гітлераўцы цяжка паранілі партызана камуніста Ярастава.
— Адыходзь у тыл! — загадаў яму Фёдараў. Аднак Ярастаў застаўся ў страі. Асколкам міны перабіла руку Шайбаку, і ён ужо не мог больш страляць з кулямёта. Наспех перавязаўшы рану, адважны камсамолец падпоўз амаль пад самыя пазіцыі ворагаў і закідаў гітлераўцаў гранатамі.
Пад вечар зыход бою быў вырашаны. Частка варожых салдат усё ж такі пераправілася цераз раку, некаторым удалося выслізнуць з акружэння і падацца ў гарнізоны Рогава, Казекава, Заслаўе. Фашысты страцілі ў гэтым баі каля сотні салдат і афіцэраў. Быў таксама забіты і камандзір фашысцкага батальёна. Партызаны захапілі дзве 45-міліметровыя гарматы, адзін батальённы мінамёт і тры ротныя, пяць ручных кулямётаў, тры аўтамашыны з боепрыпасамі.
3 боку партызан было пяць чалавек раненых. Сакратар камсамольскай арганізацыі Міша Шайбак у гэтым баі гераічна загінуў.
Навечна застапуцца ў памяці беларускага народа тыя бяспрыкладныя па свайму гераізму баявыя аперацыі, якія правялі ў гэтыя дні слуцкія і капыльскія партызаны. 3 сярэдзіны лета 1942 года тут знаходзіўся сакратар Мінскага паднольнага абкома Іван Дзянісавіч Варвашэня, а член бюро абкома Аляксандра Ігнацьеўна Сцяпанава, як вядома, была камандзіравана сюды яшчэ раней. Дзякуючы плённай рабоце мясцовых партыйных арганізацый, партызанскі рух на Случчьше і Капыльшчыне дасягнуў к канцу 1942 года надзвычай шырокіх памераў. У атрадах налічвалася ўжо каля чатырох тысяч чалавек. Партызаны мелі параўнальна нядрэннае ўзбраенне: восем гармат, чатырыста станковых і ручных кулямётаў, многа вінтовак і аўтаматаў. Такія камандзіры, як Дунаеў, Яроменка, Шастапалаў, Межнавец, карысталіся ўжо вялікім аўтарытэтам і папулярнасцю ў Мінскім злучэнні. Пра іх слаўныя справы ведала ўся Беларусь. Напярэдадні 25-й гадавіны Кастрычніка ў Мінскім партызанскім злучэнні, як і па ўсёй Беларусі, свята адзначалася ўзмоцненымі ўдарамі па акупантах. Абком прыкладаў усе сілы, каб аслабіць варожае наступленне на Сталінград. Атрады Случчыны і Капыльшчыны правялі некалькі даволі буйных аперацый па разгрому варожых гарнізонаў, а на ноч з сёмага на восьмае лістапада ў іх намячалася аперацыя па знішчэнню капыльскага гарнізона.
Сустрэць жа вялікае свята камандаванне рашыла на сваёй асноўнай базе ў старыцкім лесе. Ва ўсіх атрадах навялі радыёпрыёмнікі на Маскву. Меркавалася раніцой 7 лістапада правесці мітынг, таму частка партызан была занята абсталяваннем трыбуны. У падпольных друкарнях Слуцкага, Капыльскага і Грэскага райкомаў партыі рыхтаваўся выпуск нумароў газет, прысвечаных вялікай гадавіне Кастрычніка. Камандзіры і камісары рыхтавалі свае святочныя загады.
З вечара і ўсю ноч было ціха, а перад світаннем разведка данесла, што з Мінска ў Капыльскі раён прыбыла мотапяхотная часць гітлераўцаў, у якой было пяць танкаў і звыш дзесятка бронемашын. Яна амаль з ходу блакіравала старыцкі лес. Як толькі развіднела, немцы павялі імклівае наступленне на партызанскія атрады. Замест святкавання партызанам давялося ўступіць у жорсткі бой. Агульнае кіраўніцтва боем узяў на сябе Варвашэня.
Атрадам Дунаева, Межнаўца, Шастапалава было загадана трымаць абарону ў старыцкім лесе. Частка атрадаў, у прыватнасці буйны атрад Яроменкі і іншыя, знаходзіліся ў гэты час у вялешынскім лесе. Праціўнік пра гэта не ведаў, а Варвашэня ўмела выкарыстаў гэтую вельмі важную акалічнасць. Ен паслаў загад Яроменку і другім атрадам неадкладна выступіць і ўдарыць па ворагу з тылу. Нечаканы ўдар прымусіў праціўніка адкаціцца, спыніць атакі на старыцкі лес і акапацца. Цяжкі бой цягнуўся цэлы дзень. Фашысты яшчэ некалькі разоў падымаліся ў атаку, але кожны раз адступалі, усцілаючы поле бою трупамі. 3 наступленнем цемнаты атрады рашучай атакай прарвалі блакаду і, паколькі боепрыпасы канчаліся, адышлі ў лаўскі лес.
Гітлераўская экспедыцыя пацярпела ганебны правал. Толькі забітымі фашысты страцілі ў гэтым баі звыш чатырохсот салдат і афіцэраў. Гітлераўцы з такой панічнай паспешлівасцю ўцяклі з Капыльскага раёна, што нават не падабралі трупаў сваіх салдат, а раненых павезлі ў бітком набітыя і без таго мінскія шпіталі.
Неўміручай славай пакрыў сябе ў гэтым баі атрад Дунаева. Адважныя дунаеўцы знішчылі каля двухсот фашысцкіх акупантаў, падбілі танк і некалькі бронемашын. Яны вытрымалі асноўны націск варожых сіл і не адступілі ні на крок. Наадварот, партызаны Дунаева самі неаднаразова падымаліся ў атаку і ў рукапашных баях знішчалі ворага.
У баі смерцю героя загінуў Іван Мікалаевіч Дунаеў. Партызаны і насельніцтва Міншчыны на ўсё жыццё захавалі добрую і светлую памяць аб гэтым незвычайным чалавеку, адважным воіне, палымяным патрыёце.
Атрад Шастапалава знішчыў тры варожыя танкі, адну бронемашыну і звыш сотні акупантаў. Адным словам, даволі буйная гітлераўская часць, пасланая на знішчэнне слуцкіх і капыльскіх партызан, сама была знішчана амаль поўнасцю. Партызанам не давялося правесці святочнага мітынгу, але свята ў іх было адзначана баявымі справамі.
Група чэрвеньскіх партызан пад камандаваннем члена бюро Чэрвеньскага райкома партыі камісара партызанскага атрада «Чырвоны сцяг» Самуіла Барысавіча Плоткіна перад самым святам зрабіла засаду на Магілёўскім шасэ, недалёка ад Чэрвеня. Гранатамі яны падарвалі чатыры аўтамашыны з жывой сілай праціўніка.
Некалькі дзесяткаў гітлераўцаў былі знішчаны кулямётным агнём. Вялікая калона акупантаў, якая прасоўвалася з Мінска на Магілёў, была затрымана больш чым на суткі.
Нямала дыверсій было ўчынена ў гэты час у Мінску, Бабруйску, Барысаве. Па заданню атрада Градава, які дзейнічаў пераважна ў аколіцах Мінска, падпольшчыкі завода імя Мяснікова Красніцкі, Падабец, Глінскі і Віславух узарвалі ў калёсным цэху два вельмі каштоўныя станкі. Пасля гэтай дасканала арганізаванай дыверсіі цэх выйшаў са строю на даволі працяглы час.
Атрады Філіпскіх, Пакроўскага правялі рад паспяховых аперацый па падрыву мастоў і чыгуначных пуцей. I калі ў партызанскі край прыйшла вестка аб поўным разгроме акупантаў пад Сталінградам, кожны з удзельнікаў партызанскіх баёў апошняга перыяду перажываў двайную радасць: за нашу перамогу наогул і за тое, што хоць і ў маленькай меры, але і ён дапамагаў гераічным абаронцам Сталінграда знішчаць гітлераўскія полчышчы і дабіцца вялікай перамогі.
Разгром немцаў пад Сталінградам выклікаў яшчэ больш магутны ўздым сярод партызан і насельніцтва часова акупіраванай ворагам тэрыторыі. Весткі аб гістарычнай перамозе савецкага народа каля Сталінграда натхнілі нашых людзей на новыя гераічныя подзвігі ў імя любімай маці-Радзімы. Ствараліся новыя партызанскія атрады, тысячы людзей ішлі ў лясы, павялічваючы армію народных мсціўцаў.
* * *
У канцы чэрвеня 1943 года з\'ехаліся ў штаб Мінскага партызанскага злучэння камандзіры і камісары брыгад, атрадаў, сакратары падпольных райкомаў партыі і сакратары райкомаў камсамола, рэдактары раённых газет. Прыбылі таксама сакратары ЦК ЛКСМБ Міхаіл Васільевіч Зімянін і Кірыл Трафімавіч Мазураў, сакратар абкома камсамола Яўген Мікалаевіч Канаплін і рэдактар падпольнай газеты «Звязда» Барашкаў. Неабходна было дэталёва абмеркаваць указанні ЦК ВКП(б), зробленыя на прыёме ў Крамлі, планы новых буйных аперацый і рашэнні аб далейшым разгортванні партызанскага руху, прынятыя пленумам ЦК КП(б)Б, які незадоўга да гэтага адбыўся ў Маскве.
Надыходзіла лета 1943 года, партызанскі рух у Мінскай вобласці і ва ўсёй Беларусі ўступаў у новы, яшчэ больш складаны і адказны перыяд.
Лінія партызанскай барацьбы праходзіла праз кожны захоплены фашыстамі раён. Народны гнеў і помста неадступна праследавалі гітлераўцаў усюды, дзе б яны ні паяўляліся. Выконваючы рашэнні V пленума ЦК КП(б)Б аб тым, што трэба ўзмацніць удары па тылах нямецкай арміі, біць і знішчаць усюды калоны праціўніка, усеяць засадамі ўсе магістралі і дарогі, зрабіць так, каб не было ніводнага месца, дзе немцы маглі б беспакарана і бесперашкодна прайсці, партызаны ўсюды сустракалі гітлераўцаў нечаканымі ўдарамі, праследавалі іх на кожным кроку. Дзеянні беларускіх партызан з кожным днём прымалі ўсё больш шырокі размах, рух народных мсціўцаў станавіўся масавым, вырастаў ва ўсё больш грозную сілу для ворага.
Цэлымі атрадамі і асобнымі групамі нападалі партызаны на варожыя гарнізоны, абозы, склады, спускалі пад адхон эшалоны, наладжвалі засады, забівалі здраднікаў, знішчалі гітлераўцаў пры ўсякім зручным выпадку. Не раз фашысты спрабавалі загасіць полымя ўсенароднай барацьбы, не раз пасылалі яны шматлікія добра ўзброеныя экспедыцыі супроць партызан.
Але народныя мсціўцы бязлітасна білі фашыстаў. Тысячы гітлераўскіх салдат і афіцэраў былі зпішчаны зброяй савецкіх партызан.
Падпольныя партыйпыя арганізацыі, камандзіры і камісары партызанскіх атрадаў побач з баявой работай разгарнулі і сістэматычна вялі сярод насельніцтва палітычную работу, расказвалі праўду аб Савецкім Саюзе, аб бязлітаснай барацьбе Чырвопай Арміі і ўсяго савецкага народа супроць фашыспкіх захопнікаў, аб немінучай пагібелі крыважэрных акупантаў. Усімі сродкамі прапагандысты і агітатары-падпольшчыкі выкрывалі на фактах ілжывую фашысцкую прапаганду, выхоўвалі нянавісць і гнеў да акупантаў. I ў выніку насельніцтва часова акупіраваных раёнаў Беларусі ішло за камуністамі-падпольшчыкамі, за партызанамі, бо яно бачыла ў асобе партызан сваіх верных заступнікаў, адданых сыноў народа, сваю апору ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх полчышчаў.
Гераічная Чырвоная Армія сваімі актыўнымі баявымі дзеяннямі супроць акупантаў з кожным днём усё больш разбурала планы і мары крывавага Гітлера, які задумаў пакарыць нашу краіну, заняволіць народы Савецкага Саюза. Што ні дзень, то ўсё больш набліжалася гадзіна расплаты за ўсе злачынствы, учыненыя гітлераўцамі на савецкай зямлі. У прадчуванні гэтай гадзіны фашысцкія вырадкі ўсё больш лютавалі. Яны спальвалі нашы гарады і сёлы, гналі савецкіх людзей на катаржныя работы, знішчалі мірнае насельніцтва.
Падпольныя партыйныя арганізацыі ў тыле ворага прынялі ўсе меры для таго, каб зберагчы беларускі народ ад знішчэння і гвалтоўнага ўгону ў рабства ў Германію. Бальшавікі-падпольшчыкі, партызаны і партызанкі аддалі многа сіл для таго, каб разладзіць замыслы ворага, не даць яму ажыццявіць у поўнай меры яго чорную справу. Сяляне многіх раёнаў у адказ на загад немцаў — аб адпраўцы ў Германію — пайшлі ў лясы да партызан. Па ініцыятыве падпольных райкомаў і міжрайкомаў партыі ў гарадах і вёсках былі створаны атрады самаабароны. На ўзброеную барацьбу супроць гітлераўскіх людаедаў, супроць банд факельшчыкаў узнімаліся сотні тысяч савецкіх людзей. Партызаны грамілі валасныя ўправы, адбівалі эшалоны з насельніцтвам, якое немцы гналі ў Германію. Не нямецка-фашысцкія акупанты, а савецкія людзі былі гаспадарамі на часова акупіраванай ворагам тэрыторыі.
3 дня ў дзень беларускія партызаны загартоўваліся палітычна, накоплівалі баявы вопыт, узбройваліся, авалодвалі ваенным майстэрствам, мацавалі сувязь з насельніцтвам. Наступленне савецкіх войск на ўсіх франтах беларускія партызаны і партызанкі падтрымлівалі новым павышэннем сваёй баявой актыўнасці. Яны дапамагалі Чырвонай Арміі граміць і знішчаць ворага з тылу, разбуралі яго камунікацыі, наносілі ўдары па падыходзячых к фронту нямецкіх часцях, захоплівалі, кантралявалі і разбуралі многія чыгуначныя лініі, скрыжаванні шасэ, пускалі пад адхон варожыя эшалоны, узрывалі чыгуначнае палатно і масты.
Чырвоная Армія дапамагала партызанам вайсковай тэхнікай, боепрыпасамі, а з радоў партызан ішло ў армію баявое папаўненне. Многія аперацыі па разгрому ворага на тэрыторыі Беларусі распрацоўваліся і праводзіліся сумесна.
Ні тэрор, ні правакацыі, ні лжывая прапаганда ворага не зламалі высокага маральнага духу і стойкасці беларускага народа. Народ заставаўся нёпахісным у сваёй жалезнай рашучасці змагацца да апошняй кроплі крыві супроць фашысцкіх прыгнятальнікаў. Уплыў беларускіх бальшавікоў-падпольшчыкаў на шырокія масы насельніцтва часова акупіраваных раёнаў не паслабляўся ні на хвіліну. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б праз падпольныя партыйныя цэнтры, падпольныя партыйныя арганізацыі, праз камісараў партызанскіх атрадаў згуртоўваў іх ідэйна, палітычна, арганізацыйна.
Наша барацьба паказала, што Камуністычная партыя вырасціла і выхавала партыйных і беспартыйных бальшавікоў, людзей асобага складу, якія разам змагаліся за ўмацаванне магутнасці нашай краіны, разам ваявалі і пралівалі кроў на франтах і ў тыле ворага ў імя свабоды і велічы маці-Радзімы.
«Беларускія партызаны,— гаварыў К. Я. Варашылаў на перадвыбарным сходзе выбаршчыкаў Мінскай выбарчай акругі сёмага лютага 1946 года,— адыгралі велізарную ролю ў барацьбе з ворагам, у справе яго разгрому... Беларускі народ — гэта такі народ... які ні пры якіх абставінах, нават калі б яны былі ў дзесяць разоў больш цяжкімі, чым тыя, якія мы перажылі, не пойдзе ва ўслужэнне да ворага, не схіліць сваёй гордай галавы перад ворагам і будзе з ім біцца да апошняй кроплі крыві. Гэта цэніць Савецкі Саюз, гэта цэніць наша партыя».
Беларуская партыйная арганізацыя па праву ганарыцца сваімі партызанамі і партызанкамі. Барацьба беларускіх партызан увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як адна з яркіх яе старонак і будзе жыць у вяках.
Уся баявая дзейнасць беларускіх партызан мела вялікія поспехі таму, што ва ўсіх раёнах, гарадах і сёлах рэспублікі, а таксама ў атрадах нястомна працавалі падпольныя партыйныя камітэты і пярвічныя партаргапізацыі, тысячамі ніцяў звязаныя з насельніцтвам. Камуністы і камсамольцы былі душою партызанскага руху, з\'яўляючыся прыкладам для ўсіх партызан і партызанак. Яны заўсёды знаходзіліся ў першых радах адважных барацьбітоў за справу народа.
Плённай была работа падпольных партыйных арганізацый Беларусі і барацьба беларускіх партызан таму, што імі непасрэдна кіраваў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY