Канец атамана (3 успамінаў удзельніка грамадзянскай вайны палкоўніка ў адстаўцы А. П. Дзярэчка)
У 1921 г. я быў палітруком батальёна 8-й стралковай дывізіі. У пачатку чэрвеня мяне выклікаў камісар палка Мікалай Арабей. Асавецкі валасны выканаўчы камітэт просіць дапамагчы ў барацьбе з бандай Караткевіча. Для барацьбы з ёю ствараецца аператыўны атрад пад тваім кіраўніцтвам. Мы дзейнічалі хутка, арганізавана. Падабралі паўсотню лепшых байцоў, запасліся боепрыпасамі і харчамі.
I вось мы ў лесе, дзе, па нашых даных, хаваліся бандыты. Намесніку камандзіра ўзвода Мікалаю Зубакіну я загадаў нанесці ўдар з тылу. Караткевіч, відаць, разгадаў наш манеўр. Бандыты пачалі адыходзіць, кідаючы нарабаваную маёмасць. На гэты раз ім удалося вырвацца з акружэння, але Караткевіч быў забіты.
Праз некалькі дзён мы даведаліся, што банду ўзначаліў Сава Багалевіч. Дзейнічаў ён асцярожна, пераважна ўначы, пазбягаў сутычак з нашым атрадам. Доўга не ўдавалася напасці на яго след. Вырашылі паслаць да Багалевіча супрацоўніка ЧК I.Лабецкага. Гэта быў чалавек гадоў 30, у мінулым настаўнік.
Лабецкі ўладкаваўся настаўнікам у Асавецкай воласці. Была пушчана чутка, быццам ён былы белы афіцэр, працаваў у ЧК і яго звольнілі адтуль, калі даведаліся пра былое. Пра гэта даведаўся Багалевіч і зацікавіўся «былым чэкістам». Адбылася сустрэча Лабецкага з Багалевічам, і той сказаў:
— Мне патрэбны смелыя, кампетэнтныя людзі. Начальнікам штаба пойдзеш? Ты служыў у Саветах, ды яшчэ ў ЧК. Ведаеш, як узнімецца аўтарытэт майго атрада?
Лабецкі згадзіўся. Прайшло каля месяца, як ён «служыў» у бандзе Багалевіча. Неяк позняй ноччу ў размяшчэнне нашага атрада вярхом на кані прыехаў Лабецкі.
— Тэрмінова паднімайце людзей, — усхвалявана прагаварыў ён. — Багалевіч каля Ямнага, у лесе, там яго можна ўзяць...
У дарозе мы з Лабецкім абмеркавалі план дзеяння. Прабіраліся па глухіх месцах. Кругом — лес, балота. Апоўдні атрад спыніўся недалёка ад Ямнага. Лабецкі не быў у гэтых мясцінах, толькі прыкладна ведаў, дзе знаходзіцца за маскіраваная зямлянка Багалевіча. Урэшце адшукалі яе.
Мы дагаварыліся ўвайсці ў зямлянку з Лабецкім. Ён штурхнуў мяне ў дзверы пад выглядам дызерціра. У зямлянцы знаходзіліся двое — жонка атамана і Рыгор Шышко, адзін з памочнікаў Багалевіча.
— Дзе ты схапіў гэтага ваяку? — запытаў Шышко.
— У лесе хаваўся. Я сам дапытаю яго...
Ён сеў на чурбан, які замяняў табурэт. Я стаяў ля дзвярэй, трымаючы ў рукаве наган.
Калі Шышко паспрабаваў падняцца з ложка, Лабецкі крыкнуў:
— Рукі ўверх!
Бандыт выхапіў з-пад падушкі наган і стрэліў у Лабецкага. I амаль адначасова стрэліў я. Бандыт упаў. Я кінуўся да Лабецкага. Ён яшчэ дыхаў, калі я адчыніў дзверы, падаў сігнал байцам, якія знаходзіліся ў засадзе. Яны хутка прыбеглі, пачалі дапамагаць мне перавязваць рану, але Лабецкі праз некалькі мінут памёр. Мы ўзялі каня з калёсамі і адправілі забітага ў Нежын, дзе пахавалі героя.
Дапыталі жонку Багалевіча. Па нашых звестках, атаман збіраўся прыехаць сюды, але, магчыма, даведаўся аб «здрадзе» Лабецкага і не з'явіўся. Атрад знаходзіўся каля Ямнага каля двух сутак і ні з чым вымушаны быў вярнуцца.
3 кучкай бандытаў Багалевіч недзе хаваўся. Была позняя восень, пажаўцела і пасохла трава, наступілі халады. Бандыты ўпотай прабіраліся на хутары, каб абагрэцца, назапасіць харчоў. Мы атрымалі звесткі, што Багалевіч бывае на хутары Опін, але ў каго, трэба было яшчэ ўдакладніць.
Паслалі разведгрупу на чале з Іванам Садкевічам. Байцы наблізіліся да хутара, але бандыты заўважылі іх. Чырвонаармейцы вымушаны былі ўступіць у няроўны бой. Бандыты, якія добра ведалі мясцовасць, абышлі байцоў, адрэзалі шлях да адступлення. Садкевіч і двое яго сяброў загінулі. Толькі Раману Кавалёву ўдалося выратавацца і дабрацца да атрада. Мы ўскочылі на коней і рушылі на хутар, але спазніліся, банды там ужо не было.
Аднойчы да мяне звярнуўся чырвонаармеец Павел Дзіўнёў з просьбай адпусціць у Барыкоў да знаёмай дзяўчыны. Я хацеў яго паўшчуваць, але баец расказаў наступную гісторыю.
— Пазнаёміўся я з дзяўчынай, Марыя яе завуць. Яна расказала пра сваю сястру Просю. У той ёсць жаніх, абяцае жаніцца, а сам бадзяецца па лясах. Ці не прывядзе нітачка да Багалевіча?
Мы ўхапіліся за гэтую ідэю, Дзіўнёў накіраваўся на хутар. На наступны дзень вярнуўся.
— Жаніх Просі, прозвішча яго Плышэўскі, знаходзіцца ў бандзе Бага-левіча. Быццам збіраецца пакінуць банду, але ўплыў атамана моцны...
3 групай чырвонаармейцаў я накіраваўся на хутар Барыкоў. Увайшлі ў хату мы ўдваіх з Дзіўнёвым, астатнія засталіся ў засадзе. Марыя, убачыўшы Паўла, узрадавалася. Неўзабаве прый шла і Прося.
— Здагадваюся, чаго вы прыйшлі, — сказала яна. Яны хочуць пачаць перагаворы...
— Хто гэта — яны? — запытаўся я.
— Багалевіч з Плышэўскім.
На сустрэчу з Багалевічам мы накіраваліся з камандзірам узвода Мікалаем Зубакіным, Паўлам Дзіўнёвым і дзесяткам байцоў. Было холадна, ішоў снег. Па лясной сцяжынцы Прося пры вяла нас у дом лесніка. За намі непрыкметна рухалася група чырвонаармейцаў.
— Пабудзьце тут, я хутка вярнуся, — сказала дзяўчына.
Прося прыйшла праз гадзіну.
— Зараз прыдуць.
За вокнамі пачуліся крокі, на парозе выраслі дзве высокія постаці. Шыракаплечы з барадой быў Багалевіч. Плышэўскі, тонкі, з невялікімі светлымі вусамі, стаяў за яго спіной.
Багалевіч і Плышэўскі падышлі да стала. Атаман, не спяшаючыся, разгладзіў бараду. Плышэўскі сеў у баку. Я ўважліва сачыў за кожным рухам Багалевіча:
— Не буду гаварыць аб прычынах, якія прывялі нас сюды, — пачаў Багалевіч. — Наваяваліся, хопіць. Пугай абуха не пераб'еш... Я хацеў бы ведаць, ці могуць нам захаваць жыццё?
— Не мы вырашаем гэта. Усё будзе залежыць ад вас саміх.
Адзінае, аб чым я прашу,— захаваць нам жыццё.
Мы запыталіся, ці гатовы ён неадкладна скласці зброю.
— Нам патрэбна некалькі дзён, каб апавясціць нашых людзей.
— Добра... Усе вы са зброяй павінны з'явіцца ў Нежын. Тэрмін вызначым, але каб без выбрыкаў...
9 студзеня 1922 г. банда Багалевіча здалася. Усе яе ўдзельнікі былі перададзены следчым органам і паўсталі перад судом. У Асавецкай воласці, як і ўсюды ў Беларусі, аднаўляліся мір і парадак...
Комментарии
Добавить новый Поиск
Оставить комментарий
Имя:
Email:
 
Тема:
UBB-Код:
[b] [i] [u] [url] [quote] [code] [img] 
 
 
Пожалуйста, введите проверочный код, который Вы видите на картинке.

3.26 Copyright (C) 2008 Compojoom.com / Copyright (C) 2007 Alain Georgette / Copyright (C) 2006 Frantisek Hliva. All rights reserved."

 
 Каталог TUT.BY